Ні шчыры мароз, ні сівыя бураны…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ні шчыры мароз, ні сівыя бураны…
верш
Аўтар: Мікола Сурначоў
1942
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=25644-1.pdf

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ні шчыры мароз, ні сівыя бураны
Не спыняць мяне. Я праз горыч і смерць
Прыйду да цябе ў ціхі ліпеньскі ранак
У вочы паблеклыя паглядзець.
Як колісь, у шыбы пастукаю зрэдку
І, покуль у хатцы агеньчык мігне,
Глядзець буду моўчкі, як мук тваіх сведку
— Каліну да долу чырвоную гне.
Тут, маці мая, я тваімі вачыма
На свет пазіраць навучыўся з сяла,
Тут потым, узяўшы за рукі, айчына
Мяне па шляхах у жыццё павяла.
З пары той са мною здружылась старонка,
Любіць навучыла ніў родных напеў,
Тут я палюбіў нашых пушчаў гамонку
І голасна ў іх на жалейцы запеў.
Хоць поле радзімы засохла, як камень,
Зганьбована ворагам, змокла ў крыві,
Прынікну ад крыўды сухімі губамі
Да глебы прыбітай, да сосен крывых.
І хоць яна сёння закута, забіта,
Бярозавы сок яе грудзі заліў, —
Я, зведаўшы горычы, устаўшы з нябыту,
Сваёю бы кроўю яе ажывіў.