Перайсці да зместу

Пачатковая граматыка (1925)/Літары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Склад і націск Літары
Аўтар: Язэп Лёсік
1925 год
Граматычны склад слова

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛІТАРЫ.

§10. Азбука. На пісьме гукі азначаюцца асобнымі значкамі, якія называюцца літарамі (буквамі).

Літары, пералічаныя або напісаныя ў пэўным нязьменным парадку, складаюць азбуку, або альфабэт. Слова азбука злажылася з назоваў першых дзьвюх літар стараславянскага альфабэту. Даўней літару а называлі аз, ббукі; адгэтуль — азбука. Слова альфабэт злажылася з назоваў першых дзьвюх літар грэцкага альфабэту: альфа й бэта.

Беларусіны ўжываюць дзьве азбукі: кірыліцу й лацінку.

Азбука — кірыліца: Аа, Б6, Вв, Гг, Ґґ, Дд, Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, ы, ь, Ээ, Юю, Яя.

Гэтая азбука называецца кірыліцай ад імя вядомага стараславянскага настаўніка, каторы зваўся Кірылам. Кірыла злажыў для славян першую славянскую азбуку па ўзору грэцкага альфабэту, і гэтая азбука называецца кірыліцай, як асобная ад азбукі лацінкі. Кірыліца мае 33 літары.

Беларуская азбука — лацінка (абэцэда): а, b, c, č, ć, d, e, f, g, h, i, j, k, l, ł, m, n, ń, o, p, r, s, š, ś, t, u, û, w, y, z, ż, ž.

Лацінка мае 32 літары; у ёй няма літары ь. Лацінка ўжываецца большасьцю эўропэйскіх народаў, а кірыліца — большасьцю славянскіх народаў: беларусінамі, украінцамі, расійцамі, сербамі й баўгарамі. Кожны славянскі народ дапасаваў кірыліцу да гукаў свае мовы, дзеля гэтага іх азбукі крошку розьняцца паміж сабою.

Абедзьве азбукі — кірыліцу й лацінку — трэба ведаць напамяць, каб лёгка было знайсьці патрэбнае слова ў слоўніку, дзе словы ставяцца ў альфабэтным парадку.

Літары бываюць вялікія й малыя: (А-а, Б-б, М-м). Апрача таго, у друку адрозьніваюць літары розных шрыфтоў. шрыфты бываюць некалькіх гатункаў, напрыклад:

1) шрыфт рукапісны: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд, Ее, Жж, Зз, Іі i т. д.

2) шрыфт курсіўны, або курсіў: Аа, Бв, Вв, Гг, Дд, Ее, Жж, Зз і т. далей.

3) Літары друкарскага шрыфту, або друкованы шрыфт: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд, Ее, Жж, Зз і т. д.

4) Тлусты шрыфт: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд, Ее, Жж, Зз, Кк і т. д.

§11. Гук і літара. Гук і літару трэба адрозьніваць: гук вымаўляецца, а літара пішацца; гук мы чуем, а літару бачым.

У слове на пісьме літар часам больш, як гукаў, напрыклад: у слове дзень літар пяць, а гукаў — тры: дз, е, нь. Адгэтуль мы бачым, што некаторыя гукі азначаюцца дзьвюма літарамі.

Адна й тая самая літара пры зьмене слова або ў адным і тым-жа слове можа чытацца розна; напрыклад, у слове сад літара д чытаецца, як т, а ў слове сады, як д; у слове боб першая літара б чытаецца, як б, а другая — як п і т. далей.

Значыць, аднакія гукі часам азначаюцца рознымі літарамі, напрыклад: у словах плод і плот пасьля гуку о чуваць гук т; тымчасам, у першым слове пішацца літара д, а ў другім — літара т. Тое самае ў словах род і рот, мог і мох або у слове лесавік: пасьля ль чуваць гук сярэдні паміж е, я, і, а мы пішам літару е.

Значыць, мова пісаная і мова разгаворная (вымоўная) не адно й тое: не заўсёды пішацца так, як говорыцца; трэба пісаць так, як вучаць правілы правапісу, або ортографія.

§12. Ь і апостроф. У вазбуцы-кірыліцы ёсьць адна літара, што не азначае на пісьме ніякага асобнага гуку; гэта літара — ь (мяккі знак). Яна служыць для азначэньня на пісьме мяккіх зычных гукаў, напрыклад: столь, соль, конь, пальцы, гразь, вось, сьмех, дзьвесьце, цьвет, пісаць, каб адрозьніць на пісьме мяккія зычныя ад цьвёрдых (столь — стол, вугаль — вугал); у такіх словах, як зьем, зьесьці, зьява, зьяўленьне мяккі знак пасьля літары з азначае мяккасьць гуку з і паказвае, што з ня трэба зьліваць з наступным галосным. Значыць, ь служыць яшчэ для азначэньня на пісьме паасобнай вымовы двух поруч пастаўленых гукаў. Пасьля цьвёрдага зычнага ставіцца ў такіх разох знак (апостроф) над радком паміж літарамі: пад’ехаць, аб’явіць, аб’ехаць. Губныя б, п, м у канцы слова (сем, голуб) і перад ётавымі галоснымі зацьвярдзелі, значыць, — пасьля іх у такіх разох ставіцца апостроф, а ня ь: баб’ё, куп’ё, п’яўка, сям’я.

§13. Літары дз, дж і г. Для азначэньня гукаў дз і дж пішацца па дзьве літары, але памятаць трэба, што вымаўляюцца яны не паасобку, а разам: садзіць, дзед, сяджу, гляджу.

Для азначэньня такога зыку г (g), як у словах мазі, розгі, ганак пішацца літара г.

§14. Літары я, е, ё, ю, і. Апрача таго, у нашай азбуцы-кірыліцы ёсьць літары, якія азначаюць на пісьме не адзін які небудзь гук, а два гукі, або адзін гук і мяккасьць папярэдняга зычнага; літары гэтыя такія: я, е, ё, ю, і.

Пасьля зычных літары я, е, ё, ю, і азначаюць адзін гук а, э, о, у, і і мяккасьць папярэдняга зычнага, напр.: мята, няня, неба, сена, сёлы, вёдры, люлька, нюхаць, сіні, ліха; гэта значыць: мьата, ньаньа, ньэба, сьэна, сьолы, вьодры, льулька, ньухаць, сьіньі, льіха. Такім парадкам, пасьля мяккага зычнага літары я, е, ё, ю, і значаць:

я = ьа
е = ьэ
ё = ьо
ю = ьу
і = ьі

На пачатку слова або пасьля галоснага гэтыя літары я, е, ё, ю, і азначаюць на пісьме па два гукі. Літара я азначае ў такіх разох йа: яма — йама, надзея — надзейа; літара ё азначае два гукі — йо: ён — йон, тваё — твайо; літара е азначае ў такіх разох йэ: ельнік — йэльнік, наелася — найэлася; літара ю азначае ў тых-жа разох йу: юшка — йушка, чытаю — чытайу; літара і ў тых-жа разох азначае таксама два гукі — йі: іней — йіней, поіць — пойіць, звычаі — звычайі. Такім парадкам, літары я, е, ё, ю, і ў пачатку слова і пасьля галоснага азначаюць:

я = йа (ja)
е = йэ (jэ)
ё = йо (jо)
ю = йу (jу)
і = йі (jі)

Палатыні літара й — j называецца ётам, а дзеля гэтага кажуць, што літары я, е, ё, ю, і азначаюць пасьля галоснага і на пачатку слова ётавыя галосныя а, э, о, у, і.

ЗАДАЧКА6-я. Выпісаць словы з ётавымі літарамі, а потым з літарамі я е, ё, ю, і пасьля мяккіх зычных.

Толькі шкадуе нас сонца агністае,
Сьвеціць цалюткі нам дзень,
Грэе гушчары, балоты імшыстыя
Новы яскравы прамень.
Ў кузьнях рабочыя, ў полі аратыя
Моцныя ўсе, як адзін…
Песьня іх гучная сэрца ўсім кратае,
Чуеце: „гэй“ і „дзінь-дзінь!“
Песьня вясёлая. Праца марудная…
Брат наш ня гэтулькі зьнёс…
Годзе пець песьні нам сумныя, нудныя,
Краю даволі ўжо сьлёз!

(М. К.)

§15. Знакі прыпынку. На пісьме, апрача літар, ужываюцца яшчэ знакі прыпынку: пункт або кропка (.)[1] коска (,), клічнік (!), пытальнік (?), кропка з коскай (;), двукроп’е (:), двукосьсе („“), злучок (-), працяжнік (), дужкі (), шматкроп’е () і іншыя.

Знакі прыпынку паказваюць, дзе ды які трэба зрабіць перапынак (паўзу) пры чытаньні або панізіць ці павысіць голас.

Знакі прыпынку на пісьме тое самае, што ноты пры сьпевах. Калі выразна гаварыць ды слухаць, як зьмяняецца голас (інтонацыя) пры размове, то можна з голасу пазнаць, дзе й які трэба паставіць знак прыпынку. Дзеля гэтага трэба ведаць толькі, якое значэньне мае кожны знак прыпынку. Напрыклад, калі мы спытаем: А хто там ідзе? — то, пэўне-ж, на канцы трэба паставіць пытальнік; а калі скажам: Куды толькі думка тая матку не заносіць?! — то сэнс сказу вымагае паставіць у канцы на пісьме пытальнік з клічнікам; калі мы скажам: Прыгрэе сонца, і сьнег растане, то пасьля слова сонца трэба паставіць коску, бо тут робіцца невялікі перапынак у голасе без паніжэньня голасу; калі сказаць: Глянь — нехта едзе! — то пасьля слова глянь трэба паставіць працяжнік, бо тут голас перапыняецца, каб затрымаць увагу таго, да каго гавораць і т. д.

Але, як паасобныя гукі не заўсёды можна правільна запісаць з голасу, і для іх пісьма ёсьць правілы, так і для пастаноўкі знакаў прыпынку ёсьць правілы, якія дае нам правапіс.

ЗАДАЧКА7-ая. Аб’ясьніць знакі прыпынку, выясьніўшы наўперад, што які знак азначае.

Кожны дзень — няўзгода, кожны крок — прыгода. Падсадзі — сарву я грушку. Вышла матка, плач пачула, бачыць — іх служака! Маладзенькая травіцца-атава блішчыць на сонцы. Зачыняйце шчыльна дзьверы! Гайда сьцежкі пракладаць! Дзень добры вам! Ці рады вы нам? Ня шумі-ж ты гэтак сумна, маладзенькі колас! Болей навукі — меней страху. Угледзіў казёл лісіцу ў калодзежы ды пытае: „А што ты там, кумка, робіш?“. Край неба зацягнуся чорна-сіняю хмарай. Не, я ня дзіўны… я… я… сьляпы! Такая прынука, як праца й навука, ці-ж можа нам сіл не дадаць?! Тхор!.. тхор!.. дзяржы яго!.. дзяржы, псяюху!.. Я табе лялек нараблю ды „катка“ засьпяваю. Які прыгожы, слаўны дзянёк! Год мае чатыры пары: вясну, лета, восень і зіму. На ўсю нашую вёску (а вёска — двароў 20) адзін бязьмен быў.

§16. Прыдыханьне. Калі слова пачынаецца з галосных гукаў о, у, э, то перад імі можа стаяць прыдыханьне в або і, асабліва, калі на гэтыя галосныя прыходзіцца націск вока-вочы, вуха-вушы, вокны, (але — акно), вусы, вугаль, вуліца, гэта.

Прыдыханьне можа быць і ў сярэдзіне слова, таксама на пачатку складу перад гукамі о, у: павук, навука (але — на́ўчыць), цівун, Лявон, Радзівон, аплявуха, ніводзін.

Калі слова пачынаецца злучэньнем некалькіх зычных, то перад імі можа стаяць прыдыханьне i, a часам а: іржа, імгла, імжака, ільняны іальняны, істужка, іскрыпка, ігрушка, іржышча.

§17. Аканьне. Гукі О (ё) Э (e) ў беларускай мове чуваць выразна толькі пад націскам: горы, ногі, добра, цёпла, вясёлы; рэпа, цэлы, жэрдка, вецер, лес, серп і т. далей.

Калі гэтыя гукі стануць не пад націскам, то чуваць а (я): ногі — нага, горы — гара, добра — дабро; шчэбет — шчабятаць, цэны — цана; сёлы — сяло, цёплы — цяпло, лес — лясы, серп — сярпы і т. д.

Аканьне найвыразьней выступае ў першым складзе перад націскам: лес — лясы, вокны — акно. У другіх складох на месцы э пасьля мяккага зычнага можа быць гук блізкі да і або гук нявыразны паміж я — е: лесавік вымаўляецца, як лісавік або ляесавік.

Аб тым, як трэба пісаць пры аканьні, або як запісваецца аканьне, гаворыць правапіс.

§18. Склады ро, ло, ле. Склады ро, ло, ле не падлягаюць аканьню; не пад націскам знаходзім ры, лы, лі:

гром — грыміць — грымоты,
кроў — крыві — крывавы,
дрож — дрыжаць — дрыгва,
крошка — крышыць — крыху,
брод — брыду — брысьці,
скрогат — скрыгітаць — скрыгіча,
дровы — дрывамі — дрывотня;
глотка — глытаць — праглынуць,
яблык — яблыня,
блеск — блішчаць — бліскавіца.

Пры далейшым вытварэньні слоў, ры будзе й пад націскам: дрож — дрыжыкі, бровы — чарнабрывы, брод — брыду — брысьці і т. далей.

Сюды трэба аднесьці такія словы, як — дзеці — дзіця, сьвет — сьвітае, цьвет — сьвітае, цьвет — цьвісьці і т. д.

§19. Працяжна-націскныя, або падвойныя зычныя. Беларуская мова мае працяжна-націскныя зычныя, якія на пісьме азначаюцца падвойными літарамі: гальлё, чытаньне, гразьзю, сьмецьце. Падвойныя зычныя знаходзім у такіх разох:

льл: вясельле, ральля, гнільлё, сольлю, кольле, купальле, Ільля, льлецца і інш.
ньн: здарэньне, сумленьне, пытаньне, згіненьне, пахаджэньне, выхаваньне і інш.
сьс: волас — валосьсе, колас — калосьсе, касьсё і інш…
цьц: сьмецьце, вецьце, жыцьцё, багацьце, куцьця і інш…
дзьдз:судзьдзя, разводзьдзе, бязьлюдзьдзе і інш.
жж: збожжа, раздарожжа, уражжа сіла на грэх спакусіла і інш…
шш: зацішша, у вушшу, з роскашшу і інш…
чч: печ — запечча, лыка — лыччо, сук — суччо, у ваччу, за печчу і інш…

Падвойныя зычныя бываюць толькі паміж галоснымі; перад зычным падваеньня ня бывае: ліст — лісьце, шчасьце, радасьцю, косьцю, хітрасьцю, і т. далей.

Гук р і губныя б, п, в, м, не падвойваюцца. Стаўшы перад ётавымі галоснымі, яны з імі ня зьліваюцца: пер’е, надвор’е, зьнявер’е; дуб’е, баб’ё, бязрыб’е; куп’ё, п’е, п’яўка; сям’я, лам’ё, Хацім’я; здароўе, верхаўё, гадаўё, віць — ye, салавей — салаўі, муравей — мураўі, крыві — кроўю і т. далей.

Апрача таго, падвойныя зычныя знаходзім:
1) у складаных словах: аддаць, ссыпаць, бяззубы, зросься, нёсься, шпак на дубе расьсьпяваўся і т. далей.

2) У прыметах, створаных ад тых іменьнікаў, што маюць аснову на н: сукно — суконны, рамень — раменны, камень — каменны, вайна — ваенны, сон — сонны, восень — асеньні, вясна — вясеньні і т. далей.

  1. У канцы сказу ставіцца пункт, а над літарай ё, напрыклад, — кропкі, над ікропка.