На імперыялістычнай вайне (Гарэцкі)/Дзённік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мост На імперыялістычнай вайне
Дзённік
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Na_impieryjalistycnaj_vajnie.html
Роў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




24 ліпеня.

Выехалі з мясцечка. У паход, на граніцу. Перад тым — малебен. Прамова папа і генерала. Афіцэры ўсе перацалаваліся. Салдаты крычалі «ўра». Я маўчаў.


25 ліпеня.

Едзем. Адзін ездавы трапіў пад кола гарматы і зламаў нагу. Кажуць — наўмысна. А што, каб і мне так? — думаю.

Камандзір аддаў загад, каб мы, тэлефаністы, стаялі з сваімі двухколкамі і чакалі. Стаім ля саду. Вісяць над галавою вішні. Прыбягае паручнік Пупскі. «Чаму не адпрагаеце?» — «Камандзір не загадалі, ваша благародзіе!» — «Што вы… дзетачкі? Адпрагаць!» І аблаяў астатнімі словамі, а чорт ведае за што.


27 ліпеня.

Два дні робім акопы. Я бачу ўсё гэта першы раз у жыцці. Памагаю, але нясмела. Камандзір заўважыў — і аблаяў мяне.


28 ліпеня.

Акопы… Учора памыўся дажджавою вадою, што нацякло занач на брызенты на двухколцы. Сёння зусім не мыўся. Варочаемся ўсю ноч, як сабакі, пад гэтымі брызентамі. Украінец Яхімчык, новы наш запасны, кажа так: «У мэнэ собака… Я ёму будку іздэлаю…»


29 ліпеня.

У мяне ўкралі каробку кансерваў. Думаю на Яхімчыка, але маўчу. А ён моліцца богу, адвярнуўшыся на садок, на вішні.


30 ліпеня.

Няма часу. Робім акопы.


1 жніўня.

Выехалі. Праехалі Сімна, Красняны. Прывал. Абедаем. Сяляне-жмогусы раздавалі сала і хлеб. Я саромеўся падысці. Вельмі шкадую. З’еў тое, што даў Пякельны, і пайшоў купляць, але не прадалі.

Увечары на прывале Лабкоў палез на вішню. Камандзір пабачыў у акно і выскачыў з хаты. «У морду цябе біць? У паходзе першае: абывацеля не крыўдзі!..» І трах! трах! яго то з таго боку, то з другога. Мне казалі, што камандзір наш б’ецца, ды я не меў веры. Бачу. Нервовы ён: зазлаваўся, аж пена забіла з вуснаў.

Мы даўно стаім, а хвост нашае калоны ўсё яшчэ цягнецца міма нас на прывал да розных хутароў. Пяхоты — без ліку. Як яны змарыліся! Балазе я ў артылерыі.


2 жніўня.

Выступілі ў 7 1/2 раніцы. На дарозе, выстраіўшыся ў калону, чакалі нечага аж да 9 1/2. А падняліся — па загаду а 6-й, а сапраўды яшчэ раней. Хто гэтаму вінават? Начальнік калоны? Дрэнна…


3 жніўня.

У паходзе. Недалёчка граніца. На небе пачынае хмарыцца. Прывал. Даўгая шэрая стужка, расцягнутая па дарозе на колькі вёрст, села на зямлю. Проціў шэрсці гэтай стужцы, ціснучыся з другога боку дарогі, пляцецца нямецкая калымажка з паркаю фыжанькіх стрыжаных коні. Кіруе рыжавусы, збялелы, як палатно, немчык у чорным, хатняга вырабу гарнітуры, у сіняй камізэльцы з доўгім радам бліскучых гузікаў. Побач з ім сядзіць грузны пехацінец канваір, паставіўшы стрэльбу прыкла-дам паміж ног. Наш камандзір прапускае калымажку зырка, пытліва і троху пагардліва. Немчык дужа просіць канваіра, каб дазволіў застанавіцца. Той дабрадушна пасміхаецца і не пярэчыць. Немчык вылятае з калымажкі і кідаецца к камандзіру.

— Ваша дзіцтва!! — ловіць ён камандзірскую руку з зямлі, з каленяў, каб пацалаваць.

— Пшоў! — з нейкай зларадаснай нялюбасцю да немцаў вугнавіць горда падпалкоўнік і, адхінуўшыся, задуманы пазірае цераз нашыя галовы ў няведамыя далі.

Падыходзіць артылерыйскі кандыдат і пытаецца ў немчыка па-нямецку. Той зноў ахопліваецца надзеяй і з жалкім агнём у вачах гаворыць, гаворыць, збіваецца і ізноў гаворыць…

— Я не шпіён… Я рускі, хоць і немец… Рускі немец… Не хачу расстрэліцца. Ехаў толькі да касцёла…

Дрыжачымі рукамі дастае з калымажкі, з сена, вялікі румяны яблык і дае кандыдату. Яблык валіцца на зямлю, у пыл… Яго ловяць колькі рук, а гэтым часам салдацюга-кастраміч вокае:

— Попалсся-то! А кговоріл: нашы вашых-то как мух подавят…

— Зямляк! Ці я гэта казаў?!

— Па ко-онях! — разлягаецца каманда, і кучка рассыпаецца ад калымажкі, шэрая стужка-змяя варушыцца далей…

Неба хмарыцца. Прывал блізка Эйдкунена (Вержбалова, Кібарты). Відаць пажар. Пайшоў дождж. Ізноў вязуць таго немца. Сагнуўся, збедніўся і пакорна кіруе коньмі. Па баках — два салдаты з вінтоўкамі! «Яго могуць павесіць!» — сказаў нехта з начальнікаў.

Дзесь далёка як бы страляюць?.. Казакі гоняць нямецкую скаціну. Яны хваляцца: «Па нас кулі ум-ум-ум! Старыя немцы просяць, а мы не кідаем, гонім». Падпаручнік Іваноў з прыемнасцю і патураннем у вачах слухае казакоў і глядзіць на гладкіх, чыстых нямецкіх кароў з вялізарным вымем.

— Ты, брат, не рыкай тут у нас! — сказаў на неспакойную карову і пачырванеў.

Следам за казакамі бягуць нейкіх два кані без сёдлаў. Аднаго, добрага, каня з-пад забітага нямецкага афіцэра казакі вядуць на повадзе з сабою. Вось яшчэ казакі — гоняць бараноў і бычка. Рабаваты, віхрасты казак падганяе бычка бізуном. Бычок задзірае галаву і раве благім матам. «Ён чуе незнаёмы гоман… Да непарадку не звычны», — жаласліва ўзіраецца на яго запасны барадаты пехацінец.

— Бу-у-ух!! — першы гарматны стрэл.

Усе троху вясёла, троху трывожна азіраюцца. Усім цікаўна. Пачынаецца нейкая нервовая беганіна. Тэлефонныя двухколкі заязджаюць за хутар. На падворку лямантуе баба хутарчыха. Стаіць, без каня яшчэ, вялікі воз, бегае заклапочаны гаспадар-жмогус. Зараз яны паедуць у тыл, уцякуць. Вержбалова нам не відаць, але дым сцелецца адтуль у наш бок. Горад запалілі немцы або казакі. Часам выбіваецца полымя. Дожджык сціх, і ледзьва відаць, як сыплецца марасіца. Гаспадар выязджае. Цямнее. Вечар. Ноч. Неспакойнае чаканне.