На імперыялістычнай вайне (Гарэцкі)/Шпіталь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Абоз На імперыялістычнай вайне
Шпіталь
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Na_impieryjalistycnaj_vajnie.html
Пабыўка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Нага сагнута дугою, няможна ёю крануць, каб страшэнна не забалела. Пісаць забараняюць. Дый рукі не слухаюць. Нудна ляжаць у шпіталі, хоць і добра пасля пазіцыі. В

ечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою. А хто ж то цяпер камандуе батарэяй? Мусіць, капітан Смірноў.

Так было першыя дні ў шпіталі.

А потым — божа, як не хацелася паміраць! Чаму ад мяне хавалі, што могуць адрэзаць нагу? Што такое — глыбокая флегмона? Дагэтуль жа ўсё было добра. Чаму цяпер так скача тэмпература?

І сорам — гэты вечар перад аперацыяй… Дзікі боль і дзікі плач, і крыкі дзяціныя, няшчырыя, хваравітыя:

— Дайце мне цыяністага калію. Я не магу так мучыцца! Я не магу! Я не хачу! Ратуйце!

І слёзы пад нацягненаю на голаў коўдраю. Далі не цыяністага калію, а брому. Потым старшая сястра ласкава саромела:

— Эх вы, інтэлігенты!

Праўда, сорам: мог бы болей быць цярплівым.

І аперацыя… Страшна. Будуць рабіць пад хлараформам. А што, як сэрца не вытрымае? Слухаюць — адзін доктар, другі доктар… Чаго яны маўкліва перакідаюцца вачмі? Сястрыца бразгае аперацыйным начыннем, раскладае нейкія бліскучыя ножычкі і ўсякія штукі. І яна ж нервуецца… дура!

Голы ляжаў на стале, у адной кашулі, без нагавіц. Тут сораму няма. Але ўсё ж брыдка… Сястра маладзенькая, харошая…

Паклалі на твар сетачку, запахла хлараформам, і ўзяла цікавасць, як гэта наступае той сон.

Мне здалося, што я апускаюся некуды, апускаюся, паляцеў…

— Лічыце да паўсотні, — кажа стары доктар.

— Адзін, два, тры, чатыры, пяць… І лічыў, і лічыў: пятнаццаць… дваццаць… трыццаць… трыццаць адзін, трыццаць два… І думаў: «Вось, можа, і не засну… Яшчэ будзе клопат…» Толькі цела некуды ўсё глыбей і лягчэй ляціць, ляціць, ляціць… Прыемны і хваравіты лёгкі туман засцілае думкі… Уніз, уніз, уніз… Сорак два, сорак тры… Шэптам: сорак чатыры… Ледзьва чуваць: сорак… пяць… Канец.

Няма прытомнасці. Налічыў да 45 — і памёр. Так, мусіць, і паміраюць людзі, з такой жа паступовай утратаю прытомнасці.

Калі цела рэзалі вострымі нажамі, калі перабіралі шчыпчыкамі жылы, калі скрозь дзірачкі ў жывым мясе працягвалі дрэнажныя трубачкі, калі забівалі ў раны тугія тампоны, — мычэў і сціхаў. І слухалі часта сэрца: ці б’ецца?

Потым белага, бескрывянога, але жывога, завезлі ў палату і палажылі на старое месца. Было мляўка, нудзіла — і лёгка прыемна. Аперацыю зрабілі.

— А дзе ж тая куля? Дасталі?

— Маўчыце, не размаўляйце! Пасля!


* * *


І так дзень па дні…

І дзень за днём.

Я лепшаю. Я дужэю. Салодкая пакута на сэрцы і ўва ўсім целе.

Прыходзяць нейкія дамы-дабрадзейкі. Прыносяць гасцінцаў: яблычка, цукерачку, Евангелле. Не, дайце газету! Сумна ў газетах. Дзе ты цяпер, дарагая батарэя? Дзе вы, мілыя таварышы? Не тут, не тут, не з гэтымі дамамі-дабрадзейкамі і сястрыцамі мая душа, а там, там, у акопах. І мімаволі выступаюць слёзы. Трэба схавацца з гэтымі слязьмі. Тут, паміж гэтых ваяўніча настроеных жыхароў тылу, ніхто не можа ўявіць сабе, што перажывае батарэя. Яны пытаюцца і пытаюцца, як там нашым бедненькім салдацікам у акопах, але брыдка гаварыць з імі пра гэта. Адчапіцеся, адчапіцеся!

З дому пішуць: трывожацца, тата хоча прыехаць у шпіталь, Стахван даўно не падае вестак аб сабе, як яго забралі і многіх забралі, многіх, многіх, рады, што аперацыя мінулася, чакаюць дамоў, на каляды… Ых!

Тэмпература дагэтуль скача. Доктар клапатліва і нездаволена аглядае кожны дзень. Нешта не так зрабілі? Асколку ў назе не знайшлі, а дзе ж ён мог падзецца? Не вылез жа сам?

Я капрызны, дрэнны хворы, але што ж я вінаваты, калі гэткі час ляжу плазам і на 19-ты дзень па аперацыі ледзьва-ледзьва магу крануць нагою?

А гэтыя страшныя мукі на перавязках, калі мне ў жывым мясе працягваюць дрэнажныя трубачкі… Ых!


* * *


Палата невялікая, і ўсе ў ёй цяжкараненыя. Якраз супроць мяне —

Саксан, цяжкаранены салдат — немец з Саратаўскае губерні. Саксан усіх ненавідзіць і пасцелю сабе слаць дазваляе толькі няні ці той сястрыцы, што пісала лісты да яго родных пад яго дыктоўку. І што яму перасцілаць, і што яму падкладаць паветраныя пузыры, калі ў яго пролежань на пролежні і гніе ў яго мяса, дух цяжкі, аж дыханне сцінае, і толькі падскуранымі ўпырскваннямі, морфіем трымаецца чалавек… Ён памрэ. І ўжо перасталі шкадаваць яму морфію і даюць, абы ён маўчаў.

А ён часта не маўчыць, і як прыйдуць да яго, ён крычыць:

— Уцякайце ад мяне, а то як схаплю стул, дык усіх вас біць пачну…

Паміраў ён начою ў канцы лістападу. Гукнуў няню. І яна прыйшла.

— Што вам? — пытаецца, а сама баіцца, бачыць, што мітусяцца ў яго вочы.

— Прашчай! — хрыпла і няласкава шэпча Саксан. — Я папрашчацца гукнуў… — і падае няні руку з адных касцей.

— Не трэба рукі, — хрыпла шэпча і няня, а сама баіцца ўзяць. — Што вы выдумалі, вы яшчэ будзеце жыць.

— Не, не мані… — і дастае з-пад падушкі два срэбраныя рублі.

— Не трэба мне… Нашто вы мне даіцё?!

— Не дуры, няня… бяры. Дай піць…

— Ну, схаваю, але аддам, як устанеце на ногі, — і падае вады. Налівае з графіна, і графін барабаніць аб шклянку, трасуцца яе рукі.

Я гляджу і думаю: «І нашто яно гэта? І што ж гэта такое? Жыў чалавек — і памірае. Проста ўсё. І няма нічога вышэйшага… І вечная загадка… А я вось папраўляюся, буду яшчэ жыць». І сорамна мне. І чую: хляхоча вада ў Саксанавым горле, — памірае. Ы!


* * *


І так дзень па дні…

Прыходзіць няня, пачынае гаманіць. А на ложку, дзе быў Саксан, цяпер ляжыць хворы на грудзі, надоечы прывезлі з аўстрыйскага фронту.

Няня спамінае Саксана, спамінае два рублі, што даў ёй перад смерцю.

— Як даў, скора і памёр. А перад тым сабака на вуліцы выў. Саксан ведаў, што памрэ. Бывала, прынясуць яму падушачкі дыхаць, дык ён як кінець: «Што вы мне даіцё іх? Усё роўна я памру…» Усе яго дужа жалавалі. І ўсе сёстры дужа плакалі… У старога доктара рука цяжкая, — паніжаным голасам прызнаецца няня. — Пасля яго апярацыі то найболей паміраюць. А ў чорнага рука лягчэйшая.

— Мяне рэзаў чорны, а чаму ж няма папраўкі?

Няня смяецца.

— Цераз месяц скакаць на ігрышчы будзеце. Уся ваша хвароба ад думак. Меней думайце.

Потым уздыхае:

— Усяк бывае… Я тут ужо многа чаго нагледзелася. Адзін надоечы на вуліцы памёр, як разгружалі з вагонаў. Другога прыняслі да нас, пажыў мінуты тры, папрасіўся на басон і на басоне сканаў. Я басон дзяржала, — аж страх… Адзін во тут, побач з вашым ложкам, ляжаў. Рука ў яго. Як прысталі, як прысталі: у вас будзе антонаў агонь, ніяк няможна, мы вам адрэжам. І ўмовілі. Памёр пад нажом.

Прыходзіць сястра і далікатна высылае гаманлівую няню з нашай палаты ў «лёгкую».


І так ідзе дзень за днём, ноч за ночай. Нага сагнута дугою, і я ўсё яшчэ не магу ёю крануць без страшэннага болю.

Пісаць забараняюць, дый рукі не слухаюць.

Прыязджаў з батарэі і быў у мяне падпрапаршчык С. Камандуе цяпер капітан Смірноў. Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою.

Па загаду капітана Смірнова ўсе мае запісы мне з батарэі высланы. Дзякуй яму. Прывёз падпрапаршчык С.

С. мне з радасцю і шчыра пахваліўся, што заходзіў да жонкі аднаго свайго прыяцеля, таксама падпрапаршчыка, які цяпер на вайне. Яна дужа добра прыняла яго, частавала, гарбатаю паіла, прасіла, каб болей казаў пра мужа, пра вайну — і з вялікае ласкі запрасіла яго начаваць у яе і спала з ім, усё гамонячы.

— Слаўная жанчына! На рэдкасць! — казаў С.

І мне гэта не было прыкра і нават падабалася.

Кожную ноч сняцца сны, што я ў батарэі, што нас абстрэльваюць, канец, канец… Тра-та тах! — над галавою. Кідаюся ў акопчык. Чую: па спіне, па назе сыплюцца палючыя, дробненькія ўдары куль. «Раніла! Ці не ў жывот? Можа, я ўжо паміраю?..» І прачынаюся ў страсе.


Смяротная нуда… Сястра спыталася ў мяне, ці хачу я вярнуцца на пазіцыю. Ад гэтых разумных сёстраў жыцця няма. Здаецца, у газетах, праклятая, піша. Ваяўніча настроена… Ну, ідзі сама, ваюй.

А ў другой палаце гаманлівая няня распусціла язык аб некім: «Памрэць… Няма што гаварыць. У гарачую ваду доктар пасадзіў».


Суседу майму сёння рабілі аперацыю: адрэзалі руку. Усю ноч не даваў спаць, а перад тым ляжаў цэлы дзень як мёртвы. А цяпер: «Братцы!.. За родзіну!.. Асцярожна!.. Кінем ранцы!.. Камандзір палка… братцы!..»

І калі ён крычыць, мне сніцца: страшны грукат ад разрыву снарадаў. Кулі сыплюцца ў нагу, як іголкамі хто коле…

Потым сніў хворую маму. Прачнуўшыся, не мог стрымаць слёз.

Дзесяткі раз сняцца белыя гнілыя яйцы, зялёныя дулькі, чырвона-чорныя сліўкі. Рана яшчэ гнаіцца.

Ездзіў з сястрыцаю ў рэнтгенаўскі кабінет. Свежае марознае паветра ахмяліла мяне.

Людзі бягуць і едуць па вуліцы, там дзесь пяюць, іграюць, спраўляюць каляды. Цяжка тут уявіць батарэйнае жыццё.

Мой аўчынны кажушок такі брудны і, галоўнае, страшна смярдзючы.

Мяне адпускаюць дамоў! Далоў нуду! Хай красуе жыццё!

Не… нудна. Рана не гоіцца, асколак сядзіць у назе, а я мушу сядзець у шпіталі… Будзь проклята, вайна!


* * *


Пяты месяц вайны. Людскі статак не паспеў яшчэ ацверазець ад патрыятычнага чаду, і шыкарныя N-скія фабрыканціхі і самавітыя купчыхі навыперадкі бавяцца ў дабрадзейнасць. Частуюць «бедных салдацікаў» гасцінцамі з сваіх уласных фабрык і пытаюцца ў іх аб вайне. З асабліваю прыемнасцю слухаюць пераказы аб штыкавых баях. Малапісьменным і бязрукім пішуць лісты. З далікатнаю на выгляд пакораю адукаванага чалавека спісваюць яны салдацкімі паклонамі ажно чатыры старонкі…

Ціха і супакойна ў палатах перад самым вечарам, — такім часам, калі з мутнага зімовага надвор’я паўзе ўжо скрозь падвойныя рамы нявідны сумны змрок.

Раненыя спяць або ляжаць бязмоўна ў думах. Прыгожая пустэча ахінае чалавека.

Але паляць электрычнасць, і знікае панурая цямнота, і ў светласці ажываюць гукі. У зале — галасы, і нават смех, і размова аб калядных падарунках.

Зялёная пахучая хвойка ад самага рання стаіць у зале, ды яе не прыбіраюць, бо яна не ёсць дазволена, хоць і не ёсць забаронена нейкім цыркулярам духоўнага ведамства, як звычай, пераняты ад немцаў.

Сёстры бегаюць з кісетамі, падобнымі да тых, што ў іх носяць мужыкі табаку і прылады курыць: крэсіва, смолку і трут. Кісеты сцягнуты шнуркамі, у іх уторкнуты невялічкія хваёвыя лапкі, і бакі вабліва распіраюцца.

Як толькі я выкалдыбаў на сваіх трох скрыпучых кастылях з палаты ў залу, дык і мне сястрычка Пудра паднесла кісецік. І я браў яго, аглядаючы фальшыва-безуважна, а з праўдзіваю цікавасцю да таго, што ў ім ёсць, і дзякаваў для прылікі.

Пакруціўшыся ў зале, я незабавам закульгаў у сваю блізу пустую пасля апошняй эвакуацыі палату. І сеў сабе на сваё ложка, хоць і балела троху нага, калі сядзеў. І адчыніў кісет. Наверсе ляжала кніжачка запісваць, а ніжэй — яблык, салодкія асушачкі, цукеркі і арэхі.

Як заядлы смакунец, зараз узяўся есці. Еў-еў, і ўсё карцела есці. І думаў: «У мяне такая благая натура, што як бачу ля сябе салодкае, дык ніяк не ўцерплю, пакуль не з’ем усяго чыста».

І так праходзіў той дурны святочны вечар: у пустых размовах і ў паяданні салодкага і запіванні вадою.

А потым балеў жывот. І я аддаўся сумным разважанням, што не кожны можа дастаць сёння кісет такі, як гэты, што на пазіцыях сцюдзёна, што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок, што ў гэту проклятую нешчаслівую гадзіну заліт ён скрозь слязьмі, спавіт галечай, абязвечан, абяздолен.

Я думаў аб сваіх братах-сялянах.

— Што вы гэтак засмуціліся? — спыталася сястрыца Пудра, і той жа час пачырванела, і ў дол утупіла свае вочкі, абпушаныя стральчастымі расніцамі. Яна сентыментальная і часта чырванее, і часта абпраўляе сваю белую намітачку, і, мусіць, хоча замуж.

— Не кожны можа дастаць сёння кісет, а на пазіцыях сцюдзёна, — адказаў я і зморшчыўся і скорчыўся ад болю ў жываце.

— Так… вайна, вайна… жах, — уздыхала і сястрыца Пудра, а я няўважна слухаў, бо ўсё чакаў і думаў, калі ўжо яна выйдзе з гэтае палаты ў якую другую, а я таксама выйду за патрэбай, каб перастаў балець жывот.

А сястрыца Пудра прыхінулася на ўскрайчык майго ложка, паглядзела на мяне смяшлівенька-прычэпліва, гуляючы са мною вочкамі, і паважна заўважыла:

— Вы павінны цяпер запісаць у гэтай кніжачцы фаміліі ўсіх нашых сёсцер.

— Ведаеце, кніжачка такая элеганцкая, што неяк шкода яе пэцкаць…— бухнуў, не падумаўшы, ці можна так казаць.

Сястра пакрыўдзілася дужа. І пайшла. А ў мяне і ў думцы не было яе крыўдзіць. Было прыкра за мімавольнае прастацкае слова. «А… сказаў, дык і сказаў!» Укрыўся коўдраю, падцягнуў пад саменькі жывот здаровую нагу, адвярнуўся ад святла і сцішыўся.

Выхадзіць — не хацелася ўжо турбавацца, пастанавіў, што боль і так пяройдзе, за ноч бруха памякчэе.

На тым і задрамаў, падумаўшы толькі: «А ўсё ж я дужа яшчэ хворы».


— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

У вялікую палату, дзе месцяцца здаравейшыя, хадзячыя, любяць усе схадзіцца з розных палат. Там часта бывае бяседа. Кожны стараецца пераказаць якую-небудзь забаўную гісторыю ці пасмяшыць усю кампанію якім-небудзь жартам. Там жа ляжыць адзін дужа тыповы служака, унтэр-афіцэр з трыма Георгіеўскімі крыжамі, якія заўсёды прышпільвае на халат, і ходзіць і ляжыць у халаце ад самае раніцы да познага вечара, аж пакуль раздзявацца нанач. У яго бравы салдацкі выгляд, валасы на галаве каротка абстрыжаныя і спераду стаяць вожыкам, а бялявыя вусы — старанна падкручаныя, быццам шыльцы. Як і ўсе такія салдаты, герой, між іншым, выстаўляецца перад другімі пехацінцамі сяброўствам з артылерыстамі і сваёй вольнасцю з казакамі.

Калі ў наш шпіталь прывезлі маладога панурага казака, віхрастага бландына з адсечанымі пальцамі на правай руцэ, і калі ён пачаў пасля аперацыі хадзіць у вялікую палату гуляць у шашкі, герой заўсёды, як толькі пакажацца ў дзвярах даўгая віхрастая постаць і перад ёю абкручаная белым рука на падвязцы, голасна і тэатральна крычыць яму:

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

Казак — маўклівы, пануры дзяцюк, і гэтая акалічнасць трохі асаджвае героя назад на ложка. Аднак, усеўшыся як мае быць для даўжэйшае размовы і паправіўшы адной рукой халат свой і крыжы (другая па локаць адрэзана), ён пачынае столькі гаварыць, што паспявае і за сябе і за казака. Розных гісторый для бяседы назбіраў ён за час вайсковага жыцця вялікі запас. Праўда, некаторыя, што найболей яму даспадобы, пераказаў у гэтым шпіталі па колькі ўжо разоў, але ўмее, калі хоча, пацешыць грамаду, сплясці заўсёды што-што і новае.

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

З тых слоў пачынае герой сваю размову і тады, калі ў гісторыі фігуруюць казакі.

Слухачы цясней падходзяць да паведача, асабліва апалчэнцы і наогул усякія «маладыя», «шэрыя» і «шляпы», з пачцівасцю глядзяць на героя, а ён, накруціўшы цэлаю рукою свае бялявенькія шыльцы і па-забіяцку крутнуўшы ўгору галавою, кажа сваёю маскоўскаю скорагаворкаю:

— Я бумажки в оба кармана… Казак тоже… «Много ли?» — грыт… Сочли: у меня 870, у него тоже… рублей 900.

Быўшы родам з-пад Масквы, чалавек гэты страшэнна брыдка лаецца, або, як кажуць салдаты, «мацярыцца».

— Лоўка! Вось гэта лоўка! — пачціва і радасна хваляць яго з грамады, а ўся салдацкая грамада ў такі момант вельмі рагоча.

— Але чаго ж вы к пану прычапіліся? — чуецца тым часам у канцы ціхі голас.

Панам маскаль кліча паляка і беларуса, а тут, у пераказе, ім быў нейкі крамнік у глухім польскім мясцечку.

— Прычапіліся чаго? — паўтарае пытанне з іроніяй у голасе апавядальнік.

— Ах ты, шляпа! — ласкава, для красамоўства лаіць, павярнуўшыся, таго, хто ў яго аб гэтым запытаўся.

— Вядома, шляпа! — ізноў вялікім рогатам стараецца пасведчыць грамада хворых і раненых салдатаў, што ўсе яны, апроч таго аднаго, не «шляпы». І троху сцішыўшыся, не падбіраючы рассыпаных шашак, ізноў з пільнасцю глядзяць усе на рот і на бліскучыя, два белых, адзін жоўценькі, крыжы.

— Мы і не думалі чапіцца: пан прычапіўся сам да нас! — павялічыўшы іронію, з большай прыемнасцю пераказвае ранейшае герой. — Нас, знацца, сабралося траёх: два казакі і я. Зайшлі ў краму к пану, набралі ўсяго чыста, чаго толькі хацелі: папярос, асушкаў, шакаладу. «Ты не плаці, бо ён за ўсіх заплаціць», — гаворыць мне адзін казак на другога таварыша. А той спачатку ля дзвярэй стаяў, на вуліцу глядзеў. «Добра!» — думаю сабе ды ўсё піхаю ў клумак, абы ўлезла. Падышоў, кінуў той казак на прылавак колькі там капеек… Вось тады наш пан завыў!

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў? — з вудаллю пытаецца ён ізноў у панурага казака, калі падбіраецца да фіналу гісторыі.

А той маўчыць, толькі для ветласці ківае прыхільна галавою.

— Пан наш вые, халяруе! А вось адзін казак як схопіць з похвы шаблю, як замахнецца, — прыпёр пана да сценкі. «Молчать!» — грит… Заняло ў пана духі. Тады яны ўсё ў мех, у мех, у мех. Адзін сабе на плечы, — айда ў сотню. А гэты, што застаўся, як схопіць лом у рукі, як бухне, братка мой, па грашавой касе, аж пыл, аж дым, куды там! Разбілася каса. «Не зявай……..!» — крычыць мне мой казак. Палічылі: у мяне 870, у яго таксама рублёў 900. Чуем, нехта ідзе. Кінулі, бяжым на вуліцу. Га! — бягуць нам на падмогу… Чорт вас дзяры, лупіце, а з нас даволі! Ціхім трактам — далей, далей… Дагнаў я сваю часць. А цераз колькі дзён, слава ці, госпадзі, мяне і раніла ў нагу, першы раз. Лячыўся ў Багародску, выпісаў у шпіталь жану. Пераначавала, грошы аддаў: едзь сабе, галубка, з богам!..

— Лоўка, вось гэта лоўка!

— Як каму ручыць…

Усе рагочуць.


* * *


А таму хвораму на грудзі, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у больніцы для псіхічна-хворых, чым тут, у нас. Ляжыць ён на Саксанавым месцы.

Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:

— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

На выгляд гэта ёсць даволі здаровы мужчына. Ён сярэдняга росту, добрага складу, шыракаплечы, і грудзі ў яго звычайныя. На твары ніякай хваравітасці не відаць, — пэўна ж, калі ўважаць на тое, што чалавек прыехаў не з гасцей, а з акопаў. І толькі ў вачах гаротніка ё штосьці такое, што выдае і цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзіцца да іх, і тады відаць у іх боль.

Дзіўная гісторыя выйшла з гэтым нешчаслівым чалавекам.

З пэўнасцю можна сказаць, што да вайны ці, лепей кажучы, да мабілізацыі — Рускі быў звычайным земляробам Магілёўскае губерні: быў здаровы, але крышку павольны; здольны ад прыроды, але цёмны, грубы. Апрануты па-салдацку, ён нічым не змяніўся, толькі прытарнаваўся да свайго новага жыцця.

І на пазіцыі, у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту, болей за другіх сваіх таварышаў любіў Рускі туляцца па пустых, кінутых сялянскіх дварах і поркацца там, шукаючы пажытку.

Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытых акопамі палях, знаходзіў пустое бульбянішча — капаўся там сваёю маленькаю пехацінскаю лапатачкаю дзеля якога дзесятку непадабраных гаспадаром і свіннямі бульбін. Хаця яму за гэта дакаралі, не кідаў свайго блукання ў цёмным полі, і тая памаўзлівасць згубіла яго.

Аднойчы Рускі, няўпрыцям для самога сябе, забрыў лішне далёка ў бок аўстрыяцкіх пазіцый, за сваю перадавую старожу, і так забавіўся, шукаючы пажытку, што было ўжо зусім цёмна.

Троху спалоханы, асцярожна плёўся ён назад, заткнуўшы лапатачку за пояс і маючы ў адной руцэ кацялок з накапанаю бульбаю, а ў другой — стрэльбу на ўсякую неспадзяванку.

Толькі ўзняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як знянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк… Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, таксама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга.

Аўстрыяк тады першы кажа:

— Руськый! Я маю горілку…

— Я табе нічога не зраблю! — адказаў Рускі зусім лагодна, і смела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.

Аўстрыяка таксама падняўся, разы два ступіў і падаў руку. Ворагі прывіталіся, як даўныя сябры. Потым ізноў селі, толькі ўжо побач — і стрэльбы паклалі, кожны пры сваім баку.

Хаця блізу што зусім не гаманілі, бо языкі варочаліся туга, дый мала чаго яны разумелі ў словах той таго, але так выйшла неўзабаве, што выпілі аўстрыякаву гарэлку, заелі яго падсітным хлебцам і закурылі па кручонцы з махоркі Рускага. Гарэлкі было — адно толькі званне: па чарцы, можа, ці па дзве на брата. Пілі набгом — спярша аўстрыяк, а тады Рускі. Калі зрабілі ўсё і трэба было расхадзіцца, пачулі нейкую прыкрасць. Ды аўстрыяк падбодрыўся і сказаў:

— Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся.

Рускі паскроб ля вуха, як бы й запраўды разважаў, што тут рабіць. Паглядзеў, задраўшы галаву, і адказаў:

— Не, братка, ідзі сабе да сваіх.

Аўстрыяк быццам трохі, нябачна, замаркоціўся. Але падаў руку. Рускі паціснуў яе. І завярнуліся ў свае бакі.

Аўстрыяк адыходзіў шпарчэй. Рускі павалюхаў марудна і няскладна, як мядзведзь. Яго прыціснула тое, што не меў часу падумаць, як гэта што было. Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. І раптам бліснула яму ў галаве, і ён, каб не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: «Э, што ж я за ваяка». І не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве… Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум паціснуў пальцам:

— Тах!

Гул быў глухі і невялікі. Аўстрыяк спачатку зарыўся носам і бразнуў бляшанаю пляшкаю, з якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу. Потым перавярнуўся тварам дагары — і вельмі жалосна і з працягам застагнаў.

Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:

— Шчо ж цій москаль наробыв… Зостанэцьца моя жынка й діты…

Безнадзейная крыўда чулася ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што смяротная пялёнка, як у той курыцы, засцілае яго жаўтавыя бялкі.

— А колькі ж іх маеш? — з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаванне, агледзеўся наўкол, у ночным змроку.

— Ді-ты…

Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў.

Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. І зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і зноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся… Схапіў кацялок з бульбаю ў адну руку, дзве стрэльбы за раменне — у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу, да сваіх.

У роце яму не далі веры, што забіў аўстрыяка, і думалі, што прост у полі дзе знайшоў гэтую аўстрыяцкую стрэльбу. Але, праўда, была яна нядаўна ношаная, «цёплая» і пачышчаная. Можа, і забіў?

Толькі чалавек з таго часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскіненымі нагамі і рукамі… Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл.

Тут не ведаюць, як яго разумець. Доктар Гэрмэер, немец з Дзвінску, якога мы ўсе не любім, лічыць Рускага за прыкідаку, іначай не заве, як «сімулянтам», і нават у вочы яму кажа:

— Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.

Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, з-пад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:

— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

— Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы да другіх хворых і раненых.

«Не столь важна! Не вельмі важна, гм!» — думаю сабе я.

Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліваўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць…