Паштоўка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паштоўка
Аўтар: Мікола Сурначоў
1941
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=25644-1.pdf

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Калі змаўкаюць мінамёты
І цішыня атуліць лог,
Я дастаю паштоўку, што ты
Прыслала з бацькаўскіх дарог.
Размыта ўся дажджамі марка,
Злінялі словы ад вады,
Але ж у слове кожным ярка
Цябе я бачу праз гады.
Вось ты праходзіш полем роўным,
І аддае табе паклон
Высокі, вечна неспакойны,
Зялёны прыдарожны клён.
Ты на зямлі асірацелай,
На папялішчах родных сёл
Ідзеш-брыдзеш хадой нясмелай,
І слёзы сыплюцца на дол.
Але я зараз добра знаю:
Мы звернем край свой у баю.
Таму сябрам штодня чытаю
Паштоўку блеклую тваю.

1941 г. Бранскі фронт