Нібыта праведных дзяцей… (Шаўчэнка/Глебка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нібыта праведных дзяцей…
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нібыта праведных дзяцей,
Бог, любячы сваіх людзей,
Паслаў ім на зямлю прарока,
Каб любасць ім апавясціць,
Святому розуму вучыць.
Нібыта наш Дняпро шырокі,
Святыя словы пацяклі,
І ў сэрца падалі глыбока,
І там, нібы агнём, пяклі
Благія душы. Палюбілі
Прарока людзі, скрозь хадзілі
За ім і слёзы ўсё лілі.
А после?.. Людзі, род лукавы,
Гасподнюю святую славу
Растлілі… І чужым багам
Ахвяры блуднікі палілі,
Свайго святога… Гора вам!
На плошчы каменем пабілі
І захадзіліся гуляць,
Святою кроўю шынкаваць.
І праведна гасподзь вялікі,
На вас на лютых, на вас дзікіх,
Кайданы загадаў каваць,
З камення турмы мураваць,
Замест — о люты род, хлуслівы —
Прарока з сэрцам літасцівым,
Цара вам загадаў абраць.

Кос-Арал 1848 — С.-Пецярбург 1859 года