Паэту

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Паэту
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/4913#701


Што кажаш мне, паэт, а праўдзе тэй, што будзе?
Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён!
А бачу добра й сам: ідуць да праўды людзі,
Расьцець яе жаўнер, і шырыцца загон
Марудна, братачка! І покуль сонца ўзыдзе,
Дык вочы выесьць нам салёная раса,
І покуль першы дзень людскога шчасьця прыйдзе,
Мільёны сэрц праткне гароты злой каса.
  
Пакінь, пакінь сьпяваць а праўдзе тэй, што ў небе!
Яна чужая нам, таемных праўда сіл;
Яна ня сходзіць к нам ў канечнае патрэбе,
Калі пакуты дзень так довег і ня міл!
  
Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было,
І што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
І што ў мільёнах душ разоры правяло.
Прашу цябе, сьпявай аб горы песьнь адну ты
І наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй,
Тагды, убачыш сам, парвуцца духа путы
І будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.