Пабрацімцы і Вялікая шышка (1923)
Пабрацімцы і Вялікая шышка Аповесьць Аўтар: Язэп Драздовіч 1923 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вар’ят без вар’яцтва. |
ЯЗЭП НАРЦЫЗАЎ…
ПАБРАЦІМЦЫ
і
ВЯЛІКАЯ ШЫШКА
1-я ЧАСЬЦЬ ПОВЕСЬЦІ: ВАР’ЯТ БЕЗ ВАР’ЯЦТВА |
ВІЛЬНЯ 1923
«ВІЛЕНСКАЕ ВЫДАВЕЦТВА» Б. А. КЛЕЦКІНА
БЕЛАРУСКІ АДДЗЕЛ.
Пабрацімцы
[правіць]ПАБРАЦІМЦЫ.
I.
І дзяды іхныя былі калісь шчырымі прыязьнікамі. Дзед Альфука меў свой уласны засьценак ля пушчы і, апроч земляробства, займаўся яшчэ дзягцярствам. Меў у беразе пушчы сваю ўласную дзягцярную гуту, лупцаваў з пушчанскага лесу смалякі ды бяросту і выганяў з іх дзёгаць, а поруч з дзёгцем, дзеля забавы, тады-сяды пакураваў «за адным дымам» і гарэлачку.
Дзед-жа Гапука праз нейкі час, будучы ў воласьці старшынёю, вёў моцную дружбу з Альфуковым дзедам, няраз пасылаў яму на самагоначку лішнія пуды хлеба і заўсёды стараўся гладка пакрыць яму ягоныя браварныя інтарэсы.
Бацькі-ж іхныя, ня гледзячы на сваю рознастайнасцьць жыцьця і дастатку, таксама стараліся не пакідаць успадкованай дружбы.
Бацька Альфука, па імёну Занук, быў здольным чалавекам, дзягцярствам ён не займаўся, бо пушча была ўжо высечана, а астаткі яе былі ўзяты пад строгае лясьнічоўства, і дзёгаць гнаць ня было як і з чаго. Затое ён прыдбаў сабе, пры сваёй маленькай, засьцянковай гаспадарцы, новае бандарства, каторае складалася галоўным чынам, з плотніцкага сталярства і ганчарства. Калі ня бывала заказаў работы па дзераве, тады ён браўся за гліну і вырабляў, выточаваў з яе моцныя гаршчыкі, стаўбуны, гарлачы і прыгожыя міскі, глякі ды розныя забаўныя дзіцячыя цацкі, сьвістулькі, каторыя зімоваю парой, калі рабіць нечага, развозіў на распрадажу.
Бацька-ж Гапука (таксама па імёну Гапон) — быў досыць багатым чалавекам. Ён успадкаваў ад свайго бацькі — валаснога старшыні — не адну капу грашышак, за каторыя ён выстрапаў нажыць двухснасьцёвы вадзяны млынок, а, памалоўшы на ім гадкоў з дзесятак, злажыўся і закупіў сабе ў дадатак да млына, ад удавы нейкага прагалелага пана, прыгожанькі дварок з фальварачкамі. Хоць і багат быў Гапукоў бацька — стары Гапон, аднак з небагатым Зануком дружбы не пакідаў і вельмі часта запрашаў яго да сябе ў госьці, а асабліва ў тыя часы, калі ў Гапонавым млыне, каторым Гапон моцна даражыў, штось-колеч псавалася і патрабавала рэмонту. А Альфукоў бацька Занук якраз што быў пэўным і недарагім майстрам на гэтыя рэмонты.
Вялася дружба між дзядамі, вялася яна і між бацькамі, перайшла яна і на Гапука з Альфуком.
Дзякуючы недалёкаму свайму суседзтву, Занукоў Альфук і Гапонаў Гапук здружыліся між сабой ад малых дзён. Яны бегалі адзін да аднаго ў госьці, разам гулялі і бегалі па межах сваіх ніў, разам зьбіралі кветкі па лугох, разам спускалі ваду з лужын пасьля дажджу і разам склікалі русалак у жыце на ўзлесьсю.
А пазьней пад Зануковай наставай вучыліся вылепліваць з гліны вутачак, конікаў і жаўнерыкаў, а высушыўшы, размалёўвалі іх фарбамі. І ўсё гэта рабілася разам. Разам цяпер яны вучацца і ў школе прыгожага мастацтва. А дасталіся яны ў гэтую школу праз адно здарэньне: да старога Гапона у двор часта заязджаўся „на стаканчык чаю“ нейкі старыкаваты бацюшка, ён і падгледзіў у падурослым Гапуку талент художніка, ён і парадзіў старому Гапону высунуць свайго сына ў людзі і аддаць яго ў школу вучыць на „жывапісца“.
Стары Гапон спачатку і слухаць гэтага не хацеў.
— Мне, — кажа, — трэба, каб ён быў добры гаспадар, а ня „пэцкаль“.
Але стары бацюшка ўгаварыў такі старога ўпартага Гапона:
— Ты, — кажуць, — ходзіш у цэркву, цалуеш іконы, б’еш ім паклоны і молішся ім? — А ня ведаеш гэтага, што палавіна тваіх малітваў адходзіць за спасень душы таго, хто іх маляваў. Дык вось і ты выпраў свайго сына, каб вывучыўся на такога, за каторага будуць усе маліцца. Ня будзеш каецца на тым сьвеце.
Здаўся стары Гапон і, пагадзя да восені, сабраўшыся з ярыной, здаў свайго маладога Гапука таму самаму папу — адвязьці яго ў тую школу, дзе прыгожа абразы малююць ды з гліны вылепліваюць розныя прыгожыя штукі.
Даведаўшыся аб гэтым, Альфукоў бацька Занук ня вытрымаў каб не пазайздраваць свайму багатаму суседу:
— Што, — кажа Занук, — мой сын горшы, за Гапонавага? Што, толькі ягоны можа вучыцца, a мой — не? пашлю і я свайго туды сама, няхай і мой там патарчыць, няхай спрыту набіраецца, мо’ з часам добрым памочнікам мне будзець, прыгожыя глякі ды сьвістулечкі ляпіць будзем.
І збылося. Выпраўлены бацькам у школу мастакоў, неўзабаве малады Альфук прыслаў бацьку ў лісьце пацеху, што ён, Альфук, з дамовай адукацыяй і бяз ніякай пратэкцыі, а сам праз сябе дабіўся свайго, удачна вытрымаў двухтыднёвую школьную пробу здольнасьцяў і прынят у школу проста, як здольнік. Дзякаваў бацьку за стараньні і шчырасьць і абяцаў на лета памагчы бацьку ў ганчарцы. І праўда, дачакаўшы свайго сына на летнія вакацыі, стары Занук ня мог нацешыцца і нахваліцца сваім сынам.
— Дачакаўся ткі я — дзякаваць Богу — сабе памочніка. Точыць міскі ды глякі, проста ня гледзячы, а як вытачыць — дык што яечка, не нацешыцца. Але-ж гэта яшчэ ня ўсё, няхай ён далей павучыцца дык яшчэ не такіх штук навучыцца, цешыўся сваім сынам стары Занук.
Затое стары Гапон, вельмі рэдка калі ўспамінаў свайго сына, каторага пасылаў у школу мастакоў, а калі і ўспамінаў камусь з адукованых, то зусім бяз ніякай уцехі:
— Меў я калісь сына, ды згубіў, — ня будзе з яго гаспадара, толькі напрасна трачуся… Пагляджу, што далей з яго пакажацца, а, пакуль што, нічагусенькі-ж ня бачу. Адно толькі і бачу што грошы марнуець дый годзі, — жаліўся стары Гапон на свайго Гапука таму самаму папу, праз каторага Гапон паслаў свайго сына ў навукі.
— Ну, а як-жа ж там у школе ягоныя „усьпехі, успехі“? — дапытаваўся Гапона стары бацюшка, разглядаючы Гапуковыя рысункі.
— Якога там чорта „сьпехі“… Праз тыя абразы, што ў нас „чудатворнымі іконамі“ завуцца, і слухаць ня хоча, толькі чую адно, што цяўпець праз нейкія нячуваныя „футрысты“ ды „кадэнты“, „футрысты“ ды „кадэнты“. А тых, што чудатворныя абразы малююць, начы і не завець, як „багамазамі“. Няма дужа толку, толькі-ж адно тое, што вучоным робіцца.
— Ну, што-ж зробіш, ня ўсім-жа і „душаспасіцельнымі угоднікамі“ быць, няхай хоць вучоным зробіцца і гэта няблага, — заспакойваў яго стары бацюшка, хітравата жмурачы яму свае старыкоўскія вочы.
Зусім штосьці іншае казаў стары Гапон, спаткаўшыся з Альфуковай маткай Занучыхай, або пасядаючы за чаркай гарэлкі са старым Зануком:
— Дзякуй Божаньку, за нашых дзетак, будуць людзьмі, нястыдна будзе ім на вялікі сьвет паказацца. Шмат чаго знаць пачынаюць і з чужнікамі абыйсьціся ўмеюць. Маюць чым залагодзіць вока вучонаму чалавеку. Хто ня ўбачыць іхныя „рэчы“, дык ня зьдзівіцца, не нахваліцца… Твой Альфук, дык зусім малайчына, толькі мой Гапук дык нешта нейкае… Зусім зьмяніўся зашмат гарадзкога, знаць, духу набраўся. Туды я яго выпраўляў, мяне таткам, а бабу маю, мамачкай зваў, а як адтуль вярнуўся то ўжо і не назавець нас начы, як мяне „Бацюшкам“, а яе „Матушкай“, як быццам я поп, а яна ў мяне пападзьдзя нейкая. А як назавеш яго Гапонам або часамі Гапуком, — дык разсердзіцца, хоць ты з хаты ўцякай ад ягонай злосьці. Які, кажа, я табе Гапук? — трэба, кажа, Гахвонам мяне зваць і „Ага“ прыбаўляць. Я-ж гэтак і раблю, заву яго так, як ён мяне вучыў: „Ага-Гапук хадзі есьці!“ „Ага-Гахвон — хадзі пойдзем сена паграбаем!“ — Няхай, сабе думаю, будзе патвойму, як ты хочаш. Ён і гэтым нездаволен, і за ўсе мае трафляньні — мужыком мяне называець: „Ты, — кажа, — бацюшка, мужык, апрыч свайго млына нідзе ня бываў і сьвету ня бачыў!“ — Дык вось яно як. А ня хоча, прахвост, ведаць таго, што гэты мой млын мяне панам зрабіў, а яго, прахвоста, ў вучоныя панічы вывеў. Але што-ж ты зробіш з пустагаловым упарам, — фанабэрыі набраўся, нездарма-ж твой Альфук і празваў яго: „паважная шышка“.
Гэтак выражаў сваю нездаволенасьць, зьменай характару свайго сына, стары Гапон, перад Альфуковымі бацькамі. А калі гэта адбывалася ў прысутнасьці самога Альфука, то стары Гапон заўсёды стараўся бальшыну гэтай нездаволенасьці схаваць і замаскаваць яе больш-менш прыемнымі слоўцамі, як напрыклад:
— А усё ж такі мой Гапук малайчына, хоць куды. І ростам прыгож і сілай дуж, і дружан, і вучыцца нягорш людзей, будзе з часам чалавекам, калі пашануецца ды бабы галаву яму ня скруцяць. Гаварыў стары Гапон і заўсёды на астатку дараджаючы: „Як там дзе што якое, а вы ўсё-ж такі пільнуйцеся адзін аднаго, свае людзі, чым дружней, тым ляпей!“
Ну і праўда, дзе-б ні абарачаваліся Гапук з АльФуком, ці Альфук з Гапуком, — яны заўсёды пільнаваліся адзін аднаго і моцна дружылі. Дома, жывучы пры бацькох, адбываючы свае леткаваньні, яны часта-густа адзін аднаго адведавалі і прыносілі адзін аднаму гасьцінцы. Гапук насіў Альфуку найбольш садавіну, як вішні, сьлівы, яблыкі і дулі з бацькоўскага дворнага саду, бо ведаў, што ў Зануковых, апрыч дзьвюх старых прыдзічэлых грушын, пасаджаных прадзедаўскімі рукамі на гародзе, — няма ніякусенькага саду. А Альфук-жа, сваею чарадой, як сын гаршкаля-паліўніка, прыносіў Гапуку ў гасьцінец штось-колеч з прыгожа-вымастакаванай палівы, як падвазоньнікі, глячкі і розныя падбукетнікі, бо добра ведаў, што ў пакоях старога Гапона вельмі скупа і бедна на гэтакія рэчы.
У ясна-пагодныя дні, сабраўшыся са сваімі маляўніцкімі прыладамі, яны цэлымі днямі экскурсавалі, па лясох, прыбалацях, ручаёх ды берагох азёр суседніх ваколіц, малюючы там свае эцюды, а вяртаючыся да хаты моцна прагаладалымі ад гэтых „эцюдаў“, цешыліся сваею трываласьцю і моцна дзякавалі адзін аднаму за дапамогі ўва ўзаемных выбарах „удачнага“ пэйзажу. А бацькі іхныя, гледзячы на ўсё гэтае, хоць і пагукавалі аб іх, як аб „пустадомах“, каторыя бадзяюцца па „пустых“ сьцежках, аднак-жа былі моцна здаволены іхнаю неразлучнаю дружбай.
Дружылі яны пры бацькох на вёсцы, а яшчэ мацней дружылі і пільнаваліся адзін аднаго, калі абодвы разам аддаляліся ад сваіх родных хат, у далёкае места Далінск[1], дзе яны абодвы разам вучыліся ў далінскай школе прыгожага мастацтва. Там яны разам наймалі сабе супольную кватэру, разам супольна сталаваліся-харчаваліся, разам неразлучна хадзілі на грамадзянскія сходы і забавы, і разам неразлучна выцерплівалі розныя матар’яльныя недастаткі, якія нярэдка трапляліся праз бацькаўскую нядбаласьць падаслаць ім патрэбны лік грошы на пражыцьцё „у навуках“. А найбольш выказаваў гэтай нядбаласьці Гапукоў бацька стары Гапон, каторы надта не далюбліваў аплачаваць паштавыя расходы на грашавыя для сына пасылкі. У часы такіх недастаткаў, яны шчыра прыкладалі ўсе свае стараньні, каб падтрымаць адзін аднаго, чым толькі мага. Альфук бегаў з канца ў канец гораду, каб якнайхутчэй знайсьці якісь колеч заработак, хоць-бы, які шыльд стары на перамалёўку. А калі ўдавалася гэта, то Альфук зараз-жа прынімаўся за выпаўненьне адшуканага заказу, а выпаўніўшы і адтрымаўшы заработак, весела вяртаўся да свайго сябры Гапука, пабразгаваючы кішанём з грашышкамі, каторыя тут-жа і выкладаў у супольную пабрацімскую касу.
А Гапук тымчасам, ад нечага рабіць, пісаў і пасылаў ліст за лістом да свайго бацькі ў двор, энэргічна заклікаючы свайго бацьку — старога Гапона, каб той якнайхутчэй аказаў яму ратунак грашавой дапамогай.
„Бацюшка, страпяніся! — пісаў Гапук да бацькі. Страпяніся і не дапусьці, каб твой талантлівы сын Агафон Агафонавіч пагіб ад голаду і холаду!“
А бацька, тымчасам, адтрымаўшы ягоныя лісты, нёс іх пасуседзтву да вэтэрынарнага фэльчара, каторы ў ягоным двары кватараваў, перачытаваў там іх праз фэльчара і сярдзіта бубнеў:
„Такая, пне, вялікая шышка, Ага-Гахвонавіч, а ў мяне дурнога мужыка грошы просе… Цілігент з таланам. Калі-ж ты талан, чаму-ж ты ня жывеш са свайго талану, сярод сваіх там цілігентаў? — ды не, а засуваеш свой цілігенцкі нос у маю мужыцкую кішаню?“…
І, згадзя які тыдзень часу, ішоў стары Гапон да Альфуковага бацькі Занука, там ён рабіў супольна з Зануком такую-сякую грашавую складчыну для сыноў і са славамі: „Трэба, пне, ім паслаць, каб яны там у цілігентаў з голаду не паздыхалі“, — адносіў гэтую складчыну дзеля перасылкі да свайго млынара, Бэркі, каторы трымаў ад яго карчму з крамкай ля млыну і часта езьдзіў у Далінск па тавары.
Адтрымаўшы ад сваіх бацькоў праз дзельнага Бэрку разам з харчавымі прадуктамі такія-сякія грашышкі, нашыя маладыя Далінцы пачыналі чунець, аджываць. Перш-найперш расплачаваліся з даўжнікамі, загадзя плацілі наўперад за сталаваньне і кватэру, зажываліся запасам маляўніцкага матар’ялу, а на астаткі спраўлялі для сваіх бліжэйшых школьных калегаў угашчальную хатнюю вечарынку, на каторай, апроч сытнай вячэры, ігралі, пеялі, дыспутавалі і праракавалі сваю будучыну.
Малады Альфук хоць і верыў у сваю будучыну, як у нешта „трошкі лепшае і сьвятлейшае за цяперашняе“, але ніколі нікому ня высказаваўся аб гэтым. Затое малады Гапук ніколі ня мог утрымаць сябе ад пакусы паказаць сябе перад сваімі калегамі будучым „Вялікім“ і з гардасьцю рыснуць сябе нязвычайным, а вышэй за іх стаячым у позе будучага вялікага чалавека.
Дабрадушныя калегі, бачачы ў Гапуку гэты груба атражаны недастатак, хоць і адчувалі да Гапука некаторую прыязную дружбу, аднак-жа часта не далюблівалі яго за ягонае: „Вось я!“ і няраз кідалі яму ў вушы найсьмешлівыя заўвагі: „Аднак-жа з вас досыць вялікая шышка!“
Што датыча Альфука, то Альфук заўсёды адчуваў у Гапуку свайго шчырага друга і на ўсе Гапуковыя фанабэрыі зусім не зьвяртаў ніякай увагі.
Але выпала, аднача, раз такое здарэньне часу, што Гапуковая фанабэрыя, або праўдзівей кажучы, грубасьць, так моцна ўквяліла Альфука, што пасьля гэтага ўквяленьня, ледзь-ледзь ня скрушнела назаўсёды між імі іхная пабрацімская дружба.
А здарылася гэта ў часе рыхтоўкі іхнаю школай вечарынкі, „Балю мастакоў“, праз адно іхнае блізкае знаёмства з прыгожай, мілавіднай, маладой, пачынаючай мастачкай, дачкой аднаго багатага гараджаніна, паннай Адэляй.
Вялікая шышка
[правіць]ВЯЛІКАЯ ШЫШКА.
II.
Ікс-Далінская школа прыгожага мастацтва, рыхтавала для сваіх аднамястоўцаў, добраахвочых грамадзян вялікага і прыгожага места Далінску, „Баль мастакоў“. Увесь чыста пэрсонал гэтай школы быў пільна заняты прыгатаўленьнем да гэтага балю.
Малявалі розныя дэкаратыўныя ўпрыгожаньні, падраблялі гобэлены, будавалі будкі-кіоскі і шылі-вышывалі што якнайарыгінальнейшыя вопраткі для тых, каторыя павінны былі выступаць на балі ў сьцягу працэсіяў „Гаспадарства кветкі Васілька“ і „Гаспадарства кветкі Пралескі“, што складала галоўную частку праграмы заганутага балю, балю мастакоў.
Вядомыя ўжо нам студэнты школы прыгожага мастацтва, маладыя мастакі Гапук і Альфук, каторым было задана, ад арганізатараў гэтага балю, падрыхтавацца і выступіць на гэтым балі ў радох паходу гаспадарства кветкі Пралескі касьцюмірованымі прадстаўнікамі шумлівага лесу. А дзеля гэтага, яны павінны былі якнайхутчэй састрапаць сабе адпаведныя касьцюмы. Выбар на касьцюмы, для кожнага ўчасьніка гэтай працэсіі, быў зусім свабодны, хто які сабе пажадаець, абы на тэму „Лес“.
Выбіралі, хто што хацеў. Хто касьцюм папараці, хто баравіка, хто мухамора, хто птушку нейкую. А Гапук з Альфуком яловую і сасновую шышку.
Спачатку Альфук ня зусім згаджаўся на гэтакія касьцюмы і жадаў замяніць „шышкі“ чымсь-ці іншым. Але Гапук пастараўся на сваім паставіць.
— Ты, кажа, прафан у гэтай справе. Ня будзь паўтораю другіх і ня слухай, хто там дзе што табе кажаць, а паслухай лепш мяне, бо я больш твайго знаю і магу цябе паўчыць… Што найарыгінальней, тое і найцікавей. Касьцюм-шышка нятолькі арыгінален, але і футурыстычан. І калі мы, апранутыя ў гэтыя шышкі, выступім, то мы арыгінальнасьцю сваіх касьцюмаў зробім вялікае сэнсацыйнае ўражэньне на ўсіх. Толькі слухай мяне і рабі так, як я табе кажу…
Ніякіх касьцюмаў іншых, апроч „Шышкі“, я не прызнаю! — настойчыва завяршыў Гапук, велікастойны Агафон Агафонавіч.
— Ну няхай сабе ўжо будзець патвойму, як ты хочаш, шышкі дык шышкі, — адказаў яму Альфук, здаючыся на ягонае ўпарства, а сам сабе ў духу падумаў: „Ну і нездарма-ж цябе некаторыя з нашых калегаў „Паважнай Шышкай“ вялічаюць“.
А, згадзя пару дзён, кватэрка іхная, каторую яны занімалі пад самым стропам аднаго высокага дому, была загламазджана размотаным дротам ды скрылеўём рудога картону і перапоўнена звонкімі гукамі песень. Гэта Гапук з Альфуком гатовіліся да свайго „футурыстычнага“ выступленьня на балі мастакоў і майстравалі самі сабе, з рудога моцнага картону, з дротам, свае велікашышкаўскія касьцюмы...........
Адна з маладых, пачынаючых мастачак, панна Адэля, пачуўшы ад некага, што ейныя, трошку знаёмыя ёй, школьныя калегі Агафон Агафонавіч і п. Альфонс, рыхтуюцца да балю мастакоў і мастакуюць для сябе на гэты баль вельмі цікавыя, надзвычай арыгінальныя касьцюмы, моцна зацікавілася.
І вось аднаго дня, спаткаўшы іх на вуліцы, панна Адэля ня вытрымала, каб не зачапіць іх і ня выразіць ім сваей моцнай цікаўнасьці да гэтых іхных, над’звычайна арыгінальных на баль касьцюмаў. Яна выразіла ім сваё жаданьне адведаць іхную хатнюю майстроўню, каб пабачыць тое, што яе моцна зацікавіла. Але раней, чымся вырашыць справу гэтага свайго жаданьня, яна сама запрасіла іх да сябе, каб паказаць ім, што і яна штосьці робіць, нешта мастакуець. Панна Адэля таксама рыхтавалася да гэнага балю і мастакавала сабе касьцюм маладзіцы-сялянкі.
Панна Адэля была чыстай натуры гараджанка; ад малых дзён сваіх яна жыхаравала толькі ў горадзе і вельмі мала знала вёску, а па вёсца і вясковых вопратках яна мела нейкую тугу і ей моцна жадалася напаткаць такіх знаўцаў малаведамай ёй вёскі, каторыя-б маглі якнайляпей азнаёміць яе з дэтальным выглядам гэтых вопратак і яна, якраз што, знайшла сабе гэтых знаўцаў у маладых Гапуку і Альфуку.
Зайшоўшыся да яе, на ейную кватэру, каторая знаходзілася ўва ўласным ейна бацькаўскім, абваколеным садам, доміку-асабняку, Гапук з Альфуком прычыніліся дапамагчы ёй у справе ейнага касьцюму. Гапук вылажыў ёй цэлую лекцыю аб вясковых вопратках, аб іх формах выгляду і формах крою, а Альфук прыняў на сябе абавязак у хуткім часе вымастакаваць для яе цэлую колекцыю ўзораў вопратнага ўпрыгажэньня. Ў падзяку ім за ўсё гэта, панна Адэля пазнаёміла іх са сваімі бацькамі і гэтым зрабіла іх заўсёднымі гасьцямі сваей бацькаўскай хаты.
Панна Адэля ня мела ні братоў ні сёстраў і была ў сваіх бацькоў дарагой адзіночкай.
Бацька панны Адэлі быў досыць багатым чалавекам. Ён, апроч таго, абваколенага садам, мураванага з вэрандамі, асабнячка, ў каторым сам жыў, меў яшчэ з пару камянічак і ў другой часьці гораду. Трымаў ад гораду на арэндзе паравую лазьню. Ды, апроч усяго гэтага, ён меў яшчэ і свой уласны, на ўзьбярэжжы ракі, лясны склад.
Наш Гапук, як сын гаспадарнага, практычнага чалавека, быў вельмі цікаўным у справах эканамічнага стану жыцьця знаёмых яму людзей, і, даведаўшыся праз мімаходныя пуціны аб матар’яльных дастатках бацькоў панны Адэлі, пачаў зварочваць на сваё знаёмства з ёю вельмі шмат увагі і зрабіўся на некаторы час заледзь ня штодзённым гасьцём Адэлінай хаты.
III.
Аднойчы на адвечарак, глянуўшы на гадзіньнік, Агафон Агафонавіч дужа занепакоіўся, ён ухапіў з вешалкі пальто, шапку ды тростку і, сьпешна надзяваючыся, кінуўся ў дзьверы.
— Куды-ж гэта ты так сьпешна ўцякаеш, ці не да панны Адэлькі часам? — аклікнуў яго Альфук дабрадушным тонам голасу, сабіраючы са стала ў сваю папку, абяцаныя для панны Адэлі, рысункі народных узораў для упрыгажэньня жаночых вопратак.
— А нашто табе ведаць, куды… Гэта маё дзела, — адказаў яму Гапук, трымаючыся за дзьверную клямку.
— Пагадзі, разам пойдзем, я таксама да яе. Будзем папутчыкамі, — умаўляўся Альфук.
— Абайдуся я і без папутчыкаў. А ты, калі табе так хочацца ўчашчаць да панны Адэлі, то можаш сабе, апрыч мяне, — сярдзіта адмовіўся Гапук.
— Што-ж гэта ты так неласкавы са мною. A xiба-ж я табе не таварыш?
— Таварыш, але ня ўсюдых. А што датычыць панны Адэлі, то я цябе заўпераджаю, раджу стрымацца і ня раджу табе пнуцца туды, дзе табе не па раўні.
— Што-ж гэта мае значыць, што ты хочаш гэтым мне высказаць?
— А гэта значыць тое, каб ты не забываўся, што яна табе не раўня.
— Чаму-ж так яна мне не раўня? — зацікавіўся Альфук, не зьмяняючы свайго супакойна-вясёлага настрою духу.
— Таму, што яна, па крайняй меры, дачка не абы якога, а заможнага купчыка, аднаго з самых найбагацейшых людзей гораду. — А ты хто?
— Тое самае, што і ты.
— Ну дудкі, ня тое. Што я, то ня ты, а што ты, то ня я. Вялікая розьніца між намі, — адказаў яму Гапук і злосна ляпнуў дзьвярмі, выходзячы.
Згадзя, пасьля гэтага, паўгадзіны часу, Альфук апрануўся, паправіў перад люстэркам свае даўгаватыя валасы, ўзяў пад паху сваю папку з рысункамі, плюнуў тры разы ў чэсьць шустрасьці на лень і нясьмеласьць і выйшаў са свайго памяшканьня, сьледам за Гапуком.
Праз нейкай паўгадзіны Альфук быў ужо ў хаце панны Адэлі і якраз застаў там свайго калегу, Гапука, каторы ў гардавата-напыжанай позе паседжаваў сабе ў, выбітым чырвоным шоўкам, мягкім крэсьле, насупроць панны Адэлі і вёў з ёю, у нейкім круглаватым стылі, гутарку аб густах і моралі, сучаснай інтэлігенцыі. Але, заўважыўшы прыход Альфука, Гапук змоўк і, з пацьмянелым колерам і няпрыемным выразам твару, злосна пакасурыўся на тыя дзьверы, праз каторыя меў сьмеласьць увайсьці і перарваць гэтым ягоную гутарку, нейкі Альфук, з каторым яму Агафону Агафонавічу, злозрадная судзьба судзіла кватараваць разам на аднэй кватэры.
Альфук з простым і мягкім тонам лёзнасьці прывітаўся з паннай Адэляй і, аддаўшы ёй абяцаныя рысункі, весела і жартаўліва зьвярнуўся да Гапука, падаючы яму руку.
— О, каго я віджу тут, як я рад, што я тут не адзін, а з другам. Здароў, Гапук!
— Што ты мяне першы раз сягоньня спатыкаеш, што ты здароўкаешся? — бясчульна і з задорам зьвярнуўся да Альфука Гапук і, не адтрымаўшы ад яго нічога ў адказ, змоўк нешта надумаваючы, а пагадзя пару хвілін, падняў на Альфука свае карыя вочы і сказаў:
— Вы, Міласьцівы Гаспадар, завельмі шмат чаго сабе пазваляеце! Я не пазволю, каб хто калечыў маё імя.
— Ну, а як-жа ж мне цябе, пане ласкавы, зваць, калі не Гапуком, хіба-ж Гапонам?
— Я ніякіх Гапукоў не прызнаю, і прашу вас, пане Дзегцярэвіч, называць мяне так, як сьледна! — сярдзіта, але паважным тонам адказаў Гапук Альфуку.
— Шкада, што ня знаю вашага „сьледна“.
— Так, як мяне ў маім радавым маёнтку называюць.
— Цяпер я „вас“ зразумеў. У „вашым“ маёнтку ёсьць парабкі і яны „вас“ часамі панічом называюць. Значыць, „вы“ хочаце, каб і я „вас“ называў панічом?
— Не панічом, а па „імя-отчэству“, пазвольце вам заўважыць.
— У такім разе моцна вас перапрашаю „Велікалепны Агафон Агафонавіч, Гаспадзін Кандрашонак-Кандрашэўскі“, за ўчыненую мной вам зьнявагу...........
І невядома, чым-бы мог кончыцца гэты задор між двума гэтымі маладымі кавалерамі, каб не схамянная панна Адэля, каторая, нічога ня кажучы, ўхапіла тарчэўшую ў адным з мягкіх крэслаў ейнага габінэту, сваю любімую музыку, гітару, і, з усей сілы сваіх тоненькіх пальцаў, пачала гучна бубнець струнамі гэтай гітары, быццам нейкі танец, з такім рахункам, каб заглушыць ня зусім для яе прыемную, здорную між сабой гутарку ейных маладых калегаў і гасьцей. І, такім чынам, прымусіла іх змоўкнуць, сціхамірыцца і на некаторы час прытрымаць свае няўтрымныя корці.
Яны змоўклі, натупырылі свае вушы. А на іхных тварах пачалі расквітаць стыдлівыя краскі.
IV.
— Ці праўда гэта, як я чула ад некаторых нашых школьных калегаў, што вы зьяўляецеся прадстаўнікамі з вельмі багатаю маемасьцю людзей? — ні з таго ні з сяго зацікавілася панна Адэля, ня ўзьнімаючы вачэй на гасьцей і настройваючы адну з расстроеных струнаў сваей гітары.
— Каторы-ж гэта з нас? — адазваўся Гапук з контр-запытаньнем.
— Ды наагул абодвы, і вы, і вы, — паказала панна Адэля адтапыраным мезінцам на іх абодвых.
— Дзіўны рэчы! — ўзьдзіваваўся Агафон Агафонавіч, набіраючыся бодрага выгляду і прынімаючы важную позу, заўважыў:
— Ня зусім яно так ёсьць, як людзі гукаюць… Праўда, бацька мой ня ёсьць ужо такім галышом, як гэта бывае з іншымі, але і не такі ўжо магнат, якім ён шмат каму здаецца.
— Напрыклад?..
— Напрыклад: мой бацька, ў каторага я зьяўляюся адзіным спадкавічам, маець досыць абшырнае тэрыторыі прыгожанькі дварок з фальваркамі, каторыя зрабляюцца ўсяго толькі ў дванаццаць сох і…
— Прабачайце, я вельмі мала знаюся па гаспадарцы і на гэтых „сохах“… перабіла яму гутарку панна Адэля.
— І вадзяны млын да гэтага двара, — даваў працяг сваёй гутарцы Агафон Агафонавіч. — Млын гэты к налецьцю мой бацюшка маніцца перабудаваць. З простага вадзяніка зрабіць няпросты, думае паставіць у ім турбін і вальцы, а да вальцаў паравую машыну і шмат чаго іншага… Я-ж, са свайго боку, дараджаў свайму бацюшку, адкінуць на бок усе гэтыя вальцы ды турбіны, а паставіць лепш дынама-машыну ды завясьці ў нашым дварку электрычнае сьвятло, бо ўжо моцна спрыкрыла мне гэта карасіна.
— Ого-го! — ўзьдзівалася панна Адэля, — знача, ваш „бацюшка“, нішто сабе, заможны гаспадар.
— А, нішто сабе, можна галькець бяз гора. Аднаго толькі не хапаець у майго бацюшкі — гэта шчырэйшай прывязнасьці да больш-менш шырэйшай культуры і новых заваяваньняў у абладзе тэхнікі… Я ўсё падганяю свайго бацюшку, каб ён, доўга не марудзячы, страпянуўся ды для мяне, як для адзінага сына, справіў такі-сякі аўтамабільчык, дзеля забавы. Гэта-ж было-б вельмі прыемна, леткаваючы, праехацца ў аўтамабільчыку, ну вось хоць-бы і на эцюды. Паставіў-бы сабе аўтамабільчык, дзе-колеч, пад дрэўцам, як коніка, а сам пад зялёненькі кусток дый памалёўвай сабе эцюдзікі датуль, аж пакуль ужо добра не павечарэець…
— Ну, а што-ж вам ваш „бацюшка“ на гэта?..
— А бацюшка мой, адным словам, душа-чалавек, пагадзі, кажа, сынку, хоць з паўгадка, пакуль што, нямаю часу на гэткія дробныя справы.
— Слаўны чалавек ваш „бацюшка“, як я чую і дужа-б хацелася калі-колеч пабачыць мне вашага „бацюшку“, такога мілага старычка, — ўзлахвілася панна Адэля дабратою старога Гапона і, счакаўшы колькі хвілін, зьвярнулася да Альфука:
— Ну, а як у пана Альфонса маёнткі?
— Рад быў-бы пахваліцца, ды ня маю чым, — адказаў ёй Альфук.
— У пана Альфонса таксама ёсьць маёнткі, — узноў прылучыўся да гутаркі Гапук, — у пана Альфонса у-ух якія маёнткі, толькі шкада, што яны складаюцца ня з млыноў, не з зямлі, а з гліны, з каторай вырабляюцца гаршкі ды міскі.
— А што-ж гэта мае значыць? — зацікавілася панна Адэля.
— А гэта значыць вось што: я сын памешчыка, а мой калега, Альфонс, сын таго майстры, каторы гаршкі вырабляець і з гэтага жывець, адным словам гаршкалёў сын, хе-хе-хе, — падатнуў Гапук Альфука, быццам так сабе, жартуючы.
— Няхай я сабе і гаршкалёў сын, абы ня сын жывалупа-марадзёра, — бойка адзыўнуўся ўквелены Альфук.
— Ці не майго ты бацюшку хочаш за марадзёра палічыць?..
— Няхай-жа Бог сьцеражэць і бароніць, каб бацька майго найбліжэйшага калегі ды быў жывалупам. Што-ж я тады варт буду, калі буду вясьці дружбу з сынам жывалупа? — адрэзаў Альфук Гапуку, устаючы з крэсла і бяручы сваю шапку, напагатове падаць паньне Адэлі руку адвітаньня.
Панна Адэля, крута ўзьняўшыся з крэсла, падала руку Альфуку і, быццам забыўшыся, падала за адно і сядзеўшаму ў крэсьле Гапуку. Ды, лёзна ім скланіўшыся, прамовіла да абодвых:
— Будзьце ласкавы праведаваць нашую хату, як часьцей. А сама, тымчасам, адыйшоўшыся, уселася за той стол, дзе стаяла швацкая машынка і ляжалі выкрайкі, белага, што сьнег, кужалю, з каторага панна Адэля строіла сабе на баль мастакоў касьцюм маладзіцы-сялянкі, зусім не зьвяртаючы ўвагі на прысутнасьць у ейным памяшканьні разьвітанага, але яшчэ сядзеўшага ў крэсьле, Гапука.
Гапук, заўважыўшы гэта, хутка ўзьняўся са свайго крэсла, зьняў з вешалкі сваё пальто, апрануўся, і папёрся праз дзьверы на вуліцу, даганяючы свайго калегу Альфука, каторы пасьпеў адмерыць крокамі аж некалькі гонаў хады.
V.
Вяртаючыся дамоў, сьледам за Альфуком, з Адэлінай хаты, Агафон Агафонавіч меў цьмяна-кіслую міну і пачуваў сябе, як кажуць, „што мыла зьеўшы“.
„Ты не Агафон Агафонавіч, а пастух, пастух-сьвінапас, каторы ў парадачных людзях сам сябе трымаць ня умеець,“ — пачаў лаяць сам сябе Гапук, зьбіраючыся навет пляснуць сам сябе па „мордзе“, але, пачуўшы сябе ня дома, а на вуліцы, апомніўся і ўстрымаўся.
Выбіўшыся на адну з буйнейшых вуліц, стракацеўшую шклом і пазалотаю літар, Гапук убачыў свайго друга, пакрыўджанага ім у Адэлінай хаце, калегу Альфука, каторы стаяў ля вітрыны нейкай кнігарні і любаваўся прыгожымі вокладкамі кніжак. У Гапуковай душы загукала нейкае адроднае, дружбанцкае пачуцьцё, пачуцьцё шчырасьці і вінаватасьці. Ён ня мог утрымацца, каб не зачапіць Альфука і не сказаць яму хоць пары слоў вясёлай прыемнасьці. І, падшустрыўшыся, Гапук прызастанавіўся ля тэй вітрыны поплеч з Альфуком, пашукаваючы ў выстаўленых на паказ рэчах сабе тэмы для распачацьця з Альфуком свае гутаркі. Альфук-жа, заўважыўшы гэта, каб уквяліць свайго супрэчніка, ўмысна адвярнуўся да яго плячмі, а пасьля, доўга не чакаючы, зрушыўся з месца і падаўся на адход. зам!
— Не, уцякай, дружышча, пагадзі, пойдзем разам! — аклікнуў Гапук Альфука.
Альфук прызастанавіўся і, надгадзіўшы Гапука, адказаў яму капрызьлівым тонам:
— З кім туды ішоў, з тым і адтуль ідзі, чаго-ж ты гонішся за мной… „гаршкалёвым сынам“, каторы табе не раўня. Няхай-бы сабе сядзеў там пры раўні…
— А, ты, як я чую, сердзішся на мяне за нешта. Пэўна за тое, што я ў ейнай прысутнасьці, нагаварыў шмат таго-сяго такога… Ты не сярдуй на мяне, гэта я, так сабе, жартуючы.
— Нішто, добрыя жарты. Сябе высунуў, як сына заможнага гаспадара, багача-памешчыка, з дварамі, з млынамі, з аўтамабілямі ды з лёкамобілямі, а мяне ў жабракі паставіў… І нашто каму што ведаць?..
— А нашто-ж ты мяне назваў перад ей Гапуком. Ты-ж добра ведаеш, што я моцна ня люблю, каб мяне гэтак хто, ў прысутнасьці чужых людзей, называў. Я ўжо няраз цябе аб гэтым заўпераджаў: Заві мяне Агафонам Агафонавічам!
— Гу-ух ты, якая радавітасьць.
— А пэўна што радавіцей твайго…
— А можа яшчэ да бацькі твайго, Гапона, і дзедаўскае імя — Апанаса далучаць? далучаць? А то і прадзедаўскае Кандраша, калі хочаш, дабаўляць, тады будзеш мець вельмі высокую чатырох’ярусную фамілію, як гэта водзіцца ў заволжаскіх татар: „Абдул-Азыс-Алі-Ахмэтаў“, а ты будзеш: „Гапон-Гапон-Панас-Кандрашонак“, скаліў зубы Альфук.
— Нечага дужа строіць сьмешак над імёнамі маіх дзядоў, — загугнавіў пахмурнелы Гапук. Яшчэ далёка твайму дзеду да майго дзеда. Мой дзед хоць быў і з мужыкоў, але, па крайняй меры, вышэй за ўсіх іх стаяў і быў над імі шмат гадоў старшынёю, а твой хто? — дзягцяр, самагоншчык, адно толькі тое, што нейкі дробны шляхціц, ды на сваім уласным куску сядзеў, вечнік-галечнік, а сын ягоны хто? — Гаршкель.
— Няхай сабе і дзягцяр, і самагоншчык. І дзёгаць людзём патрэбная рэч і самагонка таксама. Няхай сабе і „дробны“, абы вольны, ня ўсім-жа было быць і „буйнымі“. Няхай сабе і галечнік, абы ня злодзей… Мой дзед дзёгаць ды самагонку гнаў, але гэтым нікому крыўды не рабіў, а твой прадзед Кандраш, як у пана Пшыпэндоўскага дворным войтам служыў, дык праз усё сваё жыцьцё сваім братом, паднявольным мужыком бізуном скуру лупіў…
— Ну дык што-ж, гэтакі час быў, дык і мусіў лупіць, мусіць было за што лупіць, калі лупіў, — апраўдаваў Гапук свайго прадзеда, патупляючы свае вочы.
— А дзед твой Апанас? — разыйшоўся Альфук, скоса пазіраючы на Гапука. — Дзед твой Апанас крутадух быў, хаборнік, колькі таго часу старшынёю пабыў, а пасьпеў аж дзьве сялібы сабе прысвоіць, ды мала гэтага, дык яшчэ ў дабавак, налавіўшы дармавых рублёў, для сына млын купіў.
— Ну дык што-ж, грошы зарабіў, дык і млын купіў. А Бацька мой таксама на млыне зарабіў дый дварок купіў. Няхай і твой бацька на гаршкох заробіць ды для цябе двор купіць.
— Ведама, як ён зарабіў, праз фальшаваную нямецкую вагу, ды крадзеную муку, праз сакрэтныя скрынкі ў млыне, каторыя яму Бэрка панамайстрававаў „пад сакрэтам“. Нездарма-ж яго твой бацька так доўга і ў мельніках трымаець дый карчму тую, гонтам крытую, зьбіраецца яму падараваць „за сакрэты“.
— Брэшаш, дружышча, я ня веру, каб мой бацюшка муку краў. Што дык што, а гэта ты ўжо брэшаш! — усьсердзіўся Гапук.
— Няхай сабе і брашу. Калі мне ня верыш, то запытайся з часам у майго бацькі, ён усё ведаець, бо бачыў усе там тыя вашыя „сэкрэты“. Ведаець, добра ведаець, дзе колькі гарцаў чужой мукі застаецца, пасьля меліва.
— А як і калі ён гэта мог бачыць, скажы?
— Тады, як шасьцярню пад жорны ў вашым млыне рабіў і ставіў…
— А мне ўсё-ж такі ня верыцца… Першы раз чую гэткія рэчы, каб бацька мой, будучы такім заможным гаспадаром, ды такімі паскуднымі рэчамі займаўся… — ўзьдзівуваўся Гапук, чырвянеючы ў твары.
— Калі ня верыш, то можаш сам зьверыцца, з часам, і я табе ў гэтым дапамагу.
— А аднак, я гэта зьверу! — загукаў Гапук адкрывенным і энэргічным тонам голасу. Гэта я зьверу. Як толькі прыеду дамоў, леткаваць, то зараз-жа пайду ў бацькоўскі млын, вазьму Бэрку за бараду дый скажу яму: — „А ну, Бэрка! Пакажы мне тыя засекі-скрынкі, закервашы, куды чужая мука сыплецца ды з іх не высыпаецца“. Не пакажаць, сам пайду шукаць, а як знайду, паламаю, пакрышу ўсе гэтыя зладзейскія вынайды. А самага Бэрку, тымчасам, вазьму за бараду, ды „па мардасам“. Вось дзе будзе „футурыстычна“. Ну, як патвойму, Альфук?..
— Нічога не скажу табе, браток… Скажу табе толькі адно, вось што: Ня будзь, часамі, дуралеем і ня корч з сабе Вяльможную Шышку, ды не паніжай перад сабою свайго бліжняга, вось, напрыклад, як мяне сягоньня… Каб ня гэта, то ты ў мяне, адным словам, малайчына, — пахваліў на астатку Альфук Гапука, весела пазіраючы яму ў вочы.
— Дай мне „лапу“ міралюбнага! — весела зьвярнуўся Гапук да Альфука, выстаўляючы яму руку.
— На „пяць“, лапа за лапу! — таксама весела адгукнуўся Гапуку Альфук, падаючы і паціскаючы яму руку.
Ў гэтую хвіліну яны былі ўжо блізка ад сваей кватэры, каторая знаходзілася ў адным з высокіх мураваных дамоў прыгараду і зьмяшчалася дзесь на паверсе пад самай шаламядзьдзю страхі, з шырокім італьянскім вакном у шчыце, выходячым кудысь на, засаджаныя фруктовымі садамі, панадворкі.
Зайшоўшы ў памяшканьне свае кватэры, яны зрабілі з хлеба з маслам перакуску, выпілі па шклянцы халоднай кавы і хуткім рухам прыняліся за працу наладжаваньня сваіх бальных касьцюмаў, між сабою весела пагутараваючы:
— Ты Гапук, як я бачу, ты такі здорава прыліп да панны Адэлі.
— Якраз-што, наадварот, — ні я да яе, а яна да мяне… Яна-ж па мне проста вар’яцеець. Часамі мне яе аж шкода робіцца і так баюся, каб яна, часам, без мяне ў іпахондрыю ня ўпала.
— Старайся, старайся, браток, каб бяз крыўды не паадзіночку, калі ўжо вар’яцець, то разам удваіх, — пад’жартоўваў Гапуку Альфук, прымяраючы на ім лускавастую картонную лубянку шышкі.
VI.
Дачакаўшыся дня вечарыны „Балю Мастакоў“, Гапук з Альфуком, дружна прыняўшыся за аканчальнае парадкаваньне сваіх бальных велікашышкаўскіх касьцюмаў і дабіўшыся ў гэтым пажаданага канчатку, пачувалі сябе ў поўным задаволеньні. Касьцюмышышкі выйшлі надзіва і давалі поўную ілюзію тых малюсенькіх шышак, якія нам даводзіцца бачыць на дрэвах хваёвага лесу.
Гапук з Альфуком, адзяваючы адзін аднаго ў гэтыя шышкі, не маглі адлюбавацца, нацешыцца імі.
— Ну, як табе, браток, здаецца, — зьвяртаўся Гапук да Альфука, — нішто з мяне мастак? Бачыш, якія я касьцюмчыкі прыдумаў, такія што, ты і ў сьне ніколі такіх ня бачыў.
— Прыгожыя рэчы, але не на доўга, — адказаў яму Альфук.
— Як не на доўга, а ўспаміны таго ўражаньня, каторае мы сабою зробім на ўсю публіку, нічога ня варты? — оптымізаваў Гапук.
— Ты ў гэтым маеш рацыю, адказаў яму Альфук, а сам сабе, прыпамінаючы апошняе іхнае спатканьне ў Адэлінай хаце, падумаў: „Вось дзе рука адпомніць мне яму за гаршкалёвага сына“...........
А вось і вечарына балю мастакоў…
У той час, калі перапоўненая публікай бальная заля, з напружаным зацікаўленьнем выжыдала падняцьця завесы, ў гэты час за завесаю нешта дзеялася:
На сцэне, цесна згурмаваўшыся, гатовымі рушыцца ў паход, стаялі і выжыдалі загаду два гурмы: гурм „гаспадарства кветкі васілька“ і гурм „гаспадарства кветкі пралескі“. Празьвінелі заўпярэдныя званкі. Увесь састаў пэрсаналу, выпаўняўшага свае ролі ў працэсіях, быў напагатове і кожан з іх стаяў на сваім, загадзя вызначаным, месцы. Толькі Гапук з Альфуком ня былі гатовымі, чамусьці капашыліся і ніяк не маглі давясьці да парадку свае „шышкі“. У апошніх званкох перад самым выхадам у паход, калі Гапук стаяў ужо напагатове, як ступіць, то Альфук, у каторага „касьцюм шышкі“ зашпіляўся ня звонку, як у Гапука, а з асяродку, распрануўся і запрапанаваў Гапуку свае ўслугі:
— У цябе, дружышча, як я бачу з-заду падол не ў парадку. Калі хочаш, то я табе яго папраўлю.
— Папраў, калі не лянішся, — адказаў яму Гапук супакойна, нічога ў гэтым не падазруючы.
Альфук нагнуўся да Гапуковых ног, туга пасьцягаваў моцныя драцяныя спражкі ў падале Гапуковага „касьцюму шышкі“. Звузіў падол Гапуковага „касьцюму“ так, каб той ня мог ступіць шырэй, як на паўпядзі ды, пажадаўшы Гапуку, як другу, „повен кораб прыемных неспадзевак“, адыйшоўся ў бок, да загадчыка парадкам паходу працэсіяў і заявіў:
— Будзьце ласкавы паставіць на маё месца кагось іншага, бо я хвор. У мяне моцна расстроіўся жывот… Ня вытрымаю! — Сказаў, а сам, доўга ня думаючы, пусьціўся бягом у „апошняе месца“ закулісься.
А калі пачуў, Альфук, што ўжо загудзелі сьпевы, працэсія пайшла ў паход, тады Альфук пайшоў у тэатральную вопратню і пачаў у ёй рыцца. Перарыўшы ўсе, якія там былі, тэатральныя вопраткі і, выбраўшы з іх, больш-менш, падхадзячы пад сярэднявяковую моду, касьцюм Мольераўскага маркіза, апрануў яго на сябе. Зьняў са сьцяны вісеўшую там гітару, ўзяў яе пад паху і пайшоў у агульную публіку на бальную залю, з выглядам сярэдневяковага, франтаватага дона з Мадрыду.
VII.
Мястовая заля, занятая на гэты вечар пад „Баль мастакоў“, была разупрыгожана зусім чыста памастацку.
Парадная сходня, вядучая ў бальную залю, была багата дэкарована бахматай зелянінаю вазонаў і ўстаўлена цэлай шпалераю малюсенькіх старычкоў, сівабародзенькіх гномаў, каторыя трымалі ў сваіх ручонках рознакалёрныя ліхтарыкі, асьвечаваючы імі, для прыбываючых на баль гасьцей, шлях у бальную залю.
Сама-ж бальная заля, сьцены каторай былі абвешаны штучнымі дыванамі гобеленаўскага стылю, прадстаўляла сабой сапраўдную маляўніцкую галерэю старасьветчыны, галерэю, аджыўшага свой век і адыйшоўшага ў незьвяртальную мінуўшчыну, быту.
Вялізарная бальная заля была перапоўнена публікай…
На сцэне пахарошавалася фантастычная дэкаратыўная брама з розных зіркатых кветак і стылізованай зеляніны расьлін.
З авансцэны на партэр спускаўся бярозавы мост.
Зацікаўленая публіка стойма таўпілася на залі, выжыдаючы чагосьці вельмі цікавага.
Празьвінелі апошнія званкі і са сцэны, быццам з нетведамай далі, пачуліся таёмна-ціхія працяжныя гукі хорнага сьпеву.
Хутка зьявіўся на бярозавым мосьце, як ёсьць увесь, чорны падгалісты, апрануты ў чорнае трыко, з даўгім львіным, забалдавястым хвастом, пацяглаваты твар з мангольскімі бровамі, круканосы, з бародкаю клінам і з даўгімі, шырока-растапырыстымі на галаве, залатымі рагамі, фарсіста-элегантцкі чорт.
Чорт трымаў у адной сваёй „пярэдняй“ лапе свой уласны даўгі і гібкі хвост, а ў другой зялезную качаргу з чырвонай, быццам напаленай, качарэжкай.
— Дайце праход, анельскаму роду!.. працэсія ідзець, — замармытаў „нячысьцік,“ паказаваючы публіцы свае белыя зубы і пажыргаў па залі, ветла і жартаўліва ўпрашаваючы публіку расступіцца і даць прасторны шлях для працэсіі. На малапаслухняных лагодны чорт пачынаў сярдзіцца, касурыўся, набальшым франтам — качаргою апячы ногі гразіўся, падросткам-жа хвастом матнуць пагражаў, а прадстаўніцам прыгожай постаці — залатым рагом баднуць касурыўся. Парадак быў наладжан.
Публіка сьціхамірылася і нарыхтавалася да дзівосаў. Са сцэны рухнула працэсія.
Ішоў парад Васільковага гаспадарства: наперадзе працэсіі, ня ішоў, а нёсься — краса палёў, сам кветка Васілёк.
Дзьве пары прыгожых маладых дзяўчатак-жнеяк, апранутых у прыгожыя вясковыя вопраткі і абутых у берасьцяныя лапцікі, ціха пашаставаючы імі па партэры, нясьлі на нейкай прыладзіне вялізарны растапырыста-каласісты сноп жыта, а ў тым снапе, з прыгожа-мілым дзіцячым тварыкам і ультрамарынавай, рагацістай каронай на галаве — сам кветка Васілёк, ён сядзеў і весела пабалтаваў сваімі босенькімі ножкамі.
Сьледам за Васільком валачыліся цэлай грамадой, з косамі, граблямі і сярпамі, прыбраныя ў калосься і рознакалёрныя лугавыя кветкі касцы, грабельнікі, грабельніцы і жнеі, і стройна пеялі свае жніўныя ды касьбярскія песьні, адсылаючы рэхам адгалоскі па, сьледам за імі шоўшым, лесе ў працэсіі „гаспадарства кветкі пралескі“.
Сьледам за парадам „гаспадарства Васілька“ валачылася цэлая пушча — Гаспадарства Кветкі Пралескі. Наўперадзе ішоў невялічкі сівабароды, зеленаваты ў твары, з зялёнаю, квяцістаю каронаю на галаве, ўвесь аброслы мохам ды карой, валадар пушчы, сам дзядуля Лясун. Ён ціхім гугнавым таёмным водгулам паўтараў гукі жніўных песень, што нясьліся з Васільковага Гаспадарства, адпраўляючы іх рэхам па сваім, сьледам за ішоўшым, лесе.
Лясун за сабой вёў на кветляным павадку запрэжаную ў берасьцяную павозачку з пазалочанымі рагамі і з зялёнаю, што мурог шэрсьцьцю, зялёную казу, каторая вязла красу лясоў у прэдвесень кветку пралеску. За пралескаю валачылася грамада лясных кветак, за кветкамі грамада лясных ягад, за ягадамі грамада грыбоў (тут быў і баравік і рыжак, і сураежачка, і мухамор) — усе яны перасноўваліся жыварухавымі, русавалосенькімі русалачкамі.
На самым астатку паходу Гаспадарства Кветкі Пралескі, сьледам за грыбамі, дзе павінен быў ісьці цэлы сьцяг пушчанскіх жывёлаў і расьлін, валаклася толькі адна, адна адзінотная прадстаўніца шумлівага лесу, гэта вялізная яловая шышка.
Бедная шышка! Усе „ваякі“ пралесчынага сьцягу ішлі сабе нармальнаю хадой, пачуваючыся зусім шчасьлівымі, вольнымі грамадзянамі свайго гаспадарства. Толькі вялікая шышка ня зусім добра сябе пачувала, ёй нешта перашкаджала і не давала карыстацца нармальнаю хадой. І замест нармальнага ходу, ціхім шагам, яна пусьцілася ў шпаркі бег на месцы. Ножкі гэтай шышкі, як быццам спутаныя ў вельмі кароценькія путы, штабнавалі па паркеце, што іголкі швацкай машыны, разоў па пяток на кожную сэкунду, сьпешна выбіваючы палупядныя крокі хады, каб не адстаць ад свае кампаніі паходу.
На шышчыным твары рысавалася патужная боль нецярплівасьці. А на вачох ейных, што былі выталаплены, як быццам ад натугі пад зьверхсільным цяжарам, блішчэлі шклізістым полыскам сьцюдзёныя сьлёзы.
З усіх бакоў відалася, што жывая душа гэтай картоннай шышкі была ня звычайнаю афярай якогась здрадніцкага жарту праз нейкае сумнае здарэньне, а „гэрой-мучальнік за чэсьць і славу прыгожага мастацтва“.
А быў гэтым „героем-мучальнікам“ — ніхто іншы, як наш паважаны Велікастойны Агафон Агафонавіч у адпавядаючым ягонай фантазіі касьцюме...........
Агафон Агафонавіч схамянуўся ўзяць пад увагу, што рух у такім „касьцюме“ ня зусім бясьпечны і пачаў высьцерагацца, каб не спатыкнуцца ды не заваліцца. Бо нязвыклыя з хадой „пад штабноўку“ ягоныя ногі, з хвіліны на хвіліну пачыналі прыставаць, мала слухацца і неакуратна выпаўняць загады глуздавога цэнтру руху і роўнавагі.
Не ўважаючы на ўсё гэта, Агафон Агафоныч прыкладаў усё сваё шчырае стараньне, каб не адстаць ад працэсіі і даконаваў свайго. Ён прайшоў праз усю доўж асяродку вялізарнай бальнай залі і не адстаўні на адзін крок. Але ў самым суколе павароткі, дзе працэсія павінна была зрабіць марш у бок, каб абыйсьці навокал усю залю, тут Агафона Агафоныча спаткала бяда, нячывель: у Агафона Агафонавіча заблуталіся ногі, тулава ня ўтрымала гвагі і Агафон Агафонавіч пасланіўся, хістануўся і, як сноп, чмякнууся ложма на падлогу.
Ня будзь Агафон Агафонавіч „вялікаю шышкаю“, то й зараз зьліквідаваў-бы гэтую бяду. Ну, чмякнуўся, заваліўся, на рукі-б апёрся, ногі-б прыкукярэчыў, прысеў-бы, спружыўся-б, ускочыў і ўзнова на нагах. Але бяда ў тым, што Агафон Агафонавіч зусім ня меў чым апёрціся, бо, як натуральная шышка, зусім ня меў ніякіх рук. А каб прыкукярэчыць свае ногі ды прысесьці, таксама было немагчыма, бо ў Агафона Агафоныча як тулава, таксама і ногі зусім ня згіналіся, а спражак тых, што зашпілялі, змыкалі адаробу, нельга было дастаць і расшпіліць, бо яны былі з вонку. Каб вызваліцца з гэтакага, досыць няпрыемнага для інтэлігента, стану, тым больш у ваччу таксама інтэлігэнтнай і нэрвовакволай публікі, — ляжаць на падлозе і рабіць на яе ўражаньне такое, якое могуць рабіць толькі хворыя падучаю хваробай, для Агафона Агафонавіча заставалася толькі дзьве рады ратунку, гэта: ці качацца, як спавітаму, ў полачкі дзяцёнку і разрываць на сабе зусіх бакоў сьціскаўшую ягонае цела, лубянку, а, разарваўшы, выкаціцца з яе так, як выкачаваюцца з яйка даседжаныя гусяняты. Або клікаць ратунку: „Падымеце мяне, падымеце!“ Але гардае сэрца, эгоістычнае пачуцьцё Агафона Агафонавіча, засупрэчыла гэтаму. „Яшчэ прасіць там некага“… — уздумнуў Агафон Агафонавіч і вырашыў адкінуць апошнюю раду, а прыняць першую. І прыняў. Агафон Агафонавіч спружыўся і з усей сілы пачаў напружанымі лакцямі рук і каленкамі ног расьпіраць злазрадную лубянку, каторая нагла запанавала ягонай асобай. Але, моцна спашытая, густа ўтканая норатам дроту, картонная лубянка, не паддавалася разрыву, а быццам дзеля нейкага кепства, толькі пукчэла, карабацілася ды моршчылася, а з маршчак сваіх строіла грымасы.
Тым часам бліжэйшая ад месца шышкінай катастрофы бальная публіка, між каторай, як на злое, закешкалася і паважана-каханая для Агафона Агафонавіча панна Адэля, пачынала атакоўваць ляжачую шышку і разуражаная нябывалым такім сэнсацыйным здарэньнем, весела ўсьмяхалася, гучна хахатала ды паджартоўвала:
— Ах ей, ах ей, якая вялікая шышка!..
— Шышка над шышкамі…
— Ці ня ветрам яе сюды занясло?..
— За пагатоўем ратунку трэба паслаць!..
Жартавала разьдзівачэлая публіка.
— Вось дык папісаўся! — падумала панна Адэля, гледзячы на скатастрафіраванага Агафона Агафонавіча. Няўжо-ж ня мог ён прыдбаць сабе больш-менш талковага касьцюму? Ну і вывеў-жа ты сам сябе на паказ — дубіна!.. Сорам… Хоць бы загрымаваў сабе морду, як сьледна, а то як ёсьць увесь Агафон, — злавалася панна Адэля, сканфужаная „сваім кавалерам“. Яна саромліва зачырванелася і адыйшлася ў старану ад месца гэтага здарэньня.
Нашчасьце, зьнянацку ўзьдзёўбся на гэтае здарэньне сам даглядчык бальнага парадку, залатарогі чорт. Чорт, як чорт, сьцяміў у чым справа, і крута віхлянуўшы сваім забалдавястым хвастом па стаўпелай публіцы, ўхапіў у аберуч ахапкам лежабокую, даўгую фігуру шышкі, як калоду і паставіў яе на ногі, а сам аперазаўшы ейны выпуклы стан сваім даўгім хвастом, што паясом, ды як быццам „за падручку“ — павёўся з ёю па залі, спакойненька спацыруючы ды перашэптаваючыся.
— Не апускайцеся духам Агафон Агафоныч, нашэптаваў чорт Агафону Агафонавічу на уха.
Я думаю проста скінуць з сябе гэтую праклятую адаробу ды ўцячы з гэтага дурацкага маскараду дамоў, высказаўся Агафон Агафонавіч, скоса пазіраючы ў вясёлыя вочы чорту.
Ня варта, вы гэтым сябе зусім выведзеце перад сваімі знаёмымі на сорам, засупрэчыў яму чорт. — Ляпей прызастаньцеся такім, як ёсьць, а, тымчасам, мы гэтую справу пастараемся паправіць…
— А чым-жа мы можам яе паправіць?..
— А вось чым, давайце на сягодняшні вечар зробімся героямі сьмеху. Пойдзем у закулісьсе, там я вас загрымірую ў бабу, разумееце? Я вас перараблю з Агафона Агафоныча ў сапраўдную шчырую бабу. А падчас гульняў на залі, мы жырганём з вамі ў скокі, разумееце, у скокі, няхай з нас сьмяюцца. Няхай публіка падумаець, што ўсё тое, што з вамі здарылася, ня ёсьць з нячывелі, а проста ўмыснага дзеля сьмеху. Ну як, валём?..
— Ня быў-бы то чорт, у чорта усё пачарцінаму… — Ну, ладна, валём! — згадзіўся Агафон Агафонавіч і з гэтай хвіліны пачаў набірацца сьмелаватай шустрасьці.
Чорт павалок Агафона Агафоныча ў закулісьсе, пад грым.
VIII.
Працэсія двух гаспадарстваў — Васілька і Пралескі, выпаўніўшы сваё праграмнае заданьне, пры гучных авацыях з боку публікі, зьнікла за кветлянай брамаю на сцэне і рассыпалася…
Замест працэсіяў, па бальнай залі расхаджавалі сябры мастацкай камісіі, камісіі па конкурсе на прыгожыя жаночыя вопраткі. Яны расхаджавалі і шукалі тых праступніц прыгожай постаці, каторыя, здрадзіўшы „Дамскаму Інтэрнацыяналу“ модаў Парыжа, ўзялі на сябе задорную сьмеласьць зацьміць знаных законамі модаў легальна-істнуючых модніц і абвясьцілі поўную незалежнасьць для свайго індывідуалістычнага мастацкага смаку.
Пасьля адшуканьня і розсьледу, лік гэтакіх „праступніц“ аказаўся зусім невялічкім, усяго чатыры.
Да ліку гэтакіх „праступніц“, зьневажыцелек закону модаў, далучылі і панну Адэлю, каторая зьявілася на гэты баль прыбранай у, прыгожа вымастакаваную сваімі ўласнымі рукамі, вопратку маладзіцы сялянкі.
Праз нейкай паўгадзіны, пасьля разгляду мастацкім судом справы абвінавачанай панны Адэлі, быў вынесен мастакамі над ёю прыгавар, паводле каторага панна Адэля павінна была адтрымаць дзьве прысуджаныя ёй мастацкім судом рэчы: абраз і статуэтку.
Першая з дзьвюх гэтых рэчаў, выабражала сабою маляўнічы пэйзаж з жывымі істотамі: шырокая рака з пясчанымі берагамі, кусты па ўзьберажжы. На далейшым пляне шмат купальніц, а на бліжэйшым пляне ўзвал і бухоны куст на ўзвале, а пад тым кустом, быццам прытаіўшыся, сядзіць нейкі панок з біноклем у руках.
А другая рэч, гэта невялічкая бронзавая статуэтка, копія са знамянітай скульптуры Антакольскага, — „Мэфістофэль“.
Панна Адэля, адтрымаўшы ад сваіх старшых калегаў па мастацтву гэтыя неспадзяваныя рэчы — панагароды, была моцна ўзрадавана і расчулена. Яна ўхапіла паданыя ёй, прысуджаныя конкурснаю камісіяй, рэчы і, не разглядаючы іх, праворна зьбегла з імі са сцэны на бальную залю. Яна пачала між публікі пашукаваць сваіх дружбантак, каб падзяліцца з імі сваею радасьцяй ад сюрпрызаў. І якраз наўрэла на адну са сваіх прыязьніц, былую калежанку па гімназіі, панну Лізу. Панна Адэля ўхапіла яе за руку і пацягнула за сабой на адзін з застаронкаў бальнай залі. Там яны ўселіся на ўслоне і пачалі разглядаць мастацкія нагароды.
— Эх, Адэлька, ты мая, Адэлька! — ўзгаласілася Адэліна дружбантка, гледзячы на адтрыманыя ёю ад мастакоў гасьцінцы. І хапіла-ж ў цябе адвагі прыняць ад гэтых „памаднікаў“, гэтакія рэчы. Ты-ж прыгледзься да іх харашэнька дый падумай: што адтрымала? — Гэта-ж проста сорам…
— Які-ж тут сорам, што за сорам, дзе ты яго бачыш? Я тут зусім ня бачу таго, што ты бачыш. Трэба ведаць што гэта мастацтва…
— Але-ж ты прыгледзься харашэнька і раскусі, — галасіла панна Ліза. Ну вось, няхай сабе вось гэты малюнак: вун там, бачыш?, купаюцца, гэта нічога, рэч звычайная, купацца трэба. Але чаго вось гэты „старая лыжа“, пад куст забраўся, дый яшчэ з біноклем?..
— Вось тут-то ў гэтым і зьмяшчаецца ўвесь змысел сюжэту, стаяла на сваім панна Адэля.
— Ну, няхай сабе, аставім гэты абраз у супакоі. Магчыма, што для яснасьці сюжэту яно так і трэба, — згадзілася панна Ліза. — Бываюць-жа такія рэчы, што калі яны, ня зусім выразны, ня зусім выяўны для вока людзкога, то наводзяць, часамі, на вельмі прыемныя мысьлі і пачуцьці… Усё тое прыемна, што нягруба кідаецца ў вочы… Але вось чым палюбуйся! — з нaруглівым тонам заўважыла панна Ліза, бяручы і падымаючы з Адэлінага прыполу бранзовую статуэтку Мэфістофэля. — Бачыш? Як гэта патвойму, даражэнькая, прыгожа? Ці даводзілася табе калі бачыць штось брыдчэйшага? Гэта-ж зусім непаненская рэч…
— Але што-ж тут у ім брыдкога? Хіба-ж ты ня знаеш, што такое скульптура, мастацкая скульптура. Адным словам, скульптурная штука, дый годзі.
— Ну і штука, добрая штука, нішто сабе штука. Схавай ты лепш гэтую штуку так, каб людзі добрыя яе ня бачылі, ды пасядзі з ёю хвілінку, а я тымчасам, зьбегаю да кіоскаў, мо’ там газэціну ці афішыну якую дастану і мы яе, гэтую „штуку“, ўпакуем, каб ніхто яе ня бачыў. З гэтымі славамі, Адэліна дружбантка зьнялася з услону і крута папёрлася ў той бок, дзе стаялі будкі-кіоскі, „грыбы“ ды „хаткі на курачых ножках“ і г. д.
Тымчасам рэзнула музыка струннага аркестру і распачаліся танцы.
Панна Ліза не пасьпела дабегчы і да першага найбліжэйшага кіоску, як прысучыўся да яе адзін са знаёмых ёй кавалераў і павалок яе на скокі.
А калі змоўкла музыка і ўняліся танцы, панна Ліза прынесла, для спавіўкі Мэфістофэля, аж цэлы плякат паперы, але ўжо было позна… поплеч з паннаю Адэляй, у касьцюме сярэднявяковага маркіза і з гітараю ў руках, паседжаваў пан Альфонс і з ласкаваю мінай твару перашэптаваўся з ёю на вуха. А між імі, на ўслоне, на фоне чырвонага плюшчу, адкрыта і легальна, бяз ніякага сораму, сядзеў сабе, ўсьпёршыся на свае хударлявыя калені, „пакрыўджаны“ Мэфістофэль, сумліва пазіраў на бальную залю, у той бок, дзе ў асыстэнцыі залатарогага чорта, ціха пхнулася з напрамкам да панны Адэлі, вялікая шышка.
IX.
— Пазвольце мне вам адрэкамандаваць, мадам Вялікую Шышку, — зьвярнуўся залатарогі чорт да панны Адэлі і дона Альфонса, стануўшы перад імі ўпоплечкі з распутаным і перагрымованым у адабу старой бабы і Гапуком, прыбаўляючы: няхай жыве вялікая шышка!
— Няхай сабе жывець, — адказаў яму дон Альфонс, перабіраючы пальцамі па струнах сваей гітары і весела паглядаючы ў вочы сваей суседкі.
Гапук прыветліва скланіўся перад Адэляй і, весела падміргнуўшы ёй бравым вокам, ласкавым тонам дадаў:
— Добры вечар, як маемся Адэлька!?
— Для каго Адэлька, а для вас, міласьцівы гаспадару, паважаная Шышка, я не Адэлька, а панна Адэля. А нарэшце яшчэ, пазвольце мне даведацца, я ня ведаю, хто вы такі. Што вы за асоба?
— Я, я?. Я вашая даўнейшая, калі помніце, дружбантка Агафія Агафонаўна, — жартануў Гапук.
— Ня помню я такой, з такім дзіўным прозьвішчам, дружбанткі, адказала яму панна Адэля, аскяляючы свае беленькія зубкі. Можа „ты“ за мяне, мой мілы дон Альфонсе, прыпомніш? — зьвярнулася яна да сядзеўшага ўпрыплеч з ёю на ўслоне „з гітарай пад палой“ маладога вясёлага дона Альфонса.
— О, я заўсёды гатоў на услугі „табе“ дарагая мая маладзіца, Адэлька, — пачаў Альфук пад акомпанімэнт сваей гітары імпровізаваць: Я помню, як „ты“ мне давала расплятаць твае русыя косы. Я помню, як „цябе“ забірала „твая“ цётка да сябе на дачу. Я помню, ох, я помню, ўсё добра помню, толькі глупых „дружбантак“ тваіх я ня помню… Толькі глупых „дружбантак тваіх“, вось такіх, вось як гэта бязрукая шышка, што стаіць перад вамі, я ня помню.
— Я веру „табе“ мой мілы дон Альфонс. Я веру, што ты не манюка, я веру „табе“, „ты“ праўду сказаў, „ты“ праўду сказаў, „ты“ праўду сказаў дарагі мой, мілы чужаземча, — наругалася панна Адэля Гапуку, папраўляючы сваімі беленькімі пальчыкамі зьвіслыя космы валасоў на галаве свайго кавалера „дона“ Альфонса.
Гэтая наруглівая парачка, зложаная з „дона“ Альфонса і „маладзіцы“ Адэлькі, дужа заўразіла надта раўнівага Гапука, а выкінутая ею на ягоны кошт іронія, моцна ўквяліла ягонае эгоістычнае пачуцьцё, пачуцьцё поўнавартнасьці.
Відаць, што ўжо „склеіліся“ між сабой гэтыя дзьве нягодныя блажы… Вы ня чуеце? Яны-ж ужо „вы“ ды аж на „ты“ між сабой… Вы разумееце? — пачаў нашэптаваць Гапуку на уха залатарогі чорт.
Пусьцяковіна, я не зьвяртаю ўвагі… На тое маскарад, — адказаў Гапук залатарогаму чорту. А сам сабе, ў духу сваім, падумаў: пагадзіце, я вам не дарую гэтага кепства нада мной. Я вам адпомню гэтыя кепкі, будзеце вы помніць мяне… Пазнаеце… Нэрваваўся Гапук са злосьці і, ледзь-ледзь ня выгукнуў сваім абразьнікам, з апошніх грубых слоў, сваё „багаслаўленьне на права далейшага каханьня“, але гонар чэсьці студэнта стрымаў яго ад гэтай спакусы.
Гапуку вельмі не хацелася парываць з паннаю Адэляй сваіх, між сабой старадружацкіх адносін. Разам-жа з гэтым, Гапук быў моцна пераконан у тым, што панна Адэля, як-бы там яна яму не наругалася, каб узбуджаць у ягоным шчырым сэрцы сярдзітую рэўнасьць, — павінна яго кахаць і нават вельмі моцна кахаць.
Гапук зрабіў тры палупядныя крокі наўперад і, зрабіўшы зьвярыны пагляд на свайго супярэчніка Альфука ды сабраўшыся з апошнім духам супакойнасьці, зьвярнуўся да панны Адэлі з наіўна-дзіцячым тонам голасу:
— Значыць вы, вы не пазнаецё мяне?
— Кіньце вы гэтую сваю наіўнасьць, — адказала яму панна Адэля тлумачачы: я сягодня хачу весяліцца, а вы… Вы сягодня для мяне зусім нудная, зусім няцікавая асоба...........
X.
Ля кіоску „хатка на курачых ножках“, спацыруючы вялікаю шышкай, Гапук наўрэў свайго былога настаўніка і друга, мастака-дэкадэнта Разору.
Разора запрасіў Гапука прайсьціся з ім у буфэтную залю. Там пры буфэце, Разора запрапанаваў Гапуку, дзеля шустрасьці, пару чарак гарэлкі.
— Ну, бывай здароў і трымайся! — зьвярнуўся разора да „Шышкі“, прыпіваючы, даліваючы і ўліваючы ёй у губу спорную чарку запраўлянкі, а замест закускі ўторкнуў „шышцы“ ў зубы прыпаленую папіроску дадаў ёй шопаткам на уха: Пакінь ты, братко, гэтую сваю маскарадзкую „адзежу“. Давай пойдзем у закулісьсе, там я памагу табе асвабадзіцца ад гэтага твайго дуралейскага касьцюму, каб ты больш у ім ня мучыўся і ня выводзіў сябе на сьмех і сорам.
— Я і сам гэта сазнаю што маё сягодняшняе становішча, чыста дуралейскае, але, як кажуць: „калі ўзяўся за гуж, то не кажы, што нядуж“. Мушу вытрымаць гэтую маю ролю аж да астатку, — заўпарчывіўся спачатку Гапук, але, пагадзя, здаўся на волю Разоры і згадзіўся адправіцца разам з ім у закулісьсе і скінуць там з сябе сваю лубянку… Пайшлі… Там пад гучныя зыкі бальнага аркестру, заходзяць яны ў грыміравальны пакой і вось што яны там перад сабой бачаць: пры цьмяным сьвеце малюсенькай электрычнай лямпачкі, насупраць шырокага сьценнага люстра, стаяць (перад люстрам) абняўшыся дзьве нейкія асобы ды шэпчуцца і хіхікаюць.
Мастак Разора, як дэкадэнт і бальшы ахвотнік да камічнага жанру, заўперадзіў „шышку“ шопатам:
— Чуеш! ты пастой вось тут за гэтай шторынай і не паказавайся, а я, тымчасам, пашукаю тэй шпонкі, што запальваюць большую лямпу. Асьвячу іх, як дайдуць да шмат цікавейшага… Вось дык напалохаюцца. А сам сабе падумаў: зраблю я гэта не дзеля таго, каб нехта назваў мой гэты хуліганаваты паступак „маладзецкім“, а дзеля таго, каб ты бачыў, што такое горад, перад каторым ты ў душы сваёй няраз б’еш паклоны…
У грыміравальні было глуха і з усіх куткоў яе павявала духам сіратлівага прыпынку і неахайнасьці парадку. Па сьценах на, ў беспарадку ўвогнаных у тынкоўку гваздох і гваздочках, віселі рознай масьці лахмаціста-касматыя ды кудлатыя лысыя і нялысыя кучбайкі, вусы ды рознафасонныя бароды. Па сталох ды па падлозе быў цэлы шуметнік парассыпанай пудры, скомшаных афіш і ваты. У левым пярэднім кутку стаяў аўтаматычны бляшаны вымывальнік, а справа ад прыхаду пад стрыкатымі параванамі, якраз ля самых Гапуковых ног у куточку зьмяшчалася цэлая куча дэкаратарскіх прылад, між каторымі, паміж іншым, груба выдзялялася бляшанае вядро з нейкаю жыдкай пабелкай.
У тую хвіліну, калі ад стаяўшай абняўшыся перад люстрам, любуючыся ў ім сваімі позамі, нераспазнанай пары, — пачало разносіцца ў паветры грыміравальнага пакою адрывіста-звонкае цмоканьне пацалункаў, Разора пакруціў ашчупаную ім на сьцяне электрычную лучайку, грыміравальны пакой асьвяціўся ясным сьветам і перад сабою Гапук убачыў дзьве, намазоліўшыя яму вока, касьцюмірованыя фігуры „дона“ Альфонса і „маладзіцы“ Адэлі.
Зьнянацку пушчаны ў грыміравальню ясны сьвет, аказаўся зусім непалохаючым. „Дон“ Альфонс і „маладзіца“ Адэля прынялі яго за самае звычайнае, само праз сябе, зьявішча.
Прысутнасьць Разоры была зусім не заўважана ні „донам“, ні „маладзіцай“. Затое прысутнасьць „шышкі“ была заўважана і ўзята пад увагу, но толькі адною „маладзіцаю“ Адэляй.
„Маладзіца“ Адэля, бачачы што ёй „няма куды дзявацца“, бо ўжо злоўлена, — пусьцілася на нейкія, вядомыя толькі ёй адной, выкруты і ўловы:
— Што-б вы рабілі, дон Альфонс, каб цяпер шмыг увайшоў да нас сюды мой Агафон Агафонавіч?
— А нічога, хіба-ж толькі абхапіў-бы вас вось гэткім чынам у чэсьць ягоных уваходзін і надзяліў-бы вас цэлаю капой гарачых пацалункаў, вось гэткім чынам, — адказаў ёй „дон“ Альфонс і, доўга ня думаючы пад словы „вось гэтакім чынам“, ён абхапіў панну Адэлю адною рукою за талію, а другою кругом шыйкі і ў запраўднасьці пачаў выпаўняць сваю заганутую праграму, прымаўляючы:
— Вось так. Вось гэтак. Вось гэткім чынам…
А панна Адэля, як быццам жадаючы вырвацца з рук ягонага абняцьця, ляніва і млява выпіналася і бараніла свой твар ад пацалункаў, закрываючы яго даланямі сваіх беленькіх рук.
Бачачы перад сабою такое зьявішча, Гапук моцна ўзгарэўся і пачаў выходзіць з цярплівасьці. Грубая злосьць ахапіла ягоным маладым моцна рэўнуючым сэрцам і цягніцы ягоных рук ірвануліся к бою, к бою з „донам“ Альфонсам за Адэлю. Ён нават размахнуўся ўжо сьціснутымі кулакамі, каб накінуцца з імі на свайго наруглівага супярэчніка, але тугая лубянка, апанаваўшая ўсімі рухамі ягонага цела, не пазволіла яму.
Глянуўшы навокал сябе і ўбачыўшы што ля самых ног ягоных стаіць з пабелкаю нейкае вядро, яму моцна закарціла ўхапіць ў аберуч гэнае вядро і шпурануць ім у занятую пацалункамі пару. Ён сярдзіта рухануў рукамі так, як ухапіць гэнае вядро, але злазрадная лубянка ягонага „касьцюму“, каторы рабіў яго бязрукім, — узнова стала яму на перашкодзе. Зьнецярплівелая „шышка“ не ўнялася, яна напружыла свае кароценькія ногі і з усей сілы брыкнула нагой у вядро. Вядро зрушылася са свайго месца і з бразгатам пакацілася пад ногі наруглівай пары, выліваючы з сябе на падлогу шырокімі рагамі пабелку.
Перапуджаныя зьнянацку бразгатам вядра з брызгамі нейкай вапны, малады „дон“ і „маладзіца“ кінулі рэпэтыраваць свой „жывы абраз маладога каханьня“, здумеліся і, адскочыўшы ўрозь, сталі перакідаваць свой зрок то друг на дружку, то на стаячую перад імі ў гордай позе вялікую шышку, то на кінутую ёю ім пад ногі адрэчную „бомбу“.
— Я вам не пастушок! — загукала ім вялікая шышка. Я вам не пазволю строіць нада мной такія кепкі, чэрці вы бязглуздыя!
— Прашу не скандаліць! — загукаў у адказ „ёй“ дон Альфонс. Прашу не скандаліць, а ня то стоража паклічу!
— Вы, вы калега Альфонс, завельмі шмат чаго сабе пазволілі!.. — загаманіла яшчэ раз „вялікая шышка“.
— Не тваё тут дзела нам раўню" разбіраць, — адказаў яму дон…
— Супакойцеся калегі, супакойцеся, няма за што нэрвавацца, — пачала згоджаваць іх панна Адэля.
— „Чые-б цяляткі мічалі, а твае няхай-бы лепш маўчалі“. Нішто добрая і з цябе „цаца“, — заўважыў ёй ласкавым тонам Гапук і павярнуўшыся сваею адаробай, выйшаў тупаючы вон з грыміравальні.
XI.
Пад канчатак „балю мастакоў“, каля поўначы, скінуўшы з сябе сваю злазрадную велікашышкаўскую павалаку і, зьняўшы з твару свайго баб’я загрымоўку, — „Агафон Агафонавіч“ пачуваў сябе зусім нармальна. Ён пагуліваў сабе ў кумільгу гуляючых гасьцей балю, у вопратцы звычайнага студэнта і за ўсе велікашышчыныя даказэі лічыў сябе зусім безадказным:
— За ўсё тое, што надаказейнічала Яловая Шышка, няхай Шышка сама за сябе і адказваець, мой „Агафон Агафонавіч“, за ейныя паступкі, ніякага адказу на сябе не бярэць, — вастрасловіў Гапук спаткаўшыся з паннаю Адэляй і Альфуком, перапранутым з гішпанца ў сваю студэнцкую форму.
— І мой Альфук за справы гішпанца, дона Альфонса, таксама ня хочаць браць на сябе адказу, — пад’акампанаваў яму Альфук.
— І я такога самага зданьня, як і вы, — далучылася да іхнай гутаркі панна Адэля.
— Значыць, згода, на гэтым і канец нашаму маскараду, зазначыў Гапук.
— Канец нашаму маскараду і ўсяму нашаму маскарадзкаму чмуру, — падтрымаў яго Альфук.
— Усё тое добра, што на жартах пачынаецца, а на згодзе канчаецца. Так і трэба, — падцьвярдзіла панна Адэля, з дадаткам: Я надта рада, што вы, хоць пад канец, але выйшлі з цярплівасьці і скінулі з сябе гэтую, як я даведалася, начэпленую вам праз арганізатараў балю „Вялікую Шышку“… Вось толькі цяпер я маю магчымасьць бачыць у вашай, нефальшованай, асобе, настаяшчага Агафона Агафонавіча і настаяшчага кавалера. А то ходзіце сабе, як быццам нейкая калека з адаўбелымі нагамі ды з ампутарованымі рукамі, ні з вамі ў танец пайсьці, ні з вамі ў западручкі прайсьціся. Вось дзеля чаго мы, наўмысьля, з панам Альфонсам і ўзяліся наругацца вам розна, каб чымсь колеч ды вывесьці вас з цярплівасьці… „разадкрывеньнічалася“ панна Адэля перад Гапуком, каб апраўдацца, падстаўляючы яму, адтапырыўшы, свой локаць ў западручкі.
— А ўсё-ж ткі ты „добрая цаца“, як я праканаўся з грыміравальні, падумаў Гапук, бяручы яе ў западручкі на шпацероўку.
Шпацеруючы, па застароньню бальнай залі, узяўшыся ў западручкі з паннаю Адэляй, Гапук вёў сябе ўважна, далікатна і надта зьдзержна ў гутарках. Гапук гутарыў з ёю, як быццам нехаця і, ў бальшыне, на ейную з ім гутарку, стараўся адбывацца толькі аднымі паўслоўкамі: „Але, але, але“. Толькі згадзя, калі праз нейкія прычыны, ім патрабавалася на некаторы нядоўгі час разыйсьціся, Гапук да панны Адэлі загаварыў поўнаслоўем:
— Памойму, я вам-бы ня радзіў тут доўга марнець аж да самага дня, — заўважыў Гапук вынімаючы з-за пазухі свой гадзіньнік ды паказваючы ёй на ім час, — бачыце як, колькі часу застаецца да самай раніцы?.. Праз паўгадзіны, а то нават і раней, я буду, напагатове, стаяць на сходні вэстыбюлю і буду чакаць вас… Будзьце рупны і доўга не марудзьце… паедзем…
— Але, але, але, адказала Гапуку панна Адэля і, крутавертам панеслася да паклікаўшай яе, па йменьню, нейкай франтаватай, з падстрыжанымі пад „скобку“ валасамі, унівэрсталкі.
XII.
Якраз праз паўгадзіны ўгоджанага часу, пасьля „ўмовін“, Гапук быў ужо напагатове як выйсьці на вуліцу і, стоячы на сходні галоўнага пад’езду, пад’жыдаў „умоўленых“ выходзін панны Адэлі.
Скора, міма яго зыйшоў па сходні ягоны калега Альфук і зьнік за вулічныя дзьверы.
— Ладна, Альфук сам адзін дамоў паплёўся, туды яму й дарога. Значыць яна з ім не захацела, a ca мной… — падумаў Гапук, уздаволены паняцьцем свайго верху.
Неўзабаве, сьледам за Альфуком, зьявілася на сходні і панна Адэля. Гапук крануўся з месца і рухануўся да яе на выходзіны, але п. Адэля, панурліва патупіўшы свае вочы, шпарка пусьцілася ўніз па сходні, наўцёкі.
— Пагадзіце, панна Адэля, я тут, я тут! — аклікнуў яе Гапук. Але п. Адэля не аглянулася і крута шмыганула за дзьверы пад’езду на вуліцу.
Гапук, лічачы што п. Адэля недачула ягонага окліку, кінуўся і ён, за ёю ў пагон, на вуліцу.
На вуліцы, ля пад’езду, стаяла напагатове фаятонная фурманка, а ў фаятоне сядзеў п. Альфонс.
Выбегшы з параднага ходу на вуліцу, панна Адэля скокнула ў фаятон да свайго калегі Альфонса і ўселася з ім.
Выбегшы сьледам за Адэляй, даганяючы, на вуліцу і ўбачыўшы, што даганяная ім панна Адэля ўжо:
„Пры поўным ладзе |
Гапук кінуўся к фаятону да панны Адэлі, каб сказаць ёй нешта дужа пільнае, перасьцярагаючае. Не пасьпеў Гапук і губы разінуць, як Альфук нокнуў, а фурман з пугі хопнуў, конь ірвануўся і „Альфадэлін фаятон“ крута катнуўся, брызнуў сваімі гумавымі абадамамі Гапуку ў твар макраядзьдзю адліжнага сьнегу і панёсься вуліцаю ў той бок, дзе на фоне цёмнасызага неба, быццам нейкая высокая ёлка, тарчэла „Скарынаўская вежа“.
XIII.
Гапук сьцёр нацягнутым рукавом са свайго твару сьцюдзёныя брызгі ад колаў фаятону, пастаяў, здумлёна паўзіраўся ўсьлед таму фаятону, каторы шпарка, што птушка, панёсься ў пэрспэктыўную даль вуліцы, уносячы з сабою нетведама куды, вырваную з ягоных рук, таварышам-другам, шчыра каханую красавіцу Адэлю ды, цяжэнька ўздыхнуўшы, падумаў:
„Крухнулі ўсе мае моцныя падмуроўкі, што я закладаў пад бажніцу майго з ёю каханьня. Напрасна, зусім напрасна я так шчыра надрываў свае сілы, закладаючы іх з цяжкога каменьня… І ці ня дзівак-жа з цябе, ты бесталковы, Гапук? Альфук, таварыш твой, каторага ты перад ёю заціраў і заўсёды стараўся паставіць яго ў ейных вачох, як нікчэмніка, перамог цябе. Ён пачаў будаваць завальню свайго з ёю каханьня ні з векавечнага каменьня, як ты, а проста з хуткатаючага сьнегу і лёду і ён, ён змог ейнае сэрца. Ён змог ёйнае слабое сэрца і перамог цябе!“…
Апошнія словы ў думках: — „Ён змог ейнае слабое сэрца і перамог цябе“, — Гапук выгукнуў яўным голасам, ды так зычна, што аж некаторыя з, прахадзячай міма яго, вулічнай публікі, пачалі зьвяртаць увагу. Дзьве нейкія дамы і адна з імі паненка-курсістка аж прызастанавіліся і, нязначна, з зацікаўленьнем, пачалі прыслухоўвацца, каб расчуць, што будзець далей гукаць гэты незнаёмы ім малады чалавек, каторы стаіць сабе адзінотна на акрайцы вуліцы і сам з сабою гутарку вядзець аб нейкім „ейным слабым сэрцы“.
— Напрасна ты лічыў яе сваею, напрасна ты надзеі пакладаў… Напрасна верыў ёй, любіў яе так шчыра і мучыўся душой!“ яшчэ аж гучней загукаў абяспрытомлены Гапук, зусім не зьвяртаючы ніякай увагі на тое, што ён ня дома, а на вуліцы.
— Ён ці не п’яны! — заўважыла адна з дзьвюх паджылых дам, між каторымі знаходзілася і трэцяя маладая, апранутая ў форму курсісткі.
— Пэўна, што п’яны, бо каб быў цьвярозы, не гаварыў-бы адзін, нетведама з кім, — пацьвярдзіла другая дама.
— Гэткая тут цікавасьць, п’яных аглядаць, пойдзем адгэтуль, бо яшчэ зьвернецца ды вылаець нас, як сьледна, будзець і стыдна і крыўдна, і жаліцца не на каго, бо вядома, п’яны, пойдзем, — запрапанавала першая дама.
— Пагадзі цётачка, пастаім, ня бойся, ён нас не зачэпіць, гэта не п’яны, — адзыўнулася маладая стройная курсістка, прытрымоўваючы за рукаў тую даму, каторая запрапанавала ісьці.
— А хто-ж ён патвойму? — зьвярнулася да курсісткі першая дама.
— Памойму ён апутан так званымі ідэямі-фікс, у яго мамачка, галюцынацыі слуху, — адказала ёй курсістка.
— Вось ня была-б то тая мэдычка, зараз-жа і выкрыла ў маладым чалавеку нейкія модныя дэфэкты: „галюнацыі“, „дэфіксы“, — весела заўважыла другая дама, каторую курсістка называла цётачкай.
— „Ты пасеяў каханьне сваё ў бясплодную ніву! — загукаў Гапук яшчэ.
— Во, чуеце, што ён кажаць, — заўважыла сваёй цётцы і маме маладая курсістка, расталкоўваючы ім у чым справа. Гэты малады чалавек, як чуецца з ягоных слоў, пачынаець ненармальнічаць на грунце нейкага каханьня, магчыма, што яшчэ ў самай першай пачатковай стадыі разьвіцьця гэтай немачы. Яго, мамачка, пакуль няпозна, вельмі-б лёгка было ратаваць. Шкада такіх людзей, праўда мамачка? — зьвярнулася курсістка да сваей мамы, ласкава пазіраючы ёй у вочы.
— А чым-бы гэта ты магла-б яго ратаваць? — са зьдзіўлённа-падазруючым выразам твару спыталася ў яе ейная матка.
— Чым? — а вось чым: першая гэта патрэбна якнайласкавей з ім абыйсьціся, бо такі хворы моцна патрабуець ласкавага з ім абходу; другое, гэта трэба яго пераканаць у фальшывасьці таго, ў што ён так моцна ўверыўшы, і прынімаець яго, як за нешта запраўднае, рэчавістае; а трэцьцяе, гэта тое, што трэба каб адарваць ягоную корць да бязупынных начэплівых думак, — трэба забаўляць ягоную ўвагу рознымі вясёла-цікаўнымі і прыемнымі, для ягонага кволага сэрца, разрыўкамі часу. І ад усяго гэтага ён можа зрабіцца самым найнармальнейшым і працаздольным, карысным для грамадзянства, сымпатычным маладым чалавекам.
Гэтак талкавала дабрахвочая курсістка.
— Хух-ця-мне, колькі лекаў! — узгукнула жартаўлівым тонам голасу курсістчына цётка.
— Ці не да сябе ты хочаш яго забраць на гэткія лекі, дзеля практыкі? — зажартавала каля дачкі курсістчына мама, — бяры, я дапамагу табе, — дадала яна ёй.
— Што гэта маме здалося? Я сказала толькі тое, як трэба гэткіх лячыць у псыхіятрычнай лякарні. А, пакуль што, перш-найперш яго трэба было-б даставіць да доктара, — запрапанавала курсістка.
— Ня нашая тут справа, мая ты дачушка, ёсьць на гэта паліцыя і карэта мэдыцынскай дапамогі, калі дзе трэба, гэта іхная справа, яны сабе і ведайся, — сказала курсістчына матка і, ўзяўшы другую даму за руку, яна ўжо скранулася са свайго месца, як пайсьці далей сваею дарогай, але ачунелы і ўзьдзівачэлы на гэтую хвіліну малады Гапук, узноў пацягнуў да сябе іхную цікавасьць.
Чуючы, са слоў гутаркі гэтых дам, агульнае аб ім іхнае зданьне, Гапук схамянуўся кінуцца на самаапраўданьне. Ён крута абярнуўся да сьвету электрычнага ліхтара, выхапіў са свайго кішаня свой невялічкі паходны альбомчык, з такім рахункам каб гэта бачылі зацікаўленыя ягонаю асобай дамы і, грамзануўшы ў ім нешта валаўком, Гапук зварухнуўся са свайго месца, падыйшоў да „сваіх“ дам і, аддаўшы ім, з прыгожым жэстам зьняцьця шапкі, прывет, зьвярнуўся да іх са сьмелым і вясёлым выразам твару, ў мягкім, але важным мэлёдычным тоне голасу:
— Моцна перапрашаю, паважаныя дамы, за маю неасьцярожнасьць у тым, што я сваім поэтычным настроем душы, завёў паважаных незнаёмак у памылковы стан запраўднасьці і гэтым моцна патрывожыў вашыя шляхетныя пачуцьці, пачуцьці дабрадзейскай ка мне спагады, той спагады, якой я зусім не заслужаваю…
Дамы і курсістка, саромліва адна на адну азірнуліся і, з цярплівым зацікаўленьнем, пачалі агаджаваць час, чагосьці чакаючы ад стануўшага перад імі, стройнага росту, з прыгожымі рысамі і прыемным выразам адабы твару, маладога дарослага незнаёмца.
— Вельмі шчыра дзякую вам, паважаныя пані, за пачутую мной, з вашых слоў, спагаду і дабраахвочыя пажаданьні аказаць мне нейкую моральную дапамогу… Моцна шкадую, што я не магу скарыстаць гэтым вашым філёнтропічным дабрадзействам, напрыклад, як вашыя дабрадзейскія клопаты аба мне… Клопат ваш, каб мяне ўмясьцерыць туды, дзе рэмантуюць падупалыя здольнасьці здаровага рассудку. Я-жа ж, як досыць здаровы і ўва ўсім нармальны чалавек, зусім ня маю ніякай патрэбы ў гэтым рэмонце, бо я зусім ня ёсьць такім, якім, некалькі хвілін таму, меў гонар вашай міласьці здавацца.
— Прабачайце, выбачайце!.. — заўважыла яму адна дама, перабітая ў сваім далейшым высказе, бойкай курсісткай.
— Моцна перапрашаю вас, паважаны пане, за нашую зьлішнюю цікаўнасьць, — зьвярнулася да Гапука маладая, стройная і шустрая курсістка.
Просім ня мець на нас тут ніякага гневу, бо мы тут, колькі нас тут ёсьць, зусім нічога благога аб вас ня думалі, а толькі моцна зацікавіліся вось гэтым: з кім гэта вы, з такім нязвычайным настроем, гутарку вядзіцё… Будзьце ласкавы не абражацца…
— Калі ласка, я зусім не абражаюся… Гутарку сваю я вёў з духам, з духам майго пясьнярскага настрою расчуленай душы. Я поэт, пішу вершы і, ствараючы іх, раней чымсь запісаваць надуманае, у альбом, я маю звычай выгукаваць іх жывымі, чутнымі — з вясёлай шустрасьцьцю для вуха, словамі „выспаведаўся“ Гапук.
— А гэта праўда, — падцьвярдзіла, прылучыўшыся да гутаркі, курсістчына мама. Поэт, а композытар, гэта нешта супольнае… Я помню, як, я калісь была маладая, гімназістка, праз сцяну маей кватэры, кватараваў адзін стары кавалер, тэорык народнай музыкі, композытар Агрын, бывала калі ён пішаць свае ноты, то ўжо чуваць. Дудзіць і дудзіць, дудзіць і дудзіць праз усю ноч. Бывала прачхнешся, ўжо аж пад самае раньне, залачаць пачынаець, а ён усё сваё, дудзіць і дудзіць, дудзіць і дудзіць.
— Я таксама трошку композытар, свой уласны „стыль музыкі“ ствараю і пішу музыкальныя п’есы пад назовамі: „Эвачкіныя струны“ і „Шуміць вада на ялавы“, — усхваліўся Гапук перад успадобнай ім незнаёмкай.
— Як я чую, дык вы талентны чалавек і поэт і композытар, заўважыла курсістка.
— Яшчэ к таму і художнік, дабавіў ёй Гапук.
— Ах і вось яшчэ як! — узьдзівавалася курсістка. — У такім разе, вы проста унівэрсальнай здольнасьці чалавек. Гэта-ж вельмі прыемна напаткаць з такім багацьцем здольнасьцяў чалавека. У такім разе, пазвольце-ж і мне прыхвальнуцца, я таксама нязгоршых: апрыч таго, што я будучая мэдычка псыхіятрыстка, дык яшчэ і артыстка, я піаністка, гітарыстка, танцорка і пяюльля. Будзьце са мной знаёмы. Волька Празароцкая! — адрэкамандавалася курсістка Гапуку, падаючы яму руку.
— „Цяпер, трасца яе бяры тую Адэлю, будзець у мяне Волечка“, — падумаў Гапук, з прыемна ласкаючым пачуцьцём ува ўсім сваім целе, паціскаючы ейную хударлявую руку, з падтроскай, называючы сябе па фаміліі „Лужэцкім“.
Прывіталіся, разьвіталіся, раскланяліся і разыйшліся…
На гэтым і кончылася.
XIV.
Гапук вяртаўся дамоў з „балю мастакоў“.... Драмотліва зьняшустрэлы і задумлёны ў бязладлівым роеньні сваім, Гапук зьбіўся са свайго намэтчынага дамоў шляху і зблудзіў якраз на тую вуліцу, каторая вяла да той кутавіны гораду, дзе жыхаравала, пакрыўдзіўшая ягонае „я сам“, — панна Адэля.
Вуліца тая, на каторую ўспаў Гапук, канцом сваім упіралася ў багаты старымі дрэвамі Гай-сад, на асяродку каторага стаяў невялікі аднастольны ўтульнага сялібарскага выгляду мураваны харомчык. У харомчыку гэтым і жыхаравала, таміўшая Гапуковае сэрца, маладая і жывадзельная панна Адэля.
Дайшоўшы да зялезнага тыну і мураванай прогі Адэлінага гай-саду, Гапуку клікуча кінулася ўвочы, скрозь тын і подгальле дрэў, знаёмае яму сьвятло з вакна Адэлінай бакоўкі. І яму моцна закарціла паспробаваць, няраз праходжаваныя ім, прагавыя дзьверы, сутачкі, як, ці замкнуты яны. Гапук паціснуў дзьвярных клямак, клямкі ляснулі і сутачкі, быццам самі праз сябе, расчыніліся перад ім. А Гапуковыя млявыя ногі, як быццам не пакараючыся ягонаму жаданьню затрымацца, пераступілі парог гэтых сутачак і, ціхай мляваю хадой панясьлі Гапука па, добра знаёмай яму, абсаджанай ліпамі сьцежачцы, вядучай у бок Адэлінай хаты, дзе мігціўся сьвет з напоўзапятага фіранкамі вакна.
— Чаго ты йдзеш сюды? Што табе тут трэба? — пытаўся Гапук сам сябе ў сваім духу.
А ногі ягоныя самі, ня слухаючыся ягонага рассудку, ішлі і нясьлі яго паміж дрэўю, усё бліжэй і бліжэй да сьвятла, што сьвяціла ў вакне Адэлінай спальні.
Чуй Гапук, як дзесьці скрыпнулі дзьверы, і недзе дзесь каля вэранды тры разы зюкнуў Адэлін пакаёвы сабачонак, выбегшы на сьцежку, кінуўся да Гапука на спатканьне. Сабачонак пачаў лашчыцца, радасна пішчэць і скакаць яму на полы, грабаючы іх кіпцюркамі сваіх крываваценькіх маленькіх лапак.
Гапуку не спадабалася гэтая сьмелая „фамільярнасьць“ сабачкі.
— І ты такі самы, як і твая гаспадыня, што да кожнага сьвежага скора прывыкаюць… Асуч, воўчае мяса, каб цябе воўк зьеў! — шурхнуў Гапук на сабачку і сярдзіта штурхануў яго ад сябе нагой, наносьнікам бота.
Сабачонак жаласна заякатаў і, як мячык, пакаціўся ўцякаць ад Гапука на вэранду, а там з піскам і ёкатам пачаў драпацца ў дзьверы Адэлінай кватэры.
Спагадлівая гаспадыня, пачуўшы „плач“ свайго любімца, адпёрла яму дзьверы і, ўпускаючы яго к сабе, заспачувальнічала:
— Бедны мой, Шашочак, бедненькі, які-ж там вар’ят цябе напужаў гэтак? Хадзі-ж хадзі мой, Шашочак, хадзі…
Прыслухаўшыся да тону, прывячаўшага сабачонку, жаночага голасу, Гапук распазнаў у ім знаёмы яму голас панны Адэлі і моцна зьдзівіўся:
— Даўно яна там, з тым „Гаршкалёнкам“, села на звозчыка, а ўжо чуваць дома. Так хутка справілася — падумаў Гапук і саромліва падаўся ў бок са сьцежкі ў цьмярань подгальля дрэў гай-саду, каб унікнуць промя вакянічнага сьвету з Адэлінай спальні.
Гапук прысланіўся плячом да подгалі таўстога карандавастага дрэва і пачаў перадумаваць:
— „Якая чортава нячыстая сіла мяне сюды прыгнала, завяла мяне ў гэтае месца, дзе мне няма ніякусенькай патрэбы. Хіба-ж я п’яны? — Не, я неп’яны, ад дзьвюх выпітых чарак п’ян ня будзеш… Хіба ж я вар’яцець пачынаю? Мо’ ўсё тое, што я бачыў на балі і пасьля балю — гэта ўсё зданкі, галюцынацыі, галюцынацыі зроку, слуху і памяці. Можа і „вялікая шышка“ тая, што мяне так мучыла, — ня „шышка“, а толькі сон нейкі. Можа і Альфук з Адэляй, што селі на звозчыка ды паехалі кудысьці „на піва“, гэта было ні што іншае, як зданкі. І тыя сталага выгляду інтэлігентныя кабеты з курсісткаю паннай воляй, таксама былі зданкі?..
Тут-жа ж пры гэтым пытаньні, Гапук палез рукою ў запазушны кішэнь свайго пальта, дастаў з кішаня, адтрыманую ім у хвілю ягонага разьвітаньня з дамамі, ад курсісткі, візытную карталюшку і, запаліўшы серчанку, пачаў разглядаць. На карталюшцы выразным друкам рысавалася двухслоўе: Воля Празароцкая.
„Ну, не, — падумаў Гапук, — як там што, а Волечка гэта ня зданкі, а вось Адэля з Альфуком дык гэта чыстыя зданкі. Бо як-жа яна магла-б так хутка справіцца…
Была ўжо позная пара, па поўначы, на ўсходзе неба залачаць пачынала, горад спаў і навокал у спрэс гаспадарыла глуханемая ціш і сьлепазорая цьмярань.
Неўзабаве, пагасла і тое сьвятло, што блішчэла з вакна Адэлінай спальні. На адной з дарожак гай-саду зьявіўся нехта з ліхтарком трымаючы ў руках і, абсьвечаваючы ім сабе дарожку, пхнуўся к таму дрэву, пад каторым стаяў маркотлівы Гапук, пры сьвятле запаленай серчанкі, чытаючы на карталюшцы „Волю Празароцкую“… Нехта з ліхтарком — гэта быў стораж Адэлінага панадвор’я.
Дайшоўшы да бяспрычынна марудзіўшага пад дрэвам Гапука, стораж затрымаўся і аклікнуў:
— Хто тут?! — ды паднёсшы бліжэй свой ліхтарок, абсьвяціў ім Гапуковы твар і, пазнаўшы ў ім сабе знаёмага, шмат хаджалага па ягонаму панадвор’ю, студэнта, дадаў, паненка наша ня любіць, калі хто без пары…
— Вось добра, што я вас тут наўрэў — загаварыў Гапук да стоража.
— Добра то добра, але-ж ужо ня тая пара, каб хадзіць ноч, усе сьпяць, мой паночку, заўважыў стораж Гапуку, — ноч, паночку, ноч… хоць і перапрашаю, але мушу сказаць… Ці туды, ці сюды, але заставацца тут зусім няма дзеля чаго… Перапрашаю, але мушу прогу замыкаць і вы ня вылезеце адгэтуль… Досыць і так мне папала ад паненкі за тое, што я „гультай“ і брамы не замкнуў. Ты, кажа, абібока, ідзі браму замкні, каб хуліганы ў наш сад бадзяцца не заходзіліся, што лаюцца ды сабак б’юць… Дык вось яно што, мой паночку, хоць перапрашаю, але мушу, — прыстаў стораж да Гапука, каб як пазбыць яго са свайго гай-саду.
Гапук, бачачы сторажаву настойчывасьць і, не жадаючы, папросту кажучы, быць выгнаным, кінуўся на „далікацыю“. Гапук дастаў у сябе з кішаня папіросьнік, выбраў з яго пару папіросін, адну закурыў сам, а другою ўгасьціў стоража. Стораж прыкурыў ад ліхтарнай сьвечкі папіросу і, пахваліўшы ейны смак, зьмяніў свае адносіны да Гапука, пачаў лепшаць.
— Мо’ паночку, маеце штось каму праз мяне перадаць? — зьвярнуўся стораж да Гапука ільсьліва-ласкавым тонам.
— Не, перадаць, то нічога ня маю, але вось запытаюся. Скажэце мне, дарагі чалавеча, вось што: ці панна Адэля ёсьць дома ці не, калі дома, то як даўна?
— Як ці даўна? Ды яна заўсёды дома.
— А не, ня тое. Ці даўна яна вярнулася з „балю“ і з кім яна вярнулася?
— Як з кім, з якога балю? — ўзьдзівіўся старык, яна у нас, паночку, зусім не балаўная і ні з кім ніякімі балямі не занімаецца. Яна ў нас тут нідзе ні з кім нічога ніякага… Дай Божа на ўвесь сьвет такіх паненак, як нашая…
Гапук уважна выслухаў сторажаву пахвалу Адэлінай асобы, узяў у рукі папіросьнік, вытрас з яго сторажу ў прыгаршчы ўсе, колькі меў, апошнія свае папіросы і рушыўся на выходзіны з гай-саду, не прытрымоўваючыся сьцежкі.
— Сюдой, сюдой, мой паночку, сюдой… Асьцярожненька, каб не спатыкнуцца… Вось тут ня зусім роўненька, тут калісь была канава, каб яе качкі. Асьцярожненька, ўважненька, каб не спатыкнуцца ды не зьверадзіць ножак, паночку… Вось тут, гэтай сьцежачкай, вось тут… А вось і прога з дзьвярмі, для вас, паночку, — ласкава папераджаў стораж Гапука, выводзячы яго вон з Адэлінага гай-саду, асьвечаваючы яму ліхтарчыкам сьцежку...........
XV.
— О, гэта ты тут, Гапук. Здароў! Дзе-ж гэта ты, дружышча, так доўга бавіўся? — зьвярнуўся Альфук да Гапука, лежачы ў пасьцелі.
— „Па тваіх сьлядох бегаў нюшкаючы, як вар’ят, каб вас чорт пабраў разам з тою крутахвосткаю“, адказаў яму моўчкамі ў думках „спадарожаны“ Гапук, вярнуўшыся дамоў з балю мастакоў, запальваючы на стале сваім лямпу.
Запаліўшы лямпу, Гапук маўчком прыняўся разьдзявацца. Ён зьняў з сябе пальто ды скомканым адкінуўшы яго ад сябе на свой ложак, прыняўся за свае манішкі.
Дык, значыць, ты ўжо і гаварыць са мной ня хочаш, — заўважыў яму Альфук.
«Няхай з табой звозчыкі ды кэльнэры гавораць, што паслугуюць табе за Адэліныя грошы» адказаў яму Гапук у сваіх думках, капрызна пажмурыўшы вачмі і пачмыхаўшы носам, зьнімаючы са сваей шыі і сярдзіта кідаючы на стол высокі каляны манішны каўнярок, каторы балюча шмуляў яму ягонае падгарльле.
— Можа вячэраць хочаш, вячэрай, ёсьць што вячэраць, — дамагаўся Альфук распачаць гутарку.
А Гапук, як быццам ня чуючы, зрываў з цэвак сваіх рук з бразгучымі шпонкамі лубяныя нарукаўнікі, ды толькі сярдзіта пачмыхаваў носам.
— Глянь, там у душніку стаіць повен гляк кавы гарачай для цябе, а ў шафарэньцы пірог з разынкамі і яшчэ нешта, калі хочаш, прычапіўся Альфук да Гапука са сваею дабраахвочасьцю.
— Нехачу я ні тваей кавы ні пірага, пі і еш сам, калі хочаш, — сярдзіта адгукнуўся яму Гапук, патупляючы ўніз свае вочы.
— Што-ж ты нешта так раскапрызіўся. Хіба-ж я табе злосьнік нейкі ці што?.. Дзіўны ты чалавек.
Альфук скінуў з сябе коўдру, ўстаў, зьлез з ложка, пайшоў у запечны кут, дзе стаяла, з рознымі сталовымі прыборамі і харчамі, невялічкая шафарэнька. Там ён выняў з шафарэнькі паліўную тацку з пірагом і бутэльку цьмянага вінаграднага віна, ўзяў, усё гэта прынёс і паставіў перад Гапуковым носам на стол.
Гапук пакасурыўся на бутэльку з віном і са зьдзіўлённасьцьцю ў выразе сваей міны загаварыў да Альфука зусім звычайным прыяцельскім тонам:
— А гэта-ж што я бачу! Адкуль яно ў цябе бралася?
— Х, вось бачыш… Давай спачатку вось хлюбнём, а пасьля будзем даведавацца, — адказаў яму Альфук, наліваючы і прыпіваючы да яго паўнюсенькую шклянку віна. — Ну, бывай здароў!
— Гэта для мяне зусім нешта незразумелае…
— Нічагусенькі, будзець зразумела, бо й яшчэ адна такая самая стаіць у шафарні. Выпівай, браток, выпівай! — сказаў Альфук Гапуку, наліваючы яму паўнюсенькую шклянку пахнючага чырвонага віна.
Гапук узяў у руку шклянку з віном і з падазруючай цікаўнасьцю прыгледзеўся у глыбока-засеўшыя ў падлобі Альфуковы вочы, але не знайшоўшы ў іх ніякага ценю хітрасьці, а, наадворот, толькі прыязную дабрадушнасьць, Гапук паднёс сабе да губы віно і прамовіў:
— У такім разе, я гасьцём тваім… п’ём нейкія пагодзіны і ўзновіны нашай старой прыязьні. Раз ужо гэтак, то няхай сабе будзець так, як ты хочаш. Бывай здароў!
— Бывай, бывай і валі яшчэ адну. Першая была за ўзновіны нашай дружбы, а другая няхай будзець у чэсьць геройскай мінуўшчыны і за слаўную будучыну тваей „Вялікай Шышкі“… Валі яшчэ адну!
— Не хачу, браток, цябе, у тваёй бондзе, на кошт наводзіць. Віно гэта дарагая рэч. Дзякуй!
— Нечага дзякаваць за сваё ўласнае, а, наадварот, мне трэба дзякаваць табе, бо гэтае віно не маё, а тваё.
— Як гэта яно маё, з якой прычыны? — ўзьдзівіўся Гапук, а сам сабе падумаў: „Калі не за грошы тэй крутахвосткі, то пэўна за нашыя супольныя з ім“…
— Пагадзі-ж ты, прахвост, я цябе паўчу як трэба абходзіцца з грашмі пабрацімскага запасу, я табе пакажу, як іх марнатравіць на гэтыя ласушкі пачастушкі… Аж пайду гляну ў „пабрацімку“…
Гапук выбраў у стале з шуфлядкі, перапоўненую серабром з грывень ды сараковак, круглякавастай формы выгляду, Зануковай работы берасьцяную пушку, адчыніў ейнае днішка, глянуў на зьмешчаны ў ёй супольны з Альфуком свой пабрацімскі скарб, як на нейкае лякарства ад „наглай ды неспадзяванай кішанёвай хваробы“, хваробы-голаду і, праканаўшыся, што грошы цэлы, нікім нячэплены, Гапук зачыніў берасьцянку і, паклаўшы яе на старое ейнае месца, зьвярнуўся да Альфука з пачуцьцём вінаватасьці:
— Перапрашаю, браток, што я на нашую, з табой касу кантроль наводжу… ну, што-ж, давай ужо вып’ем і па другой, трасца яе бяры, толькі вось што, ты ўсё-ж ткі павінен мне выясьніць сэнс гэтай нашай з табой выпіўкі, — згодзіўся Гапук на выпіўку. Ну, бывай здароў!
— Бывай, бывай… Ну, як патвойму, віно „гут“?
— Нават „ганц-гут“.
— І павінна быць „ганцгутам“, бо выбірана не абы кім, а тваею з высокім густам каханкаю, да каторай ты раўні не падбярэш…
— Якой каханкай, што ты пляцеш?
— Такой, каторая з другімі любіцца, а цябе за нос стараецца вадзіць і водзіць. А ты яшчэ мне пляўдурыш, што я ёй не раўня… Дачка не абы якога купчыка, а я…
— Пустое ты мелеш. „Усё гэта, пне, глупства!“ — казаў той мой бацька, — прагугнавіў Гапук, патупляючы вочы. — Ты думаеш, што калі яна з табой на сягодняшнім маскарадзе крыху пажартавала, як на нейкае кепства дзеля забавы, дык ужо яна цябе і любіць?.. Або табе здаецца, што мне моцна балюча абыйшло тое, што вы з ёю, абое, як вар’яты, ўцяклі ад мяне кудысь на звозчыку? Зусім не, а яшчэ наадварот, я стаяў, сабе, пацяшаўся ды толькі сьмяяўся з вашага дуру.
— І маладзец за гэта! — пахваліў яго Альфук. — Маладзец, што ня прыймаеш сабе блізка да сэрца гэтых пусьцяковін… Ну, а вось гэтую штучку, ад ейнага высочаства, ты прымеш ці няпрымеш? На, прачытай, але так чытай, каб і я чуў, што яна табе тут награмзоліла, — усьмяхаўся Альфук, дастаючы з кішанька, вісеўшай на рабры крэсла сваей камізэлькі, рудаваценькі купэрцік, на каторым выразна рысавалася пропісь адрэсу:
„Яго вялічаству, Агафону Агафонавічу“.
Гапук глянуў на адрэс, усьмяхнуўся і, сьціпна аддзёршы брыжок купэрціка, выняў з яго невялічкую, з абгарэлымі накальчыкамі, белую пісульку, пачаў яе голасна чытаць:
„Найкаханейшы велікастойны, Агафон Агафонавіч!
Я вас моцна, моцна кахаю… Каб даказаць вам, як я Вас моцна кахаю, пасылаю Вам гасьцінца дзьве бутэлькі смачнага прыемнага віна, недапітага мной з донам Альфонсам у рэстаране „Вір“… Дапівайце на добрае здароўе!
па Вас, маладзіца А — ля.
Прачытаўшы з гэтакім зьместам Адэліну пісульку, Гапук ухмыльнуўся, устаў з зэдліка і з крыўдуючым тонам голасу зазначыў:
— Ды гэта-ж кепства, чыстае кепства нада мной. Мала таго, што ўжо было на тым праклятым маскарадзе, дык яшчэ на астатку на табе! і пісьмом… не, браток, я ўжо гэтага не сьцярплю. Гэта, брат, усё з тваей, Альфук, пад’жогі! — зьвярнуўся Гапук да Альфука. — Скажы мне, браток, што я табе калі благога зрабіў?.. Ці я табе што калі скруціў, ці я з табой апошнім сваім дабром калі не падзяліўся?.. За што ты мне псуеш, ідзеш на перашкоды?.. За што?
— За „нікчэмнасьць“, у параўнаньні з тваім залатым кумірам „гаршкалёвага сына“, каб ты ведаў, — адказаў яму Альфук дабрадушна-ласкавым тонам.
— А ты мне, часамі, не падкалаваў тым, што я „мужычы сын“?.. Што мой бацюшка, каторага я так паважаю „мужык з мужыкоў“.
— Ведаю я, як ты яго паважаеш. Ты яго нятолькі „мужыком“, але й яшчэ „чохлым“, „простым“ ды „цёмным-профанам“ віншуеш.
— Не, на гэтым ужо прабачай… Гэта хіба ты там свайго Занона так віншуеш, а я то свайго Агафона Афанасьевіча люблю і, хоць часамі і ня так, як сьледна, але ўсё-ж ткі, шчыра паважаю, бо ёсьць за што паважаць. Гэта чалавек, каторы ўмеець шырокімі справамі кіраваць і абы каму не папусьціцца… Ты яшчэ ня ведаеш, хто такі Агафон Афанасьевіч. Гэта…
— Ведаю, ведаю, перабіў яму Альфук, — ведаю хто ён… Ён такі Агафон Афанасьевіч як ты Агафон Агафонавіч…
— Чаму ж гэта так?.. Адкуль гэта ты ўзяў, пазволь мне даведацца? Ці не ад старой Гаўрыліхі, з вёскі Брахунова, што плёткамі жывіцца?..
— Ад тваей роднай „матушкі“, аднойчы „пад сакрэтам“, калі ўжо так пільна хочаш ведаць, — адказаў яму Альфук і, скелячы зубы, дабавіў: яна мне казала, што мы з табой зусім блізюткая радня, бо твой бацька гэта мой бацька, а мой бацька гэта твой бацька.
— Пляцень ты мне гародзіш. Давай вось лепш спаць пойдзем, бо ўжо днець пачынаець, сказаў пачырвянелы ў твары Гапук, сеўшы на свой ложак разувацца ды ўкладацца спаць.
— Мо’ на сон „градзячы“ вып’ем па конавачцы заморскага зельля, каб нашыя дома па нас ня тужылі ды ня думалі, што нам тут блага жывецца, запрапанаваў Альфук.
— Не ўжо, на што згаджуся, а гэтага „зрадніцкага кепства“ піць ня стану, адказаў яму Гапук, укрываючыся коўдрай.
— Неўзабаве, прыбраўшы са стала ўсё, што на ім было лішнім, Альфук загасіў лямпу і таксама пайшоў ды зарыўся ў сваю пасьцель. А, згадзя некалькі хвілін часу, праканаўшыся, што ўжо Гапук заснуў і пачаў пасапаваць, Альфук узьняўся са сваей пасьцелі, запаліў сярнічку, узяў са стала валавок і, ля самага Гапуковага ўзгалоўя на белай сьцяне, напісаў яму свае вершы:
„Не стварай сабе куміра |
А зьнізу дапісаў:
… „Ні з гарсэту, ні з манішкі |
1921—1922.
- ↑ Псэўда-назова.
Папраўкі друку аўтарам паводле рукапісаў
[правіць]
Уважаю, што добра-б было надрукаваць асаблівасьці жывое Полацкае мовы ў параўнаньнях, зробленых аўтарам „Вялікае шышкі“, Язэпам Нарцызавым. Гэта падвысіць вартасьць кнігі з пункту гледжаньня даследчыкаў беларускае мовы і паклоньнікаў яе хараства. |
ПАПРАЎКІ ДРУКУ АЎТАРАМ ПАВОДЛЕ РУКАПІСАЎ
ПІСАНЫХ У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ ПОЛАТЧЫНЫ.
Як надрукована паводле граматыкі і, (—) як трэба чытаць, каб чулася жывая Полацкая вымова:
Загаловак: „Вар’ят без вар’яцтва“ — „Вар’ят без вар’ятства“.
Ст. 5. апроч — апрыч; пакураваў — пакурываў; дзягцярствам — дзегцярствам; выточываў — вытачываў.
Ст. 6. вялася — велася; дзядамі — дзедамі; дажджу — дожджу; вучацца — вучуцца; заязджаўся — заезджаўся.
Ст. 7. каецца — каіцца; кажа — кажэць; няхай — ніхай; сьвістулечкі — сьвістулічкі; гледзячы — гледзючы; нацешыцца — нацешыцца.
Ст. 8. няблага — ніблага; жмурачы — жмуручы; ўцякай — уцекай; няхай — ніхай.
Ст. 9. Бацькоўскага — бацькаўскага; вяртаючыся — вертаючыся.
Ст. 10. трываласьцю — трываласьцьцю; гледзячы — гледзючы, нядбаласьць — нідбаласьць.
Ст. 12. найсьмешлівыя — насьмешлівыя.
Ст. 15. ня зусім — ні зусім; ну няхай — ну ніхай.
Ст. 17. колекцыю — калекцію; на узьбярэжжы — на узьберажжы.
Ст. 18. надзяваючыся — надзеваючыся; абяцаныя — абецаныя; не зьмяняючы — не зьменяючы; то ня я — то ні я; выходзячы — выходзючы; памяшканьня — памешканьня.
Ст. 19. няпрыемным — ніпрыемным; абяцаныя — абецаныя.
Ст. 20. зьнявагу — зьнівагу; ня кажучы — ні кажучы; ня зусім — ні зусім; абшырнае тэрыторыі — абшырнай тэррыторыі.
Ст. 21. не марудзячы — ні марудзючы.
Ст. 22. ляжалі — лежалі; маладзіцы-сялянкі — маладзіцы-селянкі; памяшканьні — памешканьні.
Ст. 23. вяртаючыся — вертаючыся; свае гутаркі — сваей гутаркі; прызастанавіўся — прызастановіўся.
Ст. 24. няраз — ні раз; дзягцяр — дзегцяр; няхай — ніхай; хаборнік — хабарнік.
Ст. 25. няхай — ніхай; сыплецца — сыпецца.
Ст. 26. зьмяшчалася — зьмешчалася; прымяраючы — прымераючы.
Ст. 27. адзяваючы — адзеваючы; ня бачыў — ні бачыў; ня варты — ніварты; рацыю — рацію; загадзя — загадзьдзя.
Ст. 30 і 31. за імі шоўшы — за імі ішоўшы; …каторая вязла — каторая везла; ад свае кампаніі — ад сваей кампаніі; …ня зусім бясьпечны — ні зусім бязпечны; …„вялікаю шышкаю“ — „вялікаю шышкай“; бяда — беда (біда).
Ст. 32. …як тулава — як тулаво; …даседжаныя гусяняты — даседжаныя гусіняты; …падымеце мяне — падыміце мяне: …весела усьмяхалася — весела усьміхалася (усьміхавацца).
Ст. 33. гледзячы — гледзючы; зачырванелася — зачырвенілася; зьнянацку — зьнінацку; на уха — на ўхо; ня варта — ні варта; няхай — ніхай.
Ст. 34. … маладзіцы сялянкі — маладзіцы селянкі; … а на бліжайшым пляне ўзвал — а на бліжэйшым пляне узвал…
Ст. 35. … неспадзяваныя рэчы — неспадзеваныя рэчы; … ня зусім выразна — ні зусім выразна; …то наводзяць — то наводзюць.
Ст. 36. …яе ня бачылі — яе не бачылі; …Хаткі на курачых ножках“ — „хаткі на курынных ножках“; …з ёю на вуха — з ею на ўхо; …усьпёршыся — узьпёршыся; … перагрымованым у адабу старой бабы і Гапук — перагрымованы у адабу старой бабы Гапук.
Ст. 37. няхай сабе — ніхай сабе; … аськяляючы свае бел. зубкі — аськеліваючы свае бел. зубкі; …расплятаць — расплетаць.
Ст. 38. …на уха — на ўхо; …я не зьвяртаю увагі — я ні зьвертаю увагі; … зьвярыны пагляд — зьвярынны паглед; …тлумачачы — тлумачучы; …няцікавая асоба — нецікавая асоба; …на курачых ножках — на курынных ножках.
Ст. 39. …шопаткам на уха — шопаткам на ўхо; …ня раз б’еш паклоны — ні раз бьеш паклоны; … павявала духам — павеівала духам.
Ст. 40. …зьмяшчалася — зьмешчалася; …выдзялялася — выдзелялася; …бачачы што ёй „няма куды дзявацца“ — бачучы што ей „німа куды дзевацца“.
Ст. 41. Бачачы — бачучы; … і пачаў выходзіць з цярплівасьці — і пачаў выхадзіць з цярплівасьці; …зьнянацку — зьнінацку.
Ст. 42. …Няма за што — німа за што; „чые-б цяляткі мічалі, а твае няхай бы лепш маўчалі“ — чые-б целяткі мічалі, а твае ніхай-бы лепш маўчалі“; …няхай — ніхай.
Ст. 43. …Стоячы на сходні — стоючы на сходні.
Ст. 44. …лічачы — лічучы; …уносячы з сабою — уносючы з сабой.
Ст. 45. …бесталковы — безталковы; …Пачалі зьвяртаць увагу — пачалі зьвертаць увагу; …не зьвяртаючы — ні зьвертаючы.
Ст. 46. … галюцынацыі — галюцінаціі; …ў бясплодную ніву — бязплодную ніву.
Ст. 47. Ня нашая тут справа — ні нашая тут справа; …паліцыя — паліція; …не заслужаваю — ні служываю.
Ст. 48. …Ня маю — ні маю; …майго пясьнярскага настрою — майго песьнярскага настраю; …нязвычайным — нізвычайным.
Ст. 49. раскланяліся — раскланіліся; Гапук вяртаўся — Гапук вертаўся; вяла да тэй кутавіны — вела да тэй кутавіны; ўтульнага — утульнага.
Ст. 50. няраз праходжаваныя — ніраз праходжаваныя; да сьвятла — да сьветла. (— І ты такі самы, як і твая гаспадыня, што да кожнага сьвежага скора прывыкаюць…) прывыкаюць — прывыкаець; пакаціўся ўцякаць — пакаціўся уцекаць.
Ст. 51. Няма — німа; галюцынацыі — галюцінаціі; ня зданкі — ні зданкі.
Ст. 52. Бачачы — бачучы; на „далікацыю“ — на „далікацію“.
Ст. 53. ўзяў — узяў; прыгаршчы — прыгоршчы; ня зусім — ні зусім; выводзячы — выводзючы; лежачы ў пасьцелі — лежучы у пасьцелі; запальваючы — запаліваючы; прыняўся раздзявацца — прыняўся раздзевацца; «Няхай з табой звозчыкі ды кэльнэры гавораць — «Ніхай з табой звозчыкі ды кельняры гаворуць.
Ст. 54. Балючы шмуляў — балюча шмуляў; зьлез з ложка — зьлез з ложку; прыгледзеўся — прыгледзіўся.
Ст. 55. — Не хачу (…) на кошт наводзіць — ніхачу (…) на кошт навадзіць; Як трэба абходзіцца — як трэба абхадзіцца; лякарства — лекарства; неспадзяванай — неспадзеванай; ўцяклі — уцяклі; пацяшаўся ды толькі сьмяяўся, — пацешаўся ды толькі сьміяўся; усьмяхаўся — усьміхаваўся.
Ст. 58. ня тужылі — ні тужылі; піць ня стану — піць ні стану.
Віленскае Беларускае Выдавецтва Б. КЛЕЦКІНА ВЫЙШЛІ З ДРУКУ І ПРАДАЮЦЦА: 1. Максім Гарэцкі. Гісторыя Беларускае Літэратуры. Выд. 2-ое, папраўленае. 208 стр., in 8°. Вільня, 1921. 2. Аркадзь Смоліч. Географія Беларусі. Выд. 2-ое, значна пераробленае і пашыранае Вып. I. Прырода Беларусі (Фізычная Географія). Стр. 116+IV, in 8°. Вільня. 1922. 3. Мэтрычная сыстэма ме́раў. Табліца 105х70 см у 3 хварбах. Вільня. 1922. 4. Максім Гарэцкі. Хрыстаматыя беларускае літэратуры. ХІ век—1905 год. 264 стр., іn 8°. Вільня, 1923. 5. Л. Гарэцкая. „Родны край“, другая пасьля лемантара кніга да чытаньня. Выданьне пераробленае і дапоўненае. Стр. 158, in 8°. Вільня, 1923. 6. Ядвігін Ш. Бярозка. Стр. 48. Вільня. 1923. 7. Тарас Гушча. У палескай глушы, повесьць. Стр. 185. Вільня, 1923. 8. Янка Купала. Шляхам жыцьця, вершы. Стр. 270. Вільня. 1923. 9. А. Купрын. „Алеся“, пералажыў Краўцоў Макар. Стр. 83. Вільня. 1923. 10. Сымон Рак-Міхайлоўскі. Арытмэтычны задачнік для пачаткавых школ, II частка. Стр. 64. Вільня, 1923. 11. Язэп Нарцызаў. „Вялікая шышка“, 1-я часьць повесьці „Вар’ят без вар’яцтва“. Стр. 64. Вільня 1923. ДРУКУЮЦЦА: 12. Макманус. Ірляндскія казкі, пералаж. Бедунова. 13. Враты Грімм. Казкі, пералажыла з нямецкае мовы Мэнке. Галоўны склад выданьняў: Wilno, ulica Mało-Stefańska, Nr 23. J. Narcyzów. „Wielka Szyszka“. Drukarnia . Wydawnictwo Wilenskie. B. Kleckina M.-Stefanska 23. |
Гл. таксама
[правіць]- Суліма. З „Гаспадарства кветак васілька і пралескі“ на заваяваньне места // Змаганьне. — 28 кастрычніка—1 лістапада 1923. — №1—2

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.