На змярканні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На змярканні
Верш
Аўтар: Янка Лучына
Крыніца: http://yankalychina.ru/categories/1.htm


Човен ходзіць самапасам.
Спіць смута над берагамі.
Тонь як люстра. Рыбка часам
Роўнядзь выкругліць кругамі.
Навакол лугі, папары,
Лес, кустоўе маладое.
А далей жытоў абшары
Ды блакіт над галавою.
Лашчу вока краявідам,
Што ў аздобе шатаў тоне,
Гляну долу — радасць вьщам,
Края нід адбіўся ў тоні.
Ветрык хвалю гладзіць хоча,
Хваля ціхай ласкай ные.
Драч скрыпіць, вясло свіргоча,
Свішчуць куркі вадзяныя.
Маладзік прарэзаў далі,
Сталі цені блізка віцца,
3-пад вясла ўспаілі хвалі
Срэбраную бліскавіцу.
Глянь наўкол — краса сурочыць,
Казку ўспомніўшы старую.
Што ж так боль мне сэрца точыць?
Што ж мой смутак так шчыруе?
Ведзьма чорная палоніць,
Хоць смяюся — цісне хмарна,
Уцякаць хачу — дагоніць,
Мару дзе схавацца — марна.
Рыбкай я хацеў бы ў шале
Плыць, шукаючы закутак,
Каб мяне схавалі хвалі,
Каб мяне пакінуў смутак
Узляцець хацеў бы птахам
Над прыціхлаю зямлёю
І забыць — хай пойдзе прахам —
Гора горкае людское.
Хоць ён, сон магільны скрушны,
Я заснуў бы напрадвесні,
Толькі б чуць, як раўнадушны
Свет мае спявае песні!..