На прасторах жыцьця (1926)/Агатка
| ← З боку жыцьця | Агатка Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1926 год |
Дзядзькаў сьведка → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Агатка (Колас). |
АГАТКА
I
Дзіўная дзяўчынка маленькая Агатка. Ёй шэсьць гадоў, а выглядзіць гадкоў на чатыры. І гаварыць яна добра ня ўмее. Гаворыць пасвоему, а разабраць яе трудна. І гаворка яе больш выказваецца ў нейкіх гуках, чым у словах. Глядзіць на яе дзед Павал і галавою часамі заматае. Напэўна думае — няшчаснае дзіця яго ўнучка: не стае ёй чагось у галаве. Малая будзе з яе дапамога ў гаспадарцы. І жаласьць абудзіцца да яе ў дзедавым сэрцы. Расьце дзіця бяз роднае маткі. Няма таго догляду, тае ласкі, увагі, што цячэ ад матчынага сэрца. І Агатка напэўна адчувае гэта сваім дзіцячым сэрцам, бо нейкі смутак прабяжыць іншы раз па яе замурзанаму тварыку.
Раненька падымаецца Агатка, часамі раней свае мачыхі. Сядзе на лаву каля акна. Слаўна там, на дварэ. Неба такое яснае, сьветлае. Па саломеных стрэхах разьліваюцца ўсьмешкі сонца, а верабейчыкі, як дзеці дурэюць, чырыкаюць, а часам і ў чубкі возьмуцца. Пацеха з імі! Агатцы хочацца туды, страх як хочацца! Там яе жыцьцё, яе радасьць, там прастор і воля. Баязьліва паглядае Агатка на мачыху, украдкам кіне свае вочкі за акно. Рана яшчэ. Расы ўсюды многа. Па вуліцы каровы затухкалі, забляялі авечкі, ляснуў пугаю пастух. Агатка прыліпае да акна. Эх, як там цікава! Ня хочацца ў хаце сядзець. Бо што-ж тут у хаце? Душна, цесна, мух многа. І надакучыла дзедаву песьню слухаць, бо дзед Павал увесь дзень стаіць каля калыскі і ўсё мармоча:
|
Угу-угу! угу-гу! |
Крычаць на Агатку дома, бо яна валакітка вялікая. Як пойдзе з хаты зранку, так і прападзе на цэлы дзень. Не падабаецца гэта мачысе: трэба-б і да работы прывыкаць. Да і людзі могуць думаць, што Агаткі затым ніколі дома няма, што ў яе нядобрая мачыха. І бацьку часамі пажаліцца. А бацька сярдзіты. Ружа яго цяжкая і слова яго жорсткае. Вось толькі дзед пагаворыць з ёю. Лагодненька ўмее гаварыць дзед авал.
— Не хадзі ты, Агатка, далёка: бацька сварыцца будзе. Забылася, як бацька на цябе крычаў? Ты каля хаты гуляй, на прыгумень ідзі.
Агатка на дзеда зірне, засьмяецца. Нічога дзед ня ведае. А дзед ёй кажа:
— Няможна аднэй па полі хадзіць. Воўк з кустоў выскачыць. Ты ня бачыла воўка — страшны, страшны, ого!
Агатка сьмехам заліваецца. Яна не баіцца ваўка. Што ёй воўк зробіць? А то проста перастае дзеда слухаць і аб чымся другім думае. А аб чым, дык і згадаць трудна. На дзеда Агатка глядзіць, а з дзеда на хлеб вочы пераводзіць і кажа:
— Дай.
Дзед да стала кульгае, унучцы кусок хлеба адрэжа.
Агатка бярэ хлеб, чуць ня выхватвае з рук дзеда лою на двор вылятае. А дзед Павал галавою патрасе больш сур‘ёзным стане.
II
Ня ўтрымаць Агаткі дома. І дзе толькі ні апыніцца яна за дзень! На мінутку на дварэ прыпыніцца, каб разглядзецца трохі, у які бок ёй кінуцца, Зачынены весьніцы на вуліцу. Адчыняць ёй цяжка. Яна спрытна пералазіць весьніцы. Вось і вуліца.
У вадзін і ў другі канец вуліцы глядзіць Агатка. Не: няма дзе разгарнуцца тут. Цесна. Па вуліцы дзеці бегаюць. Лужыны стаяць па ёй: учора дождж уліўны прайшоў. Парыцца на сонцы вуліца, шумяць звонкія галасы дзяцей. Не: Агатка з імі не кампануе. Ёй аднэй весялей.
Упоперак вуліцы перабягае, цераз суседзкі двор на поле бяжыць Агатка. У полі так прасторна! Бяжыць яна туды, дзе шнурамі нівы пралеглі. Спыняецца Агатка: такая прыгожая красачка расьце па ўзьмежку. Агатка радасным сьмехам сьмяецца і нейкія словы гаворыць. З красачкаю размаўляе. Зрывае, нюхае і далей бяжыць.
У полі так добра! Прастору многа. Жаўранкі сьпяваюць. Белыя хмаркі праходзяць, а скрозь іх такая слаўная просінь відна. Зусім ня відаць Агаткі: вусаты ячмень з аднаго боку, з другога — мятлісты авёс. Гнецца поле каласамі. А красачак колькі тут! Агатка забывае ўсё. Ну так тут добра, што аж прысядзе дзяўчынка, на прыполіну красачкі перабірае, гаворыць з імі, сьмяецца ім. Потым яшчэ далей падаецца Агатка. Вось і мяжа скончылася. На дарогу вышла. Людзі кудысь едуць, Агатка праводзіць вачамі кожную фурманку.
А вунь там, як мурашачка, выпаўзае з-пад лесу яшчэ адна і яшчэ. Куды яны едуць? А побач з дарогаю чыгунка бяжыць. А там, далёка-далёка, дымок белаваты паказаўся. Глядзіць туды Агатка — гэта-ж поезд ідзе! Крыкнула Агатка. Кулём на другі бок чыгункі кідаецца, бяжыць туды, дзе спыняецца поезд, выбірае сабе мясьцінку, каб усё відаць ёй было.
А тут і незнаёмыя людзі сталі зьбірацца, ня тутэйшыя. Гэта — дачнікі. Але яны не займаюць увагі Агаткі. Яна глядзіць на поезд. Клубок белага дыму ў бок заламаў, дзесь зьнік за кустамі. Агатка глядзіць, пі пакажацца ён зноў, ці не. Няўжо так і не пакажацца? Агатка ня зводзіць вачэй з тых кустоў, і радасны крык вырываецца ў Агаткі: выскачыў поезд разам з цэлым хвастом кучаравага дыму.
Прыпыняецца поезд, бег свой зьмяншае, падыходзіць сьмелы, магутны, тупоча сотняю жалезных ног. А з вокан вагонаў цэлыя букеты людзкіх галоў пазіраюць. Спыніўся. Як пчолы з вульля, высыпаюць з вагонаў людзі. Шум, гоман, сьмех дзяцей. Агатка пазірае, адкуль-жа гэта так многа дзяцей? Ды ўсё з нейкімі чырвонымі стужкамі на шыях. У рады пастроіліся. Музыкі ім граюць на трубах.
Ня ведае Агатка, навошта глядзець ёй: ці на гэтыя трубы бліскучыя, ці на дзяцей, ці на іх чырвоныя павязкі. Гукнуў поезд, нехта ў сьвісток засьвістаў. Здрыгануліся вагоны, паімчаўся поезд далей.
Разыходзяцца людзі то кучкамі, то па аднаму, і толькі стройная колёна дзяцей з чырвонымі павязкамі кудысь у лес пайшла. Агатка ідзе за імі, глядзіць. Хто яны такія? Чаго прыехалі сюды? Ах, якія прыгожыя стужкі ў іх! Агатка яшчэ трохі праходзіць за імі, потым спыняецца, стаіць, залажыўшы ручкі за сьпіну. Напэўна весела дзецям, а яна адна. Каб у яе была такая чырвоная стужка, то можа і яна пайшла-б з імі. Але як толькі адвяла ад іх Агатка вочы, то і думкі аб чырвонай стужцы спыняюцца. Аб чымся другім думае Агатка і павольна ўжо ў той цёмны яловы лес ідзе. Чаго яна йдзе туды? Да проста ёй хочацца кудысь яшчэ падацца, і ідзе яна проста так сабе, абы на адным месцы ня быць. Чуе Агатка — грукоча дзесь нешта, тарахціць, аж паветра ломіцца. Кідае погляд дзяўчынка, разглядаецца. Гэта той страшны жук гудзе, самаход. Вось ён, як віхор, імчыцца. Пыл курыць. Агатка адбягаецца ў бок, на горку ўскочыла, за хвойку прытулілася. Праляцеў самаход. Агатка кулачком патрэсла на яго. А ён спалохаўся: борздаборзда ад Агаткі ўцякае.
Агатка навокал азіраецца — хоць-бы пабачыў хто, як гэта бліскучы жук ад яе ўцякае.
III
Далёка ад дому адышла Агатка. Вакол яе поле ды гэты цёмны яловы лес. І пуста, нялюдна тут. Глуха. Але Агатка не баіцца. Каго ёй баяцца? Ёй нават добра тут, бо зусім нікога няма. Але Агатка раптам спыняецца, ці ня бацька яе унь там каля лесу ходзіць
І конь пры лесе ў арэшніку стаіць… Не, гэта хтось невядомы, чужы. Адлягло трошкі ад сэрца Агаткі. Пасьмялела. Аж бачыць — недалёка ад яе другі чалавек. І твар яго неспакойны. Трывога на ім. Усё гэта нейк адразу кінулася ў вочы Агатцы. І нядобрым вокам Агатку акінуў гэты пануры чалавек. Што рабіць ёй? Страх нейкі адчувае цяпер Агатка. І чаго яны тут? Чаго яны прышлі замінаць ёй? Хто іх прасіў, хто клікаў? А страшны чалавек другому, што каля лесу быў, рукою махнуў. Сышліся. Гавораць, На Агатку паглядаюць.
А людзі тыя намову вядуць.
— Ліха-ж яе ведае, — кажа адзін.
— І адкуль яе чэрці нанесьлі! — злосна гаворыць другі.
Яны хавалі тут контрабанду. Колькі часу патрацілі, колькі страху набраліся! З-пад самай граніцы вязьлі. Зарабіць можна чорт ведае колькі. Цяпер небясьпечна: малое то малое, а шкоды нарабіць можа.
Дзіка заварушыліся вочы ў таго, што ад хурманкі падышоў. Азірнуўся навокала.
— Прыдушыць! шыпіць чалавек.
— Глядзі, каб ліха не нажыць… Ах ты, паршыўка праклятая! Каб такая паскуда ды столькі клопату нарабіла. Хіба перахаваць?
— Куды перахоўваць? Па сьлядох пагранічнікі ціснуць… Ідзі да каня!
Абмерла Агатка: незнаёмы чалавек да яе зьверам ідзе.
Дзіка закрычала Агатка, бегчы кінулася. Дзесятак шырокіх крокаў — і крэпкая рука за сукенку на сьпіне схваціла;
Момант — бурканула Агатка ў паветры і аб землю моцна стукнулася.
Нічога больш не памятае Агатка.
Толькі пад вечар расчыніла яна вочкі. Тое-ж самае поле, той самы лес, але страшных людзей тут ня было. А тут хлопцы З дому адпачынку гулялі і на той час, калі над Агаткаю была занесена рука сьмерці, яны праходзілі тут, нічога ня ведаючы. Праходзілі — і спалохалі контрабандыстага.
І ўсё яно нейк дзіка і недарэчна сплялося, і ніхто ня ведаў трагедыі дзіцячай душы.
У пасьцелі некалькі дзён паляжала Агатка. Падсядаў да яе дзед Павал, гладзіў шурпатаю добраю рукою па яе галоўцы і словы добрыя казаў ёй:
— Закіданае ты дзіця. Мацеры ў цябе няма. І галоўка твая дурная… Ды што ты зробіш? Ачуньвай, гадуйся. Жыві!