Пан Тадэвуш (Міцкевіч/Дунін-Марцінкевіч)/Быліца першая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
З А. Міцкевіча. Пан Тадэвуш. Слова ад перакладчыка. Пан Тадэвуш
Паэма
Аўтар: Адам Міцкевіч
1834
Арыгінальная назва: Pan Tadeusz
Пераклад: Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Быліца другая
Арыгінал лацінскімі літарамі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быліца першая
ГАСПАДАРКА

ШТО СТАІЦЬ У БЫЛІЦЫ:
Паніч варочаецца дамоў. — Першая стрэча ў святліцы, другая пры стале. — Важная навука суддзі аб грэчносці. — Падкаморага разумная гаворка аб модах. — Пачатак спірання аб Кусага і Сакала. — Паследні возны трыбунала. — Узгляд на тагдашняе быццё Літвы і Еўропы.

Літва! — родна зямейка[1], ты, маўляў, здароўе, —
Той цябе ашанцуе, каму безгалоўе!
Хто быў калісь на ніўцы тваёй, як у раі,
І вось крывавы роніць слёзкі ў чужым краі!
Цяпер-то, як ты красна, я чую, я бачу —
І апішу, бо ўсцяж па табе плачу!
Ты, панна! што сцеражэш яснай Чанстаховы[2],
Што свеціш ў Вострай браме, што горад замковы
Навагродскі бароніш, яго народ жылы,
Як мяне ты падняла, маўляў, із магілы
(Вось Цябе бедна маці ў вачах са слязінай
Маліла, штоб апеку мела над дзяцінай, —
I з немачы падняўся, — і пайшоў у дарогу,
Што б у Твоіх касцёлах падзякаваць Богу),
Так нас дзівам павернеш у зямельку родну.
Пакуль жа блісне шчасце, хоць душу нягодну
Звярні да гор лясістых, шырокіх пракосаў,
Што дыванам пры Немне свецяць з-пад нябёсаў,
Да ніў родных, калоссем ярка маляваных,
Залочаных пшаніцай, жытам пасрабраных,
Гдзе жоўтая свірэпка, гдзе грэчка бяленька,
Гдзе дзяцеліна гарыць, вось красна паненка;
А ўсё мяжой прыбіта, бачыцца устужкай,
Там-сям быццам к адзежцы прышпілена грушкай.
Меж такімі палямі, намесь, пры ручаі,
На узгорку невялікім, ў бярозавым гаі
Свяціў шляхецкі хорам, кругом дзеравяны
Да на падмураванні, увесь пабяляны;
Тым бялейшы, што таполь спераду і збоку
Сцерагла ад сіверу у восень глыбоку.
Дом жылы невялікі, чысты на прыглядку!
Да зато гумно важна! пры нём стажкі ўжатку
Не стоўпілісь ў гарудах, пабачыш з намеку,
Відна, што ніўка — маці тутка чалавеку!
Відна з густых коп сена, што на сенажатца
Звёздачкамі мігаюць, з сох, што там бадзяцца
Па шырокіх палетках, проста чарназёму,
Каторы прылягаюць к беленькаму дому,
Узораных парадкам агародных градак,
Што там цвяцець дастатак, праўда і парадак.
Брама насцеж у будні дзянёк чы у свята
Кажыць, што гасцям рада гаспадарна хата.
І вось у каламажцы, запрэжанай парай
Конікаў невялікіх, пры закрутні старай
Паказаўся паночак відны, маладзенькі,
Абляцеўшы падвор’е, пад ганак маленькі
Заехаў, вылез з брычкі, — конікі, пад плотам
Шчыплючы буйну траўку, пацяглі к варотам.
У двары пуста, бо дзверы на зашчапку ўзяты
І калочкам заткнуты ад ганка да хаты.
Падарожны ў пякарню не йшоў распытацца,
Адчыніў — убег да дому — жадзён распазнацца.
Здаўна яго не бачыў — ў горадзе далёка
Браў на розум у панскіх навуках глыбока.
Убег — і вокам жадным на сцены старэнькі
Глянуў — да праслязіўся панок маладзенькі:
То ж стары прыяцелі! — той жа прыбор ў хаці,
З каторым дзіцем было так міла гуляці;
Да ўжо не так вялікі, не так, баш, прыгожы;
І тыя ж абразочкі глядзяць на свет божы!
Вось Касцюшка[3] у світцы кракаўскай, з вачамі,
Упёртымі у неба, дзержыць меч рукамі.
Далей ў польскай адзежцы Райтан[4], повен чэсці,
Што пацяраў край вольнасць, таскуе ў балесці;
Ў руцэ нож — к грудкам востра звернута старона,
А пры ім кніжкі: «Фадон» і «Жыццё Катона».
Там малады Ясінскі, прыгожы, што дзівы!
Тут жа Карсак[5], таварыш яго нешчаслівы.
Стаяць на валах Прагі, а маскалёў сіла
У копачкі смятаюць, аж паглядзець міла!
У маладзенькіх грудках удзельная атвага!
Рубяць, хоць аблілася агнём уся Прага!
Спазнаў ён той загарак, што грае быліцы,
У дзеравянай скрынцы, пры дзвярах святліцы,
І з радасцяй дзяцінай пацяг за шнурочак,
І пайшоў Дамброўскага[6] гудзець мазурочак.

Лётаў па цэлым доме — шукаў сваёй клеткі,
Гдзе весела зажываў у малады леткі.
Уходзіць. Дзіва! — зрэнкай водзіць па каморы,
То ж святліца кабецця — жаноцкі прыборы;
Хто ж бы тут жыў? бо дзядзька яго не жанаты,
А цётка піцербурскі залягла палаты.
То ж пакой не хмістрыні, вось і хвартап’яна,
На ім ноты і кніжкі — ўсё параскідана
У бязладдзі, да, бачыш, бязладдзе то міла,
Відаць, што маладзенька ручка натварыла.
Вось сукеначка бела із калочка знята,
Згатоўлена к убору, на крэсле распята,
А на вокнах дайнічкі, у іх розны кветкі:
Герань, ляўкоя, астры, пралескі, нагеткі.
Паніч стаў пры аконцы; то ж новае дзіва!
Пры беражку у садзе, гдзе расла крапіва,
Угледзеў агародчык, сцежкамі распяты,
Повен кветкаў, стракатай травіцы дый мяты:
Платок нізкі, ўзорамі воку прыглядаўся,
Стакроткамі, баш стужкай, ён падперазаўся.
Градкі свежа паліты шчодраю рукою,
Тут жа стаіць бляшана дайніца з вадою;
Толькі агароднічкі не бачыць ў дасадзе,
Выйшла на ніву: дзверцы калышуцца ў садзе.
Угледзеў на дарожцы слядок, як патычка:
Відна, што без панчошак і без чаравічка
Лётала па пясочку, бялейшым ад снегу,
Ледзь к зямлі прылягала ў вялікім бегу.

Падарожны стаў доўга ў раздум’і глыбокам,
Па ўсіх кутках садочка вадзіў блудным вокам,
Красным ліцом к пралескам жадна прылажыўся,
Разглядаў сцежачкі, усяму дзівіўся;
То прыляг да слядочка, што ўтаптаў дарожкі:
Чые ж бы там блудзілі дробненькія ножкі?
Неўзнарок глядзь угору! — ёсць чаму дзівіцца:
На плоце красна панна, у яснай спаднічца,
Снегавою сарочкай грудкі закрываець;
Паніч жадна на шыйку белу паглядаець.
Часам нашы літвінкі у гэтакім строю
Чураюцца ад хлопцаў ранняю парою.
То ж хоць ніхто не бачыў, ручкі залажыла,
Штоб свае лебядзіны грудкі лепш закрыла.
Волас ёй не развіты, звязан у вузёлкі,
Маўляў стручкі ў гаросе, бачыцца круцёлкі,
Дзіўна красіў галоўку, сонца там як меціць,
Здаецца, што карона на абразку свеціць.
Лічыка не пабачыш; цікавае вока
Меціла там за чымсьці у поле далёка;
Угледзела, засмяялась і ў далоні біла,
Вось бела птушка назем лёганька ступіла,
І сунула па градках сваю ножку скору,
І на досцы упала акном у камору,
Спяваючы, хваціла сукеначку ясну,
Пры люстры любавацца стала лічку красну;
То ж угледзела хлапца — із ручак упала
Сукеначка, са страху дзеўка бледна стала.
А як жарам, твар панка аблілась румяна.
Маўляў з соненькам хмара сустрэлася зрана.
Сарамлівы панічок далоньмі закрыўся,
Думаў штось ёй сказаці, толькі пакланіўся
І даў цягу ў куточак, а дзеўка дабыла
Крыкам голас няўнятны, маўляў штось прысніла.
Спужаўся падарожны, глядзь! — аж уляцела
Паненка, — толькі сэрца крэпка закіпела.
Сам не знаў, чы з спаткання таго смяяцца,
Чы радавацца сэрцам, аслі дзівавацца?

Аж там і на хвальварку народ дагадаўся,
Што новы госць пад хорам панскі прыбадзяўся;
Каней у стайню ўзялі, аўса, сена далі,
Ведама, у добрых паноў аб парадак дбалі, —
Бо суддзя не рабіў так, як цяпер бывае,
Другі ў карчму гасцінных каней адпраўляе.
Калі ж стрэціць не прыйшлось тут гасця нікому,
Не думай, што служылі кепска ў панскім дому:
Служкі чакалі, пакуль пан войскі[7] прыбраўся,
А той у садзе шчыра вячэрай заняўся;
Ён заступае пана — і як той не дома,
Прынімаець гасцей ён у панска харома
(Ведама, сваяк панскі, прыяцель ад сэрца);
Як забачыў ён гасця, пацяг у шпанцэрца
На хвальварак, штоб ў адзежку нядзельну прыбрацца,
Бо не дзела ж так госцю ліха паказацца.
Ранкам яшчэ адзежку сумеў ён прымераць,
Бо ведаў, што з гасцямі прыйдзецца вячэраць.
Пан войскі спазнаў хлапца, раскрыжаваў рукі
І з крыкам абняў яго, цалаваў да мукі,
І гаворкай без ладу, парадку мянялісь,
Як бывае, калі вось доўга не відалісь.
А як войскі здаволі хлапца напытаўся,
Так зараз, што у дварэ, гаварыць узяўся:

«Добра, мой Тадавушку (так, бачыш, манілі
Дзецюка, бо Касцюшкі іменем хрысцілі
На памятку, што ў тую вайну ён радзіўся),
Добра, мой Тадавушку, што ты паявіўся
Дамоў ў пору, як дзяўчат многа тут бывае;
Пабачыш, табе дзядзька вяселле сыграе;
Ёсць з чаго выбраць, гасцей, баш снапоў ў гарудзе,
З’ехалісь намесь судзіць у гранічным судзе,
Штоб з графам спор сумежны да канца прывесці;
Да і пан граф вось заўтра тут на месці;
Падкаморы[8] ўжо з’ехаў з дочкамі і жонкай.
Маладзеж пабадзялась у лес са стральбёнкай,
А старыя й кабеты жніва аглядаюць
І стральцоў там пад лесам весела страчаюць.
Пабрадзём, калі хочаш, а пэўна за гаем
І дзядзьку, падкаморых і дзяўчат спаткаем!»

Войскі з хлапцом, дарогай ідучы паволі,
Яшчэ нагаварыцца не могуць здаволі.
Соненька ж на западзе хоць менш дапякае,
Зато ярчэйшым вокам з-за гор выглядае,
Чырвоная, — вось калі шчыраю рукою
Гаспадар кончыў дзела вячэрняй парою,
Дый з ліцом, хоць па працы красней ад каліны,
Вясёл брадзе да ўласнай на спакой хаціны.
І паважны круг сонца з мутнымі лучамі
Спускаецца нязначна за бор, а снапамі
Туманнымі лес ўкола абняўшы высокі,
З бору, маўляў, стог сена творыць адзінокі;
І пачарнеў бор, кажысь вісельнік са страху,
І красіць над ім сонца, вось пажар на даху,
І схавалася за лес, бачыш, з-пад галіны
Там-сям блісне, як агонь ад тонкай лучыны,
І загасла; тут сярпы бразжаць перасталі,
Парабкі із пракосаў на плеч граблі ўзялі;
Сціхла у полі, бо гэтак прыказаў пан стары,
Штоб з канцом дня кончылі дзела гаспадары.
«Бог ведае, як доўга працаваці трэба;
Сонца, яго работнік, калі сойдзе з неба,
Тагды й мужык па дзеле павінен спачыці», —
Так заўсёды пан добры прывык гаварыці;
А што суддзя прыкажа, то коману свята,
Бо і вазы, ў каторы дабро клалі зжата,
Варочалісь да гумна у лёганькай упражы,
Волікі ж радавалісь невялікай клажы.

Варочалісь із лесу вясёлы дружыны,
Да ў парадку: напярод малыя дзяціны
З дарэктарам, ту ж суддзя йдзе рука з рукою
З яснага падкамора добраю жаною;
За імі падкаморы, пасярод дарогі
З сваякамі ён важна стары суне ногі;
За старшымі паненкі, хлапцы тут жа збоку,
За паннамі, асталісь быццам незнароку
(Так следуе); ніхто там аб то не спіраўся
Дзеля парадку; свайго ўсяк места дзяржаўся,
Кожан таго парадку пільнаваў ў сароме,
Бо пан свяціў абычай стары ў сваём доме:
Навучаў ён заўсёды векам маладзейшых,
Штоб шанавалі вяльмож, кабет і старэйшых.
«Такім ладам, — гаварыў, — народ цвіце ў чэсці,
Загіне ён, і народ прападзе без весці!»
І прывыклі к парадку сваякі і служба;
Вось калі госць прыедзе, аслі панска дружба
Навясціць дамок суддзі, крыху там пабудзе,
Прывыкне да парадку, маўляў, як у судзе.
Каротка з братанічам суддзі павітаня:
Даў яму важна руку да пацалаваня
І, цмокнуўшы ў голаву, прыняў, вельмі рады,
А хоць нядоўгі рэчы вёў, дзеля грамады,
Да із слёз, бат, каторы рукавом кантуша[9]
Абцёр, відна, як любіў пана Тадавуша.
Усё за добрым суддзёю з ніў, лугоў і бору
Варочалась ахвотна да панскага двору.
Бляючы, куча авец ў вуліцу нясецца,
За імі туман пылу ўгору стаўбом ўецца;
Далей грамада цяліц з званочкамі скора
Бяжыць, пабрыкуючы, гдзе стала абора;
Там бачыш стада каней, што з пракосаў мчыцца,
Звярнула да каладца, штоб вады напіцца;
Асвір жа пры калодцы скрыпіць безустанку.
Суддзя, хоць гасцей многа, прыстаўшы на ганку,
Ўсюды кіне вокам, пры каладцы стане,
Паглядзіць на аборку, аслі ў добрым стане,
Дазору таго служкам ніколі не зручыць,
Ведае ён, што панска вока каня тучыць.

У сенях возны[10] Пратазы разам войскі стары,
Стоючы са свечкамі, вялі ціхі свары:
Бо як войскі з панічом шоў гасцям настрэчу,
Возны сталы з вячэрай, там непадалечу,
Вынес у пусты хорам, што замкам[11] маніўся,
Каторы аж пад чорны лес бокам падшыўся.
Нашто ж то пераселле? — Войскі глядзеў крыва
І перапрашаў суддзю за такія дзіва,
Да ўжо трудненька рада ў гэтым бесталкоўі,
І суддзя вядзе гасцей у стары пусткоўі;
Па дарозе ўсцяж пану Пратазы то правіў,
Чаму проціў войскага на сваём паставіў.
«У дварэ, — кажа, — ізбы цесны, баш у гарудзе.
Для гасцей і так важных выгады не будзе;
У замку сені вялікі, к дзелу прыдаліся,
Строп цэлы, а хоць сцены крыху разышліся,
Балоны хоць пабіты, да летам гадзяцца,
Скляпы блізка, ёсць службе гдзе там пабадзяцца».
Так кажа да на суддзю міргне — відна з міны,
Што змяніў ён парадак ля другой прычыны.

Са дваццаць соцен будзе шагоў вось ад хаты
Судзінай, гдзе стаялі замковы палаты,
Відны сабой, вялікі, — дзядзіна Гарэшкі;
Апошні вотчыць згінуў ў народны замешкі,
А наліха ўсім дабром скарб распарадзіўся.
У бязладдзі апякун дый суд пажывіўся,
Якась злыдня прыйшлася й сваім па кудзелі,
А рэштай падзялілісь добры прыяцелі.
К замку ж ніхто не рваўся: нясметны выдаткі,
Штоб паддзяржаць будоўлю, патрэбны дастаткі
Не шляхецкі! — Трэба ж, граф, сусед недалекі
Суддзіны, пан багаты, як выйшаў з апекі,
Баш дзелам, што раднёю Гарэшкам маніўся,
І што ён па замор’і доўгі час насіўся,
І бачыў да замковых схожы там палаты,
Упадабаў пусткоўя лепш уласнай хаты;
А хоць суддзя бумагай даказаў там скора,
Што замак стаўляў муляр з Вільні, не з-за мора,
Да графу, як наліха, замак спадабаўся,
І суддзя да пусткоўя невесь чаго рваўся:
Пайшлі ўправа да земства, галоўна судзення,
У санат, зноў у земства, губерска праўлення,
Падняўшы ж труд вялікі і кошты бязлічны,
Вярнуліся нанова у суды гранічны.
Добра гаварыў Пратаз: ў замку сені стары
Памясцілі б і гасцей і пісараў хмары —
Доўга сень, вось стадола, строп у кружок збіты,
На стаўбах, памост выслан каменнымі пліты;
Сцены не маляваны, да чысты у сені,
На іх віселі рогі сарні і ялені,
З надпіс’ю, гдзе забіты, ў якім паляванні,
Пад імі там шляхецкі значкі[12] у маляванні,
І ўсякі тут запісан, як, бачыш, маніўся,
Гарэшкаў знак, паўказы, аж пад строп узбіўся.

Госці ўвышлі парадкам, к сталу прыступілі,
Яснага падкаморага на кут пасадзілі;
Ведама, ён старэйшы і ў чыне, і ў веку;
Ідучы, ён кланяўся кожну чалавеку.
Пры ім квастар барнадын[13], далей суддзя трэці.
Барнадын памаліўся, выпіў да вашэці,
І мужчыны парадкам водку падавалі
І халадзец літоўскі моўчкам заядалі.

Тадавуш, як прыбылы, маўляў правам госця,
Высока сеў пры паннах, бокам ягамосця;
А памеж ім і дзядзькай пуста места стала,
Яно быццам кагосьці у тузе чакала.
Дзядзька часта на места дый на дзверы глянуў,
Чакаючы напэўна, сядзення не крануў.
І Тадавуша вока да дзвярэй бадзецца,
То нехаця к пустому сядзенню нясецца.
Дзіва! ўсе месты пры ём займалі дзяўчаты
Прыгожы, у шляхецтва і розум багаты,
Каралю на іх глянуць не было б сарому.
Да вока брадзе к месту нехаця пустому.
Загадкай то сядзення, ён любіць загадкі;
Ледзь прамолвіў славечка да суседкі гладкі,
Падкаморага дочкі, быццам мала цэніць,
Не лье вады у шклянку, тарэлкі не зменіць,
Забаўляць дзяўчат малвой забыў важну штуку,
Катораю б даказаў сталічну навуку:
Толькі пуста сядзення яго занімае —
Ўжо не пуста — бог невесь, каго там сажае.
Мыслі ў галаве скачуць няведаць якія,
Вось па дажджу ў пракосах жабкі маладыя;
Ў іх адзін расцвятаець образ, як пралеска,
Свежыць грудзь маладзеньку, баш раса нябеска.
Тут яму прыманілась, як шоу у святліцу
Пусту, глядзеў на кветкі, рабую травіцу,
То ізноў слядзіў мысляй маленькую ножку,
Што у садзе таптала беленьку дарожку;
І не смеў на строп глянуць, песціў думу шчасну,
Што пэўне там угледзіць сукеначку ясну,
Кручаны валасочак у стручкі маленькі,
На грудках лебядзіных ручонкі бяленькі.

Прыняслі трэця дання — стары падкаморы,
Як баш, служыць кабетам заўсёды быў скоры,
Падаў дочцы Разальцы крыху віна ў шклянцы,
А малодшай падсунуў агуркі ў бляшанцы
І сказаў: «Я паслужу вам, мае дачушкі,
Хоць стары і не згодзен, толькі да падушкі».
І кінулісь малады, усё, што там жыла,
У сораме дзяўчатам скора услужыла.
А суддзя срога глянуў вось на Тадавуша
І, закінуўшы набок рукавы кантуша,
Наліў віна дый кажа: «Другія звычаі
Цяпер у нас; шлём дзяцей у заморскі краі
Навучыцца чужога розуму глыбока,
Да шкода! — не пільнуе іх бацькава вока.
Даўней панам вучыці шляхту было ў модзе,
Я сам лет дзесяць служыў пану ваяводзе[14],
Бацьку яснавяльможна пана падкамора»
(Кажучы, пакланіўся ён вяльможу скора).
«І, як служыць народу, вучыў ён намекам,
Не выпусціў з апекі, зрабіў чалавекам,
Памяць яго у сэрцы — да Страшнага Суду,
Павек за яго душу я маліцца буду.
А калі ж я, служачы, чыноў не дабіўся,
Зато шанаваць старшых, кабет навучыўся;
Грэчным быць — то навука бачыцца нямала,
Бо штоб нагою скробнуць, не ў тым сіла стала.
Не ў тым, штоб выскіляцца зубамі красіва,
Навука та прыгожа ля купецка жніва.
Усім следуе грэчнасць, да ўсяку іначай:
Інакшая павіннасць грэчнасці дзіцячай,
Друга мужа для жонкі пры людзях і пана
Для служак — словам, розна ля ўсякага стана;
Трэба доўга вучыцца, штобы не зблудзіці
І кожнаму парадкам чэснасць учыніці;
І старыя вучылісь: панскія гаворкі,
То быліцы у краі, а ў шляхецкі дворкі
Як з’едуцца саседы, — да белага свету
Гамоняць — то быліцы сваяго павету.
І што ўсе яго знаюць, кожан шляхціц чуець,
То ж кожан чэсць высока стражэць, шануець.
А цяпер не пытайся, з каго ён радзіўся,
Адкуль прыйшоў, як жыве дый з кім ажаніўся;
Вось калі не даносчык, калі не ў сярмязе,
З чэсцію прынімаюць яго ў кожным разе».

Так кажучы, павёў ён ўкруг вочы цікавы,
Бо хоць праўдай свяцілі старага расправы,
Да ведаў, што маладзеж то не спадабае,
Калі хто хоць разумну, да доўгу рэч мае.
Але ўсе у раздум’і слухалі глыбокам;
Суддзя падкаморага папытаўся вокам,
Падкаморы і маўчаў, да відна ж то была,
Што такая рэч суддзі вельмі яму міла.
Змоўкнуў суддзя, ён ківаў яшчэ галавою,
То ж суддзя налье чаркі шчыраю рукою
Дый цягне зноў паважна: «Грэчнасць — рэч не мала;
Вось калі ўсяк спазнае, як каму прыстала,
Шанаваць чалавеку чэснасць, век і чыны,
Сам сябе ашанцуе дзеля той прычыны;
Калі часам хто сваю вагу хоча знаці,
То на праціўну важку звык каго сажаці;
Бардзей жа маладыя павінны вучыцца,
Як чэсна з кабетамі трэба абхадзіцца,
Кабетамі, каторых род яснавяльможны,
Каторых чэсць вяліка, абычаі збожны.
Так вязалісь жанідбай, шчасна зажывалі
Маладыя — бацькі нас гэтак навучалі,
І дзеля...» Тутка стары на братанка гляне,
Відна, срогу навуку казаць яму стане.
Штаб перабіць гаворку, кончыць дзядзькі свары,
Вось скрыпне табакеркай падкаморы стары
Дый кажа: «Суддзя мілы! — ой! — даўней горш была,
Бачыцца, што й нас мода лепшымі зрабіла.
Чы малады кінулі прыхаці нягодны?
Я помню то няшчасця, як у край наш родны
Набяжаў дур пранцузкі, маўляў бурна туча,
Як панкі маладыя, баш нехрыстаў куча,
Адчураліся Бога, пайшлі блуднай сцежкай
Дый узгардзілі праўдай, польскаю адзежкай.
Жалосна было глядзець на малакасосаў,
Як шваргаталі носам, а часта без носаў,
Як заморскі пісулькі ўсюды разнасілі,
К новым законам, веры, адзежцы манілі,
Як здзекавалась хмара над народам знаці,
Бо Гасподзь, калі хоча край які скараці,
Адбярэ пярвей розум у сваім Страшным Судзе!..
І пацяглі разумных за нос дурны людзе.
Спалохаўся іх народ, маўляў джумы страшнай,
Бо пачуў ў сабе зарад немачы няшчаснай;
На панічыкаў модных усюды крычалі,
Самі ж веру, гаворку, адзежку мянялі.
Было то зло распуцця, вяліка сваволя,
Па каторых прыйшоў к нам страшны пост — няволя!

Помню, яшчэ дзіцяцяй бадзяўся па свеце,
Калі да бацькі ў Ашмянскім павеце
Прыехаў пан падчашыц[15] у вазку пранцузску,
Ён першы зашваргатаў не па-беларуску.
Першы ён ўвёў ў Літву заморску гаворку.
Ўсе завідывалі, к катораму дворку
Заехала двукольна бяда, чы драндуля,
Катора па-іхняму звалась карыюля.
За лякаяў дзве малы сталі сабачонкі,
На козлах сядзеў мемец, як дошчачка, тонкі,
Жураўліныя ногі, бачыцца дзве тыкі,
У панчошках, — з пражкамі яго чаравікі,
На галаве чужыя воласы і з мехам;
Старыя дзівіліся чучалу са смехам,
А мужыкі хрысцілісь і шапталі ціха,
Што ў вазку заморскім ванэцкая ліха.
Сам падчашыц быў пахож спераду і збоку
На заморскую малпу аслі на сароку.
Чужы волас каўтуном на галаве віўся,
Трасяні — пылок з мукі пад сам строп узбіўся!
Калі ж хто тагды й думаў, што адзежка польска
Прыстоіць чалавеку ляпей, як заморска,
То маўчаў у куточку, бо паны крычалі,
Што вучыцца розуму мы сваім мяшалі.

Пан падчашыц усёды пушчаў таку гадку,
Што новага розуму, заморску парадку
Землякоў вучыць стане. Вось хітрасці поўны,
Выдумалі пранцузы, што ўсе людзі роўны.
Дзіва! — то ж стаіць аб тым ў божым прыказанні,
І ксяндзы вясцяць аб тым на ўсякім казанні.
Навука даўна, толькі слухаць штоб ахвота,
Да быццам на ўсіх пала курына сляпота:
Што толькі у пранцузскім пісьме ні стаяла,
Хоць дзела найстарэйша, веры не імала.
Вясціў падчашыц роўнасць людзям, — сам назваўся
Маркізам, — баш чын такі у модзе казаўся;
Як жа з летамі чыны выгналі з Парыжа,
Ён чалавекам вольным хрысціўся з маркіза,
Далей за Напалёнам, ўсёмагучым панам[16],
Із-за мор’я прыехаў якімсьці баранам[17].
Што б пажыў больш на свеце, барана б чураўся
І вольным чалавекам зноў ахвотна б зваўся.
Бачыш, торгам на моды у замор’і жылі,
А што пранцуз уздумаў, палякі любілі.

Дзякуй богу, што прайшла ў нашай маладзежы
Ахвота лётаць за дом па модны адзежы,
І чужога парадку ў купцоў дабівацца,
І па шынках заморскіх мовы навучацца.
Бачыш, цяпер Напалён, як наліха, скоры,
Не дае часу гнацца па модны узоры;
Цяпер ваяваць мода! — а нам сэрцы б’юцца,
Што ізноў аб паляках гутаркі нясуцца.
Ёсць слава! — тож ускрэсне і Рэч Паспаліта[18]!
Стане вольнасць, як зямля вайной будзе сыта.
Толькі ж маркотна, што й мы разам не працуем,
Аб сваіх і вестачкі добрай не пачуем;
Ах, чакаці! — а сэрца рвецца па навіну.
«Отча Рабаку! — ціха кажа барнадыну. —
Чуў я, што із-за Нёмна меў, вашэ, бумагу.
Скажы аб войску нашым яку вестку благу!»
«Нічога, — кажа ціха Рабак да грамады
(Відна, што той гаворцы не вельмі быў рады), —
Палітыка[19] нудой мне; а калі з Аршавы
Грамату меў якую, — то вось дзеля справы
Барнадынскай, — расказы аб тым не цікавы,
Ёсць тут людзі — ім не ў смак гэтакія стравы».

Так кажучы, ён крыва зіркнуў ў куток столу,
Гдзе маскаль Рыкаў вядзе гаворку вясёлу.
З салдатамі ён блізка двара меў квацеру,
Добры суддзя і яго клікнуў на вячэру.
Рыкаў, баш, па-маскоўску шчыра к ядзе браўся,
Пачуўшы ж аб Аршаве, вось як абазваўся:

«Ой, пане падкаморы! — вы усе цікавы
Весці аб Банапарце[20] — вам, баш, да Аршавы,
Вам хочыцца атчызну[21] бачыць ў вольным быці!
Я хоць маскаль, да аб тым не стаў данасіці.
Вы паляк, а я рускі, — цяпер не ваюем,
Ёсць перамір’я, так мы весела піруем.
Часта і з пранцузамі, стоючы на стражы,
П’ём гарэлку, а вяляць — скачы, сыне ўражы!
Мужыцка прыгаворка кажа, штоб, як душу,
Любіць жонку, а трасці яе, маўляў грушу.
Я кажу, будзе вайна — да Плута маёра
Ад’ютант штаба прывёз указы заўчора
Гатовіцца к паходу. Пойдам чы на турка,
Чы пранцуза, — Банапарт цвёрдая то скурка!
Без Суварава згрызці яго — трудна справа!
Кажуць, з пранцузамі будзе ліхая расправа!
Банапарта — то знахар! — да і наш Сувараў
Чараўнік; то ж былі бы чары проціў чараў.
Раз на вайне Банапарт загінуў — ні знаку!
Перакінуўся ў ліса, Сувараў — ў сабаку.
Як дапёк Банапарта, той катом хрысціўся
Дый дзярэ! — баш! — Сувараў ў кусага змяніўся;
Што б было...» (Тут гаворку Рыка перабілі.)
Ўняслі чацвёрта дання — дзверы расчынілі.
Ўходзіць якаясь пані, малада, прыгожа,
Яе румяна лічка вось цвяціста рожа!
Багатае убранне усе аглядалі,
Усе, кром Тадавуша, паклон ёй аддалі.
Тоненька, як тычынка, грудкі баш тачоны,
Сукеначка багата, цвет крэпка чырвоны,
Каўнерык павуцінай бачыўся здавацца,
Веяла чымсь на лічка, штоб прахаладацца
(Хоць не было гарача), да веер злачоны
Рассыпаў яркі іскры на усе староны.
Галоўка без чапочка, ў кружкі волас звіты,
У стужачкі, баш дзіця у пялёнкі, спавіты;
Пасярод брылянтова шпонка біла ў вочы,
Блішчала, баш звёздачка блішчыць сярод ночы.
На вяселле, здаецца, убралась; шапталі,
Што такое ўбранне на баль толькі клалі.
Хоць каротка спаднічка — ножак не ўказала,
Бо па зямлі бягучы дробненька шагала,
Як лялечкі батлейны у Божа нараджэння
Паказываюць хлапцы на увесялення.
Штоб пустое мясцечка заняць там бяспечна,
Бягучы, кланялася сюды-туды грэчна;
Трудна ж было дабіцца, бо праход занялі,
Лавы дый крэслы з гасцьмі у два рады сталі.
Чы лаўку пераскочыць, чы сядзення цэла
Рушыць з места, — да яна ўбіцца там умела
Памеж стала і гасцей, як галачка мала,
Круцілась сюды-туды — аж пры месце стала;
Вось толькі па дарозе кагось зачапіла,
Спёрлась на Тадавуша дый перапрасіла,
Пасля на крэсле сваём лягонька прысела
Тут жа меж хлапца, дзядзьку, — нічога не ела:
Часам махне веерам, з чараном гуляе,
Часам дарагі каўнер на грудках спраўляе,
А часам белу ручку пад стужачку садзіць,
Штоб паглядзець убрання, галоўку прыгладзіць.
Гаворка там, унята дзеля кабяціны,
Парадкам завязалась зноў памеж дружыны;
І пайшлі кругом суды, громка распраўляння
Дзеля сягодняшняга ў лесе палявання.
Ацэсар там з раентам[22] спор вялі упарты,
Заеліся аб свае праслаўныя харты:
Раент крычаў, што яго Кусы зайца згладзіў,
Ацэсар — што з шараком яго Сокал зладзіў.
Да людзей пайшлі на суд, — і усе дакола,
Адны бралісь за Куса, другі за Сакола:
Адны дзеля знахарства, другія баш сведкі;
Суддзя ціханька шапнуў да сваёй суседкі:
«Даруй, сястра, што цябе з вячэрай не ждалі,
Думалі, што не прыйдзеш, а прагаладалі».
Так кажа, падкамора чарку налівае
Дый аб навінах ў краі ціха распраўляе.

Калі така гаворка укруг стала ходзіць,
Тадэвуш з кабяціны і вачэй не зводзіць;
Успомніў аб то места, залатыя гадкі,
То ж мела быць сядзенне яго ненаглядкі!
Прыпомніў — і сярдзечка моцна закіпела!
Шчасліва развязалась та загадка цэла;
Відна ж, то Бог прызначыў, што пры яго боку
Прысела та пралеска, што бачыў у памроку.
Праўда, здаецца, ад той вышша ростам стане
Да ўбрана, а людзей змяняе убранне;
Волас у той казаўся ясна-залачоны,
А у суседкі кручы і доўга спляцёны;
Пэўне, ту перамену соненька зрабіла,
Бо красней пры западзе, здаецца, свяціла.
Лічка той не дагледзеў сумеркам учора:
Як мігам паказалась, так уцякла скора;
Думаў, што прыкідалісь углям яе вочкі,
Маўляў вішанькі — губкі, баш малако — шчочкі.
І у суседкі схожы губкі, шчочкі, вока.
Што ж, гэтай век, здаецца, старэйшы далёка?
Агароднічка, кажыся дзяўчоначка мала,
А суседка у лятах крэпка даспявала;
Да маладзеж аб гады кабет не пытае,
Каторая прыгожа, та і маладая.
Дзецюку яна векам равейніцай ймецца,
Нявіннаму кабета паненкай здаецца.
Тадавушу хоць дваццаць лет ужо даспела
І у Вільні вясёлам правёў жыццё цэла,
Ксяндза меў дарэктарам; той пільнаваў срога,
Не папускаў на кепства, вучыў хваліць Бога,
І малады Тадавуш ў сваю зямлю родну
Прывёз сэрца нявінна, душу чысту, годну;
Да ведама ж, малады розум — не дзівота!
На сяле пагуляці прыспела ахвота.
Ведаць, што прыгож сабой, малады дый крэпкі,
Што зваўся ён Сапліцай, Сапліцы ж не злепкі —
Яны мужчыны цвёрды — сільны маюць рукі,
Да жаўнеркі ахвотны — тупы да навукі.

Тадавуш ад праатцоў сваіх не чураўся,
Дзельна на кані ездзіў, пехты не баяўся
І туп не быў, хоць з кніжак не вучыўся пільна,
Хоць дзядзька за навукай яго глядзеў сільна;
Ён лепш рваўся да стрэльбы, з шабляй рад гуляці,
Ведаў, што да ваячкі яго мелі гнаці,
Што така ў тастамэнце стала бацькі воля,
Гнаўся мысляй за бубнам, седзячы у школе;
Да дзядзька змяніў волю бацькаву да разу,
Вялеў прыехаць дамоў у сваём прыказу,
Умыцца гаспадаркі пакуль да вяселля,
Пакуль багата сяло дасць на наваселля.

Пагляд на Тадавуша, шчасны віды гэткі,
Манілі блудныя мыслі прыгожай суседкі,
Прыкінуўся рост хлапца цікаваму воку,
Абліла ўзглядам жадна яго грудзь шыроку
І па твары блудзіла, — тая вось гарэла,
Як толькі яе вока ў пралёце сустрэла.
Ён прыгожай суседкі ужо не баяўся,
Наліха, баш, з ахвотай у лічка прыглядаўся.
Дай яна прыглядалася — вось чатыры зрэнкі
Гарэлі, баш звездачкі на небе маленькі.
Найперш з ім па-заморскі стала шваргатаці,
Ведама — прыбыў з места, аб чым жа пытаці?
То ж пусціла гаворку аб кніжках разумных,
Аб пісарах тых кніжак дый аб людзях умных;
Што ж — як пайшла шчабятаць зноў аб маляванні,
Аб музыцы, аб разьбе, далей танцаванні!
Паказала, што знае ўсе прыгожы штукі.
Дзіва ж! — хлапец, змякнуўшы вялікі навукі,
Перад кабетай аб свой розум пабаяўся,
Маўляў, стаіць дарэктар, — краснеў, заікаўся.
Ладам, што той дарэктар прыгожы, не срогі.
Уняла з ім гаворку дзеля той дарогі,
Павяла другой сцежкай: вось аб сельскім быцці,
Якой шукаць забавы ў невясёлым жыцці.
І Тадавуш смялейшы павёў разгаворы;
Не прайшло паўгадзіны, з кабяцінай скоры
Пусціліся у жарты, пачалі спірацца;
Суседка да дзецюка пайшла заляцацца:
Ставіла тры галачкі, — бліжэйшу на долю
Хваціў, — а падкамора дочкі, на сваволю
Таку гледзя, моршчылісь быццам змагла колька;
Суседка ж не сказала, хто ў той галцы, толька
Засмяялась уголас дый пачырванела,
Маўляў красна малінка на сонцы даспела.
Інакша ў другім канцы стала йдзе забава,
Там, бачыш, пайшла гарэй Сакаліна справа.
На ахвотных да Куса ўсе угрунь усселі,
Завязаўся спор дзелам, аж яды не елі.
Гоман вялік, усякі як не ўверадзіўся;
А страшэнна пан рэянт зацецеравіўся,
Як пайшоў такаваці, такаваў без меры,
Знакамі даказваў свае мовы шчэры
(Балеста баўбатуном зваўся меж суддзямі,
І для таго страшэнна махаў ён рукамі).
Цяпер яны пры баках, узад локці выгнуў,
Вось з-пад плячэй рукамі дый ногцямі спрыгнуў,
Паказуючы такім знакам хартоў змычку,
Прылёг на стол дый крыкнуў, бачыцца ў наклічку:
«Выжга! — пусцілі разам з ацэсарам змоўна,
Вось два замкі шчоўкнулі з дзвюх стральбочак роўна.
Выжга! пайшлі, — а заяц струной ў поля мчыўся,
Сабакі тут жа». (Раент пальцамі насіўся
Па стале — баш сабачы паказываў скокі.)
«Сабакі тут жа, пад лес гналісь недалёкі;
Сакол, нечага казаць, знахар на то дзела,
Выцягся перад Кусым на далоння цэла;
Ведаў я, што спудлуець, — зай, цікун вялікі!
Чгаў, быццам проста ў поле, — за ім усе смыкі;
Цікун шарак! — як пачуў, што ў кучы сабакі,
Пстрык управа, даў казла — за ім глупы сакі,
А ён ізноў налева ударыць два сусы,
І сабакі налева. Зай у лес! Мой Кусы —
Цап!!» — Так раент дабываў сваю мову звонку,
Дый на другу ён стала ўзабраўся старонку
І то «цап» Тадавушу над вухам як крыкне!
Ён дый суседка к крыку такому не звыкне;
Спадтайка, перапугам вялікім абліты,
Адчурылі галоўкі свае ў кучу збіты;
Маўляў вярхі дзярэўя, к сабе пахілёны,
Развеяў вецер; рукі ж, пад сталом спляцёны,

 
Ледзь у такой прыгодзе расплясцісь успелі,
А два красныя лічка больш пачырванелі.

Тадавуш, штаб не здрадзіць сваёй няўвагі,
Такой гаворкай з сябе дабываў адвагі:
«Кусы відны! — у полі, бат віхар, нясецца,
А калі ж ён да звера дзельна так бярэцца...»
«Бярэцца! — то ж сабака, якіх у свеце мала!»
Тут падаспеў Тадавуш, як бачыш прыстала,
Хваліў, што без нароваў, — знахар ў сваём дзеле,
Жалаваў, што не бачыў, як зайца ён змеле.
Аж задрыжаў ацэсар — пусціў з рук кялішак,
Глянуў на Тадавуша, маўляў базылішак[23].
Ацэсар не крыкала, дый не так рухлівы,
Ад раента ў рост нізіны, ў славах не так жывы,
Да на сабраннях усім даваўся у знакі,
Язык меў ядавіты, баш жала вужакі.
Так разумны ён слаўца умеў падпускаці,
Што смела ў календары можна іх спісаці;
А ўсе злосны вяліка. Меў долю батату,
Цэлую бацькаўшчызну, дый што ўзяў па брату,
Прапусціў вось чэраз сіта, на вялікім свеце.
І прыняў службу царску у сваём павеце.
Любіў ён паляванне, раз дзеля забавы,
То ж звонкі голас трубкі — вялікі аблавы,
Прыпаміналі яму гадкі маладыя,
Калі меў стральцоў дзельных, сабакі удалыя.
Цяпер меў пару хартоў із цэлай адправы,
І аднаму з тых сабак унімаюць славы!!
Дый трэба ж дагадацца, што і Талімена,
Маўляў камень на сэрцы, — кахаўся страшэнна!
Зліўся, што з кабяцінай кепска ідзе справа,
Згадаў, што лепш з другімі міла ёй забава.
Вось падходзіць, гладзячы вусы самавіты,
Засмяецца, а смех той вельмі ядавіты,
І кажа: «Акадэм’ю[24] слаўну Вільна маець
Да аб сабаках яна там не навучаець.
Друга аб іх ў Аршаве, Кракаве[25] гаворка
І на сяле. Вучыць нас стара прыгаворка:
Як без хваста сабака, так шляхціц без чына;
Хвост сабацэ да бегу нямала прычына,
А пан хваліш сабаку, што без хваста ходзіць.
Няхай цётка панская суд памеж нас зводзіць.
Хоць пані Талімена жыла у сталіцы
І намесь засвяціла ў нашай акаліцы,
Да суд ёй аб ахвоце праўдаю засвеціць,
Бо навука з летамі ў адно з сабой меціць».

Хлапцу, на каторага неўзнарок напала
Така граза, са злосці гаворкі не стала.
Глянуў на ацэсара — да кулакоў скоры,
Шчасцям, вось кіхнуў моцна стары падкаморы.
«На здароўя» крыкнулі, — той, з паклонам, слухаў,
Забубніў у табакерку, табакі панюхаў;
Табакерка ж ў брылянтах, золатам свяціла,
На ёй кароль Станіслаў[26] прыглядаўся міла.
Падкаморага бацьку кароль ссудзіў ў дары,
Па бацьку яе хаваў падкаморы стары.
Як забубніць, дае знак, што гаварыць будзе;
Усе замоўклі, ціхасць, баш на Страшным Судзе,
Ён кажа: «Шляхта, браты, мае дабрадзеі!
Судзіцца аб сабакі следуе у кнеі.
Ладна ж спірацца дома, гдзе гарыць забава?
На заўтра аб то дзела ў адклад ідзе справа;
Я дальш спірацца добрым людзям не дазволю:
Возны! абвясці указ да заўтра, у полю.
Заўтра і граф з стральцамі тутацька прыедзе,
І Вашэ пойдзеш з намі, суддзя, мой суседзе!
І пані Талімена, панны і кабеты —
То ж будзе паляванне слаўна на ўсе леты!
І войскі, калі на то ахвоту пачуе», —
Так кажа — і старага табакай частуе.

Войскі, сідзя на вострым канцы, меж стральцамі,
Моўча вадзіў па сені блуднымі вачамі,
Хаця яго й пыталі, які ў тым суд, воля,
Бо пан войскі то місцюк вялікі да поля!
Да ён важна той справы у раздум’і слухаў,
Доўга важыў у пальцах табаку — панюхаў
Дый чхнуў — аж сцены стары укруг затрасліся,
І такі з яго губы рэчы панясліся:
«Мой Божа! яка ж туга на мяне напала;
Што бы грамада стральцоў старэнькіх казала,
Пачуўшы, што вяльможы і шляхецкі сыны
Вядуць гарачы споры аб сабак хвасціны?
Стары Райтан, штаб ажыў, — на таку навіну
Вярнуўся б да Ляховіч ў сваю дамавіну.
Штаб сказаў Несялоўскі[27], ваявода даўні,
Каторы й цяпер дзержыць сабакі праслаўны,
І сотні мае стральцоў абычаем панскім,
І сотні вазоў сеці ў замку Варанчаньскім,
Да сядзіць адзінокі дома, на дзівоту;
Ніхто, баш, не прыманіць яго на ахвоту.
На такое мысліўства ён дзеля сарому
Белапятровічу даў адказ самому.
Вяліка ж чэсць для пана так багатай долі
За шараком бадзяцца па шырокім полі?
У старыцу за зверам грубым паны гналісь,
Бо дзік, мядзведзь то штукі шляхецкія звалісь,
А звер без клоў, без ногцяў, пуглівы, пакорны,
Наравіўся мужыкам дый чалядзі дворнай.
Ніхто бы там із паноў не ўзяў стрэльбы ў рукі,
Тонкім шротам набітай, на малыя штукі.
Праўда, дзяржалі хартоў для дзяцей забавы,
Штоб панкоў маладзенькіх ўпраўляць да аблавы,
Да бацькі не хацелі, баш, і падзівіцца,
Не то штоб яшчэ мелі аб кепства сварыцца.
Дзеля такой прычыны ясне падкаморы
Прабачыць, што прыказу слухаць я не скоры.
У жыцці маём целам прысяг я душою —
На такую ахвоту не крануць нагою.
Завуся я Грачэхай, — ад караля Леха
Ні адзін за зайцамі не гнаўся Грачэха!»
Маладыя смяялісь з войска за абедам,
Пасля ад стала ўсталі, падкамора следам,
Следуе та увага важну чалавеку:
Ён старшы і па чыну, старшы і па веку.
Ідучы, ён кланяўся ўсякаму па чыне,
За ім квастар, а суддзя шоў па барнадыне.
Падкаморага жонцы суддзя пры парозе
Падаў руку дый павёў у двор па дарозе.
Тадавуш Талімену, ацэсар Крайчанку,
Раент на канцы павёў войску Грачашанку.

Тадэвуш з маладымі пайшоў да стадолы;
Зол страшэнна! — на душы вельмі невясёлы.
Што было — занімалі яго мыслі гэткі,
Вось спаткання, вячэра пры баку суседкі.
Ой! — прыкра ж слова «цётка» яму каля вуха
Усцяж бурчала, здаецца паганая муха:
Хацеў бы у вознага лепей распытацца
Аб Талімене, да, баш, не мог з ім спаткацца
І войскага не ўгледзеў, — той дзеля парадку,
Штоб гасцям даць выгаду, прапаў не ў аглядку,
Паброў дагледзець службы, штоб пасцелі слалі.
Старэйшыя, кабеты у будынку спалі,
А маладых Тадавуш, па дзядзькавай волі,
Вёў на сена, штоб маглі спачыці здаволі.

У дварэ ўсё прыціхла — бачыцца, не жылі,
Маўляў званы ў кляштары на пацер званілі;
Толькі стоража голас часам адазваўся;
Спалі ўсе, адзін суддзя заснуць не пытаўся.
Галава гаспадаркі, ладзіў ён адправу
У поле, заўтрашнюю для гасцей забаву.
Даў прыказы коману, войтам і гуменным,
Пісарам, ахмістрыні, стральцам і стаенным,
Далей з падзённікамі сумеў расшчытацца,
Урэшце сказаў вознаму, што хоча праспацца.
Возны адвязаў пояс слуцкі, увесь літы[28],
Пры ім вісяць кутасы вялікі, баш кіты,
Зверху, золатам шыты, блішчаць кветкі лоўкі,
Навыварат серабро да мяккія шоўкі.
Такі пояс завяжаш на старонкі обе —
Залатую у свята, чорну у жалобе.
Сам возны сумеў ладзіць з поясам прыборку,
То ж яго адвязаўшы, кончыў так гаворку:
«Што ж злога, што перанёс я сталы да замка?
То ж нам карысць, а ўрагам запала ўжо клямка,
Бо, калі аб той палац з графам суды водзім,
Мы цяпер у дзяржання праўна яго ўходзім.
Хоць брытаном праціўнік з намі заядаўся,
Дакажам, што той палац за намі астаўся;
Вось калі хто ў замку гасцей прынімае,
Рэч пэўна, што то мення сваім уважае:
Саміх жа праціўнікаў зазавём у сведкі.
Помню — за маіх часаў былі справы гэткі...»

Заснуў суддзя, і возны нішкам шоў у сені,
Сеў пры свечцы, кніжачку выняў із кішэні,
Каторую шануе, як малітвы Богу,
Катору носіць з сабой дый бярэ ў дарогу.
Спісан там трыбунальскіх спраў ляестр вялікі[29],
З катора узымалісь па парадку клікі:
Простым людзям то прозвішч ляястровы карты,
Вознаму — то па працы гарэлкі паўкварты.
То ж чытаў у задум’і: Агінскі з Візгірдам,
Дамініканкі з Рымшай, Рымша з Вышагірдам,
Радзівіл з Варашчакай, Гейдрайц з Радалтоўскім,
Абуховіч з кагалам, Юрага з Пятроўскім,
Малеўскі з Міцкевічам; тут і граф ўпісаны,
З Сапліцаю. Чытае, і думы каханы
Вядуць яго у той час, як справы вялікі
Судзілісь ў трыбунале, — чуе свае клікі,
Бачыць сябе ў кантушы, у жупане белым,
Як важна — «прыціхніце» — крычыць горлам цэлым.
У тых думах, пацеры шэпчучы памалу,
Заснуў паследні ў Літве возны трыбуналу.

Такія, пры ахвоце, справы ў прошлы лета
Вялі ў ціхім дварэ, — калі рэшта света
Залівалась слязамі (кажа гадка стара).
Бачыш, той муж вялікі[30], — яго палкоў хмара,
Узяўшы з сабой ваенны арлы залатыя,
Разам з сярэбранымі, у краі чужыя
Беглі із пушч Лібійскіх пад Альпы высокі[31];
Іх громы заляталі ў зямелькі далёкі,
Гдзе стаўбы каменныя старчаць па заморы,
Што піраміды звуцца, — роўна ж пры Таборы,
Пры Марэнга, Аўстэрліц, Ульм войска навала
Шла гразою на поўнач дый пры Немне стала.
Адбіла, баш ад сцяны, іх сіла Маскоўска,
Катора бараніла берага літоўска,
Страшней вось ад заразы Маскве весць такоўска.

Часам і спадзе вестка, маўляў камень з неба,
У Літву чы дзед стары, жабруючы хлеба,
Без рукі чы без нагі, прыме падаянне,
Прыстаўшы, — сюды-туды астарожна гляне
І, як не маш у дварэ маскоўска жаўнера,
Жыдоўскія ярмолкі, чырвона каўнера,
Скажа, што ён із войска польска, — неўзначаі
Прыбадзяўся, штоб косці злажыць ў родным краі,
За каторы ваяваць не ў сілах рукою.
Кожан яго прымае сэрцам і душою.
Ён рад за стол садзіцца, уроніць слязіну
Дый дзіўнейшу ад казкі прашэпча навіну.
Раскажа, што адважны анарал Дамброўскі
З чужой зямлі у сваю вядзе сілы польскі,
Сваякоў сабірае ён на чужой ролі;
Як Княжэвіч[32] прыказы дае ў Капітолі:
Гарой ён! — выдзертыя урагам Цэзараў,
Кінуў пранцузу ў вочы сто слаўных штандараў.
Як Ябланоўскі[33], забег, гдзе перац усходзіць,
Гдзе цукровае зелле лесам зямля родзіць,
Гдзе ўсцяж вясна красуе, — з Дунайскаю сілай
Б’е чорных, а да ніўкі уздыхае мілай.

Такія то гаворкі па краі хадзілі,
Яны з палацаў дый з хат дзецюкоў манілі.
Не адзін, то пачуўшы, сваіх адчураўся,
Штоб маскаль не угледзеў, па лесе бадзяўся;
Дабег к Немну, даў нурка — палядзь! — даплывае
На другую старонку, землякоў вітае;
А пасля, зняўшы шапку, маскалям з прыгора
Кажа: «Будзьце здаровы! пабачымся скора!»
Так шлі ўпрочкі Гарэцкі, Пац і Абуховіч,
Пятроўскі, Абалеўскі, Ражыцкі, Яновіч,
Мяжаеўскі, Брахоцкі, Гедымін — і многа,
Усякі даваў цягу, каму толькі змога.
Кідалі бацькоў, матак, радзімую ролю
І дабро, катора цар браў на сваю долю.

Часам на Літве квастар з кляштара далёка
Прыбадзецца да двара, зашыту глыбока
Выпара із шкаплера карту друкавану
Дый лічыць сілу войска народна спісану,
Чытае ахвіцэраў прозвішча, іх справу,
У якім дзеле, другіх смерць слаўну чы крываву.
Так кроўныя, пачуўшы аб сваіх навіну,
Вось адны дзякавалі за добру вясціну,
А другія журылісь, плача сына, брата.
Не адна там жалобу прынімала хата.
А ў аколіцы ціха, — жаласць добрых ланаў
Чы радасць, — пэўны весткі для бедных зямянаў.
Такім квастарам Рабак маніцца здаваўся,
Часта ён у каморы з суддзёй замыкаўся,
І па доўгіх гаворках сакрэтных ў святліцы
Рассыпалісь вестачкі розны ў акаліцы.
Да й квастар хоць каптуром ксяндзоўскім накрыўся,
Відна, што у кляштары доўга не нажыўся.
Насіў ён знак над вухам і ў барадзе рану,
Стральбою аслі пікай ясна напісану.
Не толькі ж то па ранах, згадаеш па міне,
Што ён служыў жаўнерам, — мо’а у чужбіне.

Калі пры службе божай, угору з рукамі,
Абернецца к народу, штоб сказаць: «Бог з вамі!»,
Здаецца, што то жаўнер, выцягшысь струною,
Стаіць прад ахвіцэрам з паднятай стральбою.
І слаўца ён святыя так голасна правіць,
Вось, бачыцца, ваякоў у парадак ставіць.
І расказы лепш вядзе аб навінах стары,
Чым малітвы чытае ў сваём бравіяры[34].
А бадзяясь там да сям, — ведама па квесце,
Часта жыве нядзельку ў павятовым месце:
Робіць там антарэсы — а лістоў, вось смеці!
Адбярэ дый, замкнуўшысь, чытае у клеці.
Часам шле ён пасланцаў да нікому ў вочы
Не скажа, куды іх шле; часта сам у ночы
Бяжыць у двары панскі — з шляхтай распраўляе;
Па сялах да па карчмах, бачыцца, гуляе,
З мужычкамі гамоніць аб розны навіны.
І цяпер суддзі кажа — дзеля той прычыны,
Што не можыць у дварэ заўтра міны адправіць,
У клябанью паедзе, штоб навуку правіць,
Пасля стральцоў у карчме будзе дажыдацца,
Не вернуцца ж — пад лесам рад з імі спаткацца.

Канец першай быліцы

Зноскі[правіць]

  1. Віленьськая, Ковеньськая, Часьць Гродзеньськай і Міньськай губэрній,— да ў Польшы Аўгустоўськая,— тож палавіна амаль Пруськай зямлі твораць старую Літву, c катораю яшчэ за даўніх Літоўськіх князей Гадыміна, Вольгерда, Віта (Вітольда) і другіх чорная, белая і малая Русі пабраталіся, вось родные і жылі так, сліўшыся ў адно аж да нашых дзядоў. Чырвоная жэ Русь, каторую мямецкае Царства забрала із даўніх-даўна, яшчэ за караля Польскага Казімера вялікага, случылася c Польшаю.
  2. Усе ў Польшы дый у чужых зямлях за марам ведаюць аб цудоўным образе Чанстахоўськай Божай Маці. У Літве слывуць цудамі образы Віленьськая Вастрабрамськая, замкавая Навагродзкая, Жыравіцкая і Барўньськая Найсвентшая Панна.
  3. Касьцюшка — анарал Польські, каторы за дзядоў нашых ваяваў с Маскоўськаю і Мямецкай сілай за вольнасьць Польшы, Літвы і Русі.
  4. Райтань — пан із чорнай Русі. Ён то на радзе (сэйме), праведаўшы, што другіе паны згадзіліся, штоб Польшу с Літвою сумежные царства разабралі, із жаласьці па вольнасьці ўтраце разпароў сабе нажом бруха. Кніжкі «Фадон» і «Жыцьцё Катона» вельмі разумные, вы іх, дзеткі, ня паймёце. Першая пішэць аб душы чалавечнай, а другая апісуець жыцьцё праведнага чалавека, каторы, як атчызна яго пацірала вольнасць, с вялікага жалю атабраў сабе жыцьцё.
  5. Ясіньські і Карсак — польськіе ахвіцэры; яны баранілі Прагу, што перэд Аршаваю, ат анарала Маскоўськага Суворава.
  6. Дамброўські анарал польські, вельмі атважны і разумны чалавек.
  7. Войські — гэта такі быў у Польшы чын. Як бывала ўся шляхта выцягне проціў непрыяцеля (што называлась тагды «паспалітая рушэньня»), то яго дзелам было аставацца дома бараніць кабет і дзяцей і журыцца
    аб іх дабро. У нас часта, дзеля грэчнасці, людзе самавольна хрысьцілі суседаў і знакавых якімсь чынам, што пасьля ўжэ папіло ў абучай.
  8. Падкаморы — вялікі то чын калісьці ў Польшы. Ён маніўся старшэйшым у сваём павеце памеж шляхтай. Як Масква стала правіць Полынаю, то ўжэ чын гэны ня меў ніякай сілы; дзеля грэчнасьці часам кагось тым чынам манілі. Якісь час яшчэ Падкаморы судзіў мяжавые справы, а пасьля і то прапала. Тож заступаў ён часам Маршалка і Каморнікаў ставіў.
  9. Кантуш — такоя ўбраньня даўней Палякі насілі, яно было
    вельмі красівая.
  10. Возьны, іначай анарал,— малы то чын у польшы. Суд ставіў возьнага із дробнай шляхты, каторая мела свой кусок раллі.
  11. Замак — быў то вялікі камянны палац, са ўсімі гаспадарскімі прыстройкамі: ён, для абароны ад непрыяцеля, быў камяннаю сцяною, чы валам, сыпаным із зямлі і ветраколам умацованым, кругом баш поясам абвядзёны.
  12. Значкі шляхэцькіе — то гарбы. У стэрыну каралі супілі гарбы людзям за заслугі; а хто меў такі значок, асьлі герб, той ужэ і весь яго род маніўся шляхціцам.
  13. Квастар Барндн — вось як барнадынські закан ня маець ніякага меньня, то ёсьць у ніх такі абычай, што адзін із ксяндзоў езьдзіць памеж добрых католікаў і просіць падаяньня; і так адзін дае авечачку, другі — барана, той мерку, другую збожа, хто што можэ. Так яны на цэлы год сабіраюць сабе на жыцьцё, дый за дабрадзеяў сваіх шчыра моляцца Богу.
  14. Ваявода — вялікі чын даўней у польшы, ня раўнуючы цяпер губернатарські, да кажыся яшчэ большы.
  15. Падчашы — тож даўнейшы чын у польшы. Падчашага сына манілі Падчашыцам. Так было і с другімі чынамі.
  16. Напалён — быў то Магуны Цар пранцузькі. Ён у дванадцатам гаду с вялікаю сілай шоў на Маскву, да баш цьвёрдая зіма памаразіла ту сілу, ледзь якаясь злыдня вярнулася дамоў.
  17. Маркіз, Барон — то чыны заморскія пранцузоў і мемцаў. Даўней некаторые із нашых паноў, маючы больш грашэй, як розуму, езьдзілі за мара, штоб купляць гэные чыны, то і цяпер, на бяду нашу, часам робяць то кепства.
  18. Рэчпаспаліта — Польш с Літвою і Русьсю звалась Рэчпаспаліта. Дзеле таго яе (Польшу) так манілі, што народ быў вольны, правіўся заканам, а кароль нічога ня мог зрабіць, што ў том закане не стаяла, толькі сцярог, штоб людзе ат таго закану ня адступалі.
  19. Палітыка — што дзеецца ў сваём краі і ў заморый, як каралі правяць народамі, — добрае чы благое жыцьцё людзей пад яго праўленьням завецца палітыкай.
  20. Банапарт а Напалён — усё адзін чалавек. Напалён імя, а Банапарта прозвішча. Ён атвагай сваёй і вялікім розумам с простага чалавека стаўся магучым царом пранізаў.
  21. Атчызна — Зямля, на каторай мы радзіліся каторую ўпраўляем сваёй працай, на каторай пахаронены косьці бацькоў, дзядоў дый праатцоў нашых; паветрыя, каторым мы атдыхаем, то завецца атчызна
  22. Раент — чын такі, ня раўнуючы цяперашні сяклятар. Раенты правілі канцараліяй дый пісалі судавые прыгаворы. Балеста — то імя Раента, аб каторым тут успамінак. А дзеля таго Раентаў часта завуць «баўбатуном» (Адвакатамі), што яны перад судом выводзяць громка рэчы аб дзелах.
  23. Базылішак — звер такі. Яго хоць ніхто яшчэ с людзей ня бачыў, да кажуць, што ён маець так страшэнныя вочы, што як гляне на каго, той мігам памірае.
  24. Акадэм'я — то школа, у каторай вучаць вялікага розуму.
  25. Кракаў — першы сталічны горад польські, старэйшы ат Аршавы.
  26. Кароль Станіслаў — пасьледні ён правіў польшаю, Літвою і Русьсю. За яго то праўленьня сумежные Царства разабралі польшу.
  27. Несялоўські Язэп — пасьледні Ваявода Наваградзкі. Ён у 1794 гаду правіў польшаю, хоць ня быў каралём.
  28. У Слуцьку пан Тызэнгаўз, каторы для палякоў зрабіў многа добрага, справіў фабрыку вельмі красівых і багатых поясаў, каторымі палякі падпіразываліся.
  29. Трыбунал — то суд выжшы, у нім важные судзіліся справы, каторые возьны па ляестры выклікаў.
  30. Той муж вялікі — гэта Напалён Банапарта, цар пранцузькі.
  31. Беглі із пушч Лібійскіх пад Альпы — гэта ўсё заморскіе краі, ат нас далёка.— Піраміды — то стаўбы камянные, вельмі вялікіе і старые. Іх яшчэ перэд нараджэньням Хрыста вымурувалі.— Дальшые прозвішча зямель усё заморскіх.
  32. Княжэвіч — анарал польські.— Пад названьням Цэзараў разумець трэба Рымськую і ўсю Італянськую зямлю, каторай калісьці першым магучым каралём быў Цэзар; ат яго то і пашло прозвішча цароў.— Штандар то Знамя, каторая носяць перад палком.— Капітоль — была то крэпасьць у горадзе заморськам Рыме. Усё гэта далёкіе і чужые краі.
  33. Князь Ябланоўські — анарал польські; ён правіў Наддунайськімі казакамі, помер за марам далёка, дый і яго войська там жэ загінула на вайне.
  34. Бравіяр — то ксяндзоўская да малітвы ксёнжка, пісана па-латыні.