Падарожжа на Новую Зямлю (1929)/Мы едзем назад, і я канчаю сваё апавяданьне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пра магутных жалезных зьвяроў Мы едзем назад, і я канчаю сваё апавяданьне
Нарыс
Аўтар: Міхась Зарэцкі
1929 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы едзем назад, і я канчаю сваё апавяданьне.

Вось і ўсё…

Мы едзем назад. Шэрым восенскім раньнем мы пакінулі поўную цудаў і хараства Новую Зямлю і падаліся далей у глыб Палесься, каб трапіць на адну з чыгуначных станцый лініі Жыткавічы–Гомель.

Даўгая, марудная, але і надзвычайна цікавая дарога.

Мы плылі ўніз па Арасе на лёгкіх, спрытдых «пірогах», і яшчэ раз я слухаў шопат чарота, і яшчэ раз любаваўся экзотычным хараством гэтае цудоўнае рэчкі.

Мы недалужна курчыліся пад заліўным дажджом, трасучыся па брудных рабраватых палескіх грэблях і пасылаючы жудасныя пралёны ўсім і ўсяму, што толькі трапляла на памяць.

Мы чыстай месячнай ноччу пераяжджалі праз глухія лясы, і нас злавесным натоўпам абкружалі фантастычныя дзівы начнога Палесься.

Мы пераяжджалі праз цэлыя вадзяныя прасторы, і нашы коні звонка плёскалі па вадзе, намацваючы пад ёй рэшткі паламанае грэблі.

Мы заяжджалі ў сталіцу палескага царства, у надзвычайна прыгожы, раскінуты па крутых высокіх горах, Мазыр, мы любаваліся магутнай веліччу Прыпяці — беларускае Амазонкі.

І на працягу ўсёй гэтай маруднай дарогі мы ўспаміналі Новую Зямлю, успаміналі той дзіўны куточак Палесься, дзе людзі дасталі першую слаўную перамогу над балотнай стыхіяй, дзе людзі сваімі ўласнымі рукамі будуюць свой будучы рай.

Зьмітро Халімонавіч Прышчэпаў дарогай казаў мне:

— Цяпер усё ясна. Цяпер я маю плян, маю сталую програму. Проблема колёнізацыі нашых балот для мяне разьвязана. Спроба зроблена, і спроба ўдалася. Цяпер астаецца практычная праца.

І ён дзяліўся са мной сваімі шырокімі сьмелымі плянамі — плянамі балотнае рэволюцыі, плянамі перабудовы ўсёй дзікай прыроды Палесься. У яго голасе я чуў глыбокае здаволеньне, шчырую радасьць і цьвёрдую надзею на посьпех.

Я радаваўся разам з ім, я разам з ім верыў у нашы будучыя перамогі.

.........................

Даўней Амэрыкі і іншыя новыя краіны «адчынялі» такім парадкам. Садзіўся які-небудзь Колюмб або Васко-дэ-Гама ў човен, настаўляў парусы і плыў, куды вочы глядзяць, аж датуль, пакуль човен не ўразаўся ў сухую зямлю. Тады ён выскакваў з чоўна, ставіў адпаведны сьцяг і пачынаў біць туземцаў… Краіна лічылася «адчыненай».

Цяпер падобныя справы робяцца зусім іначай. Цяпер людзі, узброеныя дружнай воляй, сталёвай энэргіяй і ўпартасьцю, уступаюць у зацятую барацьбу з Прыродай і крок за крокам, гоні за гонямі забіраюць тэрыторыю яе дзікага царства.

Вось як цяпер адкрываюцца Новыя Зямлі…