Пані Твардоўская (Міцкевіч/Купала, 1940)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пані Твардоўская
Баляда
Аўтар: Адам Міцкевіч
1820 (пераклад 1940)
Арыгінальная назва: Pani Twardowska
Пераклад: Янка Купала
Крыніца: Полымя рэволюцыі. — 1940. — №11

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




П’юць, ядуць і люлькі смаляць,
Гульням, скокам даюць волю,
Ледзь карчмы тэй не разваляць,
Хі-хі! Ха-ха! Гэй жа! Го-ля!
 
У канцы стала Твардоўскі
Выпнуў бруха, ўсіх мароча,
П’е, крычыць на чым свет боскі,
Туманы пускае ў вочы.
 
Ён жаўнеру, што йграў зуха,
Ўсіх піргае, лезе драцца,—
Свіснуў шабляй каля вуха
І з жаўнера мае зайца.
 
Адвакату з трыбуналу,
Абгрызаў што костку ўпарта,
Пазваніў машной памалу,
Адвакат зрабіўся хартам.
 
Шаўца пстрыкнуў ў нос кароткі,
Да ілба прыткнуў тры дудкі,
Цмокнуў: «Цмок!» і бочку водкі
Са лба вытачыў ў мінутку.
 
Тут, як водку піў з кяліха,
У кяліху свіст зрабіўся;
Зірк на дно: «Гэ, што за ліха!
Ты чаго тут, куме, ўбіўся?»
 
На дне ў чарцы — чорцік чорны:
Істы немец, круціць вочы;
Капялюх зняў, б’е паклоны
І на дол з кяліха скочыў.
 
Скочыў, вырас на два локці,
Нос, як гачык, крывіць міну,
Гругановыя пазногці —
На яго нагах курыных.
 
— А! Твардоўскі! Як дуж, браце?! —
Так сказаўшы, вакол кружа:
— Што? не хочаш і пазнаці?
Мефістофель я, мой дружа!
 
То ж са мной на Гары Лысай,
Там на скуры на валоўей
Аб душы рабіў запісы
І свой подпіс даў крывёю.
 
Чэрцям добра ў знакі ўеўся:
Бо, як два гады пяройдзе,
Ты у Рым прыехаць меўся,
Скуль да нас ты ўжо і пойдзеш.
 
А ўжо сем год, як свет чмуціш,—
Больш кантракт служыць не можа,
Пекла чарамі ты мучыш
І забыў аб падарожжы.
 
Але хоць чакаў я леты,
Помста ўрэшце даканана:
«Рым» завецца шынок гэты,
Кладу арышт на васпана!
 
Даць хацеў Твардоўскі цягу
На сказ гэтакі чартовы,
Але той злавіў за дзягу:
— А дзе, кажа, гонар слова?
 
Што рабіць? чарга наспела,
Схопе ў пекла тут, і годзе,
Дый Твардоўскі знае дзела:
Так мазгі таму заводзе.
 
— Мефістофель, глянь ты толькі
У кантракт, дзе пункт увідзіш:
Пасля год во столькі й столькі,
Па маю душу як прыйдзеш,—
 
Буду права мець тры разы
Запрагчы цябе ў работу,—
Ты ж найгоршыя прыказы
Мусіш споўніць што да ёты.
 
Глянь над карчмай маляванне:
Конь грывясты, хвост, як вехаць,
Тут жывым няхай ён стане,
Я хачу на ім праехаць.
 
Біч з пяску скруці мне, бесе,
Каб каня меў чым пагнаці,
Хорам вымуруй у лесе,
Каб было дзе папасаці.
 
Гмах з арэхавых зярняткаў
Выстрай аж пад шчыт Кранпаку,
Ў ім з бародаў кладзі латы,
Крый страху насеннем маку.
 
Глянь, цвічок такі прымерне:
Ў цаль — таўсты, даўгі ў тры цалі,
Гані ў кожна маку зерне
Па тры гэткія ганталі!
 
Мефістофель скочыў жыва,
Каня чысціць, корміць, пое,
Суча доўгі біч са жвіру,
І ўжо конь напагатоўі.
 
Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы,
Ўзяў за повад, конь здаровы,
Знай, трымайся, што ёсць сілы,
Аж тут, глянь,— палац гатовы.
 
— Так, так! выйграў прайдзісвета,
—Дый работа жджэ другая:
Во, скупайся ў місе гэтай,
А вада ў ёй, знай, святая.
 
Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся,
Пот яго сцюдзёны крые:
— Што пан кажа, слуга мусіць,—
Чорт скупаўся аж па шыю.
 
Потым выскачыў, як з жару,
І Твардоўскага зноў страша:
— Я цяжкую вынес кару,
Але й ты у моцы нашай.
 
Раз яшчэ, і квіта будзе!
(Будзе чорту тут нагонка!)
Глянь, вунь баба, як печ грудзі,
Гэта, чорце, мая жонка.
 
Я на год у Бельзабуба
За цябе жыць застануся,
А праз той час мая люба
Жыць з табой, як з мужам, мусіць.
 
Прысягні ты ёй каханне,
Паслухмянасць і пашану;
Зломіш хоць адно заданне,
Будзе ўмова скасавана.
 
Ловіць гэта чорт паўвухам,
А паўвокам сочыць самку.
Быццам бачыў, быццам слухаў,
І збліжаецца пад клямку.
 
А Твардоўскі пры ім суча,
Нібы выпусціць баіцца.
Скочыў дзюркай чорт ад ключа
І дагэтуль скача гіцаль.