На ростанках

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На ростанках
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy


Ты скажы мне, цьма глухая:
Доўга будзеш ты ляжаць?
Доўга будзе думка злая
Сэрца жалем калыхаць?

Не шумі ты, лес высокі,
Нудных песень не спявай,
Дзён шчаслівых, дзён далёкіх
Ты мне, лес, не ўспамінай!

Не відно мае дарогі -
Горы, лес, балоты, гразь...
Колькі смутку і трывогі
Ў гэты цяжкі, цёмны час!

Дзе ж, дарога ты другая?
Я стаю адзін, адзін,
Ноч вакол ляжыць глухая...
Ці ж то свет вышоўся ў клін?

Дык скажы мне, цьма глухая:
Доўга будзеш ты ляжаць?
Доўга будзе думка злая
Сэрца жалем калыхаць?

(1907)