На імперыялістычнай вайне (Гарэцкі)/Варшлеген

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Роў На імперыялістычнай вайне
Варшлеген
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Na_impieryjalistycnaj_vajnie.html
Прывалы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




6 жніўня.

Увесь гэты дзень былі ў паходзе. Наша батарэя ізноў у авангардзе. Дагналі абоз нямецкіх мірных жыхароў. Глядзелі на нас варожа і баязліва. Едуць найболей старыя, жанчыны і дзеці. Вазы навалены ўсякім дабром, пры возе — карова з аграмадным вымем. Кожны воз — паркаю. Кіруе коньмі стары, седзячы спераду з піпкаю ў зубах; карову даглядае, седзячы адзаду, старая. Дзеці і дзяўчаты — пасярод, з катом ці з сабачкам. Дзяўчат прыгожых мала. Увесь абоз, па загаду начальніка штабу, павярнулі назад, дамоў, адкуль хто выехаў.

Праязджалі мы пустое мястэчка. На культуру завідасць глядзець! І жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнанні, дзікая-дзікая!

На вуліцы ляжаў у пылу труп маладога нямецкага дзецюка ў залапленым на локцях пінжаку. Пры ім — паламаны веласіпед. Кажуць, гэта — пераапрануты нямецкі разведчык, забіты казацкаю пагоняю. І ўсе мы ехалі міма так, паглядзеў і адхінуўся…

З аднаго дому выходзіць наш пехацінец. У руках банка мёду і стэарынавая свечка. Нашто яна яму? З-з ганку высунуўся стары немец, знімае перад салдатам віславухі капялюш і нізка кланяецца лысаю, з піпкаю ў зубах, галавою. Салдат гэты радасна смяецца. Агідна глядзець.

Ізноў дагналі яшчэ даўжэйшы абоз нямецкіх уцекачоў. Адна прыгожая немачка смяецца і плача на сваім возе. Старая, мусіць, маці, маўкліва аглядаецца на яе і старанна сморгае вяроўку, за якую прывязана вялікая, марудная карова.

Мы ідзём пад Кёнігсберг. Дзесь глуха аддаюцца гарматныя стрэлы. Там, кажуць, б’ецца наш 20-ты корпус. Відаць далёкае і светлае зарыва.

Павялі пад канвоем нашага пехацінца. Што такое? — Арыштаваны за грабежніцтва.

Часам вядуць палонных немцаў. Не глядзяць на нас, але на маленькім прывале я з адным разгаварыўся. Ён умее па-польску, — пазнанскі немец, а можа, анямечаны паляк. Калі яго канваір, віхрасты казак, адышоўся, ён сказаў мне:

— Вашы хахлатыя такое звяр’ё… (Так ён казаў пра казакоў.)

— А мы аб вас так думаем, — адказаў я ў тон.

— Нашто вайна? — сказаў ён, памаўчаўшы.— У Расіі і так зямлі няма куды дзяваць.

— Ваш кайзер абвясціў вайну.

— Не, ваш цар. А пан ест поляк? — з небяспекаю ў голасе дадаў ён.

— Не… Але не бойцеся мяне, бо я не хачу вайны.

— Рускі народ добры, а казак бывае розны, паправіў ён на ўсякі выпадак.

Вярнуўся казак, і я пайшоў к сваім, кіўнуўшы немцу галавою.

Прыехалі на прывал начаваць. Яхімчык раптам спомніў, што пражыў не просты дзень, а спасаўскае свята. «Жывэш, як нэхрісць, на цій войні…» Але раздабыў сабе яблык і, памаліўшыся, разгаўляецца. А Беленькі, наш бязбожны іудзей, дражніцца з ім: «Яхімчык! Ты аддавай мне свае порцыі мяса: табе ж спасаўкі, пост».

«А ты, дурныця, можэ й сала з’іў 6ы?» — агрызаецца Яхімчык. Ён яшчэ не ведае, што найсмачнейшая пажыва Беленькаму — якраз сала. «Зараз будзем есці й сала, друг Яхімчык! Зараз свінню закандрычым!» — вясёла бегае Беленькі. Салдаты ўжо ловяць кур, парасят на хутары. Нашы два тэлефаністы цягнуць добрага падсвінка, — не дарма ж мы ў авангардзе і тэлефаністы.

Але што гэта? Не паспеў Яхімчык дагрызці яблык, а нашы кухары-саматужнікі абсмаліць таго падсвінка, як усіх нас вялікаю трывогаю гоняць капаць акопы. Годзе пісаць!


7 жніўня, раніца.

Устаў у 5 1/2. Батарэя ўся на нагах і гатова к бою. Мы стаім у вёсцы Варшлеген. Трэба запісаць, бо давядзецца, відаць, не раз яе ўспомніць, калі буду жыў.


7 гадзін. Пачаўся страшны бой. Ці выйдзем жывы?


  • * *


8 жніўня, пятніца.

Вядуць і нясуць раненых немцаў і нашых. Збялелы, акрываўлены немец ківае галавою. Нешта перабіта ў яго шыі. Аднаго вядзе наш салдат, абняўшы, як дзяўчыну. Другога нясуць пяць нашых на руках. Яшчэ адзін ідзе шарпаючы па пылу, утупіўшы вочы. Перад афіцэрам — ува фронт. Палкоўнік яму па-нямецку: «Гут морген!» Палонны нешта кажа, але язык не служыць. «Ідзі, ідзі, галубе!» — махае палкоўнік рукою. Пайшоў, скародзячы нагамі.

Што было ўчора? Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма.

Я быў з камандзірам на наглядным пункце. Мяне старшы паслаў на вышкі глядзець у слухавое аконца.

Унізе, за дрэвам, стаяў камандзір з вугламерам, а пры ім у акопчыку сядзеў старшы з двума лепшымі тэлефаністамі.

Кулі засыпаюць наш дамок. Вецце на дрэве напалову пасечана. Камандзір толькі хрысціцца пасля кожнае каманды. Батарэя б’е і б’е бесперасганку. Я баюся… Я нічога не бачу скрозь запыленае з другога боку акенца. Згіну без усякае карысці. Кулі пабілі акенца, калі я трошку адхінуўся. Хаваюся за комін, трасуся, атупеў. Над самаю страхою трахнуў снарад. Ахоплены дзікім страхам, засыпаны чарапкамі ад даху, бягу наніз. Каменем валюся ў акопчык. «Смерць прыйшла», — шэпча адзін таварыш. Старшы гняўліва акідае яго вокам. А камандзір за тонкім дрэўцам стаіць, прыкуты ля трубы і вугламеру… Толькі хрысціцца часцей. Гэты чалавек мае нязмерную мужнасць. Я смялею. Кулі як бы трошкі сціхаюць. «Па наступаючай кавалерыі!» — праразлівым голасам крычыць камандзір, хоць мы за два метры ад яго. Жах вісіць у паветры. Батарэя грукоча з перабоямі: штось там папсулася, — о, няшчасце! «Другое аруддзе засыпана снарадам!» — чуем перарывісты голас па тэлефону. — «У пятым збіт прыцэл», О, няшчасце, няшчасце! Мы цішэем, а кулямёты застракаталі з усіх бакоў. Наўкол перабягаюць пехацінцы. «На вышкі!!!» — грозна роўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысціцца. Ізноў паўзу на вышкі, як загіпнатызаваны: смерць дык смерць, абы не мучыцца гэтак. О, не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя грэшнага! — і хочацца хрысціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам жа ў сто раз горш… Успамінаю родных. Мыслі блытаюцца. Во яно, акенца смерць… Разбіваю ўсё шкло са злосцю. Свежая відаль. «Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, снарады кладуцца па ёй!» — ашалелым, праразлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад? «Злязай, злязай!» — гукае мяне старшы. «Гарыць дом!» Так, дамок захапіўся ад снарада. Дым смярдзючы пхнецца ў рот. Злязаю… Камандзіра і тэлефаністаў няма. Дзіўлюся. Раптам бягу. Наганяю іх. Пад кулямі шыбка ідуць з трубою і вугламерам наўскоса вуліцы к другому дому. «Падбяры футляры, — спакойна кажа камандзір. — Яны засталіся каля акопу». Бягу назад, хапаю футляры, бягу ізноў даганяць іх. А дзе ж камандзір? Забягаю за дом, куды яны пайшлі, за добрыя мураваныя сцены. Іх няма, а стаяць два казакі з адным канём і кураць. Другі конь, мабыць, здохлы ці забіты, ляжыць гарою пасярод вуліцы. «Пабеглі на батарэю», — кажуць казакі. І мне трэба ісці туды, але я баяўся смерці; ах, як хочацца быць за гэтаю сценкаю… Бягу на батарэю, а яна была ў лагчынцы, за хутарам, сажняў дзвесце адгэтуль. Бягу, а кулі над галавою так і гудуць, як пчолы. Сеў я ў канаўку адпачыць трохі. Гляджу: аж у канаўцы, цераз усю лагчыну, шмат сядзіць пехацінцаў. Страляюць патроху, а часам лапатачкамі поркаюцца, з дзірвана перад сабою заслону насыпаюць. Тады я папоўз па канаўцы, мінаючы іх. Калі поўз, дык прыгледзеўся, што некалькі пехацінцаў дужа нерухома прытуліліся к насыпанай зямлі перадам… Забітыя! Страх апанаваў мяне, я ўсхапіўся і, сагнуўшыся, пабег на ўсю сілу. Прыбег на хутар, на двор, аж там поўна батарэйцаў нашых раненых; ёсць і пехацінцы, ляжаць усе на чыстай пасцеленай саломцы. Цяжэй раненых неслі ў хату. Ніхто не мог сказаць мне, дзе дзеўся камандзір, а батарэя ўжо ізноў страляла, значыцца, недзе ён выбраў новы наглядальны пункт і адтуль па тэлефону камандаваў. «Калі ж гэта паспелі кабель к яму працягнуць з батарэі?» — здзівіўся толькі я і пабег к батарэйным тэлефаністам. Каля першага аруддзя мяне пераняў голас белавусага капітана Дыямантава, сядзеўшага ля прыцэлу, прыхінуўшыся задам да сталёвага шчыта-заслоны. Капітана гэтага я рэдка бачыў, бо ён доўгі час быў не ў батарэі, а дзесь яшчэ, у абозе, ці што. «Вальнапісаны! — крыкнуў ён. — Збегайце ў рэзервы: чаму не прысылаюць патронаў, няма ўжо чым страляць». Я кінуўся назад, скрозь сад, туды, дзе стаялі перадкі. Там за капою саломы корчыўся ранены ездавы, а над ім стаялі збянтэжаныя таварышы. Я сказаў ім, што зараз трэба ехаць у рэзервы, а яны сталі даводзіць мне, што чалавека ім не хапае, няма як ехаць. Я, дурны, падбег назад к Дыямантаву і далажыў, што ездавыя кажуць: няможна ім ехаць, чалавека бракуе. «Шляпа ты! — злаяў мяне капітан. — Сам едзь або каго з санітараў пасадзі. Пшоў!» Мне было сорамна і крыўдна, што вымагаюць, як ад добра абучанага салдата, калі я яшчэ зусім слаба ведаю службу (прыехаў у батарэю месяц таму). Крыўду маю заглушыў страх, бо на мяне згары так і сыпалася адбітае кулямі з яблыняк дробнае галлё; ляталі кулі і ніжэй. Калі я прыйшоў, ездавыя ўжо паехалі без маёй помачы. Іх таварыш ездавы сканаў. «Трэба ж яго прыбраць», — падумаў я і скіраваўся ў хату, дзе быў фельчар. Санітар Лабкоў (што камандзір біў яго за вішні) захварэў, дык замест яго з санітарам Фельдманам, нашым беларускім яўрэем, па забітага хадзіў я. Няслі пад свіст куль, кульгаючы між кустоў па садзе, а здаўся ён дужа цяжкім. Фельдман агледзеўся, што нясём не жывога, а мёртвага. Мы быццам згаварыліся і вывернулі яго з насілак пад яблыню; скуліўся ніц, як цяжкі мяшок, а самі шыбка пабеглі… Век сабе не дарую гэтай маладушнасці, калі не сказаць — трусасці, дзеля якой зняважылі памяць таварыша. Потым фельчар паслаў нас па раненага нумара, на прозвішча Жукоўскі, к аруддзю падпаручніка Іванова. Падпаручнік бадрыўся і падбадраў сваю арудзійную службу. Убачыўшы нас, ён як бы вясёла кіўнуў мне галавою ад арудзійнага шчыта-заслоны, да якога туліўся плячмі, і нешта сказаў: «Нясіце, нясіце яго скарэй»,— ці што другое. Прынеслі ўдачна і паклалі ў хаце, на ложак. Фельчар зрабіў Жукоўскаму перавязку. Тады мы закурылі — фельчар, ранены Жукоўскі і я. А Фельдман ізноў некуды пабег глядзець, ці няма новых раненых. У хаце ляжаў, на ўздзіў мне, Шалапутаў. Месяц таму назад, калі я толькі прыехаў у батарэю, мяне змясцілі ў адной палатцы з Шалапутавым. У той час гэта быў адважны ваяка на словах, хваліўся, што ён бывалы, бо прысланы ў батарэю з Віленскае вайсковае школы за нейкія грахі, велічаў сябе «старым юнкерам», а мяне менаваў «шэрым», «шпаком», «шляпаю». Цяпер ён тут ляжаў. Здаецца, спаў… Ці прыкінуўся? Можа, ранены? А ён пачуў нашу размову і кажа груба і самаўпэўненым голасам: «Усіх нас забяруць… Бачыце, абходзяць кругом». Потым устаў, закурыў з намі і пайшоў у дальні кут пакою, адвярнуўся к печы і заняўся там лёгкаю фізіялагічнаю патрэбаю. «Што вы гэта, Шалапутаў?! — застыдзіў яго фельчар. — А яшчэ вальнапісаны…» — «Ды я ў печ, нічога…» — «І на двор не хоча выйсці», — заўважыў яму ранены Жукоўскі.

Пачуўшы аб панадворку, фельчар кінуў недакураную цыгару (усе нашы салдаты шмат набралі іх у разбітых крамах у мястэчку) і пабег з хаты. За ім пайшоў і я. О, колькі ж там было раненых!.. Стагнанні, кроў… Гляджу, ля самае сценкі ляжыць нехта з жоўтымі зубамі, скалячы іх ад мукі. Я адразу не пазнаў, і мне зрабілася так цяжка, што гэта быў слаўны, вясёлы наш Талстоў. Я хацеў сказаць яму што-небудзь, чуў, што трэба нешта сказаць, звычайнае, паўсёднае і таварыскае, але ніводнага гуку не выдавалі мае вусны. Талстоў паглядзеў на мяне… У галаве ў мяне праляцела, як аднаго разу, гуляючы па валу за горадам, я пачуў нейкі хрып у канаве, за кустамі акацыі, злез туды і ўбачыў здыхаўшага сабаку. Вочы ў таго сабакі былі як і ў чалавека, калі ён дужа трудзіцца ад болю і безнадзейнасці, чуе, што канае, смерць… Сабака схаваўся, каб ніхто яго не бачыў, і яму было прыкра, што я турбую яго апошнюю часіну, — ён балюча і нездаволена захрыпеў, скорчыўся… Такі ж самы погляд кінуў на мяне цяпер Талстоў, бамбардзір-наводчык першага аруддзя. Я ўлавіў, як і фельчар акінуў яго асаблівым поглядам, як глядзяць на людзей таго свету. Потым фельчар з найвялікшаю ласкаю і далікатнасцю падаў яму закураную цыгарку, бо ён папрасіў курыць. «За паўгадзіны памрэць», — шапнуў мне фельчар, калі мы адышлі ад яго. І праўда, калі я мінут цераз дзесяць ізноў прахадзіў міма, то ўбачыў, што ён, бедны, стаў сінець і па-мёртваму заплюшчыў вочы. Асколак гранаты пасек яму кішкі. Яшчэ цераз колькі мінут падышоў фельчар, палажыў руку на яго грудзі і потым пераксціў, як нябожчыка: «Каб не так быў наеўшыся ўчора рознай зеляніны, то, можа б, і вытрымаў», — сказаў ён. Гэтая смерць зрабіла на мяне гнятучае ўражанне, я нават стаў меней баяцца куль і снарадаў. А яны ізноў пасыпаліся. Адзін пялёхнуўся ў сажалку на самым падворку — і не ўзарваўся. Чорны дым ад снарадаў заслаў паветра і ўкрыў сіняе неба, дзе чыркала крыллем бесклапотная і смелая ластаўка.

Гляджу: гадзіннік стаіць на 11 1/2 — Шкло пабіта, стрэлкі пагнуты. Калі і дзе ўдарыў — не ведаю. «Ах, каб ужо барзджэй скончылася гэтае пекла!» — прашу я няведамую сілу. Сві-і-ж-ссь! — куля праляцела над самым вухам. Хаваюся за сценку. «Дзе ж нашы галоўныя сілы?» — стогнуць там запаснікі. Усе яны хочуць жыць, каб вярнуцца карміць свае сем’і і даглядаць гаспадарку. А я атупеў, страціў яснасць думкі і чуццё вайсковае павіннасці. Плятуся, як хворы або п’яны, у хату. Батарэя паліць адзіночнымі стрэламі. Няхватка снарадаў; чакаюць з рэзерваў. У хаце ўсе нервуюцца. Прынеслі яшчэ аднаго раненага.

— Шалапутаў! Уцякай, тут раненага пакласці трэба, — кажуць там.

Шалапутаў ляжыць, як калода.

— Ведаеце, я жаліцца на санітараў буду, — панура пагражае фельчар.

— Ну? На каго? — пытаюся, як бы мне дужа цікаўна.

— Фельдман… зусім не слухаюць мяне. У Лабкова жывот баліць. Лабкоў, — паварочваецца фельчар на Лабкова, — я на вас камандзіру далажу.

— Каллі лласка… — крывіць той грымасаю свой дзяціны, бязвусы твар. Боязнь смерці сцяла яго сваімі балючымі кіпцямі.

Прыйшоў ездавы Марчук, здаравенны мужычынішча з прыгожаю, але грубаватаю беларускаю гутаркаю. Ён кажа:

— Кудой плывець ераплант, тудой ён і шпокае. А ераплант круціцца над намі, як каршун над падлаю.

Ранены Грыгар’янц толькі нешта мармыча па-армянску.

Прыйшоў феерверкер Ціхаміраў і з сваёю кастрамокою грунтоўнасцю ўва ўсякай справе намякае нешта аб палоне. Няўжо палон?

— О, Вільгельма, Вільгельма! Бог цябе пакарае, калі ты вінават у гэтай жудаснай вайне, — уголас разважае Ці хаміраў. — Бедныя людзі…

Ад Ціхамірава я даведаўся, што камандзір сядзіць на страсе аднаго дому, надалёчка ад батарэі, і адтуль па тэлефону камандуе. Усе мы змоўклі, пераможаныя тым яго геройствам, і думалі, каб доля бараніла яго ад смерці. І ўжо хочацца верыць у дзівы. На маіх жа вачах адзін запаснік-пехацінец, стоячы ў садзе, дастаў з шапкі кулю. «Як жалудом з дуба шчоўкнула», — сказаў ён з усмешкаю. Магчыма, што кулю хто-небудзь кінуў на яго, а можа, была надта далёкая, саслабелая, і зачапілася ў шапцы, але ўсе запаснікі-расійцы пераксціліся, як на дзіва… Нехта нават буркнуў, што бываюць людзі, зачараваныя ад кулі, ды ніхто яго размову не падтрымаў, бо сярод шуму і гулу ад бою там было не да вялікае размовы. Усе парупіліся схавацца за рог пуні.

Так цягнуўся гэты бясконца доўгі дзень. Ізноў і ізноў лётаў над намі аэраплан. Пяхота наша, нявідная нам, заядла па ім траскатала з вінтовак, а ён сабе знай плыве і кідае нейкія гаручыя стужкі над саменькай батарэяй.

Падпаручніка Іванова раніла, і ен прыйшоў у хату на перавязку.

— Запісаць у кнігу прыкажаце, вашродзь? — пытаецца фельчар.

— Нашто ж?.. Я лёгка. А калі трэба, ну-ну, запішы. — І засаромеўся, і «вярнуўся ў строй» з нейкаю ўрачыстасцю, хоць не без трывогі.

Бой сціх увечары. Кажуць, на падмогу нам падышла з левага боку нейкая дывізія.

Арудзійная прыслуга так запрацавалася за дзень ля гармат, што некаторыя нумары з трудам паднімалі рукі і разлівалі страву з дрыжачых лыжак. Працавалі ад 7 раніцы да 9 вечара, без абеду, то зараджаючы гарматы, то падкапваючы хабаты, то што.

Пасля вячэры прыехалі пяхотныя санітары, і пачалося падбіранне трупаў і раненых па ўсім полі.

Наш камандзір прыйшоў на падворак, стаў ля хаты, дзе ляжалі забітыя на саломе, пераксціў Талстова і сказаў: «Царства нябеснае!»

У хаце ён пацалаваўся з кожным раненым, кажучы: «Поздравляю, брат, что удостоился пострадать за веру, царя и отечество!»

Пры гэтым панавала ўрачыстая ціша, у некаторых на ваччу стаялі слёзы. Нават мне было цяжка за сваю варожасць да ўсяго гэтага прыгожага самаашуканства.

Потым здарыўся нягожы выпадак з Шалапутавым. Выходзячы на двор, камандзір убачыў яго, ляжачага ў куце, у сенцах, прымасціўшыся на нейкіх дошках, на пасцеленым шынялі.

— Ранены, Шалапутаў?! Шалапутаў! — гукнуў яго камандзір.

— Гм-му-у…

— Ты ранен, Шалапутаў?

— Нікак нет… у мяне нага…

— Што нага-а? — і схапіў яго цягнуць.

— Баліць дужа… Ударыў неяк.

— Вот яшчэ, задрыпанец, — з глыбокай і сарамлівай пагардаю сказаў герой-камандзір і шыбка, як ад чагось брыдкага, выйшаў.

З афіцэраў у нас ранены яшчэ штабс-капітан Дамброўскі, але астаўся ў страі. А ў трэцяй батарэі забіты камандзір. Здаецца, я яго бачыў; гэта здаровы, дабрадушны мужчына-русак, з вялікімі рыжымі вусамі, на прозвішча Шылаў. Кажуць, канаючы, перад вечарам, ён пажартаваў з сваімі афіцэрамі, абступіўшымі яго: «Вот табе і Георгіеўскі крыж… Пастаўце хоць драўляны…» Трэба паясніць, што ён сваёй батарэяй нарабіў немцам такой шкоды, што яшчэ ў часе бою генерал па тэлефону сказаў яму: «Віншую вас, палкоўнік, з Георгіеўскім крыжам». Калі памёр, адзін салдат кінуўся яму на грудзі, цалаваў і плакаў. Ніводзін з бачыўшых гэта таксама не мог утрымацца ад слёз. А забіла яго куля скрозь акно на вышках, калі ён схапіў нейкія дзверы і загараджваў акно, робячы сабе наглядальны пункт. Забіты быў пад вечар, у канцы бою.

Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы.

Не маю болей часу пісаць, і галава баліць ад учарашняга грукату і яшчэ болей ад маёй уласнай нервацыі.

Пішу па абедзе, паправіўшы акопчык. Ціха, спакойна. Сядзім удваіх з Воранавым на тым самым наглядальным пункце пад дрэвам, ля згарэўшага дому. Смярдзіць ад пажарышча, вецер узнімае залу і пясок і сыпле на нас. Спаць хочацца, бо цэлую блізка таго ноч, пасля ўчорашняга бою, сядзеў я з Воранавым на гэтым пажарышчы. Ах, як холадна было нам. І скрозь цэлую ноч нямецкія пражэктары свяцілі на нас і сеялі неспакой.


  • * *


9 жніўня.

Канец учорашняга дня быў для мяне горкі. Старшы, смеючыся, скалоў мяне: «Вы таксама ў хаце хаваліся». Так, хаваўся… Няма як бараніцца. Я пачырванеў і маўчаў. Сёння мне весялей. Сон вярнуў мне сілу, і нейкі голас супакойвае мяне: ну і добра, што хаваўся, — ты яшчэ спатрэбішся для сваёй роднай справы.

Дык у нас, значыцца, сур’ёзная перамога. Немцы адступілі, кінуўшы многа забітых, раненых і зброі.

Сёння я прачнуўся на батарэі, каля ямы тэлефаністаў, ад светлага, цёплага жніўнага сонейка і шумнай спрэчкі ў хаце між афіцэрамі 1-га і 2-га дывізіёнаў аб трафеях.

Нож мой прапаў, і няма чым алавік застругаць для апісання афіцэрскае спрэчкі. Яна ідзе аб тым, хто збіў нямецкую 12-арудзійную батарэю, шалёна выехаўшую на голую пазіцыю, відную ад нас простым вокам. Наўкол пазіцыі гэтай няшчаснай і геройскай батарэі цяпер валяюцца парэзаныя шматы коней і людзей, кучы забітых снарадамі і задаўленых гужамі коней, агідныя і страшныя груды людзей з адарванымі рукамі, раскіданыя рэчы. Зарадныя скрынкі паўзарваны, пагнуты, пакамечаны, як папера ў жмені, некаторыя раскрэмсаны літаральна ў шчэпкі.

Прадстаўнік першага дывізіёну, худы і чорны, вусаты капітан, як відаць, новы, камандзір 3[-й] батарэі, са слязьмі на вачах клянецца, прысягаецца, што батарэя збіта ім, не паспеўшы выехаць і зрабіць 3—4 стрэлы з 2 аруддзяў.

Афіцэры 2-га дывізіёну, прыйшоўшы ў госці к нашым (я служу ў першым дывізіёне), спіраюцца… Іхныя батарэі стаялі далёка справа і ззаду ад нас, і нават я, нічога не цямячы ў артылерыйскай справе, дзівуюся, як маглі яны, а не мы, разбіць тую батарэю.

Час, лік выехаўшых адначасна нямецкіх аруддзяў, запісы камандаў, пасведчанні пехацінцаў і іншае, усе довады — горача разбіваюцца, і спрэчка схіляецца на карысць першага дывізіёну, страляўшага 13 гадзін узапар!

Даслухаўшы спіранне да канца, пайшоў я мыцца, але доўга-доўга шукаў вады і нідзе не знайшоў. Войска ўсю выпіла. У калодзежах на дне засталася адна гразь. Калодзежы тут найболей зачыненыя, з помпамі. Насілу выпрасіў вады напіцца ў камандзірскага ардынарца. Сёння і абед спозніцца, бо паехалі па ваду на рэчку, за колькі вёрст. Хадзіўшы па полі, бачыў многа забітых кароў і коней. Чаму іх не закапваюць? На дарозе бачыў цэлую гару сабраных пехацінцамі вінтовак, шынеляй: светлых, сініх — нямецкіх, і шэрых, грубейшых — нашых; ранцаў касматых, бурых — нямецкіх, і палатняных — нашых; шашак, кулямётных стужак, чаравікаў і іншага. І ўсё нясуць і нясуць…

Раптам пачуўся «венскі» гармонік! Звонкія, вясёла-гуллівыя гукі заліхвацкай полечкі скаланулі мяне. Не магу выразіць таго заблытанага клубка пачуццяў, які падкаціўся мне пад грудзі. Я пачуў мімавольныя слёзы на вачах. Думкі мае паляцелі ў ціхамірнае даўнейшае жыццё ў мілай, роднай Магілёўшчыне. Святочны дзень, скачуць, гуляюць… А тут я бачу жудаснае поле смерці пад сінім, цёплым, безмяцежным небам.

Дый раптам жа гармонік абарваўся. Можа, не даў хто іграць перад памеркшымі вачмі забітых таварышаў… А хай бы іграў перамогу жыцця над смерцю! Не ўсё роўна, што тут рабіць: плакаць ці смяяцца?

Ігранне было чутно з недалёчкага хутара, дужа вялікага, занятага пехацінцамі. Я пайшоў туды. Там на падворку і ў стадоле, на пасцеленай жоўтай саломе, поўна было раненых, абвязаных белым і акрываўленым бінтам, — немцаў і расійскіх. Там-а-там паміж раненых ляжалі непарушныя фігуры памёршых ад ран. Выскаленыя зубы, тусклыя, мятыя вочы, зблытаныя абмусоленыя вусы, — страх глядзець.

Тут і штаб. У садзе я пачуў размову начальніка нашага атраду па тэлефону з некім:

— Няма сілы сабраць. Можа, тыл падбярэць. Не меней як 700 вінтовак. Болей як 2000 чалавек… Але! Ляжаць ланцугамі, калонамі. Бог ведае, ці яны раненыя спаўзліся і памёрлі кучамі, ці так разам пабіты. Артылерыя і кулямётчыкі работалі на славу! Рад старацца, вашадзіцтва!

Міма нашага наглядальнага пункту па дарозе шмат праходзіць і праязджае розных вайсковых. Нядаўна ехаў п’яны казак. Баўтаецца на сядле. Пад адною рукою пабіты тэлефонны апарат, а ў другой — бутэлька з наліўкаю. Ён папрасіў мяне падаць яму галавешачку прыкурыць і пасуліў мне пацягнуць «трошкі» нагбом з бутэлькі. У яго, п’янога, гора: кажа, быццам «вольныя» немцы (мірныя жыхары) забілі двух яго станічнікаў, а сам насілу вырабіўся з небяспекі.