На чужыне…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На чужыне...
Аўтар: Уладзімір Самойла
1935
Крыніца: Уладзімір Самойла // Расстраляная літаратура : творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / [уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі]. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — С. 36-37. — 692 с. — (Беларускі кнігазбор).


Разнаколернымі ўзорамі мігцяць ліхтары і рэкламы. Свіст і грукат трамваяў, вазоў, самаходаў — безустанку звініць у вушах.

Гаманлівая таўпа сунецца бязмежнаю хваляй, снуе мурашнікам людзей...

І я сярод хвалюючай масы іду, плыву, як човен на моры...

Адзін. Не чуваць тут знаёмага слова, не радуюць сэрца родныя гукі і вобразы...

Блукаю, як адарваны ад дрэва ліст, гнаны бурай у няведамую даль...

Бязмежная туга адзіноты прагавітаю п’яўкай смокча з сэрца радасць і спакой...

У тужлівых вачах палахліва ўстаюць вобразы роднага краю, цені-з’явы светлай мінуўшчыны...

Шэрыя палеткі, польныя дарожкі, таемны пошум хваёвага лесу, плач белых бярозаў...

Восень... Лес шуміць бязлістым рэшатам галінаў, пласты пачарнелага лісця засцілаюць прымерзлую зямлю...

Месяц таемна халодным святлом агартае пустыя палі; сухія чароты хмурна ўглядаюцца ў халодныя воды...

Доўгія цені кладуцца на ўзгоркі і лагчыны, зоры баязлівым дрыжаннем усеялі далёкае неба...

Жартаўлівыя зайчыкі скачуць па полі, абгрызаючы пасохшы лубін, азімыя пасевы...


Таўпа як укапаная замерла на тратуары.

Скрыганулі тармазы, асляпляючае святло лінула ў вочы...

Хутка мяшаюся з таўпою ды іду далей, агорнуты рытмам вялікага места...

Зноў ліхтары і рэкламы мазоляць мне вочы, а родныя вобразы знікаюць у імгле...

Не! Не знікаюць, а хаваюцца на дне душы, каб кожную хвіліну прыпамінаць, што мы жывём не толькі для сябе! Што нас чакае Бацькаўшчына, браты!..

І мы прыйдзем!

Прыйдзем са ўсіх куткоў свету на кліч Беларусі!!!