Перайсці да зместу

Пачатковая граматыка (1925)/Склад і націск

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падзел гукаў Склад і націск
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
Літары

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СКЛАД і НАЦІСК.

§7. Склады. Гукі нашае мовы вытвараюцца воздухам, які выдыхаем мы з лёгкіх, і які праз гартань праходзіць у рот або ў нос, як гэта бывае, напрыклад, пры гуках м і н. Значыць, для вымовы гуку патрэбен напор воздуху, прычым, — адным напорам воздуху можна вымавіць як адзін гук, напрыклад: а, о, д, т, к, так і некалькі разам гукаў: рак, стол, што, ён, сам, пад, пры і т. далей. Але для вымовы слова хата аднаго напору воздуху ня хваціць; тут патрэбны два асобныя напоры воздуху: ха-та. Для вымовы слова умею трэба тры асобных напоры воздуху: у-ме-ю; для вымовы слова вераценца трэба зрабіць чатыры напоры воздуху: ве-ра-цен-ца і т. далей.

Часьць слова, што вымаўляецца адным асобным напорам воздуху, называецца складам.

Для вымовы кожнага галоснага гуку кожны раз патрэбен асобны напор воздуху: а-рол, ма-лі-на, у-ме-ю, ве-лі-чы-ня, але адзін або некалькі зычных могуць быць вымаўлены адным напорам воздуху: дж, ж, тпр, мак, страх, і т. далей. Калі ў слове ёсьць галосны гук (адзін ці некалькі), то пры вымове зычныя гукі як-бы прыліпаюць да галоснага ды вымаўляюцца зара́з з галосным. Вось чаму кожны галосны гук у слове, адзін ці разам з тымі зычнымі, што да яго прыстаюць, заўсёды творыць склад. Значыць, у слове будзе столькі складоў, колькі ў ім галосных гукаў: пе-ра-вяр-нуц-ца — 5 галосных і 5 складоў; склад можа быць і з аднаго толькі галоснага гуку: а-ле, а-рол.

Зычных у складзе можа быць некалькі (страш-ны) і можа ня быць ніводнага (а-бы).

Па ліку складоў словы бываюць аднаскладовыя (стол, конь, брат, я, ён), двухскладовыя (ха-та, ва-да, зель-ле, зер-ня, зям-ля, страш-ны), трохскладовыя (га-ла-ва, се-ля-нін) і шматскладовыя (ве-ра-ця-но, пе-ра-ро-біц-ца).

§8. Націск. Адзін склад у слове звычайна вымаўляецца мацней, галасьней за другія, з націскам: ва-да, ха-та, му-ка, по-ле, ча-ла-век. Такія склады ў слове называюцца націскнымі (пас-ту-шок), а павялічэньне голасу над складам называецца націскам: (ма-ла́н-ка). Тыя склады ў слове, на каторых няма націску, называюцца ненаціскнымі. З націскам мы вымаўляем толькі галосныя гукі. Пра такія галосныя гукі, што вымаўляюцца з націскам, кажуць, што яны стаяць пад націскам, або што на іх прыходзіцца націск.

Націск, калі трэба, азначаецца маленькай рыскай, якая ставіцца над галоснай літарай: галава́, вераце́нца, але́.

Націск часам зьмяняе значэньне слова: кара́-ка́ра, вада́-ва́да, пара́-па́ра, а бывае й так, што націск зьмяняецца, a значэньне слова не зьмяняецца: забілі ваўка — забілі воўка, на страсе — на стрэсе, садо́віна — садавіна, бра́тавая — брато́вая — братава̀я. Націск можа стаяць на пачатку слова (ко́міна), у сярэдзіне (верацѐнца) і ў канцы слова (верацяно́). Адгэтуль відаць, што ў беларускай мове націск ня мае сталага, пастаяннага месца, як у польскай мове; націск у беларускай мове вольны: ён можа зьмяняць сваё месца.

Націск мае вялікае значэньне ў мове. Ад націску часам залежыць ня толькі сэнс асобнага слова, але й цэлага выказу; напрыклад: у чалавека дзьве рукі; чалавек мае рукі; вы лавілі рыбу — вы лавілі рыбу? — вы лавілі рыбу? і т. далей.

ЗАДАЧКА4-ая. Сьпісаць, падзяліць словы на склады ды паставіць націскі.

РОДНАЕ СЛОВА.

Магутнае слова ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сьне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
Бясьсьмертнае слова ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўду змагло.
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Ды дарма: жывеш, як жыло!
Магутнае слова ты, роднае слова!
Грымі-ж над радзімай зямлёй,
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой.

Я. Купала.

§9. Гукі Й і Ў. Паміж галосным і зычным і пасьля галоснага ў канцы слова не пад націскам знаходзім гукі Й і Ў.

вайна праўда
хвойка галоўка
зайцы ваўкі
мой пісаў
гай чытаў

Таксама на пачатку слова або асобна ад іншых слоў пасьля галоснага перад зычным не пад націскам знаходзім Й і Ў: я йду, ты йдзеш, але — ён ідзе; прайшло й лета, яны ўвайшлі ў хату, але — ён увайшоў.

Пад націскам і пасьля галоснага перад зычным знаходзім і, а ня й: адны вочы і плачуць і сьмяюцца. Золата і ў попеле відаць.

Паміж галоснымі знаходзім в або л, а не ў; напрыклад:

галава (галоўка)
повен (поўна)
пісала (пісаў)
чытала (чытаў)

Гукі Й і Ў ня твораць асобнага складу (вай-на, чай; даў, праў-да), дзеля гэтага яны называюцца нескладовымі, і належаць да зычных гукаў.

ЗАДАЧКА5-ая. Выпісаць з кнігі для чытаньня як найбольш слоў з гукамі й, ў ды падзяліць словы на склады.