Перайсці да зместу

Памяці Ігната Канчэўскага

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Памяці Ігната Канчэўскага
Некралог
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923
Крыніца: Новае Жыцьцё, 1923. 27 крас

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Быццам дыямэнт цудоўны, дзіўным хараством гарэла Яго душа сярод жыцьцёвага бруду, маны, крывадушнасьці.

Жыў дзеля вялікага ідэалу вызваленьня свайго народу ад духовага, палітычнага і эканамічнага рабства. Але ў кожным выяўленьні Яго працы перш за ўсё відаць было гарачае ўмілаваньне чалавека. І чалавека хацеў Ён вызваліць у беларусе.

Маладая, жывая, чыстая душа шукала дарогі да яснаты, да шчасьця людзей. Шукала і змагалася і мучылася труднасьцяй дасяганьня; і сумавала, бо давялося жыць ёй у

час, калі трэба журыцца

душою на сьвежых магілах...

Гэтыя радкі Ігнат Канчэускі зьмясьціў наперадзе свайго, здаецца, адзінага публіцыстычнага твору, што выйшаў у асобнай кніжцы: «Адвечным шляхам» (Вільня, 1921) пад псэўданімам Ігната Абдзіраловіча... Нездарма ўжыў Ён за псэўданім імя героя «Дзьвюх душ»: бо ж і Ён перажываў унутраную барацьбу, ломку духовую, падобна Абдзіраловічу, але толькі з гэнае барацьбы выйшаў пабедна, як сьвядомы сваей мэты грамадзкі працаўнік-ідэаліст.

* * *

Ігнат Канчэўскі радзіўся ў маі 1896 году тут, у нашай старой Вільні. Тут жа скончыў рэальную школу, а пасьля вучыўся ў Тэхналягічным інстытуце ў Пецярбурзе і ў Маскоўскім унівэрсытэце (на філялягічным факультэце). Вайна спыніла навуку: у 1916 годзе Яго ўзялі ў салдаты. Як чалавека з адукацыяй, аддалі ў школу прапаршчыкаў. Папаўшы на Румынскі фронт як афіцэр, Ён зразу ж пачаў працаваць над усьведамленьнем жаўнераў у 44-м украінскім палку, стоючы на грунце праграмы сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Тут прыждаў і рэвалюцыі. Але чыста партыйныя справы не здаволівалі Канчэўскага: сам чалавек жывы, кіпучая натура, мімаволі захапіўся ідэяй вызваленьня тых «мужыцкіх» народаў, што хавалі ў сабе вялізарныя ўкрытыя скарбы духовае творчасьці. Ён горача спагадае ўкраінцам і памагае ім тварыць нацыянальнае войска, у якім жаўнеры Яго абіраюць за афіцэра. Адначасна ў душы Яго выкрысталізоўваецца цьвёрдая сьвядомасьць, што імпэрыялістычная вайна — гэта сорам для людзкасьці. Яму агідна жаданьне «пабеднага канца», і вось Ён у 1917 годзе кідае войска і выязджае на Дон, дзе і жэніцца.

Увосені таго ж году бачым Канчэўскага ў Маскве як студэнта вышэйшых Каапэратыўных курсаў пры унівэрсытэце Шаняўскага. Арганізацыя масаў народных на грунце самапомачы вельмі вабіць Яго. Скончыўшы курсы, Ён працуе нейкі час у Смаленску як інструктар ад Цэнтр. саюзу льнаводаў.

Але тая іскра нацыянальнае сьвядомасьці, што распалілася ў Яго душы гледзючы на прыклад братняга нам украінскага народу, не дала Канчэўскаму стаяць з боку, калі ў цэнтрах Беларусі пачалася вялікая беларуская нацыянальная і дзяржаўная работа. Яго пацягнула ў родную Вільню, куды Ён і прабраўся ў 1919 годзе. Абабраўшы сабе за спэцыяльнасьць каапэрацыю, Канчэўскі працай сваей на гэтым грунце далучаецца да агульнанацыянальнага будаўніцтва — сьпярша як каапэратыўны інструктар Саўнархозу, а пасьля — як працаўнік Віленскага саюзу каапэратываў. На апошнім становішчы закончыў сваё жыцьцё 21 гэтага красавіка.

* * *

Нацыянальная ідэя ўсё ярчэйшым полымем разгаралася ў душы Канчэўскага. Чым больш крыўд і зьдзеку цярпеў наш народ, тым мілей і даражэй станавіўся для гэтага чыстага ідэаліста, ворага ўсякага гвалту і ўціску. У апошнія гады працы ў Вільні Канчэўскі пачынае пісаць і друкаваць свае разважаньні і думкі аб беларускай справе і вершы пад псэўданімам Ганна Галубянка ў беларускіх часопісях. Як «культурнік», перад усім, паводле магчымасьці, аказваў помач беларускай віленскай гімназіі, ведучы ў ёй вучнёўскі гурток па геаграфіі, закладаючы вучнёўскі каапэратыў. І ўсюды, дзе толькі выступае, сустракаецца з глыбокай пашанай і шчырай любоўю.

Выявілася гэта і ў сумным абразе пахаваньня Канчэўскага. Правадзіць цела Яго да магілы сабралася беларуская моладзь, беларускія культурныя і грамадзкія працаўнікі, таварышы каапэратары. Шчыры сум абхапіў усіх, хто знаў нябожчыка і разам зь ім працаваў.

Усё жыцьцё Канчэўскага, поўнае ахвярнасьці дзеля вялікага ідэалу, Яго «гарэньне» ў безупыннай працы на карысьць свайго народу мелі ў сабе гэтулькі духовага хараства, што нават сьмерць ня можа зацямніць яснаты Яго абразу. І яснай, сьветлай будзе памяць Ігната Канчэўскага сярод беларусаў.