Перайсці да зместу

На парозе 1386 году

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На парозе 1386 году
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Грыневіч
1927 год
Крыніца: Родныя гоні. — Сакавік 1927. — Кніжка 1. — С. 7—12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У. Гр—віч.

На парозе 1386 году.

Высока й няпрыступна у Крэўскім замку сьцяна, а Ягайлава старожа непадкупна. Закутаўшыся ў касматыя кажухі, ходзяць як дзень так ноч прысадзістыя фігуры ў круг сьцен і пільным вокам паглядаюць наўкола. Злыя вочы ярка блішчаць з-пад касматых шапак высокіх, ногі цяжка чмякаюць па ліпкай гразі, нямецкі меч прыкра ў тахт стукае па назе, але вартаўніка ня мучаць яны. Закінаўшы поўны стрэлаў стары калчан за плечы, соты бадай раз ідзе ён сягодня па адным і тым самым мейсцы.

Хто й адкуль ён? — Дарэмна пытацца, — аб гэтым ня ведае на’т хітры, крывадушны Ягайла, што паслаў людзёў гэтых сюды, сьцерагчы Кейстута й Вітаўта. Айчына іх там, дзе ім добра жывецца, пан і загадчык іх той, хто шчодра ім плаціць. За коўш хмельнага пахнючага мёду і бліскучы грашак верна служаць яны хоць каму. І сланяюцца яны па сьвеце з месца на месца, абыйшлі ўсю Польшчу, былі ў Мальборгу, гулялі ня раз і па Маскоўшчыне. Агнём, крывёй, сьлязьмі значыцца гэтая сьцежка па сьвеце шырокім, плач і праклёны нясуцца за імі ў здагон, ад жальбы стогнуць лясы i трасецца зямля, але сэрца гэтых ваякаў ім няпрыступнае.

Знае аб гэтым і Ягайла і ў Крэва прыслаў ён іх не дарма, не дарма ён плаціць ім шчодра, а верныя слугі яго — Прокша, Кучук, Лісіца Жабянцяй і Мосьцеў брат — ня спушчаюць іх з свайго вока.

Кейстут, у абыйме заціснутай імі шорсткай вяроўкі, даўно ўжо пайшоў к богу прэдкаў. Цяпер сцерагуць яны поўнага сілы й гарту Вітаўта князя.

Вітаўт у палоне ў брата Ягайлы. Высокі й моцныя сьцены Крэўскага замку, а старожа непадкупная. А ўсё-ж такі ня сьпіцца Ягайлу. Вітаўтава імя ўладна лунае над „Літвою“[1], на ўспамін аб ім дрыжаць Трокі, Полацак, Горадзен, Берасьце… і навет Вільня.

Як мора ў буру, хвалюецца ўсё ў гаспадарстве Ягайлавым; яшчэ адзін магутны ўзьдзьмух ветру з чыйгось боку і хваля народнага гневу захлясьне й змые яго ў бяздонную пропасьць.

— „Дзе шукаць апоры, у чым найці ратунак?“… пытае сябе ён, ходзячы ўзад і ўпярод па вялікім пакоі Віленскага замку.

Глуха аддаюцца цяжкія крокі па хаце, на вагнішчы ярка гараць сухія дровы, сілючыся асьвяціць усё, што ёсьць у хаце. Дарэмны аднак жыляньні — не асіліць гэтаму агню доўгіх усіх ценяў, што густа ляглі па кутох.

І пнуцца цені адзін за адным увысь і ўдоўж, кожную часіну дрыжаць яны і калышуцца, а з імі розныя думкі ціснуцца ў галаву Ягайлы, думкі грозныя, невясёлыя — як мары, ак сьмерць…

— „Кейстут ужо не стаіць на дарозе, але Вітаўт“… прагаварыў ён, і ўзноў зашагаў па хаце. „Пакуль жыў Вітаўт, не я гаспадар усемагутны Літвы й Русі. Ён, як нечысьць якая, стаіць на маёй дарозе навет і цяпер, седзячы ў Крэўскім замку ў палоне“…

— „Княжа мой найласкаўшы, што думаць доўга — Вітаўта скора и лёгка супакоіць: адно тваё князеўскае гаспадарскае слова і Вітаўт на заўсёды шчэзьне з дарогі“… пачуўся раптам голас у хаце.

Ягайла ўздрыгнуў і аглянуўся. Сярод хаты стаяў яго даўнейшы слуга Лаўрын Вайдзіла, а цяпер сваяк — родны брат швагры Ягайлавага.

— „Ведаю гэта“, адказаў яму Ягайла, „але што скажуць на гэта ўсе іншыя князі“…

— „Княжа, яны твайго голасу слухаць павінны, але ня ты іхняга“…

— „Князеўскі голас чуцен толькі тады, калі ёсьць сіла заставіць пакарацца гэтаму голасу… А дзе-ж мая сіла, дзе маё войска, з якім мог-бы змусіць усіх шанаваць мяне?“

— „А ці, як жыў Вітаўт, цябе, княжа, слухаюць лепі?“…

— „Прынамся няма буры, якая выла навокал пасьля сьмерці Кяйстута і чуць нас ня згубіла…

І Ягайла задумаўся ўзноў, а Лаўрын Вайдзіла, ня хочучы яго разгнявіць і спракудзіцца, выйшаў з хаты.


∗          ∗

Вецер рагоча, вые і жаласна плача ў байніцах таўстых сьценаў Крэўскага замку. Холад нялюд лезе да людзёў пад адзежу, паўзе ў кожнаю хату; чалавека апановуе страх перад усемагутнай прыродай; хочацца схавацца як найдалей у цёплы куток, каб не акалець у гэтую васеньнюю пару і ня згінуць.

У каморы цямнічнай гэтага замку на засланай мядзьведжай скурай пасьцелі сядзіць княжна Смаленская Ганна, жонка князя Вітаўта. Вачыма поўнымі сьлёз сочыць яна за мужам сваім, што ў цяжкой задуме ходзіць узад і ўпярод па каморы.

Смутна й крыўдна маладой княгіні сядзець. Ці думала яна, ідучы замуж за прыгожага слаўнага Вітаўта, першага й найслаўнейшага ваякі „Літвы“, што яна калісь з ім будзе сядзець у няволі ў вераломнага, трусьлівага і ўсімі пагарджанага Ягайлы, што яе сьвекар, слаўны Кейстут, згіне ад рук падасланых ім разбойнікаў?… А ці ня тое-ж самае чакае іх?…

— „Не, не!“… прагаварыла яна ціха сама да сябе. „Вітаўт за ўсякую цану мусіць стаць вольным, ён мусіць адамсьціць сьмерць свайго бацькі, нашу паняверку… мусіць змыць пляму з нашага народу і нашага роду!“

Вочы яе загарэліся агнём рашымасьці й веры ў свае сілы. Падпершы рукою сваю галаву, яна раптам задумалася і сьлёзы памалу пачалі зьнікаць з яе твару.

Доўга меркавала яна штосьці ў сваёй галаве. Часамі яна навет пачынала штосьці гаварыць, паказавала нешта рукамі, але за часіну йзноў сьціхала, каб аддацца яшчэ большым думкам.

Звольна, бяз сьпеху цячэ й сунецца час. Ён не сьпяшаецца й ня рвецца нікуды. Няма дзела яму да мукі й гора князя Вітаўта і Ганны княгіні; страх вераломства і дзікасьць Ягайлы яго ня пужаюць, ня вабяць, ня смуцяць. Паступкі усіх ён асудзіць і ацэніць, у вольным бегу выдасьць свой справядлівы прысуд і ў сэрцы народу сьлед розны пакіне.

Змучаны ходкай даўгою па кароткай каморы, Вітаўт прысеў на пасьцель і цяжка ўздыхнуў.

Ня доўга аднак аддыхалася князю.

— „Дайце мне волю, дайце мне меч!“… ускрыкнаў ён за часіну. „Я пакажу вам, дзе сіла і хто з нас радзіўся быць князям і вольнаму люду быць гаспадар!“…

Як сагнёны ў буру дуб малады ў мамэнт адзін горда й сьмела прастае свой стан і ў сіле й красе йзноў станавіцца ветру супроціў, так у мамэнт адзін падняўся з пасьцелі Вітаўт і вокам арліным заглянаў у ваконца малое.

— „Княжа мой мілы, ня там твой ратунак — ваконца за мала, а краты таўстыя і старожа ля іх ходзіць пільна… Ратунку шукаць ты павінен праз дзьверы“… пачуў ён спакойны голас княгіні Ганны ў сябе за плячыма.

— „Якім-жа спосабам, ці яны больш слабыя за гэтыя краты, ці старожа каля іх вартуе ня пільна?“… спытаўся Вітаўт, адвярнуўшыся да жонкі.

— „Пойдзем сядзем, аддыхні, раскажу табе ўсё, што прыдумала я ў галаве сваёй бабскай, можа што й з гэтага будзе карысна табе“…

Вітаўт паслушна пайшоў за жанчынай, узноў усеўся ён на пасьцелю і пільна й уважна пачаў яе слухаць.

Плян княгінін быў просты, а словы яе надта шчыры, каб ім не паверыць, каб яны не пранялі чыюсьці душу. І Вітаўт ім верыў.

Натхнёныя словы жанчыны, як дзіўныя лекі, цяклі яму ў душу, гаілі ўсе раны, дадавалі сілы, будзілі ўзноў надзеі на лепшую долю, на славу, на шчасьце…

І Вітаўт ажыў, узноў ускочыў з пасьцелі, уперад і ўзад захадзіў па каморы.

— „Добра гэта… усё гэта добра, але што будзе з табою, як я уцяку, як ты тут адна застанесься?“…

— „Ня думай аб гэтым, — седзячы тут, ты й мне не паможаш і сам зьгінуць можаш… Будучы вольным, ты й мне скарэй волю здабудзеш, а так хто ведае, што чакае цябе… Ягайлу ня вер — успомні яго прысягу, якой заманіў ён цябе ў свой табар… успомні й бацьку свайго Кейстута“…

Нічога не адказаў Вітаўт жонцы на гэта. У цяжкім змаганьні паміж розумам і сэрцам хадзіў ён цяпер па гэтай каморы і важыў свой лёс.

Цяжка кідаць у небясьпецы жанчыну, якая дала так многа радасных часінаў, яшчэ горы цяжка ваяку гінуць у цеснай каморы, без мяча ў руках, не на борздым кані…

З дзьвюх бед чалавек стараецца выбраць сабе меншую; кожны ідзе па дарозе, якая суліць яму найболі надзеі і скорае шчасьце.

Вітаўт знаў ужо Ягайлу, знаў з горкага досьляду на сабе самым і долі бацькавай, чаго ён мог ад яго спадзявацца?…

— Ён падыйшоў да жонкі і, усё роўна як-бы разьвітуючыся, пачаў да яе прыглядацца. Пагляд гэты адчула жанчына сваім далікатным сэрцам. Страшна ёй стала аставацца аднэй у гэтай каморцы, дзе кожнаю часіну чакаў яе невядомы лёс. Сэрца забілася й затрапятала, быццам хочучы сказаць, што яна ўжо відзіць яго апошні раз і ёй захацелася плакаць. Аднак, сабраўшы ўсе свае сілы, яна перамагла свой жаль, праглынула сьлёзы, што давілі яе, і, як бы ні ў чым ня бывала, спакойна спытала:

— „Ну што, рашыўся?“…

— „Але“…

— „Ну й памажы табе божа“ дадала яна ціха, і, падняўшы правую руку, заціснутымі ў кучу трыма пальцамі палажыла на яго галаву рытуальны знак усходняга хрысьцянства і пасьпешна адхінулася ў бок, каб муж ня бачыў сьлёз, што мімаволі навярнуліся ў яе на вачох.

За маленькім закратаваным ваконцам зловарожна завыў і заенчыў вецер. Жанчына ўздрыгнула і, быццам шукаючы сабе сілы й гарту ў гэтым дужым мужчыне, прыціснулася да яго ўсім сваім целам.

Раптам за дзьвярыма каморы пачуўся стук і звон адмыканых замкоў. Дзьверы з скрыпам адчыніліся і на парозе паказаліся дзьве высокія, здаровыя, русыя смаленскія дзяўчыны-слугі княгіні Ганны. Штодзенным сваім звычаям прыйшлі яны слаць пасьцелю княгіні й князю. Як толькі дзяўчаты пераступілі парог, дзьверы за імі з бразгам зачыніліся. Дзяўчаты, як і кожны дзень, засталіся на якісь час у князеўскай каморы.

Сягодня чамусьці дзяўчаты былі невясёлыя; якоесьці гора застыла ў іх на твары. Пільнае вока княгіні дагледзіла гэта навет і ў тым густым змроку, які што хвіліну то ўсё гусьцей і гусьцей засьцілаў камору.

— „Што з вамі красуні?“… спытала яна іх.

„З намі нічога, але кругом ходзяць чуткі, што хітры вераломны Ягайла проці цябе, княгіня, і князя Вітаўта замышляе яшчэ больш штосьці нядобрае“… адказала адна з іх.

— „А вам нас шкада?“

— „Ці-ж ты, княгіня, нас аб гэтым пытаць яшчэ маеш?“

— „А ці хацелі б вы памагчы князю ўцячы?“…

— „Загадай, княгіня ясная, ці ты князь — усё будзе зроблена, хоць бы за гэта нам жыцьцё аддаць прышлося“… адказалі дзяўчаты ня думаючы і вочы іх загарэліся агнём рашучасьці й веры ў свае сілы.

„Дзякую вам“ адказаў ім Вітаўт. . „А ты Крывіцкі народзе, народ, які не здраджаеш мяне і ў гэтай каморы, ведай, што й я цябе ня здраджу ніколі… Калі лёс мне судзіў пазнаць яшчэ волю і даць мне ў рукі меч, я цябе ўзьвялічу й услаўлю; станеш ты ў красе й у сіле першы між народаў Усходу, а велічай і блескам сваім асьлепіш іх усіх!“


∗          ∗

Вецер вые и стогне. Ліпкі сьцюдзёны дождж з сілай хлешча па стрэхах і сьценах, паўзе за каўнер, мочыць бяз літасьці ногі. Цемра густая навокал, хоць выкалі вочы.

Прыкра ў такую пару быць на варце й сланяцца каля сьценаў замку з кута у куток. Хоць-бы скарэй прайшлі дамоў служанкі Вітаўта. Тады хоць на часінку можна-б было схавацца кудысь пад застрэшак.

Але вось наастатку скрыпнулі дзьверы каморы, у якой сядзіць князь Вітаўт. З іх адна за аднэй, як заўсёды вольнай хадой, вышлі дзьве жанчыны і, кутаючыся ў шырокія хусткі ад наляцелага ветру, прайшлі моўчкі міма старожы.

Прывычная старожа да гэтых жанчынаў. Прыход іхні ў камору князя тут нікога ня дзівіць, а выхад мала трывожыць. Без агляду прапусьцілі яны іх міма сябе.

З бразгам зачыніліся дзьверы ў каморы і ў браме. У замку ўсё заціхла й заснула.

∗          ∗

Сьпяць прысланіўшыся да сьцяны вартаўнікі ля каморы, дрэме й варта на вежах, нікому з верных Ягайлавых слуг і ў галаву ня прыходзіць, што той, каго пільнаваць ім так срога прыказана, ужо далёка за замкам.

Раптам сярод скавыту ветру і шуму дажджу пачуўся тупат конскіх ног і пад браму пад’ехаў пасланец Ягайлаў.

Пільная справа ня церпіць адкладу. Толькі што лёгшага спаць Прокшу паднялі з пасьцелі, разбудзілі й Мосьця.

Пры сьвеце лучыны чытаюць яны загад Ягайлаў і дзікая ўсьмешка на твар ім прыходзіць.

— „Будзе ад князя Ягайлы ўзноў нагарода“ думае кожны з іх.

Прачыталі верныя слугі пісьмо, узялі вяроўку і пайшлі ў камору Вітаўта.

Дарэмна ўся радасьць, дарэмна стараньне. На пасьцелі ў каморы ляжаць дзьве жанчыны — княгіня Ганна і служанка яе.

Шум, гам і трывога паднялася па замку; на ўсе бакі рассыпаліся людзі шукаць Вітаўта. Ні вецер, ні дождж ім ня страшны ўжо болі.

Усю ноч, як нячысьцікі якія, кружыліся з запаленымі смальнякамі ваякі па сьцежках і дарогах, каб назаўтрае мокрым і чуць жывым вярнуцца ў замак з пустымі рукамі.


∗          ∗

Вітаўт праз пушчы й балоты йшоў зьбіраць новае войска на бой з крывадушным Ягайлам.



  1. Літвой у старыя часы звалася Беларусь.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.