Перайсці да зместу

Пачатковая географія (1925)/Круг першы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова Круг першы
Падручнік
Аўтар: Міхайла Грамыка
1925 год
Круг другі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КРУГ ПЕРШЫ.


Якую навуку мы пачынаем?

Мы пачынаем з вамі, дзеткі, цікавую навуку аб розных краёх, гарадох, рэчках, горах, аб народах, што жывуць па гэтых розных краёх, па ўсёй зямлі.

Але, каб зразумець іншыя старонкі, трэба раней добра пазнаёміцца з тым краем, дзе вы радзіліся й жывеце, дзе радзіліся вашыя бацькі й дзяды. Гэта старонка завецца Беларусь.

Але й Беларусь нашая — вялікая старонка; дык раней пазнаёмімся з тым горадам або мястэчкам, або вёскай, дзе вы, дзеткі, жывеце, дзе знаходзіцца вашая школа.

Вы адкажаце мне, што самі, добра ведаеце аб сваім горадзе або вёсцы. А я вам скажу на гэта, што й пра хатку сваю добра не раскажаце, а ня тое што пра вёску або горад.

А яшчэ-ж трэба ведаць і пра свой садок, і пра поле і пра лес. Дык слухайце, дзеці, і навучайцеся навуцы географіі. (Слова гэта грэцкае і азначае — апісаньне зямлі).

Хата. Школа. Панадворак.

Хата. Добра ў хатцы, асабліва ў восень, калі дзьмуць вятры з дажджом. Тады агаляецца зямля й дрэвы; сумна крычаць над балотамі жураўлі й буслы. Добра і ўзімку ў хаце: на вуліцы мароз шчыпле за нос, а ў хаце цёпла.

А ў школе весела: настаўнік, чытае вясёлае здарэньне або хто з вучняў дэклямуе верш.

А вось я запытаюся ў вас: ці вялікая вашая хата? Ці вялікая вашая школа? Колькі пакояў у хаце? Колькі клясаў у школе? Колькі мэтраў даўжыні? Шырыні? З чаго пабудована вашая хата й школа? Ці новая, ці старая? Каб адказаць мне на гэтыя пытаньні, вы павінны добра прыгледзіцца да свайго будынку, да сваёй школы. Дзеткам прыдзецца абмераць крокамі свой дом і школу. i клясу, і калідор.

Калі вы зробіце гэта, тады пойдзем далей. Параўнаем сваю хату з хатамі суседзяў; пабачым, што хаты бываюць розныя: вялікія й малыя, новыя й пахілыя.

Звычайная беларуская хата на вёсцы мае адзін вялікі пакой з вялікай печкай, мае сенцы й клець. Раскажэце, што яшчэ знаходзіцца ў хаце, апрача печы?

Местачковыя ды гарадзкія хаты (дамы) часьцей падзяляюцца на пакоі: прыхожая, сталовая, саля, габінет, пачывальня, кухня.

У горадзе ў вялікіх будынках жыве не адна, але дзьве, тры і болей сям‘і. Тады кажуць, што кожная сям‘я займае кватэру. Гарадзкія будынкі бываюць у два, тры і болей паверхі (этажы). Тады кажуць: аднапавярховы, двупавярховы, шматпавярховы будынак (дом).

Чаму ў горадзе будуюць шматпавярховыя будынкі?

Параўнай сваю хату з гарадзкім будынкам. Дзе цяплей узімку: у хаце ці ў вялікай салі? Чаму?

Хаты па нашых вёсках рубяць з хвойнага бярвеньня; на падлогу, столь, вокны, дзьверы йдуць дошкі; крыюць хаты саломай, гонтам, дорам (мал. 1). Па гарадох, дзе будынкі стаяць поплеч адзін каля аднаго, будаваць іх з дрэва небясьпечна з прычыны пажараў.

З якой яшчэ прычыны горад будуюць з цэглы, з каменьня? Чым крыюць дахі (мал. 2).

Хаты ў іншых старонках. Па іншых старонках вясковыя хаты зьбіваюць з гліны, а пасьля беляць крэйдай або вапнай.

Як завецца такая старонка?

У розных народаў хаты будуюць з розных будаўнічых матэр‘ялаў; гэта залежыць ад таго, ці цёпла ў такой старонцы цэлы год, як у нас улетку, ці бываюць сьцюдзёныя зімы.

З моцнага, тоўстага бярвеньня будуюць ня толькі нас, але й на Маскоўшчыне, у Сібіры і па іншых халодных старонках. У такіх хатах закладаюць вялізную печку.

А вось у краінах, дзе сонейка круглы год грэе, як у нас улетку, хаты будуюць бяз печы, а часамі й бяз шыбаў. Дахі на хатах тамака роўныя, як столь; на гэткіх гладкіх дахах увечары зьбіраецца ўся сям‘я і прымае гасьцей. Такія хаты робяць сабе грузіны, туркі, грэкі ды іншыя народы цёплых краін (мал. 3).

Запытаньні ды задачы. Вымерай, якую частку хаты займае печка? Якія печы ў вашай кватэры? З якога месяца паляць групкі?

Ёсьць краіны, дзе лесу багата, але тамака цёпла круглы год; дык хаткі робяць лёгкія, няшчыльныя, з хмызьняку, гальля, лісьця шырокага. У такой будцы таксама печы няма, а яду гатуюць на вогнішчы каля будкі (мал. 4).

Так жывуць чорныя людзі або нэгры. Вандруючыя народы, якія пераходзяць з месца на месца са сваімі статкамі (напрыклад, кіргізы за Волгай), жывуць у юртах, абкладзеных таўстым лямцом. Пасярэдзіне юрты раскладаюць цяпло.

Самаеды робяць хаты са скуры (мал. 5).

Запытаньні. Чаму кіргізы маюць вогнішча ў юрце, а нэграм яно ў будках ня трэба?

Даўным даўно, калі і прадзедаў нашых ня было на сьвеце, людзі ня ўмелі яшчэ будаваць сабе хаты, а хаваліся або на дрэвах, або ў пячэрах.

Цяпер людзі будуюць дамы з дрэва, з цэглы, каменьня; крыюць саломай, гонтам, чарапіцай, зялезам.

Запытаньні. Куды йдзе шкло? Папера? Кахля? Медзь?

Ці можна збудаваць будынак бяз дрэва? Дзе ёсьць падобныя дамы?

Дзе будуюць хаты з лёду ды сьнегу?

Ад каго хаваліся раней людзі на дрэвах, у пячэрах?

Глядзі малюнкі і ўспомні тое, што гаварылася пра хаты?

Панадворак. Цяпер разгледзім панадворак школы ды хаты (мал. 6).

Што ў вас яшчэ на школьным двары?

Гарадзкія вучні хай адкажуць, ці быў хто з іх на вёсцы. Хто быў — няхай раскажа пра хату ды панадворак вясковы; чым розьніцца ён ад гарадзкога панадворку.

Вясковыя дзеці хай раскажуць пра гарадзкі панадворак.

Ці бачылі яны тамака гумно? Ёўню? Стайню? Абору? Сьвіран? Клець? Склеп? Павець?

Калі ня бачылі, дык чаму іх няма ў горадзе?

Параўнайце сваю хату (будынак) або школу з суседзкімі.

Скажэце аб вялікасьці; з якога будаўнічага матар‘ялу зроблены? Старыя ці новыя яны?

Вуліца.

Што завецца вуліцай? Аддзельны хутар мае вуліцу ці не?

Што завецца завулкам?

Як завецца вуліца, дзе стаіць вашая школа? Хата? Кватэра? Ці даўгая гэта вуліца? Ці брукаваная яна?

Ці выкладаюць брукам вясковыя вуліцы? Чаму?

У нас, на Беларусі, амаль-што саўсім няма вёсак з брукаванымі вуліцамі; ды й па гарадох ня ўсе вуліцы выкладзены каменем.

А ёсьць краіны, дзе ня толькі гарады, але й вёскі ня ведаюць непралазнай гразі ў восень.

Такія вёскі можна пабачыць у Нямеччыне, Францыі, Ангельшчыне і другіх старонках, дзе людзі болей багаты і болей сьвядомы (мал. 7).

Ці можна, дзеці, выбрукаваць вашую вёску, каб добра было хадзіць у школу ў восень і весну? Якім каменьнем?

Цяпер, дзеткі, складзеце таблічку на паперы і напішэце адказы на тыя пытаньні, што стаяць у таблічцы.

Табліца пра маю вуліцу.
1. 2. 3. 4. 5. 6. 7. 8. 9. 10. 11.
Назва Колькі кро-
каў даў-
жыні.
Колькі ну-
мараў дамоў
Колькі ка-
менных бу-
дынкаў
Драўляных Аднапавяр-
ховых
Два і болей
паверхі
Ці брукава-
ныя
Ці ёсьць
ліхтары
Клюбы Крамы

Калі вуліца доўгая дужа, можна падлічыць, колькі крокаў ад хаты да школы.

Сад.

Пасьля гэтага самі складзеце табліцу пра свой садок.

Колькі ў ім дрэў? Якія? Колькі яблынь? Ігруш? Сьліў? Колькі кустоў? Колькі ён мае крокаў удоўжкі і ўшыркі?

Адкажэце, дзеткі, на такія запытаньні.

Ці любіце вы сад? Чым можна дапамагаць саду? Чым можна шкодзіць саду? Ці пасадзілі вы хоць адно дрэўца?

Якія садовіны на Беларусі?

Адкуль прывозяць да вас кавуны? Памідоры? Вінаград?

Жыцьцё майго дрэўца (або куста).
Назва
Час пасадкі
і нагляду
Вышыня ад
зямлі
Абхват
Лік галінак
Калі пер-
шыя пучкі
зьявіліся
Кветкі
Плод
Прыметы
розныя
Плян.

Калі я зацікаўлюся вашаю хатаю або кватэраю, або школай ды папрашу вас, дзеці: Намалюйце мне вашу хату так, каб я ведаў нават, што ў ёй у сярэдзіне. Вы адкажаце: Мы саўсім ня ўмеем ні рысаваць ні маляваць.

Дзеткі, вы зараз навучыцеся, як хутка накідваць рысунак хаты або школы. Трэба для гэтага ведаць вось што:

Возьмем ды паставім на кніжку або на дошчачку некалькі рэчаў: крэйду, ножык, пушачку, шклянку, бутэльку і г. д.

Мал. 8. Малюнак рэчаў.

Калі я паднясу гэтыя рэчы вам проста, дык ня ўсе рэчы вы адразу ўбачыце, бо адны другім будуць засьціць. Тады я пакажу так, каб вы глядзелі на іх згары ўніз. Рысаваць іх лёгка будзе. Мы зарысуем толькі тое месца, якое кожная рэч займае, але ў тым-жа парадку, як яны стаяць; возьмем мы абвядзём кожную рэч алоўкам або крэйдай; тады пазьнімаем рэчы з дошчачкі. Вось і будзе рысунак усіх рэчаў. Такі рысунак, калі мы рысуем ня ўсю рэч, а толькі яе месца, і завецца плянам (мал. 8 і 9).

Мал. 9. Плян рэчаў.

Зробім плян кніжкі, як яна ляжыць; паставім яе пасьля гэтага на кант; ці будзе іншы плян?

Зрабеце самі плян чарнільні, карабка ад сернікаў, сваёй далоні ў розным палажэньні. Таксама можна абрысаваць плян стала, лаўкі, зэдліка, але, каб перанесьці плян гэтых вялікіх рэчаў на дошку або на паперу, трэба нешта зрабіць. Што?

Трэба гэтыя рэчы абмераць у даўжыню й шырыню, а пасьля, замест гэтых мерак, узяць меншыя; ляпей за ўсё ўзяць паперу ў клетку і лічыць кожную клетачку (або дзьве, тры клеткі) за мэтр калі лаўка будзе тры мэтры, тады трэба ўзяць тры (або шэсьць, дзевяць) клеткі.

Чаму?

Можна 1-2 мэтры лічыць на пляне ў сантымэтры.

Трэба толькі пільнаваць калі будзем рабіць плян, каб акуратна браць на паперы (або дошцы) столькі малых мерак (клетачак, сантымэтраў), колькі вялікіх мерак у той рэчы, з якой мы зьнімаем плян (мэтраў, дэкамэтраў).

УВАГА: 1 мэтр=221/2 вяршкі=11/2 аршыны; дэкамэтр=10 мэтраў.

Гэта завецца:

Узяць іншую мерку або ўзяць іншы маштаб.

Давайце, дзеткі, зробім плян клясы і ўсіх рэчаў у клясе.

Будзем лічыць кожны мэтр клетачкай.

Колькі клетачак адкласьці даўжыні? Шырыні? На дзьверы? На вокны? На стол? На печку? На парты?

Ці трэба для пляну ведаць вышыню клясы? Чаму?

Зарысуйце плян свайго пакою ў хаце.

Параўнайце свой плян з плянамі сваіх сяброў. Пры кожным пляне напішэце маштаб, у якім вы будзеце рысаваць.

Маштаб:

1 клетка=1 мэтру
2 клеткі=1 мэтру і г. д.

Мал. 10. Малюнак клясы.


Мал. 10. Малюнак клясы.

Зьвярнеце увагу на тое, каб усе рэчы на пляне былі на сваім месцы. (мал. 10 i 11).

Такім чынам можна зрабіць плян усёй школы, хаты, будынку або цэлага панадворку. Трэба толькі ўсё абмераць мэтрам (можна крокамі) і перанесьці на паперу ў якім-небудзь маштабе.

Мал. 11. Плян тэй-жа клясы.


Мал. 11. Плян тэй-жа клясы.

Папрацуйце, дзеці, над плянамі сваёй хаты, школы, панадворку.

Навучэцеся чытаць па пляне, зробленым сябром, аб яго хаце, кватэры ды аб тых рэчах, што знаходзяцца ў сярэдзіне.

Параўнайце плян будынку з малюнкам яго. Што відаць на пляне і што на малюнку?

Карта.

Калі вы ўцямілі сабе, як рысуюцца пляны, дык хутка зразумееце, што такое географічная карта. Гэта плян цэлай краіны. Калі ўзьняцца высока ў паветра на самалёце (аэроплян) ды глянуць уніз на зямлю, дык яна пакажацца, нібы географічная карта, або плян:

Лес здаецца, як чорная пляма; рэчка, як срэбная стужка; горад або вёска — як маленькі гародчык пабіты на градкі. Параўнайце малюнак 12 і 13.

Кірунак.

Але каб добра нарысаваць плян вялікага места або вёскі, або карту ўсёй краіны, трэба ведаць, з чаго пачынаць ды як раскласьці на паперы гарады, лясы, рэчкі. Адзін, напрыклад, можа азначыць м. Полацак у левым кутку карты, а другі паставіць яго ў правым.

Кірунак. Каб ня было блутаніны на пляне гораду або на карце краіны, трэба ведаць адну рэч, якая завецца кірункам.

Мы кажам: управа, улева, назад, проста, але гэтага мала для пляну.

Калі скажам: вуліца йдзе ўправа, дык невядома, ад чаго. Вёска ляжыць улева, ад чаго? — Ад лесу. А лес? — Ад рэчкі. А рэчка і г. д. Трэба азначыць такія пункты, аб якіх усе ведаюць, дзе яны. А ўжо ад гэных пунктаў азначаць, дзе ляжыць горад або вёска, або скуль і куды цячэ рэчка.

Гэныя пункты, што кожны можа наглядаць і ведаць, азначаюцца па сонцу.

Будзем наглядаць за сонцам зранку, як яно ўсходзіць, аж да вечару, да захаду.

Зраніцы сонца падымаецца па небе ўсё вышэй ды вышэй, пакуль не дасягне пэўнага пункту. Гэты самы высокі пункт, да якога сонца даходзіць на небе, бывае акурат у поўдзень (12 гадзін). Пасьля поўдню сонца пачынае нізіцца, пакуль не схаваецца.

Глянем на сонца акурат а дванаццатай гадзіне (трэба мець добры гадзіньнік). Тады проці нас будзе ляжаць пункт, які называецца поўдзень. Ззаду нас тады будзе пункт процілеглы, які называецца поўнач. Улева ад нас будзе ўсход, управа — захад. Вось мы маем чатыры галоўныя пункты або бакі сьвету: Поўнач (літара N), Поўдзень (літара S), Усход (літара О) і Захад (літара W). Літары, што ў дужках, азначаюць чужаземныя словы: N — Норд (Поўнач), Ѕ — Зюд (Поўдзень), О — Ост (Усход) і W — Вэст (Захад).

На паперы (рысунку) галоўныя пункты або кірункі азначаюцца так:

W (З)
N (поўнач, ПН)
O (У)
S (поўдзень, ПД)

Мы бачым, што ўгары стаіць N (поўнач), унізе S (поўдзень), управа O (усход), улева W (захад).

Адкажэце, дзе будуць іншыя пункты (бакі сьвету), калі стаць тварам на Поўнач? Тварам на Ўсход? На Захад?

Якія старонкі будуць на Поўдзень ад вас? У які бок трэба йсьці, каб прысьці ад вас у Полацак? У Віцебск? У Магілеў? У Менск? У Гомель? У Барысаў? Або ў які іншы горад? Які кірунак узяць, каб паехаць у Кіеў? У Маскву? У Варшаву?

Але чатырма галоўнымі пунктамі ня ўсе кірункі магчыма азначыць. Тады паміж галоўнымі ставяць другія пункты: паміж Поўначчу і Ўсходам, якраз пасярэдзіне, будзе кірунак, каторы завецца Паўночны Ўсход; паміж Поўднем і Ўсходам — Паўднёвы Ўсход.

Назавеце самі пункты паміж Захадам і Поўначчу і паміж Захадам і Поўднем.

Пастаўце літары на ўсіх гэтых пунктах.

Паўднёвая лінія. Выйдзем у сонечны дзень на двор і заб‘ём кіёк на роўным месцы. Цень ад кійка будзе падаць у другі бок ад сонца, у процілеглы сонцу бок. Прасачым за гэтым ценем. Калі сонца будзе падымацца вышэй у небе, цень будзе пакарачвацца. У поўдзень (12 гадзін) кіёк будзе мець самы кароткі цень. Кірунак гэтага кароткага ценю завецца паўднёвай лініяй (мал. 15).

Мал. 15. Паўднёвая лінія (кароткая).

Раней, калі людзі ня ўмелі вырабляць добрыя гадзіньнікі, яны наладзіліся азначаць час па так званаму „сонечнаму гадзіньніку“. Гэта была прылада з кіёчкам, каторы стаяў на сярэдзіне кружка (з дрэва, з паперы), а на кружку ставіліся лікі I, II, III, IV, як на гадзіньніку, на якую лічбу падаў цень, такая была гадзіна.

Дзе павінен быў знаходзіцца „сонечны гадзіньнік“ — у пакоі ці не?

'Задачкі. Спрабуйце самі зрабіць прыладу для паўднёвай лініі. У які бок сьвету глядзяць вокны вашае клясы? Хаты? Пакою?

Незаўсёды, дзеці, магчыма пазнаць бакі або пункты сьвету па сонцу. Што рабіць, калі хмарны дзень, сонейка схавалася? Або што рабіць уначы?

Хто-небудзь зьбіўся з дарогі ў лесе; ня ведае, у якім кірунку дабрацца да сваёй вёскі, да свайго гораду?

Магнэсавая стрэлка. Людзі дадумаліся да добрай прылады, а ім дапамагла ў гэтым маці-прырода.

Прылада гэта магнэсавая стрэлка. У некаторых старонках знаходзяцца цікавыя каменьні, магнэсавая магнэсы, якія прыцягваюць да сябе цьвікі, кручочкі, нажы ды іншыя жалезныя рэчы.

Калі сталёвую рэч (ножык, нажніцы) пацерці гэткім каменем-магнэсам, дык яна сама робіцца, як магнэс. 3 такой, як кажуць, намагнэсаванай сталі й робяць магнэсавую стрэлку. Калі такую стрэлку пасадзіць на вастрыё, каб яна вольна магла хістацца, дык яна заўсёды, пахістаўшыся крыху, прыме пэўны кірунак: адным канцом на Поўнач, а другім на Поўдзень.

Компас. Магнэсавую стрэлку звычайна садзяць пад шкло ў асобную прыладу, якая завецца компасам.

Мал. 16. Компас.


Мал. 16. Компас.

Той канец стрэлкі, што глядзіць на поўнач, зачэрніваецца, і проці яго на компасе стаіць літара N, і з процілеглага боку будзе літара S, а дзе павінны стаяць іншыя літары — вы самі ведаеце (мал. 16).

Уначы магчыма кіравацца зоркамі, але гэта куды цяжэй, як па компасе, бо трэба ведаць некаторыя зоркі, асабліва гэтак званую канцавосную (полярную) зорку, каторая ўвесь час стаіць на месцы; калі яе знайсьці ды глядзець на яе, дык проці нас будзе Поўнач. — У лесе кірунак магчыма знайсьці па дрэвах: звычайна мохам абрастаюць паўночныя бакі дрэў (чаму?).

Цяпер мы ведаем, што такое плян і кірунак. Ведаем таксама, што такое географічная карта; гэта — плян цэльных мясцовасьцяй, напрыклад: карта Беларусі, карта Эўропы, карта Азіі і г. д.

Разгледзьце добра якую-небудзь карту; зьвярнеце увагу: 1) на маштаб, 2) якім колерам азначаецца вада — мора, возера, рэчка, 3) як азначаюцца гарады — вялікія, малыя, 4) як рысуюцца рэчкі, 5) ці на кожнай карце знойдзеце ваш горад або вашу вёску, 6) якім колерам (або адценкам колеру) азначаюцца высокія мясцовасьці, горы?

Запытаньні. Як завецца ваш горад (або вёска, мястэчка)? На якой рацэ ляжыць? На роўным месцы ці на ўзвышшы? Ці пекна выглядае? Чаму? Самая вялікая вуліца? Масты ёсьць? Ці ёсьць сады? Якія? Які самы будынак? Самы высокі? Стары ён ці новы?

Няхай гарадзкія дзеці складуць табліцу:
Назва гораду
Рака або возера
Колькі насельнікаў
Якая чыгунка праходзіць
Самая вялікая вуліца
Самая жвавая
Якія сады
Школы вышэйшыя
сярэднія
пачатковыя
Тэатры
Ці ёсьць вадаправод
Якое асьвятленьне гораду
Колькі каменных будын-
каў на вашай вуліцы
Колькі дамоў крытых жа-
лезам на вашай вуліцы
Ці ёсьць параходы?
Плыты?
Калі гэтага няма, то чаму?
Ці ёсьць масты і якія?
Чым азначаецца вашая
частка гораду?
Для вясковых дзяцей гэткая табліца:
Назва вёскі
Акруга
Раён
Сель-рада
Колькасьць насельнікаў
Колькі вулак?
Ці брукаваны яны?
Ці ёсьць каменныя
будынкі?
Колькі кілёмэтраў да
гораду?
Колькі часу ехаць у горад
Колькі двароў новых?
Колькі млыноў?
Колькі клм. да сашы?
Як атрымліваюць лісты?
Ці далёка лес? возера?
рэчка?
Якія?
Ці ёсьць масты і якія?
Чым, апрача ральніцтва,
займаюцца?

Папрабуйце нарысаваць плян сваёй часткі гораду або вёскі.

Як выглядае наша ды іншыя старонкі.

Паверхня зямлі. Саўсім, як стол, мясцовасьцяй на зямлі мала. Бярэце свой горад або вёску. Ці багата саўсім роўных вуліц?

Яшчэ ляпей разглядаць мясцовасьць за горадам, за вёскай. Мы пабачым тутака і ўзгоркі, і курганы, і наспы, і раўчакі, і канавы, і катліны, і яругі, і пячэры і г. д.

Словам пойдзем разглядаць паверхню зямлі.

Раўніна. Роўныя мясцовасьці, дзе, як воку глянуць, ня відаць ані ўзгоркаў, ані курганоў, завуць раўнінай (мал. 17).

Узгоркавая раўніна. У нас, на Беларусі, пэўных раўнін мала. Часьцей сустракаюцца сярод раўніны курганы, узгоркі, яры; таму нашу старонку можна назваць па паверхні — узгоркавай раўнінай (мал. 18). На паверхні зямлі, апрача раўнін ды ўзгоркавых раўнін, можна пабачыць наспы, бугры, курганы, горкі, горы. Але гэтыя назвы няпэўныя, бо ў аднэй старонцы завуць гарой тое, што ў іншай завуць бугром або курганом. Трэба ўмовіцца перш-на-перш, як вылічваць вышыню бугра, гары, словам вышыню мясцовасьці. Бывае, што йдзеш па раўніне, а калі выйдзеш да рэчкі або да якога возера, дык пабачыш, што раўніна ляжыць высока над рэчкай або возерам і здаецца тады гарой.

Вышыня над роўнем мора. Але ад рэчкі або возера таксама немагчыма лічыць вышыню мясцовасьці, бо рэчка, бывае, бяжыць з гары, возера, таксама бывае, ляжыць

Мал. 19. Вышыня над роўнем мора.

высока між гор. — Вось чаму ўсе вучоныя ўмовіліся лічыць вышыню мясцовасьці ад берага мора, або, як кажуць, ад роўня мора, бо ровень мора ўсюды на зямлі аднолькавы (Мал. 19).

Як вылічваць ад роўня мора, калі мора за тысячу вёрст? Аб гэтым вы даведаецеся крыху пазьней. Цяпер будзем памятаць вось што.

Нізіна й плоскаўзвышша. Калі раўніна падымаецца над роўнем мора ня вышэй як на 200 мэтраў, (100 сажняў), дык яна завецца нізіной. Калі раўніна вышэй за 200 мэтр. — яна завецца плоскаўзвышшам.

У нас на Беларусі нізіной можна назваць мясцовасьці па Прыпяці, Случы, Бярэзіне, (так званае Палесьсе); па паветах: Пінскім, Мазырскім, Рачыцкім, Слуцкім (паўднёвая частка), Бабруйскім, а таксама Полацкім (Мал. 20)

Задачка. Разгледзіць на карце гэтыя мясцовасьці; якім колерам яны намалёваны?

Плоскаўзвышшы на Беларусі знаходзяцца каля Менску, Воршы, Наваградку, Баранавічаў, Горак, Рослаўлю ды іншых месц.

Гэтыя мясцовасьці ляжаць на 200-250 мэтраў вышэй за мора. Самая высокая мясцовасьць на Беларусі — Лысая Гара, на паўночны захад ад Менску; гэтая гара падымаецца на 320 мэтраў над роўнем мора.

Запытаньні. А ці высока гэтая гара над вакольнай мясцовасьцю?

Ці будзе яна столькі мэтраў ад сваёй падставы (поду) да верху?

Якія ўзгоркі маюцца каля вашага гораду або вёскі? Ці маюць яны назву?

Узгоркі й горы. Вялікі ўзгорак завецца гарой.

Ці ёсьць горы ў вашай мясцовасьці? Як завуцца?

На Беларусі наогул мала гор, а толькі ўзгоркі, гарбы.

Як-жа акуратна сказаць, што завецца ўзгоркам, а што гарой? Узгоркам завецца частка земнай паверхні, якая падымаецца над мясцовасьцю, але ня вышэй, як 200 м. над роўнем мора. Калі ўзгорак вышэй за 200 м. над роўнем мора, яго будзем зваць гарой.

А ёсьць, дзеці, старонкі на сьвеце, дзе горы падымаюцца аж за хмары, на 2, 3 і болей кілёмэтры ад роўня мора. Нашая Лысая Гара ў гэтых старонках называлася-б не гарой, а невялічкай горкай.

Калі паедзем з Беларусі на поўдзень, праз Украіну, дык можам патрапіць у старонку, якая завецца Крым. Тамака горы, як вялізныя муры, уздымаюцца над хвалямі Чорнага мора. А яшчэ вышэйшыя за Крымскія — на Каўказе горы. Каўказ ляжыць яшчэ далей на поўдзень ад нас, на ўсход ад Крыму.

Часткі гары. Але пакуль што, дзеткі, мы з вамі на нашай бацькаўшчыне, Беларусі. Выйдзем за горад, за вёску і будзем разглядаць нашыя ўзгоркі ды разьбірацца ў іх.

Пабяжым на ўзгорак! Спачатку бяжым па роўнай мясцовасьці, раўніне, — бегчы лёгка, а вось, як пачалі ўзьбягаць на ўзгорак, стала цяжэй. Тое месца, дзе ўзгорак (або горка, гара) пачынаецца, завецца падставай гары. Калі ўзьбяжым на самае высокае месца ўзгорку, дык будзем на версе. А бакі ўзгорку (або гары), якімі ён спускаецца ў даліну, завуцца схіламі. Значыць, гэта будуць часткі гары паміж падставай і верхам. Схілы могуць быць крутыя (зрывістыя) і адхоныя.

Запытаньні. Па якіх схілах лягчэй узьбірацца на гару? Па якіх весялей зьбягаць? Які схіл болей уграваецца — паўночны ці паўднёвы? На якім схіле ляпей садзіць сад?

Ланцуг, або сьцяг. Калі горы (узгоркі) цягнуцца адна за аднэй даўгім шэрагам, дык яны ствараюць горны ланцуг, або горны сьцяг (мал. 21).

Задачка. Знайдзеце ў сваёй мясцовасьці сьцяг гор або ўзгоркаў і дайце яму свой назоў.

Хрыбет. Каўкаскі горны сьцяг цягнецца болей, як на 1000 вёрст, і здалёку выглядае, як яскрава-белыя воблакі. Вярхі гор гэтага ланцугу маюць выгляд нібы пілы, і носяць назву хрыбет горнага ланцугу, або сьцягу.

Даліна. Але пойдзем ізноў па нашых узгорках. Зьбяжым з аднаго ўзгорку па схілах яго на другі ўзгорак. Нам трэба будзе паміж узгоркаў прабегчы нізіну. Гэтая нізіна паміж узгоркаў (або гор) мае назву даліна. Звычайна па даліне цячэ рэчка або бягуць вясной перавалы, струмені.

У такіх старонках, як Каўказ, дзе ёсьць вялізныя горы й горныя ланцугі — горныя даліны таксама будуць вялізнымі.

Цясьніна. Дужа вузкія, стромкія даліны завуцца цясьнінай. У горных мясцовасьцях, як Каўказ або Швэйцарыя, гэтыя горныя цясьніны маюць, часам, жудасны, але разам з тым і прыгожы выгляд (мал. 22).

Пасьля таго, дзеці, як вы наставіліся аб горах, — знайдзеце блізка вас цікавую мясцовасьць, зрабеце туды некалькі экскурсый (шпацыровак), дайце назву гэтай мясцовасьці і кожнаму ўзгорку (або гары), ланцугу, даліне, цясьніне (напрыклад, „Мядзьведзь“, „Конь“ і г. д.).

Вада на зямлі.

Вада. Без вады ня можа жыць ні чалавек, ні жывёла, ні расьліна. У нас, на Беларусі, мы амаль што ўсюды пабачым ваду: або ў калодзежы, або ў крыніцы, на балоце, у канаве, або яна бяжыць рэчкай, або стаіць возерам.

Выпарваньне вады. Вы ведаеце, дзеці, што пасьля дажджу лужыны хутка высыхаюць, асабліва ўвесну ды ўлетку; таксама высыхае вада з падлогі, высыхае, калі наліць яе на талерку ды паставіць на сонца або на вецер (зрабеце такі досьлед). Пра ваду кажуць што яна выпарваецца або ператвараецца ў пару. Выпарваецца вада з балот, з вазёр, з рэчак; вялікая колькасьць вады падымаецца з мораў і акіянаў. Вадзяная пара падымаецца ў паветра, робіцца воблакам ды хмарай; вецер гоніць хмары ў розныя бакі, і з хмар выпадае дождж (узімку — сьнег). Да нас, на Беларусь, хмары часьцей ідуць з захаду, ад мора, якое завецца Балтыцкім. З гэтага мора вецер і прыносіць часьцей за ўсё да нас дажджы (або сьнег).

Прасачэце дзеткі, за тымі ручайкамі (або цурочкамі), што бягуць пасьля вялікага дажджу. Яшчэ ляпей прасачыць за тымі веснавымі пераваламі, што гульліва бягуць па ўзгорках, калі патае сьнег. Глядзеце, як маленькія ручайкі зьбіраюцца ў большыя, большыя — у вялікія, а вялікія бягуць у рэчку або ў возера. Але ня ўся вада пасьля дажджу ці сьнегу зьбягае ў рэчкі ды вазёры. Значная частка яе праходзіць скрозь зямлю ў глыбіню, а астатняя частка зноў выпарваецца ў паветра. Лёгка праходзіць вада ўглыб праз пясок, вапну; наадварот, не праходзіць вада праз гліну. Вось чаму пяскі хутка высыхаюць, а на глінах стаяць лужыны, вазёры, ствараецца балота.

Па берагох рэчак або ў якім-небудзь рове, цясьніне, можна пабачыць, што зямля складаецца з розных пластоў: спачатку йдзе гліна, пад глінай — пясок, пад пяском ізноў гліна, або пласт пяску дробнага, пад ім пласт гліны чырвонай, пад ёй зноў пласт пяску, але ўжо буйнага з каменьнем, вапна і г. д.

Земныя пароды. Пласты гліны, пяску, вапны, што ствараюць тоўшчу зямлі, завуцца земнымі пародамі або землятворамі.

У нас земнымі пародамі найчасьцей будуць: гліна, пясок, вапняк, крэйда, торф і г. д.

Яшчэ ляпей, як па рэчках ды цясьнінах, наглядаць земныя пароды па глыбокіх капальнях ды студнях, калі іх капаюць. Тады можна сабраць узоры земных парод, пакрыху з кожнага пласта, і скласьці ў скрынку па парадку.

Задачка. Зьбярэце узоры земных парод вашай мясцовасьці.

Парахненьне. На верхнія пласты земнай пароды заўсёды падае дождж або сьнег; яго абвявае вецер, паліць сонца. Ня кажучы пра гліны ды пяскі, але й цьвёрдыя граніты, брукавыя камяні, млынавыя камяні (пескавікі) — і тыя ператвараюцца ад вады, ветру, сонца. Моцны граніт так рашчапляецца, што перарабляецца ў пясок і гліну. Пра земныя пароды кажуць тады, што яны распадаюцца, парахнеюць. Такога спарахнелага каменьня багата сярод гліны на Беларусі.

Глеба. На спарахнелай пародзе могуць тады расьці расьліны; спачатку зьяўляецца мох, лішайнік, затым — дробныя траўкі, пасьля ўкараняюцца хмызьнякі, а калі досыць вады, дык выцягваюцца й дрэвы. Вось такі верхні пласт земнай пароды, спарахнелы ад вады, ветру й сонца, на якім укараняюцца расьліны, завецца глебай. Глебу таксама, як і падглебныя пароды, ляпей за ўсё разглядаць па зрывах рэчак ды равоў, па ўзгорках, па канавах: там пабачым, што глеба ляжыць над земнымі пародамі (землятворамі) і мае, звычайна, цямнейшы колер. Чым цямней глеба, тым яна больш ураджайная. Нашыя беларускія глебы ўтварыліся або на пяску (тады яны завуцца супяском), або на гліне (суглінкі), у лесе — падзольныя глебы, на балоце — балотныя глебы. Каб зрабіць нашыя глебы больш урадлівымі, трэба іх глыбей пераворваць, каб глыбей праходзіла ў іх паветра, цяпло, сонца ды вада; таксама трэба нашыя глебы добра ўгнойваць звычайным, або штучным гноем.

Запытаньні й задачкі. Адкажэце, якім глебам трэба болей вады (дажджу) — пескавым ці гліністым? Чаму?

Выкапайце ў сваім садзе ці гародзе ямку праз усю тоўшчу глебы.

Прамерце, якой таўшчыні глеба. Што пад пластом глебы (які землятвор)? Назавеце вашыя глебы.

Грунтовая вада. Праз тоўшчу глебы ды падглебных (грунтовых) парод прасочваецца дажджавая й сьнегавая вада. Яна праходзіць праз усе пласты, якія прапускаюць ваду (пясок, вапна), зьбіраецца на вялікай глыбіні пад зямлёй (на многа дзесяткаў мэтраў) і ўтварае там цэлыя крыніцы, вазёры, а часам і бягучыя рэчкі. Такая вада завецца падземнай, або грунтовай вадой.

Людзі з даўных часоў карыстаюцца грунтовай вадой, калі рыюць калодзежы. Чым глыбей калодзеж, тым, звычайна, вады ў ім болей, і яна ляпей, чымся няглыбокая, павярхоўная вада (так званая — верхаводка).

Ваданосныя пласты. Вада пад зямлёй трымаецца ў так званых ваданосных пластох, напрыклад, у пяску, пад якім ляжаць пароды, каторыя не прапускаюць ваду глыбей (гліна, граніт, крэйда).

Крыніца. Часам, калі такі ваданосны пласт ляжыць няроўна, а пахіляецца ў той ці іншы бок, дык па ім цячэ вада. Тады яна можа дзе-небудзь зноў выйсьці на дзённую паверхню зямлі і заб‘е з-пад глебы крыніцай. (мал. 23).

Мал. 23. Ваданосныя пласты.

Мінэральныя крыніцы. Крынічная вада, звычайна, смачная й халодная ўлетку. (Чаму?). У некаторых мясцовасьцях крынічная вада, праходзячы па земных пародах, забірае ў сябе (распушчае) соль, жалеза, вапну, серку ды іншыя падземныя каменьні і пароды (так званыя мінэралы). Такія крыніцы завуцца мінэральнымі. Некаторыя з мінэральных крыніц дужа карысны чалавеку, бо лечаць ад розных хвароб, калі купацца ў іх або піць іх ваду. Такімі крыніцамі зьяўляюцца, напрыклад, жалезныя, серкавыя. У нас, на Беларусі, мінэральных крыніц хапае, але яны пакуль мала дасьледваны. У горных мясцовасьцях, як Каўказ, гэткія крыніцы сустракаюцца вельмі часта, і ад іх іншыя гарады атрымліваюць сваю назву (Жалезнаводзк, Кіславодзк і інш.).

Здароўніцы. Каля такіх мінэральных крыніц з даўных часоў пабудаваліся гарады, куды зьяжджаюцца хворыя; такія гарады (або мястэчкі) завуцца здароўніцамі, або курортамі.

Жыцьцё рэчкі.

Рэчка. Выйдзем, дзеткі, пасьля дажджу на вуліцу ды будзем наглядаць за тымі ручаёчкамі, струменчыкамі, што бягуць навакол нас.

Глядзеце, якія яны павыкапалі сабе равочкі; як яны абцякаюць вялікія каменьчыкі ды іншыя перашкоды на сваёй плыні, як яны нясуць трэсачкі, нібы плыты; як яны перабягаюць праз невялічкія каменьчыкі, як праз парогі; якія яны ўтвараюць з пясочку выспы, вастраўкі, гакі!

Мал. 24. Вадазбор рэчкі на карце (р. Дняпро).

Рэчышча. А цікава запрудзіць, загаціць такую рачулку ды пабачыць, што будзе. Ці ня ўтворыцца возера? Дзе будуць берагі такога возера? Як стварыць вадаспад і млынок? Тую канаўку, па якой бяжыць наш ручаёк, якую ён сам сабе робіць, назавем рэчышчам.

Берагі. Ручаёк мае два берагі — правы і левы. Трэба стаць над ручайком ды глядзець у той бок, куды ён бяжыць; тады лёгка адзначыць берагі.

Пачатак. Тое месца, адкуль пачынаецца наш ручаёк, назавем пачаткам ракі або вытакам.

Прытока. Заўважце, што каля пачатку наша рачушачка будзе вузенькая, а далей шырыцца. Шырыцца наша рачулка дзеля таго, што ў яе пачынаюць улівацца іншыя ручайкі, іншыя струмені, іншыя, меншыя за яе, рачулкі. Гэтыя меншыя рачулкі, што ўліваюцца ў нашую галоўную, будзем зваць прытокамі.

Задачка. Цяпер дайце назву таму ручайку, за якім вы сачылі, і яго прытокам (напрыклад: Дуброва, Парожыца і г. д.).

Вусьце. Тое месца, куды ўліваецца, дзе канчаецца ручаёк, назавем вусьцем, бо яно падобна крыху да вуснаў.

Вадазбор. Усю мясцовасьць, з якой зьбіраюць ваду і па якой бягуць нашыя маленькія рачулкі пасьля дажджу (ручайкі, струмені, цуркі), назавем вадазборам.

Значыць, у вадазбор пойдзе нашая галоўная рачулка разам з прытокамі. Вадазборам можна назваць, таксама ўсю мясцовасьць, па якой вада бяжыць у вадзін бок, у вадно, напрыклад, вазярко. Тады некалькі рачушак з іх прытокамі ствараюць адзін вадазбор. Калі на паперы вы здолееце нарысаваць вадазбор сваіх рачулак, дык ён будзе мець прыблізна гэткі выгляд (мал. 24).

Вадападзел. Тыя ўзгоркі, узвышшы, што падзяляюць два вадазборы, завуцца вадападзеламі або межаводзьдзем (мал. 25).

Задачка. Знайдзеце вадападзел на сваіх рачулках.

Вадаспад. Калі ручаёк зрывіста, як з прыступкі, б‘е ўніз, ён стварае так званы вадаспад (мал. 26).

Парог. Калі ён бяжыць па каменьчыках і гэтыя каменьчыкі высоўваюцца з вады, дык такое месца ручайка завецца парогамі (мал. 27).

Падзелы ракі. Усю рачулку нашую падзелім на тры часткі: 1) вышнявіну; гэта будзе ад пачатку, дзе рачулка вузкая, шпаркая, нясе шмат каменьчыкаў; 2) сярэдніну тутака плынь ідзе павальней і 3) нізавіну — ужо да вусьця; тут, звычайна, ручайкі бягуць павольна, але затое шырока і твораць у канцы, у вусьці так званыя адрэччы, бакавыя рачушкі.

Тады такое шырокае вусьце разам з адрэччамі ды вастравамі завецца дэльтай. Дэльта — слова грэцкае, азначае літару д — △ (мал. 28).

Пасьля таго, як мы пазнаёміліся з ручайкамі, цуркамі, струменямі ды прызвычаіліся да новых слоў, пойдзем на сапраўдную раку, на якой стаіць наш горад (або вёска).

Як завецца гэтая рэчка? Нам ужо ня трэба даваць ёй назву: народ спакон веку назваў яе, а калі гэта вялікая рака, дык аб ёй напісана ў географіі (мал. 29).

Нашыя рэчкі: Дняпро, Дзьвіна, Нёман, Прыпяць, Бяроза, Сож ды іншыя. Гэта — вялікія рэчкі, што цягнуцца на соткі і болей вёрст, аж за межы Беларусі; на гэтых рэчках стаіць шмат гарадоў ды вёсак, ходзяць па іх параходы, гоняць плыты.

Але, як прыглядзецца да іх, дык гэта такія самыя ручайкі, з якімі мы ўжо знаёмы, толькі вялізныя, вялізныя (мал. 30).

Запытаньні. Ці глыбока ваша рэчка? Ці бачылі вы яе рэчышча? На каторым беразе стаіць горад (або вёска) — на правым ці на левым? Ці ведаеце вы пачатак вашае ракі? Калі пачатак блізка, схадзеце ды паглядзеце, ці не выцякае яна з крыніцы? Дзе вусьце вашае рэчкі? Калі гэта Дняпро, або Дзьвіна, або Нёман, дык вусьце іхнае аж каля мора; калі гэта Бяроза або Сож, або Прыпяць, або Сьвіслач, дык вусьце (канчатак) падходзіць да другой рэчкі, бо гэтыя

рэчкі зьяўляюцца прытокамі большай ракі. Гэтак Сож, Прыпяць, Бяроза — прытокі Дняпра; Сьвіслач — прытока Бярозы (а Бяроза?). Ці можаце вы ахапіць вокам вадазбор вашае ракі? Чаму? Ці далёка ад вас вадападзел паміж вашай ды суседняй ракой? На якой частцы ракі стаіць ваш горад (або вёска) — на вышнявіне, нізавіне або на сярэдніне? Якія адзнакі гэтага? Ці ёсьць на вашай рэчцы парогі? Ці чулі вы пра дняпроўскія парогі? Пра казакаў, што жылі за парогамі.

Дняпроўскія парогі. Дняпроўскія парогі ляжаць за межамі Беларусі, на Украіне, каля гораду Кацярынаславу. Параходы па Дняпры ходзяць толькі да гэтых парогаў, але плыты магчыма гнаць праз іх у вясну, у паводку (чаму?) Парогі маюцца й каля Воршы (на якой рэчцы?) Ёсьць парогі і на Дзьвіне. Але наогул кажучы, нашыя беларускія рэкі цякуць павольна, бяз значных парогаў і вадаспадаў. Берагі складаюцца з мяккіх земных парод (пяску, гліны), якія рэчка размывае і нясе іх аж у сваё вусьце — у другую рэчку або ў возера, або ў мора; такім чынам частку нашай зямелькі рэчкі занясьлі на дно Чорнага мора (за горад Хэрсон), а таксама на дно Балтыцкага мора (за горад Рыгу).

Адклады. На рэчцы заўсёды маюцца глыбокія месцы (віры) і плыткія; маюцца выспы, востравы, гакі. Гэта ўсё стварае сама рэчка, калі зносіць, адкладае матарял з каменьня, пяску, гліны. Такі матар‘ял завецца адкладамі ракі.

Даліна. Рэчка ніколі не бяжыць проста, але ўецца срэбнай стужкай сярод лугоў, лясоў, палёў.

Улетку нашыя рэчкі падсыхаюць, робяцца плыткімі, вузкімі і займаюць тады толькі сваё рэчышча. А ў паводку нашыя рэкі ўздымаюцца, выходзяць з сваіх звычайных берагоў і заліваюць тады ўсю нізкую мясцовасьць; гэта нізіна, якую залівае рэчка ў вясну, завецца далінай ракі (мал. 30а). На даліне пасьля паводкі заўсёды застаецца

пясок, гліна, каменьне, а часам застаюцца па даліне вазёркі, старыя рэчышчы, па каторых рэчка цякла раней. Па даліне заўсёды растуць найлепшыя сачыстыя травы, распасьціраюцца лугі-поймы, ляжаць багатыя краіны (якія?)

Раўчак, роў, яр. Вузкая даліна, па якой толькі ў вясну, калі растае сьнег, або ўлетку, пасьля моцных дажджоў, бягуць ручайкі, а звычайна дно сухое, — завецца раўчаком або ровам. Калі раўчак зарастае лесам або хмызьняком ён завецца ярам, яругай (мал. 31).

Задачкі. Вымерайце, калі зможаце, даліну вашае ракі. Якую частку даліны займае сама рэчка?

Ці ёсьць каля вас ручайкі, яры? Вымерайце глыбіню якога-небудзь з іх. Дзе роў шырэй: у канцы ці ў пачатку?

Возерa.

Пасьля дажджу і талага сьнегу ствараюцца таксама і лужыны; з лужын вада можа выцякаць ручайком, але сама лужына плыні ня мае. Возера і ёсьць вялікая лужына. Возера займае, звычайна, западзіну або паніжэньне на зямлі і мае, як і рэчка, свае берагі; толькі берагі гэтыя ня маюць назвы —правы й левы (чаму?)

Вазёры бываюць рознай велічыні: ад некалькіх сажняў даўжыні і шырыні да вярсты і болей упоперак; займаюць тады плошчу ў 20-40 і болей квадратовых кілём. (мал. 32).

У нас, на Беларусі, шмат вазёр. Амаль што ля кожнай вёскі ёсьць хоць невялічкае вазярко. А ёсьць краіны на Беларусі, дзе асабліва багата вазёр — гэта ў Віцебшчыне, Віленшчыне, Палесьсі.

Праз возера, звычайна, працякае рэчка. Там, дзе рэчка ўліваецца ў возера, яна прыносіць каменьне, пясок, гліну і стварае з гэтых адкладаў гакі, мяліны, востравы, а часам і дэльту.

Востраў. Сярод возера (таксама, як і сярод рэчкі) трапляюцца астравы; як азначыць дакладна, што такое востраў? Гэта частка паверхні зямлі, абкружаная вадой. Глядзі мал. 12 і 13.

Паўвостраў. Калі частка берагу ўваходзіць у рэчку або возера і ўтвараецца кавалак зямлі, з трох бакоў аточаны вадой, дык кажуць пра яго — паўвостраў.

Вастравы й паўвастравы бываюць маленькія і вялікія. Ёсьць такія астравы (сярод мора), што на іх зьмяшчаюцца цэлыя дзяржавы (напрыклад, Ангельшчына, Японія).

Таксама вялікія ёсьць і паўвастравы (напрыклад, аб якім мы раней гаварылі).

Рог. Калі невялікі паўвостраў клінам уразаецца ў ваду, ён мае назву рог (мал. 33).

Запытаньні й задачы. Якое возера маецца каля вас? Яго назва? (Калі няма назвы — дайце самі). Абмерце яго велічыню (калі магчыма). Якія яго берагі — нізкія ці высокія? З якіх земных парод складаюцца яны? Ці працякае праз возера рэчка? Што яна робіць? Ці ёсьць на возеры астраўкі, паўвастравы, рагі, гакі, мяліны? Складзеце аб гэтым таблічку.

Мал. 33.


Мал. 33.

Пярэсмык. Калі на паўвостраў магчыма прайсьці толькі па вузкім пасе зямлі, гэта завецца пярэсмык або шыя; пярэсмык як-бы зьяднае, змыкае дзьве часткі зямлі і з двох бакоў яго заўсёды атачае вада (рэчка, возера, мора).

Затока. Бывае, што ад рэчкі або ад возера адходзяць як-бы меншыя вазяркі; такія часткі возера (або рэчкі), падобныя да паўвострава (толькі вадзянога), завуцца затокай.

Затокі, часам дужа вялікія, маюць і моры.

Нашая рэчка Дзьвіна ўпадае ня ў самае Балтыцкае мора, але ў так званую Рыскую затоку (знайдзі на карце).

Пратока. Калі ў затоку вядзе вузкі пас вады, гэта завецца пратокай.

Пратока таксама можа зьяднаць два возеры або два моры (мал. 33).

Задачы. Зрабеце пагулянку за горад (вёску), знайдзеце ўсе гэтыя часткі і дайце назвы. Знайдзеце гэтыя часткі на карце. Нарысуйце на паперы (або дошцы) востраў, паўвостраў, затоку, пярэсмык.

На малюнку 33 дайце назвы ўсім часткам.

Балота.

Балота. Балотам завецца такая мясцовасьць, дзе заўсёды грузка, тванна і мокра.

Балота ўтвараецца там, дзе пад глебай няглыбока ляжаць земныя пароды, якія не прапускаюць скрозь сябе ваду (якія гэта пароды?).

Балота ўтвараецца таксама там, дзе дажджавой або талай вадзе няма стоку. Самыя вялікія балоты ўтварыліся на месцы вазёр.

Уявеце сабе, дзеці, што возера ня дужа глыбокае і ня мае стоку (рэчкі) або сток слабы. Тады яно пачынае з берагоў абрастаць расьлінамі — мохам, аірам, чаротам, вярбой. Зьяўляюцца сярод возера і такія расьліны, што карэньнямі трымаюцца ў дне, а лісьцем і кветкамі на паверхні вады (русалка, казялец і г. д.). Расьліны з часам гінуць, паміраюць, падаюць на дно. Там яны ўкладаюцца пластамі, гніюць павольна, перамешваюцца з пяском і глінай, якія пападаюць у возера з берагоў (ад чаго?); утвараецца на дне твань, а кругом возера расьліннасьць, як пярсьцёнкам, акружае яго.

Дрыгва. Возера, як кажуць, забалачваецца, зацягваецца з паверхні. Бывае, што ідзе чалавек або жывёла па балоце і раптам правальваецца праз дрыгву (дрыжачая балотная глеба) у глыбокую ваду і ня можа выбрацца — яго зацягвае дрыгва ў немярэч, ён гіне. Гэта значыць, што ён трапіў на такое балота, якое ўтварылася на месцы калішняга возера. Разгледзь мал. 20.

Торф. З расьлін, якія падаюць на дно такога забалочанага возера, утвараецца з працягам доўгага часу асобная матэрыя, так званы торф. Торф выбіраюць з балота, сушаць, рэжуць на кавалкі і карыстаюцца, як добрым апалам.

У нас, на Беларусі, шмат балот. Раней на іх глядзелі, як на вялікае зло, цяпер навучыліся карыстаць з іх. Праз балоты пракапваюць канавы; вада па канавах сьцякае ў рэчкі — і балота не пазнаць: там, дзе не магла ступіць чалавечая нага, распасціраюцца багатыя сенажаці, зьбіраюць добрыя аўсы, канюшыну і бульбу; а галоўнае багацьце з нашых балот — гэта торф, які можа замяняць каменны вугаль па гутах ды фабрыках.

Найвялікшыя нашыя балоты, пакрытыя лесам, цягнуцца па рэчцы Прыпяці і яе прытоках (Прыпяць — прытока якой ракі?) на сотні вёрст. З гэтых балот некаторыя маюць сваю назву, напрыклад: Вялікія Галы, на поўдзень ад Прыпяці.

Запытаньні. Ці ёсьць каля вас балоты? Ці вялікія яны? Ці выбіраюць з іх торф? Ці ёсьць канавы на ix?

Паветра.

Мы навучыліся з вамі, дзеці, разглядаць хаты і панадворкі, рысаваць пляны, разумець тое, што бачылі, гуляючы за горадам і вёскай; навучыліся разьбірацца ў навакольнай мясцовасьці; сачылі за жыцьцём рэчкі; пабывалі на возеры, на балоце, бачылі торф. Цяпер глянем крыху вышэй наўкол сябе, у паветра.

Паветра ўсюды: у хаце і ў полі, у лесе і на гары. У лесе й на полі паветра чыстае, карыснае для здароўя; у хаце, у хлеве яно папсаванае дыханьнем людзей і жывёлы, дымам, гноем.

Ці бачым мы паветра? Не. Мы бачым толькі тыя рэчы, што ў паветры: воблакі, хмары, неба, але самога паветра ня бачым, бо яно ня мае колеру, яно, як кажуць, празорнае.

Паветра — лёгкая матэрыя, і таму мы яго не адчуваем наўкола сябе, пакуль яно ня рушыцца, стаіць ціха на адным месцы.

Вецер. Калі паветра заварушыцца, то будзе ўжо вецер.

Залежна ад таго, якая моц ветру, ён мае розныя назвы: вецярок, вецер, бура, гураган. Вецер мае вялікае значэньне ў жыцьці: ён наганяе хмары або прыносіць сухмені, залежна ад таго, з якіх старонак дзьме.

Вось чаму людзі цікавяцца кірункам ветру. Калі вецер дзьме з поўначы, ён завецца паўночным; дзьме з поўдня — паўднёвым і г. д.

Кірунак ветру азначаюць пры дапамозе прылады, якая завецца бандзерай.

Бандзера. Бандзера падобна да коніка (або пеўніка), што ставяць на хаты: уверсе бандзеры — дошчачка ca стрэлкай, каторыя круцяцца ад ветру; пад дошчачкай замацаваны крыж-на-крыж кіёчкі з літарамі: N, S, O, W (што азначаюць гэтыя літары?): над якой літарай спыніцца стрэлка, тая й будзе азначаць кірунак ветру: над N — паўночны і г. д.

Кірунак і моц ветру часта мяняюцца: маленькі ветрык, бывае, пераходзіць у моцны, у буру; такі вецер руйнуе часам цэлую мясцовасьць, вырывае дрэвы з карэньнямі, зьдзірае дахі. У нас, на Беларусі, такія вятры трапляюцца рэдка; а ў іншых старонках, асабліва над морам, праносяцца страшэнныя буры і гураганы, гінуць караблі і вялізныя параходы.

Віхор. Калі вецер круціць пыл ды іншыя рэчы, — ён завецца віхорам.

Прычына вятроў. Якая прычына вятроў?

Адчынеце ўзімку дзьверы з хаты або з халоднага пакою ў цёплы ды прасачэце за полымем сьвечкі, якую трымайце ў дзьверах; пабачыце, што халоднае паветра йдзе нізам, а цёплае верхам. Робіцца рух паветра, вецер.

Таксама і ў прыродзе. У вадным месцы сонца моцна награвае паветра; яно робіцца лёгкім (чаму?), ідзе ўгару, а на яго месца прыцякае іншае, халаднейшае паветра. Робіцца вецер. Трапляецца, што на зямлі йдзе вецер аднаго кірунку (напрыклад, паўднёвы), а калі глянуць угару, на воблачкі, то яны плывуць з другога боку; значыць угары дзьме вецер у адваротным кірунку (напрыклад, паўночны).

Атмосфэра. Усё паветра, якое знаходзіцца над усімі старонкамі, над усёй зямлёй, завецца грэцкім словам — атмосфэра.

Ціск паветра. Хоць паветра і лёгкае, але ўсё-ж атмосфэра мае вагу і з гэтае прычыны цісьне на зямлю, на нашае цела і на ўсе рэчы; толькі мы не прымячаем гэтага ціску, таму што атмосфэра цісьне ня толькі знадворку, але таксама знутры нашага цела (бо паветра пранікае ў кожную сітавінку нашага цела).

Калі-ж зрабіць так, каб паветра ціснула толькі з аднаго боку на якую-небудзь рэч, тады лёгка заўважыць гэты ціск, бо пад яго ўплывам рэч мяняе свой выгляд (паветра можа тады яе расьціснуць, выгнуць, сплюшчыць і г. д. Пачытайце аб гэтым у „Прыродазнаўстве“).

Газы. Такія лёгкія матэрыі, як паветра, завуцца газамі.

Газы часьцей за ўсё празорны (таму нявідны), лёгка распаўсюджваюцца і, часам, маюць кожны свой пах.

Паветра складаецца з двух галоўных газаў. Адзін з іх завецца тленам, другі — азотам.

Тлену меней у паветры, усяго 1/5 частка, але ён галоўны газ; без яго ня могуць жыць людзі, жывёлы й расьліны. Таксама ён патрэбен для гарэньня (дроў, вугалю, газы). Другі газ — азот (слова грэцкае) сам не патрэбен ні для дыханьня, ні для гарэньня. У чыстым тлене хутка йдзе дыханьне й гарэньне; каб ён быў адзін у паветры, было-б шкодна жывёлам і расьлінам. Азоту аж 4/5 часткі паветра. Ён як-бы разжыжае тлен у паветры.

Мал. 34. Баромэтр (ціскамер).


Мал. 34. Баромэтр (ціскамер).

Баромэтр. Ціск паветра азначаецца асаблівай прыладай, якая завецца баромэтрам (мал. 34).

Калі з баромэтрам падняцца на самалёце (аэропляне) угару, пад воблакі, то ён пакажа, што там ціск паветра меней, чым унізе, каля паверхні зямлі. Таксама й на высачэнных горах, што ўздымаюць свае вярхі за хмары, паветра значна радзей, ціск яго блізка што ўдвое меней, чымся ў даліне.

Ды й без баромэтра людзі, якія лётаюць высока ў паветры або падымаюцца на высокія горы, адчуваюць на сабе, што калі пачаць падымацца над зямлёй, то дыхаць спачатку добра, бо паветра чыстае, але далей угару (вышэй 2-5 вёрст) — дыхаць ужо цяжка, паветра як-бы не хапае ў грудзёх. Амаль ніводны чалавек ня ўздымаўся вышэй за 10 вёрст ад зямлі; на гэткай вышыні кроў сачыцца з цела, чалавек робіцца няпрытомным, слабне і павінен хутчэй зьнізіцца, каб не памерці.

Высока над зямлёй ня толькі не хапае паветра, але заўсёды халодна. Лётчыкі, што лётаюць на самалётах, і ўлетку апранаюцца ў цёплую вопратку (таксама з прычыны моцнага ветру ўгары).

Вечны сьнег. На высачэнных горах (напрыклад, на Каўкаскіх) па вярхох ляжаць сьнягі, якія таксама ня таюць і ўлетку. Такі сьнег завецца вечным сьнегам.

З прычыны чаго каля зямлі паветра цяплей, чымся ўгары? Праз паветра сонечныя праменьні праходзяць лёгка, не затрымліваюцца і з гэтае прычыны не награваюць паветра. Іншая справа, калі прамень сонца падае на зямлю. Далей, праз зямлю, прамень не праходзіць, а награвае зямлю; ужо ад зямлі награваецца і тое паветра, што сьцелецца каля яе.

Тэрмомэтр. Каб азначыць, наколькі нагрэта паветра, карыстаюцца з прылады, якая завецца тэрмомэтр або градусьнік (мал. 35).

Мал. 34. Тэрмомэтр (градусьнік).


Мал. 34. Тэрмомэтр (градусьнік).

Тэрмомэтр паказвае градусы або ступені. Калі слупік жывога серабра стаіць вышэй за 0° — тэрмомэтр паказвае ступень цёпласьці; калі ніжэй ад 0° — паказвае ступень марозу.

Калі тэрмомэтр добры (непапсаваны), і яго паставіць у талы сьнег (у вясну), дык слупік жывога серабра павінен стаяць якраз проці 0°. Градусы азначаюцца маленькім нулём, які стаіць справа ад чысла (напрыклад, 12° — значыць: 12 градусаў-ступеняй).

Тэмпэратура. Ці паветра халоднае ці цёплае магчыма адчуваць і без тэрмомэтру, але ён азначае, на колькі градусаў (або ступеняй) паветра мае цёпласьці, або холаду. Гэтая прылада паказвае так званую тэмпэратуру.

Ападкі атмосфэрныя.

Дождж, сьнег, град, што падаюць з хмар; туманы, якія сьцелюцца ў паветры над балотамі, над рэчкай, над возерам; раса, якая асядае з паветра на траву, на дрэвы; іней або шэрань, што пакрывае зямлю срэбнай расіцай — усё гэта носіць назву атмосфэрных ападкаў.

Вадзяная пара. Усе гэтыя ападкі творацца з вадзяное пары. У паветры заўсёды ёсьць вадзяная пара (успомні пра высыханьне вады).

Цёплае паветра можа болей трымаць у сабе вадзяное пары, і мы яе не заўважым, бо пара празорна, як і само паветра.

Туман. Калі паветра ахаладжваецца, частку вадзяное пары; пара зьбіраецца тады ў кропелькі, робіцца відочнай, творыць туман.

Калі хукнуць узімку, дык з роту выйдзе таксама маленькі туманчык (чаму?).

Вось чаму туманы звычайна падымаюцца ўвечары, уночы, калі паветра ахаладжваецца; днём, звычайна, туману ня бывае (чаму?).

Воблак. Калі паветра разам з вадзяной парай падымаецца ўгару, яно там ахаладжваецца; вадзяная пара згушчаецца ізноў-ткі ў кропелькі вады, і мы бачым воблак.

Запытаньні. Чаму воблак мы бачым і днём улетку, а туман не?

Калі ўнесьці ўзімку ў цёплы пакой камень або якую іншую халодную рэч знадворку, дык яны хутка стануць мокрыя.

Гэта таму, што каля халоднай рэчы паветра ў пакоі ахаладзілася й выдзеліла частку вадзяной пары ў форме дробненькіх кропелек вады.

Раса. Улетку, пасьля гарачага дня, здараецца халодная ноч; зямля хутка астуджваецца, і ад зямлі ахаладжваецца ніжняе паветра; з яго асядаюць тады на траву, на кусты кропелькі вадзяной пары — раса.

Дождж. Калі раса выдзяляецца высока ў паветры з хмар, дык ёй не на чым асесьці, і яна падае на зямлю ўжо дажджом.

Шэрань. Калі паветра дужа ахаладзілася, дык вадзяная пара замярзае; тады, заместа расы, з ніжніх пластоў паветра (каля зямлі) асядае шэрань або іней.

Сьнег. Калі шэрань робіцца ўгары, у хмарах, дык будзе падаць сьнег. Калі сьняжынкі разглядаць праз асобае шкло (лупу або мікраскоп), якое павялічвае рэчы, дык пабачым іголачкі, крышталікі сьнегу (мал. 36).

Запытаньні. Ці бачылі вы туманы? Дзе? У даліне ці на ўзгорку? Чаму? Калі вы бачылі туман: у халодную ноч ці ў цёплую? Чаму раніцай бываюць туманы і раса, у палудзень не? Якія ночы росныя: хмарныя ці ясныя, зорныя? Чаму?

Ці ёсьць у хаце вадзяная пара? Калі можна яе ўбачыць?

З чаго складаецца паветра? Дзе болей тлену: у хаце (пакоі), у хлеве, ці ў лесе або на полі?

Надвор‘е і клімат.

Надвор‘е. Калі мы выходзім з хаты або з школы, мы заўсёды зьвяртаем увагу на надвор‘е. Гэта значыць, што мы зьвяртаем увагу на тое: цёпла ці халодна; сьвеціць сонца, ці неба хмарнае, воблачнае; ідзе дождж або суха; зацішна ці ветрана ў надвор‘і?

'Клімат. Холад, вецер, суша, вільгаць можа мяняцца штодня, а то дык і некалькі раз у дзень. Яшчэ болей надвор‘е мяняецца залежна ад пораў году: улетку найчасьцей ясна і цёпла; калі йдзе дождж, дык таксама цёплы, прыемны; у восень надвор‘е найчасьцей вільготнае, халоднае; узімку хоць бывае ясна, але халодна; часьцей хмарна і йдзе сьнег.

Гэткая зьмена надвор‘я паўтараецца ў нас на Беларусі з году ў год.

Калі паедзем на Маскоўшчыну (напрыклад, на Волгу), дык заўважым, што тамака ўлетку будзе болей горача, як у нас; затое зіма на Маскоўшчыне значна халаднейшая за нашу.

Мы гаворым: на Маскоўшчыне клімат іншы. На Крымскім паўвостраве (дзе знаходзіцца Крым?) клімат значна цяплейшы за наш, беларускі; тамака зіма кароценькая, сьнегу выпадае на нізінах мала; з сярэдзіны лютага тамака ўжо вясна; затое ўлетку дужа горача, сьпякотна, асабліва для непрызвычаенага чалавека.

Наогул кажучы, чым далей мы пойдзем на поўнач ад Беларусі (напрыклад, у горад Ноўгарад, пасьля ў Ленінград, пасьля ў Архангельск), тым клімат будзе халаднейшы; чым далей на поўдзень (Кіеў, Кацерынаслаў, Хэрсон, Адэса), тым клімат будзе цяплейшы за наш. Таксама іншы будзе клімат на ўсходзе (Маскоўшчына, Паваложжа, Урал, Сібір), іншы на захадзе ад Беларусі (Польшча, Нямеччына, Францыя).

Каб дакладней гаварыць пра клімат якой-небудзь старонкі, трэба ведаць: 1) якая тэмпэратура (колькі градусаў) бывае найчасьцей улетку (асабліва ў месяцы ліпні), якая найчасьцей узімку (асабліва ў студзені); 2) колькі выпадае ападкаў атмосферных улетку, колькі ўзімку (гэта значыць: колькі дажджу, сьнегу, граду, расы і г. д.); 3) адкуль часьцей дзьмуць вятры; 4) колькі сонечных дзён бывае ў годзе, колькі хмарных і г. д.

Сярэдняя тэмпэратура.' Першае пытаньне: якая найчасьцей бывае тэмпэратура. Іначай гавораць: якая сярэдняя тэмпэратура.

Нам трэба вылічыць сярэднюю тэмпэратуру месяца, напрыклад, ліпня. Пачнем наглядаць тэмпэратуру з 1-га ліпня тры разы ўдзень: раніцай (а 7-ай гадзіне), удзень (а гадзіне 1-ай) і ўвечары (а 7-ай гадзіне). (Тэмпэратура азначаецца знакам t°).

Зьмераўшы t тры разы ўдзень, складзем лікі ды падзелім на тры. Напрыклад: раніцай было 8°, удзень 18°, увечары 10°, усяго 36°; {{{2}}}; вось у сярэднім (на круг) у гэты дзень было 12°. Так будзем наглядаць штодня праз увесь месяц; у вапошні дзень (31-га ліпня) складзем усе сярэднія t° дзён і падзелім на 31 (гэта лік дзён у ліпні), — тады атрымаем сярэднюю t° месяца ліпня. Таксама можна сачыць за градусамі тэрмомэтра і ў другія месяцы (напрыклад, у студзені). Вось будзем мець сярэднюю t° ліпня і студзеня. Можна падлічыць сярэднюю t° цэлага году (як гэта зрабіць?).

Другое запытаньне аб клімаце: колькасьць атмосфэрных ападкаў.

Ці-ж магчыма падлічыць колькасьць дажджу, сьнегу? Магчыма, дзеці, вось як. Усю ваду з дажджу або сьнегу, якія выпадуць над горадам, вёскай, полем, — вядома, што не зьбярэш. Але гэта й ня трэба, каб ведаць аб колькасьці ападкаў. Вынесем пад дождж ночвы (можна місу, цэбрык) і пакінем сярод двара. Калі пройдзе дождж, вымерым (у сантымэтрах) глыбіню вады ў ночвах; запішам гэты лік. У другі раз — таксама. Складзем лічбы. Гэтак можна падлічыць вышыню (або колькасьць) ападкаў праз увесь год.

Дажджамер. Каб ува ўсіх, хто наглядае, лічбы схадзіліся, прыдумалі прыладу, якая завецца дажджамерам. На двары ставяць слуп, а да слупа прыладжваюць асаблівае вядро, шырокае зьверху і вузкае зьнізу. Заместа дна, пад вузкую частку падстаўляюць даўгую шклянку з нарэзкамі на ёй. Дажджамерам вымяраюць ня толькі дождж, але й сьнег, расу, шэрань — адным словам, усе ападкі. Звычайна штодня раніцай глядзяць па нарэзках шклянкі, колькі вады нацякло, і запісваюць у асобны сшытак. У канцы месяца або году падлічваюць, і маем усю колькасьць ападкаў.

На трэцяе й чацьвертае запытаньне аб клімаце (кірунак вятроў, колькасьць сонечных дзён ды іншыя) адказаць лёгка (як?).

Запытаньні аб клімаце вашай мясцовасьці (гораду, вёскі): Калі выпаў першы сьнег? Калі ўляглася санная дарога? Ці былі адлігі ўзімку? Калі? Які тады дзьмуў вецер? Калі быў самы марозны дзень? Колькі было градусаў марозу? Было тады ветрана ці зацішна? Якая была наогул зіма — марозная, сьнежная? Калі зышоў сьнег? Калі прыляцелі першыя птушкі з выраю? Калі пашлі крыгі? Калі скончылася паводка? Калі вы ўбачылі першыя пучочкі на дрэвах? На якіх? Калі вышлі першы раз на экскурсыю? Якіх кветак назьбіралі? Калі першы раз вышлі сяляне ў поле з плугам? Калі пачалася касавіца? Калі першы раз адстрыкнулі гароху? Калі пакаштавалі гурка? Калі адбыліся зажынкі? Дажынкі? Калі першы раз зьелі яблыка? Ці сьпелае яно было? Які быў самы гарачы дзень улетку? Калі вы чулі грымоты, бачылі маланку? Які быў у гэтым годзе верасень — сухі ці мокры? Калі стала вашая рэчка, зацягнулася возера?

Паводлуг усіх гэтых запытаньняў зрабеце сабе сшытак і запісвайце туды ўсё цікавае, што будзеце наглядаць у прыродзе.

Чаму патрэбны вёдры аднолькавай велічыні ў дажджамерах? Якое вядро пакажа болей ападкаў: шырокае ці вузкае? Чаму, калі мы ведаем, колькі пападзе ў вядро, дык будзем ведаць, колькі ападкаў наогул выпала ў мясцовасьці? Што паказвае запіс у канцы году? У нас, на Беларусі, ападкаў выпадае ў год (па дажджамерах) каля 60 сантымэтраў. Куды-ж дзяецца гэтая вада?

Расьліны.

Усюды, куды ня кінем вокам, мы пабачым расьліны. Яны ў нас пад вакном і за хатай; яны ў горадзе й за горадам, у вёсцы і за вёскай; яны стаяць перад намі вялізнымі пушчамі ды борам; яны ўсьміхаюцца гайком, лужком; яны запаўзаюць на дах і на сьцяну, у рэчку і на балота — усюды зеляніна радуе наша вока, і сумна было-б бяз іх!

Усім расьлінам, пачынаючы ад волатаў-дубоў ды хвоек, канчаючы маленечкай былінкай, мохам, патрэбны сьвятло, цяплыня (сонца), вільгаць (вада) і паветра.

Патрэбны расьлінам таксама й мінэральныя стравы, якія яны здабываюць з глебы.

Уплыў клімату й глеб. Расьліны таксама прызвычаіліся да сваёй старонкі, як і людзі. Адны расьліны любяць пескавыя глебы (хвоя, бяроза), другія — гляістыя, трэція — чорназём. Адны расьліны прызвычаіліся да халоднай зімы, другія паміраюць ад холаду. Адны любяць сухое лета, другім патрэбны дажджы.

Нашу хвойку, дуб, бярозку мы пабачым і на Маскоўшчыне, і на Літве, у Польшчы, і ў Нямеччыне. Але вось на Чорным моры мы не пабачым нашай бярозкі, а калі й пабачым, дык яна тамака маленькая, худзенькая.

Расьліны, якія ў нас растуць толькі ў вазонах у цеплых пакоях, на сваёй бацькаўшчыне стаяць вялізнымі лясамі (пальмы, сталетнікі, олеандры ды іншыя). Папараць, што мы топчам па нашых лясох, у Індыі выцягваецца вышэй за нашую хвою.

Словам, кожная парода (від, гатунак) мае сваю бацькаўшчыну, звыклася са сваёй глебай і кліматам.

Расьліны рэдка растуць адзінотна; звычайна яны гуртуюцца ў грамады і ствараюць так званыя расьлінныя згуртаваньні. Так, дрэвы гуртуюцца ў лясы, кусты — у хмызьнякі, травы — у лугі. Чалавек карыстае з расьлінных згуртаваньняў, калі займаецца ральніцтвам (або садоўніцтвам); тады цэлае поле — адно згуртаваньне: жыта, авёс, грэчка і г. д.

Наша Беларусь — старонка лясоў, лугоў, ды балот. Па нашых лясох пераважна растуць хвоя, елка, дуб, бяроза, вольха, асіна, ляшчына ды іншыя пароды дрэў.

Хвоя, елка завуцца ігластымі пародамі (чаму?). Дуб, бярозу, вольху завуць ліставымі (чаму?).

Мяшаныя лясы. Такія лясы, дзе растуць і ігластыя і ліставыя дрэвы, завуцца мяшанымі лясамі.

Беларусь — старонка мяшаных лясоў. Перагледзь мал. 29.

Ігластыя лясы. У Сібіры па лясох растуць пераважна ігластыя дрэвы: хвоя, елка, сібірскі кедр. Як сказаць пра Сібір? (мал. 37).

Ліставыя лясы. На поўдзень ад нас, у Кіеўшчыне, Харкаўшчыне пераважаюць па лясох ліставыя дрэвы (дуб, ліпа, клён). Такую старонку можна назваць старонкай ліставых лясоў (мал. 38).

Стэпы. Яшчэ далей на поўдзень, аж да Чорнага мора цягнуцца стэпы. Лесу ўжо не пабачыш; дзе-нідзе стаяць гайкі, садочкі. Затое травы тамака добрыя, вялізныя — кавыль (мал. 39). Перагледзь мал. 17.

Тундра. Далёка на поўнач ад Беларусі, каля Белага мора і Лёдавага акіяну, прасьціраюцца халодныя краіны. Лес тамака расьці ня можа, бо глеба толькі на поўаршына падтайвае ўлетку, а глыбей за поўаршына падземная вада разам з глебай прамярзае, і карані ня могуць пранікнуць у зямлю.

Травы таксама не такія добрыя, як на украінскім стэпе. Расьце тамака мох, лішай, маленькая бярозка (карлавая). Старонкі з такой расьліннасьцю завуцца тундрай (мал. 40).

Вось мы маем: старонку мяшанага лесу (Беларусь), ігластага лесу (Сібір), стэпу (Украіна), тундры (Поўнач).

Расьлінныя пасы. Такім чынам, расьліны жывуць як-бы вялікімі сваімі дзяржавамі або, іначай кажуць пра іх, расьлінныя пасы (пералічэце ізноў усе пасы).

Крыху пазьней мы яшчэ ўспомнім пра іх. Цяпер пагаворым аб жывёлах.

Жывёлы.

Дамовыя. Людзі даўно ўжо прыручылі да сябе некаторых жывёл і карыстаюцца з іх. Такія жывёлы завуцца дамовымі (пералічэце гэтых жывёл).

Дзікія. Няпрыручаныя жывёлы жывуць вольна сярод прыроды і самі здабываюць сабе пажыву. Такіх жывёлін завуць дзікімі.

Прыстасаванасьць. Дзікія жывёлы, таксама як і расьліны, прызвычаіліся да тых ці іншых краін, да тых ці іншых варункаў жыцьця.

Праўда, жывёлы могуць высяляцца з аднае краіны ў другую, пераходзіць з месца на месца (або яшчэ ляпей — пералятаць), але ўсё-ж такі і жывёлы залежаць ад сваёй прыроды, ад клімату, — праўда меней, чымся расьліны.

Адны жывёлы прызвычаіліся жыць у гушчары, у леce (мядзьведзь, воўк, дзік, ліс, лось, сарна, барсук, белка, глушэц і г. д.); другія любяць падлескі, хмызьнякі або поле (заяц, палёўка, крот).

Адны любяць сухія мясцовасьці, стэпы (дзікія коні, аслы, яшчаркі), а другія — наадварот: зарасьнікі, плаўні, балоты, рэчкі (бабры, дзікія буслы, жоравы, жабы).

Тыя жывёлы, што жывуць у лесе, звычайна добра лазаюць па дрэвах або хаваюцца па дуплох, або будуюць сабе логавы ў гушчары, каб не знашоў іх галоўны іхны вораг — чалавек. Там яны выводзяць сваіх дзяцей.

Жывёлы стэпавыя звычайна маюць даўгія ногі, каб уцякаць ад ворагаў, або хаваюцца ў нару, якую рыюць сабе ў зямлі.

Каб бараніцца ад холаду, жывёлы маюць цёплую скуру, даўгую шэрсьць.

Краіны жывёл. Словам, пра жывёл, як і пра расьліны, магчыма сказаць, што кожны род (гатунак, від) мае як-бы сваю бацькаўшчыну. Пра жывёл кажуць, што яны жывуць па жывёльных абшарах.

Запытаньні. Чаму зайцы завуцца бяляк і шарак? Чулі вы пра белых мядзьведзяў? Чаму нашыя мядзьведзі бурыя? Бачылі на малюнку лева? Якога колеру яго поўсьць? Чаму? Якія жывёлы завуцца мясажэрамі, драпежнымі? Назаві драпежнікаў: сокал, арол… Мясажэраў: воўк, мядзьведзь… Чаму мядзьведзь, „сьпіць“ узімку?

Чаму ў восень ляцяць ад нас птушкі ў вырай? У які бок сьвету будзе гэты „вырай“?

Чаму буслу трэба пакідаць нашую Беларусь на зіму, а верабейку ня трэба? Чаму мядзьведзь ня жыве ў стэпе? Чаму няма сланоў па нашых лясох? Што вы чулі пра сланоў? (дзе яны жывуць?).

Чалавек.

Вясёла ў школе, у клясе, дзеці! Колькі тут прыяцеляў ды прыяцелек, колькі сяброў, таварышоў! Кожны з іх цікавы пасвойму, паасобнаму!

Большасьць з вас, дзеці, напэўна беларусы або (у некаторых гарадзкіх школах) еўрэі, іначай — гэбрэі. Ёсьць сярод вас і палякі, але мала; ёсць і расійцы (з Вялікаросіі, Маскоўшчыны), але таксама мала.

І многа вас, бялявых і чарнявых, ціхіх і жвавых; шмат дзяцей у школе і па-за школай, на вуліцы. І ўсе вы гуляеце ў розныя гульні, і вясёла вам і добра вам, як кветкам пад сонцам!

Яшчэ болей розных народаў і пляменьняў жыве на сьвеце. І ляпей было-б каб усе людзі на зямлі, усё чалавецтва было, як вялікая, вялікая школа. Каб ня біліся, не ваявалі, а жылі-б у „злучнасьці брацкай“.

Дык вось, дзеці, вы ўсе з аднае старонкі — Беларусі; тут радзіліся, як і бацькі вашыя і дзяды; і таму вас цягне нешта на бацькаўшчыну, калі вы апыніцеся ў іншай старонцы. Але ці кожная бацькаўшчына вабіць чалавека, асабліва працоўнага? Ці павінен любіць рабочы чалавек, які ня мае маемасьці (так званы пролетары) тую старонку, дзе зьдзекуюцца над працоўным людам, дзе пануюць багатыры, капіталістыя?

На Беларусі жыве некалькі народаў: беларусы (або беларусіны), еўрэі, вялікарусы (расійцы), палякі, латышы, літоўцы, цыганы, татары, немцы ды некаторыя іншыя. Першых чатыры — болей за ўсё. Кожны з гэтых народаў мае сваю асобную мову (гутарку), мае свае звычаі, мае свой выгляд твару (мал. 41).

Калі вы прыгледзіцеся, дык распазнаеце і адрозьніце паміж сабой беларуса ад расійца, паляка ад гэбрэя і г. д.

Часта можна адрозьніць па твары, па вачох, па колеру валос, але не заўсёды. Калі паставіць у шэраг хлопчыкаў ці дзевачак адных бялявых (так званых блёндынаў) або адных чарнявых (так званых брунэтаў), дык не адразу скажам, хто беларус, хто паляк, хто гэбрэй.

Мова. Тады трэба, каб яны загаварылі. Во — па мове лягчэй за ўсё адрозьніць адзін народ ад другога.

Але бывае, што беларус ня ведае сваёй мовы і гаворыць або парасійску, або папольску. Тады трэба запытацца, як гавораць дома. Бывае, што бацька й маці не гавораць пабеларуску, але затое дзед ці баба яшчэ добра памятаюць сваю родную мову.

Да беларускае мовы падобна расійская, украінская і польская; вось чаму расіец зразумее беларуса, а беларус — паляка; таксама лёгка зразумець украінца (мал. 42).

Племя. Вось гэтыя народы — беларусы, расійцы (або вялікарусы), палякі, украінцы злучаюцца ў адно племя. Гэтае племя завецца славяны (ад слова). Да славян, ужо за межамі нашае старонкі, належаць чэхі, сэрбы, баўгары ды іншыя. Усе яны жывуць у сваіх краёх і гавораць на мове, якой нам лёгка наўчыцца, якую лёгка зразумець, бо яна блізкая да нашай, славянская.

Вось беларусу ўжо куды цяжэй зразумець гэбрэйскую, або нямецкую, або латыскую мову.

Значыць, гэтыя народы не належаць да славянскага племя (мал. 43).

Пытаньне. Якія яшчэ народы на Беларусі не належаць да славян?

Раса. Калі вам даводзілася, дзеці, бачыць кітайца, вы адразу пазнавалі яго. Твар яго цёмна-жоўтага колеру; вочы вузкія; шчокі шырокія; нос таксама шырокі. Вось чаму лёгка адрозьніць кітайца і ад славяніна, і ад немца, і ад гэбрэя, і сказаць пра яго, што гэта — чалавек зусім іншай, далёкай ад нас краіны. Пра кітайца будзем гаварыць, што ён іншай расы.

Жоўтая раса. Да такой самай расы, як і кітайцы, належаць шмат народаў: японцы, манголы, кіргізы, татары і шмат іншых. Раса, да якой належаць гэтыя народы, завецца жоўтай расай або мангольскай (чаму?) (мал. 44).

Чорная раса. Можа бачыць жывых вам не давялося, але на малюнках бачылі і чулі пра нэграў — гэта людзі з чорнай скурай. Іх таксама ня мала жыве на зямлі, але далёка, далёка на поўдзень ад нашае краіны. Яны складаюць чорную або нэгрыцянскую расу (мал. 45). Есьць яшчэ некалькі рас, але аб іх пагаворым ніжэй.

Белая раса. Да якой-жа расы належым мы, беларусы, наогул славяны разам з немцамі, гэбрэямі ды іншымі народамі?

Мы належым да асобнай расы, так званай белай (іначай кажуць, каўкаскай расы).

Хоць нашая раса й завецца белай, але да яе належаць шмат народаў цёмна-скурых, дужа смуглых брунэтаў (напрыклад, гэбрэі, грэкі, пэрсы). Але ўсё-такі, як ні смуглыя гэтыя народы, яны куды сьвятлейшыя ад нэграў; апрача таго, нэгры маюць шырокі нос, таўстыя губы, заўсёды кучаравыя валасы.

Запытаньні. Паўтары, якія ведаеш расы людзей? Чым розьняцца расы белая ад чорнай? Жоўтая ад белай? Да якой расы належаць французы? ангельцы? літоўцы?

Да якога племя належаць украінцы?

Колькі ў вас у клясе беларусаў, гэбрэяў, палякаў, расійцаў ды іншых? Колькі блёндынаў і колькі брунэтаў? Колькі са сьветлымі вачыма й валасамі? Колькі са сьветлымі вачымі, але цёмнымі валасамі — і наадварот (шатэнаў)? Колькі кучаравых?

Уплыў прыроды. Ад чаго залежыць тое, што ўсё чалавецтва падзяляецца на расы, на пляменьні, на народы?

Дзеці, мы гутарылі з вамі аб расьлінах ды жывёлах; аб тым, як кожны род (від) прызвычаіўся да сваёй старонкі, да клімату, да глебы, да тых ці іншіх варункаў жыцьця (хто да лесу, хто да стэпу і г. д.).

Вось таксама й людзі прызвычайваюцца да тэй ці іншай старонкі; жывуць у ёй многа, многа гадоў, ад прадзедаў да дзядоў, ад дзядоў да бацькоў ды ўнукаў. Адны жывуць у халодных краёх, дзе лета кароткае, дзе мала сонца; другія, наадварот, прызвычаіліся да такіх краін, дзе ніколі ня бывае зімы, дзе пячэ сонца; адны жывуць сярод стэпу, другія звыкліся з лесам; адным палюбіліся горы, другім — мора і г. д.

Як на зямлі маецца шмат розных краін, розных мясцовасьцяй з рознай формай паверхні, з розным кліматам, з рознымі расьлінамі ды жывёламі, гэтак многа на зямлі і розных народаў. Народы гуртуюцца ў пляменьні; пляменьні гуртуюцца ў расу.

Вы запытаецеся: а чаму на нашай Беларусі жыве некалькі народаў? Гэта таму, дзеці, што народы рэдка жывуць на адным месцы, на сваёй бацькаўшчыне. Звычайна частка якога-небудзь народу перасяляецца са сваёй бацькаўшчыны і пачынае вандраваць, пакуль не асядзе сярод другога-якога народу. Так, на Беларусі жывуць гэбрэі. Іх старая бацькаўшчына (Палясьціна) далёка, далёка адсюль. Але многа сталецьцяў назад іхныя прапрадзеды перасяліліся ў Нямеччыну, а з Нямеччыны ў Польшчу, Літву ды ў нашую краіну. І ўжо цяпер для вашых сяброў-гэбрэяў нашая Беларусь таксама зьявілася другой бацькаўшчынай. Таксама выселіліся ў нашую старонку палякі, маскоўцы, немцы.

Татар, напрыклад, узяў калісь у палон князь Вітаўт і перасяліў сюды цэлыя сямействы; ад тых сямействаў і пашлі тыя татары, што жывуць у Менску, у Міры і па другіх гарадох і мястэчках Беларусі.

Для іх наша Беларусь — таксама бацькаўшчына, і яны любяць яе. Нашыя беларусы таксама высяляюцца ў чужыя краіны (Сібір, Хэрсоншчыну, Амэрыку), але з прычыны таго, што гэтае высяленьне йдзе на памяці бацькоў, дык беларусы не забываюцца аб сваёй бацькаўшчыне і стараюцца, калі магчыма, вярнуцца йзноў дадому.

Запытаньні: 3 чаго гэта людзі высяляюцца ў іншыя старонкі са сваёй бацькаўшчыны?

Ці цікава бачыць чужыя краіны? А ці добра зусім пакінуць бацькаўшчыну і выехаць назаўсёды ў чужы сьвет, забыцца аб сваім краі?

Як завуцца людзі, якія высяляюцца ў другую старонку? Ці чулі вы пра бежанцаў, што ў час вайны кідалі свае хаты і ўцякалі? Чаму многа народу высялялася і ўцякала з старой царскай Расіі?