Нёман (Лёсік)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Нёман
Апавяданне
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: http://knihi.com/Jazep_Losik/Nioman.html


Ціха цячэ ў нас Нёман, ціха і сумна, як час па растанню. Не імчыцца ён з рызыкай ўперад, не шуміць, не гудзе і не пышыцца сілай, а паволі, ступою, моў, скуты журбою — льецца, як срэбра, па родным грунце. Чысты, як шкло, светлы, як дзень, сумны і пекны, як хараство ў задуме, ходзіць ён, смуклы юнак, ва ўсе бокі, цешыцца-песціцца на матчыных грудзяў, льецца-нясецца, сумуе-журбуе і не можа расстацца з роднай краінай...

Міл яму ціхі гаёк каля лесу, любы зялёныя доўгія ніўкі; мілы лясы, пясчаныя выдзьмы, горы, вазёры, груды, сенажаці, люб яму й жоўты пясочак на ўласным беразе. Ды, як скованы думкай вечнай разлукі, пахаджае ён смутна па роднаму краю — усё разглядае, з усім размаўляе, усё ціха жагнае, моў, цяжка ўздыхае. Падыдзе, засмучаны, к цёмнаму лесу — сцішыцца, змоўкне, замрэ й абамлее, а потым завернецца — падасца ўперад ды знікне ў лесе. Там пагуляе, у цяньку сапачыне, пагамоніць задумліва з ёлкамі, соснамі, пазіхне, устрапянецца ды выбежыць у поле — заззяе, як срэбра, заблішчыць-засмяецца на сонцы ды разальецца ўстужкай па квяцістым лузе...  

І куды б ні забег ён, дзе б ні разліўся — скрозь, як пачэсная варта вяльможнага пана, бяжыць за ім услед і мігціцца абапал зялёна-купчастая пушча. Лозы, алешнік, касацісты дзягіль, ажыннік, маліннік, аер з ачаротам — усё пазрасталась, зліпла, сплялося і стаіць над вадою разгатай сцяною. Сумны вярбняк, пастаўшы ў радок, моў, тыя пратэсы ў азнаку пашаны, параскідаў галлё ва ўсе бакі і нахіліўся на ваду, а тонкае вецце яго пазвісала ўніз, як матчыны косы над дзіцячай калыскай. Чырвона каліна ірдзіцца на сонцы, трапечацца лісце асіны ў паветры, з кустоў выглядае пурышка і глядзіцца ў ваду, як красна дзяўчына крыёма ў люстэрка, а па ўзгорках — магутна, яе вежы, уздымаюцца ў неба дубы... Птушкі спяваюць, конікі граюць і пчолкі гудуць, як арганы, у паветры...  

І толькі вось там, дзе трапіцца плёса, дзе жоўтае поле пяску разляглося — толькі там гэта пушча, як чуйная варта нябогі, нібы расступаецца, застаецца пазаду як бы дзеля таго, каб Нёман пабегаў адзін, пагуляў на самоце ды каб потым ізноў абступіць, агарнуць, увабраць яго бокі ў зялёныя шаты...  

Ужо ў самым пачатку, з першых крокаў свае падарожы, Нёман не волен ад жыццёвых турботаў. Толькі парвуцца кайданы зімовай няволі, як слабым грудзям яго трэба ўжо напружацца і несці ў чужыну багацце і пыху роднага краю.  

І ад самай вясны да халоднай восені плывуць ды ідуць жалобнай драцэсіяй плыты: то нязграбныя, сухія і белыя, як чалавечыя косці, куртатыя згоны, то хмурныя і цёмныя, як маўчозна сінеючы навокала лес, дзябёлыя, лавак у трыццаць, важкія плыты. Ды толькі і чуеш, як з ранку да вечара магільнаю яхай[1] раздаюцца выгукі каманды: «Тарнуй на барбару-у! За-кідай шыры-гу-у!»  

А то рахубны купец-скупяндзя махне, пасміхнуўшысь, рукой на забароны ды пусціць шарось[2]. Тагды чыстыя хвалі яго ўкрываюцца брудам, як чалавечыя грудзі каростай. А ўброд — ні прайсці ні праехаць; коні храпуць, рыкае ад страху жывёла, крычаць аж да поўначы качкі, гусі дамоў не прыходзяць, плача пастух, і чуюцца ўсюды праклёны...  

А часам спрадвесня, у поўную ваду з мэтай бадання, прыімчыцца аднекуль жывец-параход, загудзе, залапоча чырвонымі крыллямі, чмыхне, як бы праканаўшыся, што: «Квол яшчэ, браце, — не ўздымеш віціны![3]»  

А штотыдня, у чацвер, у погоду й нягоду, узімку і ўлетку, варочае нетры Нямніска скарбовы рыбак. Закінуўшы волак і пабраўшы вяроўкі на плечы, ухаюць, пнуцца рыбакі-небаракі, стогнуць, ірвуцца з апошняе сілы, каб заможнае панства ў замку мела свежую рыбу да стала...

Зноскі

  1. Тут: рэха.
  2. Тут: сплаўны лес.
  3. Тут: Віціна — скручаная лаза, якой вяжуць плыты, або крытае судна на рацэ.