Перайсці да зместу

На крэсах усходніх (1933)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На крэсах усходніх
Драма
Аўтар: Ілья Гурскі
1933 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І. ГУРСКІ


НА КРЭСАХ
УСХОДНІХ


П’ЕСА


ДВБ ЛіМ


ІЛЬЛЯ ГУРСКІ


НА КРЭСАХ УСХОДНІХ


П’ЕСА Ў 1 ДЗЕІ, 6 ЗЬВЕНЬНЯХ


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ

ЛіМ

Менск

1933

Тэхрэдактар Абрамава
Корэктар М. Кавалёва
Здана ў друкарню 16/IV — 33 г.
Падпісана да друку 29/IV — 33 г.
Набрана брыгадай Ерэнбурга
Адк. кор. друк. М. Кахановіч



Зак. № 1128. 2.000. (1⅜ арк.). Уп. Галоўлітбелу №а 328.


Друкарня імя Сталіна

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

ДАБРАЛЮБАЎ БАРЫС — комісар палка, потым нач. партызанскага атраду, дзейнічае пад псэўданімам — Авадзень.
ГАНЧАРОВА ГАЛІНА — мясцовая сялянка, партызанка.
ЧАЙКОЎСКІ — палкоўнік польскай арміі, начальнік карнага атраду.
ЧАПСКІ АДОЛЬФ — офіцэр польскай арміі, мясцовы абшарнік.
ЧАПСКАЯ ЮЗЭФА — яго жонка.
ПАНЯТОЎСКІ — ксёндз.
САКАЛОЎСКІ — прадстаўнік гораду.
ШУСТРЫ ВАСЬКА — комсамолец, нач. I групы партызанскага атраду.
ГРАНОЎСКІ ЗЫГМУНД — нач. II групы партызанскага атраду.
ВЯДУЧЫ.
БЯРОЗКА — провокатар.

ЗРЭБНЫ
АЎСЯНЬНІК
КУЖЭЛЬНЫ
Партызаны.

МІКІТА — стары дзед, партызан.
СТАСЬ — панскі пастушок.
КАЦЯ — пакаёўка.
ЧЫРВОНА АРМЕЙЦЫ.
СЯЛЯНЕ.
ПОЛЬСКІЯ САЛДАТЫ.
ДАЛАКОПЫ.

Дзея адбываецца над Нёмнам у 1920 годзе.

I зьвяно

Старая віхурыстая беларуская вёска. Раніца. Нехта з вёдрамі прайшоў, чуцен скрып калодзежа. Вясковыя дзяўчаты, кабеты, засьпявалі народную песьню.

Вядучы. Сьпявае вёска… А прыслухаешся, плача, горка рыдае, галосіць… (Пауза). Навісьлі хмары па-над краем, не здабраваць народу…
Стась. Дзед Мікіта! Дзеду-у! Ды ты аглух, ці што?! Глянь! Унь, нейкая вялізарная птушка; крыльлямі не махае, а лётае…
Мікіта. Стасю — ды гэта-ж ераплян… (Пауза). Э-э-э, — а там пяхота, коньніца, валам валяць… (Пауза). Зьлацелася груганьнё…

Чуцен выбух бомбы. Паднялася страшэнная завіруха. Застагналі гарматы, засакаталі кулямёты, заіржалі коні ліхія.

Галасы. — Па конях!
— У атаку!
— Марш-марш!
— Батарэя!
— Агонь!

Галасы зьліваюцца ў страшэнны гул, часамі прарываецца іржаньне коняй.

Галасы. — А-а, краснапузыя!
— Смаруй пёнты!
Стась. Цётка Галіна, — уцякай!
Ганчарова. Куды, дзеткі, уцякаць?
Вядучы. Уцякаць. Няма куды. Пайшла з апушчанымі рукамі, сялянка Галіна Ганчарова, пайшла, ня ведаючы куды, зачым…
Ганчарова. Куды? 3 кім? Дзе праўда? (Разважаючы). Ну так, альбо, альбо… Ці з панамі, ці з таварышамі… (Пауза). А можа ўцячы, схавацца… (Пауза). Ды дзе ты схаваешся ад гэтай навалы…
Дабралюбаў (стогне). Матуля-я! Родная-я!
Ганчарова. Колькі іх, малойчыкаў удалых, заснула вечным сном… (Пауза). Іх сьлёзы ў срэбрыстым Нёмане, у ціхім Доне, іх косьці па курганох… (Голасна). Зямля! — Калі ты перастанеш убіраць кроў людзкую…
Дабралюбаў. Матуля-я!
Ганчарова. Падбілі сокала… Перавязаць, ці што… ды чым? хіба кашуляю… але-ж у крыві… (Пауза). Э-эх, не лятаць табе, саколе малады, а поўзаць…
Дабралюбаў. У сваім краі і поўзаць люба… Каб-жа поўзаць…
Ганчарова. Ты хто? З якіх краёў? Кім будзеш?
Дабралюбаў. Гадаваўся ў калысцы…
Ганчарова. У калысцы, кажаш, гадаваўся… (Пауза). Усё-ж, кім будзеш, панам, ці таварышам?..
Дабралюбаў. Таварышам. Полк разьбіты, прымушан адступіць. Раненых не пасьпелі падабраць…
Чайкоўскі (голасна). Сястрыца-а!
Ганчарова. Як засьцігне гора, дык і матка і сястрыца патрэбны… (Пауза). Скуль малойчык малады?
Чайкоўскі. Сусед… Расія царская аднолькава смактала сокі і кроў… Палкоўнік польскай арміі… Салдаты бальшавікоў пагналі, не да раненых… З-пад Варшавы буду…

Прабягаюць чырвонаармейцы.

Дабралюбаў. Та-ва-ры-шы!
1-шы чырвонаармеец. Стой! Нібы голас комісара?
2-гі чырвонаармеец. Яго!
3-ці чырвонаармеец. Возьмем!
1-шы чырвонаармеец. Таварыш комісар, давай з намі… (Пауза). Можа праб‘емся, а то укоцаюць паны… Данясем…
Дабралюбаў. Не, не! 3-за мяне і вы загінеце… Трымайцеся на ўсход!
2-гі чырвонаармеец. Не! Тады бывай, таварыш комісар!
3-ці чырвонаармеец. Бяры, братва, няма чаго… (Бяруць Дабралюбава).
Дабралюбаў (стогне). О-ой! О-о-ой!
1-шы чырвонаармеец. Не-е… (Цяжка). Бывайце! (Прыглядаецца). Нейкі паніч, ці што… (Пауза). Офіцэр? (Пауза). У, гад, зьмяя шыпучая!
2-гі чырвонаармеец. Ка-а-алі!
3-ці чырвонаармеец. Прыкладам бі!
Ганчарова. У трох, ды на аднаго?
Чайкоўскі. Пане бальшавік, ляжачага ня б‘юць!..
1-шы чырвонаармеец. Правільна! (Пайшлі).
2-гі чырвонаармеец (да Ганчаровай). Ну і бабы нынчы, на хронт цягаюцца…
3-ці чырвонаармеец. Ня бабы, а чарцякі…
1-шы чырвонаармеец. Грудзьдзю адстаім Нёман, вёску беларускую. (Пабеглі).
Дабралюбаў. Матуля-я!
Чайкоўскі. Хто там, бальшавік?
Ганчарова. Ды не, паночку, таварыш…
Чайкоўскі. Таварыш? (Пауза). Калі вораг падняў галаву… (Страляе).
Ганчарова. Які ён вораг?.. Не разьбярэшся, хто вораг… (Пауза). Крывёю і сьлязьмі заліты наш край… (Чуцен выбух). Замітусіліся… Ня стрымалі… Зьмяшаліся людзі, коні…
Дабралюбаў (камандуе). Кулямёт!
Чайкоўскі. А-а, загаварыла псякрэў…
Дабралюбаў. У, гадзюка! Недабіты вораг, горш вужакі; хоць на жываце поўзае, але мяркуе ўжаліць…
Ганчарова. Хто вораг? Дзе ён? Гэта-ж чалавек, сусед…
Галасы. — У атаку!
— Ура!
— Ур-р-ра!
— Смаруй пёнты!
Чапскі. Давай! Давай! (Пауза). А-а, бальшавічка? Цо тут робіш?
Ганчарова. Да не, не бальшавічка я, броньбожа. (Хітра). Паночку, дзіцятка маё забілі і кашулькі няма… Дык вось хацела з забітага таварыша зьняць. Пахаваць-жа трэба…
Чапскі. Сконт ты естесь?
Ганчарова. Ды тут недалёчка. (Пауза). Унь з тае вёсачкі, што ля балотца, агнём палае…
Чапскі. Комісар? (Пауза). Ну ты, не прытварайся, псіна бальшавіцка? Маўчыш?
Ганчарова. Забіты ён…
Чапскі. Забіты? Псякрэў! (Ідучы штурхнуй нагой).
Ганчарова. Да чаго народ азьвярэў, а яшчэ ў каўнэрыках… (Пауза). Ня мог прайсьці каб ня штурхнуць… (Пауза). Эх, бог, мой бог…
Дабралюбаў. Які бог? — няма яго.
Ганчарова. Што-о? Што ты чаўпеш, чалавеча… Перахрысьціся, калі хрышчоны… Страх падумаць…
Дабралюбаў (цяжка). Ён сам, гэты страх і параджае багоў. (Пауза). Унь дзеткі, што на вогнішчы, босыя, у галавешкі гуляюць, ім хоць бы што, ні страху, ні бога, ні чорта ніякога…
Ганчарова. Ну, а вайна, хіба ня страшна?
Дабралюбаў. Вайна страшна тым, хто яе пачынае…
Чайкоўскі (падпоўз). Гм… Халера!.. (Страляе).
Дабралюбаў. Варона! І страляць ня ўмееш… (Перастрэлка).
Ганчарова. Сьвінцом не заставіш маўчаць… Ён будзе жыць.

Праскакалі польскія коньнікі.

Галасы. — Нех жыве Польска!
— Нех жыве пан Пілсудзкі!

Оркестры граюць пераможны марш, завывае вецер разносіцца песьня: „Яшчэ Польска ня згінэла“…

Вядучы. Як львы, адважна і горда, біліся чырвоныя. Ня стрымалі. Адступілі, не пасьпеўшы падабраць параненых. Комісар палка, Дабралюбаў Барыс, застаўся да канца мужным салдатам рэволюцыі. Сялянка Ганчарова не засталася ў баку, яна дапамагае Дабралюбаву захаваць яго жыцьцё.

З усіх канцоў вёскі даносяцца плач, енкі, стогн. Оркестры граюць пераможны марш.

II зьвяно

Зямлянка, — штаб партызанскага атраду.

Вядучы. Навесьці парадак! — аддаў загад маршалак Пілсудзкі, — „На крэсах Усходніх“…
Галасы. — О-ё-ё-ёй!
— Паночку!
— А-я-я-яй!
— Кажы, хто ў партызанах?
— Ня ведаю!
— Ня ведаеш, псямаць!
— Аё-я-ёй!
— Сьціхні!
Вядучы. Бізун гульма-гуляе па сялу. Б‘юць і плакаць не даюць. Енкам-енчаць маткі, дзеці і ў зрэбных, і ў кужэльных. Гамоніць, галосіць вёска беларуская…
Мікіта (голасна). Чым жыць у няволі, то лепей памерці!.. (Пауза). Мужчынкі! — ідзем да Авадня.
Стась. Дзед Мікіта! Няйначай, сам Чапскі…

Пранёсься на кані Чапскі, чутно цоканьне падкоў.

Мікіта. Ён! (Усе рассыпаліся, хто куды).
Ганчарова. А я-яй колькі вас тут набралося… Зямлянка поўная…
Галасы. — Чапскі!
— Чапскі!
— Не праміне, абавязкова сюды зойдзе.
Дабралюбаў. А вам, хлопцы, тут ня месца… Мала што можа здарыцца!
Галасы. — Правільна!
— Мы выйдзем!
— Калі што, то гукні!
Дабралюбаў. Добра! (усе выходзяць). Гамоніць гай, галосіць вёска, няйначай будзе буралом…
Вядучы. Хіба ільга не пацікавіцца, як жыве жабрак, асоба даволі падазроная… Нельга… Пан Чапскі павінен ведаць аб усім… (Стук у двьверы).
Ганчарова. Уваходзьце!
Чапскі. Добры дзень!
Ганчарова. Дзень добры! Сядайце, пане Чапскі.
Дабралюбаў. Якім ветрам, пана да жабракоў занесла?
Чапскі. Я з жабракамі заўсёды ў хаўрусе…
Дабралюбаў. Яно-ж так, дзе жабрак, там і пан, дзе паны, там і жабракі… ды толькі ў пана з жабраком ніколі хаўрусу ня было і ня будзе. (Пауза). Слуга пану не таварыш!
Чапскі. А я без аканома, за стол ня сяду…
Дабралюбаў. Аканом, што дзяк, адзін папу, другі пану, на адзін расьпеў цягнуць…
Чапскі. Увабраць-бы запявалу гэтых песьняў…
Дабралюбаў. Вецер, пане Чапскі, разносіць гэтыя песьні…
Чапскі. Вецер з Усходу?
Дабралюбаў. Усходні вецер карысны Захаду, глядзіш, разгоніць хмары…
Чапскі. Здаецца дзесьці мы з вамі сустракаліся… Так? А-а, пане комісар… Дзіўна!.. жабраком сталі?.. (Голасна) Вы Авадзень?!.
Ганчарова. Ха-ха-ха! Авадзень… Авадзень, гэта такая казюлька, пане Чапскі, а гудзе, нібы царкоўныя званы пасьля імшы…
Чапскі. Жартаваць уздумалі…
Дабралюбаў. О, не! Мужык, што мядзьведзь жартаў ня любіць… Рукі ўверх!
Чапскі. Жабрак!
Дабралюбаў. Но, но! (Убягае група партызанаў). Здайце вашу зброю. (Пауза). А цяпер, можаце ісьці на ўсё чатыры… Зразумелі? Марш! Ды не пападайцеся ў другі раз!..
Чапскі (хутка выходзіць). Ну!
Дабралюбаў. Давідзэньне, пане Чапскі!
Ганчарова (цяжка ўздыхнула). Цяпер не здабраваць нам… Эх-ха-ха! У сваім краі прыходзіцца туляцца…
Дабралюбаў. Сьлязьмі ды скаргамі не працярэбіш сьцежак да лепшай долі…
Вядучы. Паўсталі вякамі прыдушаныя, абяздоленыя, шэрыя сялянскія масы… ішлі ў лясы, ішлі шукаць сабе шчасьця — долі… (Стук у дзьверы).
Дабралюбаў. Можна!
Сакалоўскі. Скажыце, ці далёка да бору Зялёная Дуброва?
Дабралюбаў. А-а, Сакалоўскі, дружа!..
Сакалоўскі. Барыс! Здароў!
Дабралюбаў. Ды ты сьмялей, тут усе свае… (Пауза). Будзьце знаёмы, таварыш Сакалоўскі, партыйным комітэтам прысланы, разам працавалі ў падпольлі…
Галасы (вітаючыся). — Ганчарова!
— Шустры!
— Бярозка!
Сакалоўскі. Сувязь, браце, нікуды не гадзіцца… Ледзь знайшоў цябе… Не-е, не гадзіцца так… (Пауза). Дык вось што, заўтра на паўстанак графа Чапскага — прыбывае карны атрад па барацьбе з паўстанскім рухам на чале з палкоўнікам Чайкоўскім… (Пауза). Авадзень з яго сьвітаю, як яны пішуць, павінен быць павешан у людным месцы. На гэту „опэрацыю“ даецца два тыдні. (Пауза). Да-а, ёсьць меркаваньні праз некаторы час перакінуць ваш атрад у другое месца… Як ты глядзіш?
Дабралюбаў. Варта зрабіць.
Бярозка. Не-е, ніхто ня пойдзе… Разьбягуцца…
Сакалоўскі. З гэтым ня прыходзіцца лічыцца… Слабейшыя разьбягуцца, мацнейшыя застануцца… (Пауза). Да-а, асьцерагайся провокатара… (Пауза). Ну, час дораг. Трэба дзейнічаць.
Дабралюбаў (чотка). Начальніку першай групы, таварышу Шустраму, заняць правы бок кудравай Рошчы. (Пауза). Прапусьціўшы галоўныя часткі карнага атраду, адкрыць агонь.
Бярозка. Навошта?
Дабралюбаў. Які ты цікавы, таварыш Бярозка… Нельга такім быць… А-я-яй, ты ўжо пакрыўдзіўся… (Пауза). Трэба адбіць баявыя прыпасы, бо без патронаў, якія мы ваякі…
Шустры. Слухаю! (Чотка паўтарае заданьне).
Дабралюбаў. Таварышу Бярозку, узяць пару вараных у пана Змудзінскага, якіх да ўсходу сонца прадставіць у штаб-кватэру атраду, вёска Прусакі.
Бярозка. Слухаю! (Паўтарае заданьне).
Дабралюбаў (піша і голасна чытае). „Расьпіска. Дана гэтая пану Змудзінскаму ў тым, што ў яго ўзята пара вараных у часовае карыстаньне. Авадзень“. (Пауза). Аддасі пану Змудзінскаму.
Бярозка. Ёсьць!
Дабралюбаў. А табе, таварыш Ганчарова, трэба будзе зараз-жа падыйсьці ў вёску Кудравая Рошча і організаваць там ударную групу… (Пауза). На чале можна паставіць таварыша Граноўскага…
Сакалоўскі. А ён правераны?
Дабралюбаў. Хлопец не вялікі, бядняк, увесь час батрачыў у пана Чапскага, паляк. (Пауза). Заданьне: у часе руху галоўнай колёны карнага атраду, крыху іх папалохаць… Старацца зьбіць палкоўніка Чайкоўскага.
Ганчарова. Ёсьць!
Дабралюбаў. Далей тут заставацца нельга, небясьпечна… (Пауза). Ну!
Галасы (выходзячы). — Бывай!
— Сустрэча ў Прусаках!
Дабралюбаў. Так.
Сакалоўскі. Бывайце! (Пауза). Ты што пішаш?
Дабралюбаў. Запіску пану Чапскаму… (Сьмех).
Сакалоўскі. Ці правераны ў цябе людзі. Асьцерагайся провокатара…
Дабралюбаў. Што ля мяне, усіх ведаю, па мойму надзейныя, хаця…
Сакалоўскі. Глядзі.
Дабралюбаў. Гм… Ужо гойсаюць… Ну, пайшлі… (Выходзячы). Сустрэча ў Прусаках. (Чутны стрэлы).
Чапскі (убягае). У, гады, улізнулі!.. Відаць з перапалоху, забыліся пакет… (Чытае). „Ня варта было, пане Чапскі, лішне турбавацца, заўтра сам буду. Авадзень“. (У роспачы). У, хам! А сорам, сорам які… Што скажа Юзэфа… Што скажа ойцец Панятоўскі…

III зьвяно

Маёнтак Чапскага, штаб-кватэра карнага атраду. Юзэфа на роялі грае „мазурку“.

Вядучы. Ветліва прыняў пан Чапскі палкоўніка Чайкоўскага. Дый, як ня прыняць, у іх адны інтарэсы. Партызанскі атрад абудвым не дае спакою.
Чайкоўскі. Разумееце, пані Юзэфа, неабходна мець свае вушы ў кожнай вёсцы, іначай гэтае хам‘ё… (Пауза). Калі-б ня наш чалавек, а па-іхняму, провокатар, які сваячасова данёс аб меркаваньнях атамана Авадня, то ля Кудравай Рошчы нездабраваць нам. (Пауза). Трэба сказаць, што перад намі, моцны вораг… (Стук у дзьверы).
Юзэфа. Уваходзьце.
Панятоўскі (вітаючыся). Ойцец Панятоўскі.
Чайкоўскі. Добры дзень! Добры дзень!
Юзэфа. Прашу садзіцца.
Панятоўскі (садзіцца). Пане палкоўнік, хам‘ё ўсюды мае свае вушы, хам‘ё арудуе… (Пауза). А пан Чапскі залішне лібэральнічае з імі… Так, так… (Пауза). Вы не офіцэр польскай арміі, а баба!
Чапскі. Як вы сьмелі!
Юзэфа. Адольф!
Панятоўскі. Пані Юзэфа, ну як вы скажаце. (Пауза). Па мойму, пан Чапскі залішне гуманьнічае з тымі, якія ў час захвату бальшавікамі „Старой Польшчы“, разрабавалі гэты маёнтак…
Чапскі. Вы наіўны чалавек, ойцец Панятоўскі… (Пауза). Гуманьнічаем усе да часу…
Панятоўскі. Герой… Авадзень з-пад носу ўцёк, ды рэвольвэр адняў… Ваяка!.. Ха-ха-ха! Ды я яму-б зубамі горла перагрыз… (Уваходзіць Каця).
Каця. Можна?
Юзэфа. Не, не, пачакай…
Чайкоўскі. Якая красуня…
Юзэфа. Адольф абы якой ня возьме ў пакаёўкі… Да густу прышлася…
Чайкоўскі. Нядрэнны густ… (Прыстуквае шпорамі). Нядрэнны…
Панятоўскі. На баб заглядаць… (Сьмех). Вам, сьмешна… Кругом кішмя-кішыць паўстанцкі рух, а яны… Які з вас офіцэр, палкоўнік Чайкоўскі, пасьля гэтага!.. Так, так! Дрэнныя з вас католікі. Выхаваньне офіцэраў не на належнай вышыні.
Чайкоўскі. Панове! Ойцец Панятоўскі ўва многім праў… (Пауза). Бальшавіцкая зараза разрастаецца з нарастаючай сілай і мы з імі такі гуманьнічаем… (Пауза). Трэба агнём і мячом змагацца з тымі, якія спрабуюць пасягнуць на Польскую Дэмократычную Рэспубліку… (Пауза). Наш карны атрад, пры вашай, панове, дапамозе, навядзе парадак „На крэсах Усходніх“… (Пауза). Панове! Унь, на галіне той бярозкі, слаўнага Кацярынскага шляху, будзе вісець атаман Авадзень… Лоўка! Ха-ха-ха!
Панятоўскі. Ог, гэта офіцэр! Люблю!
Чапскі. І скрозь з Варшавы і да Масквы, на кожнай бярозцы, будуць вісець та-ва-ры-шы, комісары…
Панятоўскі. От гэта, сыны Ойчыны!
Чайкоўскі. Уверанаму мне атраду прыказана на працягу двух тыдняў зьнішчыць „банду“. Авадзень з яго сьвітай будзе павешан у людным месцы.
Панятоўскі. Мае людзі данесьлі, што Авадзень, ніхто іншы, як комуніст, Дабралюбаў Барыс, з-пад Слуцку… З ім у шайцы арудуе Ганчарова Галіна, мясцовая сялянка…
Юзэфа. Галіна. Жонка матроса.
Панятоўскі. Ну так. Матроса ўзялі ў салдаты, а яна комісара знайшла… О, гэтыя жанчыны, адна спакуса… Ха-ха-ха! (Пауза). А горш за ўсё, панове офіцэры, што да гэтага хам‘я пашлі палякі. Так! Парабак пана Чапскага, Граноўскі Зыгмунд, у іх начальнікам групы…
Чапскі. Нехта да нас на парцы вараных. (Пауза). А коні, коні усе ў мыле… Кацюша!
Чайкоўскі. Няйначай Авадзень ганяў… Э-эх, жыўцом-бы яго ўвабраць…
Панятоўскі. Што вы, што вы, лепей мёртвым… спакойней.
Чапскі. Прашу пана, заходзьце, заходзьце. Знаёмцеся. Гжэзінскі. Ха-ха-ха! Ня толькі аднаго мяне ганяюць…
Вядучы. Адважны Авадзень прабраўся ў штаб. Сілы няроўныя. Трэба ісьці на хітрыкі. Няма патронаў, неабходна іх дастаць.
Дабралюбаў (пераадзеўшыся, прабраўся ў штаб карнага атраду і дзейнічае пад прозьвішчам пана Гжэзінскага). Разумееце, палкоўнік, ледзь-ледзь прабраўся да пана Чапскага… (Пауза). Ведаеце, толькі гэта мы ад‘ехалі ад паўстанка графа Чапскага, як насустрач нам, на ліхім кані, імчыцца сам Авадзень.
Юзэфа. Уй, цікава! Не, не, яго вешаць нельга… Яго трэба жывым адвесьці ў Варшаву… (да ўсіх). Панове! — прашу за стол.
Чапскі. Прашу, прашу! Вып‘ем, панове, па келіху за галаву Авадня!
Дабралюбаў. (ня лоўка сябе адчувае). За галаву Авадня? (хітра). Многа гонару!?
Галасы. — За здароўе Пілсудзкага!
— За вялікую Польшу!
Панятоўскі. Няхай жыве Польшча ў межах 1772 году!
Чапскі. Пане Гжэзінскі, а вы расказалі-б нам, як гэта вас ганяў Авадзень… Ха-ха-ха!
Дабралюбаў. Можна. (Пауза) Ось ведаеце, толькі гэта мы ад‘ехалі ад паўстанка, як у маёй пані сэрдэнка ёк ды ёк, няйначай кажа сустрэнемся з Аваднём…
Ганчарова (пераадзеўшыся, трымаецца як пані Гжэзінская). Адчувала я нядобрае…
Дабралюбаў. Нічога, кажу, старая, ня бойся, калі што, то вараныя вывязуць… (Пауза). Нясемся. У мыле рысакі, пахрапваюць. Пані мая і да маткі боскай Чэнстахоўскай і да пана Езуса, а ён тут, як тут, паўстаў, ува ўсёй велічы, перад вачыма… (Пауза). Аглядзеў гэта ён мяне з ног да галавы ды кажа… — А-а, пане Гжэзінскі… Колькі год ня бачыліся… А ну, — кажа, — так тваю, ды гэтак тваю… Злазь! — крычыць. На рысаках, — кажа, — кожны дурань панам едзе. А вось паспрабуй на клячы… — І раптам схваціў за цуглі.
Юзэфа. За цуглі?
Дабралюбаў. Але! Як рвануць гэта мае рысакі, як панясуць, то толькі пыл слупам…
Ганчарава. А ля Кудравай Рошчы, як засыплюць з кулямётаў, з гармат…
Чайкоўскі. З гармат? У іх ёсьць гарматы?
Дабралюбаў. Не, не, гэта ёй здалося…
Чайкоўскі. А-а-а! (Пауза). Ну і нам-бы было, каб сваячасова не папярэдзілі!..
Ганчарава. У пана Чайкоўскага добра працуе разьведка…
Чайкоўскі. Ну, а як-жа, як у добрага палкаводца… (Пауза), Авадзень з маім чалавекам за адным сталом самагонку п‘юць…
Дабралюбаў. Панове! А што, каб зараз сюды прышоў Авадзень?
Галасы (разам). Што-о-о???
Дабралюбаў. Аднойчы так было: заходзіць гэта Авадзень са сваёю сьвітаю да пана Змудзінскага… Ну, вядома, пан Змудзінскі далікатны чалавек… (Пауза). Наставіў гэта ён на стол віна рознага, закусак і пачалі піць… Выпілі гэта яны па адным! па другім келіху… (Пауза). І далей пілі і елі, елі і пілі… Потым устаў Авадзень, дык кажа…
Юзэфа. Што ён кажа?
Дабралюбаў. „Дзякуй“.
Юзэфа. Далікатны чалавек…
Дабралюбаў. Далікатство!? (Пауза) Сярод, кажа, вас Авадзень… (Пауза). Тады ўсе, хто куды…
Чапскі. А Авадзень?
Дабралюбаў. Авадзень застаўся есьці… Еў, еў, еў, ледзь ня трэсьне, а есьць, вядома галодны, як воўк…
Юзэфа. А далей?
Дабралюбаў. Пры кабетах неяк няёмка…
(Нешта шэпча, рогат).
Юзэфа. Што далей?
Дабралюбаў. Узяў парку рысакоў, некалькі кароў, сьвіней…
Юзэфа. Уй, цікава… (Пауза). А пані не крануў?
Дабралюбаў. Не-е. Старая ўжо… (сьмех). Ну мы засядзеліся, час дадому… Бывайце…
Галасы. — Усяго добрага!
— Давідзэньне!
— Не пападайцеся ў другі раз да Авадня!
Юзэфа. Ой, як мне хацелася-б папасьціся да яго!.. (выйшлі).
Чайкоўскі. Фацэт! Чаго добрага, яшчэ зноў дзе-небудзь пападзецца…
Каця (уваходзячы). Пан Гжэзінскі прасіў перадаць вам ліст.
Чапскі. Орыгінальнічае, пан Гжэзінскі (Разрывае, голасна чытае) „Дзякую, пане Чапскі, за прыём. Аснавацельна падзаправіўся. Коні-ж не пасьпелі адпачыць, прышлося замяніць на вашых гнедых рысакоў. У палкоўніка Чайкоўскага мае хлопцы гэтым часам узялі крыху патронаў. Яшчэ сустрэнемся. Барацьба толькі пачынаецца… Авадзень“.
Чайкоўскі. Авадзень??? Злавіць… Злавіць… (Трывога, стральба). Жыўцом увабраць!..

IV ЗЬВЯНО

Гушчар лесу Кудравая Рошча. Сьвітаньне. Партызаны сьпяць упавалку. Дзе-ні-дзе чутно пасьвістваньне, пахрапваньне людзей, фырканьне коняй. Недалёка з правага боку, каля разьвесістага дуба, стаіць вартавы, дзед Мікіта, дрэмле. Каля вогнішча сядзіць Шустры, падкладвае галавешкі і ціха напявае.

Вядучы. Перапоўніліся гушчары-лясы нездаволенымі. Ішлі ў лес, іх многа ішло, тысячы ішлі сялянскіх сьвітак. Маўчаць сілы не хапала. Гаманілі, гаманілі часам поўным голасам, тады рэха далёка разнасілася. Другую ноч, хлопцы напагатове. Хто сьпіць, а хто і вокам не зьвядзе. Комсамолец, Васька Шустры, ніяк ня можа заснуць, ня сьпіцца…
Мікіта. Ты, Вася, што ня сьпіш?
Шустры. Ня сьпіцца нешта, дзеду. Ды як ты засьнеш, калі ўвесь час з нажом стаяць над горлам… Часамі брат твой вораг… Каму ня верыш, ён лепшы чалавек, твой сябра…
Мікіта. Ты ўсё адносна правахатура? (Пауза). Ды ты кладзіся, кладзіся… а я пайду… Быць ня можа, неяк-жа ўбярэм!
Шустры. Ну добра. (Пауза). Толькі ты, дзед Мікіта, не засьні…
Мікіта (ідучы). Што ты, што ты…
Стась (прабягае з пугаю ў руках). Куды красуля! Ку-у-ды! (Пауза). Гм… Дзе-ж іх знайсьці, таварышоў гэтых… (Пауза). Такі знайду… (Садзіцца і падбірае на дудачцы „Інтэрнацыянал“). Не-е, трэба ўсё-ж шукаць. (Пауза). Або-о… Дзед Мікіта! Дзеду! Хіба на варце сьплюць? Э-эх, усё жыцьцё, вось так, стоячы, дрэмлюць… Дзядуля-я!
Мікіта. Хто? Стой ні з месца! Рукі ўверх!
Стась. Ог-жа не падніму, бо вы ня пан, а таварыш. (Пауза). Таварышоў я не баюся.
Мікіта. Ах ты, лайдачына! Хіба так можна!.. Гэта-ж я мог цябе застрэліць!.. (Пауза). Ды ты сядай ўнучак…
Стась. Няма часу. Я па сур‘ёзнай справе. (Пауза). Дзе ў вас тут самы галоўны начальнік?
Мікіта. Ды вунь, каля вогнішча дрэмле.
Стась. Э-эх, вы, хіба час цяпер драмаць. (Пауза). Мне да яго…
Мікіта. Не-е! Ня пушчу! А можа ты разьведка, ці правахатур які… Не, не! Васька ўсю ноч ня спаў…
Стась. Пусьці! (Пабег).
Мікіта. Т-ты гэта што! А бадай на цябе…
Стась (будзіць) Васька! Васіль! Ва-а-сіль!
Шустры. Ну-у?
Стась. От што: пан Чапскі забараніў мне гнаць худобу ў Кудравую Рошчу… Ня йначай мае злы намер…
Шустры. Кажаш, забараніў?
Стась. Забараніў.
Шустры. А чаму?
Стась. Чаму?
Шустры. Але.
Стась. (падумаўшы). А хіба я ведаю… Ты-ж камандзір, павінен ведаць… (Пауза). А вось ліст ад Каці, маеш…
Шустры. Дзякую.
Стась. Учора ў Слабадзе быў, яны вам падарунак прыслалі… На чытай…
(Шустры голасна чытае).

Слухалі: Аб аказаньні дапамогі партызанскаму атраду (дакладвае Каляда).
Пастанавілі: Аплаціць Рыгору Шаўцу за бычка і перадаць яго, як падарунак, партызанскаму атраду, каб таварышы былі спраўнейшымі і хутчэй прагналі паноў.

Старшыня сходу Каляда.
Сакратар Ядлоўчык.

Стась. Бычка я прыгнаў. (Пауза). Панскі бык, каб ён здох, як зараве, як сашчэпіцца біцца…
Шустры. І хто каго?
Стась. Вядома, панскі, бо той жа на аўсе стаіць ды каровак — не такая чарада…
Шустры. Ну, добра. Скажаш, што таварышы модна дзякавалі.
Стась. Гэтага мала.
Шустры. Тады скажаш, што хутка пану каюк.
Стась. О, гэта я разумею!
Шустры. Толькі ты нікому ні слова…
Стась. Не-е… Рэж на кавалкі, а правахатурам ня стану… Не-е…
Шустры. А як дзяўчаты пажываюць?
Стась. Сумуюць.
Шустры. Чаго?
Стась. А хіба я ведаю… Мабыць па хлопцах… Ты-ж, дзяцюк, павінен ведаць… (Сьмех).
Шустры. А мужчыны як?
Стась. Некаторыя ня спрыяюць вам…
Шустры. Хто?
Стась. Нешта Крот крывіцца…
Шустры. Вядома, багатыр…
Стась. А бацька Бярозкі, дык нават выступаў супроць бычка Шаўцовага…
Шустры. Супроць бычка?
Стась. Ага. Навошта, кажа, яго пасылаць, хай кожны возьме ў торбачку… Ну, а што, калі скажаш у каго няма чаго ўзяць…
Шустры. Гм… Глядзі ты…
Стась. Ну, бывай!
Шустры. Усяго! Малайчына, Стась!
Стась. (бягучы). Куды красуля! Куды, каб на цябе немач!
Шустры. (будзіць). Бярозка! А-а Бярозка! Граноўскі! Уставайце!
Бярозка. Чаго гэта ты, ні сьвет, ні зара ўспароўся?
Шустры. Ня сьпіцца нешта…
Бярозка. Спалохаўся?..
Шустры. Каго?
Бярозка. Мо‘ карнага атраду? (Пауза). То які-ж ты партызан…
Шустры (хітра). Для мышы страшней кошкі зьвера няма… (Пауза). Карнага атраду я не баюся, такі вораг ня страшны… (Пауза). А вось тых, якія з аднае міскі ядуць і ў яе атруту сыплюць, тыя, страшны, іх трэба баяцца… (Пауза) Вось і ня сьпіцца, таму думкі розныя апаноўваюць…
Бярозка. Якія-ж такія ў цябе думкі?
Шустры. От здаецца, каб вынайсьці які-небудзь такі апарат, пры дапамозе якога можна было-б даведацца, хто табе таварыш, хто табе вораг, што ён думае… (Пауза). Хто, напрыклад, паведаміў атрад аб нашых меркаваньнях, адбіць баявыя прыпасы… О, каб даведацца!
Бярозка. Сваімі рукамі задушыў-бы таго?!
Граноўскі. А лоўка ты прыдумаў!
Бярозка. Глупства! (Пауза). Скажы лепей, дзе Авадзень цягаецца… На пакуту нас сабраў, ці што? (Пауза). Дзе той гарадзкі? Баюся я, каб не нарабіў ён клопату…
Граноўскі. Што-о-о?
Бярозка. Хлопцы бузуюць, вось што… Шамаць няма чаго… Торбачкі ачышчаны…
Шустры. Слабацкія ў падарунак бычка прыслалі, дый пішуць: „Каб таварышы былі спраўнейшымі і хутчэй прагналі паноў“.
Голас. Прагоніш, як сам галавой наложыш!
Бярозка. За бычка дзякуй, зьядом…
Шустры. А бацька твой выступаў супроць…
Бярозка. Супроць, супроць… (Пауза). Кажы лепей, чаго разбудзіў?
Шустры. Справа ёсьць і вялікая. (Чытае). Зьбіраюцца рабіць аблаву… Няйначай на Кудравую Рошчу ў атаку пойдуць…“
Бярозка (перарывае). А чым адбівацца? (Пауза). Разыходзься, хлопцы…
Шустры. Не перашкаджай! (Чытае)… „Авадню ўдалося крыху дастаць патронаў“.
Галасы. — Лоўка!
— Ха-ха-ха!
— Маладзец Авадзень!
Шустры (чытае далей) „…Відаць сярод вас маецца провокатар… Сьцеражэцеся!“
Бярозка. Сволач!
Шустры. Хто?
Бярозка. Провокатар.
Граноўскі. Хто-ж бы гэта такі?
Бярозка. Мо‘ той гарадзкі… нешта не падабаецца ён мне.
Галасы. Бачу!
— Каго?
— Падпанка!
— Дзе?
— У грамадзе!
— Хто ён такі?
— Бярозка!
Галасы (разам). Усыпаць яму двадзесьце пеньць! (Усе накідваюцца на Бярозку, сьмех).
Галасы. Бачу!
— Каго?
— Авадня!
(Разам). Ур-р-ра-а!
Дабралюбаў. Здарова! Здарова! А я вам хлопцы падарунак прывёз… дастаў крыху патронаў. (Пауза). Што новага ў вас?
Граноўскі. Нічога такога… Вось толькі Васька ўсю ноч ня спаў…
Дабралюбаў. Чаму?
Шустры. Усё думаў, як-бы гэта вынайсьці такі апарат, пры дапамозе якога можна было-б даведацца, хто твой вораг, хто твой сябра…
Дабралюбаў. Вынайдзены такі апарат, трэба толькі ўмець ім карыстацца…
Шустры. Вынайдзен?
Дабралюбаў. Ага. (Пауза). Гэта клясавая пільнасьць.
Шустры. Усё гэта так, але хто данёс пану?
Ганчарова. Панскі падбрэхіч.
Дабралюбаў. Эт, ня сумуйце, хлопцы, дый у нас-жа там маюцца свае людзі. Ня ў крыўдзе!
Мікіта. От-жа забраўся нейкі злыдзень, замаскаваўся і арудуе. І хто-ж бы гэта?
Шустры. Патрэбен апарат, іначай мы прапалі…
Мікіта. Ідзі ты з сваімі апаратамі! Апарат, апарат… калі яго няма на карку, то ніякі іншы не дапаможа.
Граноўскі. Нюх патрэбен.
Мікіта. Ню-юх… (Пауза). Патрэбна, гэта самае, ну… як, як яго… Ну, тое, клясавае.
Шустры. Якое клясавае? (Пауза). Мо‘ тое самае, што гарадзкі казаў, чуцьцё…
Мікіта. Яно самае. (Пауза). Ды толькі, што яно значыць, гэта самае, клясавае, каб ты запытаў мяне… (Съмех). От, скажам, табе, Авадзень, я веру… Ваську, таксама… Дый таму, гарадзкому…
Граноўскі. А мне?
Мікіта (падумаўшы). І табе, хаця ты і паляк… Дык можа гэта яно і будзе клясавае?
Бярозка. Дзед Мікіта! — а мне ты верыш?
Мікіта. Не-е… Табе, Бярозка, я ня веру… Не; не. (Пауза). Бацька быў круцялём, усё пану боты лізаў, пакуль фольварак дастаў; ды ты круцішся, пакуль галаву ня скруціш…
Дабралюбаў. Таварышы! — вораг наш даволі моцны. Сілы нашы няроўныя. Нам выгадней зараз адступіць, але-ж гэта значыць, адыйсьці ад свайго дому.
Бярозка. Адступаць?
Галасы. — Ня хочам!
— Нікуды ня пойдзем!
— Не, хлопцы, калі Авадзень кажа, то трэба гэтак і зрабіць!
Мікіта. Не шкадую я свае старасьці, не шкадуйце і вы дзяцюкі свае маладосьці… Адступім, каб потым наступіць, як казаў той гарадзкі…
Дабралюбаў. Таварышы! — групка людзей, нават і адважных, ніколі ня можа ўстаяць супроць організаванай арміі… Трэба адыйсьці ад наседжаных мейсц, зьвязацца з Чырвонай арміяй, тады перамога за намі… (Пауза). Іначай не здабраваць нам…
Галасы. — Ня хочам!
— Ня пойдзем!
Дабралюбаў. Ну, таргавацца, няма часу! Хто за мною?
Мікіта. Я першы! Хай нясецца па гушчарах, лясох, нівах залацістых, вольная песьня!.. Хай!.. (Стральба).
Галасы. — Паказалася панская разьведка!
— Разьбягайся!
— Ого! Добрая разьведка!
Дабралюбаў. Хто крыкнуў: „Разьбягайся“?
Голас. Ня ведаем!
Дабралюбаў. Таварышы — за мной.
Галасы. — Мы акружаны!
— Здавайся!
— Здавайся!
Мікіта. Я табе здамся, падлюга! (Страляе).
Бярозка (крычыць). Дзед Мікіта! Дзед Мікіта! Гэта-ж я, Бярозка!
Мікіта. Ведаю! (Пауза). Клясавае падказала, што ты… правахатур. (Пауза). Таварыш Авадзень! — ён, сёньня, як я стаяў на пасьце, некуды адлучаўся… 3 гадзіну ня было…
Дабралюбаў. У, сволач! Шкура прадажная… (Страляе).
Бярозка (цяжка). За гэта самае, за клясавае і загінуць ня страшна…
Мікіта. За фольварак…
Дабралюбаў. Стралкі! — за мной. Біцца да апошняга. Ні аднаго патрона ў паветра. (Пауза). Ці ведаеце за што ідзем у бой?
Галасы. — Ведаем!
— За комуну!
Дабралюбаў. Так! (Пауза). Альбо жыць, альбо загінуць! (Пауза) Не здавайся жывымі!

Страляніна ўзьнімаецца.

Вядучы. Геройскі б‘юцца стралкі ў шэрых сьвітках. Патроны ўсе, ідуць урукапашную… Кола ўсё звужаецца… Адступаць няма куды… Не здаюцца, б‘юцца да апошняга…
Галасы. — Здавайся!
— Рэнцы да гуры!
— Здымай буты!
— А-а Авадзень!
— Страляцца?
— Не-е!
— Многа гонару!
— Зьвёнзаць рэнцы!
— А дзе Бярозка?
— Забілі!
— У, халера!

V зьвяно

Турма. Перастукваюцца паміж сабою вязьні. Чутна песьня: „Замучаны цяжкай няволяй“.

Мікіта (цяжка). Хутчэй бы сьмерць… Эй, вы!..
Шустры. Крычы, ня крычы, усё адно ніхто не пачуе…
Мікіта. Пачуюць…
Шустры. Э-эх… Каб апарат, як-небудзь, можа тады даведаліся-б, што з ім… (Ідзе перастукваньне). Што-о? (Павольна). Авадзень, замучан.
Мікіта. Эй, вы!.. Годзе зьдзеквацца!.. Хопіць! Каты, рукі вашы ў крыві!..
Шустры (да ўсіх). Таварышы! — Авадзень замучаны. (Пауза). Эх, хто там плача? (Пауза). Ня плакаць!.. (Засьпявалі: „Не плачце над трупамі…“).
Мікіта. Надыйдзе час расплаты, не ўсядзець тады ў палацах…
Шустры. Яна ідзе, ідзе Яна… Мільёны ідуць… Адзін схіліўся, двое ўсталі, яны ідуць адважна і горда… Яна прыдзе і задрыжаць палацы…
Нагляднік. (падыходзіць з ключамі). Ён ідзе… (Пауза). Зважай! Палкоўнік Чайкоўскі!
Шустры. Панскі падбрэхіч, патомак Мураўёва!..
Мікіта. Эй, вы! Шаноўныя панове!? Хутка грымне гром і вы, як порхаўкі, узьляціце ўверх!..
Нагляднік. Зва-жай!
Чайкоўскі. (Голасна чытае сьпіс).
— Шустры Васіль!
— Ёсьць!
— Ганчарова Галіна!
— Я!
— Дзед Мікіта!
— Ёсьць!
— Граноўскі Зыгмунд!
— Тутэй!
— Зрэбны Янка!
— Я!
— Аўсяньнік Антось!
— Ёсьць!
— Кужэльны Мікола!
— Я!
— Вожык Стась!
— Я, тут!
Мікіта. Гады, пакіньце хоць яго жывым!..
Чайкоўскі (голасна). Імем Польскай Дэмократычной Рэспублікі…
Нагляднік. Выходзь!..

Адчыняецца брама, чутно брацаньне кайданаў, вязьні выходзячы, бяз слоў сьпяваюць „Інтэрнацыянал“.

VI зьвяно

Могілкі. Далакопы капаюць магілу.

Вядучы. Іх было дзевяць, аднаго ня стала… і магіла невядома нікому. (Пауза). Хто схіліў галаву? Няма такіх. Іх восем ідзе. Ідуць адважна і горда; сьмела глядзяць у вочы сьмерці. Хто схіліў галаву? Няма такіх.
1-шы далакоп. Ня ведаеш, каго будуць хаваць?
2-гі далакоп. А хто яго ведае…
1-шы далакоп. Таго, што ўчора цішком хавалі, нібы Авадзень…
2-гі далакоп. Авадзень?
1-шы далакоп. Ага.
2-гі далакоп. Э, ды мне ўсё адно…
1-шы далакоп. Мо‘ крыху пашырым, ці хопіць на восем чалавек…
2-гі далакоп. Уга-а! Яшчэ з ліхвой… (Пауза). У такую яму можна дзесятак зваліць… (Пауза). Хіба нам прывыкаць…
1-шы далакоп. Слухай! Глянь! Жывых вядуць… (Пауза). Э-э, вось яно ў чым справа…
2-гі далакоп. Цыц! Барахлішка будзе…
1-шы далакоп. Ды ну цябе! (Падыходзяць вязьні).
Чайкоўскі. У шэрэнгу станавіся!
Мікіта. Няхай жыве Савецкая Беларусь!
Шустры. Яна ідзе, ідзе Яна… Мільёны ідуць… Адзін схіліўся, двое ўсталі, яны ідуць адважна і горда… Яна прыдзе і задрыжаць палацы…
Граноўскі. Нех жыве Радзянска Польска!
Чайкоўскі (камандуе). Агонь! (Выстрал залпам). А ты, цо не стшэляш?..
Салдат. Не магу, пане пулкоўніку…
Мікіта (адзін застаўся, упэўнена). Яна прыдзе, таварыш салдат, і задрыжаць палацы…
Чайкоўскі. Цо?
Мікіта. Рэволюцыя, ці як яе…
Чайкоўскі. Яна ня прыдзе… (Страляе. Далёка-далёка чуваць „Марш Будзённага“). Зраўняць, каб і сьледу не засталося…
1-шы далакоп. Зраўняць!? Не зраўняеш, пане, сьляды застануцца, крывавыя сьляды…
Чайкоўскі (крычыць). У, холера!.. Узяць!..
1-шы далакоп. Усіх ня возьмеш… (Гарматны выстрал, другі, трэці) Так, дзядуля! Яна прыдзе і задрыжаць палацы…

Заігралі дудкі, леры, гусьлі, кобзы, засьпяваў народ. Усё галасьней чуваць „Інтэрнацыянал“.

Вядучы. Мільёны ідуць… Адзін схіліўся, двое ўсталі, яны ідуць адважна і горда… (Пауза). Яны ідуць, а ветры буйныя разьвіваюць штандар… Яны ідуць адважна і горда,
Чайкоўскі. Супыніць!..
Вядучы. Супыніць? (Пауза). Няма такой сілы!

ЗАСЛОНА

ЦАНА
70
КАП.




Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.


Падрабязней гл. у дакументацыі.