Новая зямля (1923)/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. За сталом IV. На першай гаспадарцы
Паэма
Аўтар: Якуб Колас
1923 год
V. Пярэбары

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV.

НА ПЕРШАЙ ГАСПАДАРЦЫ.

— То як-жа быць? — спытаў Антоні: —
Давай, брат, думаць хоць сягоньня
Ці так ці сяк, каб даць параду
І к аднаму ўжо прыйсьці ладу
Раз назаўсёды, аканчальна.
Вядома, служба — рэч гадальна,
А ў гэтым пекле і тым болей:
Ня пэўна жыць пад панскай воляй,
Але з чаго пачаць, мой браце,
Бо невялікае багацьце?
І як ты знойдзеш канцы тыя,
Калі кішэні ў нас пустыя?
— Ну, ты заглядваеш далёка,
Дык трохі хібіць тваё вока —
Вось гэта, раз; а падругое —
У нас ужо ёсьць сёе-тое:
Ну, пляц, зямлі па чвэрць надзела;
Лічы пад тысячу іх сьмела,
А там зямельны банк паможа,
Быка, карову прадамо…
Чаго палохацца? дармо!
Абы ахвоту меў, нябожа!
А пры жаданьні, пры ахвоце
Сам чорт ня страшан у балоце! —
Сказаў Міхал на словы брата,
Сказаў рашуча і заўзята.
А маці слухае маўкліва,
Аб чымся думае тужліва;
Сказаць штось хоча і ўздыхае,
Штось за язык яе трымае,
— Вось як пачнеш так разважаньне,
Агоркне ўсё табе да званьня, —
Нарэшце маці ня ўтрывала: —
Таго няма, другога мала;
А як жывеш ды не гадаеш,
То й ліха тога не зважаеш…
Так… хоць зямлі свае нямнога,
Але ўсё-ж лепей, як нічога.
А збудзь яе — пачуеш страту,
Бо дзе паставіш тую хату,
Калі няшчасьце напаткае,
Бо гэта служба ўжо такая?
А там, за сьветам, на чужыне
Ніхто цябе, ой, ня прыхіне!
І як там будзе з тэй зямлёю?
Ня хваціш голаю рукою, —
Ня пэўна ўсё і невядома,
Дык больш пільнуйцеся вы дому!
— Ну, вось кабеціна дзіўная! —
Міхал на жонку нападае: —
Ці-ж мы зямлю сваю збываем?
Мы на рахункі прыкідаем.
Ды што, скажы, ну хоць-бы й пляц?
Падумаць — выстраіш палац!
Па часе будзе і развага,
Калі ў лоб стукне табе шляга!
— Вядома, бацькаўшчыны шкода, —
Сказаў Антось у тоне згоды: —
Але-ж і трэба меркавацца,
І аднаго чаго трымацца;
І ня чужым, а сваім вокам
Агледзіць трэба ненарокам,
Як мае быць, Заблоньне тое;
А можа выйдзе што якое.
Рабіць тут трэба — адно слова,
Ня то, што — цуп-луп! — і гатова,
Бо гэта справа — ня пустая;
Людзкі-ж язык касьцей ня мае.
Я так-бы раіў: выбраць час
І аглядзець усё зараз,
А там сама пакажа справа,
Ці варта шуму ўся аблава,
Бо мо’ ваўкі ўсе пасхадзілі. —
На том яны і парашылі.
Я тут спыню апавяданьне,
Каб значны крок ступіць назад:
Зрабіць уважлівы агляд
Прычын імкненьня, парываньня
На новым грунце сесьці стала,
І чым жыла душа Міхала.
А поруч з гэтым мімаходам
Жыцьцё мінулае крануць
І ў цёмны кут яго зірнуць,
Дзе пад халодным яго лёдам
На зло ліхім яго прыгодам
Крыніцы сьвежыя цякуць.
Міхал… вы лепш спытайце самі
Пра палясоўшчыка Міхала:
Яго ўся воласьць наша знала,
Ён быў вядомы між панамі!
Ды што паны?! сам князь Антоні,
Я памятаю, як сягоньня,
Ня раз з Міхалам меў размову.
І знаў-жа-ж службу лясьнікову!
Ён ведаў, як свае пяць пальцаў,
Ну, да мала ўсіх мікалаўцаў.
Патрава здарыцца, пакража, —
Як бачыш, вызнае, дакажа,
І дойдзе ўжо да галубочка,
Як-бы па нітцы да клубочка.
Дык і ня дзіва, што Міхала
У нас любілі вельмі мала.
Міхал сам гэта чуў і ведаў,
Ды што ты зробіш? так з прадзедаў
Было-вялося і вядзецца,
І ўсё ўпустую люд таўчэцца:
Ды будзе час паразуменьня —
Таўкне пад самыя карэньні…
І вось што, братцы, дзіўна ў сьвеце,
Вы толькі добра паглядзеце:
Той чалавек, што першы, збоку,
Ўжо без таго ня ступіць кроку,
Каб ня ткнуць пальцам на другога,
Як на заклятага, ліхога, —
Ён тое самае ўчыняе,
За што другога бэсьціць-лае,
Як толькі скуру яго ўзьдзене
Ці чуць кранецца яго кія —
Такім яшчэ ваўком завые
І дзе ён добрасьць толькі дзене?
На што вада, але і тая
Ня ўсёды роўны нораў мае:
Спакойна ў ямах і заторах,
Але капае дол у горах
І страшна пеніцца, бушуе
І грунт каменны там сьвідруе.
А сіла ў тым, на мой пагляд,
Які выконваеш загад.
Міхал, як толькі ажаніўся,
Тады-ж ад бацькі аддзяліўся,
Бо стала цесна. З тэй прычыны
Хадзіў на сплаў ён, на віціны,
Разоў са два схадзіў ў Прусы —
Куды ня трапяць беларусы?
Але абрыдла гэта справа
І адвярнуўся ён ад сплаву;
Пайшоў на службу таўкануцца,
Бо дома негдзе разгарнуцца.
Наўперад ён праз час каторы
Быў пры падлоўчым на каморы.
Стары лясьнічы пасваему
Цаніў Міхала, як служаку:
Ганяў усёды небараку,
Як-бы скаціну тую нему.
Ня раз на жалабы Міхала
Лясьнічы так казаў, бывала:
— Што-ж? добры конь і цягне дужа! —
І ня пускаў Міхала з гужа.
Міхал яму рабочых ставіў
І сенакосы яго правіў
І догляд меў за панскім стадкам.
А службу нёс сваім парадкам,
Бо што ты зробіш тут? стараўся.
Ў другое месца перабраўся — Яму уважыў пан лясьнічы.
І сеў Міхал у страшнай дзічы,
Дзе лес адзін, хмызьняк ды поле
Ды ветру посьвісты на воле.
Было зямелькі там валока,
Дзе можна-б моцна і глыбока
Пусьціць карэньні ў грунт, абжыцца —
Было над чым разварушыцца,
Але бязгнойная, пустая
Зямлі валока была тая,
Дзе рос сівец ды пырнік густа,
І дзе спакойна каля куста,
Ляжаў шарак, бо там ніколі
Саха зямлі не баразьдзіла.
Было маркотна і няміла,
У тым пустым, зьдзічалым полі.
Міхал наехаў бяз нічога.
І вось жыві тут, разжывайся,
Хоць сам у соху запрагайся
Ды бяры жонку на падмогу
З трыма малымі хлапчукамі.
Але стаў цьвёрдымі нагамі
Міхал на гэты грунт няплодны.
— Ня плач: ня будзем тут галодны;
Бог дасьць, сяго-таго прыдбаем, —
Дабра якога дачакаем —
Так разважаў ён сваю жонку: —
Жывым ня кінешся ў палонку!
Зямлі — зірні — як скінуць вокам, —
За гаспадарку ненарокам
Міхал на новым месцы ўзяўся;
Каня, кароўку расстараўся,
Завёў сьвіней, дзьве-тры авечкі,
Тымчасам з дому для падмогі,
Саху забраўшы і нарогі,
Антось прыехаў і на грэчку
Узьняў маргоў са два папару.
І ажывіліся амшары,
Запахла сьвежаю ральлёю,
Як-бы сам бог тут над зямлёю
Прайшоў і глянуў міласьціва.
Антось заложна і цярпліва
Ўкладаў у землю свае сілы.
На божы сьвет, як-бы з магілы,
З зямлі травінкай далікатнай
Густою шчотачкаю здатна,
Ўсхадзілі дробныя зярняткі.
Як у калысачцы дзіцятка,
Калі ўжо трошкі акрыяе,
Сваю галоўку падымае
І навакол глядзіць зьдзіўлёна, —
Так гэта збожайка зялёна,
Да сонца, ймкнулася лісткамі,
Бы к матцы дзіцятка рукамі.
Тымчасам хлопцы падрасталі,
Старэйшым дома памагалі.
Прайшоў гадок, мінуў другі,
У касьбу запахлі мурагі.
На полі ветла, самавіта
У рад стаялі копкі жыта,
Так аздабляючы загоны.
А на гародзе мак чырвоны,
Раскрыўшы гожыя лісточкі,
З іх ткаў прыўдалыя вяночкі
Вакол галоўкі маладзенькай,
Такой прыгожай, зеляненькай.
І часта ў добрую пагоду
Ідзе Міхал дамоў з абходу
І хоць чуваць, што баляць ногі,
Аде зварочвае з дарогі
І робіць крук, бо як стрымацца,
Каб не зайсьці палюбавацца,
І ярыною і жытамі?
Ідзе, а ветрык з каласкамі
Вядзе прыемную размову
І цешыць душу лясьнікову.
Міхал падыдзе і прыстане,
Ўсю лаву жыцейка агляне
Ды возьме ў пальцы асьцярожна
Яшчэ нясьпелы і парожны
Ён колас жытні і паглядзіць,
Рукою лёганька пагладзіць,
Нібы сынка свайго малога,
І ў сэрцы дзякаваў ён бога.
У тым кутку, глухім і дзікім,
Стараньнем дзядзькавым вялікім
І цяжкай працай хлебароба
Набыта розная надоба;
Ўсё зацьвіло, загаманіла,
Бы жыватворчая тут сіла
Ад сну прыроду абудзіла.
Гумно паўнела з кожным годам,
І багацеў хлявец прыплодам,
І грош стаў лішні завадзіцца,
Было што есьці, чым акрыцца,
І быў парадак, лад у хаце.
Ўжо з тым кутком зжылася маці,
Даўно прывыкшы к адзіноце;
А цэлы рад збаноў на плоце
Казаў аб тым, што гаспадыня
Была ў сваёй у каляіне
І што яе, таксама, справа
Вялася добра і рухава,
Бо тут збаны ня так стаялі:
Яны за тое ўжо казалі,
Што малака было даволі.
Ў пастаўніку пры самым полі,
Сьвіньня, як хворая, стагнала,
Хоць гэтай хворасьці ня знала,
Яе такая ўжо натура:
Стагнаць і лыч трымаць панура,
Як-бы ёй цяжка жыць на сьвеце.
А парасяткі, яе дзеці,
Ўсяму дзівілісь несканчона,
Бо надта рохкалі зьдзіўлёна.
Другі гурток другой жывёлы,
Дзесятак кур, пявун вясёлы
Каля платоў чарвей шукалі;
Квактуха голасна квактала,
А кураняткі чарадою
Паслушна ўсёды йшлі за ёю.
Тут кожна рэч аб тым казала,
Што маладая гаспадарка,
Ішла ўпярод пасьпешна, шпарка
І большы круг яна займала.
Часамі хмурнаю вясною
Цяплом павее, цішынёю,
І хмарак сівыя фальбоны
Падуць, апусьцяцца, наніз,
І неба яснага абрыс
Зірне скрозь цяжкія заслоны,
І дзень тужлівы, засмучоны
Аздобіць сонцаў агняпіс,
І ўсё вакол павесялее,
На момант сьцішыцца, замлее,
На ўсё адбітак ляжа згоды,
І нікнуць подыхі нягоды;
Зямельцы неба ўсьміхнецца.
Глядзіш — тады табе здаецца,
Што холад згінуў назаўсёды.
Але ці-ж так? Эх, негадана
Вятруга ўсходзіцца паганы,
І даль палёў маркотна стане,
Жалобы цень яна апране,
І ўсё нейк смутна пазірае,
Чагось нядобрага чакае.
Так і ў жыцьці: бягуць часіны,
Ліхія, добрыя хвіліны,
Адна зьмяняецца другою.
Ня ўсьпеў Міхал з сваёй сям’ёю
І пяць гадкоў спазнаць спакою,
Як сталі чуткі пачувацца —
Лясьнічы сам даваў намёкі —
Праз час ня вельмі так далёкі
Ў другі куток перабірацца.
І гэта вестка ўсіх смуціла,
Рабіць ахвоту ўсю адбіла:
Рабі, працуй, кладзі ты сілы
У гэты дол чужы, пастылы
І горкім потам аблівайся,
Зрабіў парадак — выбірайся
Ды йзноў ідзі адсюль у госьці...
Эх, вы, паны! эх, ягамосьці!..