Перайсці да зместу

На прасторах жыцьця (1926)/Курская аномалія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хаім Рыбс Курская аномалія
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1926 год
Царскія грошы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Курская анамалія (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КУРСКАЯ АНОМАЛІЯ

I

Каб ня ўводзіць людзей у зман, скажу зразу, што гэта ня тая аномалія, якая знаходзіцца ў нутрах Курскай зямлі і якую дасьлядуе профэсар Лазараў.

Не, ня тая.

Праўда, і гэта аномалія таксама курская, але аномалія зусім другога парадку. Наогул трэба заўважыць, што Куршчына — край аномалій. Напрыклад: з Куршчыны вышаў вядомы дэпутат дзяржаўнае думы Маркаў II. Таксама і курскія салаўі ёсьць да некатарай ступені аномалія.

І яшчэ адна аномалія мела месца ў тэй-жа Куршчыне. Выявілася яна так.

Рыгор Андрэевіч Угоднік — такое было яго прозьвішча — ляжаў на цьвёрдым ложку, закінуўшы ногі на жалезнае біла. У яго пакойчыку было пуста, няветла і няпрытульна. Дух стаяў сьпёрты і цяжкі. Было холадна і сыра. Пабел на сьценах разьмяк ад вільгаці і адкідаўся. На выступах сьцен нагусьцілася многа пылу. Угары, каля столі, цэлымі кудламі зьвісала павуцьцё. У павуцьці над печчу гойдаўся шкілет мухі. Яна заблуталася там яшчэ да рэволюцыі 1917 году, а цяпер ужо быў марац 1918 г.

Рыгор Андрэевіч ляжаў і думаў. Ён думаў аб тым, што на гэтым самым ложку ляжала і Настася Мікалаеўна Гулькіна. Яна была тут настаўніцаю да яго. Бачыў яе разы са два, і тым ня меней сягды-тады яна прыходзіла яму на памяць. Настася Мікалаеўна была сваячка папа і жыла цяпер у горадзе, таксама настаўніцаю ў школе другой ступені. Цяпер, можна сказаць, ён аб ёй перастаў думаць. Не, цяпер яго думкі не такія. Ён думаў аб сваім жыцьці, аб тым, што няма чаго есьці. Ці не паехаць і яму па хлеб на Украіну, як езьдзяць усе? Толькі вось пытаньне: навошта выменяць хлеба? Засталося адно толькі паліто, можа і далі-б пуд хлеба. Але як яго прывязеш? Адбяруць у дарозе, і ня будзе ні паліта, ні хлеба. І вось яшчэ кепска, што аддзел народнае асьветы ня плаціць пэнсіі. Яшчэ за два леташнія месяцы ня выплацілі.

І яшчэ думаў Рыгор Андрэевіч і аб „трудавых процэсах“ у школе. „Трудавыя процэсы!“ Аб іх толькі цяпер і гутаркі. Аб іх пішуць, аб іх гавораць, але што яны такое, як ужываць іх у школе, у якіх формах карыстацца імі, ня ведае ніхто: ня ведае загадчык аддзелу, таварыш Гітман. Ды і скуль ён можа ведаць, калі ён — кравец па профэсіі? Ня ведаюць і школьныя інструктары. Адны кажуць — трудавыя процэсы: наламаць з вучнямі дроў, вымыць падлогу, нанасіць сабе вады. Другія ходзяць з вучнямі рэзаць дубцы і плятуць кошыкі. Ломяць голавы бедныя пэдагогі, як і чым утрудзіць сваю школу. Сказана проста, што ніякіх програм у школе не павінна быць, Школа — гэта кузьня, дзе выкоўваецца і загартоўваецца новае жыцьцё.

Кузьня то яна кузьня, але калі няма жару і вуглёў, то ня выкуеш і клямкі.

Праўда, у яго школе ня было ніякіх процэсаў: ні трудавых, ні гультайскіх. Ня было проста з тае прычыны, што ні да каляд, ні пасьля каляд ні разачку не прапальвалася ў печы, і вучні самі пакідалі хадзіць у школу. Школка гэта была царкоўна-прыходзкая. Яна больш была дапасована дзеля таго, каб вартаваць царкву, чым да навукі. А кнігі, якія былі ў школе, парасьцяганы і раскураны.

А ўрэшце, аб іх і шкадаваць няма чаго. Папершае — кнігі старыя, падругое — царкоўна-славянскія і патрэцяе — адзін школьны інструктар чытаў на павятовым зьезьдзе настаўнікаў даклад на тэму: ці можна навучыць дзяцей грамаце бяз кніг, паперы і карандаша або пяра?

З дакладу выходзіла, што можна. Адзін настаўнік тут-жа зазначыў, што ён навучыў сваіх хлопцаў пісаць палкамі на сьнезе! І ўсе знаходзілі, што гэта орыгінальна і проста.

Можа яно і можна. Сам Рыгор Угоднік такой спробы не рабіў. З гэтае прычыны яму было крыху і нядобра, проста няпрыемна была сама мысьль, што ён ніякае карысьці, як настаўнік, за гэты год ня прынёс. Вось людзі жывуць ня лепей за яго, але яны нешта робяць, нават ухітраюцца вучыць пісьму на сьнезе.

Настаўнік паварушыўся на сваім цьвёрдым ложку, зьняў ногі з біла і лёг на бок. Трэба было так ці іначай выходзіць з гэтага застою. Ён чуў, што ён апускаецца на нейкае дно, што жыцьцё прыдушыла яго, і невядома, ці ён сьпіць, ці жыве. І ўсё на сьвеце страціла для яго цікавасьць. А тымчасам трэба было нешта рабіць, трэба было кудысь пайсьці. Але куды і чаго?

Тут ён успомніў, што яшчэ зранку была ў яго думка схадзіць да Міканора Платоныча, заможнага селяніна-крупарушніка. Ці не разжыўся-б там карвегі хлеба. У той час, калі зьявілася гэта думка, Рыгор Андрэевіч знаходзіў, што гэты візыт ён зробіць лёгка і проста і дастане карвегу хлеба. Але вось цяпер гэта ахвота хадзіць прайшла. Ну як-жа гэта прыйсьці да чалавека і сказаць:

— Міканор Платоныч, дай хлеба.

Чаму Міканор Платоныч павінен даваць яму хлеба? І як папрасіць: кусок ці цэлы баханец? Даваць кусок, як жабраку, Міканорка пасароміцца, а даць цэлы баханец пашкадуе.

Рыгор Андрэевіч ведае з практыкі, чаго варты такія раздабыткі і як балючы яны і няпрыятны. І ён застаўся ляжаць на сваім цьвёрдым ложы.

II

А жыцьцё білася сваім пульсам і пісала замыславатыя старонкі свае кнігі. Усе даступныя нашаму назіраньню і разуменьню формы яго напаўняліся ім, жылі, гаманілі на свой лад. І нават сам Рыгор Андрэевіч жыў ня толькі ў сваёй цеснай і халоднай каморцы: ён жыў таксама і на сходцы, што адбывалася ў тэй-жа самай вёсцы, дзе меў сваю настаўніцкую пасаду Рыгор Андрэевіч.

На сходзе разглядаліся самыя звычайныя вясковыя пытаньні. Пасьля таго, калі павестка дня была разгледжана, нечакана вынікла адно важнае для вёскі пытаньне, якое ня значылася на павестцы. Цяпер, уласьціва кажучы, і пачалася самая жывая, самая цікавая часьць сходкі.

Справа ў тым, што вёска ўжо поўгода жыве без папа. Стары бацюшка памёр, а месца яго пустуе да гэтага часу. А бяз бацюшкі вельмі неспадручна: ці да хворага паклікаць, дзіця ахрысьціць, адслужыць паніхіду, ці жэніцца хто; — у кожным разе трэба ехаць за некалькі вёрст да чужога папа. А ці мала на гэта зводзіцца часу? Ну, каб ужо ня было цэрквы або прыпынку папу, а то і цэрква ёсьць і ўсё ёсьць, няма толькі папа. Усе другія прыходы маюць папоў, а чаму яны ня маюць? B калі сказаць праўду, то тут справа датыкаецца іх гонару: чым яны горшыя, скажам, за Бабрышова, Красьнікава або Рудавец? У Рудайцы таксама памёр поп, але цэрква не запуставала: на Украіну трапілі, а папа дасталі, і поп ня кепскі. Проста людзі сьмяюцца з іх.

— Няўжо мы так-такі някудышныя, што ня можам папа свайго мець? — скончыў свой даклад Міхайла Хвёдараў, царкоўны стараста.

З першых-жа слоў усіх прамоўцаў выявілася, што патрэба ў папу насьпела пільная, і пытаньне аб ім трэба разьвязаць ня толькі ў тэорыі, але і прывясьці яго ў жыцьцё і прывясьці неадкладна.

— Яно-то вядома, без папа не выпадае, — аформліваў жаданьні грамадзян старшыня сходу, ён-жа і старшыня сялянскага камітэту. Гэта быў рослы і шырокі селянін з паважнаю барадою. — Але вось у чым задача: дзе ўзяць папа? Ня ехаць-жа і нам на Украіну.

— Ты думаеш, на Украіне папоў з галушак табе вылепліваюць? Калі рудаўчане прывезьлі адтуль, то гэта і ня поп быў, а дыякан, а ўжо потым на папа яго высьвецілі.

— А ці ня ўсё табе роўна, хто ён быў, ці дзяк ці дыякан? Абы цяпер папом быў, — асадзіў Міхайлу дзед Сьвішч.

— А вы паслухайце, рабяты, што я вам скажу, — выціснуўся дзесь з-пад парогу дзядзя Мітрыч і апошні раз з засосам пацягнуў цыгарку: — Нашто нам ламаць голавы, калі можна абабраць за папа й Рыгора Андрэіча, нашага вучыцеля. Чым ня поп будзе?

На адно мгненьне сход замёр; а потым усе, як адзін, бурна запляскалі ў далоні.

— Брава! брава, Мітрыч!

— Вось гэта называецца слова сказаў!

— Лепшага папа й не сасьніш!

— Поп — што твая разьлюлі-маліна!

Некаторы час на сходзе стаяў гул і густы шум.

Дзядзю Мітрыча за яго трапнае слова хацелі нават на руках пагушкаць. Старшыня сходу забыў пра свае старшынёўскія абавязкі і даў поўную волю сходу выявіць бурлівую радасьць і сам ня меней другіх выказваў яе.

У чым-жа былі вартасьці кандыдата ў папы?

Перш за ўсё і галоўным чынам кандыдатура гэта збаўляла ад лішняга клопату. Ня трэба было вандраваць па сьвеце ў пошуках папа: З папом на старане заўсёды больш клопату. Раз поп пачуе, што ў ім ёсьць патрэба, само сабою зразумела, ён заломіць і цану сабе і будзе моцна таргавацца. Затым, з такім папом усё роўна не абмінеш і консысторыі. Праўда, так ці іначай з консысторыяй мець дачыненьне прыдзецца, але адно дзела, калі ты ўжо маеш гатовага папа, і зусім другая справа, калі гэтага папа трэба яшчэ лавіць.

Другое: намечаны кандыдат — чалавек малады, значыцца, можна спадзявацца, што ён і жыць будзе доўга. Што-ж датыкаецца яго здольнасьцяй, як папа, то і з гэтага боку ніякіх перашкод няма: чалавек вучоны, сьпяваць у царкве ўмее, апостала чытае выразна і прачула. А папрактыкуецца яшчэ, то такі выйдзе поп, што і сабор гарадзкі можа пазайздросьціць.

Усё гэта было на сходзе прынята пад увагу. Але тут было і яшчэ нешта такое, што павялічвала вартасьць высунутай кандыдатуры: настаўнік быў чалавек бедны, і толькі тут, на сходцы, выявілася, што за жыцьцё няшчаснага настаўніка. Жыве адзін, жыве ў холадзе, у голадзе, ні родных, ні сваякоў, хто-б дапамог яму, ня мае. Ну, як тут не зрабіць чалавеку дабра? Мала таго, што сялянства, выбіраючы за папа Рыгора Андрэевіча, разьвязвае проста сваю папоўскую справу, яно яшчэ дапамагае чалавеку выбіцца з яго цяжкага лёсу, бо хто ня дасьць папу на пражытак? Тут, нават, выявілася спогадзь, дабрата і мяккасьць сэрца сялян. Адным словам, кандыдатура Рыгора Андрэевіча мела ў сабе такое шчасьлівае злучэньне, калі агульная справа разьвязваецца як найлепей, у інтарэсах абедзьвюх старон.

Вось чаму, калі старшыня сходу паставіў на галасаваньне кандыдатуру Фыгора Андрэевіча, усе рукі, як адна, падняліся ўгору.

На гэтым, разумеецца, справа немагла быць скончана, — гэта быў толькі яе добры пачатак.

Як вядома, поп павінен мець і пападзьдзю. Рыгор-жа Андрэевіч быў чалавек халасты. Ужо гэта палажэньне падказвала сялянству, што трэба было таксама падумаць і аб жонцы яго. У гэтым пытаньні сьпярша ня было згоды ў поглядах сялян. Адны казалі, што жонка — справа прыватная, лепш усяго пытаньне аб ёй можа разьвязаць сама зацікаўленая асоба, г. зн. сам Рыгор Андрэевіч. Другія даводзілі, што калі сход прыймае такую рэзолюцыю, то яна пашкодзіць агульнай справе, і раз само вобчаства падняло гэту справу, то яно павінна само паклапаціцца і аб пападзьдзі. І толькі пасьля таго, калі слова ўзяў сам старшыня, спрэчка была спынена і вырашэньне справы прыняло другі характар.

Старшыня казаў:

— Таварышы, не памыляйцеся! Калі выбар жонкі даручым самому кандыдату, то мы паступім пабуржуйску. Гэта раз. Другое. Раз мы самі выбіраем сабе папа, то павінны самі-ж і выбіраць яму жонку. І яшчэ: Рыгор Андрэевіч чалавек ціхі, ён ніколі першы не зацэпіць бабы, і покі ён сам жэніцца, можа прайсьці год і болей. А мы тут павінны — раз, два! і гатова!

Сход дружна запляскаў старшыне;

— А як ён не захоча яе або яна яго, тады што? — спытаў якісь скэптык з натоўпу.

— Што значыць, не захоча? — грозна спытаў старшыня: — раз вобчаства выбрала, то, значыцца, і быць так, гэта табе не старыя парадкі… Цябе мы можам папом паставіць! — яшчэ больш грозна наваліўся старшыня на скэптыка, — і ты ня сьмееш адмовіцца. Мы можам выбіраць, кооптаваць, рэквізаваць папу жонку і калі скажам — вось твая жонка! — ён павінен і мець яе за жонку!

Пасьля такога талкаваньня грамадзянскіх правоў сходу аставалася прыступіць да выбару пападзьдзі. Усе мясцовыя кандыдаткі пасьля некаторай парады былі адкінуты і вось па якіх мотывах. Пападзьдзя павінна быць з папоўскага роду, бо на тое яна матушка, ёй часам і ў руку прыдзецца пацалаваць. А як ты будзеш цалаваць, скажам, Маланцы або Марынцы, хоць яны пападзьдзі былі-б і ня кепскія? Усё-ж яны — свая мужыцкая кроў. І што скажуць людзі? Ды і сам іх поп меней меў-бы павагі. Калі поп, то трэба, каб поп быў ува ўсіх формах.

І сход пастанавіў: выбраць у жонкі свайму папу Настасю Мікалаеўну Гулькіну, а камісіі з трох асоб — старшыні, царкоўнага старасты Міхайлы Хвёдарава і дзядзі Мітрыча (яго заслугі перад грамадзянствам ня былі забыты) — даручыць пастанову сходу прывясьці ў жыцьцё.

III

Павярнуўшыся на бок, Рыгор Андрэевіч зноў думаў. Цяпер ён думаў аб тым, што трэба зьбірацца куды-небудзь у другое месца, пашукаць другое пасады, хоць-бы замацавацца прыказчыкам у коопэратыве. Паволі ён губляў контроль над сваімі думкамі і ўжо сон пачынаў замыкаць яму вочы, але ён пачуў, як бразнулі дзьверы ў адным канцы школы і зараз-жа за гэтым некалькі пар ног загрукалі наўперад у школе, а потым і ў карыдорчыку між школаю і яго кватэркаю.

Рыгор Андрэевіч прыслухаўся. Шлі якраз да яго.

— А можа яго і дома няма, — казаў адзін голас.

— А дзе-ж яму быць? — прабубніў басам другі.

— А вось пабачым! — і з гэтымі словамі Міхайла Хвёдараў папхнуў дзьверы ў пакойчык настаўніка.

Дзьверы былі замкнёны.

— Хто там? — спытаў настаўнік.

— Дома, дома, — адгукнуліся з карыдорчыку дзядзя Мітрыч і стараста Міхайла.

Рыгор Андрэевіч падняўся з ложка і адамкнуў дзьверы.

Увайшла камісія ў поўным складзе.

— Здарова, Рыгор Андрэевіч!

Усе члены камісіі павіталіся з сваім кандыдатам за руку. Кандыдат, чарнявы, прыпухшы ад голаду і холаду, ускудлачаны, досыць панурага віду, стаяў перад сваімі госьцьмі зьдзіўлены і ўстрывожаны.

— Ну, як жывеш? — запытаў старшыня.

— Ат! махнуў рукою настаўнік, — каму гэта цікава, як я жыву?

— Стала быць цікава, калі аб гэтым пытаюць, — адказаў за старшыню Міхайла. А дзядзя Мітрыч яшчэ дадаў:

— Чудачэц ты, Андрэіч, права слова, чудачэц! Няўжо-ж ты думаў, што вобчаства ніколі не паклапацілася аб табе? Або вобчаства ня ведае, як ты жывеш? Ведае, брат, і яно гатова памагчы табе, толькі сам дурак ня будзь.

Сказаўшы так, дзядзя Мітрыч незаметна зірнуў на другіх членаў камісіі, каб на іх тварах прачытаць, ці добры тон узяў ён. Старшыня і Міхайла былі спакойны і нічым ня выказалі стану сваіх душ. З гэтага дзядзя Мітрыч вывеў заключэньне, што ён памылкі не зрабіў.

Настаўнік зьдзівіўся яшчэ болей і чакаў выясьненьня іх прыходу.

Мітрыч у сваю чаргу палічыў, што ён пачатак зрабіў, а цяпер няхай кажуць яны. Тут трэба і меру ведаць.

— Гавары, дзядзя Мітрыч, ты, — сказаў Міхайла.

— А сам што-ж? без языка? Цябе гэта бліжэй датыкаецца, — ухіліўся дзядзя Мітрыч.

Міхайла крута павярнуўся да настаўніка.

— Справа, бачыш, ты, Андрэіч, такая: вобчаства, значыць, выбрала пябе папом.

— Правільна! пацьвердзіў старшыня і дзядзя Мітрыч.

— Значыцца, Андрэіч, вобчаства цябе любіць, вобчаства чэсьць табе аказвае, — дадаў яшчэ ад сябе дзядзя Мітрыч.

— Мяне? папом? Што за чапуха? — зьдзівіўся настаўнік і засунуў рукі ў свае чорныя валасы. — І ніколі я ня думаў папом быць.

Члены камісіі заварушыліся ўсе разам. Кожны з іх хацеў цяпер сказаць сваё слова. Міхайла, як болей жывы і вёрткі, папярэдзіў сваіх таварышоў. Ён борзьдзенька сунуў адну руку ў бок старшыні, другую ў бок дзядзі Мітрыча, даючы ім гэтым знак не мяшаць яму, і сказаў:

— Пустое, Андрэіч, што ты ніколі ня думаў папом быць. Вось што ты мне скажы: ці думаў ты калі, як плодзіцца кракадзіл.

Зьбіты з тропу, настаўнік шырока расчыніў вочы і пазіраў на Міхайлу.

— Ну?! — энэргічна спытаў Міхайла зноў і, чутачку счакаўшы, сказаў:

— І я ніколі ня думаў, а вось прышлося падумаць. Быў я ў вучэбнай камандзе, На акзамінах пытае афіцэр аднаго:

— Скажы, як разводзяцца кракадзілы? Яй-богу, такі спытаў!

Пры гэтым Міхайла моцна стукнуў рукамі па нагах вышэй кален.

— Ну, хто-ж мог ведаць, як ён там плодзіцца? І вось я ўспомніў, як гадоў пятнаццаць таму назад нам адзін бацюшка казаў, што кракадзіл, як і курыца, з яйца выходзіць. Вось і падзі-ж ты! Такая вялікая падла — і яйца нясе!

— Хто ведае? — пытае афіцэр.

— Я ведаю, ваша благародзіе! — кажу я.

— Ну, скажы, Хвёдараў!

— З яйца выходзіць, ваша благародзіе!

— Маладзец, Хвёдараў!

Дык вось, бачыш, так і ты: ня думаў, а падумаць прыходзіцца. Дый чаму табе папом ня быць? Перш-на-перш, ты ня будзеш у гэтым чулане сядзець, як воўк, а будзеш жыць гаспадзінам у папоўскім доме. Табе, брат, і корвег, і ляпёшак, і сала наносяць, бо бяз гэтага к папу ня прыдзеш. Чалавек ты вучоны, сьпяваеш пацаркоўнаму добра, апостала чытаеш і таго лепей. Будзеш сабе кадзілам памахіваць і гора ня знаць. Ды і фамілія твая, як ня трэба лепей, да месца даходзіць.

Думка аб папоўстве на першы раз паказалася Рыгору Андрэевічу дзікаю і недарэчнаю, але па меры таго, як Міхайла і другія члены камісіі пачалі разрысоўваць папоўскія кругагляды, протэст у яго душы ўсё слабеў і слабеў. Урэшце ён толькі сказаў:

— Да я-ж і нежанаты. Каб быць папом, то трэба жонку мець.

— Кінь, Андрэіч, пустое казаць! — у вадзін голас загаманілі члены камісіі і рукамі замахалі, — перастань ты курэй сьмяшыць: падумаць — вааінасьць якая, жонкі няма — у два мігі жонка будзе табе! У чым, у чым, а ўжо ў гэтым дабры недастачы ня будзе.

— Да мы табе і жонку знайшлі, чудачэц ты гэтакі, — прамовіў дзядзя Мітрыч. — Само вобчаства ўсімі спосабамі на дапамогу табе йдзе, затым што ты нам чалавек ёсьць прыятны.

Тут ужо проста цікава стала самому Рыгору Андрэевічу, і ён не без некаторага хваляваньня запытаў:

— А хто такая?

— А ты ўгадай, — прамовіў Міхайла.

Тут члены камісіі ясна ўбачылі, што іх справа выйграе, а дзядзя Мітрыч пастукаў рукою па плячы Рыгора Андрэевіча і з некаю цеплатою ў голасе сказаў:

— Настасю Мікалаеўну Гулькіну выбралі табе!

Рыгор Андрэевіч пры гэтым мімавольна падкруціў свой чорны вус, а дзядзя Мітрыч казаў далей:

— Чудачэц ты, Андрэіч! Няўжо ты думаў, што мужык не разумее нічога, што мужык далікацтва ня знае? Разумее ён, мілан ты мой, дзе, што, як і к чаму затым, што ты нам, кажу, чалавек ёсьць прыятны.

— А вы — хіба пыталіся ў яе, ці згодна яна пайсьці за мяне? — асьведаміўся Рыгор Андрэевіч.

— А што пытацца? За вочы скажу табе: ня пойдзе — пабяжыць, — адказаў Міхайла, а старшыня дадаў:

— Няхай папрабуе фярдыбацтвы свае паказаць! Мы, брат, жывым макарам прыструнім яе. Раз вобчаства, значыць — закон!

— Да аб чым тут гутарка можа быць? — прамовіў дзядзя Мітрыч: — скажы, Андрэіч, проста: згодзен ты быць у нас папом?

Рыгор Андрэевіч крыху замяўся.

— Ну, разумеецца, згодзен, ці вы ня бачыце? — адказаў за яго Міхайла і тут-жа схапіў яго руку і стаў трасьці яе.

Тое самае зрабілі старшыня і дзядзя Мітрыч.

Праз нейкі нядоўгі час пасьля гэтага, так, здаецца, каля веснавога Міколы, у іх быў свой бацюшка — а. Рыгор Угоднік і матушка Настася Мікалаеўна. Настася Мікалаеўна была вельмі давольна, што яна цяпер не настаўніца, бо яе больш за ўсё на сьвеце палохалі трудавыя процэсы ў школе.