На прасторах жыцьця (1926)/Дзядзькаў сьведка
| ← Агатка | Дзядзькаў сьведка Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1926 год |
Прокурор → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзядзькаў сьведка. |
ДЗЯДЗЬКАЎ СЬВЕДКА
(З МІНУЛАГА)
I
Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Патраіў і папар пад жыта. А да касьбы яшчэ астаецца тыдні са два. Здаецца, можна было-б і адпачыць трохі цяпер. Але адпачынкі ня ў дзядзькавай натуры: цяпер якраз і аб зіме час паклапаціцца, дроў падгатаваць трэба. Няхай сабе падсыхаюць за лета.
Узяў дзядзька Марцін грошы, пайшоў у лясьніцтва і купіў асыгнату на сажань дроў. А назаўтра з раніцы засунуў за пояс спрытную сякерку, узяў разак, прыстасаваны такім парадкам, каб можна было ім аднаму пілаваць, і пайшоў у лес.
У лесе многа дроў, а вось як пачнеш меркаваць, то не такая ўжо простая рэч паставіць сажань дроў, як гэта можа паказацца адразу. Трэба паставіць дровы так, каб і вывозіць іх з лесу было лёгка, каб і пад‘ехаць да іх латва было дый каб і збіраць ня цяжка было. І калі пачнеш усё гэта браць пад увагу, то трэба такі парадкам патупаць па лесе, каб добрае месца натрапіць. Але дзядзька Марцін ведаў лес добра, у лесе гадаваўся, быдла пасьвіў, грыбы зьбіраў… Да ці мала чаго бываць яму ў лесе здаралася. Яшчэ ідучы ў лес, намеціў сабе мясьціну дзядзька Марцін, дзе дроў было многа, хоць трохі і далекавата.
За два дні работы нарэзаў, назьбіраў дзядзька цэлую кучу дроў, а на трэці дзень пайшоў у сажань складваць. І месца добрае выбраў, грудок сухі. А каб ад зямлі ненацягала сырасьці, то падлажыў дзьве падвалінкі. Адзін бок сажню прыпёр да хвоі. Адмераў сажань ад хвоі і пачаў бярвенца ў зямлю забіраць, каб апора была дровам з другога боку. І так гладка работа пайшла — ну, проста ахвота брала дзядзьку Марціна. Складаючы дровы, дзядзька Марцін думаў вось аб чым. Калі ён браў у лясьніцтве асыгнату на гэтыя дровы, то сустрэўся там з аб‘езчыкам Барбутовічам.
— Што, дровы стаўляць будзеш, Марцін? — пацікавіўся Барбутовіч.
— А так — кажа дзядзька Марцін, — трэба-то паставіць.
— Уш-гу! — буркнуў Барбутовіч.
Дзядзька Марцін ведаў, што Барбутовіч дагаварваўся, каб дзядзька зрабіў яму фундацыю.
Да дзе-ж ты набярэшся на ўсякага лысага чорта? Дый з якой рацыі?
Але цяпер успомніў дзядзька гэтае спатканьне і тую размову. Чапляцца будзе, гад, каб прыдрацца да чаго. Вось чаму дзядзька пільна сачыў, каб ніводнага палена не знайшлося такога, што-б не падышло пад меру або перабрала гэтую меру. Злажыў дзядзька сажань акуратненькі, бо ня любіў рабіць абы-як. Калі і людзі не пабачаць яго, то самому-ж паглядзець добра на сваю акуратную работу.
— Не, — сказаў сам сабе дзядзька Марцін: — не падкапаешся, брат! І яшчэ раз зірнуў на дровы. Хацеў ужо дадому йсьці. Аж глядзіць — Барбутовіч з лесу выходзіць. Падышоў і давай тыя дровы аглядаць. Да кожнага палена прыглядаўся — ды так прыглядаўся, як-бы сярод іх знаходзіўся сваяк яго або добры прыяцель. Сьмех браў дзядзьку Марціна, як Барбутовіч аглядаў тыя дровы.
— А гэта што?! — сярдзіта спытаў Барбутовіч і ткнуў палкаю ў падпорку. А падпорка была дубовая. Знайшоў дзядзька Марцін гэтую разгаціну вілаватую дубовую. На падпорку яна якраз і гадзілася.
— Падпорка, — адказвае дзядзька Марцін.
— Але-ж гэта толькі вяршынка, а самы дубок дзе?
— А чорт яго бацьку ведае, дзе дубок. Гэта ўжо пану лепей ведаць, бо я лесу ня пільную.
— Ты ня пільнуеш, то я пільную. А за гэты дубок ты ў мяне паскачаш, галубок! — Так і сказаў, у тахту, складна сказаў: Дастаў з-за пазухі кніжку і пачаў запісваць.
А дзядзька Марцін, ужо сярдзіты, стаяў і казаў паціхоньку.
— Пішы сабе, пішы, няхай тваю шкуру чэрці сьпішуць.
На гэтым і разышліся.
Барбутовіч у лес пасунуўся, а дзядзька Марцін дадому пайшоў:
II
Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Дзядзька Марцін і думаць перастаў пра стычку з Барбутовічам. Сказаць па праўдзе, ён і значэньня не прыдаваў гэтай стычцы — глупства: Барбутовіч проста застрашаў яго, каб дзядзька ня надта казырыўся перад ім і на згоду пайшоў. Карацей сказаць — Барбутовіч хацеў, каб дзядзька Марцін зафундаваў яму ўсё-ж такі.
Урэшце дзядзька Марцін прышоў да думкі, што можа ён і паставіць Барбутовічу гэтую самую „фундацыю“, бо мала што можа там здарыцца — бяз лесу-ж чалавеку цяжка быць. Дык лепш ужо ў згодзе жыць, няхай іх пярун паб‘е.
Мінулася лета, зноў вальнейшы час выдарыўся. Дзядзька Марцін каля дому тупаў, зьбіраўся жыта на насеньне акалаціць коп з пяць, а цяпер ток глінаю падмазваў. Аж прыходзіць да яго стараста Мацей Карнавух.
Паздароўкаліся.
— Тут, брат, ёсьць для цябе карталюшка адна, — сказаў стараста і зьняў шапку: у шапцы насіў ён свае паперы.
Зьдзівіўся і спалохаўся дзядзька Марцін, бо тыя карталюшкі, што разносіць стараста, нічога добрага ня скажуць табе. А тымчасам стараста ўзяў адну такую карталюшку, доўга прыглядаўся да яе, а потым сказаў:
— Здаецца, што гэтая, — і падаў Марціну паперку. Дзядзька Марцін быў чалавек пісьменны. І рукі затрасьліся ў яго, калі ён вычытаў: „Павестка“.
А як далей стаў чытаць, то вычытаў, што земскі начальнік пазывае на суд за парубку дубка. На дваццаць чацьвертае верасьня суд назначан.
Ссунуў дзядзька Марцін шапку на лоб, патыліцу пачухаў, а потым у вочы старасьце зірнуў і з вялікім дакорам галавою патрос.
— А бадай на іх упадкі і паморак бог наслаў! Ці-ж ёсьць на сьвеце тая праўда, браце Мацей? Да які-ж гэта дуб? Да хто яго сек, каб тваю шкуру боль пасек! А бадай-жа ты ў вадзе стаяў і піць прасіў! А каб ты па гары хадзіў ды сонца ня бачыў! А каб вас халерыя павыдушвала! А каб ты выхвараў да выстагнаў, абармоціна ліхая!
Прыпынуў дзядзька сваё красамоўства, вочы ўніз спусьціў.
Старасьце часу ня было слухаць усяго таго, што казаў дзядзька Марцін, а калі дзядзька Марцін хацеў расказаць, як справа была, то стараста адышоўся ўжо досыць далёка. Узрушаны дзядзька Марцін вышаў на прыгумень, кісет дастаў і стаў папяросу вярцець. З вачэй яго сыпаліся іскры злосьці, а мысьлі заварушыліся шпарка-шпарка, і калі дзядзька Марцін выпусьціў першы клубок дыму, то ў яго ўжо быў гатовы проект абароны на судзе. А калі абурэньне ўляглося, то дзядзька Марцін стаў больш спакойна абмяркоўваць гэты проект. Тое, што радзілася ў мінуту злосьці, у стане спакойнага разважаньня, пачало разьвівацца, вырысоўвацца болей яскрава і пуката.
Гэты проект захапіў дзядзьку Марціна сваёю простасьцю і ў той-жа час непераможнаю сілаю свайго доваду. Так ён і зробіць. І цікава будзе паглядзець, куды дзене свае вочы гэты кусок басяка, Барбутовіч, калі дзядзька Марцін зробіць на судзе тое, што ён цяпер замысьліў?
Дзядзька Марцін высока падняў галаву, згарнуў кулак, грозна падпёр ім адну ноздру, а ў другую так смаркнуў, што і пыл і ўсё тое, што было ў палавіне носа, разьляцелася малюпасенечкімі пырскамі, а вераб‘і ад страху шуганулі ў паветра і толькі на страсе Сальвэсевай клуні да памяці прышлі.
— Паглядзім, хто каго ў лапці абуе, — прамовіў дзядзька Марцін на прыгуменьні.
Назаўтра-ж пайшоў дзядзька Марцін у лес пад той сажань. Стаіць сабе ў лесе — і горачка мала. Але ўся ўвага дзядзькі Марціна спынілася на дубовай падпорцы, на тэй падпорцы, што і дала пачатак усёй гэтай квэстыі. І каб людзкае што: паршывенькі раскарака, пазіраць няма навошта. І тут патрос галавою дзядзька Марцін і сказаў:
— І за такую брыду ў суд цягнуць!
Прынёс дзядзька другую падпорку, а гэтага раскараку з зямлі дастаў, яшчэ раз зірнуў на яго, а потым закінуў яго на плячо — і вагі ў ім было ня больш, як фунтаў пятнаццаць — і панёс дамоў. А калі сустрэўся яму Сьпёпка Зажмура і спытаў, што гэта нясе дзядзька Марцін, то дзядзька Марцін сказаў важна і сур‘ёзна:
— Гэта, брат, сьведка мой!
III
Кожны сьведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сьведчыць зьбіраецца. І слова добрае скажуць яму, і горкаю пачастуюць. І дзядзькаў сьведка таксама ў пашане быў.
Папершае, дзядзька Марцін нёс яго на сваіх плячох вёрст пяць, з лесу, а падругое, прынёсшы дамоў, адвёў яму месца ў клуні — і добрае месца: адзін канец пад стрэху падправіў, а другі над жытам зьвісаў, дзе і суха было і падыхаў чысты ветрык. На вольным ветрыку ён падсыхаў і рабіўся яшчэ больш мізэрны. Для чалавека гэта было-б нядобра, а дубоваму чурбаку гэта найлепшая павага. Ня было таго дня, каб дзядзька не падумаў пра свайго сьведку, а прыдзе ў клуню, то першым дзелам на яго зірне, як ён маецца там, пад страхою.
Адным словам, гэты дубовы чурбанок з часам набываў У вачох дзядзькі Марціна значэньне пэўнай асобы: гэта ня толькі яго сьведка, але нават і адвокат. Дзядзьку часамі прыходзіла ў галаву думка ачасаць крыху свайго сьведку сякеркаю, каб ён меў трохі больш шляхетны выгляд, бо яму-ж прыдзецца стаяць перад вачамі земскага начальніка, але ачасаць яго ўсё-ж не адважыўся: у яго ўласным адзеньні і выглядзе больш натуральнасьці, больш праўды, больш адпаведнасьці самому факту.
У суботу 24 верасьня, раненька, увайшоў дзядзька Марцін у клуню, палез на жыта і выцягнуў з-пад страхі свайго сьведку.
— Пойдзем, брат, судзіцца!
Палажыў на плячо і пайшоў на суд.
Азірнуўся дзядзька Марцін — нікога ня відаць, загуменьнем на дарогу вышаў, уздыхнуў вальней і пайшоў. Да земскага начальніка трэба было вёрст 12 зрабіць. Незнаёмыя людзі, мінаючы дзядзьку Марціна, аглядаліся назад, а знаёмым ён казаў:
— На суд іду і свайго сьведку нясу.
Земскі начальнік жыў у мястэчку. У дзесяць гадзін раніцы дзядзька Марцін на месьце быў. Уваходзячы ў дом, дзе жыў земскі начальнік, дзе была яго судовая камэра, дзядзька Марцін зьняў з пляча свайго сьведку, узяў пад паху і памаленьку ў карыдор увайшоў. Спусьпіў паціхеньку сьведку на падлогу, ня ведаючы, што з ім далей рабіць, дзе яго дзець. Каля дзьвярэй канцылярыі спыніўся, паставіў чурбак у куточку каля дзьвярэй і сам прыпыніўся там. А калі вышаў пісарчук і заўважыў дзядзьку Марціна з дубовым чурбаком, то вельмі зьдзівіўся і ня ведаў, што сказаць — спалох узяў, мусі быць. А дзядзька Марцін растлумачыў:
— Сёньня мой суд назначан, а гэта мой сьведка.
— Ага! — сказаў пісарчук і, відаць, зусім здаволіўся такім тлумачэньнем, а потым запытаў:
— А як твая фамілія?
— Марцін Ражка. Калі ласка, ці ня можна мне тут пастаяць, покі не паклічуць мяне?
— Стой сабе, — адказаў пісарчук і пайшоў у канцылярыю. Стаіць дзядзька Марцін каля дзьвярэй, прытрымліваючы свайго сьведку, каб ён не пакаціўся і грукату не нарабіў тут, а сам то вуха да замка прыложыць, то ў замочную дзірачку гляне. У другія дзьверы земскі начальнік увайшоў і адразу надзяе на сябе ланцужок з мэдальлю.
Штурхануў дзядзька Марцін локцем свайго сьведку і шапнуў яму:
— Трымайся, брат!
Гадзіны са дзьве прастаяў дзядзька Марцін каля дзьвярэй, прыкладаючы то вуха, то вока да замочнай дзірачкі.
— Марцін Ражка! — пачуў дзядзька Марцін і так перапалохаўся, што і сьведку выпусьціў.
— Я! — гукнуў дзядзька Марцін, колькі моцы было, а дзядзькаў сьведка — джаджух аб падлогу! Як-бы там з гарматы выстралілі, аж земскі начальнік на крэсьле падскочыў.
Борзьдзенька падняў дзядзька Марцін свайго сьведку, шапку яшчэ раней у кішэню ўпхнуў, адчыняе дзьверы і з дубовым чурбаком у суд уваходзіць.
— А гэта што такое? — крыкнуў земскі начальнік.
— А гэта мой сьведка, ваша высокародзіе! — адказаў дзядзька Марнін.
— Тры рублі штрафу за паяўленьне ў судзе не ў належным відзе! — крыкнуў земскі начальнік, — і сем рублёў штрафу за парубку дубка, — дадаў ён.
— Ваша высокародзіе…
— Вынасіся за дзьверы, мужлан, а не — пад арышт пасаджу!
Выбег дзядзька Марцін, як апараны. Крыўдна, горка і сорамна стала дзядзьку Марціну.
— Вось, брат, і насьведчыў ты мне! — сказаў ён свайму сьведку: — і дзе-ж падзець мне цябе?
Ішоў вуліцаю дзядзька Марцін, паглядаў, куды-б яму сьведку закінуць. А потым шкада стала кідаць яго, і прышоў з ім дадому, палажыў пад страху: няхай ляжыць, можа ён яшчэ скажа слова сваё.