Пачатковая географія (1925)/Прадмова
| Прадмова Падручнік Аўтар: Міхайла Грамыка 1925 год |
Круг першы → |
Карыстаючы з выйсьця маёй кнігі другім выданьнем, лічу патрэбным сказаць наступнае.
Як і першае выданьне, кніга разьлічвае даць пачаткова географічны матар‘ял для распрацоўкі ў клясе, на экскурсах у полі і пасьля іх; вось чаму значную частку кнігі займаюць „запытаньні і задачы“, якія ў 1-м выданьні, нажаль, былі надрукованы дробным шрыфтам.
Другое выданьне кнігі, дзякуючы увазе Дзяржаўнага Выдавецтва, выходзіць узбагачанае лепшымі малюнкамі, значная частка якіх сфатаграфована удзельнікам этнографічнай экспедыцыі па Беларусі Л. У. Дашкевічам. Такім чынам, малюнкі ў кнізе могуць быць таксама тэмамі клясных гутарак і ў 1-м выданьні пазычаныя ў Маскве старыя кліше не маглі даць добрых малюнкаў, — тэм для гутарак. Другое выданьне выпраўлена гэтак сама і з боку тэрмінаў, якія за гэты час набылі большае сталасьці.
Аўтар чакае уваг ад таварышоў-настаўнікаў і просіць адрасаваць іх на імя Інстытуту Беларускае Культуры.
Карыстаюся выпадкам падзякаваць за увагу і дапамогу аўтару — прадстаўнікоў выдавецтва І. І. Цьвікевіча і Я. Д. Луцэвіча, а гэтак сама і М. В. Азбукіна.
Міхайла Грамыка.
Менск, 29/ХII—24 г.