На прасторах жыцьця (1926)/Царскія грошы
| ← Курская аномалія | Царскія грошы Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1926 год |
Называецца зарабіў → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Царскія грошы (Колас). |
ЦАРСКІЯ ГРОШЫ
I
Сівыя валасы палезьлі з барады і з галавы Яхіма Судніка. Ня так ад старасьці, як ад тых згрызот.
Чорт ведае, што на сьвеце пачало тварыцца… Вір, вар‘яцкі вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі.
— Ой, кепска будзе, Яхім, кепска! — крупіў Яхім галавою, як-бы перасьцерагаючы сябе самога ад нейкага няшчасьця.
Яхім Суднік любіў пагаманіць сам з сабою. Ідзе сабе адзін і гаворыць:
— Трэба табе, Яхім, падгладзіць жарабка да на пакровы прадаць… Зьбірай, Яхім, грошы: будуць грошы, і ўсё будзе.
Або:
— А памеркаваў-бы ты, Яхім, да ці ня купіў-бы клін Татуроў? Табе ён, ой, як-бы згадзіўся!
Яхім Суднік — чалавек зацяты. Ня горнецца ён да людзей, не кампануе з імі, бо Яхім — курашчуп, капейкі лішняй прапусьціць баіцца. Можа з гэтае прычыны і гаворыць ён з сабою.
— Чаму ты, дзядзька, усё з сабою размаўляеш? — запытаў яго раз Стафан Драбок.
— А, ведаеш, люблю з разумным чалавекам пагутарыць, — адказаў Яхім.
Яхім Суднік, сказаць, і ня зусім просты чалавек: ён засьцянковы шляхціц. Праўда, ходзіць ён і есьць, і наогул жыве ня лепш ад мужыка, а ў хату яго хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. І тым ня мяней шляхецкага фасону і гонару Яхім ня траціць. А калі, бывала, у нядзельку, асабліва яшчэ да вайны, едзе ён з жонкаю да касьцёлу, то запражэ кабылу ў брычку. Вупраж масянжовымі бляшкамі аздоблена. У руках пуга са стусінавым доўгім пужальнам і з чырвоным кутасом. На галаве „варшаўская“ шапка, якую звычайна носяць усё дробныя панкі. А на жончынай галаве капялюш красуецца. Хоць гэты капялюш і адстаў гадоў на сорак ад моды, але ўсё-ж такі капялюш, а ня чырвоная хустка мужычкі. Часамі любіць Яхім і форсу задаць і праехаць з шыкам. А каб худая, замучаная работаю кабыла шпарчэй бегла, то не шкадаваў ёй і поўбутэлькі гарэлкі ўліць.
Яхімавы згрызоты пачаліся з вайны, калі яго Юліся ў войска забралі. Пайшоў Юлісь ваяваць. Паваяваў з месяц, а потым у палон да немцаў папаў.
— І маладзец твой Юлісь, — казаў Яхім: — кончыцца вайна, дадому вернецца.
І стаў чакаць канца вайны. А вайна ўсё не канчалася, а тут яшчэ гэтая „калатуша“ пачалася, рэволюцыя гэтая самая.
Паслухаў, паслухаў Яхім, што людзі пра рэволюцыю кажуць, і сказаў сабе:
— Не, Яхім: ня будзе дабра! Цяпер начальства скідаюць, а там за паноў возьмуцца, а потым і да цябе, Яхімка, дабяруцца. Калі ўжо Тодар Галатур, гультай гэты, забастоўшчык, у начальства пайшоў, то не спадзявайся ты, Яхім, дабра.
І яшчэ больш панурым стаўся Яхім. Хадзіў, спусьціўшы вочы ў землю, як-бы чаго шукаючы, усё нешта думаў і часьцей сам з сабою гаварыў.
— І скажы ты мне, Яхім, што гэта за пошасьць такая пашла, „імпэрыялізм“, „капіталізм“, „эсэры“, „меншавікі“, „бальшавікі“, „дэмократы“? Чаго ім, ліха іх матары, трэба? Усім ім, гадам, плаціць грошы прыдзецца.
А потым дачуўся Яхім, што свае-ж генэралы з Керанскім учубкі брацца пачалі.
— Скінулі цара, а цяпер усе самі царамі хочуць быць. Хто-ж на вас працаваць будзе? Кончылі-б ужо гэтую валынку ды Юліся дадому пускалі-б.
А тут і народ па сёлах заварушыўся. Пачалі нейкія стрыгалікі наяжджаць ды ўсё балабаняць: „Таварышы, воля, свабода, наша зямля, бяскроўная рэволюцыя, вайна проціў немцаў, нашы саюзьнікі“… Як-бы гарохам з мяшка сыплюць. Напэўна, добрыя грошы бяруць, калі так гавораць, аж хрыпнуць з тае гаворкі.
— Эх, Яхім! усіх вар‘яцтва апанавала. Нават гэтыя капусьнікі й тыя пачалі языкамі на сходах мяньціць. Толькі тае работы, што рукі падымаюць ды гавораць.
II
Трывожны час настаў для адных, мінуты надзей і радасьці перажывалі другія. Здавалася, у самым паветры зьвінела хмельная суматоха волі, і самі галовы вышэй падымаліся, вальней дыхалі грудзі, ясьней пазіралі вочы на гэтыя залітыя сонцам далі.
Адзін толькі Яхім Суднік туліўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрэнна. І яшчэ быў у засьценку чалавек, якога, здавалася, нічога не кранала, ня цікавіла і не захапляла. Чалавек гэты — Стафан Драбок. Траціць яму ня было чаго, а зьбіраць скарбы — не ў яго натуры. Проста ён быў вясёлы чалавек, любіў сьпевы і музыку. У той час, калі ўсё вакол кіпела і бурліла, бы ў тым катле, і калі людзі гатовы былі распорваць жываты адзін другому, Драбок высьпяваў нейкі новы свой мотыў, ходзячы каля паветкі. Стафан Драбок быў музыка. Усю музыку свае песьні ён укладаў у два словы:
|
Дзында-дрында! дзында-дрында! |
Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болі нараджаўся другі, новы парадак, а Яхім Суднік жыў сваім жыцьцём. У яго быў адзін вялікі клопат, і ўсе яго думкі вярцеліся цяпер каля аднаго. Дачуўся Яхім, што грошы ў банках прападаць пачалі. Яхім-жа ўсё сваё жыцьцё над капейкаю тросься і, як той крумкач косьці, зьбіраў грошы. Душыўся нісчымнаю картофельлю і заціркаю, абы толькі выгадаць лішні рубель і прыхаваць яго. З гэтым рублём, напэўна, злучаліся нейкія пляны. І вось цяпер гэтая няпэўнасьць зьбіла Яхіма з яго звычайнай каляіны, а чуткі аб грошах яго моцна краналі. Праўда, Яхім дзяржаў свае грошы дома, бо на банк Яхім не пакладаўся.
— Вось бачыш, Яхімка, я табе і казаў — памятуеш? — не кладзі, Яхім, у банк грошы, не ганяйся ты за процантамі. Так яно па майму й вышла… Разумны ты ў мяне, Яхім, чалавек! А вось Татур няхай сам сябе за зад кусае.
Вечарам таго-ж самага дня зачыніўся Яхім у сваёй сьвятліцы. Было ўжо позна. Засьценак спаў. Яхім наўперад паглядзеў, ці добра зачынены акяніцы, прыслухаўся і, як злодзей, ціхенька вынуў з патайнага месца свае грошы. Прысеў тут-жа на заслончык. На прымурку курэла газоўка. Прадаўгаваты, кругленькі агоньчык як-бы боязна тросься, дрыжаў. У пустой цішыне чуткае вуха чуць-чуць разьбірала яго нясьмелы шапаток. Яхім разьвязаў скрутачак, загорнуты ў хустачку, анучачкі і паперку. Хустачка была замусьлена, заплямлена. Яхім азірнуўся ітрывожна прыслухаўся — тая-ж цішыня, жудасная, зацятая. Па куткох сьвятліцы нагусьціўся мрок і, здавалася, сачыў за кожным рухам Яхіма. Асьцярожненька перагартаў Яхім зложаныя папалам бумажкі. Іх было многа, жмуток ёмкі і важкі, бы кантычка, па каторай часамі маліўся Яхім Суднік. Яхім павагаў у руках жмуток, палажыў на заслончык і доўга ўглядаўся на грошы. Вочы яго блішчалі, сьвяціліся, гарэлі прагавітым агнём. Тут усё яго жыцьцё, сэнс жыцьця, яго праца, недаяданьне, яго трывога і надзея.
Яхім здрыгануўся — як-бы дзесь нехта шворыцца, крадзецца. Борзьдзенька засунуў за пазуху грошы і стаў слухаць. Рукі яго трасьліся, і сэрца застукала моцна. Дарэмная трывога — тая-ж нямая цішыня. Супакоіўся, загарнуў жмуток і палажыў у патайное месца, у пячурку ўнізе печы. Пячурку гэтую зрабіў спэцыяльна сам Яхім, гэта і ёсьць яго „банк“. Зроблена пячурка хітра. Ніколі не замеціць яе чужое вока.
Вышаў на двор. У засьценку было ціха. Толькі на Татуровым хутары разьліваўся сіпаваты брэх сабакі. І нейк дзіўна адбіваўся ў вушох Яхіма гэты брэх, як-бы ён выбіваўся з калодзежа і праз нейкую вузкую шчылінку ўрываўся ў пустую Яхімаву сьвятліцу і разьліваўся па ёй нейкім болем няяснай перасьцярогі. А брэх быў упарты, жалобны, аднастайны, з нязьменным моташным падвываньнем:
— Гаў — у! гаў — у! гаў — у!
Яхіму пачулася, што Татуроў сабака падзяляе гора свайго гаспадара, а разам з тым і плача над сваёю сабачаю доляю. У чэрствым Яхімавым сэрцы ўзварухнулася жаласьць да Татура — ляснулі ў банку яго грошыкі! Задумаўся на момант, свае грошы ўспомніў і ўздыхнуў. І тут-жа сказаў сабе:
— Твой банк, Яхім, ня вораг табе. Процантаў не дае, а ісьціну верне.
III
Чым далей, тым болей заблутваўся гэты й без таго зблутаны перамот жыцьця. Падзеі, бы тыя неспакойныя навальнічныя хмары, расьлі, стыкаліся, падганялі адна другую, каб зьліцца ў нешта адно грознае, нячувалае і грымнуць страшным выбухам. Паразвальваліся скрэпы, паскідаліся абручы, і ўсякі закон страціў сваю сілу, ніякога страху ня было ў народзе.
У Яхіма Судніка вывалаклі некалькі вульлёў, пачысьцілі яго засекі.
— Казаў я табе, Яхім: ня будзе дабра, ой ня будзе дабра.
Навала насоўвалася на Яхіма і з другога боку: пайшла гаворка, што ў Яхіма зямлі многа, што ў Яхіма набытку многа і наогул „у Яхіма трыбух шырокі і лапы заграбастыя“. З бядняцкіх хат гаворка гэтая йшла. Паглядаў Яхім на бядняцкія хаты нядобрым вокам.
— Колеш ты ім, Яхімка, вочы, бо Яхім не лайдакаваў. А вы-ж дзе былі? Яхім пот ліў, а вы плячамі платы падпіралі ці бадзяліся нямаведама дзе. Або гэты лайдак Франусь — сена зімуе на лузе, а сам толькі манішку начэпіць ды на фэсты цягаецца. А цяпер аглядзеўся, што Яхім гаспадарку мае і рот расчыніў… А як-жа! Нагатаваў на вас Яхім! Калі ласка, Франусь, бяры, што табе трэба… А каб цябе боль узяла! Да вы папрабуйце хоць ката выгадаваць да хоць сабацы будку пабудуйце. А на Зьмітра і баба хітра.
Адным словам цяжкі час перажываў Яхім. Але гэта ўсё яшчэ нічога. Покі Яхім пры грошах, Яхім нікога не баіцца, бо грошы — усё. Але галосна пранеслася чутка, што царскія грошы нічога ня варты: іх нідзе ўжо браць ня будуць. Ці хто ў банк палажыў — прапалі, ці хто дома дзяржаў — усё адзін чорт, хоць выкінь іх сабаку пад хвост.
Яхіма як-бы па галаве абухом стукнула. Вось дзе яна, сапраўдная бяда, настаяшчае ліха.
— Як-жа гэта, каб грошы цану страцілі? Царскія грошы!.. Быць гэтага ня можа! За грошы людзі вешаліся, рэзаліся, на катаргу йшлі… Ня можа гэтага, Яхім, быць!
Мароз хадзіў па Яхімавай сьпіне, а перад вачмі нейкая бездаль адчынялася.
Некалькі дзён хадзіў Яхім, як пад зямлёю. Учарнеў, бы тая махнуша, пахудзеў, асушыўся, вочы ў лоб запалі. Адзерванеў, аслупянеў. А ў вачох „кацярынкі“ стаяць. Ідзе Яхім і спыніцца, у землю, як няпрытомны, глядзіць. Але надзеі яшчэ ня траціў Яхім. Дый людзі некаторыя казалі, што царскія грошы яшчэ будуць хадзіць, бо цяперашняя, бальшавіцкая ўлада ня доўга пакрасуецца. Між надзеямі і адчаяньнем вагаўся Яхім. І тым ня меней прапалі царскія грошы. І вось як праканаўся ў гэтым Яхім.
Надумаўся Яхім у мястэчка пайсьці, каб у знаёмых гандляроў праўды даведацца. Як толькі ўвайшоў Яхім у мястэчка, яму кінулася ў вочы кучка малых хлопчыкаў. У хлопчыкаў у руках розныя бумажкі былі: у пяць рублёў, у дзесяць, а адзін бегаў з дваццаціпяціткаю. Яхім яе вельмі добра ведае: па тоўстаму твару і па шырокай царскай барадзе пазнаў.
Хлопчык размахваў гэтаю бумажкаю, хадзіў, адбіваючы крокі і прыгаворваючы:
— Ішоў поп каля коп, а капа каля папа.
Яхім аж затросься і спыніўся мімаволі. А жэўжык адзін падбег да яго і, паказваючы пяць рублёў, прамовіў:
— Прадай, дзядзька, мне шапку — пяць рублёў дам!
А Яхім Суднік толькі запытаў самаго сябе:
— Ну, што ты цяпер, Яхім, скажаш?
Пад вечар дадому вярнуўся Яхім. Увесь сьвет як-бы з вачэй яго зьнік. У вачох „кацярынкі“ стаяць, а ў вушох Стафанова песьня гучыць, як-бы чорт увёў яе ў вушы яму:
|
Дзында-дрында! Дзында-дрында! |
На дварэ Яхім спыніўся, уставіўся ў зямлю вачамі, як-бы нешта разважаў. Пастаяў, зрушыў, у гумно зайшоў, стаў на сярэдзіну току, абедзьвюма рукамі за галаву схваціўся. А ў вушох гудзе:
… Дзында-дрында! дзында-дрында!..
— Тфу! тфу! — плюнуў два разы Яхім, ці каб ад паганай песьні адвязацца ці з другой прычыны. Да познага вечару на дварэ соваўся.
— Што ты, Яхім, усё ходзіш? — са страхам і трывогаю запытала жонка. Але Яхім як-бы і ня чуў яе.
— Прапалі, Яхім, грошы, ляснулі твае грошы, — марматаў Яхім: — дзеці гуляюць імі.
А позна ўвечары зноў у сьвятліцы зачыніўся, акяніцы прыкрыў і вокны завесіў, грамнічную сьвечку запаліў і на абразы доўга-доўга пазіраў, пазіраў моўчкі і ўпарта. Залажыў за сьпіну рукі, па сьвятліцы прашоўся раз і другі.
— Тфу! тфу!
Падняў вочы на бальку. На бальцы кантычка ляжала… Дастаў кантычку, разгарнуў яе, прысеўшы на лаве каля стала, і зацягнуў сьвятую песьню:
|
Кто хцэ паньне Марыі служыць, |
Ціхі, жаласьлівы Яхімаў голас гнусава загучаў у сьвятліцы і раптам асекся. У кутку каля печы, дзе быў Яхімаў „банк“, як-бы нешта мільгатнулася. Яхім зірнуў туды, зірнуў — і аслупянеў: абапёршыся локцем левай рукі на край печы, стаяў там цар Аляксандар III, высокі, здаравецкі, барадаты. У правай руцэ дзяржаў жмут Яхімавых грошай, а сам пазіраў кудысь далёка-далёка, як і належыць пазіраць усякаму, хто сягае далёка, асабліва, калі ён яшчэ цар, каб хоць гэтым паказаць глыбіню свайго розуму, хоць можа розуму ў яго і ня так ужо многа.
Яхім паглядзеў, паглядзеў на цара, паківаў галавою і сказаў:
— Бачыш, Яхім, забраў сабе грошы і ня лыс: глядзіць, як-бы гэта і не яго работа… Добры інтэрас!
Усё гэта так забавіла Яхіма, што губы яго пачалі расплывацца ў усьмешку, а цар перавёў вочы на Яхіма.
— Гэта — царскія грошы, — сказаў цар, трасучы жмуткам, і намерыўся палажыць іх у кішэню.
— Ня руш! не чапай! — дзіка закрычаў Яхім. Вочы яго бліснулі нядобрым агнём. Схапіў кантычку і — бразь ёю ў цара!.. Не папаў! Кантычка ёмка пляснулася ў сьцяну, выскачыла з сваіх вокладак і пакацілася на падлогу.
Яхім сарваўся з лавы, згарнуў кулакі і рынуўся на цара.
— Вурррр! — забурчаў Яхім, як сабака, і пачаў матлашыць кулакамі пустое паветра.
— Давай грошы! Аддай мае грошы! — нема крычаў Яхім.
На крык выскачыла жонка. Пачала стукацца ў дзьверы сьвятліцы, — на крук зашчэплены.
Зьбегея народ, выламалі дзьверы. Насілу-насілу зьвязалі Яхіма. А ён усё крычаў:
— Нашто забраў грошы? Грошы аддай! Аддай грошы! Грошы! Ой, прапалі грошы!.. Цар! цар!.. Трасца табе!.. Гро-о-о-шы!