Памяці Максіма Багдановіча (Трус)
Выгляд
Памяці Максіма Багдановіча Аўтар: Паўлюк Трус |
Крыніца: http://vershy.ru/content/pamyats%D1%96-maks%D1%96ma-bagdanov%D1%96cha |
Яшчэ пяскі магілы свежай
Пад сонцам Крыма не цвілі…
Спытай у чайкі беласнежнай,
Хто там пахованы й калі?..
Чыя забытая магіла,
Травой паросшыя сляды?..
Спытаю ў чайкі белакрылай,
Адкажа чайка мне тады:
“Дзе скалаў стромкія абрысы
Ад вока крадуць чырвань-свет,
Пад сценьмі стройных кіпарысаў,
Памёр вялікіх дум паэт”.
Памёр паэт на сцежках славы
І рукі ў роспачы зацяў.
Ў грудзях з сухотнаю атравай
Адцвіў у росквіце жыцця!..
Памёр паэт!.. Ды песня вечна!..
Яна звіла яму вянок!..
Бо ў чарцы пеніцца адвечна,
Жыццёва-хмельнае віно!..
Над морам ноч…
Маўчыць магіла…
Звіліся сцені на расе.
Пад крыкі чайкі белакрылай
Пажоўкла моладасць ў красе!..
1927