Перайсці да зместу

Пачатковая граматыка (1925)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Часьціны мовы Складаны сказ
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
Скарачэньні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV.
СКЛАДАНЫ СКАЗ.

Зьліты сказ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Конік, сошка і араты мерна йдуць па полі. Села ластаўка на стрэху старога гумна ды зашчабятала. Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня. Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні гароху, ні грыбоў.

Правіла84. Калі ў сказе некалькі дзейнікаў або выказьнікаў ці некалькі даданых часьцін сказу, што адказваюць на адно й тое пытаньне, то такі сказ называецца зьлітым (Стоне, плача і галосіць завіруха злая).

Зьліты сказ можна разлажыць на простыя сказы. (Працуюць людзі, поту ня чуюць, аруць і сеюць, і барануюць — працуюць людзі, людзі поту ня чуюць, людзі аруць, людзі сеюць, людзі барануюць).

ЗАДАЧКА 111. Выпісаць спачатку сказы з некалькімі дзейнікамі, потым з некалькімі выказьнікамі, дапаўненьнямі і т. д.

Тут былі і старыя, і малыя, і бабы, і дзеці. Авёс і ячмень сабраны. Усё адцьвіло, адкрасавала. Карваплянік павяў ды апусьціў сваё лісьце. Буслы пазьляталі з гнездаў ды ходзяць чародамі па лузе. Вераб‘і, вароны й галкі любяць жывіцца атрускамі ад чалавечай яды. Адны вочы і плачуць, і сьмяюцца. Вербы і вольхі калышуцца глуха. Сінія хвалі шумяць і бурляць (Я. Куп.) Ляціць і бусел, і жураў, і дрозд запеў і засьвістаў. (Ст. Ул.) Цьвёрдую глебу рэж, уздымай! Сьвішча, плача і галосіць завіруха злая. Ціха й плаўна коцяцца воды. Гром гудзе й гудзе бесьперастанку. Надышла хмара з громам, з маланкай. Зацьвіла яблыня, сьліва й груша. Ідзе жняя і весела пяе. Весела й хутка, мінюта ў мінютку сойдзе нам час. У стуку і груку забудзем мы муку працы свае. Сонца высака стаіць на небе ды бяз жалю паліць землю. Ціха, важна, спакойна, густа й страшна пранесься ў небе першы гром. Над лесам бліснула яркая борздая маланка ды накрыж перасекла хмару. Павеяў вецер ды пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкай. Птушкі перасталі сьпяваць і дрэмлюць на сваіх седалах. Цемната ўсё гусьцее й гусьцее ды закрывае ад вачэй і поле, і лес. Зоркі дрыжаць і пераліваюцца дзіўным блескам. Круглы месяц запаліў ліхтарык і сьвеціць над чорнаю зямлёю. Поле, луг, гай лес схаваліся ў цьме ночы. Дрэвы, гумны, хаты абліліся бледнымі косамі месяца.

ЗАДАЧКА 112. Разабраць, якія часьціны сказу становяць зьліты сказ.

Мор і голад, і паводка іх спалохаць не маглі. Усюды — управа й налева быў парадак там і лад. І ў Сымона прад вачыма ўсталі родныя куткі: хата бацькава, радзіма, жыцьця раніцы дзянькі. (Я. Кол.). І быў той пакой прасторны, сьветлы, чыста пабелены. У вадзін год яны радзіліся, разам расьлі, разам гулялі, разам вучыліся ды разам ганялі скацінку ў поле. Цяпер Лукаш ужо гаспадар: мае сваю сямейку, свой прытулак, жывёлу і свой кусок хлеба. (Ант. Гал.). Першыя кветкі, зялёная травіца, сьпевы першых птушак — усё паказвала, што пачалася вясна. На полі часьцей сталі паказвацца людзі то з бараною, то з сахою, то з возам гною. Усе гаспадарскія прылады — калёсы, сані, барана, вупраж на каня, косы — усё было наладжана ды дзяржалася ў парадку. (Ант. Гал.). Стаіць наш дзядзька, пазіхае ды служаку-стоража чакае. І гэты смагай лес засланы, і родны Нёман, і курганы, і хвайнякі, і грушы ў полі — ўсё блізка сэрцу яго стала. Як ўсё тут мудра збудавана, як чыста, хораша прыбрана! Стаіць машына, грозна дыша і сівым дымам цяжка пыша. У кожны міг каня-чыгункі зьяўлялісь новыя малюнкі: слупы мігцелі верставыя, дарожкі, сьцежачкі крывыя, лясы, гаёчкі вынікалі і цэркві вежамі блішчалі. (Я. Кол.).

Ідзе-брыдзе за сьледам ў сьлед і ноч, і дзень, і цьма, і сьвет, і песьні кліч, і сьмерці цьвет. (Я. Куп.). Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі лістам пажоўклым шумяць. Нашы хаты, вёскі, сёлы сівым мохам абрасьлі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы: казьлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і другія. Пачалася на полі работа. Прышлі жнеі з сярпамі, касцы з касамі, гаспадары з жнівяркамі. Увосень усе птушкі вылятаюць у вырай, астаюцца толькі вароны, галкі, вераб‘і, дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. Здараецца бачыць у позьнюю восень двух, трох або аднаго бусла на лузе. Стаяць яны сіратліва ды сумна глядзяць на халодную восень. Гэта — бракоўныя, слабыя, нядужыя. Ляцяць птушкі ў вырай розна: жураулі — ключамі, гусі — наўскось, радком, качкі — папярочнымі роўнымі радкамі, а шпакі й салаўі — чародкамі. Адна толькі зязюлька ляціць адна і ніколі ні з кім не кампануе. Выходзіў меншы брат увечар на двор, браў сваю скрыпку, садзіўся на прызьбе каля свае хаты ды граў. Ні думак, ні песень яго ніхто ня знаў ці не хацеў знаць. Старшы брат пазіраў сьмела, гаварыў скора, мову меў адменную. Меншы брат выглядаў старэйшым за сваіх братоў; барада яго была сівая, рукі дрыжалі. Яму як-бы брыдка было перад братамі, што на ім сівая сьвітка, круглая шапка-кучомка, на нагах лапці, а каравыя анучы абвівалі худыя ногі. Гаварылі браты аб усім: аб горкай сваёй, долі, аб праўдзе, аб жыцьці. (Т. Гушч.). Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы. (Я. Кол.).

ПРОСТЫ Й СКЛАДАНЫ СКАЗ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Туман на возера лёг нізка. Вада шумела каля мліна. Крычала голасна машына. (Я. Кол.). Яшчє машына ня спынілась, як усё кругом замятушылась. Гай, што быў цёмны, зазелянеўся. Сад, што быў голы, ужо распусьціўся. Моцна сэрца забалела, як ён вышаў з хаты. Смутна стала між чужымі хлопчыку малому. Ластаўка дзень пачынае, а салавей канчае.

Правіла85. Сказ, які выражае адну думку, або мысьль, называецца простым. (Халодны вецер сьвішча ў полі).

Сказ, зложаны з некалькіх простых сказаў, называецца складаным. (У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка. Не баішся ківа, пабаішся кія).

ЗАДАЧКА 113. Выпісаць спачатку простыя сказы, а потым складаныя.

Ідзе наш дзядзька, і па бруку адзін за дзесяць робіць груку. (Я. Кол.). Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага селяніна. Моцна хлопец занудзіўся. Пад ліпаю мяцеліца мяце (сіта). Пара ўжо жаць, каб ня высыпаліся сьпелыя зерняткі на сырую зямельку. Сонца паліць што раз гарачэй. Кожны колас наліваецца зернем, цяжэе ды нахінаецца да зямлі. Кладзецца пад сярпом збожжа. За дурною галавою нагам няма супакою. Збожжа бяздушна, да душу нашу корміць. І на мулкім высьпішся, калі спаць хочацца. Мякіна пушыць, а чысты хлеб сушыць. На аднэй нядзелі сем пятніц. Нашто лепшы клад, калі ў дзетках лад. Ня ўсё тое збываецца, на што чалавек спадзяваецца. Няма тае хаткі, каб ня было звадкі. Не на тую нагу бот надзеў. Ня помніць карова зімы, дачакаўшы лета. Ня то тавар, што ляжыць, а то, што бяжыць. Не ўважай на ўраджай, а жыта сей. Ня шумі, муха, каля вуха. Пачарней на полі сьнег, а на ўзгорках сталі паказвацца чорныя лапінкі. А сонейка так ласкава, так хораша пазірае на зямлю, як матка на сваё дзіця. Год мае чатыры квадры, або поры году: вясну, лета, восень і зіму. Аб зямлі, на каторай мы жывём, можна расказаць шмат чаго цікавага. Зямля — гэта вялікая гала, каторую можна аб‘ехаць навокала.

СКЛАДАНА-ЗАЛЕЖНЫ СКАЗ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Ніхто ня ведае чужога абеду. Ніхто ня ведае, як хто абедае. Прышлі да хаты на супачынак. Прышлі да хаты, каб супачыць. Селянін радуецца прыходу вясны. Селянін радуецца, што прышла вясна. Ніхто ня дойдзе да канца зямлі. Ніхто ня дойдзе туды, дзе канчаецца зямля. Я паеду на вёску па сканчэньні навукі. Я паеду на вёску, калі скончыцца навука. Дзеці гулялі ў сваю ўлюблёную гульню. Дзеці гулялі ў сваю гульню, якую яны любілі.

Правіла86. Часьціны сказу могуць выражацца ня толькі асобнымі словамі, але й цэлымі сказамі. Кожную часьціну сказу можна разьвіць у цэлы сказ, каторы называецца даданым.

Адгэтуль відаць, што даданым сказам называецца такі сказ, што служыць якой небудзь часьцінаю да другога сказу.

Той сказ, да каторага адносіцца даданы, называецца асноўным. Маці плача (асноўны сказ), як рэчка льлецца (даданы сказ).

Даданыя сказы адказваюць на пытаньні паасобных часьцін сказу.

Даданыя сказы могуць стаяць: 1) перад асноўным (Хто працуе, той і мае), 2) пасьля асноўнага сказу (Ніхто ня ведае, як хто абедае) і 3) ў сярэдзіне асноўнага сказу (Гай, што быў цёмны, зазелянеўся).

Увага. Сказы даданыя інакш называюцца залежнымі, бо яны залежаць ад асноўнага сказу. Тады сказ асноўны называецца незалежным.

ЗАДАЧКА 114. Сьпісаць, даданыя сказы падчыркнуць і паставіць перад імі пытаньні.

Ня шукайце кветак у полі (калі?), як вясна к нам ня прышла. (Я. Кол.). Глядзіць прыветна з неба сонца (як?), як-бы матулька на дзяцей. (Я. Кол.). Люблю пазіраць я на поле вясной, як ветрык жартлівы плыве збажыной. Люблю я дарогі, што леглі між гор, і грушы старыя, што ў жыце шумяць. (Я. Кол.). Які сакавік, такі й красавік. Якая яда, такая й хада. Што сёньня зробіш, таго заўтра ня будзеш рабіць. Што з возу спала, тое прапала. Шый, як зложана. Чужую кучу веючы, свае вочы парошыш. Чужое бяручы — сваё гатуй. Чалавек, покі ў горы не пабудзе, ня знае дабра. Чаго сам сабе ня зычыш, таго й другому не жадай. Цешыўся старац, што перажыў марац. Хто новага ня бачыў, той і старому рад. Хто другому яму капае, той часта сам у яе пападае. Тады госьць бывай у мяне, калі поўна ў гумне. Там жыцьцё, як мёду піцьцё. Паглядзі, сава, якава ты сама. Дзе грэх, там і спасеньне. Дзе п‘юць, там і льлюць. Дзе сякуць, там і трэскі лятуць. Моцна сьпіць шырокая рака. Глядзіш і здаецца, што яна мёртвая. А крыгі, як дзікія зьвяры, злосна скрыгічуць, як супраціўнікі шчасьця людзкога. Як сьнег растае, як сонейка пойдзе ўгору, то, лічы, скора папрылятае «вырай» з-за мора. А як абсохне ды спадуць рэчкі — пойдуць у поле цёлкі й авечкі. І кожны весел, лёгкі, як пташка, хоць ўсякі працуе, як тая мурашка. (Ст. Ул.).

ДАДАНА-АЗНАЧАЛЬНЫ СКАЗ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Дурная тая дамова (якая?), дзе вала бадзе карова. Дурная тая птушка (якая?), якой гняздо сваё ня міла. Не адзін Гаўрылка (які?), што ў Полацку. Кожнае стварэньне прызвычаена да таго жыцьця (якога?), якім яно жыве, і да таго месца (якога?), дзе яно жыве. Улетку вятры, што веюць над сушай, робяцца цёплымі. Смаку (колькі?), як у печаным раку.

Правіла87. Дадана-азначальнымі называюцца такія сказы, што служаць азначэньнем да якога небудзь слова ў асноўным сказе ды адказваюць на пытаньні простага азначэньня.

Часам дадана-азначальны сказ пачынаецца дзеяслоўнаю прыметай. (Мы сустрэлі падарожнага, ішоўшага да Вільні, заместа — каторы ці які йшоў да Вільні). Такі сказ называецца скарочаным.

Калі скарочаны дадана-азначальны сказ стаіць перад тым словам, да якога ён адносіцца, то перастае быць сказам (Адны толькі парыжэлыя ад сонца стагі параскіданы па грудочках. Але калі словы „парыжэлыя ад сонца“ паставім пасьля слова стагі, то яны становяцца сказам. (Адны толькі стагі, парыжэлыя ад сонца, стаяць па грудочках).

ЗАДАЧКА 115. Сьпісаць і дадана-азначальныя сказы падчыркнуць.

Жыта, як гай. Знаць, нешчасьліва была та часіна, як кідалі зерня сяўцы па ральлі (Я. Кол.). Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. Край, дзе зайшло сонца, блішчаў шырокаю чырвонай стужкай. Весела пазіраў стары лес, што рос за сялом ды цягнуўся па краёх поля. Мёд носяць рабочыя пчолы, каторых у вульлі вельмі многа. Хто з вас ня бачыў круглых кучак мурашніку, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Мы ня прывыклі бачыць тае карысьці, якую прыносяць нам птушкі. Ёсьць бязводныя пустыні, дзе не растуць ні травы, ні дрэвы. А ёсьць на зямлі і такія месцы, дзе вады ўжо залішне многа. На ўзьбярэжжы ракі шумнацечнай дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі. (Я. Куп.). Як толькі праходзілі гэтыя, нет ведама адкуль нахлынуўшыя журлівыя думкі, Тадора зноў бралася за сваю работу. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая, крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі. За хатай поле пачыналась, дзе жыта хораша гайдалась, і рос авёс, ячмень і грэчка. (Я. Кол.). На лёдзе паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць дрэвы між сабой. На лёдзе паказаліся прагрэтыя сонцам палонкі. На зямлі ёсьць суша, на каторай стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і іншае. На зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе ўглыбленьні ў сушы. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі. Ёсьць такія месцы на поўдні, дзе зіма лічыцца самай прыемнай парою году.

ДАДАНА-ДАПАЎНЯЛЬНЫ СКАЗ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. І сабака помніць (каго?), хто яго корміць. Што напісана пяром, таго ня вырубіш тапаром (чаго?). Хто хлеба купіць, таму болей рупіць (каму?). У каго ёсьць матка, у таго галоўка гладка. Ня чуў дзед ніколі (чаго?), каб рыбка гаварыла. Хто быў дзед — ніхто ня знае.

Правіла88. Дадана-дапаўняльным называецца такі сказ, які служыць дапаўненьнем да якога небудзь слова ў асноўным сказе ды адказвае на пытаньні простага дапаўненьня.

Дапаўняльныя сказы часам скарачаюцца, але пасьля скарачэньня абарачаюцца ў простае дапаўненьне. (Ніхто ня ведае, як хто абедае. Ніхто ня ведае чужога абеду).

ЗАДАЧКА 116. Сьпісаць і дапаўняльна-даданыя сказы падчыркнуць.

Я ня знаю, чым мне дораг від палёў благенькіх. Я ня знаю, я ня знаю, чым я так прыкуты да тваіх, мой родны краю, вобразаў пакуты! (Я. Кол.). Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца, каб усе людзі ў сьвеце зналі, як нам тут жывецца! (Я. Кол.). Не бядуй, што сьнег халодны скрые землю ад вачэй. Не бядуй, што зьвісьлі хмары, што і сонца ня відаць. (Я. Кол.). Вышаў у поле, каб пабачыць, як хлеб родзіць. (Я. Кол.). Стральцы дагадаліся, што гєта рыкаў леў. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам, лясьнік загадаў людзям, каб яны зрабілі аблаву. Глядзела Анелька, як бацька поўнымі жменямі рассыпаў па полі дробныя зерняткі. Людзі любяць птушак за тое, што яны прыгожыя. Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што мурашкі поўзаюць, бегаюць, кішаць бяз ніякага парадку. Прачнуліся пчолкі ад зімовага сну ды бачаць, што сонейка сьвеціць, што ўсюды ўжо цёпла. Дзядзька расказаў нам, што пчаліны рой складаецца з маткі, трутняў і рабочых пчол. Па дыме відаць было, што пожар блізка. Бачыць карова, што на павеці салома.

ДАДАНЫЯ СКАЗЫ ДЗЕЙНІКА Й ВЫКАЗЬНІКА.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Што з возу спала, тое прапала. Ня ўсё то сонца, што блішчыць у ваконцы. Хто дбае, той і мае. Хто поле троіць, той хлеб кроіць. Вядома, што кожнаму сваё рупіць. Чуваць было, як трашчаў ахоплены агнём лес. Было пастаноўлена, каб ніхто не лавіў тут рыбы. Ён такі самы, як і ўсе. Я той, каго ніхто ня любіць. Гэта быў ніхто іншы, як наш дзядзька Тамаш. Хто ў жніво халадку шукае, той узімку галадае.

Правіла89. 1) Дадана-дзейнікавым называецца такі сказ, які служыць дзейнікам да асноўнага сказу ды адказвае, як звычайны дзейнік, на пытаньні назоўнага склону. Хто глядзіць вокам, той ня пойдзе бокам).

Дадана-дзейнікавыя сказы могуць скарачацца, але пасьля скарачэньня за сказы ня лічацца. (Хто лянівы, той санлівы. Лянівы — санлівы.

2) Дадана-выказьнікавы сказ служыць выказьнікам да асноўнага сказу.

ЗАДАЧКА 117. Сьпісаць і падчыркнуць: дзейнікавыя простай рыскай (———), а выказьнікавыя сказы хвалістай (~~~~~~).

Якая птушка, такія й песьні. Хто пытае, той ня блудзіць. Хто дбае, той і мае. Хто з кім ня жыве, той з тым і ня сварыцца. Хто мае статак, той мае і ўпадак. Хто тры разы арэ, той тры спапы больш бярэ. Бяда, як дуда: пачнеш дуць, дык аж сьлёзы набягуць. Хто большы, той ня меншы. Хто варожыць, той сваім наложыць. Ня збываецца, што жадаецца. Якая матка, такое й дзіцятка. Якая прыправа, такая й патрава. Які дзень, такі й пажытак. Якія мы самі, такія нашы й сані. Які-б то быў крук, каб выпусьціў з рук. Якое дзерава, такі й клін; які бацька, такі й сын. Якоў у ядзе, такоў і ў хадзе. Славянскія гарады былі нішто іншае, як збор хат. Гэта зусім ня тое, што вы думаеце. Трэба ведаць, што кожная траўка, кожная красачка, кожная порасьць і дрэва высмоктваюць з зямлі сабе страву. Гэта зусім ня так, як здаецца. Часта здараецца, што й разумныя правадыры зьбіваюцца з дарогі ды блудзяць. Свая хатка, як родная матка. Хто ў жніво халадку шукае, той узімку галадае. Лёгка вытлумачыць сабе, чаму на марозе залезныя речы здаюцца халаднейшымі, а дзеравяныя, скураныя й суконныя — цяплейшымі. І зразумела, чаму на сякеру робяць дзеравянае тапарышча, а не залезнае. Гэтак сама зразумела, чаму ўлетку мокрыя дошкі хутчэй сохнуць пад залезным дахам, чымсі пад страхою.

ДАДАНЫЯ СКАЗЫ АКАЛІЧНАСЬЦІ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Дзе араты плача, там жняя скача. Ня зыч ліха другому, каб не давялося самому. У родным краі, як у раі. Цёмная ночка, ночка глухая цягнецца доўга, як год. Зачыняйце шчыльна хату, каб ня дзьмулі халады! Збоку вербачкі крывыя, як кабеціны старыя, нуднай кучкаю стаяць. (Я. Кол.). Як успомніш кут свой родны няпрытульны і халодны, сьцісьне сэрца горкі жаль (Я. Кол.). Цесна зьбілісь нашы вёскі, як авечкі ў летні жар. Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам. А каля хаты, у садочку, схіліўшысь ціхенька ў куточку, стаялі вербы дзьве старыя. (Я. Кол.). Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі, елі.

Правіла90. Даданыя сказы акалічнасьці адказваюць на пытаньні акалічнасьцёвых слоў і служаць рознымі акалічнасьцямі да асноўнага сказу. Яны дзеляцца на даданыя сказы:

1) акалічнасьці часу — (калі, ці доўга? ад якога ды да якога часу?). Балявалі, покі голы сталі).

2) акалічнасьці месца (дзе? куды? адкуль?). (Дзе тонка, там і рвецца).

3) акалічнасьці прычыны (чаму? дзеля якой прычыны?). (Затым сьляпы плача, што сьцежкі ня бача).

4) акалічнасьці спосабу (як? якім спосабам?). (Сказаў, як зьвязаў).

5) акалічнасьці мэты. (Прышлі да хаты, каб супачыць).

Даданыя сказы акалічнасьці могуць пачынацца з дзеяслоўнага прыслоўя. (Зябнуць вербы на марозе, прытуліўшыся к стрэсе).

ЗАДАЧКА 118. Сьпісаць ды азначыць коратка, якое акалічнасьці даданы сказ.

Бяда па бядзе, як па нітачцы йдзе. Там добра, дзе нас няма. Выпінаецца, як скурат на агні. Дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Дзе баліць, там ручка, а дзе міла, там вочка. Дзе прыгляднікаў многа, там посьпеху мала. Гуляй, дзяціна, пакуль твая гадзіна! Дзе добры край, там і пад ельлю рай. Мы з табою, як рыба з вадою. Натрасешся, пакуль данясешся. Адкуль дым, адтуль і полымя. Пакуль у гумне цэп, патуль на стале хлеб.

Ціха калосьсе, схіліўшы галовы, шєпча ў межах палёў. Цёмная ночка, ночка глухая цягнецца доўга, як год. Зачыняйце шчыльна хату, каб ня дзьмулі халады! Апусьціўшы нізка тонкі валасок, ные сірацінка, плача каласок. Між палёў шырокіх, як зьмяя якая, цягнецца дарога вузкая, крывая. Усё тут дзіка, ня цікава, як у яловым лесе. Як лёгкі дым, як тонкі пар, расталі ў небе кучы хмар. (Я. Кол.). Клімат краю залежыць ад таго, дзе ляжыць гэты край. Там, дзе расьце шмат лясоў, чалавек талянтуе лесам. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні (Я. Л.). Седзячы ў клясе на лаўцы, Алесь часта прыпамінае свае дзяціныя годы. Жаваранка ў прасторы шчабеча, як у сінім моры. З поля зьбяры ў адну кучу каменьне, бо замінае яно надарэмна. Сошку сваю ты нанова наладзь, лепш каб было, чалавеча, араць. Добра глядзі, каб агрэху ня даць, усё, як належыць, на полі урадзь. (Ан. Гал.). Прызабыўшы крыху гора, дачка замуж вышла скора. (Ст. Ул.). Вышаўшы з душнае школы на прывольле, на прастор, дзеці весела бегалі, крычалі, даганялі адно аднаго. Хлопец падняў ужо камень, каб шпурнуць ім у птушку. Хто з вас гуляючы не ўзьбягаў на круглыя горкі мурашніку, каб толькі пацешыць сябе? Разварочваючы мурашнік, вы не падумалі навет, якую бяду прычыняеце вы мурашкам. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад холаду, і ад сьпякоты, і ад дажджу.

СКАЗЫ УМОУНЫЯ І УСТУПАЛЬНЫЯ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. а) Была-б здарова бабуся — нікога не баюся. І на мулкім высьпішся, калі спаць хочацца. Калі гаспадар у карчме скача, то гаспадарка ў дварэ плача. Калі нярод, дык і не ўмалот.

б) Хоць у латаным, абы ня ў хватаным. Хоць гол, да васьцёр. Хоць позна, але завозна. Цішком браў, але ня край.

Правіла91. Сказы ўмоуныя і ўступальныя адносяцца к ліку даданых, бо яны вельмі падобны да сказаў акалічнасьці прычыны.

1) Умоўны сказ выказвае ўмову, пры каторай можа адбыцца дзеяньне асноўнага сказу. (Калі хлебна, дык і ўедна).

2) Уступальны сказ адносіцца да асноўнага, як процілежная або нязгодная прычына, а асноўны адносіцца да ўступальнага, як процілежны або нязгодны вынік (Хоць гол, да васьцёр).

ЗАДАЧКА 119. Выпісаць спачатку сказы ўмоўныя, а потым уступальныя.

Баючыся воўка, і ў лес не хадзіць. Былі-б пабразгачыя, а памагачыя будуць. Зарадзіў званец — хлебу канец. Зарадзіла мятліца — хлебу палавіца. Калі-б меў сілу, то й за лужай знайшоў-бы ніву. Калі-б воля, знайшоў-бы сабе поле. Калі ў дзяжы падход, дык і ў печы рост. Каб ня ежка ды не адзежка, дык была-бы грошай дзежка. Калі гаспадар у карчме скача, то гаспадарка ў дварэ плача. Калі дало зрабіць, то дасьць і зьесьці. Хоць грыбна, але ня хлебна. Калі не намалоцім, то й не накалоцім. Калі род, дык і ўмалот. Калі пыл на баране, дык і блін на рашаце. Лепей з добрым згубіць, чымсі з дурным знайсьці. Мякка сьцеле, да мулка спаць. Ня хочацца, дык і ня можацца. Пагнаўшыся за двума зайцамі, ніводнага ня зловіш. Пайшоўшы ў мір, і цестам прымай. Прападай тое серабро, калі жыць недабро. Ня хочаш з моладасьці працаваць — будзеш пад старасьць з торбай танцаваць. Хадзіў-бы ў злоце, каб ня дзірка ў роце. Хоць з вадою, абы не з бядою. Чужую кучу веючы, свае вочы парошыш. Чыста ад пырніку поле апратай, бо калі ў пырнік зерня пасееш — з працы свае карыстаць не здалееш (Ант. Гал.).

СКЛАДАНА-ЗЛУЧАНЫ СКАЗ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара. Лета зьбірае, а зіма праядае. Спачатку гром грымеў, а потым дождж пайшоў. Прыгрэла сонейка, згінуў сьнег, асушылі вятры зямельку. Сонца паліць што раз гарачэй: пажоўклі маладыя каласкі, пажоўкла зялёная саломінка. Тут рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы. Слухаюць людзі, і сэрца іх млее. Падышоў паляўнічы да ямы ды бачыць: у вадным кутку скрыпач, а ў другім воўк. (Каг.). І такая ў іх музыка пайшла: скрыпач грае, воўк вые, а другія ваўкі з лесу сабе голас падаюць. (Каг.).

Правіла92. Калі некалькі незалежных сказаў, што служаць для разьвіцьця аднае якое-небудзь думкі, злучаюцца ў адзін сказ, то такі сказ называецца складана-злучаным.

Злучэньне незалежных сказаў можа адбывацца пры дапамозе злучнікаў (і, а, ды, але, ці, або, сьпярша, потым, нарэшце) або бяз іх.

Злучэньне незалежных сказаў бывае: 1) проста-злучанае, 2) супраціўнае, 3) разьмеркавальнае і 4) вінавальнае.

1) Проста-злучаным называецца злучэньне сказаў не супярэчных, а згодных сваімі думкамі. (Пачынаецца парадак, і ўсе прымаюцца за работу. Прыгрэе сонца, і сьнег растане).

2) Супраціўным называецца злучэньне сказаў супярэчных (Я багаты, а ён бедны) або такіх, дзе адна думка агранічае другую. (Уся сямейка сьпіць ды спачывае, толькі матка з вераценцам прытулілась к печы. Ён вельмі здольны, але не старанны.)

3) Разьмеркавальным называецца злучэньне такіх сказаў, у якіх выказваюцца думкі аднолькава магчымыя. (Ці паскачаш — ці паплачаш).

4) Вінавальным называецца такое злучэньне сказаў, у якіх думкі знаходзяцца паміж сабою ў прычыннай сувязі (Вучыся, нябожа: вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. Моцна сьпіць рака: крэпка закаваў яе мароз.).

ЗАДАЧКА 120. Выпісаць спачатку сказы проста-злучаныя, потым — супраціўныя, затым — разьмеркавальныя, нарэшце — вінавальныя.

Плача зіма, льлюцца яе сьцюдзёныя каламутныя сьлёзы. Усюды льлецца сьвет і цяпло, і нідзе не схаваецца ад сонца сьнег. Падымуцца хмаркі ўночы, павее вецер з халоднага боку, і на заўтра выпадзе сьнег. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі, трасе яна сваімі дужымі плячмі, і лёд покае, трашчыць. Абваліўся бераг разам з дубам у Нёман, і панесла старога вада. Ціха і плаўна коцяцца воды вольнага Нёмна ў цёмную даль, толькі ў часе глухой непагоды з берагу Нёман ня выйдзе амаль. (Я. Куп.). Ці ты кпіш, ці ты дарогі пытаеш? Ці саву аб пень, ці пень аб саву — усё саве бяда. Атаўка — сену прыбаўка, да ня ўмеў скасіць Саўка. Вока бачыць далёка, а думка яшчэ далей. Думкі за гарамі, а сьмерць за плячамі. Багаты ці будзем, а галодны ня будзем. У міру, як на вялікім піру: хто скача, а хто плача. Вось на сьвеце як бывае: хто працуе, той і мае. Голад ня цётка: зьесьць, што папала. Горш, калі баішся: і ліха ня мінеш і надрыжышся. Зямелька — матка наша: яна і корміць, і поіць, і адзяе нас. Адна рада добра, а дзьве лепш. Адвага або мёд п‘е, або кайданы трэ. Паспорылі за мех, а ў мяху сьмех. Сьвеціць, але ня грэе. Крыкнула вутка на ўвесь сьвет чутка: сабраліся дзеткі да аднае клеткі (звон). Сьвіньня ўлезла ў хату ды абярнула дзежку: цеста расплылося, а сьвіньні гэтага й трэба.

Ня страшыць сьцюжай там зіма, ні злых марозаў там няма, а краскі вечна там растуць, у гаях птушкі там пяюць. (К. Буйл.) Надумалі мы з жонкай каня прадаваць: ціхават быў, і дыхавіца прычапілася. (Яд. Ш.) Толькі першыя пеўні прапяялі, як чую — нехта едзе на маю атаўку. (Я. Ш.) І на могілках прыбавілася яшчэ адна магілка: гэта пахавалі маленькага Юрку. (Т. Гуш.) Ужо хутка будзе ноч, і першая гвязда благаславіць канец прыгожага труда. (М. Багд.) Наш пісар — вялікая галава: ён кажа, што мужыку трэба найбольш маўчаць. (М. Кеп.) Пішчаць дзесь чайкі на балоце; пліска трасе хвастом на плоце; турчыць працяжна жабін хор, і дзеці рвуцца з хат на двор. (Ст. Ул.). Паплыў з вадою крыгаў лёд, і сьнег ад сонца тае ўлёт (Ст. Ул.). Хлопцы папрасілі пабудзіць іх заўтра да сонца: яны надумаліся пайсьці ў грыбы. Яшчэ сонца было нізка, а ў хлопцаў былі ўжо поўныя кошыкі баравікоў. Тут было глыбока, і вада мела цёмны колер ад гэтай глыбіні. (Т. Гуш.) Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж паліўся, як з вядра. Прачнуліся нівы і хаты: уся ў полі людзкая сямейка, за сошкай шнуруе араты, ля статку іграе жалейка. (Я. Куп.) Знаць, сіла ў сяўца немалая: захоча — і сьвет пераверне. (Я. Куп.) 3 студні вада па рыштоках праводзіцца на поле, і бясплодная пустыня ажывае ўраджаем. Прайшла зіма, як ня бывала; ўсім лягчэй на сэрцы стала. (Ст. Ул.) Неба зацягнулася лёгкімі хмарамі, як кудзеляю, але было ціха й цёпла, як часта трапляецца ў харошую веснавую ноч. (Я. Л.) Суша й вада зусім не падобны да сябе: па зямлі можна хадзіць, а ў вадзе мы тонем. Нікла жыцьце ў лесе шумным, агаляўся твар зямлі, і ляцелі з крыкам сумным над балотам жураўлі (Я. Кол.) Доўга ня мог заснуць Міхаська: заўтра рана выбіраецца ён у дарогу (Т. Гуш.) Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар, і тагды мы яго чуем.

ЧУЖАСЛОЎНЫ СКАЗ, АБО ЧУЖАСЛОЎЕ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Сеў стары Рыда́н на залаты пасад ды кажа сыну: „Прылажы, сынку, вуха да зямлі ды паслухай, ці бажыць Дняпро“. Прылажыў Сож вуха да зямлі ды кажа: „Бегма бяжыць і не стаміўся яшчэ“. „Бадай вам, дзеткі, сьлязьмі разьліцца!“ сказаў з жалю стары Рыдан. (Ласт.) „Дзякуй, дзякуй!“ сказаў шэры ды пацягся без вячэры. (Аб.) „Ну, Алесь брат!“ за абедам кажа бацька сыну: „годзе бегаць дармаедам, красьці садавіну!“ — Дабрыдзень вам, егамосьці! — Дабрыдзень. Сядайце! — (Я. Кол.).

Правіла93. Чужаслоўем называецца сказ, у якім прыводзяцца чые небудзь словы. (Папалася лісіца ў пастку ды кажа: „Яшчэ ня позна, а давядзецца начаваць тут.“)

Чужаслоўе можа быць сказам і асобным словам. (Увайшоўшы ў хату, ён сказаў: «Дабрыдзень!»)

Чужаслоўе называецца простаю мовай, а тая мова, што перадае толькі зьмест думкі якой небудзь асобы, называецца ўскоснай.

Чужаслоўны сказ можна разглядаць, як дадана-дапаўняльны сказ, у каторым прапушчан злучнік, што зьвязваў яго з асноўным сказам, г. зн., з словамі аўтара.

Чужаслоўны сказ заўсёды перадаецца ад першае асобы.

ЗАДАЧКА 121. Сьпісаць і чужаслоўе падчыркнуць.

ЛЕЎ І ВОЎК.

Хадзіў на лузе конь. З лесу вышаў леў. „Я — цар над усімі зьвярамі. Няма на сьвеце такога зьвера, каб не баяўся мяне“, кажа леу. „Я ня веру, што ты самы дужшы зьвер на сьвеце“, адказвае конь. „Праўда, ты маеш сілу, але ёсьць зьвяры яшчэ дужэйшыя“ — „Дык ты ня верыш?! Я пакажу табе сваю сілу!“ крыкнуў леў. „Ці ня хочаш ты папробаваць маю сілу?“ — „Ня крычы, леў“ сказаў конь: „і ня страш мяне! А сілу чаму не спрабаваць? Можаш ты стукнуць нагою аб камень так, каб іскры з яго пасыпаліся?“ — „А ты хіба выбіваеш іскры з каменя нагамі?“ — „А вось, глядзі!“ Падвёў конь лева пад камень. У каня на нагах былі сталёвыя падковы. Стукнуў конь капытом — цэлая куча іскраў пасыпалася з каменя. Страх апанаваў лева. Бягом пусьціўся ён ад каня ў лес. Стрэўшы там ваўка, расказаў таму пра каня і яго сілу. „І ты яго збаяўся? Эх, а яшчэ царом нашым называешся! Пакажы мне яго“, сказаў воўк: „у дзьве мінюты задушу яго!“ Леў узяў ваўка ў пярэднія лапы, сам стаў на заднія ды кажа: „Пазірай!“ Леву здавалася, што ён памаленьку трымаў ваўка, а ў таго трэснулі косьці, і дух выскачыў вон. „Ну, што, бачыш?“ спытаў леў. — „Нічога ня бачу“ кажа воўк. — „Чаго-ж ты маўчыш?“ Апусьціў леў ваўка на землю, бачыць — ня дыхае. „Эх, ты! Толькі хвалішся! Глянуў — і то самлеў!“ І кінуў ён няжывога ваўка на землю.

ЗАДАЧКА 122. Разабраць і паставіць знакі прыпынку.

Ну матулька будзь здарова сказала Наста ды вышла з хаты. Нашто гэта тата рассыпаеш зерняткі пыталася малая Анелька ў бацькі, каторы сеяў лён. Прыгожая будзе табе кашулька сказаў ёй бацька. Гэй мой конік! Гэй сівенькі носіцца па полі. Птушкі — нашы добрыя прыяцелі сказаў настаўнік і не ганяць іх трэба, а трэба любіць. Я кажа адна капелька была потам працавітага селяніна. Я была сьлязою мацеры кажа другая. А я была ў вашым сэрцы кажа трэцяя. Я яшчэ тры дні назад як блішчэла расою на траве. Я была сьнегам. Я — градам. Хіба каплі ўмеюць гаварыць пытаецеся вы. Лажэмся скамандаваў Алесь. Роднай матцы сэрца ў грудзях зьлёгка затраслося Ці ня хоча аддаць у людзі ў думках праняслося. Праз два тыдні поле пакрылася зялёнай шоўкавай травіцай, а малая Анелька падумала Каб гэта мне такую харошую зялёную кашульку. Гэта толькі ніткі, а дзе-ж кашулька думала Анелька. Паківаў дзед галавою ды кажа Сынку робіш ты ня тое. Кінь камень сказаў настаўнік. Вучань кінуў камень. Ну а цяпер ты скажы нам спытаў настаўнік за што ты хацеў забіць птушачку. Гарыць лес з трывогай сказаў лясьнік вышаўшы на двор і панюхаўшы паветра. Скажы мне дубе сказала чароціна чаму ты ня гнешся ад буры. Я раскажу табе сынку сказаў татулька які страх наганяе леў, як выходзіць уночы шукаць сабе пажывы.

ЗАДАЧКА 123. Разабраць ды паставіць знакі прыпынку.

Вазьмі мяне Кася за сынка кажа раз малы Цішка сваёй сястры. Кася засьмяялася ды пытаецца А мамы табе шкода ня будзе. На казаньне бацькі адказаў Ігнатка Буду я вучыцца як ты кажаш татка. Што-ж? падумаў я сам сабе вучыцца, дык вучыцца. Глядзі-ж сынку сказаў татулька слухай настаўніка, бо нявучоны, ўсё роўна як сьляпы. Малодшыя вучні вучыліся літарам, і малы Піліп разам з імі сьпяваў А-а-а… мм-а-а… Пытаецца воўк у сабакі Скажы сабака адкуль вы сабе яду бярыцё Людзі нам даюць адказаў сабака. Мусіць вы цяжкую службу людзям служыце зноў пытае воўк. Не, наша служба ня цяжкая: нашае дзела — уночы двор вартаваць. Мама крыкнуў праз сон невялічкі хлопчык, што спаў на пале мама. Дзе мама пытаўся ён. Сёстры плачуць горка буйнымі сьлязамі Ой Грыгор Грыгорка што зрабіў ты з намі. Пастух-аўчар скруціў дудачку з каліны ды грае Ой памалу, памалу пастушок іграй, майго беднага сэрцайка не ўражай. Што ты робіш спытаў бацька ў сына. Скрыначку адказаў сын. Ты паступіў справядліва мой сыне сказаў бацька сыну. Памажы мне кумка ячмень зьвязаць Калі-ж кумка жыбулкі надта колюцца Дай мне кумка мукі на аладкі Пайшла я кумка па муку, а жыбулька — за руку. Эх брат кажа адзін зайчык ёсьць-жа на сьвеце стварэньні што й нас баяцца. Хто ты геткі Свой, тутэйшы Чаго хочаш Долі лепшай Якой долі Хлеба, солі А што болей Зямлі, волі (Ян. Куп.).

Правіла94. Чужаслоўныя сказы могуць абарачацца ў дадана-дапаўняльныя сказы. Напрыклад:
Дзед кажа бабе:
«Ты пячы пірагі».
Маці сказала сыну:
«Я пайду ў ягады».

«Няня, пусьці мяне гу-
ляць»,
сказаў хлопчык.
Дзед кажа бабе, каб
яна пякла пірагі.
Маці сказала сыну,
што яна пойдзе ў
ягады.
Хлопчык сказаў няні,
каб яна пусьціла яго
гуляць.

Пры тым, як чужаслоўны сказ абарачаецца ў дадана-дапаўняльны сказ, устаўляюцца злучнікі (што, каб), другая й першая асоба займеньняў і дзеясловаў (ты пячы, я пайду) замяняюцца трэцяй асобай (яна пякла, яна пойдзе), а зваротак (няня) становіцца дапаўненьнем (няні).

Чужаслоўе можа абарачацца ў простыя часьціны сказу. (Ён сказаў: „Падайце вады!“ — Ён сказаў падаць вады).

ЗАДАЧКА 124. Сьпісаць і чужаслоўныя сказы абярнуць у дадана-дапаўняльныя сказы.

Адзін чалавек пайшоў на рынак ды купіў сабе мяса. На рынку яго падманулі: далі благога мяса ды яшчэ не даважылі. Ідзе ён дадому з мясам ды лаецца. Сустрэўся яму цар і пытае: „Каго ты лаеш?“ А ён кажа: „Я лаю таго, хто мяне падмануў. Я заплаціў за тры хунты, а мне далі толькі два, і тое — дрэннае мяса“. Цар і кажа: „Пойдзем назад на рынак: пакажы таго, хто цябе падмануў“. Чалавек пайшоў назад і паказаў крамніка. Цар зважыў пры сабе мяса: бачыць — сапраўды падманулі. Цар і пытае ў чалавека: „Ну, як-жа ты хочаш, каб я пакараў крамніка?“ Той кажа: „Загадай выразаць з яго сьпіны столькі мяса, на колькі ён падашукаў мяне“. Цар і кажа: „Добра, вазьмі нож і выраж з купца хунт мяса, толькі глядзі, каб у цябе вага была правільная, а калі выражаш больш ці менш за хунт, то ты вінным застанешся“. Чалавек нічога не сказаў, а павярнуўся ды моўчкі пайшоў дадому.

Мясьнік сказаў: „Я купіў у гэтага чалавека масла і выняў грошы, а ён схапіў мяне за руку ды хацеў адабраць грошы“. А масьляньнік сказаў: „Гэта няпраўда. Мясьнік прышоў да мяне купляць масла. Ён папрасіў мяне разьмяніць яму талер. Я дастаў грошы, а ён схапіў іх ды хацеў бегчы. Я злавіў яго за руку ды прывёў сюды“. Судзьдзя падумаў ды сказаў: „Пакіньце грошы ў мяне ды прыходзьце заўтра“. Назаўтра судзьдзя сказаў мясьніку: „Грошы твае“.

Пабочны сказ.

ПРЫКЛАДЫ ДЛЯ РАЗБОРУ. Абяцанага, кажуць, тры годы чакаюць. Досыць, кажу, з мяне кпіны строіць. Стары, кажуць, змуста, да без яго ў хаце пуста. Спацелы, змораны й сярдзіты — бо шмат сена не ўхапілі — вярнуўся я дадому. (Яд. Ш.). Беларускія пляменьні (крывічы, драгавічы й радзімічы) здаўна жывуць на сваёй зямлі. Не сьцярпеў (грэшны я чалавек!), узлаваўся. Налева зноў двор пачынаўся (ён з першым дворыкам стыкаўся) ды ў сад сьцяною упіраўся. (Я. Кол.).

Правіла95. Пабочным сказам называецца такі незалежны сказ, каторы ўстаўляецца ў сярэдзіну другога сказу бяз ніякай граматычнай з ім сувязі, каб паміж іншым, дарэчы, зрабіць якую небудзь увагу або паясьненьне. (Раз падвечар — гэта было ў нядзелю — ішоў Андрэй з вёскі. Там, здавалася яму, павінна быць дарога да роднае вёскі).

ЗАДАЧКА 125. Знайсьці пабочныя сказы.

Дзіўнае, думаю, прозьвішча ў гэтага чалавека. Зімой, напрыклад, у вялікі мароз, на акне (адно яно было ў нас) такія бывалі прыгожыя кветкі, што так і глядзеў-бы на іх (Яд. Ш.). Давялося ўдаве-каршунісе (мужа нядаўна на сьметніку забілі: надта ўжо з курыцаю завёўся) дачку замуж аддаваць. А паміж каршуноў гэтак ужо вядзецца: каб гонару свайго не зьневажаць, толькі паміж сабою бяруцца. (Яд. Ш.). Навет агульны выгляд яго (дубка) твару (бо й дрэва мае свой облік) меў характар цікавай асобнасьці. (Т. Гуш.). Ён пакрашае скрозь (даволі ёсьць знароўкі!) свае шматхварбныя застаўкі і канцоўкі. (М. Багд.). Так мора (у Гданску я чуваў) прымчыць вадой бутэльку, аблітую смалой. (М. Багд.). Як чутно, дык гэтак, мусі, у нас на цэлай Беларусі: кожны двор і кожна хата мае прыказак багата. (Ст. Ул.). Дзеткі, кажа, мае мілы: я ўжо блізак да магілы! А другое, знай — ці чуеш? — як арэш ці барануеш ды дамоў будзеш адходзіць, — абгарадзіць не пашкодзіць. А нарэшце — помні гэта! — ці то восень, вясна, лета, ці зіма, каб круглым годам табе яда была з мёдам. Напішы мне, калі ласка, пісямко да хаты! (Я. Кол.). Венцер новы — маеш час — залатай. (Я. Кол.).

ЗАДАЧКА 126. Сьпісаць і паставіць знакі прыпынку.

Напоўніць вада ўглыбленьне ў сушы і выйдзе возера або мора калі ўглыбленьне вельмі вялікае. Ёсьць вада і пад зямлёю і калі яна сама прабіваецца наверх то завецца тады крыніцаю Будзіцца со сну наша зямліца расьце на кусьце лісточак і зелянее тады травіца аджыў жучок і матылёчак шэра зязюля зранку і ўвечар яра кукуе ў садзе павее ціхі і цёплы вецер пойдзе скацінка ў стадзе. (Ст. Ул.). Гнаў Сымонка рэшту стадка страх хлапчыну пашыбаў не даруе яму татка што авец не ўпільнаваў. (Я. Кол.). Ня дарма прыказка ў народзе бяда адна к нам ня прыходзе. (Ал. Гар.). Кароткае жыцьце выдарылася бярозцы незавідная доля гадавала яе. (Т. Гуш.). Лукаш ужо гаспадар мае сваю сямейку свой прытулак жывёлу і свой кусок хлеба. (Ант. Гал.). Цяжка працуе чалавек на полі у садзе у вагародзе сее хлеб садзіць варыва разводзіць садавіну. І ў полі і ў агародзе і ў садзе усюды шпак памагае чалавеку змагацца з чарвякамі й мошкамі. Шумлівая рэчка цёмны лес поле луг і гурт старасьвецкіх дубоў усё выглядала весела а падчас і шчасьліва. (Т. Гуш.).

Як заграе музыка вясёлае пакідаюць мужыкі й бабы косы граблі гаршкі вілы й букаткі возьмуцца ўбокі і давай танцаваць. Скачуць малыя дзеці скачуць коні скачуць кусты й лес скачуць зоркі скачуць хмаркі усё скача й сьмяецца (к.). Хораша й ласкава пазірае ўвесну сонейка на зямлю як маці на сваё дзіця. Загляне яно ўсюды і ў бедную сялянскую хату дзе так бедна й нявесела і на пяшчаную горку і ў лагчынку дзе думаў сьнег знайсьці сабе прыпынак і ў лес і на луг. Усё прачнулась прад вачыма беднае кабеты маладыя дні дзяціны дзявочыя леты радасьць жыцьця і нягоды сваркі трасяніна усё чым жыцьце спатыкае кепскую часіну усё прыпомнілась старэнькай горка беднай стала. (Я. Кол.). Жыў ён бедна. Спадзяваўся свой прыдбаць куточак хату вывесьці зямелькі прыкупіць шматочак бо агоркнуў хлеб батрацкі жыцьцё пад‘ярэмна. (Я. Кол.). На прыгуменьні поруч з садам павець з гумном стаяла радам а пад паветкай усе прылады вазок калёсы панарады старыя сані восі колы і вульляў некалькі на пчолы яшчэ ня скончаных судзінка стары цабэрак паўасьмінка і розны хлам і лом валяўся ад сонца дожджыку хаваўся. (Я. Кол.). Ці то позна ці то рана чую некую напасьць дзе ні стану дзе ні гляну думка усюды голас дасьць. Неба сонца месяц зоры людзі пушча уся зямля ўсё да сэрца штось гаворыць усюды бачу моц жыцьця. (Я. Куп.). Устань ты старонка родная маці годзе зімовага рабскага сну годзе табе ўжо сьлёзна ўздыхаці выйдзі на поле на сенажаці выйдзі спаткаці вясну Ясна сьвяточна ў кра̀сы ўбярыся птушкай свабоднай сягні ў вышыню з сонцам злучыся зоркай іскрыся славай акрыйся выйдзі спаткаці вясну (Я. Куп.). На высокай гарэ дзе ніхто не арэ толькі птушка-арол дзе садзіцца там ўзбудую ўзьвяду нізі ўсёй на віду мураваную вежу-званіцу. (Я. Куп.). За праўду за шчасьце за лепшую долю вазьміся мой дружа пастой у крыўду ня дайся свайго дабівайся адвага хай будзе з табой Хай горкія сьлёзы што ў сьпекі у марозы ліюцца на беднай зямлі дадуць табе браце сіл гора змагаці і ў сэрцы распаляць агні Хоць віхры шалеюць хоць песьні нямеюць хоць страшна замучаны ты за добрую справу за шчасьце і славу душу вырывай з цемнаты (Я. Куп.).