На сьмерць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
На сьмерць
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72063


Памёр ты, татачка, ўспакоіўся навекі!
На вочы сумныя насунуліся векі,
Прыціснула іх сьмерць мацьней за чужанца.
І вот айца
Ня стала, родны мой, ад сьмерці тваяе.

О, сьмерць бязь літасьці, ратунак ты і кара!
Нашто ж яму, як тая чорна хмара,
Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі?
Скажы, сьлязьмі
Нашто пасквапілась радзіны ты мае?

Ах, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны,
Жыцьцё сваё, той шлях, няўдатны і нявольны,
Ты з больлю цяжкаю у сэрцы перабыў
І свой згубіў
Апошні стон, адзін, ў чужжсьцьве, ў цішы.

Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога…
І торганьня разлукі ня так катуюць строга,
Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч,
Ў цябе із воч
Сьляза скацілася аб скрыўджанай душы.

Дратуе сэрца мне, цьвікі ў мазгі ўбівае,
З грудзей і боль, і стоны здабывае
Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін
Ты там адзін,
Маўляў, бясплеменьнік усім чужы, сканаў…

Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэньне,
Хаця б ня роднае, хаця бы на здарэньне,
Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць,
Каб зь ім аддаць
Сваім апошні свой, гарачы свой прывет.

Ня меў Ён літасьці, ня даў табе спакою,
Ў самоце, ў больніцы жалезнаю рукою
Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух
І бедны дух
Прымусіў твой пакінуць гэты сьвет.

Казаў: «Маліся ты». За што ж, каму маліцца?
Ці ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца,
У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі?
З журбой, зь сьлязьмі
Нясьці туды сваю найбольшую з надзей?

Пабач, гаротны мой: ці ж ты ня моцна верыў?
Сьвятою праўдаю ці ж кожан шаг ня мерыў?
Сьлязьмі крывавымі ня плакаў? не прасіў?
Ня ўсё знасіў,
Запомнены празь неба, нязнаны празь людзей?

Ці ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак?
З гароты, зь беднасьці ці знаў перапачынак
За веру гэтую? Ці ж не балеў ты заўсягды,
Ня сох зь бяды
З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх?

Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт багата
Памеў за жыцьце ты, мой родны, бедны тата,
А можа, горкую табе і я хвілінку даў,
Не спагадаў
Табе калі… Цяпер за гэта выбачай.

Няхай пуховаю табе зямелька будзе,
Няхай спакой табе твой Пан прысудзе.
Я некалі прыйду пад той убогі крыж,
Дзе ты ляжыш.
І там наплачуся. А пакуль што — прашчай!