Паходжаньне, старадаўнія весткі і антрополёгічныя адзнакі Беларусаў
| Паходжаньне, старадаўнія весткі і антрополёгічныя адзнакі Беларусаў Публіцыстыка Аўтар: Мікола Ільяшэвіч 1928 год Крыніца: Студэнская Думка. — Студзень—люты 1928. — №1 (8). — С. 9—15 |
Паходжаньне, старадаўнія весткі і антрополёгічныя адзнакі Беларусаў[1].
Калі ўпяршыню з’явіўся чалавек на тэрыторыі сучаснае этнографічнае Беларусі, цяжка нешта акрэсьленае сказаць. Ягонае зьяўленьне тутака можна сабе прадугледжваць у сувязі з тагачаснымі (ў мінуўшчыне) кліматычнымі варункамі. Пад той час, як Беларусь, разам з усей паўночнай часьцю Усходняе Эўропы, была пакрыта ледавіком, ужо ў паўдзённай часьці — на Украіне — жыў чалавек. З зьменай-жа клімату варункі жыцьця станавіліся болей адпавядаючыя, а калі зыйшоў з Беларусі ледавік, пасунуўся з поўдня і чалавек апанаваўшы ўсю нашу краіну ў большым альбо меншым ліку, па пэўных асяродках. Архэолёгічныя досьледы на Беларусі ня ўказваюць на тое, што ўжо ў часы палеоліту, асабліва ў паўночна-ўсходняй часьці (Вітабшчына і Смаленшчына), а таксама ў цэнтральнай часьці Беларусі — жылі людзі. Праўда, памятак захавалася мала, мо‘ адчасці нам няведамыя з прычыны малых досьледаў, але затое ў большай меры можна знайсьці памяткі нэоліту. Апошнія асабліва пашыраны ў Паўночнай і Заходняй Беларусі (на левым беразе ракі Заходняе Дзьвіны і рэках Нарэву й Бугу). Захаваўшыяся магілы, пры раскопках, асабліва з нэолітычнае эпохі, многа даюць цікавага матэрыялу для цьверджаньня, якія людзі засялялі нашую Бацькаўшчыну. Вось-жа перадусім таму, што найбольшая лічба чэрапаў захавалася доўгагаловых, вучоныя думаюць, што тутэйшае жыхарства было прототыпам пляменьняў славянскіх, дый магчыма нават, пляменьняў, з якіх утварыўся пазьней народ Беларускі[2]. Гыпотэзу гэтую можам разьвіваць перадусім паводле падстаў, на якіх базуецца чэскі вучоны праф. Л. Недэрле, каторы кажа, што першыя славяне былі доўгагаловыя. Гэтая доўгагаловасьць захавалася выключна амаль што ў Беларусаў[3]. Пры гэтым раскопкі сьведчаць аб тым, што культура тутэйшага жыхарства была даволі разьвітая, вытварыўшыся ў рожных пэрыядах (каменным, мэталёвым), пераважна самастойна і орыгінальна. Асаблівае ўвагі заслугоўвае цэраміка (ў Горадзеншчыне), а таксама рожнае аружжа і інш. Усё гэта сьведчыць, бязумоўна, што Беларусь у часы прадгістарычныя была культурным асяродкам. Магілы, галоўныя старажылы тагачасных асаблівасьцяў жыхарства, на Беларусі зусім іншага характару ад магілаў суседніх славянскіх народаў. Гэта сказваецца як у пахавальным рытуале, гэтак і па застаўшыхся прыладзьдзях.
Якія-ж пляменьні жылі і вытварылі культуру ў гэтыя перадгістарычныя часы? Палеоантрополёгія і архэолёгія хочуць бачыць у тутэйшым жыхарстве Славянаў, хоць ня ёсьць выключана, што тут жылі і Літоўцы, асабліва ў заходняй часьці, а таксама фінскія пляменьні — ў усходняй часьці Беларусі. Аднак хоць і ёсьць гэтыя цьверджаньні, але яны не заслугоўваюць шырокага распаўсюджаньня. Ёсьць факт, як цьвердзіць прафэсар Недэрле, што ў часы нэоліту беларускі край быў заселены індоэўропэйскімі пляменьнямі. Думка, што магчыма тут жылі і літоўскія пляменьні, паўстала галоўным чынам з таго, што ў географічнай номэнклятуры многа літоўскіх назоваў: ёсьць некаторыя лінгвістычныя і антрополёгічныя супольныя знакі паміж Беларусамі і Літоўцамі, дый, нават, — Латышамі. Як гэтыя разьдзяленьні выступаюць, ніжэй пабачым.
З славянскімі пляменьнямі на тэрыторыі Беларусі можам спаткацца пад рожнымі назовамі. Так напрыкл. Гэродот, у V стагодзьдзі прад Нарадж. Хр., гаворыць аб Будынах, каторыя жылі на Беларусі ў вобласьці лясоў і балотаў, аб іх успамінае і Птолемей (у Географіі III. 5. 5.); пазьней яшчэ канцом I ст. па Нар. Хр. — Тацыт гавора аб Вэнэтах (Вэндах)[4], у якіх Шафарык, Недэрле і іншыя вучоныя хочуць бачыць автахтонаў гэтае краіны. Пры гэтым тэорыя праф. Недэрле, агульна прызнаная, аб прабацькаўшчыне славянаў, часьцю прыпадае і на сучасную этнографічную Беларусь, а ласьне на паўдзённую частку Горадзеншчыны, Меншчыны, Магілёўшчыны, Чарнігаўшчыны, што нас прымушае яшчэ да большае ўвагі ў антрополёгічным досьледзе на Беларусі[5].
Беларускія пляменьні асеўшыя аканчальна на сучаснай тэрытоторыі (каля V—VIII ст. па Нар. Хр.) пакінулі першыя гістарычныя весткі толькі з паловы IX стагодзьдзя. Ужо на падставе навуковых даных ёсьць устаноўлена, што Беларускі Народ паўстаў з трох усходняславянскіх пляменьняў: Крывічоў, Дрэговічаў і Радзімічаў. У працэсе супольнага гістарычнага жыцьця, супольных фізычна-географічных, культурных, гаспадарчых і палітычных варункаў, канцом XIII стагодзьдзя выступаюць гэтыя пляменьні як самастойная, яскрава выіндывідуалізаваная адзінка ў этнографічным і антропогеографічным разуменьні[6]. Рожныя адзнакі Беларусаў, творачыя падстаўны разьдзел ад іншых, наогул, народаў, хоць і ня былі сільна разьвітыя, але бязспрэчна былі і толькі ў пазьнейшыя часы прынялі больш выразны характар. З канцом XIII стагодзьдзя прыпыняецца пэрыяд удзельнага князяваньня і Беларусы злучаюцца ў Беларуска-Літоўскі дзяржаўны хаўрус, у якім Беларусы сябе адчуваюць панамі дзяржаўнага становішча.
Раўніннасьць Усх. Эўропы была прычынай, што па ёй ішло множства рожных качоўных народаў ад прадвесьні гісторыі аж амаль не да XVIII стагодзьдзя, а таму антрополёгічныя адзнакі сьведчаць аб вялікім крыжаваньні (мэтысацыі) ўсходня-эўропэйскіх народаў. Мэтысацыя тут адбывалася будзь натуральным спосабам, альбо стыхійна, вайной, насільлем і г. д. Фізычна-географічныя варункі на Беларусі, г. ё. перадусім лясістасьць і балоцістасьць, што для някультурных барбараў з іх прымітыўнай тэхнікай ня былі прыступны, затрымоўвалі качэўніцкія навалы на граніцах, а зароўна спрыялі захаваньню чыстаты старадаўнага беларускага тыпу у антрополёгічным разуменьні. Лясы й балоты згулялі ў даным прыпадку колёсальную ролю. (Насколькі вялікая ёсьць магчымасьць такога цьверджаньня, можна пацьвердзіць і тым фактам, што Наполеон I пры сваім паходзе на Маскву праз Беларусь, — назваў яе пятай стыхіяй, а гэта таму, што да 4-ох аснаўных: агню, вадзе, зямлі і паветру — далучаецца балота, а дзеля гэтага абагнуў значна, хоць трохкутнік беларускага Палесься). Гэтак у той час, калі крыжаваньне ў суседніх народаў з Беларусамі было даволі інтэнсыўнае, калі Украіна аж да XVIII ст. залівалася крывёй і была зьнішчана качоўнікамі, як напр. Гунамі, Уграмі, Баўгарамі, Печанегамі, Татарамі, Калмыкамі і інш.; калі Велікарусы цярпелі пад ігам Татараў ды адбывалася даволі інтэнсыўная ассыміляцыя Велікарусамі тюркскіх і угра-фінскіх пляменьняў; калі на Польшчу ціснуліся германскія пляменьні, ассымілюючы Палабскіх славянаў, а часткова і Літоўцаў, — тады беларускі народ, дзякуючы сваёй вялізарнай ахраннай прыродзе, быў захаваны ад усіх гэтых навалаў. А гэтым і тлумачыць праф. Ліманскі нават самы назоў Беларусь, пашыранага ўжо з паловы XIII ст. Вось чаму характэрнай ёсць і тая асаблівасьць, што, калі ўсюды навокал Беларусі панавала дэспотыя, тыранія някультурных барбараў, былі ненармальныя абставіны, — Беларусы здолелі захаваць свой тып, толькі часткова прыняўшы крыві літоўскіх і польскіх пляменьняў (але йзноў-жа арыйскае!). Так маглі паўстаць дзякуючы гістарычна палітычным, а галоўнае географічным мамэнтам і абставінам рожныя антрополёгічныя асаблівасьці, уласьцівыя кожнаму з гэтых народаў, паўстаўшых у насьледку зазначаных працэсаў.
Антрополёгія, як гісторыя прыроднага разьвіцьця людзтва, займаецца характэрыстычнымі адзнакамі азначанага народу, разглядае ягонае разьвіцьцё і ўзаемнае адношаньне да акружаючае прыроды і разьдзельныя знакі чалавека. Зароўна-ж імкнецца ўказаць на гэтыя разьдзельваючы чыньнікі, якія і ў антропогеографіі маюць важнае значэньне.
На жаль матэрыял антрополёгічны ў Усходняй Эўропе зьбіраны несыстэматычна, дрэнна клясыфікаваны, так, што рабіць ужо аканчальныя вывады яшчэ за рана. Пры разглядзе антрополёгічных адзнакаў у Беларусаў мусім зьвярнуцца да прац: Анучына, Іваноўскага, Талько-Грынцэвіча, Янчука, Недэрле. Пазьней пабачым, што антрополёгічныя адзнакі, як у будове цела чалавека наогул, а тады разумеецца і ў Беларусаў, напр.: узрост, шырыня грудзёў, даўжыня рук, ног; форма чэрапа, твару, фарба скуры, вачэй, валасоў і г. д. — надзвычайна важныя знакі пляменьняў і расаў, што ёсьць зьявішчам прыродным, а ня штучным. Як паўсталі гэтыя разьдзелы, яшчэ дагэтуль антрополёгія адказу не дала. Магчыма, што эволюцыйная тэорыя ў гэтым напрамку пакажа шлях. Дзедзічнасьць, мэтысацыя і іншыя чыньнікі, перадусім-жа йзноў географічныя, вытварылі гэтую рожніцу. Таму, як зусім удала зазначыў Фр. Ратцэль, акружаючая прырода ня толькі пакідае сьлед на духоўную і матэрыяльную культуру чалавецтва, але пакідае сьляды і на яго вонкавым выглядзе. Адсюль выплывае і тое, што больш як тысячагадовае прабываньне Беларусаў на сваей тэрыторыі пакінула значны сьлед у залежнасьці ад прыроды і гістарычна-палітычных абставінаў. Антрополёгія, якой на помач прыходзяць іншыя дысцыпліны, як археолёгія, этнографія і т. п., бачыць у Беларусаў асобны народ, які сваёй арыгіналітай як найболей захаваў тып славянскі, каторы скупляе ўвагу многіх вучоных ўсяго сьвету.
У гэтым кароткім нарысе мы ня будзем займацца дэталямі антрополёгічных знакаў у Беларусаў, а зазначым найгалаўнейшыя:
Узрост звычайна ёсьць першым з антрополёгічных знакаў пры разьдзяленьні народаў, альбо чалавека ад чалавека.
На падставе антропомэтрыцкага досьледу можам бачыць, што Беларусы ўзросту сярэдняга. Сярэдняя вышыня ў Беларусаў ля 1667 мм., у суседніх народаў: Украінцаў ля 1685 мм., Велікарусаў — 1657 мм., Палякоў (з Конгрэсоўкі) — 1662 — 1663 мм.[7].
Пры гэтым у Беларусаў на 100 асоб прыпадае 37 проц. нізкага ўзросту, 63 проц. — высокага.
Беларусы жывуць пасярэдзіне паміж двумя асяродкамі высокарослага тыпу: чорнаморскага (Украінца) і надбалтыцкага (Літоўца, Латыша). Ёсьць на Беларусі і лёкальныя адхілкі, але звычайна пры граніцах з суседнімі народамі. Акрэсьленых граніц антрополёгія ня ведае, разуменьне гэтае — проблематычнае.
Форма чэрапа таксама важны мамэнт у антропомэтрыцкіх досьледах. Беларусы ў гэтым аглядзе, як мы ўжо зазначалі вышэй, прадстаўляюць цікавы тып, у якім антрополёгі хочуць бачыць найстаршы і найчысьцейшы тып славянскі.
Калісьці славяне былі доўгагаловыя і толькі пазьней сталіся кароткагаловыя. Гэтая доўгагаловасьць найболей захавалася ў Беларусаў. Антрополёг Іваноўскі падае сярэдні індэкс для Беларусаў 81.87 (суббрахіцэфалы).
|
|
Сярэдні індэкс:
|
Паводле краніелёгічных досьледаў Беларусы зьяўляюцца якраз рэпрэзэнтанты калісьці доўгагаловага славянскага тыпу, толькі Палякі й Велікарусы ў суседзтве з Беларусамі маюць індэкс чэрапу троху падобны.
Знак характэрызуючы Беларусаў, як праславянскі тып, праяўляецца і ў сьветлай комплексыі хварбы вочаў і валосься[8]:
|
| ||||||||||||||||||||||||||||||
Значыцца Беларусы адзначаюцца сьветлай комплексыяй ад суседзяў і ў большай меры ад іншых народаў.
Устанаўленьнем адносінаў абыйма грудзёў да вышыні галавы дастанем наступную табліцу:
| |||||||||||||||||||||||||
Даўжыня рук і ног у аднощшаньні да вышыні цела выглядае гэтак:
|
З іншых адзнакаў антрополёгічных можам уставіць форму твару і носу, як адношаньне найбольшай шырыні носу да яго даўжыні.
Беларусы маюць нос роўны ў нізу троху расшыраны, 52 проц. лепторыны, 41 проц. мэзорыны, 7 проц. плацірыны.
Сярэдняе адношаньне:
|
Твару Беларусаў — г. ё. адношаньне шырыні да даўжыні ёсьць 186, у Палякоў — 181, Велікарусаў — 182, Украінцаў — 180. Пры гэтым у Беларусаў 4 проц. малы, 57 проц. сярэдні, 39 проц. вялікі.
Антрополёгічных адзнакаў, як напр. індэкс шкілету (ягоная вышыня і шырыня), і інш. уласьцівасьцяў, якія зароўна характэрызуюць асаблівасьці беларускага тыпу, мы парушаць ня будзем.
Дый вышэй пададзеныя лічбы трэба браць як лічбы прыблізныя і мусяць быць падданыя крытыцы. Беларусы, як і ўсе народы эўрапэйскія, ёсьць народам у антрополёгічным разуменьні мяшаным.
Ідэальна чыстых народаў, асабліва культурных, няма, а таму антрополёгічныя знакі твораць толькі адзін з многіх чыньнікаў антропогеографічнага разуменьня Беларусі як індывідуальнай адзінкі.
Фізычна адзначаецца Беларус дэлікатнай структурай свайго арганізму: здаровы, сільны і вытрывалы. Як працоўная сіла Беларуса, заўсёды ахвотна шуканая, асабліва ў капальнях.
Найболей праяўляецца гэтая вытрываласьць на Бацькаўшчыне, гдзе Беларус мусіць цяжка працаваць на кавалак хлеба на полі, патрабуючым ня мала штучнага ўдабрэньня.
Толькі некаторыя з сільнейшых палітычна суседніх народаў не хацелі прызнаць гэтае рысы таму, што мелі ў гэтым пэўную карысьць у эксплёатацыйных мэтах. Беларускі народ, ня гледзячы на пэўную адсталасьць у заходня-эўрапейскай цывілізацыі, што ёсьць уласьціва усей усходняй Эўропе (ня выключаючы нават Польшчу, якая належыць да гэтага самага кругу), у сваей масе ёсьць поўны сілы і жывучасьці, а таксама здольнасьці захоўваць жыцьцё жыцьцём на будучыню, чэрпаюты энергію з сябе і акружаючае прыроды. Войны адбываючыяся на Беларусі з страшэннымі вынікамі, далей ассыміляцыя альбо проста дэпопуляцыя ў адносінах да Беларусаў сільнейшых палітычна народаў, ня зьнішчылі зусім гэтае жывучасьці ў Беларускім народзе, хоць Беларускі народ амаль зусім быў вычаркнуты з мапы Эўропы.
Галоўная прычына гэтае народнае жывучасьці, якая мае імкненьне да павялічаньня лічбы жыхарства, ёсьць плоднасьць.
Перад вайной, паводле лічбы народжаных, Беларусь займала трэцяе месца ў Эўропе, гэта нават тады, калі ровень культурны і эканамічны на Беларусі быў далёка не задавальняючы. Прырост беларускага жыхарства асабліва добра можна прасачыць па ніжэй пададзенай табліцы, зложанай нашым географам А. Смолічам за 1911—13 г.[9].
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Бачым, што сярэдні прырост на Беларусі выносіць 1.8 проц. За час вайны сусьветнае і грамадзянскае (1914—1921) і ўцякацтва проц. прыросту значна ўпаў, але бязспрэчна, што палепшаньне жыцьцёвых варункаў прывядзе напэўна да павялічэньня лічбы жыхарства Беларусі і да нармальнага стану.
Прага.
- ↑ Гэты нарыс зь‘яўляецца кароткай выбаркай з прыгатаванае аўтарам працы: „Беларусь, як самастойная антропогеографічная адзінка“.
- ↑ Е. Ф. Карскій, Бѣлорусы Т. I. стр. 33. Вільно 1904 г.
- ↑ L. Niederle, O Pŭrodu Slovanŭ, st. 55—87, Praha г. 1896.
- ↑ „Germania“ XLVI.
- ↑ L. Niederle „Slovanske Starožitnosti“ 112 str.
- ↑ Карскій, стр. 110.
- ↑ Ивановскій. „Населеніе немного шара“. „Труды антропологического общества“. Том XXVII, Стр. 86.
- ↑ Niederle, ibidem стр. 63. Talko-Hryncewicz „Charakterystyka fizyczna“ стр. 89.
- ↑ А. Смоліч, кароткі курс географіі Беларусі, Менск, 1925 г.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.