На імперыялістычнай вайне (Гарэцкі)/Абоз

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Катастрофа На імперыялістычнай вайне
Абоз
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
Крыніца: http://knihi.com/Maksim_Harecki/Na_impieryjalistycnaj_vajnie.html
Шпіталь

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Уранні к хаце, у якой месціўся палявы шпіталь, падагналі шмат убогіх сялянскіх фурманак. Палажылі ў іх цяжкараненых, па два чалавекі на фурманку, пакрылі тонкімі і старэнькімі шэрымі салдацкімі коўдрамі, — толькі белыя твары глядзелі на неба ды бялеліся бінты ў раненых у галаву. Лёгкараненых — шэрую салдацкую грамаду з белымі перавязкамі, найчасцей на руках, пусцілі пеша, разам з санітарамі. І так паехалі. І так пайшлі і паехалі на станцыю Вількавышкі, за трыццаць вёрст.

Надвор’е было добрае: хоць і халоднае, як заўсёды ў кастрычніку, але сухое.

«Каб толькі не пайшоў у дарозе дождж», — думаў я. «Ну, але ж да вечару, пэўна, пастаіць пагода, а мы паспеем даехаць».

Я быў здаволены; я быў рады ехаць на свежым паветры і глядзець, лежачы, на шэрае неба.

Аднак зрабілася неўзабаве троху прыкра, што едуць незвычайна марудна, не болей вярсты ў гадзіну. Часта спыняліся, здымалі некага, перакладалі, ці што. І гэта было яшчэ болей прыкра, хоць тады не трасло.

Фурманкі былі дужа дрогкія, падсцеленае сена зараз злежалася, а дарога рабілася чым далей, тым усё горш, камяністая і няроўная…

Спярша я крапіўся, апіраўся рукамі, сціскаў зубы, жывот і ўсё цела. Потым мімаволі стаў траціць цярплівасць і лагодны настрой.

Скрозь сціснутыя ад болю зубы стаў крычаць, калі дужа падкідала на каменнях:

— Цішэй, цішэй!.. Стойце ж, стойце! Замучыце!

Назе было дужа больна, і так трасло і падкідала на кожным камені і на кожнай сухой калюзе.

Абоз расцягнуўся на паўвярсты ці болей. То тая, то тая фурманка спынялася, аставалася, даганяла пярэднюю, калі тая спынялася. І я чуў і спераду і ззаду на фурманках стагналі, злоснае бурчэнне, жальбу. Толькі санітары і лёгкараненыя вясёла ішлі побач ці ззаду, абганялі, аставаліся, курылі і гаманілі, нават нешта вясёлае казалі і смяяліся.

Мой сусед, што ляжаў побач, з левага боку, нейкі пехацінец, спачатку дужа стагнаў, потым зрабіўся цішэй і нарэшце зусім сціх. Я з страхам падумаў, ці не памрэ ён ужо, лежачы з ім тут на адной фурманцы.

Калі не дужа трасло, я думаў, што такое боль, чаму яго няможна ўявіць, калі перастае балець, і чаму ен ёсць ува ўсіх жывых істот. Што такое боль? Раздражненне нерваў — і ён ёсць як бы толькі ў думках таго, каму баліць. Можа, і ў дрэва ён ёсць, калі дрэва сякуць сякераю, толькі мы гэтага не ведаем.

Я кляў вайну, кляў благую медыцынскую помач, горка думаў, што медыцынская навука яшчэ дужа слабая навука, хоць і пішуць у газетах і журналах аб розных незвычайных аперацыях, быццам і ў сэрцы могуць нешта вычысціць, разрэзаць, зашыць — і вылечыць. Я кляў усе дрогкія фурманкі ў свеце, горка думаючы, як проста зрабіць селяніну нешта лепшае, не такое дрогкае, і дзе ж гэта зробяць някруткія, бесталковыя жмогусы-фурманшчыкі.

Мне балела цяпер, калі і не трасло. Да нагі няможна было дакрануцца, няможна было ані колькі яе павярнуць. А здаровая нага зябла, і ўсяму мне рабілася брыдка сцюдзёна.

Я думаў, колькі ўжо гадзін мы едзем. Можа, дзве? Можа, чатыры?

Сусед паварушыўся і папрасіў курыць. Жмогус не чуў, і я няласкава крыкнуў яму ў спіну:

— Стой! Стой жа ты!

Дзед-жмогус пачуў, нічога не сказаў і спыніў каня. Тады паглядзеў цераз плячо, а тады злез з фурманкі.

— Ён курыць просіць… — сказаў я капрызна.

Дзед-жмогус, з сівенькаю няголенаю шчацінаю на твары, дастаў капшук, скруціў дзве цыгаркі, закурыў спярша адну, потым другую і даў закураную ўжо. Той узяў яе слабою рукою і панёс у вусны. — Калі ласка, і мне скруціце, — папрасіў я такім капрызным, хворым голасам, што аж самому было сорамна. Дзед, нічога не кажучы, скруціў і мне, я ўзяў і прыкурыў ад яго папяроскі сам. Паехалі, курачы, але той не многа курыў і кінуў недакураную. Праехалі яшчэ трошку, і я ўбачыў, што ён пераксціўся белаю рукою, нямытаю з таго часу, як ранілі, з гразёю між пальцаў. Я глядзеў на яго з нявераю: ці ён даедзе і не памрэ ў дарозе, ці ён і дужа слабы? Дзед часцей аглядаўся на яго.

— Пастойце… Пастойце… — ізноў папрасіў.

Дзед спыніў фурманку, а я кінуў папяроску ў поле.

— Паміраю, братцы… — сказаў, і горкая грымаса з’явілася на сінім, худым, валасатым твары.

Я нахмурыўся на яго і з жалем і з прыкрасцю, што ён так кажа.

А дзед-жмогус глядзеў спагадна, але не дужа трывожна, як пабочны добры чалавек.

— Даруй мне, браце! — сказаў той, скасіўшы вочы да мяне.

— Бог даруе… — прашаптаў я без ахвоты тое, што зазвычаена казаць, калі так просяць перад споведдзю або перад смерцю. Мяне цікавіла глядзець на сіні твар, і ён лічыў патрэбным усё ж адвесці вочы.

— Даруй мне, дзед! — звярнуўся вачмі і да жмогуса.

— Бок даруйт… — прашамкаў жмогус, і паплыла сляза па яго маршчыне на няголеную шчэць, аж я здзівіўся.

— Санітары! Хадзіце сюды, санітары! — крыкнуў я раптам голасна і ўзняў галаву.

А іх трэба чакаць яшчэ.

Падышоў адзін, падышоў другі з насілкамі, зусім не хапаліся, паглядзелі, ці варта здымаць, а тады знялі, палажылі на насілкі і паняслі назад, дзе ішла лазарэтная лінейка, палатняная буда з чырвонымі крыжамі па баках.

Дзед жмогус узяў у рукі лейцы і ізноў сеў спераду, а на вольнае месца паказалі санітары лёгкараненаму, і той сеў з прыемнасцю пасля хадзьбы — барадаты рыжы здаровы салдат, толькі рука падвязана і на канцы забінтована, што як падушка.

Я адвярнуўся ад яго і маўчаў. Боль прытупеў, было ўсё роўна як баліць. Заплюшчыў вочы, бо рэзала вочы святло з высокага шэрага неба. Здавалася, што

гэта Стахван вязе мяне ў школу, нага мерзне, і брат сеў на яе, каб сагрэць. Патроху разлівалася цяпло па ўсім целе.

І было добра, толькі ўсё змагаўся з нейкімі перашкодамі, ніяк не мог мець поўнае ўдачы, каб было зусім добра, некуды ехаў і не мог даехаць, бачыў, што матцы не падабаецца, але яна толькі маўчыць, а я і не хацеў таго, ды калі ж так выйшла… То лягчэла, я бачыў перад сабою неба, вечар, то ізноў горшала, і я не хацеў глядзець. Пакорна чакаў, хоць і марудна цягнулася падарожжа, непрыемна было так доўга чакаць. На ўхабах кідала, баяўся вываліцца — і спамінаў, што я ранены, што мне сніцца, нага ные болем, і лепей спаць, каб не чакаць, калі ўжо-ткі прыедуць на станцыю.

Прахапіўся я ў чорнай цямноце. На твар сыпаліся дробныя капачкі дажджу. Не толькі млела цела, а страшэнны холад забраўся пад коўдру, скрозь па ўсёй спіне было сцюдзёна.

Транспарт стаяў у нейкай вялікай вёсцы ці ў мясцечку.

З левага боку ад фурманкі было святло ў вялікіх вокнах, спераду таксама свяціліся далёкія акенцы, а то ўсё было чорна.

Нікога блізка не было, далей недзе гаманілі, і конь порскнуў там. Нехта пайшоў на ганак, у гэтую хату з асветленымі вокнамі, але не адгукнуўся мне.

Я гукаў, прасіў, стагнаў, каб мяне ўзялі ў хату пагрэцца, бо мяне трасло, як асіну ветрам-холадам.

Ніхто не чуў, транспарт стаяў, ішоў дождж, было цёмна… Дзесь далёка і глуха, як ліхая і мінулая здань, пачуліся гарматныя стрэлы, а можа, толькі здалося?

Я не помніў і не ведаў, якім дзівам злез з фурманкі, узабраўся на высокі ганак, прапоўз у цёмныя сенцы і адчыніў дзверы ў цёплую і светлую кухню. Там гарэлі дровы ў пліце, ляжалі на падлозе салдаты, і я лёг з імі. І хацеў бы ляжаць так вечна, каб толькі транспарт не пайшоў без мяне…

А калі неяк дужа скора прыехалі на станцыю і наяву засвяціліся агні, сінія і жоўтыя, і крыкнула машына, я дзівіўся і не цяміў, быў сапраўды ў кухні ці не, і хто мяне адтуль пасадзіў ізноў на фурманку. Тут дожджык ішоў парадачны, і так хацелася скарэй быць у вагоне-цяплушцы, дзе суха, цёпла, гладка на нарах і дзе так даўно-даўно я не быў. І калі машына ізноў крыкнула і прашумеў міма паравоз, — радасць ахапіла. Нарэшце адсунуліся дзверы, з святла ў цямноту паказалася ў белым халатоне міласэрная сястра, падышлі санітары з ліхтаром і з насілкамі. Знялі, палажылі, падалі ў вагон. Троху таўханулі, і болем рэзнула ў паху, але што ж: некалі ім, колькі яшчэ там чакае на фурманках. І сорамна трошку, што так шмат са мною клопату, але ж заслужыў. Толькі нашто, нашто ўсё гэта? Колькі дарма траціцца часу, сіл, грошы! Не трэба вайны…

Якая радасць ляжаць у цёплым вагоне! Мяне паклалі на верхнія нары, ля сценкі, як на палаці ў хаце, і было чуваць, як па крышы вагона барабаніць дождж.

Тут ужо ляжала чалавек дзесяць. Сястра была не маладая і не дужа прыгожая, але ласкавая. Два санітары — апалчэнцы.

Раздзелі, накрылі, далі гарбаты ў белым кубку і цвёрды кухан.

Так хацелася — і не елася…

Прыемна пацягнуцца і заснуць. А цягнік пойдзе — і закалыша… Канец мучэнню.