Памятка беларускага грамадзяніна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Памятка беларускага грамадзяніна
артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1919

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вялікі Сход.

5—17 сьнежня 1917 году ў Менску адбыўся Першы Усебеларускі Зьезд, на якім былі правамочныя прадстаўнікі ад усіх слаёў беларускага народу. Усяго было каля двух тысяч дэпутатаў.

Беларусь — рэспубліка

На зьездзе была прынята аднагалосная пастанова, што Беларусь абвяшчаепца народнай рэспублікай, што ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі выбіраецца тым органам краёвай улады, які застанецца пасьля зьезду.

Радасьць народу.

Пастанова гэная была прынята з нязвычайнай высакасьцю духа, у нязвычайнай радасьці. Дэпутаты-сяляне, ў сівых сярмягах і лапцёх, плакалі гаворачы: „Дзякуй Табе Божа! І мы нарэшці дачакаліся, што самі можам гаспадарыць у сваім родным краі!.."

Незалежнасьць і непадзельнасьць.

Усе разумелі, што народ, абараніўшы незалежнасьць і непадзельнасьць Бацькаўшчыны, выйдзе на шлях культурна-нацыянальнага і соцыяльна-эканамічнага адраджэньня.

Разагнаньне.

У гэты самы мамэнт у залю Гарадзкога тэатру, дзе засядаў зьезд, прырынулі бальшавікі і гвалтуючы, правам штыха і кулямёта разагналі зьезд, арыштаваўшы дзеяльнейшых дэпутатаў.

Зламаньне лёзунга.

Над вольнай воляю беларускага народу ўчыніўся нябывалы гвалт. Зломан быў лёзунг вялікай Расейскай Рэвалюцыі аб праве ўсіх прыгнеценых народаў на вольнае нацыянальнае самаазначэньне.

Рада П. У. Зьезду.

Пасьля разагнаньня зьезду, засталася загнатая ў падпольле, бальшавікамі — «обліскомзапцамі» („Областной исполнительный комитет Западной области и фронта”) Рада Першага Усебеларускага Зьезду — у ліку 54 асоб, каторая, папоўніўшы свой склад прадстаўнікамі ад нацыянальных меньшасьцяу краю выбрала Спаўняючы Камітэт і даручыла яму правадзіць у жыцьцё ўсе пастановы зьезду.

Спаўняючы Камітэт.

Спаўняючы Камітэт быў складзен з 17 асоб і, працуючы ў падпольлі, вёў змаганьне з камісарскім дэспатызмам, баронячы волю беларускага народу, на незалежнае дзяржаўнае жыцьцё, якая была выказана на зьездзе.

Народны Сэкрэтарыят.

Калі пасьля Берасьцейскай умовы бальшавікі пакідалі Менск, Спаўняючы Камітэт арганізаваў збройную сілу, абвесьціў сябе вышэйшай уладай на Беларусі і выдзеліў з паміж сябе ўрад рэспублікі — Народны Сакратарыят. Народны Сакратарыят (Рада Народных Міністраў) быў прызнаны ўсімі дэмократычнымі гарадзкімі і земскімі самаўрадамі, як вышэйшая дзяржаўная ўлада Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пад немцамі.

Такім парадкам, хаця і на нядоўгі час, была праведзена ў жыцьцё адна з самых глаўных пастаноў Першага Усебеларускага Зьезду. Не на даўгі час дзеля того, што прыйшоўшая нямецкая акупацыйная ўлада спыніла працу Народнага Сакратарыяту і не дала магчымасьці ўмацавацца беларускім дзяржаўным установам у правінцыі.

Праўда, яна потым старалася знайсьці прымірэньне, але гэтае прымірэньне далёка не пайшло, — бо немцы усё-ж такі заставаліся, як і раней, толькі акупантамі.

Рада Б. Н. Рэспублікі.

У сакавіку 1918 году быў скліканы агульны сход Рады Першага Усебеларускага Зьезду, на якім злажыў сваё паўнамочча Спаўняючы Камітэт і Народны Сакратарыят. Рада папоўніла свой склад прадстаўнікамі ад земскіх і гарадзкіх самаўрадаў, выбрана на грунце агульнага выбарнага права, зьмяніла назоў на Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, падцьвердзіла правы Народнага Сакратарыяту.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі яшчэ не адзін раз папаўнялася прадстаўнікамі ад розных дэмакратычных арганізацыяў і павятовых беларускіх рад.

У гэткім складзе Рада Б. Н. Р. працавала да апошняга часу і безперастаньня змагалася за суверэнныя правы беларускага народу на яго дзяржаўнае, незалежнае быцьцё.

Рада Б. Н. Р. увайшла ў зносіны з усімі дзяржавамі Эўропы і дамагалася ўчасьця на мірным кангрэсе ў Парыжы.

Перад прыходам у Менск бальшавікоў, Рада прымушана была распусьціць сябе на неазначаны час, даручыўшы вясьці ўсю далейшую працу Радзе Народных Міністраў і Радзе Старшын Рады Б Н. Р.

І цяпер орган дзяржаўнай улады, Рада Народных Міністраў і Рада Старшын ядыны правамочны орган дзяржаўнай улады на Беларусі.