Незалежнасць беларускай праваслаўнай царквы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Незалежнасць беларускай праваслаўнай царквы
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Беларусь – 1919 - №50

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гісторыя сьведыць, што беларусская праваслаўная церкаў заусюды жыла сваім асобным незалежным жыцьцём, і толькі прызнаньне канстантынопальскага патрыарха нахавала ёй некую сувязь з царквою маскоўскаю, або як цяпер кажуць, расійскаю.

На пачатку ХV-га, веку адбылося і фармальнае аддзяленьне беларускай царквы ад маскоўскай. У 1415 г. беларускіе і украінскі епіскапы, на жаданьне вялікага князя Вітаўта (Александра), выбралі сабе за кіеўскага мітрапаліта Грыгорага Цам’улака, родам баўгарына. Гэта быў ужо трэці выпадак абраньня асобнага мітрапаліта для беларуска-украінскай царквы. Але копстантынопальскі патрыярх адмовіўся пасьвяціць Цам’улака на мітрапаліта. Тагды, 15-га лістапада 1415 г. у Навагрудку (цяпер паветавы горад на Меншчыне), зьехаўся збор з 8-і епіскапаў, архімандрытаў, ігуменаў, князёў і баяраў. На чале збору стаў сам вялікі князь Вітаўт. Збор пастанавіў абыціся без патрыярха і пасьвяціць Цам‘улака самым, не зважаючы на тое, што патрыярх не згаджаецца.

Тагды патрыярх константынопальскі разам з маскоўскім мітрапалітам Фоціем адказалі на гэтую ухвалу адлучэньнем і пракляцьцем. Пры такіх умовах Цам’улак мог аставацца мітрапалітам нядоўга. Прабыў ен на мітрапалічай пасадзе усяго чатыры годы, а потым выехаў у Малдавію.

Подчас Флорантыйскай вуніі константынопальскі патрыарх, Грыгоры Мамма, пасьвяціў на ,,мітрапаліта кіеўскага, літоўскага і усяе ніжняе Расіі” грэка Грыгорага. Гэта было у 1458 г. у Рыме. Грыгорага прызнаў урад і усе беларуска-украінскіе епіскапы, апрача бранска-чарнігаўскага, Яхіма, каторы з гэтай прычыны прымушаны быў уцячы у Маскву.

У 1459 г. у Маскве адбыўся збор. Маскоўскіе іерархі пастанавілі ня прызнаваць Грыгорага за мітрапаліта і ня мець з ім ніякіх зносін. Так адбылося аддзяленьне беларуска-ўкраінскай царквы ад маскоўскай, Беларуска-ўкраінская, або, як тагды казалі, літоўская мітраполія, стала жыць асобна, пад уладаю патрыарха констатынопальскага. Але улада патрыарха над беларускай мітраполіяй была толькі номінальнай. Так напрыклад, калі у 1541 г. паўстала спорка між мітрапалітам і полацкім епіскапам за тое, што на набажэнсьцьве было уніжана дастаенство апошняга, то вялікі князь прызнаў справу падсуднай у першай інстанцыі духоўнаму суду, а у апэляцыйнай — сабе, а не патрыярху.

На чале праваслаўнай царквы на Беларусі і Украіне стаяў мітрапаліт. У XV м веку ен зваўся „кіеўскім і усея Русі, а у ХVI м веку „кіеўскім Галіцкім і усея Русі”. Жылі мітрапаліты у Кіеве, або у Вільні.

Улада мітрапаліта над епіскапамі прызнавалася толькі на словах і у тэорыі, а на практыцы была вельмі слабая. Мітрапаліт не назначаў епіскалау. Звычайна, кандыдаты на епіскапскую катэдру выбіраліся зборам духоўных і сьвецкіх вяльможау. Але часам і абраньня ня было. Вольные епіскапскіе катэдры часам вялікі князь раздаваў пры жыцьці епіскапа. Такіе кандыдаты, адтрымаўшыя чакаючые граматы (экспэктаціву) зправам заняць епіскапскую катэдру, калі яна аслабаніцца, называліся памінатамі.

Ня гледзячы на гэта, важнае значэньне збораў заўсюды прызнавалася. Сам вялікі князь часам склікаў збор, як гэта было, прыкладам, у 1546 г., калі да вялікага князя дайшлі чуткі аб бязладзьдзі у праваслаўнай царкве. Ён загадаў склікаць збор у Вільні.

На павіннасьці епіскапау ляжало кіраўніцтво сваёю епархіяй і духоўны суд. Але епіскапы звычайна рабілі гэта ня самі, а пры дапамозе зборнага выбранага крыласу (клірос). Крылас — установа старая, перайшоўшая да нас з Візантыі разам з хрысьціянствам. У Маскоўшчыне гэтая установа была зьнішчана, а у нас яня шырока разьвілася. Зборны крылас складаўся з усіх парахвіяльных сьвяшчэньнікаў катэдральнага места. Крылашане па чарзе адпраўлялі набажэнство у зборнай царкве. Значэньне пратапопа у крылашанаў было вялікае. Ён напэўна быў старшынёю і кіраўнічым усіх сходаў (збораў) крылашанаў. Крылашане павінны былі, як гэта звычайна рабілася, гатаваць кандыдата на сьвяшчэньніка.

Асоба, жадаўшая зрабіцца сьвяшчэньнікам, зьвярталася з просьбаю аб гэтым да епіскапа і падавала пры просьбе рэкомэндацыю грамады тае правінцыі, якой яна сябе лічыла. Гэтую асобу пасьвяшчалі на сьвяшчэньніка, зрабіўшы яму экзамен. Але посьле пасьвяшчэньня кандыдат на сьвяшчэньніка павінен быў яшчэ шэсьць нядзель праходзіць царкоўную службу практычна пры зборнай царкве, пад кіраўніцтвам крылашанау. За свае пасьвяшчэньне на сьвяшчэньніка асоба плаціла на таксе епіскапу і крылашанам пэўны падатак, а так сама усім, хто вучыў яго царкоўнаму уставу.

Што тычыцца манастыроў, дык архімандрытаў і ігуменаў абіралі на пасад манахі таго манастыру, дае яны меліся служыць, а зацьвярджаў вялікі князь.

У рэлігійным і культурным жыцьці Беларусі вялікае значэньне мелі брацтвы, што закладаліся пры парахвіі. Але аб іх - у другі раз.