Пачатковая граматыка (1925)/Ад аўтара
| Ад аўтара Аўтар: Язэп Лёсік 1925 год |
Мова. Слова. Гук → |
Першае выданьне гэтага падручніка называлася: „Практычная граматыка беларускае мовы, ч. ІІ-ая“ (Дзяржаўнае выдавецтва С. С. Р. Беларусі, Менск, 1922 году). Першая часьць „Практычнае граматыкі“ (выданьне другое, пераробленае. Менск, 1922 году) складалася з важнейшых правіл беларускага правапісу. Абедзьве часьці дзеля таго й называліся практычнымі граматыкамі, што мелі на ўвазе галоўным чынам правапіс, як і ўсе граматыкі старога школьнага тыпу.
Цяпер, калі правапіс выключаецца з граматыкі, як дысцыпліна не навуковая, а прыкладная, — няма, разумеецца, патрэбы ў такіх падручніках. Беларускі правапіс выдзелен мною ў асобны падручнік (бач „Беларуская мова. Правапіс“).
Гэты падручнік — „Беларуская мова. Пачатковая граматыка“ — перароблен з другое часьці „Практычнае граматыкі“. Першы разьдзел (з фонэтыкі) напісан нанава ў навуковыя асьвятленьні гукавых фактаў мовы. На вялікі жаль, другія разьдзелы застаўлены покі што так, як яны былі ў першым выданьні; толькі выкінуты практыкаваньні правапісальнага характару ды заменены або павыкіданы зусім некаторыя няўдалыя прыклады.
Пільная патрэба зараз-жа даць школьны падручнік беларускае мовы была прычынаю таго, што аўтар ня меў часу перарабіць яго нанава, як таго вымагае формальна-граматычная тэорыя. Гэта будзе зроблена пры новым выданьні, а цяпер я спадзяюся, што гэты падручнік і ў тэй форме, як яна ёсьць, будзе карысны для школ малодшае ступені. А датаго, трэба сказаць, што цяперашні масавы настаўнік слаба або зусім незнаём з пытаньнямі сучаснай рэформы граматыкі, і падручнік, пабудованы на новых асновах, быў-бы для яго мала практычным.
Менск, 19/ХI—23 г.
Другое выданьне гэтага падручніка выходзіць стэрэотыпам; выпраўлены толькі заўважаныя друкарскія абмылкі і зроблены папраўкі: 1) на стар. 34 у § 8 дано іншае паясьненьне дапаўненьню, а „Ўвага“ выкінута; 2) на стар. 82-й да скланеньня йменьнікаў жаноч. роду з асноваю на зычны даданы словы: коні, грошы, госьці (у родным склоне — коняй, грошай, гасьцей, як „касьцей“); 3) на стар. 142-й дано іншае аб‘ясьненьне дзеяслоўным прыметам і выкінута правіла 76-ое; 4) на стр. 144-й прыведзены формы дзеяслоўных прыслоўяў на а-я.
Разьлічаючы ў бліжэйшым часе даць курс фонэтыкі й морфолёгіі беларускае мовы, пабудованы па формальна-граматычным прынцыпе, лічу патрэбным выясьніць тут морфолёгічныя тэрміны, прынятыя ў маіх падручніках: „Сынтакс беларускае мовы“ і „Правапіс“.
У морфолёгіі галоўнае значэньне маюць формы слова-зьменнасьці. Паводле гэтага ўвесь слоўны матэрыял беларускае мовы лёгка падзяляецца на дзьве асноўныя групы: словы зьменныя і словы нязьменныя, або словы з формай і словы бяз формы. Пад формай слова трэба разумець здольнасьць яго раскладацца на аснову й канчатак (формальную прыналежнасьць) у залежнасьці ад скланеньня ці спражэньня, а таксама ад роду й ліку.
Разглядаючы першую групу слоў з формамі слова-зьменнасьці (зьменныя словы), лёгка ўстанавіць тры віды формальных зьмен: формы асобы, формы склону і формы роду (асабовыя, склонавыя й радавыя канчаткі, або флексіі). Паводле гэтага першая група слоў (зьменныя часьціны мовы) у сваю чаргу раскладаюцца на тры групы: 1) словы з формамі асобы — дзеясловы, 2) словы з формамі склону — назоўнікі, 3) словы з формамі роду — прыметнікі й дзеяпрыметнікі. Першую групу становяць словы спрагальныя, а другую й трэцюю — словы скланяльныя.
Да слоў нязьменных, што ня маюць формы, належаць: 1) прыслоўі, 2) дзеяпрыслоўі, 3) прыназоўнікі, 4) злучнікі, 5) выклічнікі, 6) дапаможнікі. Гэтыя часьціцы мовы самі па сабе, незалежна ад зьменных часьцін, ня ўжываюцца або ўжываюцца вельмі рэдка; звычайна яны служаць для сувязі адных формаў слоў з другімі, ды зьяўляюцца толькі дапаможнымі, служэбнымі словамі, апрача выклічнікаў.
Назоўнікі, як і прыметнікі, таксама можна падзяліць на паасобныя групы, але ўжо не паводле формы, а паводле іх значэньня ў мове. Так, напрыклад, сярод назоўнікаў знаходзім: 1) назоўнікі йменныя, або проста — іменьнікі (стол, вол, брат, акно, поле, кніга, дачка, праўда, жаль, туман, хараство, сон, работа, малацьба); 2) назоўнікі лічэбныя (два, тры, пяць, дваццаць, сто, сорак, паўтара, паўчварта); назоўнікі займенныя (я, ты, мы, сябе, хто, што).
Прыметнікі паводле іх значэньня таксама можна падзяліць на тры групы: 1) прыметнікі йменныя (добры, сіні, каменны, раменны, матчын); 2) прыметнікі лічэбныя (адзін, першы, шосты, другі, трэйці); 3) прыметнікі займенныя (мой, твой, наш, ваш, каторы). Часам і прыметнікі займенныя агулам называюць займеньнікамі.
Я. Лёсік.
Менск, 1-га лістапада, 1924 г.