Паны «Жолондзі»
Аб праве да Бацькаўшчыны Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1936 год Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 2 (6). — С. 106—109 |
Паны „Жолондзі”
У мінулым годзе паявілася ў Вільні у польскай мове повесьць пад назоваю „Zwycięstwo Żołądzia”. Варта над ею крыху спыніцца. Кніжка гэтая між іншым была нагароджана віленскім Таварыствам Філёматаў і агулам выклікала даволі жывую дыскусію, рэха якой пайшло даволі далёка за Вільню. Цікавая гэта кніжка і з беларускага боку гледжаньня. Зьмест коратка повесьці гэтае такі. На тэрыторыі беларускай працуе адна са шматлікіх арганізацыяў, якая завецца Стражаю. Мэта арганізацыі падрыхтаваць кадры будучых змагароў за цэласьць граніцаў польскіх на ўсходзе. Камэндантам Стражы ў адным з паветаў зьяўляецца нейкі Жолондзь, адзін з культуртрегераў, наехаўшых пашыраць культуру да нас з Галіччыны. У свабодных часінах паміж папойкамі, рамансамі з вучыцелькамі, паненкамі з маёнткаў, займаецца ён замацоўваньнем польскасьці сярод гушчаў сялянскіх. У вадным з аддзелаў арганізацыі паявіўся бальшавіцкі дух. Павадыр гэнае работы бальшавіцкае ўцякае з некалькімі са сваіх спагаднікаў у лес. Стараста, паліцыя, ня маючы даверу сярод насельніцтва і адначасна дзякуючы таму, што паліцыя ўся чужая, якая ня ведае зусім тэрыторыі, дзе хаваюцца гэныя бальшавікі, ня ўмеюць правесьці ліквідацыі гэнае жменькі людзей. Жолондзь выкарыстаў сытуацыю, каб падчыркнуць патрэбу свае арганізацыі, амаль што не правакуе аружны напад гэных бальшавікоў на маёнтак буйнага землеўласьніка і зьяўляецца ў апошні мамэнт, ратуючы старасту і ўсіх гасьцей ад нападу. Дзякуючы гэтаму, забываюцца аб „недалікатных“ адносінах Жолондзя да арганізацыйных грошаў. Жолондзь выходзіць героем, у нагароду ён, здаецца, ажэніцца з паненкаю, дачкой землеўласьніка і будзе далей больш радыкальна працаваць над замацаваньнем усходніх граніцаў польскае дзяржавы.
У повесьці, як у крывым люстры, можна бачыць польскую адміністрацыю, грамадзкіх працаўнікоў польскіх арганізацыяў. Гэта ўсё да пэўнае меры рэвэляцыі і можам верыць аўтарцы на слова, што яна лепш за нас ведае ўсе ўзаемаадносіны ў сфэрах землеўласьнікаў, польскага настаўніцтва, урадоўцаў, стараства, паліцыі і г. д. Пакінем зусім на старане тое, што аўтарка піша аб нашым народзе. Народу гэтага яна ня ведае, як ня ведае ягонае мовы, не разумее абычаяў, душы народнае. Цікаўна адзначыць мо’ толькі, што ў повесьці праводзіцца думка, што беларус і сяньня такі пацыфіст, так баіцца крыві, што гатоў на’т выдаць сваіх сяброў у рукі паліцыі, каб толькі суседу ягонаму, хаця ён і пан — абшарнік, як кажуць волас ня спаў з галавы. Дужа сумлеваюся, ці такая адрысоўка характару беларуса правільная.
За тое, як кажу, паверым на слова аўтарцы, што ўсенька тое, што яна кажа аб сваіх людзях — гэта сапраўднасьць. Пачнем ад старасты. Гэта тутэйшы землеўласьнік, якога няведама дзеля чаго трымаюць пакуль што на пасадзе. Чалавек гэны ў повесьці некалькі разоў трымае тэлефон у руках, курачы пры гэтым шмат папяросаў. Іншым разам ён іграе ў карты, іншым разам з агідаю адварочваецца ад Улькі, жонкі аднаго з сяброў Стражы, які падпаў пад уплывы бальшавіцкія і якога за гэта пасадзілі ў вязьніцу. Жонка, між іншым, у цяжку, праўдамі і няпраўдамі стараецца адведаць мужа і вось нараілі ёй зьвярнуцца да старасты. Стараста, гледзячы з агідаю на яе, пачуўшы, хто яна такая, уцякае. Бачым некалькі разоў гэнага старасту ў гутарках з Волловічам, старшынёю Стражы, на тэму Жолондзя.
Ня выходзячы са Стараства, знаёмімся яшчэ з Огуркевічам, рэфэрэнтам бясьпечнасьці. Гэта чалавек з Галіччыны. Ня ўмее ён аніяк схапіць настрою душы селяніна беларускага. Калі-ж нешта ад яго і пачуем, дык гэта будуць такія словы: …„яны ўсе аднолькавыя (значыцца сяляне)… я-б з іх скуру дзёр… праваслаўнае гэта, чужое, паганае…“ У іншым месцы зноў ён не шкадуе моцных словаў, каб адмаляваць аўтохтонаў… „дзікарства і дурнота, што валасы на галаве падымаюцца“. Зразумела, што лінія ягонае палітыкі даволі простая. Калі нехта пытаецца ў яго, як ён са сваімі паглядамі можа дагаварыцца з народам, дык ён адказвае: „я-ж і не хачу з ім дагаварывацца, а хачу іх толькі акелзаць“. Што азначае „акелзаць“ у рэфэрэнта бясьпечнасьці, ведаем даволі добра, дык і паясьняць ня трэба.
Паглянем на іншых урадоўцаў, у гэным Старастве. Вельмі часта гэныя людзі „ждуць“. Ждуць, каб хутчэй трэцяя, канец іх працы. Каб ня надта доўжылася, адведываюць карчму жыдка Ротмана, таму, што яна пасуседзку. Огуркевіч дык прынамся ведае меру. Ён афіцыяльна ўпарадку, пап’яному не зьяўляецца ў Старастве. Другі важны рэфэрэнт, дык хістаючыся на нагах, прыходзіць каля трэцяе пачынаць працу. Кумпанія, калі яна часамі і вясёлая, дык казаць ня можна, каб была сымпатычная, ці прынамся салідная.
Прадстаўнікі абшарнікаў, якіх даволі шмат выводзіць аўтарка, розныя па масьці. Ёсьць такі Волловіч, старшыня Стражы, арганізацыі, якая мае ў сфэрах абшарнікаў фірму, напалову бальшавіцкай. Ня ведаем, што загнала Волловіча да старшынства. Чалавек ён даволі асабіста сымпатычны, розумам не далёкі, усёж-такі ня п’е, грашэй не раскідае на лішнія роскашы. Ня бачым яго нідзе ў рэальнай рабоце, так што яно даволі цяжкавата сказаць, якім ён быў бы ў адносінах да людзей жывых.
Усе іншыя землеўласьнікі аджыўшыя людзі. Умеюць адно толькі — стагнаць на падаткі, што іх Варшава ня хоча падтрымліваць, што хутка скончыцца іхняя эра, што і зямлю ў іх адбяруць, як яны кажуць „галіцыякі“, а што там крыху астанецца, дык і тое аддадуць сялянам беларускім, каб прысвоіць іх да польшчыны. Хаця яны ўсе яшчэ жывуць, аднак, можна сказаць аб іх, што яны людзі „быўшыя“. Ня маюць яны нічога сказаць, ня ўмеюць нічога рабіць. Маюць культуру, толькі і тае культуры ня ўмеюць ніяк выкарыстаць, яна ў іх баласт. На’т і маладзейшыя з іх ня ўмеюць быць добрымі працаўнікамі, калі і лучаюць на пасаду, дзякуючы знаёмасьцям са старастаю і г. д.
Жонкі абшарнікаў, агулам жанчыны гэнае сфэры, выходзяць даволі бледна. Некаторыя традыцыйна ўмеюць добра варыць, ці на’т лепш сказаць — пячы. Бяда, што найчасьцей ня маюць з чаго, дык нічога не астаецца ім, як плёткі рабіць. Маладыя з іх, як маладыя, і да таго памоднаму ўзгадованыя, ловяць жыцьцё, кахаюцца.
Побач пана абшарніка, у повесьці польскай бачым, ды ня толькі ў повесьці, але і ў нашай практыцы жыцьцёвай, ксяндза. Ёсьць ён тутака. Ксёндз дзекан зусім традыцыйны. Старэнькі, ахвотнік добра зьесьці і выпіць. Больш аб ём нічога ня можна сказаць.
Ёсьць і настаўнік, ці лепш настаўніца. Бедная дзяўчына, нейкая замораная, ня мае на’т прызваітага абутку на нагах. Вучыць дзяцей чытаць і пісаць, пакідае іх у пару вучобы на… гадзінку, каб ісьці пакахацца з Жолондзем.
Маркотнасьць нейкая абхоплівае чалавека, гледлячы на гэных людзей і міжвольна накідываецца думка, дзе-ж тая пружына, на якой трымаецца ўсё жыцьцё польскае сапраўднасьці сярод беларускага насельніцтва? Бязумоўна, што ёсьць паліцыя, аб ёй часта гаворыцца ў повесьці, выступае яна на сцэну, аднак як орган выканаўчы. Ня відаць за тое ў сфэрах, аб якіх была дагэтуль гутарка, ніякае ідэолёгіі, ніякае думкі, якая магла-б апраўдаць існаваньне такога грамадзянства.
Ёсьць той элемэнт, які паводле аўтаркі рыхтуе будучыну польскую, які зьяўляецца найбольш бадзёрым, да якога бязумоўна належыць гэнае заўтра. Элемэнт бадзёрасьці, элемэнт заўтра ўяўляе Жолондзь, цэнтральная асоба повесьці. Цікава будзе прыглядзецца да гэтага чалавека. Гаворыць ён сам аб сабе шмат. Гавораць аб ім іншыя асобы, гаворыць аб ім тое, што ён робіць. Аб мінуўшчыне героя ведаем мала. Малым хлапцом уцёк ён з хаты і пашоў ваяваць. Бадзяўся па розных фронтах. Сын шаўца, да якога неахвотна прызнаецца, кончыў 6 клясаў гімназіі і вось ён адказны грамадзкі працаўнік. На ім трымаецца акцыя Стражы. Калі старшыня Стражы хоча яго выкінуць за кражу грамадзкіх грошаў, дык стараста бароніць, кажучы, што такіх працаўнікоў мала дзе можна сустрэнуць.
Жолондзь, камэндант Стражы, едзе на паседжаньне ўраду аднаго з аддзелаў і думае: „ці надта доўгія і скучныя будуць нарады і ці сапраўды прыедзе Зоня“ (Зоня — гэта дачка старшыні Стражы). Да зоні ён узяўся вельмі шчыра. Яна не падабаецца яму зусім. За тое яна дачка і спадкаберніца Волловіча. Бацька ейны мае маёнтак, на які мае вялікую ахвоту сам Жолондзь. А вось што сам аб сабе кажа гэны герой: „ах, каб мець іх усіх (жанчын) на кожны кліч! кожную іншую, патрэбную думкам, сэрцу, крыві! Каб мець шмат грошаў, каб раскідаць іх прыгоршчамі, бяз думкі аб заўтрашні дзень! Каб мець грамадзкую чэсьць такую вялікую, каб ніхто ня сьмеў прыступіцца з крытыкаю. Каб таптаць нагамі масы…“
І гэны вось панок на сходках Стражы навучае аб працы на карысьць дзяржавы, агулам польшчыны. Рэзультаты працы такіх людзей — загадзя можна казаць — будуць надта сумніўныя. Няма на грош веры, шчырасьці, усё, што гаворыць такі чалавек гэта пустаслоўе. Нядзіўна таму, калі пачуем на паседжаньні ўраду аддзелу Стражы пры абгаворываньні справы большае актывізацыі працы: — „ніколі ня можна дачакацца, каб яны (сяляне) плацілі за прадстаўленьне, добра што дарма прыходзяць!“… Бачым у Стражы элемэнт, які цікуе на карысьць з арганізацыі пры падатках, цікуе на палёгкі пры адбыўцы службы вайсковае і г. д.
Сумныя рэфлексыі агортываюць чалавека, глянуўшы на такую галерыю тыпаў. Хто-ж тады трымае ў сваіх руках нашага селяніна?
Выглядае з повесьці, што паны Жолондзі зусім бяскарна гаспадараць ня толькі над нашымі грашмі, што ідуць у падатках, ці розных ахвярах, яны-ж адначасна трымаюць, прынамся фармальна, уладу над душамі нашае моладзі, заганяючы яе ў свае арганізацыі, рыхтуючы яе да будучага жыцьця!
Наканец адна заўвага: добра, што гэнае крывое люстра нашае сапраўднасьці ўзяла ў рукі аўтарка з прозьвішчам Добачэвска, інакш гэнае сапраўднасьці ніколі мы і не пабачылі-б з тае прычыны, што ў беларускай вопратцы не прапусьціла-б яе цэнзура.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.