Нязнаны верш Вінцука Дуніна-Марцінкевіча

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Нязнаны верш Вінцука Дуніна-Марцінкевіча
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1923
Крыніца: Заходняя Беларусь: Зборнiк грамадзкае мысьлi, навукi, лiтаратуры, мастацтва Зах. Беларусi. Кн. I. Вiльня 1923

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заўтра Спаса, кажуць людзе,

У Тарасэвічах кермаш будзе:

Трэба ехаць, падзівіцца,

У цэркві Богу памаліцца;

Потым шмыгнуць да двара

Павіншаваць Гаспадара. —

— «Паночку Яночку! дай табе Божа

За год даждаці сьвятога Спаса,

Каб як лес расло усякае збожжа,

Дык будуць пірагі і густая каша;

Не купляй мяса, а з сваей гавяды,

Здаровай, маладой і тлустай, як лані,

Кармі сямейку, гасьцей і чаляды,

Дык ўжо ж тады будзеш Панам на ўсе сані!

У бочках, яндоўках і усякай пасудзе

Каб не выбіралась гарэлка, мёд, пiва,

Няхай п’юць удоваль добры і злы людзі,

На завісьць непрыяцелям і усім на дзіва.

Кінь жыцьцё бурлацкае, а пашукай жынкі,

Маладой, прыгожай і любяшчай цебе,

Каб усі зайздравалі і глыталі сьлінкі.

Тады будзеш шчасьліў, жывучы як у небе.

А за такое, хоць дурное, мае павітаньне

Дай чарку гарэлкі ды палюбі шчыра, — то зь мяне і стане».

Вінцук Дунін-Марцінкевіч.

5 серпня 1868 року

Корытна.

Гэты верш Марцінкевіча быў надрукаваны бяз прозьвішча аўтара ў газэце «Минский Листок» у № 165, страніца 2, у 1902 годзе. Тарасэвічы, вёска i маёнтак, знаходзяцца ў Бабруйскім павеце, гміна Гарадок. Вёска знаходзіцца ў 25 вярстах ад Бабруйска і ў 13 вярстах ад станцыі чыгункі Ясень. Вёска Тарасэвічы мае царкву пад ваззваньнем Праабражэньня, збудаваную у 1818 годзе памешчыкамі Асьвяцімскімі. Тарасэвічы — уласнасьць паноў Вайніловічаў так, як і Корытна. Корытна таксама Бабруйскага павету. Арыгінал верша знаходзіцца ў багатым беларускім архіве інж. Рамуальда Зямкевіча ў Варшаве, а перайшоў туды ад пана Ксавэрага Вайніловіча, уласьніка маёнтку Корытна. Пан Ксавэры Вайніловіч, вялікі любіцель беларушчыны, памёр сёлета ў Варшаве.

Рэдакцыі «Зах. Беларусі» ўдалося ўстанавіць, што гэты верш быў напісаны ДунінМарцінкевічам да Яна Луцкевіча, бацькі вядомых беларускіх дзеячоў Ів. і Ант. Луцкевічаў, які ў канцы [18]60-х гадоў арандаваў успомнены ў вершу двор Тарасэвічы ў Бабруйшчыне, ня быў яшчэ жанаты ў 1868 г. і знаходзіўся ў блізкіх адносінах з нашым пісьменьнікам. Ян Луцкевіч радзіўся ў 1831 годзе і памёр у 1895 г. Сыны яго добра памятаюць, што такі ж рукапіс знаходзіўся ў паперах бацькі.