На сьмерць С. Есеніна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На сьмерць С. Есеніна
Верш
Аўтар: Алесь Гурло
1926
Крыніца: Маладняк, №2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Не дапеў ты песьні роднага раздольля,
Не акончыў казкі пра жыцьця вясну, -
З ласкавай усьмешкай ўзяў ды пасваволіў,
А пасьля сьцішыўся і навек заснуў.
Хто-ж дапяе песьню, казку хто акончыць,
Хто так замілуецца гожасьцю палёў?..
Хто-б гэта мог ведаць, хто-б мог напрарочыць,
Што ты не пачуеш болей салаўёў.
Хай-бы ты, мой дружа, лепш ў жыцьці сваволіў,
Чым надзець на шыю сам сабе пятлю…
Па табе сумуе разанскае поле,
Ды радня і блізкія рэчкай сьлёзы льлюць.
Мы цябе чакалі ў нас, на Беларусі,
Праглядзелі вочы, гледзячы туды,
Скуль ты неўзабаве выехаць к нам мусіў…
Але колькі болі, страх, колькі жуды!..
Ты ня толькі тэрмін гэты свой прасрочыў:
Не сьпяшаўся ехаць, а сьпяшаўся жыць…
Ты на ўсё заплюшчыў рана свае вочы,
Перашоў ты рана жыцьця рубяжы.
Не дапеў ты песьні роднага раздольля,
Не дакончыў казкі пра жыцьця вясну, -
З ласкавай усьмешкай ўзяў ды пасваволіў,
А пасьля сьцішыўся і навек заснуў…

(1926)