Перайсці да зместу

Пакрыўджаныя (1921)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пакрыўджаныя
Драма
Аўтар: Леапольд Родзевіч
1921 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Пралетарыі ўсіх краєў, злучайцеся!


Літэратурная Камісія Акадэмічнага Цэнтру
Наркомасьветы Б. Р. С. Р.


Л. РОДЗЕВІЧ.


ПАКРЫЎДЖАНЫЯ

Драма у 4-х дзеях.




Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі.




МЕНСК1921 г.

1-я с., друкарня.

ПАКРЫУДЖАНЫЯ.

Драма у 4-х дзеях.


Асобы:

Тодар — старац.
Ульляна — дачка Тодара.
Піліп — корнік.
Цівун.
Асначы.
Здань — гаспадара Піліпа.


Прадгуканьне.

І вось хай толькі прамігне цень мінуўшчыын перад намі, хай раскінецца сіні Прастор аддалі ці загрукаціць рассыпаючая руіна, як у душы нашай змагаецца гармонія дзіўных перажываньняў. Няма, мінула… Час схамянуўся й волат стаў ніц-коласам, красуля-дзяўчына пахучай грэчкай, курганы натупырыліся векавымі соснамі, гарады пылам разьмяліся па зямельцы-маці… Няма, ня вернецца… І хочацца забыцца, апынуцца ў цені мінуўшчыны. І лятуціш аб тым далёкім, павабным, недаступным…



Чахне Вельля, сохне й лысеець, а лысіны яе ўкрываюцца мохам, дзікай травой.
І ня бурклоча, ня ходаецца яна з каменьнямі, ня йскрыцца юнацтвам: сонная, нехлямяжная, ось-бы немач яе апанавала.
І баюць людзі, быццам Вельля тужыць па цяжкіх, ад рознага дабра, лайбах, тужыць па песьнях асначэй, што пераклікаліся шырокім рэхам з прадвечнымі лясамі. Баюць людзі, што даўней жудка-таёмныя валатоўкі пераміргіваліся з Вельляй сінімі агоньчыкамі, ўтойваючы бяз ліку багаты скарб; над валатоўкамі а поўначы рухаліся нашы магутныя прашчуры-ваякі, грумкаючы сваёй, важкай зброей. Марнеець, чахне Вельля, бо менш стала плакаць Вяльляна, бо стыгне любасьць да чарнавокага Сьцяпана. Ой, прыгожая дзяўчына Вяльляна, як сама краса, як Ляля. І даўно-ж то было, калі пайшоў на вайну яе мілы, ўдалы хлонец Сьцяпан; ой, і не вярнуўся-ж ён болей, кануў, як камень у ваду. 3 тэй пары Вяльляна горка стала плакаць, так плакаць, што ад сьлёз яе наплыла рака Вельля сіняй істужкай аж вунь куды, ў мора.
Так баюць людзі.



На высокім беразе Вельлі, сярод лесу ёсьць узгорак; ён палошча свае пяты ў Вельлі і ўкрыты дзерваном-аблогам. Былі такія часы, калі гэты ўзгорак кожнае лета абхінаўся жывым дываном — нівамі, а прыгожым, як найбагацейшая слуцкая тканіна. Дыван гэты ткалі працавітыя ручкі красулі-дзяўчыны Ульляны так зручна і ўмела, што яе збочаная, з зялёнай страхой ад моху хаціна ахарашвалася й выглядала вунь як прыгожа, быццам фантастычны палац у казцы якой.
Над нівамі калыхаўся хмельны пах і вабіў і ўгашчаў пшчолак, служак Божых. Ад усходу да заходу абагачваліся пшчолкі, пяючы хвалебную песьню Ульляне, а ў багатую восень асалоджвалі яе калінавыя губкі пахучым мядком, чыстым, як бурштын.
Але ў збочанай хаціне, апроч Ульляны, жыў яе строгі бацька, Тодар. Гэй, хто цікавы, праедзь уздоўжкі Вельлю й папытай аб дзядулі Тодару — ён жывець у кожнай хаце; кожная валатоўка, хмызьняк, імшарына яго знае; кожнае возера, рэчка мае адбітак яго грозна-мудрай паставы. Які крыж, капліцу не аздобіў драўлянай фігурай дзядуля Тодар. Ох, спрыцен ён, дзялок хоць куды! Калі высяча з дубу фігуру якога сьвятога, дык самы цьвёрды грэшнік карыцца перад ёй; ён сам ня раз апускаўся на калені й сьлязьлівымі вачмі глядзеў на закончаную сваю работу. Ой, і кемны гэты дзядуля Тодар. Ён добра знае, што аб тыя камені на раццэ, што павыторкаваў вадзянік, часта-густа разьбіваюцца лайбы, а дабро тоўстым пластам укрывае дно ракі й корміць і гадуе аграмадную рыбу. Вось чаму ў збочанай хацінцы вісяць рыбалоўныя снасьці, а кубел Ульляны паўнюсенькі рознай тканіны. Тодар знае, што кожны купец, праехаўшы шчасьліва тыя каменьні, захоча на радасьці добра закусіць, выпіць і аддыхнуць малавеля, а кожны аграблены гэтымі рачнымі разбойнікамі пажадае ўтапіць гора-горкае ў хмельным, салодкім мядку; што людзі, пазнаўшы яго й красу Ульляны, шырэй разьнясуць чуткі аб іх па сьвеце.
І пакідалі госьці збочаную хаціну шчасныя, падмацаваныя любасьцяй, хмелем ці мудрасьцяй. І сьцежка ад ракі не зарастала, а маладая Ульляна з радасьцяй сустрачала чужога чалавека.


ДЗЕЯ I.

(Днём у хаце. Сьцены абвешаны сталярнымі й рыбалоўнымі прыладамі. У кутку стаіць драўляная фігура, недакончаная й жудкая ў сваіх грубых формах, сваім плоскім тварам; каля яе ляжаць пачатыя, а то й кончаныя фігуркі. На дварє журбуе вецер).
Ульляна (перагнуўшыся цераз адчыненае вакно). Ха, ха, ха!.. а кыш, кыш! Каб цябе, хай цябе… разбойнік ты! (Адварачваецца). Уцюлюлюсіўся за грэбень і цягне, цягне, аж кроў пайшла, а курыца быццам ня бачыць, ходзе ды кэ, кэ, э… ходзе ды сакоча. Ах, хітрая шэльма! (Маўчанка; у задум‘і). Няўжо-ж ты забыўся аба мне, Піліпка, саколік мой ясны. Ох, каб ты ведаў, каб ты бачыў, як я заўсёды гляджу й гнуся ў той бачок, кудой ты паехаў ад мяне, гнуся, як краска к сонцу, а сэрцайка шчыміць, калоціцца й сьлёзы сыплюцца — ня ўстрымаць. Прыляці; уцеха мая, птушачкай, стралой прыляці. Вочкамі сваімі тваю жытку асьвячу, песьняй тугу разганю… (Прыслухоўваецца). Віхор вые, вые… Жудасна неяк… (Пацягваецца). О-хо-хо, пацягушкі, мае душкі! Ну й аздобная я была сягоньня, калі аглядала ў раццэ красу сваю, гледзячы, як жыруе рыбка. Знаць вадзяніку спанараўнай была, бо так нешта цягам цягнула на дно ракі — адылі, спанараўнай. (Акручваецца касой). Ого, то-ж я хутка касой акручуся каля пояса! (Сьмяецца здаволеная). Ох, ты мая косачка міленькая, доўжанькая, тоўсьценькая, мякусенькая!.. Эх, так і будзе: ня прыедзе Піліп — русалкай стану. Да душы праўда! (Вынімае з скрыні посьцілкі, дываны даматканыя, накрывае то адным, то другім сваё ложка і пяе).

На што ты, матулька, мяне нарадзіла
Так чырвонай, як калінка.
Ды тоненькай, як былінка?
Нашто ты, матулька, часта мяне мыла —
Бо я бела, як бярозка,
Чыстая, як горка сьлёзка.
Нашто ты, матулька, галоўку часала —
Мая каса, як шоўк ўецца,
Аж аб пяты трэцца?

Вось шкада, што паміж гэтымі абалонкамі ня пусьціла я чырвонай ніткі.

Ой, чаму-ж, матулька, таго не сказала,
Што зязюльчыны навокал
Пер‘я растрос ясны сокал?

(Уваходзе Тодар, моцна нездаволены. Маўчанка).

ЗЬЯВА II.

Ульляна. Але сягоньня рыба ў раццэ дык вунь як гуляла — дождж, пэўна, будзе й вецер па шчэлках вые… (Маўчанка). А я сягоньня дык міску разьбіла, нехаця… з рук вывалілася. Нехта, мусіць, сьпяшыць да нас.
Тодар. Божухна моцны, наградзіў ты яе ўсім, але чаму-ж ня даў ёй волі, ня даў вольнай жыткі? Згіне яна марна, за нішто прападзе, як краска бяз сонца. Ох, чаму-ж яна радзілася падданай! Гора мне, гора! Няўжо-ж кожная краска, кожнае стварэньне, — усе яны так сама гаротныя, паднявольныя й хіба-ж гэтае сонейка яснае, лясы, рака, ўвесь абшар, увесь сьвет ёсьць паншчына, падданства… Грошы яму дай, дачку яму дай, ох, каб ты дна ў пекле не знайшоў, ты — пагібель, жывадзёр крывапійца… сьмерць табе, сьмерць!..
Ульляна. Татачка!
Тодар. Ульляна! Цябе хоча ўзяць, пан хоча ўзяць, у двор цябе, у двор… О, Божа! Будзеш там цацкай, уцехай, у мяккіх пуховых руках, будзеш піць салодкае, хмельнае віно, голай танцаваць сярод азьвярэўшага панства й збэсьцяць цябе, зьняважаць дачку Тодара. Будзеш шчанят грудзьмі карміць, згінеш у гразі… Ох, ня стрываю, ня стрываю!..
Ульляна. Татачка, супакойся! Пан-жа цяпер хворы, пан цяпер ня возьме.
Тодар. «Хворы», а каб ня ўпёр у яго воўчае горла грошы, дык бы экраз узяў; заткнуў, як дзюрку тую ў печы, праз якую паўзе чад. „Хворы“!
Ульляна. І скуль гэта напасьць, безгалоўе бярэцца, хоць ты аб сьцяну галавой бійся?
Тодар. Цівун кажа, што пан, замест пацераў, шэпча: «грошы, грошы», а людзі баюць, што ён і захварэў праз грошы. Падазваў гэта мяне й кажа: „Тодар, дай мне грошы“, колькі — ды мне ўжо й ня ў памяці, цераз меру шмат, ды, кажа: «й дачкі няволіць ня буду, й табе дам волю». А скуль мне ўзяць столькі грошы, скуль мне іх узяць?! Эх, пракляць!
Ульляна. Вось каб я ведала, колькі трэба. (Маўчанка). Але ўсё роўна, ў мяне ёсьць грошы; гарнец, асьміна, а мо‘ й болей, да душы, ёсьць!..
Тодар. Што ты звар‘яцела, дзяўчына? у яе грошы!
Ульляна. Хай сабе звар‘яцела, але ёсьць, ёсьць, кажу.
Тодар. Ат! (Ульляна хоча выйсьці). Стой! Аб якіх ты грошах плявузгаеш?
Ульляна. Я, татачка, пра тыя вун валатоўкі, ведаеш, што над ракой кожны вечар сінімі агоньчыкамі цьвітуць. Кажуць што там напэўна грошы ляжаць… (Тодар з пагардай матае галавой). Ну, сапраўдачкі там ёсьць грошы.
Тодар. І ты, блазьніца, хочаш паскудзіць рукі свае аб закляты скарб?
Ульляна. І-і. Спаліць сьвянцоных зёлак, то закляцьця як і ня было.
Тодар. Блазьніца ты!
Ульляна. Ці я ведаю? Так людзі кажуць…
Тодар. Дурань ты, калі чужым розумам жывеш. (Ульляна нешта хоча гаварыць). Годзе! (Маўчанка). Мазалём і праўдай дамагайся багацьця. Не марнуй і хвіліны дарма, працай сябе загартуй і ня страшна табе будзе тагды наша горкая доля. І жыцьцё безпатольнае мігам пройдзе.
Ульляна (складаючы посьцілкі). Татачка, вось мне здаецца, што я блага зрабіла: трэба было паміж гэтымі абалонкамі чырвоную нітку пусьціць. Праўда? (Маўчанка. Тодар працуе каля фігуры. Зьмяркаецца).
Ульляна (кідаець дываны). А прападайце вы пропадам! Без яго, міленькага, вы мне, як рызманы якія.
Тодар. Аб чым ты кажаш?
Ульляна. Я, татачка, кажу, што ў нас курыца яйцо зьела. (Маўчанка).
Тодар. Дык-жа ты мне, дачушка, памагай, пастараемся, мо‘ так-сяк і заробім, выкупімся… Бог-бацька, кончу вось гэтую фігуру… але цёмна ўжо… прадам, яшчэ зраблю, выдам цябе замуж за добрага, вольнага, статэчнага хлапца… Ты-ж як-бы сірата, бо маці ня маеш, а я заняты сваей работай; жыцьцё тваё незавіднае — нудота. Ты ў мяне аднюсенькая… Найлепшая, дык і долю табе жадаю найлепшую; слухай мяне — ў цябе маці няма… зацеплі лучыну, а то я нічога ня бачу. (Ульляна кінула глядзець у вакно й моўчкі запаліла агонь). Ульляна!
Ульляна. Я тут.
Тодар. Ульляна!
Ульляна. Чаго, татка?
Тодар. Чаму ў цябе кожны дзень вочы папухшы, засьлезіўшыся, га? Чаму, пытаю… (Маўчанка). Дрэнна. Да ўміся, Ульляна. Напрасна губіш красу сваю, марнуеш леты маладыя; дарма жджэш, бо хоць-бы й даждалася, то твой ня будзе. (Ульляна галосіць). А бач, Ульляна, ці ты любіш свайго бацьку? (Ульляна лашчыцца). Дачушка, сорам плакаць, а нават і грэх, бо гэтыя сьлязінкі так мучаць, так няміласэрна катуюць твайго бацьку. Дачушка выбірай, сабе якога хочаш, які спанараўны; ці-ж мала ў нас людзей бывае й ці-ж можа хто зраўняцца з тваёй красой? (Строга}. Але таго аснача паднявольнага, ўзьвей-ветра забудзься… Ой, не, не, не, ён твой ня будзе, ён падданы; чуе маё сэрца, што ён — пагібель твая.
Ульляна. Татачка!
Тодар. Ён тваім ня будзе.
Ульляна. Родненькі!
Тодар. Прысягну на ўсё сьвятое, што…
Ульляна (перапыняе). І я прысягну, што буду ждаць, а дажду — мой будзе.
Тодар. Ох, як ты мяне мучыш, як ты не разумееш маей добрай волі. Я ўвесь век набіваў мазолі, каб здабыць сабе волю, сьмяяцца забыўся, думкі аб волі спаць не давалі, сушылі мяне. Я цябе гадаваў, як шчасьце, надзею сваю, гінуў за табой. Ну, разважаў, з ёй даб‘юся волі, яна маё збаўленьне… А ты якраз наадварот: цягнеш у балота, жыўцом закопваеш у зямлю. Падданы ён, — ці чуеш ты, атрута мая? Сабака ён панскі. Божухна моцны! Няўжо ў цябе няма капелькі розуму, жаласьці да свайго бацькі? (Маўчанка). Ці чуеш ты, пагібель мая? Чаго маўчыш? Я заб‘ю цябе, як шкоднае стварэньне, як быдла ашалелае. Ох, дзе-ж бы мне раздабыць сілачкі, каб змагчы сваё гора? Такое насланьне, такое гора! А бач, дзяўчына, кінь гэтага валацугу; завалоча ён цябе ў такую дрыгаўку, што чым больш будзеш ходацца, тым глыбей апускацца… кінь яго.
Ульляна. Татачка, родненькі… ніколі!
Тодар (злосна кідае долата). Пракляну! (Выходзе).

ЗЬЯВА III.

Ульляна. Як будзе, чым кончыцца — нічога ня цямлю, толькі вось у сярэдзіне коліць, а так-жа баліць, моцненька баліць. Ці-ж я таму вінавата, што я люблю Піліпа? (Кусае рог хусткі). Тата благі, тата няспрыяе. Як зьвер той, гыркае на мяне; ён мяне без пары дакончыць. Слоўца ласкавага ня чула. І што ён яму дрэннага зрабіў? Вось здаецца, ў палоніку-бы яго ўтапіў, такі ўжо нягодны: ня люблю яго, ня люблю нікога, апрача майго Піліпа; ўсе мне ворагі… й Бога ня люблю, вось-жа на злосьць ня люблю, ня люблю!… Ой, Божа, што я гэта кажу, што я, блудніца, кажу? Такі грэх, як мне язык павярнуўся? Тата добры, усе добрыя, толькі я звар‘яцеўшая, страшная, злосная: твар кастлявы, нос кручком, валасы, як мох, а капдзюры даўгія, даўгія, савіныя. Я — ведзьма, чортава нявестка, вочы ў мяне бліскучыя, воўчыя… Ой, як жудасна, жах: за плячыма чухаецца. Але глупства жах — няма нічога крапчэйшага за маё гора… Ой, тата, тата, наробіць ён ліха! Але я ня дамся, не паслухаю, не магу!… (Уваходзе Піліп).

ЗЬЯВА IV.

Ульляна. Хто гэта? А што трэба?
Піліп. Ульляна!
Ульляна. Піліп! (Абнімаюцца).
Піліп. Урэшце-ж я цябе маю, ўсю, што дакаліўца маю. Мае рукі — сетка дратаваная! ў сетцы златапёрая рыбка, Ульляна, ягадка наліўная! Эх, расьцісну я цябе, зьем, як яблык чырвонабокі, зап‘ю мядком, асалодай з тваіх вусначак чырвоных, як сачыстая каліна! Ну, хваліся, што чутно, бай, як гадуешся, ўцеха мая?
Ульляна. Ох, захліпаюся… не магу гаварыць ад шчасьця. Ось быццам узьбегла на высокую гару…
Піліп. О, чуцьцё маеш добрае, ведаеш бо, што на тэй гары ёсьць буслава гняздо, а ў гняздочку тым бітком набіта галапупых піскуноў; і крычаць і гвалтуюць яны: мама, дай цыцы, ха-ха-ха!..
Ульляна. Ой, Піліп, як мне добра, як мне добра, як я шчасна!… Каб толькі так даўжэй… бо тут вечна тужыш, ведама якое тут жыцьцё. Адны труды, адно гора: гібееш ды й годзе.
Піліп. Што-ж гэта ты так жальбуеш, красачка мая?
Ульляна. Ды бацька ўсё.
Піліп. Скрыпіць, кажыш?
Ульляна. Перш ня любіў цябе, а цяпер чым далей, тым горш. Галышом, дурнем бэсьце.
Піліп. Дурнем? То й добра, за дурнем-жа Бог
Ульляна. Лепш асьцярожна, як воража.
Піліп. Ды нечага там, мы й самі з вусамі.
Ульляна. Ой, не кажы гоп, не пераскочыўшы!
Піліп. Глупства! Няма благой дарогі да маей нябогі.
Ульляна. Ой, ты, узьвей-вецер!
Піліп. Узьвей-вецер панясе хмарку пухавую на пшанічку залатую, а пшанічка… (Прыслухоўваецца).
Ульляна. Што ты слухаеш?
Піліп. Ці мне можа здаецца?.. Чуеш! Да душы, выюць сабакі. Мяне трывога, жудасьць ахоплівае… Калі сабакі выюць, то, кажуць, бяда тады будзе… Віхор журбуе… Трэба большы агонь зрабіць… Нехта страпае па шыбах, ты бачыш? Ты чуеш?
Ульляна. Ды гэта куст язьміну расьце пад вакном, вецер яго калыша, дык ён і страпае.
Піліп. Ульляна, прагані ты гэтых сабак — і гэтай некуды бяды дзяваць! Прагані, але-ж хутчэй толькі! (Ульляна йдзе). Пастой! Ня йдзі! Дзе твой бацька? Хто тут у вас яшчэ ёсьць: чуеш, як па столі нехта ходзе?…
Ульляна. Ды што табе ўсё здаецца?
Піліп. Ульляна, я баюся!
Ульляна. Ты баішся, ха ха!.. чаго?.. каго?
Піліп. Не жартуй, красуля, корнік не баіцца навальніцы, жартуе з хваробы, калецтва, панскага гарапніка, сьмерцяй пагарджае, але ён журбуе, калі душа бродзе па сьмерці чалавека, гнецца перад ведзьмай, дрыжыць прад закляцьцем.
Ульляна. Я бачу, што цябе нейкае ліха зьняволіла, я баюся цябе… Ой, Божа, што з ім стала: ён як з таго сьвету прышоў!..
Піліп (пачуўшы вялікую боль). Што я зрабіў, што я зрабіў!.. Дна ў пекле мне ня будзе, груган косьці разьнясе, трава выгарыць каля могліцаў маіх. Што я зрабіў? Эх, толькі трэскі пасыпаліся; яна ненарокам разьбілася, лайба аб каменьні разьбілася. Бачыш, зьмяркала ўжо, а каменьняў-жа тут так шмат натыркана… прапала дабро, я чуць выжыў, а ён…
Ульляна. Хто ён, гаспадар? Чаму-ж ён не заходзе? Што з ім стала, дзе твой пан?
Піліп. Ня пытай ты мяне, чараўніца, ты губіш мяне, п‘еш маю кроў; зачаравала, пракляла ты мяне. Твая краса ад нячыстай моцы, ты чорту прадалася… Я праз цябе загінуў на векі вечныя. Бяры мяне, п‘яўка, я — ўвесь твой, грызі, муч мяне… (Ульляна з жахам адсоўваецца. Піліп плача). Ой, цяжка, ой, балюча мне на душы! Кожная хвіліна сэрца крывёй абліваецца, сьвет пеклам здаецца, а боль выядае, грызе нутро так балюча, што ня стрываеш, каб ня крыкнуць, каб не засьлязіцца… (Ульляна туліцца к Піліпу). Ульляна, я нясшчасны, шалёны, Богам пакрыўджаны, людзьмі збэшчаны. Прыгалуб, уцеш мяне… даруй, жучок залаты. Моʻ я сказаў што благога, крыўднага. Я не хацеў, я ня памятую.., не адыходзь толькі, мне так добра, шчасна з табой. Яшчэ шчыльней прыгарніся. Ты, здаецца, пытала, дзе гаспадар мой? Ен, бач, паехаў… Не, я адзін прыехаў. Я проста такі кінуў яго: не ў магу мне стала жыцьцё маё без цябе. Але, кінуў і прыехаў.
Ульляна. Ды нічагусенькі, супакойся. Ліха, як дым: закурыцца, пагрызе вочы й няма — ну, ці-ж ня праўда? (Прыпявае).
Што там ліха
Што там гора?
Сёньня сонца —
Дождж учора.
Піліп.На аўсяньні снапкі —
Узьляцелі галубкі;
Любіліся, варкавалі.
Ахмялелі — перасталі.
Ульляна.Калі любіш, дык любі,
Не кажы нікому;
А то людзі разьнясуць,
Як віхор салому.
Піліп. Ульляна, як я цябе моцна кахаю й баюся гэтага каханьня, бо цераз меру твой бацька пануры. Проціў яго волі ня пойдзеш. (Уваходзе Тодар).

ЗЬЯВА V.

Піліп. Добры вечар!
Тодар (якісь час моўчкі глядзяць адзін на аднаго). Згінь ты прападзі, як з віру вырваўся! (Да Піліпа). Ну, што скажаш, валацуга? Дачку прышоў украсьці, што?
Піліп. Дзядуля, ты — стары чалавек, сорамна, думай лепш, што кажаш, а ня то…
Тодар (падыходзе да Піліпа). Ну, ну, што далей?..
Ульляна (баіцца сваркі).
Піліп. Каруся перад табой, дзядулька мудры, бо куды-ж мне? Пятух і вунь як храбёр, а й то ястраба баіцца. Бій, забі мяне, калі вінаваты, але зашто ты мяне з гразёй мяшаеш? Ну, зашто? Ці-ж табе мала, што я люблю Ульляну, а яна мяне? Ты з пагардай сьмяешся, у цябе сэрца з каменя.
Тодар. Думай лепш аб сабе й, пакуль трымаешся на нагах, не забывайся, дзе дзьверы.
Піліп. Эх, дзядулька даражэнькі! глянь-жа на мяне, чым я табе не памочнік, чым я не раўня тваёй дачцэ? Ці-ж гэта ня я кірую непаваротлівую лайбу па наравістай Вельлі аж вунь куды, ў мора; ці-ж ня я вырываў маладыя дубкі? А як гукну песьню, дык абодва берагі на колькі то вёрст разьлягаюцца. Дай мне дачку сваю Ульляну, а ў нагах тваіх, як сабака, буду качацца, твае думкі адгадваць буду, нявольнікам стану. Мудры дзядулька, пашкадуй нас, бо й ты-ж быў малады. Ульляна — твая дачка, а ў цябе сэрца бацькаўскае… А калі, хавай Божа, ты замахнешся на маю душу, то й славу сваю заб‘еш. Усе фігуры, зробленыя табой, праклянуць цябе, людзі адвернуцца, Бог прыгразіць.
Ульляна. Ох, бедачка над бядой — знаць прыказ такі ёсьць з неба, каб памерці мне дзяўчынай.
Тодар. Ульляна, ты-б дала яму есьці. (Да Піліпа). З дарогі, пэўна, ехаў…
Піліп. Я… але… толькі што, бачаце, прыехаў…
Тодар. Ну, то зьесьці трэба.
Піліп. Ды дзякуй, не галодны, бяда, бачыце, не ӯ ядзе.
Тодар. Дзякуй таму, хто навучыў падарожнага ўгасьціць.
Ульляна. Садзіся, Піліп. Хутчэй, а то застыгне. (Тодар садзіцца да працы, Піліп — за стол).
Піліп. Ну, аснач чарнавокі, ўляж, стаўбуй, закідай кардэль… Хі-і, што бачу, бульбяныя аладкі плаваюць у сале. Вось гэта дык уважаю. Нос аж чхае, а вочы дык хітрэй мераюць, ці глыбокая міска. Памагай, Ульляна: гэта самае лепшае лякарства ад усіх хваробаў: глынуў, значыць дзьве-тры аладкі — й ніякага гора няма, сьвет раем здаецца й паплыў у заморскія царствы, ў крышталавыя палацы. Вось гэта дык я уважаю, з ахвотай пазабаўлюся.
Тодар (з іроніяй). А ну, памочнік, цікава, як-бы ты зрабіў вуха вось гэтаму сьвятому?
Піліп. А вось як: паказалі-б, дык, як вокам маргнуць, змайстраваў-бы.
Тодар. А ці ў цябе, блазьне, малако каля губ абсохла?
Піліп (устае). Давайце, да душы, зраблю.
Тодар. Джа! А ні важся: за шмат у цябе адвагі. (Маўчанка).
Ульляна. Татачка, я й табе дам есьці! Тата! (Маўчанка. Ульляна падыходзе й лашчыцца каля бацькі). Я дам майму татку чаго- небудзь есьці… Добра? А то сягоньня ад раніцы бадай ці еў што, ўсё з гэтай фігурай.
Тодар. Адчаліся, не хачу, ня буду есьці. Кончыць трэба, хутка кончыць… Ну, йдзі: работу мне перапыняеш; сказаў, што ня буду есьці.
Ульляна. А я плакаць буду.
Тодар. Бачу, бачу, што ты здатна толькі плакаць і за сьлязьмі дурноты сваей ня бачыш.
Ульляна. Ці я таму вінавата, што яны самі коццяца? Мусіць, так трэба.
Тодар. Чакай, дачушка, панянча цябе жыцьцё, загартуе гора пякучае, выплачыш усе сьлёзы, тагды ясьней адаб‘ецца ўсё ў вачох тваіх.
Піліп. І захочацца аладак.
Тодар. Ось, брыда, неданосак, толькі й знае аладкі.
Піліп. Абжора, ніхцель, боўдзіла, цяляпайла ці як там яшчэ, мне ўсё роўна, але ўсё такі гэта праўда, што, калі пад‘ясі, то сэрца тоўхае весялей і думкі пятушацца. Ого, жывот — самы важны пан; што ён аблюбуе, таму ўжо сьмерць, капут… Яму й цар, і мудрэц, нават, пакорны, а спрабуй яму не ўгадзіць, не паслухаць, то так зробе, што й бязногі пабяжыць, і без‘языкі закрычыць, залямантуе. Добра зьесьці, — вось найлепшая падзяка за ўсе труды.
Тодар. Добра й гэта, але яшчэ лепш, калі чалавек хоча быць чалавекам, калі кожную хвіліну можа выкарыстаць на вялікую карысную працу, калі ён вольны, як тая птушка ў паднябесьсі. Ці ты аб гэтым чуў, абжора?
Піліп. Э, дзядуля, спудлаваў: якая-ж там воля, калі вольнага часу няма, калі трэба працаваць.
Ульляна. А ты ня дзівуй — конь на чатырох нагах, а й то спатыкаецца.
Піліп. Воля й гэтай аладкі ня варта. Вольны толькі разбойнік ды сірата. А нашаму брату воля дык роўна яго сьмерці — цяпер што ўбіў, то ўехаў, а пасьля дык…
Тодар. Ульляна, адыйдзі ад яго!
Піліп. Вось і воля, а сваю дачку няволіце. Ну, але дзякуй, насілкаваўся ўжо, сыт па горла.
Тодар. Ну, то бяры шапку й вон з маёй хаты. Чуеш, брыда? Няма мне часу з табой даўжэй тут балоціцца. Вон!
Ульляна. Татачка! Што-ж гэта, тата, робіш? Апамятайся, татачка!
Піліп. Але-ж зашто… ці пры сваім ты розуме, дзядуля?
Тодар. Ха-ха-ха, што гэта ты думаў тут векаваць, каб атраўляць маё жыцьцё, каб ганьбіць маю дачку? Накарміў цябе, як падарожнага… А цяпер — вон!
Ульляна. Татачка, родненькі!
Тодар. Выносься швыдчэй!
Піліп. Ну, дзякуй-жа за гасьціны: госьць па абедзе дамоў едзе. Дзіўны, чалавек. Ну, Ульляна, зьбірайся, вольны мы цяпер. Ха-ха-ха!
Тодар. Хоць на ўсе чатыры стараны.
Піліп. Толькі-ж ты нас і бачыш. (Выходзе з Ульлянай).

ЗЬЯВА VI.

Тодар (адзін). Ульляна… і яна з ім… ох, мукі, мукі!… (Разьбівае вакно й дзіка крычыць). Стой! Вярніцеся! (Вярнуліся).

ЗЬЯВА VII.

Тодар (дрыжачым прыбітым голасам). Юнача, юнача, сьцеражыся мяне, старога; а ты, дачка, рабі, што хочаш: твайго бацькі ўжо няма. Бог сьведка, што ты загубіла жыцьцё, лятункі мае…

(Заслона).

ДЗЕЯ II.

Ноч. Месячна. Бераг вельмі ўкрыты хмызьняком, паміж якімі тут-вуньдзе буграцца валатоўкі. Вецер галосіць, як бабы на хаўтурох, а схапіўшы туман надбалотны акручвае ім луну. Чутно выцьцё сабак, кугаканьне соў. Лётаюць начніцы, кажаны. Пануець жах — таёмны, незразумелы, жах-страшэнная нячыстая моц. Ён вылез з вільготнага падзямельля й дрыжачы, з вострымі капцюрамі, выказелеўшы вочы, туліцца пад чорнае крыло сваёй маці, чорна-сіняй ночкі. Натапырыўны дыбам шарсьцінае пер‘я, жах бліскае з цемнаты бельмамі й чакае, сьцеражэ, каго перапалохаць, каму ўпіцца ў плечы, чакае нагатове, каб у момант сухастоіну перакінуць у кастлявы упыр, а куст, корч — у ваўкалаку, каб дзіка кугакнуць, таёмна зашумацець у гушчары, ў нетры, каб зьбіць з пуцявіны якога адважніка й загнаць, запрапасьціць яго бязсьледна ў дрыгаўку бяздонную. Джжа! Во недзе, нехта галосіць жаласна, жудасна. Якая-сь моц перакідае тулягі хмар з аднаго боку на другі й мучыць і змушае зоркі моргаць, моргаць. Бачно! перасоўваюцца густыя, таёмныя цені, разрастаюцца, нікнуць, ой, ізноў нальляй наплываюць, скачуць, крыўляюцца, а там на могліцах калышуцца мутна-бледныя паставы; нявыразныя, яны блудзяць сонныя, бяз мэты, між крыжоў і магіл. Ведзьма з закляцьцем на вуснах, з пачкай зёлак вышла ў помач жаху. Чарот хавае, лашчыць русалак. Цёмны бор стогне, сапе: ён здаўся, змогся. Ой, жах апанаваў яго, жах апанаваў усіх; усё, й цёмна-сіняя ночка — ня маці яго, а нявольніца пакорная, а зорка, луна й зямелька — цацкі, ўцеха яго.

Багуець усемагутны жах!
Цыц! Чутно шагі. Ой, якая-ж гэта нерастаропная галава блудзіць у такі благі час, у такое безгалоўе! Ці моʻ бяда-бедачка выгнала на пагібель пэўную жывога чалавека? Божухна, а мо‘ гэта ўпыр ідзе?.. Што бачу? То-ж Ульляна цікаючыся вядзе Піліпа к валатоўцы.


ЗЬЯВА I.

Ульляна. Ну, ня ўпірайся, як баран, хадзі, хадзі — тутака гэта валатоўка.
Піліп. Цемра, нічагусенькі ня бачу.
Ульляна. Зараз, саколік, месяц выгляне.
Піліп. Ат, бяз жаласьці ты, бы гадаўка тая, цягнеш у гэтакае безгалоўе, як-бы я табе збрыд, як-бы жыцьцё ня міла.
Ульляна. Бо й ня міла, сам ведаеш, што пакуль не раздабудзеш грошы…
Піліп. Ды пярун іх спалі, гэтыя грошы!
Ульляна. Ціха, ня крычы, ня будзе ліха. Калі ня хочаш, то й прасіць ня буду. Сам-жа прасіў, каб паказаць, дзе цьвітуць грошы.
Піліп. Лепш пад мост з нажом пашоў-бы, чымся тут заводзіць каншахты з нячысьцікамі.
Ульляна. Але ты не забывайся, што бацька можа кожную хвіліну ліха нарабіць… „Сьцеражыся мяне, старога!“ сказаў ён, і зробіць нешта, да душы, так зробіць, што пасьля й не паправіш. Ужо я яго добра знаю: ня збоча, каб там Бог ведае што!
Піліп. Не баюся я яго — мяне і ў ступе таўкачом не пападзеш.
Ульяна. Ну то нечага валэндацца — я йду да хаты.
Піліп. Пэўна што так! (Ульляна выходзе). Пачакай лепш хвіліну. Ось я павешуся. Чуеш! Нацешышся, налюбішся, як я буду нагамі адбівацца, а тагды сабе пойдзеш, куды вочы панясуць.
Ульяна (вярнулася). Ну, вешайся хутчэй.
Піліп (прывязвае пояс да сука). Хто сьпяшыць, той людзей сьмяшыць. Табе ўсё сьмешкі, а я, да душы, не жартую! Ўсё роўна мне ня жыць бяз грошы, бо бяз грошы ня будзе волі, а бяз волі ня бачыць мне цябе — так разважае й твой бацька.
Ульляна. А я заўтра буду аладкі пячы. Піліп, ці ты любіш верашчаку з сьвінымі скабкамі, а пасьля зрабіць з аладкі карытца, чарпануць і ў губу, або яешню з вяндлінкай, пахне і вунь як смашна; або сыр сушаны ды у масьле патушыць… (Піліп адвязвае пояс). Ну што, раздумаўся?
Піліп. Дурань я вешацца, калі столькі дабра на сьвеце. Буду жыць, пакуль ёсьць верашчака й яе падданыя.
Ульляна. Ну, але, Піліпка, жарт на бок.
Піліп. Ты думаешь, я жартую? Да душы, Ульяна, не. Я й супраўды хацеў павесіцца. Ніяк ня ўцямлю, што кругом мяне робіцца, стаў няпрытомны, бяз чуцьця, як дрэва тое. Вось, бачыш, кусаю руку й яна мне зусім не баліць — у сярэдзіне толькі неяк ные, калоціцца, як перад вялікай бядой.
Ульляна. А ты супраўды ўкусіў — кроў ідзе… Кінь, Піліпка, час за работу. Відней ужо стала, месяц бліснуў. У гэтым вось мейсцы капаць трэба. (Гладзіць Піліпа, які ўвесь час стаіць пануры). Ты, саколік мой, ня бойся ніякага, нічога табе ня здарыцца, аб нічым ня думай, нікуды не глядзі, а капай сабе ды капай.
Піліп (злосна). Ага, капай сабе ды капай.
Ульляна. А ўжо, як грошы здабудзеш… Эх, грошы аж мітусяць, як жар гараць, як збожжа, чарвонцы адзін у вадзін, ажна вочы разьбягаюцца, набярэш цэлы прыпол, поўны мех.
Піліп. Ой праклятая сава, чаго яна кугакае?
Ульляна. Ну згадай, яна добра варожыць?
Піліп. Ды ня ведаю я.
Ульляна. Ну згадай, яна добра варожыць?
Піліп. Ды ня ведаю я.
Ульляна. Яна кажа, што мы грошы дастанем, пажэнімся й пасьля куга-куга, люлі-люлі, дзетка, спаць, а я буду аддыхаць.
Піліп (абнімае Ульляну, яна вырываецца, ён гоніцца за ёй, але, дабегшы да Вяльлі, астанаўліваецца й з вялікім жахам кажа шопатам). Ульляна! Ульляна! Глянь-жа. Чуеш…
Ульляна. Чаго? Што ты бачыш?
Піліп. Хадзі, хадзі… чый гэта лоб тарчыць у вадзе?
Ульляна. Дзе?
Піліп. Вунь, вуньдзека, а што! Ульяна, золатца маё, лоб, праўда?
Ульляна. Ды што ты пляцеш дзе ён бачыць гэны лоб, гэна-ж камень, дурны ты!; (Сплёўвае тры разы). Божухна мой, ото-ж напалохаў мяне, памяло гэтае. (Піргае Піліпа). Аж у пяткі кальнула, думала, скрозь зямлю правалюся.
Піліп. Дык ты кажаш, камень… Праўда, камень. А мне здалося, што мой гаспадар вытыркнуў лоб з вады.
Ульляна. Калі здаецца, дык перажыгдайся ды плюнь тры разы, а я зёлак сьвянцоных спалю — спосаб хвалены, адвечны. (Паліць). Ось так, бо лепш асьцярожна, як варожа. A цяпер трэба чартапалох раскідаць. (Раскідае). Сюды, сюды не зашкодзе, вось так. Ліха, як рукой зьніме, нечысьць ніяк ужо ня прыступіцца.
Піліп. (у той час, калі Ульляна паліць і раскідае зёлкі, глядзіць задумана на Вяльлю). Красуе Вяльля, ого, вунь як красye. Камень той трэба з левага боку аб‘ехаць і каб не зачапіў, то трэба сказаць прыхільнае слова, ну хоць бы: здароў, ягомасьць, — ці кінуць у ваду што ласага… Там пойдзе высокі, круты бераг… дзікая яблыня на ўзгорку, далей векапомны дуб, на ім буслава гняздо. Эх, Вяльля чароўная, ты хістала маю калыску-лайбу важкую, хвалі твае пелі калыханку, баілі казкі! (Чутно гром, раз, другі). Эх, уцеха ты мая, красуешь, ўешся, як каса русалкі й, павабная, вабіш к сабе, вабіш!.. Сягоньня ты поўная жаху, якраз, як у тую памятную ночку.
Ульляна. Піліпка, ці ты чуешь?
Піліп. Парнасьць, духата хоць ты душыся…
Ульляна. Гром… Божухна, бура будзе!..
Піліп. Неба гатавалася, зямля дрыжэла, стагнала, маланкі ня гаслі, а пры іх сьвеце ясна бачыў цэлую табалу русалак, рака запенілася, якіясь зялёныя, саплятыя галовы выторкваліся то тут, то там, чмыхалі, страсалі ваду і зноў хаваліся, а я, праставалосы, гнаўся сярод гэтага запусьценьня, безгалоўя, сьціснуўшы ў жмені руль і пеў да хрыпаты. (Пяе. Ульляна ў час песьні то памагае пець, то хоча перабіць Піліпа, з жахам аглядваецца й туліцца к Піліпy).

„Гэй, гэй, Вульляна, дзяўчына краса;
Вочкі, як зоркі, а як шоўк, каса;
Каб ня твой Сьцяпанка, ды не твае гора,
Ня плыла-б ракой ты да сіняга мора.
Ой, бо твае сьлёзы, як пэрлы ліюцца
І сіняй істужкай праз ўвесь край нясуцца.
Гэй, гэй, Вульляна…

Расістая траўка, лес, сонца і хмары
Ткуць узор па йстужцы, ліюць красу, чары.
Па рачцэ у лайбе, гой, у край далёкі
Едзе, пяе песьню аснач чарнавокі.
Гэй, гэй, Вульляна…

Ой трудненька, трудна, моцненька гарую,
Бо заставіў дома сваю дарагую.
Пацерак і шоўку прывязу з чужбіны
Для сваёй міленькай, для вішні дзяўчыны.

Ульляна. Піліп, Піліп!, ці чуеш ты? ачніся! што з табой?
Піліп. Га? Што табе трэба? А дзе гэта мы? (Аглядаецца). Ага, дык мы яшчэ тут. Ну скажы, чаго ты да мяне прыстала, чаго хочаш ад мяне? Вешаешся, ліпнеш, як хмель той; раз сказаў, што капаць ня буду й ня буду! Проста дыхнуць ня дасьць. Думаеш, для красы тваёй стану галаву тут класьці ў такое безгалоўе? Падумаеш, уцеха вялікая! Бачыў я, ягадка, не такіх. Вунь як паедзеш у Коўна, дык там літоўкі — проста пальчыкі аблізаць. Красулі! Як накруцішся паміж іх, дык лістам сьцелюць, а я й глядзець сабе на іх не хачу, йду, значыць, арлом, шапку на патыліцу ды — на бок грыбок, баравік едзе! A яна тут сунецца, касалапая; вусы свае перш абсмалі. Ну чаму-ж ты маўчыш? А ведаеш, чаму я не хацеў глядзець на літовак гэных? Бо ім да цябе, як бэрліца да пірага, бо такой няма й ня будзе, як ты, стрынатачка мая. (Абнімае Ульляну).
Ульляна. Сьцеражыся мяне старога.
Піліп. А пакінь ты! яно ў мяне й так ужо ў вушах якоча бязупынна… Эх, раз паміраць (Ськідае шапку, плюе ў далоні, бярэ рыдлёўку й грозна страсае ёй). Ну, хай якая мара паткнецца, так агрэю, што сваіх не пазнае, па вушы ў зямлю ўганю! (Рупна капае).
Ульляна. Пачакай, саколік, дай я табе руку завяжу, глянь, як кроў ідзе. Дурны — кусаць аж да крыві.
Піліп. Адчапіся, кажу. Ты-ж мяне ўсё баязьнём бэсьціш, на табе — ці бачыш? Такога адважніка, як я, днём з агнём ня знойдзеш.
Ульляна. Пэўна, чаго-ж там баяцца, й зёлкі спалены й чартапалох раскіданы.
Піліп (капаючы). Сама рыдлёўка ходзе, ў міг раскапаю, вось як, вось як, вось ці бачыш, як расчышчаю дарогу к багацьцю? Тупая, шэльма, рыдлёўка… Але калі што выкапаю, то ты панясеш, Ульляна?
Ульляна. А я, бачыш, каб усё было добра, хачу перш пайсьці па сьвянцоныя зёлкі, бо як будзеш несьці дамоў скарб, дык тагды найгорш чартаўшчына данімае.
Піліп. Ну йдзі, йдзі сабе ды чакай там дома мяне з аладкамі. (Ульляна выходзе).


ЗЬЯВА II.

Піліп. Божа, як галосіць віхор. (Грукаціць гром)… Ульляна! Ульляна! Нашто я яе пусьціў… ведама бо, што з бабай сьмялей, бо кажуць, дзе чорт ня зможа, там бабу пашле. Ды ўрэшце, што за безгалоўе, я то зломак які ці што? Ух, замарыўся! Як тут жудка ўсё-такі… Трэба лепш капаць, бо як пры бясчыннасьці — жах так і ўпіваецца… Каб хутчэй хоць сьвітаньне. Ціха… пялескае нешта на рачцэ. (Задумваецца). Божа, Божа, што я зрабіў?.. Эх, гахнула, толькі шчэпкі пасыпаліся, а яго, пузача, бруха на дно, як камень, пацягнула. (Капае). Раз-два, раз-два… й зёлкі спалены, й чартапалох раскіданы, чарцям прыступу няма. Вось-жа на злосьць не баюся, га, га, га!.. (Сьмяецца з прымусам). Яшчэ, яшчэ… Ой, нешта цьвёрдае, нешта ёсьць, вось як стукаціць гаршчок, ці скрынка, ёсьць, ёсьць… (Адкідае рыдлёўку й дастае рукамі). Не такі чорт страшны, як яго малююць… Ну вылазь, чаго там упіраешся, годзе прэць у зямлі, годзе людзям наругацца… Чаму-ж гэта такі легкі, ці мне здаецца… быццам пусты. (Выносіць на сьвятло — адкідае). Божа мой! чэрап людзкі, а я так узрадаваўся, думаў і канец бядзе. А мо‘ мне здалося?.. (Прыглядаецца). Чэрап! Зьгінь ты, прападзі! Трэба закапаць, а то ня дасьць супакою гідась гэтакая: будзе па начох трывожыць, пужаць у дарозе.


ЗЬЯВА III.

Піліп (хоча закапаць чэрап, але з-за валатоўкі высоўваецца гаспадар, жудасны, з сінім распухшым тварам і рукамі, мокры, абросшы мохам, жабурыньнем, пьяўкі й ракі паўпіваліся шышкамі. Стаіць у імглістым водблеску). У імя войца і сына… (Ўцякае, але спатыкаецца, валіцца й ляжыць, як мёртвы. Маўчанька. Памаленьку ўстае, аглядаецца.)


ЗЬЯВА IV.

Піліп. Няма… Ох, Божухна мой, няўжо мна здалося? Ці моʻ крыж памог!.. (Ідзе ціханька, аглядае тое мейсца, дзе быў гаспадар). Да душы, няма, здалося. Трэба-ж было спаткнуцца. Ну, думаю, ўсё ўжо прапала: душы мяне, нечысьць, бяры, муч! ажно нічога не сталася, напэўна здалося. (Стукнуў пярун, ён жмецца пад дрэва). Мусіць я прапаў, мусіць тут мая сьмерць… Што-ж мне рабіць?.. Ні шчасьця, ні грошы, а бяду я сабе тут выкапаў. Ой, страшна, вось хоць скрозь зямлю праваліся… Каб так стацца маленькай кузуркай — забіўся-бы ў шчэліну ці дзе-небудзь пад кару, пад лісток, прытаіўся-бы, зьнік… Страшна мне, страшна!.. Уцячы — адзін ратунак, уцячы, як найхутчэй. (Сядзіць нярухомы з перапуду, чуць гаворыць). Не, не магу, я ня сьмею, я ўжо зачараваны, прапаў, страшна зварухнуцца, за плячмі цэлае пекла… Не магу я… Ой, ратунку! Ульляна! Людзі! (Маўчанка). Ага, гад, расамаха й добра табе, каб паслухаў — жыў-бы дагэтуль і гора ня меў-бы; кажу: „гаспадар, затрымаемся у Тодара — цёмна ўжо, можа лайба разьбіцца аб каменьні, а іх-жа тут натыркана, як грыбоў“. Дык не, пракляты, й слухаць не хацеў, ды яшчэ гахнуў мяне па шчаццэ… Ульляна, Ульляна, я хацеў цябе пабачыць і ніякая сіла не змагла-б мяне стрымаць… Ну, але скарб як дабудзем, то… які скарб? калі? (Сіліцца ўспомніць). Але, значыць, я цяпер у Тодара… Кінуў свайго пана. Ат! Якога ліха вінават. (Дражніць). „трымаць руль“. Ого, разумнік, а вось папрабаваў-бы сам. Ульляна! Ульляна!.. Чаму вінават?.. Бо пэўна я-ж яго мог выратаваць, ён маліў аб помачы, гразіў, захліпаўся… Чаму не ратаваў?.. Ах, я яго ўтапіў, пусьціў лайбу сумысьле, са злосьці, я яго ўтапіў!.. Трах! толькі трэскі пасываліся; замучыў, загубіў я яго, каб разьвязаць сабе рукі, каб пабачыць Ульляну, ўтапіў я яго. (Хватае рупна рыдлёўку). Што я хацеў рабіць, што мне трэба — ніяк думак не магу сабраць, нехта ўсе бяжыць, топае, хіхікае дакола, кружыцца й мітусіць. (Кідае рыдлёўку). Не! Я не вінават, Бог сьведка, што я не хацеў яго ўтапіць, о ніколі я не адважыўся-бы, хай мне язык адваліцца, калі хлушу, калі я…


ЗЬЯВА V.

Піліп. (Зьяўляецца зноў гаспадар). Ну вось добра, што прышоў, скажы, калі ласка, ці я цябе хацеў утапіць, ці хаця прыгразіў я табе? Я-ж ніколі кузурачкі сумысьле не раздавіў, мне сэрца карабоцілася ад лопнутага мазаля, ад ранкі маленькай… (3 горла гаспадара вырываецца сьмех, схож з лёкатам буслаў — кляшчы ў далоні). Ну вось і добра, ты мне паверыў, дараваў, я ніколі не жадаў табе блага. Дай памірымся… Чорт, чорт… Я бачу, ты не тайся… ты — чорт, чорт… А бач, толькі каб ніхто не даведаўся, я табе прадам сваю душу, толькі даруй… Стой! Каго завеш! Даруй! Ратунку!.. Я не вінават, бяры душу, бяры дарма… дзе рыдлёўка. Ульляна, ратунку!.. Я жыць хачу!..


ЗЬЯВА VI

(Выскакваюць русалкі з зялёнымі косамі, чорныя чэрці; ўсе бяруцца за рукі й дзіка крыўляюцца, круцяцца кругом Піліпа. З раскапанага ўзгорку пырснуў чырвоны агонь — вылез Бог скарбаў, абліты золатам і срэбрам, вылез і супакойна курыць люльку. Ад усіх бакоў прыбываюць розныя нечысьці).

Піліп. (Няпрытомны крычыць). А-а-а-а…

(Заслона).

ДЗЕЯ III.
(Дэкарацыя першага акту; дзень).

ЗЬЯВА I.

Тодар (шукаючы). Дзе долата? Няма нідзе… Долата дзе, Ульляна, чуеш, Ульляна? Эх! Нячыстая моц!.. (Шукаючы. злосна раскідае рэчы, б‘ець начыньне; пасьля ходзе па хаце, раптам хапае тапор, замахваецца на фігуру, але тут-жа бязьсільна выпушчае тапор; з мальбой да фігуры). О, даруй мне! Што я раблю? Адна ўцеха, адно, што дае моц не паддавацца, не спаткнуцца на цярністым маім шляху, гэта вы, фігуры! О, даруй мне, грэшнаму, даруй мне зухваласьці — вось гэтым тапаром засяку лепш свайго ворага, крыўдзіцеля. Ён прычынай, што не магу супакойна працаваць, не магу даць гэтым кускам дрэва вобліку людзкага, даць жыцьцё. Адабраў ён у мяне дачку, найдаражэйшае ў маім жыцьці, узяў маё сонца й я цяпер, як тая травіца ў цёмным склепе, гібею, чахну… І дзе яны падзеліся, з начы прапалі? Яна пад раніцу прыходзіла й зноў прапала. Мо ўцяклі?.. Дрэнна, дрэнна… камень з ракой сварыцца, дрэўца з ветрам ходаецца, а яна запрагаецца ў ярмо, лезе ў балота. Дрэнна, дрэнна… (Задумліваецца. уваходзе багаты Аснач і яго корнік).


ЗЬЯВА II.

Аснач. Ну, Тодар, як здароўе? Дай выпіць, закусіць… На хвіліну заскочылі. (Садзяцца за стол. Тодар ня чуе). Што з ім стала? Што яму? (Корнік дае зразумець, што ці не звар‘яцеў Тодар). Ну, а дачка твая дзе, Тодар? Ды што ты маўчыш, як рыба? Я часу ня маю… гм. Ці-ткі ты кінеш прыкідвацца. (Крычыць і кратае Тодара). Ага цю, ці не аглох ты часамі?
Тодар (схамянуўшыся). Хто ты? Каго вам трэба? Ідзеце сваей дарогай. Няма тут нікога, нікога, няма, йдзеце, йдзеце!..

ЗЬЯВА III.

Тодар. Нейкія чужынцы, незнаёмыя… Толькі работу перабіваюць… Як-бы прыпамінаю — калісь недзе бачыў. Але-ж хто гэта выганяе людзей з хаты, вярнуць трэба. (Хутка выходзе, чуваць, як заве) Гоп, гоп! вярніцеся, аддыхнуць можна… Я ня сумысьле, я кажу вярніцеся… (Уваходзіць). Уцякаюць, як ад пошасьці якой. Кара Божая, кара Божая. Вунь і буслава гняздо пустое сёлета, варожа на ліха, бяду. Сьцюдзёна неяк… На дварэ Пятроўка, жніва, а тут цябе дрыжака трасе. Прокляць! Згасла маё жыцьцё, хутка, неўспадзеўкі згасла; як лучыну тую, затапталі балотным лапцем, а ці засталася іскрачка? Хіба што не… Ох, ізноў пачаў жальбаваць, ізноў немач мяне апаноўвае. Дзяржыся. Тодар, не паддавайся! Не такой ты натуры, каб цябе якісь прыблуда мог сагнуць у казіны рог і загнаць, дзе ракі зімуюць. Не, брат! Лягчэй табе зьесьці бочку жалезнага бобу, чымся паканаць Тодара. Вось запяю песьню, вазьмуся за работу, а там пабачымо… (Працуе каля фігуры й ціха пяе).

ЗЬЯВА IV.

Цівун (увайшоўшы). Ку-ку-рэку! Я ашалей! Ку-ку-рэку! Поўнач прайшла, ха, ха!..
Тодар. Што з вамі, пане Цівун?
Цівун. Перамена пагоды, будзе лагоднае надвор‘е. Ку-ка-рэ-ку, ха, ха!..

Ой, дуды, мае дуды,
Я вясёлы, туды-сюды!..

Сьмейся, Тодар, каб жывот твой трэснуў са сьмеху, скачы, каб прабіў столь, ямы павыбіваў у падлозе. А ну, рухавей, бо гарапнік пушчу ў ход, ну, раз, два, тры… Ха, ха, ха… (Абнімае Тодара). Тодар, золатца маё, мільён, сонца… Вялікдзень сягоньня, з новым годам, ха, ха!..

Эх, уродліва на сьмех —
Наклаў, сабраў поўны мех,
Наднімуся, азірнуся
Ды ізноў за сьмех вазьмуся!

Тодар. Я ўсё-ткі ня ўцямлю, аб чым гэта толк ідзе…
Цівун. Крычы, раві, як ярыхонская труба, хай у цябе тысяча языкоў вырасьце: пан памёр! крычы: пан памёр!
Тодар. Памёр…
Цівун. Але, памёр! Ужо ня будзе мароз ляскаць на нашых тварох, плячох, ня будзе гудзець віхор ад розаг; сьціхне гром стонаў, пракляцьця; высахнуць рэкі з сьлязьмі, потам.
Тодар. Усё гэта чапялой пісана, памялом падпісана.
Цівун. Ня верыш! Ну, то я табе скажу, што ты з дачкой ужо вольны.
Тодар. Як гэта? Шкода часу на такія жарты.
Цівун. У тастамэньце стаіць: „Тодару й дачцэ яго даць волю толькі тагды, пакуль ня зробіць ён фігуры сьв. Паўла…
Тодар. Гэта імя пана.
Цівун. …„і ахфяруе ў нашу капліцу. Вялічыня фігуры павінна быць у рост чалавека“. Вось, як стаіць у тастамэньце.
Тодар. Стаіць, як сонца на паўдні.
Цівун. Хоча, бачыш, хоць гэтым сваю па паскудную душу выкупіць у чорта. Эх Тодар, табе ўцеха, а мне яшчэ больш, ха, ха, ха!.. Проста-ткі млосна робіцца, як успомню белянуховаэ цела маёй пані (Тодар працуе каля фігуры, ўстае, ходзе й зноў працуе) Ня дзіва, што паны нічога ня хочуць рабіць, ось ім толькі асалоду ды красу. Хоць бы мая пані… «А бач, Цівун», кажа да мяне: «я люблю цябе, як цёмна, бо ты вельмі каравы»… ха, ха, ха!.. О, гэта ня пані, а мядуніца… гэта — пушаны пірог, а я ня цівун, я, хто-ж я?! Не, я шалёны. Хаджу па лясох, па полі й пытаю сабе: ці гэта ты?

Эх! Уродліва на сьмех —
Наклаў, сабраў поўны мех,
Паднімуся, азірнуся
Ды ізноў за сьмех бяруся.

(Прытопваючы выходзе).

ЗЬЯВА V.

Тодар (працуючы). Як-жа гэта?.. Вечны пакой тваёй душачцы, вечны пакой… Як-жа гэта сталася?.. Ручкі мае залатыя, працуйце днём і ноччу; галоўка, любасьць, уцеха мая… О, сьветлая часіна, як гэта мне каб супакоіцца, каб працаваць і працаваць. Дзякуй табе, Божанька, наградзіў ты мяне! Але дзе-ж Ульляна?.. Ўсьцешу яе благаслаўлю, хай жывуць памаленьку… й Піліп выкупіцца… хай сабе жывуць. Усё добра будзе. Вось, каб толькі хутчэй скончыць фігуру. Зраблю яе, як яшчэ ніводную. Ўсю здатнасьць, ахвоту прылажу (Выпускае малаток і долата, трэць вочы) Што гэта ў вачох нешта цёмна стала. Нешта мае вочы сталі недамагаць. Эх, старасьць — ня радасьць. (Зноў працуе). Трэба кончыць, кончыць, як найхутчэй…

ЗЬЯВA VI.

Ульляна (уходзе заплаканая, раскудлачаная) Татачка, ня муч мяне, зьнімі пракляцьце. Татачка, пашкадуй мяне. Ты, пэўна, пракляў нас, пракляў…
Тодар. Што з табой? Дзе ты была? Ты ведаеш, Ульляна, мы ўжо вольныя… прыходзіў Цівун…
Ульляна (ня слухаючы). Ой, Божухна мой! От ужо доля мая гарчэй асіны, палыну… Маці няма, бацька пракляў. Няма куды галоўкі прыхінуць, няма каму сьлёзы ўстрымаць. Матулька мая родненькая, красачка незавятая! Ці чуеш ты гора Ульляны, дачушкі сваёй? Вазьмі мяне, гаротную, к сабе: лягчэй мне сырую зямельку дзяржаць, чымся такое гора валачыць. Ой баліць, ные сэрцайка маё. Ой лопнець-жа яно ад непамернай болі. (Хватае тапор і падае бацьку). Тата! Ты яго загубіў, замучыў, пракляў. На тапор, конч мяне, забі мяне…
Тодар (бярэ тапор і адкідае яго). Кінь, шалёная. Ад цябе Бог адступіўся, я табе кажу вялікую радасьць; пачуй-жа ты, зразумей гэта, што мы ўжо вольныя! Скажы ты мне, што з табой сталася? На цябе страшна глядзець.
Ульляна (ня слухаючы). Ох, як-жа цяжка горкая доля мая, ой ня стрываю!..
Тодар. Дочачка мая, Ульляна, ахамяніся-ж ты! Дзе Піліп, дзе вы бадзяліся ўсю ноч?..
Ульляна. Татачка, няма Піліпа майго, няма, няма. Ратуйце мяне, звар‘яцею! Няма-ж яго, няма!.. Ён капаў валатоўку, грошы хацелі раздабыць, закляты скарб выкапаць, я пашла па зёлкі сьвянцоныя, бура была, я заблудзіла, а прышла да валатоўкі, то яго ўжо ня было. Ён прапаў недзе. Піліпка, ўцеха мая, прапаў; няўжо я з табой навек расталася? Чуе маё сэрца, што бяда з ім здарылася.
Тодар (як-бы баючыся, каб хто не пачуў). Ціха, ціха, годзе, йдзі адгэтуль…
Ульляна (ня слухаючы). То-ж без тваіх вочак і сонейка бляднее…
Тодар (выводзе яе). Ціха, кажу, йдзі, йдзі яго шукаць, малю цябе — маўчы, йдзі, шукай яго, астаў мяне аднаго. Ты загубіла душу: Бог цябе пакарае, душагубка ты. (У дзьвярох сустракаюцца з Піліпам).

ЗЬЯВА VII.

Ульляна. Піліпка, дзе-ж ты быў? Я пашла па зёлкі, вярталася й заблудзілася…
Піліп (моцна абарваны, валасы раскудлачаныя, у іх мох і трава; твар, рукі, ногі параненыя, ў крыві, гразі. Груба адпіхае Ульляну). Гаспадар ідзе, ціха… Вунь, вунь ідзе, маўчыце… (Зашчапляе дзьверы). Ну, ці увойдзеш цяпер, гы-гы-гы!.. Не! дарма ня лезь, і шчэліны пазатыкаю. Куды лезеш, стой! (Дзіка ўзіраецца). Ох, вунь ужо стаіць, вунь!.. (Цікаючыся падыходзе да фігуры, з гікам кідаецца на яе й, паваліўшы на зямлю, душыць за шыю).
Ульляна (моўчкі з жахам глядзела на Піліпа). Ах, звар‘яцеў! (Сланяецца, адступае й валіцца воб землю. Тодар адпіхае Піліпа ад фігуры, той з гікам уцякае на двор. Тодар, мармочачы, топае каля фігуры. Ульляна ўстае з абамленьня й, aniраючыся аб сьцяну, даходзе да вядра, п‘е ваду, праводзе рукамі па твары, папраўляе валасы, вопратку. Маўчанка).

ЗЬЯВА VIII.

Тодар (лагодна). Трэба было-б, Ульяна, пшанічку жаці, а то, бачыш, сыпіцца ўжо.
Ульляна (моўчкі бярэ серп са сьцяны й панура выходзе).

ЗЬЯВА IX.

Тодар. Дзякуй Богу, што хоць жыў… Бог пакараў… Бедныя мае галубкі!.. І трэба-ж было ім адважыцца… (Працуючы каля фігуры). Розум у яго памуціўся. Памаленьку мо‘ як прыдзе да сябе. Я знаў аднаго дравасека, так сама сустрэў у лесе здань і звар‘яцеў, а пасьля й нічагусенькі, паправіўся, ажаніўся… (Выпускае малаток, долата, працірае вочы). Зноў пацямнела ў вачох, імглой зацягвае… Божухна мой, за што ты мяне крыўдзіш?.. Што ты на мяне яшчэ сашлеш!?.

(Заслона).
ДЗЕЯ IV.

(Дэкарацыя, як у першай дзеі. Раніца. Тодар сядзіць каля фігуры. Паліцца ў печы. На ложку ляжыць купец. У хаце непарадак).

ЗЬЯВА I.
Тодар і купец.

Тодар (водзючы рукамі па фігуры). Хутка будзе скончана… Вось тут толькі трэба абгладзіць, тут паглубіць… Піліп! Мусіць яго тут няма… Піліп! Піліп!
Купец (прабудзіўшыся). Охо-хо, трэба ўставаць, а тут ня хочацца, лянуюся — разаспаўся зусім… Хацеў, значыць, ехаць, як дзень і дзеле таго не распрануўся, думаў на дзьве якія гадзінкі прылегчы, а тут во які ўжо вялікі дзень, а я сам… (Прыпявае).

Нацешыўся, налюбіўся
Ды нацалаваўся;
Як салоўка у садочку,
Ягад накляваўся.

А бач, дзед, дзе Ульляна? (Маўчанка. Тодар сядзіць нярухомы). Сядзіць, як сьвяты турэцкі. Ну, яснавяльможны пан купец, уставай-жа ўрэшце, вязі свой дарагі тавар у багатую чужыну, збывай па даходнай цане, зарабляй, набівай шчырым золатам свае скрынкі акаваныя… Але-ж, будзь ласкаў, устань, глянь, глянь, якая ўжо пара. (Пазяхае). Ну, раз, два… (Устае). Гэй, хлопцы, дзяцюкі! Дзе іх нечысьць пазганяла?..
Тодар. Яны спалі ў пуні на сене.
Купец (узіраецца ў вакно). І ня ў пуні, й не на сене, а вунь саколікі мае чакаюць ужо на лайбах. Добра! Люблю! (Кідае на стол грошы). За начлег… Бывайце!.. (Выходзе).

ЗЬЯВА II.
Тодар.

Тодар. Ідзі хоць у вір галавой… (Maўчанка). Дзякуй табе, неба, што ты адняло ў мяне блеск яснага дня, што не магу глядзець у пагардлівыя вочы людзей, не магу бачыць свайго сораму. Ў маёй хаце, дзе жыла праца, чыстата, прыкладнае жыцьцё, цяпер запанавала немач, дрэнства, гідасьць. Ох, калі ня бачу, то затое я чую гэты сорам, паняверку; паліць ён мяне полымем, вагнём. Ось, здаецца, сяджу на высокай гары і ўсе мяне бачуць і торкаюць пальцамі й насьмяхаюцца, што я зьвіхнуўся ў сваім жыцьці, дастукаўся да пагібелі, пракляў свае надзеі. (Энэргічна). He, кажу вам і небу кажу: не! Пакуль тоўхае сэрца ў грудёх маіх, не кажыце, што я здаўся. Калі небу трэба мукі — дам іх бяз меры; калі людзям трэба кроў маю — дам колькі маю, але Тодар застанецца Toдарам, ня збоча, ня здасца. І гэта я чытаю ў душы маёй і будзьце вы сьведкамі, рукі мае мазалістыя, судзіце вы ў час маёй немачы, здрады, судзіце тагды сьмерцяй галоўку маю векавую, сівенькую. Але я веру, што ўсё будзе добра, дачушка мая апамятаецца й зразумее, што жыве брыдка, не палюдзку, а я тым часам скончу фігуру… Але дзе-ж гэта Піліп падзеўся? Піліп! (Маўчанка. Чуваць граньнё жалейкі з пералівамі аж да канца дзеі). Бывала, як я быў падшпаркам, на пядзю ад зямлі адросшы, дык дурэў, весяліўся, як тая белка на сукох. Чаго толькі не даказваў! Прыбяжыш гэта да ракі, дзе альшэўнік рос, зьдзярэш кару з маладой вольхі, зробіш трубу, ды тругу-тругу! быццам гэта толькі й трэба было рабіць. Не чапай, кажа маці, ня псуй дрэў, глянь, то-ж у цябе, як у расамахі, твар і рукі абкрываўлены, ты п‘еш кроў вольхі. Праўда, не чапаў я больш вольхі, затое колькі я папсуў лазы, ўсё робячы жалейкі. І вось, як гэты пастушок, зайграеш, бывала (Напявае).

Ці ня дудка мая,
Ух я!
Весялушка мая,
Ух я!..

ЗЬЯВА III.
Тодар і Піліп.

Піліп (прыносіць цэлы прыпол асеньніх лісьцяў). Вось на, на, дзядуля, хавай гэтае золата, што табе трэба; сам Бог нам прыслаў. На, кажа, занясі Тодару. А там-жа-ж шмат яго, шмат. Я яшчэ зьбегаю…
Тодар. Стой. Піліпка! Хадзі сюды, вазьмі долата, малаток, будзем канчаць, мой даражэнькі. Выручай мяне, сьляпога. Вось сюды ўдар колькі разоў. Вось так! Чакай-жа. Дай я абшчупаю… Добра, добра, родненькі!.. Цяпер сюды…
Піліп. Дык гэтае золата нядобрае?
Тодар. Не, нядобрае — усялякае золата ня добрае.
Піліп. Дык як-жа гэта будзе? Нам-жа канечна патрэбна.
Тодар. Ну супакойся, я табе ўжо колькі разоў казаў, што нам ніякага золата ня трэба. Вось зьбі долатам гэты бугарок. Вось так… Ох, мой Піліпка! Я табе ўжо й ня дзякую: як памру — тагды, тагды адпакутую двойчы, й за сябе й за цябе. Тут удар, Піліпка…
Піліп. Я ўчора ўсё шукаў Бога, ўсё хацеў яго папрасіць, каб нас болей ня крыўдзіў, дык вось ён нам даў золата, але вось, дзядуля, кажаш, што нягоднае, фальшывае.
Тодар. Бедненькі, ты мой саколік!

ЗЬЯВА IV.
Тодар, Ульляна, Піліп.

Ульляна (шумна ўваходзе, раз‘елася, ў бруднай, заношанай вопратцы, голасна ікае і ўсё нешта жуе. Згледзіўшы грошы на стале, ліча). Добра плаціць — золата ракой льецца. А бач, дурнюк Піліп, — грыб! чуеш! Вось капаюцца там, як куры на сьметніку. Дурнюк, прынясі вады, жыва!
Тодар. Піліпка, кінь! пасьля… прынясі перш вады. Я сам схадзіў-бы, але… (Піліп бярэць вядро й выходзе).

ЗЬЯВА V.
Тодар і Ульляна.

Тодар. Я ня ведаю, як гэта ты… я то не адважыўся-б панявераць яго дурнем.
Ульляна. А то разумны? Ма-быць, як цыцалі жыдоўскія.
Тодар. Я, вось, як асьлеп, дык ён мне зусім інакшым здаецца. Мо ён і не разумны, але й ня дурны. Ў ім якісь сьвяты супакой, нешта ня нашае, ня людзкае.
Ульляна. Ат, гародзіш бяз толку. Абое з розуму зжылі. 3 вамі пажыць, дык, да душы, можна звар‘яцець. (Стукае ў вакно). Гэй, целяпень, асталоп, нясі хутчэй!
Тодар. Ох, цяжка мне, цяжка! Перамянілася й ты, Ульляна. Як я цябе пачую, дык мне ўсё выдаецца, што ты ходзіш на чацьвярынках і раз‘елася, як кабан, а вусны ў цябе тоўстыя, блішчаць вымазаныя, як у сале… Вось як цяжкі сон…
Ульляна. Xa-xa-xa!.. Hy тo чым-жа кепска? А тата мне выдаешся, як чараўнік, вядзьмар. І ўсё мне здаецца, што вось паднімеш свае кастлявыя рукі й праклянеш усё, й здрыганецца зямля, задрыжыць усё жывое й страшна мне робіцца.
Тодар. Эх, Ульляна! Пакрыўдзіў мяне й Піліпа Бог, але цябе яшчэ больш пакрыўдзіў: згас сьвет у маіх вачох, застыг розум у Піліпа, а ў цябе, Ульляна, душы няма.
Ульляна. Куды гэта выходзіш? Хутка сьняданьне будзе гатова.
Тодар. Я пайду пад крыж, падумаю, памалюся, пагукаю з Богам, бо няма мне больш з кім душы адвясьці. Пры табе не магу працаваць.
Ульляна. Ну то йдзі сабе, толькі я з ядой чакаць ня буду.
Тодар. Я хутка прыду. (Выходзе, лапаючы наўкола рукамі. На лаве абмацаў лапаць). Во парадкі ў хаце — на лаве атопкі валяюцца! Такімі бабамі толькі грэблі ладзіць. Ой, Ульляна, Ульляна!.. (Выходзе).

ЗЬЯВА VI.

Ульляна. Выдумаў-жа кожны дзень пад крыж хадзіць. Ох, пакараў мяне Бог у такія маладыя леты. Ох, гора маё. Поўная хата сьляпых, дурных, усё за ўсіх самой рабі; каб было дваццаць рук, дык ня хопіць. Вось гэты дармаед таксама нічога ня робіць… Вось збрыд ён мне! Пайшоў па ваду й сеў. (Выходзе: чуваць яе крык) «Нясі хутчэй ваду, насланьнё ты маё». (Штурхае Піліпа, які ўходзе, нясучы ваду).

ЗЬЯВА VII.

Ульляна. Як куды пашлеш, дык і самой ідзі. Пойдзе, як па сьмерць. Ах каб ты запрапаў, асіна дурная! Ну, ніякай-жа з яго карысьці, — ўсё трэба самой рабіць. На, вось, наскрабай бульбы (Піліп скрабае). Во, яшчэ ложкі ня прыбраны (Сьцеле пасьцель на сваім ложку). Эх, калі тут з вамі ні работы, ні аддухі. А гэта што? (Разглядае пояс). Слуцкі пояс… У маім ложку… Забыўся, пэўна, а мо‘ сумысье аставіў? Мо‘ я яму так ужо спадабалася? Эх, прыгожы пояс, золатам адбівае, а краскі на ім, як жывуць. Шырокі, багаты пояс — пэўна, сумысьля аставіў, бо так-жа моцна цалаваў, ласкава пясьціўся. (Складае пояс і кладзе ў невялічкую скрынку. Палажыўшы, вынімае адтуль другія рэчы). Вось гэты пярсьцёнак даў той чарнамазы, брыдкі такі, але сьмяхатун і непаседа, як жывое серабро. Я, кажа, як прадам чорту душу, дык тагды з табой ажанюся, бо ты, кажа, ведзьма. А вось гэта йстужка ад таго хмурага — больш нічога й ня зьвяжа, як толькі. (Дражніць)… «З вады лёд — з лёду вада». Поўную лайбу тавару вёз, а мне толькі йстужачку даў. Скупы, чорт. Хоць сам шэльма, ох і прыгож! Вусы, як крыльля крумкача, вочы йскрыстыя, строгія. Ох, чаму ён ня мой! Зваліўся, як з неба й вылецеў назаўсёды няведама куды. Сумненька мне на душы, сумна, сумна… (Кідае скрынку). Эх, прападай ты, такое жыцьцё праклятае! (Садзіцца на калені Піліпу). Ну, прыгалу-б мяне, пацалуй, усьцеш, вось так, яшчэ, яшчэ… Ха-ха-ха! Эй, ты, дурнюк, чаму ў цябе вусы такія плюгавыя, трэба каб былі, як скрыдлы крумкача, а вочы такія строгія, строгія? Ну зрабі такія строгія вочы. Ха-ха-ха!.. А цяпер дай вуха. (Цягне яго за вуха да ложка). Памятай-жа, ачумеўшая галава, што калі я цябе не заву, дык ніколі, скажы — ніколі…
Піліп. Ніколі…
Ульляна. Добра! То, каб ты, значыць, ніколі не падыходзіў да майго ложка. А то пусьці сьвіньню за стол, дык яна й ножкі на стол. Не з такімі я маю занятак. Ну йдзі хутка мне наскрабай бульбы. Або, то-ж у печы пагасла! Што-ж, ня дзівота: дровы аж цякуць, сырыя-сырыя. Эй, ты, дармаед! Кінь там сваю дурную прывычку — ўсё над нос марматаць, вазьмі вунь гэна палена — фігуру што вы ўсё длубаецеся. Цяміш! Ну дык вазьмі, ды парубай яе на кавалачкі, на падпал і хутчэй толькі; трэба аладкі пячы.
Піліп (радасна). Аладкі, аладкі!
Ульляна. Ага, аладкі. Ну жыва! Як я бачу, за цябе ўсё бізун робіць. (Піліп выносіць фігуру).

ЗЬЯВА VIII.
Ульляна. Ну добра, хай пасячэ, a то толькі старому галаву мароча. Ніякага толку, а ні карысьці няма. (Пяе).

Спарадзіла чачотачка семера дачок:
Спарадзіўшы, ахрысьціла семера малых:
І Аўгіню, і Аксіню,
І Тацюху, і Насьцюху,
І Макрыну, і Грыпіну,
Сёмую Хімку…

ЗЬЯВА IX.

Цівун (уваходзе з гарапнікам, сярдзіты). Ты, патаскуха, чаму ня прышла паншчыну адбываць? Чаму, пытаю, бо саб‘ю, як горкі яблык!!
Ульляна. Паночак, даражэнькі! Я адбыла-ж пазаўчора. Няўжо вы забыліся, а Божанька моцны!
Цівун. Што! Дык ты мне йлгаць у вочы будзеш?!
Ульляна. Панок даражэнькі, во сіняк яшчэ застаўся, то-ж вы мяне сваей рукой білі, падганяючы да работы. Няўжо ня памятаеце?
Цівун. (Б‘ець). Вось я табе дам на памяць. Заб‘ю! Замучу! Скуру жыўцом зьдзяру! (Ульляна з енкам выбягае — Цівун за ёй. Чуваць крык, мальба. Ульляна зноў убягаець, за ёй Цівун).
Ульляна (стаўшы на калені). Ой ня бецеся, ой зьлітуйцеся, ножкі вашы пацалую… Вазьміце гэтыя грошы, толькі зьлітуйцеся. Паночак даражэнькі, міленькі!..
Цівун (узяў грошы й сеў знямогшыся на лаве). Ох мукі, мукі!.. Зьнюхалася з якімсь хлыстом, а той і мяне, як сабаку, паневярае, бэсьце. Здрадніца! Ох, гэтыя бабы, чортаў poт, сабачыя аб‘едкі! (Адкідае грошы). На, падавіся ты імі пякельнае стварэньне. Ня грошы, не работа твая мне патрэбна, а помсты, помсты… Пазабіваю ўсіх, пазабіваю, ўсіх баб пазабіваю… (Выходзе, як ашпараны. Ульляна плача).

ЗЬЯВА X.

Тодар (ўваходзячы). Што гэта за брык? Што тут сталася? Ты плачаш, Ульляна? Чаго?
Ульляна. Ох, каб ён біўся галавой аб сьценку, як ён мяне зьбіў, пракляты! Каб яго пакруціла, паламала!..
Тодар (панура). Цівун, мусіць… Зноў біў?..
Ульляна. Каб ён лепш мяне ўжо забіў, чымся гэтак зьдзекавацца. Ні за што, ні пра што зьбіў, зьбіў — і няма ніякага ратунку. Вось ужо жыцьцё, каб на яго звод!..
Тодар. Ціха, дачушка, супакойся. Вось кончу фігуру, тагды не памкнецца якое-сь дрэнства, не пасьмее, нават, замахнуцца на цябе. Годзе запрагаць у ярмо, езьдзіць на людзкіх плячох, годзе, панскія сабакі! Каб толькі хутчэй кончыць… Піліп! (Шукае фігуру). Дзе яна?.. Родненькія, галубочкі, дзе-ж яна, гэта фігура, дзе?..
Ульляна (праз сьлёзы, нехаця). Ды дзе? Піліп сячэ на падпалку.
Тодар (як шукаў сагнуўшыся, так і апусьціўся на калені. Ў кожным яго слове чуецца страшная боль і кожнае слова напамінае зьвягу-енк парванай струны). О, найвышэйшы! Ты вырваў сьвет з маіх вачэй, каб я ня бачыў сьцежкі да цябе. Ты дапусьціў да ганьбы гордасьць маёй душы, аздобу майго жыцьця, дачушку маю адзіную. Чаму-ж ня даў ты ёй душы? І чаму ты даеш зьдек, калецтва, гідасьць, калі ў цябе просім волі, шчасьця, жыцьця, сьвету? Крыўда, крыўда! Гэй, раскрыйце вокны, дзьверы, выведзіце мяне на сонца! Хай чуюць людзі, зямелька, стогн маёй душы: крыўда, крыўда! Хай чуець увесь сьвет маё страшнае пракляцьце, хай…
Ульляна (згледзіўшы перамену ў бацькі, сьціхла плакаць, з жахам прыглядаючыся да яго, а як Тодар загаварыў аб пракляцьці, перабіла). Не кляні, ціха, тата!.. Мне страшна, не кляні. Не кажы такім голасам… Я баюся…
Тодар ('прыгарнуўшы Ульляну, гладзіць па галаве. Спакойна). Супакойся, дачушка, няма нічога страшнага… Во, чуеш, як рубаець Піліп усё сабранае праз увесь мой век, сабранае мазалістай рукой, думкамі-непаседамі — ўсё гэта ня страшна. І што цела тваё зьбітае, стаптанае, й што душы ў цябе няма, й што жыцьця інакшага ня бывае, як гаротнае, пякучае, — ӯсё гэта ня страшна, не для гэтага мы жывём… Ціха, слухай… Ці ты чуеш, як старэе наша хата, як імчыць восень, як стогне фігура пад тапаром?.. О, я яшчэ нешта чую… чую!
Ульляна. Пакінь, тата, мне страшна!
Тодар. Ціха, с-с-с!.. (Чуваць, як Піліп сячэ фігуру).

Апускаецца паволі заслона.




Дзяржаўнае Выдаваства Беларусі.
МЕНСК.



«Гиз» № 287 — 2000.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.