Не пакідайце сваёй мовы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Не пакідайце сваёй мовы
Артыкул
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1914 год
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




...каб не памерлі — гэта праўдзівая перасцярога павінна пастаянным рэхам адбівацца ў душы кожнага беларуса і зрабіць яго слугой хараства слова. Так, хараства праўдзівага слова! Не пужайцеся толькі ж, не заву я да якога там «букваедства» — не, крый мяне Божа,— хай сабе розныя вучоныя, калі ім ахвота, разбіраюць усё па рэбрах, скуль што і якое — яны анатомы, у трупах шукаюць загадку жыцця, і добра, калі што знаходзяць. А я вось што хачу сказаць.

Зык, літара — гэта толькі цень, а слова — кроў і косць, жывое цела ў нашых душах, дарагое, майстэрнае начынне — у ім наш духовы набытак.

Кожны народ мае сваю асобную мову, і асобнасць яе ні ў самых зыках — тое самае здаецца, а не — от, бач, не тое, нейкі асобы змест, што і аб’ясніць не ўмееш, хоць і добра чуеш. Вот гэтае «нешта неякае», звязанае неразрыўна з душой народа, прыдае кожнай мове той асобны цэмент, што звязвае ў адно народнае, «нацыянальнае» ўсе яго думкі і перажыцця. Праўдзівей было б гаварыць «перавярнуць» з адной мовы на другую, чым «пералажыць». Дарагое, але крохкае, кволае начынне гэта мова, дык глядзіце сцеражыце, стройце яго квяцістымі аздобамі, бо змест нашых думак нашае «я» можа разліцца і паплыць у прочкі... Скажыце, ці ж харашэйшая была бы зямля, каб гэтак усе што ні ёсць рэкі і азёры — шусь і пераліліся ў акіяны!.. Усё абярнулася б у нейкую Сахару.

Але не ўсе ж мы такія ўжо майстры, можа, хто скажа, каб добра знацца на слове.

Праўда, мала ў нас майстроў прыгожага слова, ці ў пісанні, ці проста сабе ў звычайнай гутарцы. Але ёсць на гэта адна і, мусіць, адзіная рада: уважна прыслухайцеся да таго, як гамоніць сабе «просты» наш народ. Толькі ж умець прыслухацца— колькі ў гэтай прастаце хараства, сілы і багацця тонаў! Дый што тут лішне распісваць — хто мае вушы, каб чуць — хай слухае. Кіньце ўсе там розныя граматыкі ў кут, калі шкода ў печ, і самыя вучыцеся гаварыць ад народа. Затое вазьмёце ў рукі аловак і кусок паперы і пастарайцеся запісаць казку, легенду, песню, прыказку, загадку, цікавае слова зусім так, як гаворыцца, без усякіх «правільнасцяў» і граматычнасці. Усё гэта можа даць вельмі шмат цікавага, этнаграфічнага матэрыялу, збагаціць мову. Запісваючы ўсё гэта, трэба падробна сказаць, дзе запісана, ад каго (баба, дзед, хлапец, дзяўчына, век, граматны ці не). Часта бывае, што цікавей і патрэбней запісваць ад старых, бо гэта можа з імі ўцячы на той свет, але ведама, і маладыя часта расказваць гђды. Толькі яшчэ раз кажу — нічога не выкідаць і нічога не дадаваць ад сябе. Добра было б запісваць песні, хто можа, з нотамі — але што зробіш, як хто не ўмее; трэба толькі напісаць, калі песня пяецца, значыцца, пры якім здарэнні. Цікавыя словы трэба запісваць ні адным, асобна, а з цэлым зваротам мовы, каб лепш можна было зразумець, што яно азначае; не забывацца паставіць націск. Такія словы з іх цікавейшымі адменамі можна перапісваць на картачкі ў алфавітным парадку — бач, і ўжо месны слоўнік, вельмі важны і патрэбны матэрыял да агульнага вялікага беларускага слоўніка. Хай кожны збірае тое, што яму па душы — хто што любіць: хто песню, хто казкі і легенды, а хто кароткія рэчы — прыказкі, загадкі... ці мала што каму да ўпадобы.

Шмат эстэтычнага і маральнага задавальнення дае такая работа, шмат навукі дайжа, толькі трэба ўчуцца, услухацца і любіць хараство прастаты...

Сабраныя матэрыялы, калі хто не можа сам выкарыстаць, прысылаць можна хоць у Вільню: Беларуская кнігарня, Завальная 7, хоць у якое-колечы навуковае таварыства, калі б такое знайшлося.