Пад родным небам (1922)/Зачарованы край/Вечны агонь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Тамуз і Егова Вечны агонь
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1922 год
Голад
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вечны агонь.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕЧНЫ АГОНЬ.

Душа і сэрца, праўда і аздоба
Народу божага, яго карона, —
Прарок, — вяшчун сьвяты, — ўтаропіў зрэнкі
Арліныя свае на пышну чырвань
Аўтара; на агонь, што цягам рваўся
Палаючым драўлякам к люстру неба;
Туды, дзе пэрламутравая брама,
З аблокаў шлях тралюе к бацьку-богу,

Агонь ахвяр атулен быў у белі,
Ў абрусе з дыму. Віўся дым пахучы,
Хальбанай, ладанам хмяліўшы. Вокал
Агнішча на аўтары ёй кружыўся,
Бы плойма сокалаў імпэтных, дзікіх.

Прарок ня зьвёў вачэй з іскравых птухаў,
Што ўвысь насілісь над харомам-гмахам,
Што адбівалі бель Ліванскіх горкаў,
Абшар далінаў, рэчак, пожняў. «Сьвят! Сьвят!» —
Казаў прарок у сэрцы. Водгук даляў
Адповедзь гукнуў: «сьвят! сьвят! сьвят!» І сьціша
Паўночы ў шоўк цямнявы абвярцела
Даліны, нівы, горы. На аўтары
Агнішча забуяла. Мігацела
Квяцістым макам, райскім, вялічэзным.

Прарок ня зьвёў вачэй. І што ён бачыў? —
А во’ што бачыў ён: Агнёвы, пышны
Стаяў на тым аўтары леў-асілак.
Вясёлкавыя хварбы хвалявалісь
На цудна-пекным целе. Дыямэнты
Мігцелі ў пасмах барады шырокай.

Мядзяна-сонечныя вочы лева
Маланкі сыпалі. Магутнасьць, гордасьць
У рухах люстрыліся гожых. Вокам
Дазорным ён блішчаў на ўсход, на захад,
На поўнач і на поўдзень, і рычэў ён.

Грымоты пыхалі з атхлані-глоткі.
Будзілась неба, і зямля ад страху,
І сполах сьмерці сеяўся бязьмежна.
Зьвяры і людзі, дрэвы і каменьні
Дрыжалі, як галіны пад віхорам.

— О, свой народ я бачу левам гордым! —
Казаў прарок у сэрцы. Красавала
Вясёласьць у вачох прарочых-вешчых,
Удзячнасьць у грудзях яго кіпела,
Адвага поясам яму служыла,
Душу яго купала мілаваньне.

Вось пабляднеў агонь, здрабнеў удвойчы.
Зьбяднелі хварбы на аўтары божым.

Прарок ня зьвёў вачэй, І што ён бачыў? —
А во’ што бачыў ён: Агнёвы, дзікі
Стаяў на тым аўтары ліс. Калёры
Мянялісь на яго нязграбным целе:
Руды, бялявы, папяловы, цёмны,
Пажоўклы, буры, сівы, каштановы.
Няшчырасьць, хцівасьць, фальшы, сполах, роспач
Глядзелі з лісіх воч. І забрахаў ён.

— О, свой народ я бачу лісам хітрым! —
Казаў прарок у сэрцы. Красавала
Журба-туга ў вачох прарочых, вешчых,
І гнеў і злосьць ў грудзях яго кіпелі,
І слабасьць поясам яму служыла,
Душа яго купалася ў нядолі.

Ледзь мігацеў агонь. Вугліўся слаба.
З аўтара хварбы зьніклі. Пацямнела.
Прарок ня зьвёў вачэй. І што ён бачыў? —
А во’ што бачыў ён: Ляжаў падцёлак
На божым на аўтары златакуты.
Вачыма сытымі глядзеў у цемень.
Пажоўклы блеск мэталу одсьвет сеяў —
То золата агідны, бледны промень.

Падцёлак чалавечай гордай мовай
Загаварыў: «Чалом перада мною
Усе! Я — бог нябёсаў і зямліцы!
Мне фальшам вы служэце, грэхам, блудам,
Крывёй! Маліцеся ўсе мне! Адвечна
Грызьці вы будзеце мяне — а голад
Ня сьціхне. Цёнгля піць мой сок атрутны
Вы будзеце — а смага не пяройдзе.
Заўсёды будзеце капаці скарбы
Мае — ўсё будзе мала. І над вамі
Нябёсы будуць з медзі. І пад вамі
Маць-глеба будзе з скалак. Рэчкі поту,
Крыві, смалы затопяць вашы хаты.
Праклёны сьмерці вас агорнуць цьмою!»

— О, свой народ, як быдла, я тут бачу! —
Казаў прарок у сэрцы. Красавалі
Агні жуды ў вачох прарочых вешчых.
Абураньне ў грудзях яго кіпела,
Балючасьць поясам яму служыла,
Душа ірвалась з гора на кавалкі.

Цямнютка-цёмна на аўтары стала, —
Ад полымя ні знаку і ні сьледу.
Прарок ня зьвёў вачэй. І што ён бачыў? —
А во’ што бачыў ён: На тым аўтары
Ляжала вужам блудніца-жанчына.
Бяз вопратак на попеле халодным,
Віселі грудзі, як пустыя торбы,
А валасы скалмачаныя прэлі;
Сукой пабітай брыдка выгіналась,
Вачыма цмока ўкол сябе ўзіралась;
Распусным голасам сьпявала песьню:

— Я прадаю душу сваю і цела!
Хто хоча — хай ляжыць са мной ў любові
Ля бойніц мест, на торжышчах, пад храмам.
Належу ўсім — хто плаціць мне дынары,
Сабе самой я толькі не належу. —

— О, свой народ, як блудніцу, тут бачу! —
Казаў прарок у сэрцы. Красавалі
Крыніцы сьлёз ў вачох прарочых, вешчых,
І кроў ад ран ў грудзёх яго кіпела,
Жалоба поясам яму служыла,
Яго душа купалася ў пакуце.

І вопраткі свае прарок парваў на шматы,
Хаўтурны звычай рыхтаваўся ладзіць.
Прарок ня зьвёў вачэй. І што ён бачыў? —
А во’ што бачыў ён: Зарніца ў небе.
Усходзіць сонца. Голуб беласьнежны
Лунае над аўтарам і гаворыць:

«Спакой і міласьць я людзям дарую,
І будуць чысты й рады ўсе, як дзеці.»

Прарок ад сэрца, крыкнуў слова «аман»!
Сьвяціла сонца над аўтаром божым.

1921 г.