Пачатковая граматыка (1925)/Мова. Слова. Гук
| ← Ад аўтара | Мова. Слова. Гук Аўтар: Язэп Лёсік 1925 год |
Падзел гукаў → |
§1. Мова. Гаварыць — гэта значыць выражаць свае думкі, свае пажаданьні ці свае пачуцьці. Выражэньне думак ці перажываньняў пры помачы слова называецца мовай.
Мова можа складацца з аднаго слова, напрыклад: Стой! Пожар! Сьвітае. Але найчасьцей мова складаецца з некалькіх слоў. Напрыклад, у мове (сказе) — Неспакойна зашумела жыта маладое — будзе чатыры словы; у мове — Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі? — сем слоў і т. далей.
§2. Слова. Мовай называецца здольнасьць выражаць думкі пры помачы слова, значыць, — нашая мова складаецца з слоў. А што-ж такое слова?
Словы вытвараюцца толькі тады, калі мы гаворым або слухаем, што нам гавораць. Але калі мы скажам (вымавім) ці пачуем: л, ла, кар, зьлімока і т. далей, то гэта ня будуць словы, бо мы ня ведаем, што гэта значыць. Калі-ж мы скажам: лам‘ё, лава, карова, брат і сястра, то гэта ўжо будуць словы, бо разумеем, што яны значаць. У першым прыкладзе мы мелі гук л, а ў другім і, але ў першым гук л нічога не азначаў, а ў другім і нешта значыць (брат і сястра). Таксама, у першым прыкладзе гукі кар нічога ня значылі, а ў другім гукі карова азначаюць назоў вядомай нам жывёлы. Значыць, словам называецца гук або некалькі гукаў, што маюць сваё значэньне ў мове. У мове (сказе) — Ой, няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі! — будзе 10 слоў, бо кожнае з іх мае сваё асобнае значэньне ў мове.
§3. Гук. Нашая мова складаецца з слоў, а словы — з гукаў. Такім парадкам, мова — Прайшло й лета — складаецца з трох слоў, а слова прайшло складаецца з сямёх гукаў, слова й — з аднаго гуку, слова лета — з чатырох гукаў. Значыць, словам можа быць гук адзін або некалькі злучаных гукаў. Адгэтуль відаць, што гукам называецца непадзельная часьць слова. Мова дзеліцца на словы, словы — на гукі, а гукі граматыка ня дзеліць. У слове труба пяць гукаў, у слове дзень — тры гукі, а сам гук складае часьць слова непадзельную.
ЗАДАЧКА1. Выпісаць словы з аднаго гуку, потым — з двух, трох, чатырох і т. далей.
|
Не апалі ’шчэ раньнія росы, Ц. Гартны. |