Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Другое Пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы Пасланьне да Галятаў сьв. ап. Паўлы
Аўтар: Апостал Паўла
Пераклад: Лука Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч
Пасланьне да Эфэсцаў сьв. ап. Паўлы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Разьдзе́л 1[правіць]

1 Паўла Апостал, (выбраны не́ людзьмі і не́ праз чалаве́ка, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, што ўскрасіў Яго з ме́ртвых,)

2 і ўсе́ браты, што са мною, цэрквам галятыйскім:

3 ласка вам і мір ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,

4 Які аддаў сябе́ за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад сучаснага ве́ку крывадушнасьці, па волі Бога і Айца нашага,

5 Якому слава на ве́кі вякоў. Амін.

6 Дзіўлюся, што вы гэтак хутка адвярнуліся ад паклікаўшага вас ласкай Хрыстовай да іншага дабраве́шчаньня,

7 якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць такія, што вас трывожаць і хочуць перавярнуць Эвангельле Хрыстовае.

8 Але, калі-б навет мы або Ангел з не́ба пачаў дабраве́сьціць па-над тое, што мы абвяшчалі вам, няхай будзе ана́тэма!

9 Як ране́й мы сказалі, і цяпе́р ізноў кажу: хто дабраве́сьціць вам па-над тое, што вы прынялі, няхай будзе анатэма!

10 Бо ці-ж я людзе́й шукаю, ці Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Бо калі-б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыстовым.

11 Апавяшчаю-ж вас, браты, што Эвангельле, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалаве́чае;

12 бо я ані прыняў яго ад чалаве́ка, ані навучыўся, але праз адкрыцьце Ісуса Хрыста.

13 Бо вы чулі аб маім ране́йшым жыцьці ў Юдэйстве, што я бяз ме́ры перасьле́даваў Божую Царкву і пустошыў яе́,

14 і апераджаў у юдэйстве многіх раве́сьнікаў у родзе маім, будучы найбольш руплівым аб бацькаўскія пераказы мае́.

15 Калі-ж Богу ўгодна было, выбраўшы мяне́ ад чэрава маткі мае́й і паклікаўшы ласкай свае́й,

16 адкрыць у-ва мне́ Сына Свайго, каб я дабраве́сьціў Яго сярод паганаў, — дык я не пачаў зараз-жа ра́дзіцца з це́лам і крывёю

17 і не пайшоў у Ерузалім да Апосталаў, што былі да́ мяне́,. а пайшоў у Арабію ды йзноў вярнуўся ў Дамаск.

18 Пасьля, цераз тры гады, хадзіў я ў Ерузалім бачыцца з Пётрай і прабыў у Яго пятнаццаць дзён.

19 Другога-ж з Апосталаў я ня бачыў нікога, апрача Якуба, брата Го́спадавага.

20 А што пішу вам, дык вось перад Богам, што не маню.

21 Пасьля пайшоў я ў староны Сірыі і Кілікіі́.

22 Абліччам жа быў я няве́дамы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце́,

23 а толькі чулі яны, што той, хто калісь перасьле́даваў нас, цяпе́р добраве́сьціць ве́ру, якую ране́й нішчыў;

24 і славілі за мяне́ Бога.

Разьдзе́л 2[правіць]

1 Пасьля, цераз чатырнаццаць гадоў, хадзіў я ізноў у Ерузалім з Варнаваю, узяўшы з сабою і Ціта.

2 Хадзіў-жа згодна з адкрыцьцем і вылажыу́ ім, асабліва-ж выдатне́йшым, Эвангельле, якое абвяшчаю між паганамі, ці не надарма хаджу я, або хадзіў?

3 Але і Ціт, што быў са мною, як Грэк, ня быў прымушаны абрэзацца.

4 Фальшывым-жа братом, што паўкрадаліся, ды якія прыходзяць укра́дня падглядзе́ць нашу свабоду, якую мы маем у Хрысьце́ Ісусе, каб паняволіць нас,

5 мы ні на гадзіну не паддаліся і не пакарыліся, каб праўда Эвангельля захавалася ў вас.

6 А ад тых, што лічаць сябе́ не́чым, (якімі-б яны ні былі не́калі, для мяне́ ўсё роўна: Бог не пазірае на аблічча чалаве́ка), — дык тыя, што думаюць аб сабе́, не ўзлажылі на мяне́ нічога;

7 але наадварот, угле́дзіўшы, што мне́ даве́рана дабраве́шчаньне неабрэзаньня, як Пётры абрэзаньня, —

8 (бо Той, Хто дапамог Пётры ў Апостальстве абрэзаньня, дапама́гаў і мне́ між паганамі), —

9 і пазнаўшы ласку, даную мне́, — Якуб і Кіфа і Іоан, што здаюцца стаўбамі, падалі мне́ і Варнаве руку лучнасьці, каб нам (ісьці) да паганаў, а ім да абрэзаных,

10 толькі каб мы памяталі аб убогіх, што я і стараўся рабіць, гэтае самае.

11 Калі-ж Пётра прыйшоў у Антыохію, дык я паўстаў супраць яго водле аблічча ягонага, бо ён заслужыў на дакор.

12 Бо пе́рш, чым прыйшлі некаторыя ад Якуба, е́ў разам з паганамі; а, як прыйшлі, таіўся і ўхіляўся, баючыся абрэзаных.

13 Разам з ім крывадушнічала і рэшта Жыдоў; — ажно й Варнава быў захоплены іх крывадушнасьцяй.

14 Але, калі я ўбачыў, што яны няпроста ходзяць па праўдзе Эвангельскай, дык сказаў Пётры пры ўсіх: калі ты, будучы Жыдом, жыве́ш па-паганску, а не па-жыдоўску, дык чаму паганаў прымушаеш жыць па-жыдоўску?

15 Мы па прыродзе Жыды, а не з паганаў грэшнікі, —

16 ве́даючы, што чалаве́к апраўдываецца не дзеламі закону, а толькі ве́раю ў Ісуса Хрыста, і мы ўве́равалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца ве́раю ў Хрыста, а не́ дзеламі закону, бо дзеламі закону не апраўда́ецца ніводнае це́ла.

17 Калі-ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце́, мы і самыя аказаліся грэшнікамі, дык ці-ж Хрыстос слуга́ грэху? Няхай ня станецца!

18 Бо, калі я ізноў будую, што зруйнаваў, дык сам сябе́ стаўляю за праступніка.

19 Бо праз закон я паме́р для закону, каб жыць для Бога.

20 Я раскрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо ня я жыву, але жыве́ ў-ва мне́ Хрыстос. А што цяпе́р жыву ў це́ле, дык жыву ве́раю ў Сына Божага, што палюбіў мяне́ і выдаў сябе́ за мяне́.

21 Не адкідаю ласкі Божае. А калі праз закон апраўданьне, дык Хрыстос надарма́ паме́р.

Разьдзе́л 3[правіць]

1 О, бязглуздыя Галяты! Хто вас ачараваў, каб не пакараліся праўдзе, (вас), у якіх перад вачыма напе́рад быў апісаны Ісус Хрыстос, (як-бы) ў вас раскрыжаваны?

2 Гэтае толькі хачу даве́дацца ад вас: ці ад дзе́л закону вы ўзялі Духа? Ці ад слуханьня ве́ры?

3 Ці вы гэткія бязглуздыя, што, пачаўшы духам, цяпе́р завяршаеце це́лам?

4 Няўжо-ж гэтулькі пацярпе́лі вы надарма? Дый каб жа надарма!

5 Бо Той, Хто дае́ вам Духа, між вамі цуды робіць, — ці ад дзе́л закону (гэтае робіць), ці ад слуханьня ве́ры?

6 Водле (таго, як) Аўраам паве́рыў Богу, і залічана яму гэтае ў праведнасьць (Быт. 15, 6).

7 Ве́дайце-ж, што, хто ад ве́ры, гэтыя е́сьць сыны Аўраамавы.

8 І Пісаньне, прадба́чачы, што Бог ве́раю апраўдывае паганаў, загадзя апавясьціла Аўраама: у табе́ багасла́ўлены будуць усе́ народы (Быт. 12, 3).

9 Гэтак тыя, што ад ве́ры, багаслаўляюцца разам з ве́рным Аўраамам.

10 А тыя, што ад дзе́л закону, тыя пад праклёнам. Бо напісана: пракляты ўсякі, хто ня трывае ў-ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэтае (Другазак. 27, 26).

11 А што законам ніхто не апраўдываецца перад Богам, гэта ясна, бо праведны ве́раю жыць будзе (Аввак. 2, 4).

12 Закон-жа не ад ве́ры; але чалаве́к, які гэтае выпаўняе, жыць будзе ў гэтым (Ляв. 18, 5).

13 Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закону, стаўшыся за нас пракляцьцем, (бо напісана: пракляты ўсякі, хто вісіць на дзе́раве) (Другазак. 21, 23),

14 каб багаслаўле́ньне Аўраа́мавае ў Хрысьце́ Ісусе ста́лася на паганаў, каб абяцаньне Духа ўзялі мы праз ве́ру.

15 Браты, па чалаве́чаму кажу: навет чалаве́кам абве́шчанага запаве́ту ніхто не адкідае, або не дадае́ (да яго).

16 Аўрааму-ж высказаны прырачэньні і насе́ньню яго. Ня сказана: і насе́ньням, як аб многіх, але як аб адным: і насе́ньню твайму, якое ёсьць Хрыстос (Быт. 12, 7).

17 Я-ж кажу тое, што запаве́ту аб Хрысьце́, ране́й сцьве́рджанага Богам, закон, які настаў цераз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе на тое, каб прырачэньне было зьнішчана.

18 Бо, калі спадчына — ад закону, дык ужо не з прырачэньня; але Аўрааму Бог падараваў цераз прырачэньне.

19 Дык што-ж закон? Ён дадзены з прычыны праступкаў, да часу, пакуль прыйдзе насе́ньне, якому дадзена прырачэньне, і выкладзены праз ангелаў рукою пасярэдніка.

20 Але пасярэдні́к ня ёсьць аднаго, а Бог адзін.

21 Дык ці закон про́ціў прырачэньняў Божых? Няхай ня станецца! Бо калі-б даны быў закон, што можа ажыўляць, дык запраўды праведнасьць была-б ад закону;

22 але пісаньне замкнула ўсё пад грэхам, каб прырачэньне ад ве́ры Ісуса Хрыста было дадзена ве́руючым.

23 А да прыходу ве́ры мы замкнёны былі пад вартаю закону да таго часу, як мусіла адкрыцца ве́ра.

24 Дык закон быў для нас настаўнікам, (каб вясьці) да Хрыста, каб нам апраўдацца ве́раю.

25 Як-жа прышла ве́ра, мы ўжо не пад настаўнікам,

26 бо ўсе́ вы сыны Божыя праз ве́ру ў Хрыста Ісуса.

27 Бо, колькі вас у Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся.

28 Няма ўжо Юдэя, ані Грэка; няма раба, ані свабоднага; няма мужчьшскага полу, ані жаноцкага: бо ўсе́ вы адно ў Хрысьце́ Ісусе.

29 Калі-ж вы Хрыстовыя, дык вы насе́ньне Аўраамавае і водле прырачэньня насьледнікі.

Разьдзе́л 4[правіць]

1 Кажу-ж: пакуль насьле́днік — дзіця, ён нічым ня розьніцца ад раба́, хаця і гаспадар усяго,

2 але ён пад апякунамі і аканомамі аж да ва́значанага айцом часу.

3 Гэтак і мы, калі былі дзяцьмі, былі паняволены матэряльнымі зачаткамі сьве́ту;

4 калі-ж прыйшла поўня часу, Бог паслаў сына Свайго, які нарадзіўся ад жанчыны і быў пад законам,

5 каб адкупіць тых, што пад законам, каб нам узяць усынаўле́ньне.

6 А як вы сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, які галосе: Авва, Ойча!

7 Дзеля гэтага ты ўжо ня раб, але сын; а калі сын, дык і насьле́днік Божы праз Хрыста.

8 Але тагды, ня ве́даючы Бога, вы служылі тым, што не па прыродзе богі;

9 цяпе́р-жа, пазнаўшы Бога, а бале́й — пазнаныя Богам, як вы варочаецеся ізноў да бяссільных і бе́дных матэр’яльных зачаткаў, якім хочаце служыць нанова?

10 Вы пілнуеце дні, ме́сяцы, часы і годы.

11 Баюся за вас, ці не надарма я працаваў у вас.

12 Малю вас, браты, будзьце, як і я; бо і я, як вы. Вы нічым ня скрыўдзілі мяне́;

13 ве́даеце-ж, што я ў бяссільлі це́ла прапаве́дываў вам Эвангельле пе́ршы раз,

14 і вы не пага́рдзілі спакусай мае́й, што ў це́ле маім, і не адапхнулі, але прынялі мяне́, як Ангела Божага, як Хрыста Ісуса.

15 Якое-ж было шчасьце вашае! Сьве́дчу-ж вам, што, калі-б было магчыма, вырваўшы вочы вашыя, аддалі-б вы мне́.

16 Дык ці-ж я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?

17 Рупяцца аб вас нягодна, а хочуць адлучыць вас, каб вы рупіліся аб іх.

18 Добра-ж рупі́цца аб добрым заўсёды, а ня толькі, як я прыходжу да вас,

19 дзе́ткі мае́, якімі ізноў мучуся ў радзінах, пакуль ня зно́йдзе абраз свой у вас Хрыстос!

20 Хаце́ў бы я цяпе́р быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўме́ньні аб вас.

21 Скажэце мне́ вы, што жадаеце быць пад законам: ці-ж вы ня слу́хаеце закону?

22 Бо напісана, што Аўраам ме́ў двох сыноў: аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай (Быт. 16, 15; 21, 3).

23 Але, каторы ад рабыні, той народжаны водле це́ла, а каторы ад вольнай, той водле прырачэньня.

24 Гэта ёсьць інасказ. Бо гэта два запаве́ты: адзін ад гары Сынайскае, што родзіць на рабства, якое ёсьць Ага́ра;

25 бо Ага́ра ёсьць гара́ Сынай у Арабіі і адпавядае цяперашняму Ерузаліму, ды з дзяцьмі сваімі ў рабстве;

26 а вышэйшы Ерузалім свабодны, які ёсьць маці ўсім нам.

27 Бо напісана: Узьвесяліся, няплодная, якая не раджа́еш; загука́й і загаласі ты, якая ня мучылася, родзячы. Бо ў пакіненай шмат бале́й дзяце́й, чымся ў маючай мужа (Ісая 54, 1).

28 Мы-ж, браты, — водле Ізаака, дзе́ці прырачэньня.

29 Але, як тагды народжаны водле це́ла перасьле́даваў таго, што водле духа, гэтак і цяпе́р.

30 Што-ж кажа Пісаньне? Выжані рабыню і сына яе́, бо сын рабыні ня будзе насьле́днікам разам з сынам свабоднай (Быт. 21, 10).

31 Вось-жа, браты, мы дзе́ці не рабыні, а свабоднай.

Разьдзе́л 5[правіць]

1 Дык стойце ў волі, якою вызваліў нас Хрыстос, і не падпадайце ізноў пад ярмо рабства.

2 Вось я, Паўла, кажу вам, што, калі абрэзываецеся, дык Хрыстос вас нічым не ўспаможа.

3 Яшчэ сьве́дчу ўсякаму чалаве́ку, які абрэзываецца, што ён павінен выпаўніць уве́сь закон.

4 Вы далёкія ад Хрыста; вы, што апраўдываецеся законам, адпалі ад ласкі;

5 мы-ж духам ад ве́ры чакаем надзе́і пра́веднасьці;

6 бо ў Хрысьце́ Ісусе ня ма́е сілы ні абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але ве́ра, што дзе́ець праз любоў.

7 Вы бе́глі добра: хто ўбіў вам не карыцца праўдзе?

8 Гэткае перакананьне не ад Таго, Хто вас закліка́е.

9 Крошка кісьлі ўсё це́ста квасіць.

10 Я пэўны ў вас у Госпадзе, што нічога ня будзеце думаць інакш; хто-ж вас баламуціць, той, хто-б ён ні быў, панясе́ на сабе́ асуджэньне.

11 Калі-ж я, браты, і цяпе́р абвяшчаю абрэзаньне, дык завошта-ж яшчэ мяне́ перасьле́дуюць? Тагды спакуса крыжа зьніштожылася-бы.

12 О, каб былі адсе́чаны тыя, што вас бунтуюць!

13 Бо вы к волі пакліканы, браты; каб толькі воля ваша ня была сродкам для це́ла, але праз любоў служыце адзін аднаму.

14 Бо ўве́сь закон у адным слове по́ўніцца: любі бліжняга твайго, як самога сябе́ (Ляв. 19, 18).

15 Калі-ж адзін аднаго грызецё і заяда́еце, сьцеражыцеся, каб ня былі загублены адзін адным.

16 Я-ж кажу: хадзе́це духам і пажаданьняў це́ла не спаўняйце.

17 Бо це́ла хоча супраць духу, а дух супраць це́лу: яны адно аднаму працівяцца, каб вы ня тое рабілі, чаго хаце́лі-б.

18 Калі-ж вы ве́дзены духам, дык вы не пад законам.

19 Учынкі-ж це́ла ве́дамыя; яны ёсьць: блуд, распуста, нячыстасьць, сваволя,

20 паклане́ньне ідалам, чарадзе́йства, варожасьць, спрэчкі, гарачнасьць, гне́ў, сварлівасьць, нязгода, гарэзіі,

21 не́навісьць, забойствы, пянства, няпрыстойнасьць і падобнае; гэтае кажу вам напе́рад, як і казаў, што тыя, хто гэтак робіць, Царства Божага не ўнасьле́дуюць.

22 Плод жа духа: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, добрасьць, міласэрдзе, ве́ра,

23 ціхасьць, паўзьдзе́ржлівасьць. На гэтакіх няма закону.

24 А Хрыстовыя раскрыжавалі це́ла з мукамі і пажаданьнямі.

25 Калі мы жыве́м духам, дык і паступаем духам.

26 Ня будзем задавацца, адзін аднаго дражнячы, адзін аднаму завідуючы.

Разьдзе́л 6[правіць]

1 Браты, калі і ўпадзе́ чалаве́к у якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце гэткага ў духу ціхасьці, наглядаючы за сабою, каб і табе́ ня быць спакушаным.

2 Насе́це бе́рамя адзін аднаго і гэтак выпаўняйце закон Хрыстовы.

3 Бо хто думае, што ён ёсьць не́шта, будучы нічым, зводзіць самога сябе́.

4 Дзела-ж свае́ няхай кожны выпрабуе і тагды будзе ме́ць пахвалу толькі ў сабе́, а не́ ў другім.

5 Бо кожны панясе́ свае́ бе́рамя.

6 Хто-ж вучыцца слова, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто навучае.

7 Не ашуківайце сябе́! з Бога не насьмяе́шся. Бо што́ чалаве́к пасе́е, тое і пажне́:

8 хто се́е ў це́ла свае́, ад це́ла пажне́ тле́ннасьць; а хто се́е ў духа, ад духа пажне́ жыцьцё ве́чнае.

9 Робячы-ж дабро, ня журымася: бо ў свой час пажне́м, не слабе́ючы.

10 Дык, дакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбале́й таварышом па ве́ры.

11 Бачыце, як многа напісаў я вам свае́ю рукою.

12 Жадаючыя хваліцца паводле це́ла прымушаюць вас абрэзывацца толькі дзеля таго, каб ня быць перасьле́даванымі за крыж Хрыстоў;

13 бо і тыя, што абрэзываюцца, самі ня пілнуюць закону, але хочуць, каб вы абрэзываліся, каб пахваліцца ў вашым це́ле.

14 Мне́-ж няхай ня зда́рыцца хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім для мяне́ сьве́т укрыжаваны, і я для сьве́ту.

15 Бо ў Хрысьце́ Ісусе нічога ня значыць ані абрэзаньне, ні неабрэзаньне, але новы твор

16 І хто паступае паводле гэтага правіла, мір ім і зьмілаваньне і Ізраілю Божаму.

17 Урэшце, няхай ніхто ня робіць мне́ цяжару, бо Я нашу́ раны Госпада Ісуса на це́ле маім.

18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін. Да Галятаў пісана з Рыму.