Неслухоўскі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Неслухоўскі
Аўтар: Максім Багдановіч
1910 ці 1911
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/6592

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Малую літаратурную спадчыну пакінуў нам I. Неслухоўскі – усяго толькі дзюжыну вершаў... Але прычыну гэтага трэба шукаць не ў бясшгоднасці таленту песняра, а ў агульным характары таго часу, на каторы прыпадае яго пісьменніцкая праца. На вялікі жаль, гэта былі нудныя 80-я і 90-я гады, калі ўсякая жывая справа зараз жа і зацісківалася, калі грамадзянская думка крэпка спала, калі ўсё жыццё якась пашарэла і прынікла. Не трэба і казаць, што ніякага колькі-небудзь прыкметнага беларускага руху тады і ў паміне не было, бо нацыянальная свядомасць не магла развіцца ў народзе без помачы ўласнай інтэлігенцыі, а яна толькі што яшчэ пачынала адслаівацца. Праўда, на вялікім абшары нашага краю патроху з’яўляліся людзі, так ці сяк дарабіўшыяся да нацыянальнага самапачуцця, а разам з тым ужо пачала аджываць і замёршая лет на 15 беларуская пісьменнасць: перадрук<оў>ваўся Марцінкевіч, з’явілася колькі ксёнжачак Ельскага, пераклад гаршынаўскага апавядання «Сігнал», вершы Бурачка, Каганца, Шункевіча і інш. Але да народу гэтыя творы бадай-што не даходзілі, а спольшчаная і абруселая беларуская інтэлігенцыя пачытывала іх з усмешкай, як нешта мілае і ў той жа час бадай-што ні для чаго не патрэбнае. «Надта ж яно міла думаць думкі і, як дзеці, пушчаць пузыр з мыла...» Паміж яе мог здабыць вядомасць хіба толькі «Тарас на Парнасе», каторы і перавыдаваўся шмат раз. Пры гэткіх умовах пісьменніцкая праца не магла быць колькі-небудзь напружанай, што і адбілася на малым ліку твораў Неслухоўскага. Так і здаецца, што пісаліся яны «паміж сур’ёзнымі справамі», калі выдаваўся вольны час, і доўга шчэ потым ляжалі ў скрыні песняра. Але гэтая марудасць працы мела і свой добры бок, бо павэдлуг яе паміж твораў Неслухоўскага няма пісьменніцкіх выкідышаў, каторыя так нярэдкі цяпер. Талент яго ўстаў перад чытачамі ва ўвесь свой рост...