На могілках (Лучына)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На могілках
Верш
Аўтар: Янка Лучына
Крыніца: http://yankalychina.ru/stories/23.htm


Ціхі прытулак ад нэндзы людское!..
Як жа прыгожа тут майскім днём!
Кветкі адкрылі келіх з расою.
Пошум зялёны ахутвае сном.
А веснавыя крылатыя госці
Гнёзды звілі над крыжамі магіл,
Голле калыша калыскі мілосці
Там, дзе надзеі разбіліся ў пыл.
Як тут зацішна! — не далятае
Тлум гарадскі тут… Мовай без слоў
Вечнасць са свету таго прамаўляе
Рэхам нямьгх дамавінаў і сноў.
І перад зрокам самотных, прысутных
Цені ўстаюць у прадоннай імгле.
Здэцца, там голас знаёмага чутны,
Поціск далоні каханая шле.
Смутна! — не вернуцца збеглыя хвілі,
Родныя здані не чуюць нас,
Кветка, як дух іх, цвіце на магіле.
Камень халодны і вечны, як час.
Слёзы, што рангам сплываюць з павекаў,
Повязь астатняя крэўных душ.
Помні надзеі і крык чалавека!
Шчасце складзі тут, як смутак руж!
3 вежы касцёла па росах, над смерцю
Звон адплывае ў блакітную даль.
Бог быццам кажа: «Прыходзьце, дзеці,
Прыносьце сюды мне слёзы і жаль».
Сонечным бляскам з алтара асвечаны,
Ён прасцірае над намі далонь,
Кажа нібы аб прыстанішчы вечным,
Дзе ў смутку і з болем ты схіліш скронь.