Новая зямля (1923)/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI. Каля зямлянкі VII. Дзядзька-кухар
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
VIII. Сьмерць лясьнічага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII.

ДЗЯДЗЬКА-КУХАР.

Наш дзядзька, мілы наш Антоні,
Ў дзіцячым часта быў палоне;
Вось так гуртом яго абсядуць
І час работы яго крадуць:
Насі «катла», кажы ім казкі,
Ідзі на поплаў з імі ў краскі,
Давай адказы на пытаньні,
Тлумач ты ім усё дазваньня:
Адкуль, з чаго дзе што бярэцца,
Вось гэта, тое як завецца,
І чаму так, чаму ня гэтак?
Прыхілен дзядзька быў да дзетак.
Ён быў настаўнікам, судзьдзёю,
Калі, бывала, між сабою
Паспораць дзеткі ці паб’юцца,
Дык да каго тады зьвярнуцца,
Як не да дзядзькі да Антося?
Ох слаўна з дзядзькам ім жылося!
Яшчэ замецьце, што з малымі
Ён размаўляў, як са старымі
І з імі радзіўся, спрачаўся —
Як роўны з роўнымі трымаўся!
Калі-ж хто, часам, з ім ня зладзіць,
То дзядзька толькі вус пагладзіць,
Але ня скажа ён нічога,
Бо ведаў, чым даняць малога, —
Гаворыць з тым, з кім дзядзька ў згодзе:
— Калі такі ён, ну, то годзе! —
І тут ён змоўкне, пачакае,
Кісет дастане і закурыць
І вочы чутачку прыжмурыць,
Як-бы і ў памяці ня мае,
Таго, што з хлопцам пасварыўся.
— А як авёс наш урадзіўся?
Схадзіць-бы ў Ліпава пабачыць! —
Ўжо знаюць дзеці, што то значыць
Гаворка дзядзькава такая,
Куды ён вуды закідае:
У Ліпава пайсьці з ім! божа!
І хто ўстаяць прад гэтым зможа?
Ды гэта-ж — сьвята, ягамосьці!
Набок тут норавы і злосьці!
І мяккім робіцца паганы —
Хоць ты яго кладзі да раны.
Адно вазьмі яго з сабою,
Усёды пойдзе за табою,
І ўсё забудзе, ўсё даруе,
На дзядзьку больш не засярдуе.
А чым-жа Ліпава так міла?
Чым так дзяцей яно маніла?
І што за Ліпава такое?
А гэта — поле маладое
Сярод лясоў, як скінуць вокам;
На тым абшары, на шырокім
Раскошна нівы красавалі,
А ў іх мільёны красак зьялі,
Як-бы на небе тыя зоркі.
Лужкі, дарожкі і пагоркі
І купкі хвоек маладыя,
Дзе матылёчкі залатыя
На сонцы крыльцамі блішчалі,
Жучкі і конікі трашчалі
І ў стройны звон свой зык зьлівалі.
Былі там пасекі. Што году
Тут сотні блізшага народу
Дзялянкі лесу карчавалі
І на трацяк іх засявалі —
Капу да скарбу, дзьве да дому…
Ну, як тут вытрываць малому,
Таму, хто з дзядзькам пасварыўся?
Як бачыш, з дзядзькам ён гадзіўся.
А пойдзеш ў Ліпава лясамі,
Напэўна ўстрэнешся з ласямі
І зайца ўгледзіш, і віёрку,
І норы воўчыя на ўзгорку
Сярод трушчоб між ельнякамі,
І «чортаў камень», што вякамі
Над Азярком ляжыць, як хата…
Ну, ўсякіх дзіў там ёсьць багата:
А дзядзька ўсё табе пакажа,
Цікавасьць тваю ўсю разьвяжа.
А найважнейшая тут мэта —
Зьвярнуць з дарогі і да цёткі
Зайсьці на час які кароткі —
Тарэсяй звалась цётка гэта.
Яна так ветла сустрачала,
І надта-ж добра частавала:
Сьпячэ «цалкоў» на скавародцы.
І так, бывала, наясіся,
Што хоць на пупіку круціся;
Усіх цягнула ў госьці к цётцы:
Так узмацуе на дарогу —
Было што есці, дзякуй богу!
О, дзядзька спосабаў меў многа,
Даняць праціўніка малога!
Пайсьці ў грыбы ці ў тую-ж рыбу,
Або паехаць у сялібу
Ці ў млын малоць на хлеб збажынку —
Ўсё гэта квапіла хлапчынку,
Цягнула крэпенька, бывала,
І, як рукою, злосьць зьнімала.
І дзядзька майстар быў на штукі
І быў маханік на, ўсе рукі:
І дудку скруціць вам, і стрэлку,
І нарысуе, нават, елку, —
Такую выштукуе цацку,
А ў Сьвержань пойдзе — купіць пляцку…
Дык і ня дзіва, што любілі,
Што на руках яго насілі.
А жывучы каля зямлянкі,
Паміж лясоў, сярод палянкі,
Яшчэ крапчэй яны здружылісь,
Адзін к другім цясьней хілілісь.
— А ну, давай, брат, запрабуем,
Хоць на цікавасьць пакаштуем,
Які тут сок на новым месьце?
Мо’ з хлебам можна яго есьці?
— А дзядзечка, мой залаценькі!
Пастаў нам соку, дарагенькі!
— Вазьмі, вазьмі мяне з сабою! —
Тут каля дзядзькі чарадою,
Як чэрві, дзеці мятушацца.
А дзядька моўчкі стаў зьбірацца:
Дастаў сякерку і сьвярдзёлак,
Пад паху сунуў ён аполак
На латакі і на падстаўкі
Ды вынуў два гаршкі з-пад лаўкі.
— Ну, хто са мною йдзе? — пытае.
— Я!
— Я!
— І я! — крычыць малая
Ў канцы дзяўчынка Міхаліна.
— Куды табе? ото скачыха!
На печ залезь і сядзі ціха! —
Напалі хлопцы на дзяўчыну;
А тая ў сьлезы, ў плач, як бачыш.
— Ну, сьціхні, ша! Чаго ты плачаш? —
Антось пляменіцу ўцяшае
І нос крысом ёй абцірае.
— Няхай ідзе!.. А хлопцам брыдка,
Так нападаць на дзеўку швыдка, —
Гаворыць дзядзька, бровы хмурыць
І бальшуноў ён зьлёгка журыць.
Тады і хлопцы тон мяняюць;
Ідуць у лес, крычаць, гукаюць,
Як вучні, вырваўшыся з школы,
І ўсе давольны, ўсе вясёлы —
А дзядзька ўперадзе тралюе
І галаву ўгару ўскідае,
Бярозу добрую шукае
З салодкім сокам, баравую,
Дзе-б бобам кропелькі сачылісь.
Знайшлі бярэзіну, спынілісь.
Залысіў дзядзька дрэва зьлёгка,
(Сякерка востра, кара крохка),
Зрабіў заруб, латак прыправіў
А пад латак гаршчок паставіў,
І соку кропелькі, як сьлёзы,
Як град, пасыпалісь з бярозы,
Аж шкода нейк было дзярвякі:
Здавалісь ранай тыя знакі,
Адкуль паліўся сок халодны
І пакідаў свой комель родны.
Я помню дзень той. Вечарэла,
Зайшло ўжо сонейка, цямнела.
Агоньчык дзеці раскладалі,
Паленцы, трэсачкі зьбіралі,
І дзядзька, тут-жа, распрануўшысь,
Сядзеў на кукішках, сатнуўшысь.
Прад ім стаяў гаршчок і міска,
І кошык з бульбай; тут-жа блізка
Відзён і збан быў паліваны,
Да палавіны ў дол ўкапаны,
Кружочкам шчыльненька накрыты.
— Алеська! скокні, брат, вазьмі ты
У хаты тарачку на печы!
Ну, варушыся-ж ты, старэчы! —
Наўкол пляменікі сядзелі,
На дзядзьку пільна ўсе глядзелі,
Як ён, рукавы закасаўшы,
Па тарцы шоргаў, шапку зьняўшы.
І кожны лёгка-б дагадаўся,
Што тут сакрэт якісь хаваўся,
Памеркаваўшы, як цікава,
Была для хлопцаў гэта справа
І як іх дзядзька завіхаўся.
А хто-б яшчэ мог болей цяміць,
Таму-б адразу прышло ў памяць,
Што дзядзька бульбу драў на клёцкі,
Каб згатаваць не пажаноцку,
Бо што жанкі? раз што панята,
Ноль — слова нашага ім брата;
Як іх на розум тут ні ставяць,
Яны-ж сваё ўсё права правяць
І робяць так, як і рабілі,
Калі пяшком пад стол хадзілі.
Але вось ён пакажа носа,
Стварэньне вы доўгавалоса,
Калі ён тут пагаспадарыць
І сам ды з сокам клёцкі зварыць!
Вось будзе штука вам, дык шука!
На тое-ж спроба і навука.
А сок быў сьвежы, такі хвацкі,
Такі салодкі, забіяцкі!
Ён быў галоўнаю віною
Таго, што познаю парою
Сядзелі дзеці чарадою
І з дзядзькі вочак ня спушчалі
І стравы важнае чакалі.
— Эх, — цмокнуў дзядзька: — наямося?
Зірнулі хлопцы на Антося
І сьліну ўсе яны глынулі,
Паветра носам пацягнулі.
— Ну, што-ж вы рукі паскладалі?
Ў агонь бы трэскі падкідалі.
А то патухне зараз! Жыва! —
Глядзелі хлопцы, як на дзіва.
Як дзядзька, цеста замяшаўшы,
Качаў галушкі, міску ўзяўшы.
Ў агні стаяў чыгун, наліты
Па венцы сокам. І чуць толькі
Ўзьнялося булбатачак колькі
І стаў клубіцца пар сярдзіты,
Дык дзядзька зараз стаў пакрышку
Ў чыгунчык клёцкі кідаць з лыжкі;
Укіне лыжку, памяшае
Ды зноў другую набірае.
А хлопцы нават паўставалі,
Ў чыгунчык вочы паўстаўлялі,
Глядзяць, ня моргнуць яны вокам:
Эх, мусіць смачны клёцкі з сокам!
— Ну, дзядзька, можа і гатовы? —
Ня сьцерпіў Костусь, мовіў слова.
— Які ты, хлопча, нецярпячка,
Няхай цябе затопча качка! —
Гаворыць дзядзька на хлапчынку: —
Няхай паварацца часінку,
Каб вокам добра праняліся,
Тады, брат, — эх! адно дзяржыся! —
І дзядзька цмокнуў выразьліва,
І хлопцы зноў ждуць церпяліва,
А дзядзька, стоячы, паволі
Памешваў клёцкі. — Ну, даволі! —
Сказаў Антось, і ўсе ўздыхнулі,
Як-бы гару з плячэй сапхнулі
І бліжай к дзядзьку падступілісь.
— Глядзі, мо’ ўжо пераварылісь, —
Алесь зазначыў палахліва.
— Ну, — Костусь кажа: — ото дзіва!
Ня бойся: дзядзька лепей знае…
Глядзі, брат, клёцка унь якая!
А брат ты мой, як булавешка,
Як скула тая, што ў Дзямешкі! —
І — ха-ха-ха! зарагаталі.
— А каб вы, падлы, не даждалі! —
Гаворыць дзядзька, сам сьмяецца,
Аж лыжка з клёцкамі трасецца:
— Ну, языкі параспускалі!
Ня дам вам клёцак і панюхаць! —
І стаў на клёцку дзядзька дзьмухаць,
Пакаштаваць каб было можна,
І ў рот падносіць асьцярожна.
Замерлі хлопцы, а ні зыку:
Мінута важна і вяліка;
Глядзяць на дзядзьку і чакаюць
І дзядзьку поглядам пытаюць:
«Ну, як? ці смачны? ці салодкі?»
У зубы клёцку, бы ў ляшчоткі
Заціснуў дзядзька і губамі
Варушыць борзда, як, часамі,
Трусок ці зайчык над капустай,
Каб лепш дазнацца смаку-густу.
Пацмакаў дзядзька і ўсьмяхнуўся,
Зірнуў на хлопцаў, адвярнуўся —
І тут, нічога не сказаўшы,
Як плюне дзядзька, пажаваўшы!
Трах у чыгунчык ён нагою!
І так абцёрся ён рукою,
Што губы й нос чырвоны сталі,
І нават вусы затрашчалі.
А хлопцы проста зьбілісь з тропу
І ў нейкім страсе і ў захопу
На дзядзьку-кухара глядзелі,
Як-бы яны аслупянелі.
Быў сьмешны дзядзька тэй часінай
З пустою лыжкаю, з тычынай,
Якою трэскі ён варочаў.
А тут Алесь як зарагоча!
За ім адзін, другі паехаў.
Такіх было тут жартаў, сьмехаў,
Што ўсіх трасло і калаціла
І дзядзьку сьмехам захваціла.
— Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся? —
— Паскудства, брат, і ня пытайся! —