Паклон чалавечаму страданню

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паклон чалавечаму страданню
Верш
Аўтар: Міхась Явар

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не прад бажніцамі, дзе светлыя праменні
Агнёў нязлічаных гараць і зіхацяць,
Не там, браты, о не! — я кленчу на калені,
Не там, дзе алтары ў золаце блішчаць.
Не там, дзе бляск багацця вабіць многіх вока,
Не там, дзе золата і срэбра чуцен звон, —
Я чалавечаму ўсяму страданню, мукам,
Крывавым слёзам іх сягоння шлю паклон!
Туды, да хаткаў тых, і шэранькіх, і цёмных, —
Туды, адкуль ляціць і крык, і плач, і стогн;
Жабрацтва дзе й нуда, да тых вякамі бедных,
Да тых пакрыўджаных я шлю гэты паклон!
Да тых, што землю-матку потам паліваюць,
Што кормяць хлебам свет ўжо шмат мільёнаў дзён,
А самі часта так без хлеба галадаюць,
З якіх смяюцца ўсе, - да тых я шлю паклон!
Да тых, што пры станках, да чорных рук мазолных,
Багацце што куюць, усе цуды новых дзён,
Да твараў жоўтых тых, да вуснаў іх бяскроўных,
Сям'і вялікай той – я сёння шлю паклон!
Да ўсіх, якія век працуюць і страдаюць
Якім нясе спакой магільны вечны сон…
Якія без пары свет белы пакідаюць, —
Да мучанікаў тых я шлю гэты паклон!
Я мучанікам тым, каму ў страданнях вечных
За волю мілую пяе кайданаў звон…
Я скатаваным усім… я ценям іх – магілам,
Касцям струхлеўшым іх — я шлю гэты паклон!!!

1932