Перайсці да зместу

Пані Твардоўская (Гулак-Арцямоўскі)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пані Твардоўская
Верш
Аўтар: Пётр Гулак-Арцямоўскі
1840-ыя (публікацыя 1915)
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 19-20, 22 мая 1915 г., б. 3-4.
Часам аўтарам пазначаецца аўтар публікацыі Вацлаў Ластоўскі. Іншыя пераклады гэтага твора: Пані Твардоўская (Міцкевіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пані Твардоуская.


З рукапісу 1849-х гадоў,
падпісанаго: Г. Арцімоўскі.

Гайда, хлопцы! Гучна шпарка,
Музыкі заграйце!
Гэй, шынкару! Гэй, шынкарка!
Гарэлкі давайце!..
Рэжуць скрыпкі і цымбалы,
Дзеўчаты танцуюць,
Хлопцы с п’яна не памалу,
Каля іх гарцуюць.
Пан Твардоўскі ў канцы столу
С пастаўца чыркае:
— «Гуляй, душа, тра-ля-ля-ля!»
К тахту падпевае,
Скруціў жыда, як гамана,
Вусы пакручае.
У бацьку, ў матку ён улана
І грамаду лае,—
Памкуўся улан, ён ўздоўж ёга
Шаблюкаю сьвіснуў,
Улан-цю-цю! го-га, го-га!
Зайцам у лес пырснуў!
Ўзяў на бакір пісар шапку,
І грашмі забразгаў,
Аж наш пісар, верць, ў сабаку!
І на ўсіх загаўкаў.
А шаўцу-то пан Твардоўскі
Добра ў знакі даўся,
Бо мабыць с «часок» маскоўскі
Барылай качаўся;
У́ нос уторкнуў яму дудкі,
З дудак, маўляў с кухі,
Б’юць пад стрэху цераз дудкі
Крыніцы сівухі,
Б’юць крыніцы, пан Твардоўскі
Кухаль падстаўляе,
Аж, зірк, на дно, што у беса?
Уюн на дне гуляе.
Дух-сьвяты, грамада з вамі!
Патарашчце-ж банькі!
Уюн уцёк; казёл з рагамі
Вынырнуў са шклянкі!
Бэкнуў, як чартоў радзімец,
Пагуляў кудлаты,
Скочыў ў комін; тут, зірк, немец
Стаіць сярод хаты.
Нос карчочкам, лыч сьвінячы,
Карк шарсціньню крыты,
Кур’і ножкі, хвост сабачы,
Рожкі стоцьма ўбіты.
Круць нагамі, верць вачамі, —
У пояс пакланіўся:
—«Ну, Твардоўскі! час каб з намі
«Ты ўжо разлічыўся!
«Нагуляўся, навярэдзіў, —
«Усяго паспытаўся:
«Дзеўчат дражніў, кабет зводзіў,
«Мужом ў знакі даўся.
«Нагрэў ты і мне чупрыну,
«Як сам здароў знаеш,
«Акульбачыў як скаціну, —
«Лішэк вымагаеш.
«Што цяпер, Твардоўскі, будзе,
«Аб тым ў пеклі знаюць,
«Бо карчму, во, гэту людзі
«Рымам» называюць!
«Годзі мудрыць табе з намі».
«Слова — не палова!
«Помніш, пане, як між намі
«Станула умова?
«Лыса гора, брытва, пальцы,
«Паперы поўкарты…
«Гайда ў пекла сквярэць ў шмальцы,
«Годзі строіць жарты!..»
Бач, чарцёнак як падлюка
Хітра ўмудраваўся?
«Рым»—карчма?! чартоўска штука!
Твардоўскі азваўся:
—«Што ж, пайду у пекла спраўдзі
«Калі ўмова служэ;
«Але й ты рабі па праўдзі
«Дый не чванься дужа.
«Глянь у контракт твой са мною,
«Яка там умова?—
«Йшчэ тры штукі за табою,—
«Зробіш,—ні паў слова!..
«Вот вісіць панад дзьверамі
«Зростам мабыць с цапа[1]
«Прад тваймі якраз вачамі
«Малявана шкапа;
«Ніхай шкапа падамною
«Жэрабцом гарцуе,
«Ніхай круціць галавою
«Скачэ і бушуе;
«Возьмеш ешчэ пяску жменю
«С пад старэчай хаты,
«Спляцеш с пяску, як з раменя
«Гарапнік трайчаты.
«Дый папасьвіць каня трэба,
«Стаць на адпачынак,
«То ўжо, глядзі, каб як з неба
«Ўрадзіўся будынак.
«Будынак з лупін арэхоў,
«Пастаў адным махам,
«І з барод жыдоўскіх стрэху,
«Цьвекавану макам.
«Во, гваздочак на пачынак—
«Локаць лічы ў доўжкі,—
«Па тры ў кожну ўбій з мачынак,
«А менш ані трошкі».

............

Бес дасужы: сьвіснуў, ляснуў,
І конь ўжо бушуе;
Батог с пяску ў жмені хляснуў.
Твардоўскі сумуе.
«Лоўка зробіў! німа рады,
«Чорце, аглашоны!
«А цяпер, зажый купелі
«Ты з вады сьвячонай!
—«Ой, сваточку, я у тэй лазьні
«З роду не купаўся!»
Скорчыўсь, зморшчыўсь, шабоўць ў воду,
Дый назад падаўся.
—«Э, Твардоўскі, ізноў справу
«Выгралі чэрцякі?!»
—«Пачэкайце, йшчэ на славу
«Утру ім табакі!
«Хто праграў, хто выграў справу
«То—як давядзецца!
—«Павярніся, глянь на лаву,
«Што табе здаецца?
«Цмокнісь з жонкаю маею, —
«Яна твая будзе,—
«(Як жыву на сьвеці з ею,
«Аб тым маўчаць людзі),
«Ніхай ксёндз вам рукі звяжа…
«Трэці пункт ўмовы…»
—«Чуйця людзі, што чорт скажа?
«Зважйце на словы!—
—«Будзь ты, чорце, ейным мужам,
«Астатня умова:
«Абы толькі жыў ў дружбе,
«Я тады ні слова!..

............

Тут ўжо чорту не да солі:
Хвосцікам ківае,
Нос скапыліў на басолі
Да дзьвярэй шмыгае.
А Твардоўскі, цап, за кудлы:
—«Пачэкай ты, ўражэ!
«Як на ўцекі—то ты мудры,
«А што ўмова кажэ?»
«Ой, пусьці, пусьці, Твардоўскі!
«Гвалт, ратуйце людзі!
«А не, — злаю па маскоўску,—
«Сорам слухаць будзе!»
І, тымчасам, верць, ў старонку
І с куточка хаты,
Ад ключа зглядзеўшы дзірку,
Уцёк вон пракляты…
«Эй, лаві, лаві псяюху!»
Ўсе ўжо закрычалі;
А «псяюхі» ані духу—
Памінай як звалі!

............

«Жонка люба, годзі плакаць!
Твардоўскі азваўся, —
«Хацеў с чортам вас пасватаць,
Чорт, бач, атказаўся…»


Падау у друк В. Л.


  1. цап — казёл скапец.