Перайсці да зместу

Незабыўны дзень (Шыла)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Незабыўны дзень
Аўтар: Мікола Шыла
1947
Крыніца: Шляхам Жыцьця, 1947. - №3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У жыцьці кожнага чалавека ёсьць многа ўспамінаў. Але з іх заўсёды бываюць успаміны, якія застаюцца на ўсё жыцьцё ў памяці, хвалюючыя і яскравыя, успаміны аб тым, што вызначыла ўвесь далейшы шлях жыцьця. Хачу з Вамі, чытачы, падзяліцца адным з гэткіх успамінаў, аб падзеях, удзельнікам якіх быў тады і я, пішучы гэтыя радкі.

Ідэя незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны Беларусі ў нашых галовах нарадзілася і разьвівалася яшчэ да рэвалюцыі 1917 г. На сходах, на мітынгах, у прыватных гутарках яна заўсёды высоўвалася, але ажыцьцявіць яе тады яшчэ не хапала ў нас сілы, а тыя аргумэнты, якія былі ў нашых руках, мы лічылі яшчэ недастатковымі. Супраціў быў вельмі вялікі з боку ўсіх небеларускіх элемэнтаў, а асабліва расейцаў, якія ў Радзе Б.Н.Р. мелі сваіх прадстаўнікоў. Ды і сярод сябе мы мелі людзей, якія гаварылі, што яшчэ зарана падымаць гэтае пытаньне, што трэба да яго добра падрыхтавацца, усебакова разгледзець, зважыць і ўпэўніцца.

Але праца ішла, ня спынялася. Сеялася агітацыя, вялася прапаганда. Думка незалежнасьці ня сьціхала, а дзе толькі была магчымасьць пашыралася. Пішучаму гэтыя радкі прыходзілася не адзін раз выступаць сярод расейскіх эсэраў, сярод жыдоўскіх партыяў (Поалей Сіон, Бунд), польскай ППС і літоўскай (апошняя падтрымівала нас), ня лічачы украінцаў, якія ішлі з намі рука ў руку, плячо ў плячо.

Першы раз ідэя Незалежнасьці выказалася на спатканьні Новага Году 1918: “Беларуская Хатка”, апартамэнты якой не маглі зьмясьціць усіх жадаючых прыняць удзел у спатканьні, была першым гмахам, дзе была ў вузкім кругу беларускага грамадзтва абвешчана незалежнасьць Беларусі. У часе навагодніх прывітаньняў я на вялікім аркушы друкарскай паперы напісаў: “Няхай жыве Вольная, Незалежная, Непадзельная Беларусь!” і пусьціў для подпісу. Мігам аркуш быў запоўнены подпісамі і рознымі патрыятычнымі лёзунгамі. Варонка, Купала, Бядуля, Ядвігін Ш., Кудзелька, Галубок, Мамонька, Грыб, Смоліч, Рак-Міхайлоўскі, Ярушэвіч, Езавітаў, Жылка і шмат, шмат іншых, каля 70 асобаў былі ўдзельнікамі гэтае ўрачыстасьці. Па тэлефону прывіталі Я. Лёсіка і А. Гаруна з Новым Годам і паведамілі ім аб нашых подпісах. Яны ўмомант прыйшлі з свае кватэры і падпісаліся і прынялі ўдзел у агульным радасным сьвяткаваньні. Дакумэнт гэты забраў Я. Варонка, у якога ён, магчыма, і захоўваецца цяпер у Амэрыцы.

24-га Сакавіка 1918 году. 18 гадзіна. З усіх бакоў Менску у будынак на Захараўскай вуліцы сходзяцца сябры Рады Б.Н.Р. на чарговае паседжаньне. На парадку дня адно пытаньне: Абвешчаньне Незалежнасьці Нашае Бацькаўшчыны Беларусі. У поўнай цішы Старшыня Рады Б.Н.Р. Язэп Лёсік адчыняе паседжаньне. Усе радныя ў поўным зборы. Месцы для гасьцей усе шчыльна запоўнены. Па выпаўненьні фармальнасьцяў раздаецца ўрачысты голас Старшыні Я. Лёсіка: Слова для дакладу па адзінаму пытаньню сяньняшняга парадку дня – абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі – мае радны Язэп Варонка.

Паліліся поўныя запалу і веры ў нашую будучыню словы дакладчыка. Па пералічэньні і разглядзе гістарычных этапаў нашага народу і нашае Бацькаўшчыны, ён пераходзіць д геаграфічнага напісаньня нашае Краіны, сьцьвярджаючы факт, што ня гледзячы на шматвяковую няволю, наш народ захаваў сваю мову, культуру, звычаі і г. д. і што па свайму геаграфічнаму палажэньню мы творым асобную суцэльнасьць. Бурнымі, доўганямоўкнучымі воплескамі спатыкае заля апошнія словы дакладчыка. “Няхай жыве Вольная, Незалежная ў Яе этнаграфічных межах, Непадзельная Беларусь!” “Няхай жыве Беларускі Народ!” “Няхай жывуць усем народы, насяляючыя Беларусь!” Саля гудзела.

Пасьля кароткага перапынку пачаліся спрэчкі па дакладу. Усе беларускія партыі, як адна, злажылі дэклярацыі, падтрымліваючыя тэзы дакладчыка. З такімі-ж дэклярацыямі выступілі прадстаўнікі жыдоўскіх палітычных партыяў Поалей Цыон і Бунду, у якіх яны ад імя сваіх партыяў заяўлялі, што Беларускі Народ мае поўнае права кіраваць сваім жыцьцём і пастанаўляць аб сваім лёсе. Супроць даклада выступілі расейскія кадэты і эсэры, матывуючы сваё становішча тым, што адарваўшыся ад Расеі, Беларусь можа ў віхры палітычных падзеяў загінуць. Іхнія цьверджаньні былі разьбітыя выступаючымі сябрамі Рады. На гэтым месцы мушу адзначыць, што прадстаўнік польскае меншасьці ад ППС, сп. Прыстар, у сваёй яскравай прамове выступіў супроць кадэтаў і эсэраў. “Даволі – казаў ён – вы душылі нас, палякоў, і даволі вам душыць беларусаў! Настала пара, каб усе народы сталі вольнымі і жылі паводле сваіх традыцыяў і звычаяў!” Выступала яшчэ шмат прамоўцаў, якія падтрымлівалі прапанову, уносілі свае папраўкі і заўвагі. Каля поўначы Старшыня Язэп Лёсік па прапанове спыняе спрэчкі і ўносіць прапазыцыю выбраць рэдакцыйню камісію, якая-б апрацавала рэзалюцыю і Ўстаўную Грамату да Беларускага Народу. Прапанова аднагалосна прыймаецца. Выбіраецца Камісія, у склад якой уваходзяць усе прадстаўнікі партыяў і групіровак. Абвяшчаецца перапынак на поўгадзіны. Камісія пачала працу, а радныя, разьбіўшыся на групы, жыва дзеляцца ўражаньнямі сходу. Званок. Радныя займаюць свае месцы. Урачыстая цішыня. Аб працы Рэдакцыйнай Камісіі дакладае радны Язэп Варонка. Паліліся велічныя словы рэзалюцыі і Ўстаўной Граматы па салі, каб потым рэхам разьнесьціся па Беларусі і па ўсяму сьвету. Бурныя, доўнанямоўкнучыя воплескі і поклічы “Няхай жыве Вольная Незалежная Беларусь!” пракаціліся па яшчэ сонным Менску праз вокны і дзьверы, як толькі скончыўся даклад Я. Варонкі. Пасьля некаторых паправак пачынаецца паіменнае галасаваньне. Хоць мы былі і ўпэўнены ў добрых выніках галасаваньня, але сэрца неяк трывожна забілася: хацелася, каб усе прысутныя, як адзін чалавек, зьлілі з намі свае галасы ў адзін магутны голас вольнага ад сяньняшняга дня чалавека і нашай Вольнай Бацькаўшчыны, хацелася, каб усе тут прысутныя былі братамі роўнымі і адналькавымі ў нашай Маці Беларусі. Урачыстая хвіліна пачынаецца галасаваньне. І ў гэты ўрачысты мамэнт, калі аднагалосна была прынята Рэзалюцыя і была абвешчана Вольная Незалежная Дзяржава, у салю ўпалі першыя праменьні раньняга сонца. Яно абліло вясеньнім ясным сьветам залю, у якой, як на Вялікдзень у часе хрыстосаваньня, усе радныя аб[д]ымаліся і цалаваліся ад радасьці. І ў гэты мамэнт узышло Сонца Свабоды над нашай шматпакутнай Бацькаўшчынай.