Пані Твардоўская

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пані Твардоўская
Паэма
Аўтар: Адам Міцкевіч


Перакладчык - Янка Купала

ПАНІ ТВАРДОЎСКАЯ

(Балада)

З польскай — А. Міцкевіча

П’юць, ядуць і люлькі смаляць,
Гульням, скокам даюць волю,
Ледзь карчмы тэй не разваляць,
Хі-хі! Ха-ха! Гэй жа! Го-ля!

У канцы стала Твардоўскі
Выпнуў бруха, ўсіх мароча,
П’е, крычыць на чым свет боскі,
Туманы пускае ў вочы.

Ён жаўнеру, што йграў зуха,
10 Ўсіх піргае, лезе драцца, -
Свіснуў шабляй каля вуха
І з жаўнера мае зайца.

Адвакату з трыбуналу,
Абгрызаў што костку ўпарта,
Пазваніў машной памалу,
Адвакат зрабіўся хартам.

Шаўца пстрыкнуў ў нос кароткі,
Да ілба прыткнуў тры дудкі,
Цмокнуў: «Цмок!» і бочку водкі
20 Са лба вытачыў ў мінутку.

Тут, як водку піў з кяліха,
У кяліху свіст зрабіўся;

Зірк на дно: «Гэ, што за ліха!
Ты чаго тут, куме, ўбіўся?»

На дне ў чарцы — чорцік чорны:
Істы немец, круціць вочы;
Капялюх зняў, б’е паклоны
І на дол з кяліха скочыў.

Скочыў, вырас на два локці,
30 Нос, як гачык, крывіць міну,
Гругановыя пазногці -
На яго нагах курыных.

— А! Твардоўскі! Як дуж, браце?! -
Так сказаўшы, вакол кружа:
— Што? не хочаш і пазнаці?
Мефістофель я, мой дружа!

То ж са мной на Гары Лысай,
Там на скуры на валоўей
Аб душы рабіў запісы
40 І свой подпіс даў крывёю.

Чэрцям добра ў знакі ўеўся:
Бо, як два гады пяройдзе,
Ты у Рым прыехаць меўся,
Скуль да нас ты ўжо і пойдзеш.

А ўжо сем год, як свет чмуціш, -
Больш кантракт служыць не можа,
Пекла чарамі ты мучыш
І забыў аб падарожжы.

Але хоць чакаў я леты,
50 Помста ўрэшце даканана:
«Рым» завецца шынок гэты,
Кладу арышт на васпана!

Даць хацеў Твардоўскі цягу
На сказ гэтакі чартовы,
Але той злавіў за дзягу:
— А дзе, кажа, гонар слова?

Што рабіць? чарга наспела,
Схопе ў пекла тут, і годзе,

Дый Твардоўскі знае дзела:
60 Так мазгі таму заводзе.

— Мефістофель, глянь ты толькі
У кантракт, дзе пункт увідзіш:
Пасля год во столькі й столькі,
Па маю душу як прыйдзеш, -

Буду права мець тры разы
Запрагчы цябе ў работу, -
Ты ж найгоршыя прыказы
Мусіш споўніць што да ёты.

Глянь над карчмай маляванне:
70 Конь грывясты, хвост, як вехаць,
Тут жывым няхай ён стане,
Я хачу на ім праехаць.

Біч з пяску скруці мне, бесе,
Каб каня меў чым пагнаці,
Хорам вымуруй у лесе,
Каб было дзе папасаці.

Гмах з арэхавых зярняткаў
Выстрай аж пад шчыт Кранпаку,
Ў ім з бародаў кладзі латы,
80 Крый страху насеннем маку.

Глянь, цвічок такі прымерне:
Ў цаль — таўсты, даўгі ў тры цалі,
Гані ў кожна маку зерне
Па тры гэткія ганталі!

Мефістофель скочыў жыва,
Каня чысціць, корміць, пое,
Суча доўгі біч са жвіру,
І ўжо конь напагатоўі.

Сеў Твардоўскі, выпнуў жылы,
90 Ўзяў за повад, конь здаровы,
Знай, трымайся, што ёсць сілы,
Аж тут, глянь, — палац гатовы.

— Так, так! выйграў прайдзісвета,
Дый работа жджэ другая:

Во, скупайся ў місе гэтай
А вада ў ёй, знай, святая.

Чорт спужаўся, ўвесь сагнуўся,
Пот яго сцюдзёны крые:
— Што пан кажа, слуга мусіць, -
100 Чорт скупаўся аж па шыю.

Потым выскачыў, як з жару,
І Твардоўскага зноў страша:
— Я цяжкую вынес кару,
Але й ты у моцы нашай.

Раз яшчэ, і квіта будзе!
(Будзе чорту тут нагонка!)
Глянь, вунь баба, як печ грудзі,
Гэта, чорце, мая жонка.

Я на год у Бельзабуба
110 За цябе жыць застануся,
А праз той час мая люба
Жыць з табой, як з мужам, мусіць.

Прысягні ты ёй каханне,
Паслухмянасць і пашану;
Зломіш хоць адно заданне,
Будзе ўмова скасавана.

Ловіць гэта чорт паўвухам,
А паўвокам сочыць самку.
Быццам бачыў, быццам слухаў,
120 І збліжаецца пад клямку.

А Твардоўскі пры ім суча,
Нібы выпусціць баіцца.
Скочыў дзюркай чорт ад ключа
І дагэтуль скача гіцаль.